Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






ББК 63.3(4Беи)я7 5 страница






Значную ролю ў духоўным жыцці беларусаў, развіцці іх самасвядомасці мела вусная народная творчасць, перш за ўсё, цыклы абрадавых і святочных песен, звязаных з сезоннымі палявымі работамі, вялікаднём, іншымі рэлігійнымі святамі, Купаллем, памінальнымі Дзядамі, а таксама казкі, паданні і г.д. Пазней гэтая творчасць ярка ўвасобілася ў народным лялечным тэатры “Батлейка.”

У архітэктуры XIV–ХVI стст. адчуваўся значны ўплыў заходняй сярэдневяковай Еўропы, дзе пераважалі ў гэты час раманскі і гатычны стылі, Візантыі і рускага дойлідства, але ў той жа час праяўляліся мясцовыя асаблівасці, характэрныя менавіта для беларускай народнасці.

Знешняя і ўнутраная абстаноўка ў ВКЛ, шматлікія войны, унутрыпалітычныя крызісы і сацыяльныя канфлікты прывялі да развіцця абарончага дойлідства. Другім важным напрамкам ў архітэктуры стала будаўніцтва культавых пабудоў. Абарончыя збудаванні ўзводзіліся, у асноўным, у раманскім стылі, для якога характэрна масіўнасць, арачныя перакрыцці, адсутнасць упрыгожанняў. Такімі былі замкі ў Крэве, Лідзе, Віцебску, Гародне, Оршы, Міры, Новагародку, апошні дабудоўваўся з сярэдзіны XIII ст. да XV ст. На змену раманскаму стылю прыйшла готыка, а ў пачатку XVI ст. барока.

Для стылю готыкі характэрны паўаркі (аркбутаны), рабрыстае (нервюрнае) скляпенне, стральчатыя вокны, шпілі і высокія дахі. Але беларуская готыка мела пэўныя адрозненні: гэта адносная прастата і большая масіўнасць. Помнікам гатычнага культавага дойлідства з’яўляецца касцёл у вёсцы Ішкальдзь у Баранавіцкім раёне. Унікальнымі з’яўляюцца гатычны храм-крэпасць ў вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна і гатычна-рэнесансны храм-крэпасць у вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна на Гродзеншчыне. Прыстасаваным для абароны быў таксама кальвінісцкі храм у г. Смаргоні. У пачатку ХVI ст. прыватны гатычны замак быў узведзены В. Гаштольдам у вёсцы Геранёны Іўеўскага раёна. Будаваліся таксама праваслаўныя цэрквы ў візантыйскім або псеўдарускім стылі, для якога характэрны большая дэкаратыўнасць, шматкупальнасць.

Выяўленчае мастацтва ў XIII–ХVI стст. мела пераважна рэлігійны характар і знаходзілася пад уплывам візантыйскай і старажытнарускай культур. Для яго характэрны аскетызм вобразаў святых, адсутнасць аб’ёмнасці, абстрактна-сімвалічны аднако­лерны, часцей за ўсё, залацісты фон. Прыкладам з’яўляюцца іконы “ Параскева-Пятніца”, “Маці боская Адзігітрыя (заступніца) Смаленская” з в. Дубінец Столінскага раёна, “Маці боская Ерусалімская” з Пінска. Але паступова візантыйскі ўплыў зніжаўся і адначасова ўсё больш праяўляліся мясцовыя асаблівасці.

Да выяўленчага сярэдневяковага мастацтва адносяцца таксама кніжныя мініяцюры, напрыклад, у Радзівілаўскім летапісу, гравюры, напрыклад, у выданнях Ф. Скарыны. Новым у гэты час стала зараджэнне свецкага жывапісу, так званага, “сармацкага“ партрэта. Прыкладам можа служыць партрэт Юрыя Радзівіла пачатку ХVI ст.

У рамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў XIV–ХVI стст. развіваліся драўляная скульптура, разьба па дрэву, чаканка па металу, выраб керамікі.

Такім чынам, XIV–ХVI стст. сталі перыядам роста этнічнай самасвядомасці беларусаў, фарміравання беларускай народнасці, пашырэння ўплыву Рэнесанса і Рэфармацыі, зараджэння і развіцця элементаў самабытнай беларускай культуры.


Тэма 5. Цывілізацыйныя працэсы Новага часу. Беларусь

у складзе Рэчы Паспалітай (другая палова XVI – XVIII стст.)

 

5.1. Утварэнне Рэчы Паспалітай, яе дзяржаўны лад.

5.2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай.

5.3. Заняпад Рэчы Паспалітай, яе падзелы.

5.4. Культура Беларусі другой паловы ХVI – ХVIII стст.

 

5.1. Утварэнне Рэчы Паспалітай, яе дзяржаўны лад

 

Пачатак Новага часу характэрны значнымі зменамі ў сацыяльна-эканамічным і палітычным развіцці еўрапейскіх і азіяцкіх краін. У выніку вялікіх геаграфічных адкрыццяў – Амерыкі з яе вялікімі багаццямі, марскога шляху з Еўропы ў Індыю і інш., а таксама значнага павялічвання колькасці навуковых дасягненняў, якія потым атрымалі назву навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, пачалося хуткае развіццё прадукцыйных сіл і накапленне багацця ў вядучых краінах. На змену сярэднявеччу з пераважна натуральнай гаспадаркай прыйшоў новы тып эканомікі, сацыяльнай структуры, ідэалогіі. Пачаўся працэс фарміравання буржуазіі і дваранства, з аднаго боку, наёмных рабочых, з другога, і адначасова рост сацыяльнай напружанасці ў грамадстве. У палітычнай сферы праявілася тэндэнцыя да фарміравання спачатку саслоўных манархій, а затым і абсалютызма, геапалітычнай сістэмы буйных дзяржаў. Такімі абсалютысцкімі рэжымамі былі Свяшчэнная Рымская імперыя, Шведскае каралеўства, Іспанія, Англія, Францыя, Расія, Асманская імперыя. Абвастрыліся супярэчнасці паміж гэтымі дзяржавамі, пачасціліся выпадкі экспансіі. Імкнуліся да пашырэння свайго, перш за ўсё, палітычнага ўплыву і бліжэйшыя суседзі Беларусі – Расійская дзяржава і Польшча.

