Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






ББК 63.3(4Беи)я7 10 страница






Створаныя калгасы ў большасці былі невялікімі, з 10–20 двароў, у многіх з іх была дрэнна арганізавана праца, матэрыяльная база заставалася вельмі слабай, у 1929 г. у Беларусі налічвалася толькі 190 трактараў. Таму адразу ж пасля выхаду ў свет 2 сакавіка 1930 г. артыкула І.В. Сталіна “Галавакружэнне ад поспехаў” і адпаведнай пастановы ЦК ВКП(б) пачаўся масавы адток сялян з калгасаў: за месяц выйшла 356 тыс. гаспадарак, а працэнт калектывізацыі знізіўся да 13, 6 %.

Але гэтыя дзеянні ўлад былі хутчэй тактычным крокам, каб зменшыць сацыяльнае напружанне ў вёсцы. Ужо з восені 1930 г. пачалася новая хваля калектывізацыі. На пачатак 1932 г. у БССР было аб’яднана ў калгасы звыш 388 тыс. гаспадарак, або 50, 4 %, праўда, хутка з-за чарговага адтока сялян і безгаспадарчасці на месцах распалася каля 1000 калгасаў і працэнт калектывізацыі адпаведна знізіўся да 43, 7 %. Актыўную ролю ў правядзенні калектывізацыі сталі адыгрываць у гэтыя гады машынна-трак­тарныя станцыі і створаныя пры іх палітаддзелы. Першыя МТС з’явіліся ў 1929 г., да 1932 г. іх колькасць павялічылася да 57. Яны мелі 1500 трактараў і абслугоўвалі 33 % калгасаў.

У 1930-я гады ўлады пачалі праводзіць палітыку “ліквідацыі ку­лацтва як класа”. Заможныя сяляне дзяліліся на 3 катэгорыі: адкрытыя “контррэвалюцыянеры” падвяргаліся суду, другая катэгорыя падлягала адміністрацыйнай высылцы ў паўночныя або ўсходнія рэгіёны краіны, трэцяя перасялялася ў межах раёна, іх маёмасць канфіскавалася. Усяго, па няпоўным данным, было “раскулачана” звыш 15 тысяч сялянскіх гаспадарак.

Да 1934 г. маштаб калектывізацыі ўзрос да 72, 6 %. Было абагуль­нена чатыры пятых пасяўных плошчаў. У 1935 г. у калгасы ўступілі яшчэ 106, 4 тысячы сялянскіх двароў, што павысіла працэнт калектывізацыі да 85, 6 %. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ва ўсходніх абласцях БССР ступень абагульненасці сялянскіх гаспадарак дасягнула 93, 4 %. У 1940 г. ва ўсходняй Беларусі ўжо налічвалася 236 МТС, а трактарны парк павялічыўся да 9, 7 тыс. машын. Узрасла колькасць іншай тэхнікі, але, як і раней, пераважала ручная праца. Былі прыняты два Статуты сельскагас­падарчай арцелі, вызначылася ўнутраная структура калгасаў, якія складаліся з брыгад і звенняў. Аплата працы праводзілася як прадуктамі, так і ў невялікіх сумах грашыма згодна з выпра­цаванымі працаднямі. Але ў перадваенны час ураджайнасць сель­скагаспадарчых культур, іх валавыя зборы, прадукцыйнасць жывёлы заставаліся на даволі нізкім узроўні.

У выніку сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў паступова, пачынаючы з другой пяцігодкі, пачаў паляпшацца жыццёвы ўзровень насельніцтва. У 1935 г. былі адменены карткі на прадукты харчавання, у 1936 г. – на прамысловыя тавары. Людзі сталі лепш харчавацца, апранацца, хаця рэальная зарплата ў 1937 г. заставалася яшчэ даволі нізкай. Калі ў 1914 г. сярэднямесячная зарплата рабочага складала 93 % пражытачнага мінімума, то ў 1927 г., у гады новай эканамічнай палітыкі, яна складала 67 %, а ў 1937 г. – ужо 47 %. Як значнае дасягненне, адзначалася, што ў 1934–1936 гг. сялянам было прададзена 13 тыс. веласіпедаў і 1, 4 тыс. патэфонаў. Былі ўведзены бясплатнае лячэнне, адукацыя.

 

9.2. Нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва ў Беларускай

ССР. Палітыка беларусізацыі. Устанаўленне савецкай

грамадска-палітычнай сістэмы кіравання

 

Пасля ўтварэння БССР тут прадаўжалі дзейнічаць законы Расійскай Федэрацыі, праводзілася агульная знешняя і ўнутраная палітыка. Усё гэта падштурхоўвала да больш цеснага саюза, перш за ўсё, са сваім усходнім суседам – Савецкай Расіяй, дзе быў уста­ляваны аднатыпны палітычны і эканамічны ўклад. Ужо 16 студзеня 1921 г. быў заключаны двухбаковы дагавор паміж БССР і РСФСР аб ваенным і эканамічным саюзе. Згодна з ім, утвараліся аб’яднаныя народныя камісарыяты па найбольш важным напрамкам: ваенных і марскіх спраў, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, пошты і тэлеграфа. У 1922 г. праблема аб’яднання савецкіх рэспуб­лік стала прадметам сістэматычнага абмеркавання на партыйных з’ездах і пасяджэннях ЦВК. З прадстаўнікоў ад Украінскай, Бела­рускай рэспублік, РСФСР, Закаўказскай Федэрацыі была створана камісія па падрыхтоўцы дагавора аб больш цесным саюзе. 14 снежня 1922 г. за гэтую прапанову выказаўся Усебеларускі з’езд Саветаў. Аналагічныя рашэнні прынялі і з’езды іншых рэспублік. 30 снежня 1922 г. у Маскве дэлегацыі ад рэспублік аб’явілі сябе I Усесаюзным з’ездам Саветаў і зацвердзілі Дэкларацыю аб утварэнні СССР на прынцыпах раўнапраўя, дабраахвотнага ўвахода і выхада з Саюза і свабоднага доступа ў яго склад іншым дзяржавам. З’езд зацвердзіў таксама Дагавор аб утварэнні СССР, выбраў вярхоўны орган улады – Цэнтральны Выканаўчы Камітэт. Пазней, на II Усесаюзным з’ездзе Саветаў 31 студзеня 1924 г. была прынята Канстытуцыя СССР, якая папярэдне абмяркоўвалася на з’ездах Саветаў саюзных рэспублік.

З уваходам Беларусі ў склад СССР склаліся спрыяльныя ўмовы для ўзбуйнення тэрыторыі рэспублікі за кошт рэгіёнаў з перава­жаючай колькасцю беларусаў, якія заставаліся ў складзе РСФСР.

Па прапанове беларускага боку пры ЦВК СССР была створана спецыяльная камісія і згодна з яе вывадамі 7 сакавіка 1924 г. Прэзідыум ЦВК СССР прыняў пастанову аб уключэнні ў склад БССР 15 паветаў Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў. VI Усебеларускі з’езд Саветаў, які адбыўся 13–16 сакавіка 1924 г., канчаткова зацвердзіў гэтае рашэнне. Такім чынам, тэрыторыя Беларусі і колькасць насельніцтва павялічыліся больш чым у два разы. Адначасова адбылася рэарганізацыя губерняў і паветаў: на тэрыторыі Беларусі былі ўтвораны 10 акруг і 100 раёнаў. Пазней, у верасні 1926 г., да Беларусі былі далучаны дадаткова г. Гомель з Гомельскім і Рэчыцкім раёнамі і, такім чынам, тэрыторыя Беларусі павялічылася яшчэ на 15, 5 тыс. квадратных кіламетраў, а насель­ніцтва – на 649 тыс. чалавек. У выніку дзвюх узбуйненняў коль­касць насельніцтва Беларусі дасягнула 5 млн. чалавек або ў тры разы больш у параўнанні з 1920 г., значна ўзрос яе эканамічны і культурны патэнцыял.

Перыяд дзяржаўнага адраджэння супаў з нацыянальным, што знайшло адлюстраванне ў палітыцы беларусізацыі. Ужо з утва­рэннем БССР беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай, пашы­рылася сетка беларускамоўных школ. У 1920 г. пачаў працаваць Беларускі палітэхнічны інстытут, у 1921 г. – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у 1922 г. – Інстытут беларускай культуры. Ствараліся беларускія выдавецтвы, бібліятэкі, установы культуры. Але мена­віта якасць аднаго з важнейшых напрамкаў дзяржаўнай палітыкі працэс беларусізацыі набыў з ліпеня 1924 г., калі другая сесія ЦВК БССР прыняла пастанову ”Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі”. У шырокім сэнсе пад белару­сізацыяй разумелася наданне пераважна беларускай мове з улікам рускай, польскай, яўрэйскай моў статуса дзяржаўнай, арганізацыя сеткі беларускамоўных навучальных устаноў, развіццё беларускай літаратуры, друку, краязнаўчая работа па вывучэнню Беларусі, вылучэнне на кіруючыя пасады перш за ўсё беларусаў, перавод справаводства на беларускую мову, утварэнне нацыянальных адмі­ністрацыйных адзінак, тэрытарыяльных часцей Чырвонай Арміі. Адным з асноўных напрамкаў у гэтай працы стала выпрацоўка літаратурнай беларускай мовы: распрацаваны правапіс, граматыч­ныя правілы, створаны адпаведныя падручнікі, слоўнікі. З 1921 г. пры Народным сакратарыяце асветы БССР пачала працаваць Навукова-тэрміналагічная камісія, якая затым была рэарганізавана ў Інстытут беларускай культуры.

Пытанні практычнай рэалізацыі палітыкі беларусізацыі неадна­разова выносіліся на абмеркаванне партыйных, савецкіх органаў, была разгорнута шырокая тлумачальная работа сярод насельніцтва. Яна ўлічвалася і ў працэсе адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы. У час першага ўзбуйнення, калі пашырылася тэрыторыя рэспублікі і замест паветаў і воласцей утварыліся раёны і сель­саветы, былі створаны, акрамя беларускіх, яшчэ 70 іншых на­цыяналь­ных сельскіх саветаў і адзін нацыянальны (польскі) раён з цэнтрам у Дзяржынску. Да канца 1928 г. 80 % школ, амаль усе ўстановы і кіруючыя структуры рэспублікі былі пераведзены на беларускую мову. Але празмернае фарсіраванне тэмпаў беларусізацыі, правядзенне яе ў большасці выпадкаў адміністра­цыйнымі мерамі выклікалі ў часткі насельніцтва адмоўную рэакцыю і ў пэўнай ступені дыскрэдытавалі нацыянальную ідэю. У канцы 1920-х гг. палітыка беларусізацыі пачала паступова згорт­вацца.

Нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва праходзіла ў абставінах усталявання аднапартыйнай сістэмы кіравання. У 1921 г. спыніў сваю дзейнасць Бунд, частка яго членаў увайшла ў склад КП(б)Б. Даволі ўплывовай на Беларусі была Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, якая налічвала больш за 20 тысяч членаў. Але пасля адказу эсэраў у ліпені 1920 г. ад супрацоўніцтва з бальша­вікамі, перахода іх ў апазіцыю БПС-Р стварыла сетку падпольных арганізацый пад агульнай назвай “Зялёны дуб” і зрабіла няўдалую спробу арганізаваць восенню 1920 г. паўстанне супраць савецкай улады, пасля чаго яе ўплыў сярод насельніцтва стаў падаць. У лютым 1921 г. 860 найбольш актыўных яе членаў былі арыштаваны і інтэрніраваны ў Заходнюю Беларусь, якая знаходзілася пад уладай Польшчы. У выніку ў чэрвені 1924 г. БПС-Р самараспусцілася. Распаду апазіцыйных сіл садзейнічала і амністыя ўдзельнікам антысавецкіх нацыянальных арганізацый і фарміраванняў, якая была аб’яўлена ў 1923 г. ЦВК СССР і ЦВК БССР. Пасля гэтага ў 1925 г. на нарадзе ў Берліне большая частка дзеячоў БНР таксама заявіла аб самароспуску гэтай арганізацыі і выразіла жаданне вярнуцца ў БССР, якую яны прызналі цэнтрам нацыянальнай кансалідацыі беларусаў.

У выніку з сярэдзіны 1920-х гг. грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі, як і ў цэлым ў СССР, было зведзена да дзейнасці адной партыі – камуністычнай, якая пачала хутка расці колькасна. Адначасова пачала ўстанаўлівацца жорсткая цэнтралізацыя кіравання ўнутры партыі, а паколькі яна стала кіруючай, то і ў цэлым у краіне. Партыя паступова брала пад кантроль усё грамадска-палітычнае і культурнае жыццё. Гэта адмоўна адбілася і на дэмакратызацыі вытворчага жыцця. Пытанні, якія раней вырашаліся калектыўна на сходах працоўных, цяпер станавіліся справай вузкага кола кіраўнікоў. Дыктатура пралетарыята, якая раней абвяшчалася бальшавікамі, паступова замянялася дыктатурай партыйна-адміністрацыйнага апарата. Улада Саветаў, якая таксама раней шырока прапагандавалася, была фактычна ліквідавана, а Саветы падпарадкаваны партыйным органам. Зніжэнне іх ролі адмоўна адбілася і на актыўнасці людзей у час выбарчых кампаній. Напрыклад, на выбарах Саветаў у Беларусі ў 1924–1925 гг. удзельнічала ў сярэднім 35–40 % выбаршчыкаў. Таму адначасова з узмацненнем ідэалагічнай апрацоўкі мас ў кіраўніцтве дзейнасцю Саветаў усё шырэй сталі прымяняцца дырэктыўныя меры. Але і ў гэтых умовах узрастала працоўная і грамадска-палітычная актыўнасць насельніцтва, актывізавалася дзейнасць прафсаюзаў і камсамольскіх арганізацый.

Пераход да аднапартыйнай улады ва ўмовах, калі большую частку камуністаў складалі людзі з ніжэйшай адукацыяй, здольныя толькі выконваць кіруючыя ўказанні зверху, складанасць знешнепалітычнага становішча, калі Савецкая краіна знаходзілася ў варожым акружэнні, барацьба за ўладу паміж рознымі групоўкамі, перш за ўсё, трацкістамі і сталінскім акружэннем, нарэшце, асабістыя якасці характару І.В. Сталіна, які стаў на чале СССР, стваралі спрыяльныя ўмовы для складвання цэнтралізаванай сістэмы кіравання, росквіт якой прыйшоўся на 1930-я гады і суправаджаўся палітычнымі рэпрэсіямі.

Пачатак жа рэпрэсій адносіцца да часу згортвання палітыкі беларусізацыі, якая была расцэнена камісіяй ЦК ВКП(б) як спроба буржуазных нацыяналістаў рэстаўрыраваць буржуазны лад і адарваць Беларусь ад Савецкага Саюза. Спачатку барацьба супраць нацыянальна-дэмакратычных настрояў вялася на ўзроўні крытыкі на партыйных і савецкіх з’ездах, але з 1930 г. рэпрэсіўныя органы пачалі арышты па абвінавачванню ў прыналежнасці да так званага “Саюза вызвалення Беларусі”, сапраўдная наяўнасць якога да гэтага часу дакладна не выяўлена. Было арыштавана 108 чалавек, частка была асуджана на розныя тэрміны заключэння. Справа СВБ дала пачатак кампаніі ідэалагічнага тэрора супраць “нацыянал-дэма­кратаў”. У прыватнасці, у Беларускай Акадэміі навук быў арышта­ваны кожны трэці супрацоўнік. Хваля рэпрэсій закранула таксама значную частку беларускіх літаратараў. Пазней пачаліся агульна­саюзныя судовыя працэсы па справах “Працоўнай сялян­скай партыі”, “Прампартыі” і іншых антысавецкіх арганізацый, дзей­насць якіх таксама дакладна да гэтага часу не ўстаноўлена. Гэтыя працэсы закранулі і Беларусь як частку СССР. Пік рэпрэсій прыйшоўся на сярэдзіну 1930-х гадоў і асабліва на 1937 г. Усяго ва ўсходняй Беларусі ў перадваенныя гады па палітычных матывах было рэпрэсіравана па розным даным ад 40 да 90 тыс. жыхароў, з іх 16050 рэпрэсіраваны ў 1937–1938 гг.

 

9.3. Культурнае развіццё Беларусі ў 1921–1941 гг.

 

З першых гадоў свайго існавання савецкі ўрад адной з галоўных задач ў вобласці культурнага будаўніцтва вызначыў ліквідацыю непісьменнасці і малапісьменнасці. У Беларусі гэта праблема была асабліва актуальнай, паколькі 67, 3 % насельніцтва Беларусі было непісьменным. У 1920 г. была створана Рэспубліканская надзвычай­ная камісія па ліквідацыі непісьменнасці. Нягледзячы на вялікія цяжкасці ў матэрыяльным забяспячэнні вучэбнага працэссу і востры недахоп педагагічных кадраў, у БССР былі адкрыты звыш 4 тыс. школ. У школах і пунктах ліквідацыі непісьменнасці для дарослых у 1921 г. пачалі вучобу 392250 чалавек. Да 1932 г. іх колькасць узрасла да 417 тыс. чалавек. Паступова павялічваліся асігнаванні на адукацыю. У 1924 г. на гэтыя мэты было выдзелена каля 5 млн. руб, у 1926 г. – ужо 15 млн. руб., прычым з кожным годам капіталаўкладанні ў адукацыю ўзрасталі і д 1932 г. дасягнулі 144 млн. руб. Адпаведна пашыралася і сетка школ. У 1927/1928 навучальным годзе іх налічвалася 5, 5 тыс., у тым ліку 4940 – з беларускамоўнай формай навучання, а ў 1940–1941 г, з улікам школ, адкрытых у заходніх рэгіёнах Беларусі, у БССР ужо дзейнічалі 13043 пачатковых, няпоўных сярэдніх і сярэдніх школ, у якіх навучалася 1, 8 млн. дзяцей. За 20 перадваенных гадоў ліквіда­валі непісьменнасць і малапісьменнасць каля 2 млн. дарослых. Спачатку ў пачатковых школах адсутнічала прадметная сістэма навучання, вёўся пошук новых форм арганізацыі вучэбнага працэса, адчуваўся недахоп падручнікаў і метадычнай літаратуры. Уніфіка­цыя сістэмы адукацыі адбылася ў пачатку 1930-х гг., калі былі ўстаноўлены агульныя тыпы школ: пачатковая, няпоўная сярэдняя, сярэдняя, асновай навучання сталі класы і прадметныя ўрокі, распрацаваны падручнікі згодна з адзінымі праграмамі па прадметах, па адзінай шкале ацэньваліся веды вучняў, была ўведзена школьная форма адзення.

У 1931 г. БССР першай з саюзных рэспублік ажыццявіла пераход да ўсеагульнай пачатковай адукацыі. У гэты час у школах вучыліся 91 % васьмігадовых дзяцей. У 1932 г. СНК БССР прыняў пастанову аб увядзенні абавязковай усеагульнай сямігадовай адукацыі, якая ў асноўным была выканана да 1939 г. У 1939 г. ХVIII з’езд ВКП(б) паставіў ужо задачу пераходу да ўсеагульнага сярэдняга навучання ў гарадах і завяршэння працы па ўводу ўсеагульнай сямігадовай адукацыі ў вёсцы. У выніку гэтай працы, якая пазней атрымала назву “культурная рэвалюцыя”, да пачатку вайны пісьменнасць насельніцтва ўсходніх вобласцей БССР склала 85 %. Гэта быў значны крок наперад ў культурным развіцці беларускага народа, нягледзячы на складанасці, якія прадаўжалі існаваць ў сістэме адукацыі: перагружанасць класаў, адносна невялікі (10 %) лік педа­гогаў з вышэйшай адукацыяй і інш.

Інтэнсіўнае развіццё прамысловасці, пераўтварэнні ў сельскай гаспадарцы, пашырэнне культурнага будаўніцтва выклікалі вялікую патрэбу ў кваліфікаваных кадрах. Складанасць станаўлення вышэй­шай школы заключалася, перш за ўсё, у тым, што да рэвалюцыі ў Беларусі не было ВНУ, адпаведна адсутнічалі навуковыя кадры, матэрыяльная база. Але ўжо ў 1919 г. аднавіў работу Горацкі земляробчы інстытут, затым перайменаваны ў акадэмію. У 1918–1919 гг. Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі, Гомельскі настаўніцкія інсты­туты былі пераўтвораны ў педагагічныя інстытуты. У снежні 1920 г. на базе Мінскага палітэхнічнага вучылішча адкрыўся Беларускі палітэхнічны інстытут. 30 кастрычніка 1921 г. пачаў працаваць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Каб аблегчыць падрыхтоўку кадраў з асяроддзя рабочых і сялян, пры ВНУ адкрываліся рабочыя факультэты. Адначасова са стварэннем сістэмы вышэйшай адукацыі ішла рэарганізацыя ВНУ. У 1931 г. на 11 вышэйшых навучальных устаноў была падзелена Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, 7 самастойных інстытутаў былі створаны на базе асобных кафедр БДУ, але праз два гады зноў пачалося іх узбуйненне. У прыват­насці, у 1933 г. адкрыўся Інстытут народнай гаспадаркі, аднавіў сваю работу рэарганізаваны раней палітэхнічны інстытут. У цэлым да 1941 г. у Беларусі была створана разгалінаваная сетка ўстаноў вышэйшай адукацыі, якая складалася з 25 ВНУ, у тым ліку, і мастацкага накірунку, дзейнічала, напрыклад, Беларуская дзяржаў­ная кансерваторыя. У іх навучаліся 21, 5 тысяч студэнтаў, 76, 6 % з іх складалі беларусы.

Адначасова стваралася сетка сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. У 1939/1940 навучальным годзе толькі ва ўсходніх вобласцях БССР ужо працавалі 102 тэхнікумы з колькасцю 33, 6 тыс. навучэнцаў.

У выніку значнай работы, якая была праведзена ў 1921–1941 гг., Беларусь ў перадваенныя годы па ўзроўню адукацыі насельніцтва дасягнула сярэднееўрапейскіх стандартаў.

1920-я гг. сталі часам нараджэння беларускай савецкай навукі. Яе асновай стала вузаўская навука. Менавіта прафесарска-выклад­чыцкія кадры аб’ядноўвалі навукоўцаў, у першую чаргу, гуманітар­нага напрамку. Першым жа самастойным навуковым цэнтрам стаў утвораны ў 1922 г. Інстытут беларускай культуры, які ў 1929 г. быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук. У 1931 г. яна складалася з 14 навуковых інстытутаў. Асноўнымі напрамкамі навуковых даследванняў гэтай навуковай установы былі біялогія, геалогія, гісторыя і літаратура. Акрамя Акадэміі, у 1930-я гг. сталі працаваць і іншыя профільныя навукова-даследчыя інстытуты: Віцебскі ветэрынарна-бактэрыялагічны інстытут, Беларускі навукова-даследчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі і інш. Да 1940 г. у рэспубліцы ўжо дзейнічала 51 навуковая ўстанова. Але значны ўрон развіццю адукацыі і навукі нанеслі рэпрэсіі ў адносінах да педагагічных і навуковых кадраў, якія прайшлі ў 1930-я гг.

У 1920-я гг. склаліся спрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай літаратуры: развіццё адукацыі, культурна-асветніцкая праца, палітыка беларусізацыі, якая праводзілася ў гэтыя годы, падтрымка літаратурнай творчасці ўладамі, адносная дэмакратызацыя. Хутка развівалася выдавецкая справа: ужо ў 1928 г. тыраж кніг складаў 2, 8 млн., у тым ліку, 1, 8 млн. беларускамоўных, ў 1938 г. – адпаведна ўжо 14, 7 млн. і 12, 3 млн.

У 1920-я гг. ў літаратуру ўліўся значны прыток маладых пісь­меннікаў і паэтаў, у тым ліку, з вёскі. На ўзроўні рэспублікі і нават раёнаў ствараліся шматлікія творчыя аб’яднанні, ішоў пошук новых форм працы, вялася барацьба паміж рознымі напрамкамі. Найбольш буйнымі літаратурнымі аб’яднаннямі былі “Маладняк” (створанае ў 1923 г.), “Узвышша” (1926 г.), “Полымя” (1927 г.). Усе яны мелі свае часопісы. Асноўнымі тэмамі прозы і паэзіі таго часу стала звяртанне да чалавека – працаўніка, адлюстраванне, прычым з пэўным рамантызмам і ідэалізацыяй, тых перамен, якія адбыліся ў гістарычным лёсе беларускага народа. 1920-я гады вызначаны творчай актыўнасцю як пісьменнікаў старэйшага пакалення – Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, так і нядаўна прыйшоўшых у літаратуру маладых паэтаў і празаікаў – М. Чарота, К. Крапівы, А. Дудара, Я. Пушчы, А. Куляшова і іншых. Асабліва плённа ў першай палове 1920-х гг. развівалася паэзія. Менавіта ў гэты час Я. Купала напісаў сваю паэму “Безназоўнае”, Я. Колас – паэмы “Но­вая зямля” і “Сымон-музыка”, Ц. Гартны – зборнік “Песні працы і змагання”, М. Чарот – паэму “Босыя на вогнішчы”. У прозе гэтага часу пераважалі апавяданні, але ў другой палове 1920-х гг. з’явіліся і больш буйныя творы – трылогія Я. Коласа “На ростанях”, раманы М. Зарэцкага “Сцежкі-дарожкі”, Ц. Гартнага “Сокі цаліны” і інш. Асноўнай тэматыкай паэзіі і прозы былі падзеі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Менавіта ім прысвяцілі свае творы М. Лынькоў, П. Трус, З. Бядуля, К. Чорны і інш.

З канца 1920-х гг. у літаратуры ўсё больш стаў адчувацца ідэалагічны ўплыў улады. У 1928 г. на базе арганізацыі “Маладняк” была створана Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). Гучнейшай стала крытыка твораў асобных пісьменнікаў, якіх абвінавачвалі ў “нацдэмаўшчыне”, а пазней частка літаратараў была рэпрэсіравана. Да 1934 г. пісьменніцкія аб’яднанні былі зліты ў адзіны саюз пісьменнікаў Беларусі, а ў літаратуры стаў пераважаць адзіны напрамак – метад сацыялістычнага рэалізма. У 1930-я гг. творчая актыўнасць пісьменнікаў і паэтаў не знізілася, але амаль усе творы прысвячаліся тэме грамадзянскай вайны, будаўніцтву новага жыцця, індустрыялізацыі і калектывізацыі. Летам 1940 г. была праведзена першая дэкада беларускай літара­туры і мастацтва ў Маскве. Але дасягненні беларускай літаратуры ў канцы 1930-х гг. маглі б быць большымі, каб не рэпрэсіі супраць інтэлігенцыі. У пачатку 1941 г. Саюз пісьменнікаў БССР налічваў толькі 74 чалавекі.

Першыя дзесяцігоддзі станаўлення савецкай ўлады на Беларусі адзначыліся яе адмоўным стаўленнем да рэлігіі. Царква была аддзелена ад дзяржавы, перастала карыстацца яе падтрымкай, а школа, у сваю чаргу, была аддзелена ад царквы. Усё гэта суправаджалася ўзмацненем антырэлігійнай прапаганды. Было створана таварыства “Саюз ваяўнічых бязбожнікаў” з разгалі­на­ванай сеткай нізавых звенняў, выпускаўся адпаведны часопіс. Справа даходзіла да закрыцця культавых устаноў і канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў у карысць дзяржавы. З 1500 праваслаў­ных храмаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Усходняй Беларусі ў пачатку 1920 -х гг., да 1936 г. засталося толькі 180, а да 1940 г. іх колькасць зменшылася да некалькіх дзесяткаў. У той жа час савецкі ўрад падтрымліваў так званую абнаўленчую царкву, якая ў цэлым прызнала савецкую ўладу і выступала за дэмакратызацыю царкоў­нага жыцця. У выніку ўнутры беларускай Праваслаўнай царквы адбыўся раскол: частка святароў заняла прымірэнчую пазіцыю, а частка засталася ў апазіцыі і ў 1927 г. на з’ездзе ў Мінску абвясціла аб стварэнні Беларускай аўтакефальнай Праваслаўнай царквы (БАПЦ). Аднак з сярэдзіны 1930-х гг. пачалася новая хваля антырэ­лігійнай кампаніі, якая на гэты час суправаджалася і ўзмацненнем рэпрэсій, перш за ўсё, супраць дзеячоў БАПЦ. Была ліквідавана і абнаўленчая царква. Да канца 1930-х гг. царкоўнае жыццё ў БССР амаль цалкам спынілася.

Такая ж палітыка ўлад праводзілася і ў адносінах да каталіцкай царквы з той толькі розніцай, што рэпрэсіі супраць каталіцкіх святароў пачаліся яшчэ з пачатку 1920-х гг, прычым іх, як правіла, абвінавачвалі ў сувязах з польскай разведкай. Да часу уз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі ў 1939 г. у БССР засталіся неза­чыненымі толькі 10 касцёлаў, прычым яны не дзейнічалі, паколькі практычна ўсе ксяндзы былі рэпрэсіраваны.

У 1920-я гг. ў Беларусі, нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, шырока разгарнулася горадабудаўніцтва. Гэта было звязана з пра­вядзеннем індустрыялізацыі, культурнай рэвалюцыяй, сацыяльнай палітыкай, якую праводзілі ўлады. Перш за ўсё, развівалася пра­мысловая архітэктура. Яе адметнасцямі былі функцыянальнасць і рацыяналізм, шырокае выкарыстанне жалезабетонных і металічных канструкцый. Будынкі былі даволі простымі па сваёй планіроўцы і знешняму выгляду, але фасады ўпрыгожваліся дэкаратыўнай тынкоўкай, складанымі карнізамі. Прыкладам могуць служыць будынкі завода “Энергія” ў Мінску, запалкавай фабрыкі ў Барысаве, фабрыкі штучнага шоўку ў Магілёве. У гады першай пяцігодкі былі распрацаваны праекты забудовы г. Мінска і іншых гарадоў Беларусі. У гэты ж час пачалося будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў даволі спрошчанай планіроўкі, ў асноўным прама­вугольнай формы з лаканічным вырашэннем аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і мінімумам дэкору. Шырока разгарнулася будаўніцтва школ, як правіла, адносна невялікіх двухпавярховых будынкаў, устаноў культуры, бальніц. Яны былі таксама адносна невялікімі, за выключэннем бальнічных комплексаў, якія разлічваліся на 500–1000 ложкаў, напрыклад, 1-я клінічная бальніца ў Мінску (1928–1931 гг.), архітэктар Г. Лаўроў.

У 1930-я гг., калі матэрыяльнае палажэнне рэспублікі значна ўмацавалася, былі распрацаваны генеральныя планы забудовы Мінска, Віцебска, Гомеля, Магілёва, Оршы, дзе значнае месца ад­водзілася ўжо манументальным будынкам, перш за ўсё, адміні­страцыйнага і культурнага прызначэння. Іх адметнасцю былі боль­шая дэкаратыўнасць, наяўнасць портыкаў, каланад. Вядучымі архі­тэктарамі ў гэты час былі І. Лангбард, Г. Лаўроў, А. Воінаў. Да най­больш значных будынкаў таго часу можна аднесці Дом урада, га­лоўны корпус Акадэміі навук, тэатр оперы і балета, Дом Чырвонай Арміі ў Мінску, кінатэатр “Радзіма”, Дом Саветаў ў Магілёве (архі­тэктар І. Лангбард), вучэбныя корпусы палітэхнічнага інстытута, універсітэцкі гарадок БДУ, будынак інстытута фізкультуры, гасцініцу “Беларусь”, рэспубліканскі палац піянераў у Мінску, гасцініца “Днепр” у Магілёве (архітэктары Г. Лаўроў і А. Воінаў). Усе гэтыя будынкі спалучаюць у сабе функцыянальнасць, дэкара­тыўнасць, гармонію і некаторыя з іх захаваліся ў добрым выглядзе да цяперашніх дзён.

У першыя гады савецкай улады значнай з'явай у развіцці выяўленчага мастацтва стала віцебская школа жывапісу, у якой пераважалі авангардысты К. Малевіч, М. Шагал, Л. Лісіцкі, В. Ер­малаева і іншыя. Гэтае аб’яднанне атрымала назву “сцвярджальнікі новага мастацтва” (“УНОВИС”–“Утвердители нового искусства”). Пазней вядучым стылем у выяўленчым мастацтве стаў сацы­ялістычны рэалізм, прычым, у адрозненне ад акадэмічнага рэалізму, тут больш адчувалася палітызаванасць. У рэчышчы са­цыя­лістычнага рэалізму працавалі мастакі В.В. Волкаў, Я.А. Зайцаў, І.В. Ахрэмчык, Я.Я. Красоўскі, якія падрыхтавалі шэраг карцін на тэму грамадзянскай вайны. Падзеі айчыннай гісторыі, фальклорныя тэмы і сюжэты сталі галоўнымі для мастака М.М. Філіповіча. Праблемы сацыялістычнага будаўніцтва, партрэты вядомых людзей знайшлі адлюстраванне ў творчасці мастакоў М.П. Станюты, М.Л. Тарасікава, Я.М. Кругера. У жанры пейзажаў вызначыліся В.К. Бялыніцкі-Біруля, У.М. Кудрэвіч.

У сувязі з утварэннем у 1924 г. беларускага дзяржаўнага выда­вецтва нарадзілася і беларуская савецкая кніжная графіка. Пачы­нальнікамі ў гэтай справе сталі М. Філіповіч, А. Тычына і інш. У галіне графікі значнае распаўсюджанне атрымалі плакат і карыкатура.

З развіццём тэатраў набірала моц тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва.

Уздзеянне афіцыйнай ідэалогіі і развіццё манументальнай прапа­ганды адчувалася і ў скульптуры. Але гэта не змяншае мастацкую каштоўнасць твораў З.І. Азгура, А.А. Бембеля, А.В. Грубэ, А.М. Бразера і іншых скульптараў, якія стварылі шэраг партрэтаў сучаснікаў, манументальныя кампазіцыі, што ўпрыгожылі Дом урада, Дом Чырвонай Арміі, Палац піянераў і школьнікаў. У 1925 г. мастацкая секцыя Інбелкульта арганізавала першую Усебеларускую мастацкую выстаўку, пазней беларускія мастакі выстаўлялі свае творы не толькі на падобных беларускіх, але і на ўсесаюзных выстаўках.

Важнай падзеяй для аматараў жывапісу стаў першы з’езд мастакоў БССР (1938 г.), які ўтварыў Саюз мастакоў БССР, прыняў яго статут. У гэты ж час у Беларусі пачалі дзейнічаць Рэспубліканскі і абласныя дамы народнай творчасці, праводзіліся рэспубліканскія алімпіяды рабоча-калгаснай самадзейнасці.

1920–1940-я гг. сталі часам росквіту беларускіх самадзейных і прафесійных тэатраў. Ужо 14 верасня 1920 г., адразу ж пасля вызва­лення Мінска ад польскіх акупантаў, у горадзе быў адкрыты Беларускі дзяржаўны тэатр, які з 1926 г. стаў называцца Першым Беларускім дзяржаўным тэатрам (БДТ-1). На яго сцэне ставіліся п'есы Я. Купалы, М. Горкага, М. Чарота.

У лістападзе 1926 г. ў Віцебску быў створаны Другі Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2), дзе таксама ставіліся п'есы беларускіх і расійскіх драматургаў. Добра быў вядомы ў рэспубліцы і Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр пад кіраўніцтвам У. Галубка, які пачаў сваю дзейнасць у жніўні 1920 г. і пазней стаў называцца Трэцім Беларускім дзяржаўным тэатрам (БДТ-3). Толькі з 1920 па 1928 гг. тэатр паказаў каля 2 тыс. спектакляў, даў 300 канцэртаў, пераважна ў, так зва­най, «глыбінцы». У 1930-я гг. колькасць тэатраў павялічы­лася: адкрыліся польскі, яўрэйскі, рускі тэатры, тэатр юнага гледача і іншыя. Вельмі распаўсюджанымі у гэтыя гады былі тэатры рабочай моладзі (ТРАМы), самадзейныя калектывы. У пачатку 1930-х гг. на аснове Мінскага тэатра рабочай моладзі быў створаны Беларускі дзяржаўны тэ­атр рабочай моладзі (БелТРАМ), па сутнасці, прафесіянальны творчы калектыў. У 1931 г. пачаў творчую дзейнасць першы ў Беларусі кал­гасна-саўгасны тэатр у Гомелі, затым падобныя тэатры з'явіліся і ў іншых гарадах рэспублікі. У іх ставіліся спектаклі беларускіх драматургаў.

На развіццё музычнага мастацтва значны ўплыў аказалі адкрыццё дзяржаўных кансерваторыі, філармоніі, тэатра оперы і балета. Плённа працавалі беларускія савецкія кампазітары Я.К. Цікоцкі, Р.К. Пукст, А.Я. Туранкоў, М.М. Чуркін і іншыя. Вядучым жанрам у творчасці беларускіх кампазітараў былі оперы і сімфоніі, пераважна на гістарычныя тэмы і патрыятычнай накіраванасці. Ставіліся як класічныя, так і беларускія творы.

У разглядваемы перыяд на Беларусі атрымаў распаўсюджанне і такі від мастацтва, як кіно. Спачатку здымаліся дакументальныя стужкі, якія апрацоўваліся і манціраваліся на базе Ленінградскай кінастудыі. Першым жа мастацкім творам стала кінастужка «Лясная быль» (1926 г.), якая была пастаўлена рэжысёрам Ю.В. Тарычам. Фільм расказваў аб падзеях грамадзянскай вайны на тэрыторыі Беларусі. Першым беларускім гукавым фільмам стала кінапраграма «Пераварот», пастаўленая ў 1930 г. Ю.В. Тарычам. У канцы 1930-х гг. мастацкая кінастудыя «Савецкая Беларусь» была пераведзена ў г. Мінск. У стварэнні беларускага кінематографа прынялі плённы ўдзел не толькі беларускія спецыялісты і акцёры, але і вядомыя майстры савецкага кіно, напрыклад, акцёры М.К. Чаркасаў, М.М. Сіманаў і іншыя.

У арганізацыі культурна-масавай, выхаваўчай працы важная роля належала таксама бібліятэкам, клубам, музеям, розным самадзейным гурткам, якія пачалі масава стварацца ў савецкі перыяд. Так, у 1940 г. ужо дзейнічалі 31 музей і іх філіялы.

Такім чынам, беларуская культура ў 1917–1941 гг. развівалася ў складаных, супярэчлівых умовах, абумоўленых вынікамі сацыяльных узрушэнняў, ідэалагізацыяй культурнай палітыкі, рэпрэсіямі супраць інтэлігенцыі. Тым не менш, у перыяд правядзення беларусізацыі ў БССР і ў пазнейшы час у цэлым беларуская культура перажывала ўздым. Былі вырашаны праблемы непісьменнасці і малапісьменнасці, створана сістэма адукацыі, зроблены пераход да ўсеагульнага пачатковага і, у асноўным, сямігадовага навучання, развівалася вышэйшая школа, створаны навуковыя ўстановы, атрымалі развіццё беларуская літаратура, тэатр, мастацтва, музычная культура.


Тэма 10. Заходняя Беларусь у складзе Польскай дзяржавы

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.