У сярэдзіне ХVI ст. Вялікае княства Літоўскае аказалася ў складаным становішчы. Яно вяло барацьбу супраць нападаў з поўдня, поўначы. У 1558 г. рускі цар Іван IV пачаў вайну з Лівон­скім ордэнам за выхад да Балтыйскага мора. Лівонія звярнулася за дапамогай да Вялікага княства Літоўскага, якое згадзілася ўзяць ордэн пад свой пратэктарат. У выніку ваенныя дзеянні перакінуліся на тэрыторыю Беларусі. 15 лютага 1563 г. рускія войскі захапілі г. Полацк. Стварылася пагроза захавання цэласнасці і самастойнасці ВКЛ. Не хапала сіл і рэсурсаў. Быў патрэбен саюзнік. Пагроза з боку Маскоўскай дзяржавы з’явілася адной з важнейшых прычын утварэння Рэчы Паспалітай. З пункту гледжання знешняй палітыкі ў такім саюзе была зацікаўлена і Польшча, якая спадзявалася такім чынам павялічыць сваю моц і тым самым засцерагчыся ад магчымых нападаў туркаў.

Да ўнутраных прычын заключэння ўніі можна аднесці зацікаўленасць у ёй сярэдняй і дробнай шляхты ВКЛ, якая адчувала засілле буйных магнатаў і была не супраць атрымаць тыя ж правы, як і ў шляхты Кароны. З другога боку, шляхта Польшчы хацела пашырыць за лік тэрыторыі ВКЛ свае зямельныя ўладанні. Ва ўніі была зацікаўлена і каталіцкая царква, якая спадзявалася такім чынам пашырыць свой уплыў на Усходзе.

Заключэнню ўніі садзейнічалі папярэдняе эканамічнае, палітычнае і культурнае збліжэнне ВКЛ і Кароны, якое адбывалася на працягу стагоддзяў, пачынаючы з Крэўскай уніі 1385 г., а таксама адзіная адміністрацыя каталіцкай царквы.

У 1562 г. шляхта ВКЛ на палявым сейме каля г. Віцебска прыняла і накіравала вялікаму князю прапанову аб заключэнні ўніі з Польшчай. Віленскі сейм 1563 г. згадзіўся з ёй і выбраў дэлегацыю для перагавораў з Польшчай. Перамовы былі цяжкімі і працяглымі, паколькі польскі бок настойваў на інкарпарацыі Вялікага княства Літоўскага ў склад польскай дзяржавы, і толькі ў студзені 1569 г. пачаў сваю працу супольны сейм у г. Любліне. Літоўская дэлегацыя імкнулася да раўнапраўнага саюза, але безпаспяхова. Польскі бок пайшоў на дэманстрацыю сілы, захапіўшы з дапамогай указа караля землі, якія ўваходзілі ў той час у склад ВКЛ: Падляшша, Падолле, Валынь і Кіеўшчыну. У гэтых абставінах дэлегацыя ВКЛ вымушана была 1 ліпеня 1569 г. падпісаць унію аб утварэнні разам з Польшчай агульнай дзяржавы– Рэчы Паспалітай. Вышэйшым органам аб’яўляўся аб’яднаны вальны сейм, які збіраўся ў Польшчы і ў якім пераважалі дэпутаты ад Польшчы. Узначальваў дзяржаву выбарны кароль, ён жа захоўваў тытул князя ВКЛ. Палякі атрымалі права набываць маёнткі ў ВКЛ, а ліцвіны – ў Польшчы. У ВКЛ захоў­валіся ранейшы адміністрацыйны апарат, асобнае ад Польшчы заканадаўства, судовая арганізацыя, войска, асобная фінансавая сістэма.

Рашэнні Люблінскага сейма насілі ў цэлым дыскрымінацыйны характар у адносінах да ВКЛ. Але за гады так званага “безкара­леўя”, якое цягнулася некалькі гадоў, цэнтральная ўлада аслабла і гэта выкарысталі кіраўнікі Вялікага княства Літоўскага для дэнансацыі шэрагу палажэнняў Люблінскай уніі. Так, напрыклад, у прынятым у 1588 г. Статуце ВКЛ палякам забаранялася набываць землі ў ВКЛ. Там жа юрыдычна замацоўвалася ў якасці мовы справаводства старабеларуская мова. Насуперак уніі, у ВКЛ сталі збірацца асобныя сеймы, а з XVII ст. кожны трэці сейм стаў праходзіць у княстве, у г. Гродна. У 1581 г. быў створаны, а з 1582 г. пачаў дзейнічаць асобны вышэйшы судовы орган – Трыбу­нал Вялікага княства Літоўскага.

З уваходжаннем ВКЛ у склад Рэчы Паспалітай мясцовая сістэма кіравання засталася ранейшай, але дзяржаўны лад некалькі змяніўся. На чале дзяржавы стаяў выбарны манарх-кароль. Але яго паўнамоцтвы былі абмежаваны сеймам. Яшчэ з часу праўлення ў 1574 г. Генрыха Валуа была ўведзена практыка прыняцця ад караля ў час выбараў на каранацыйным сейме пэўных абавязацельств перад магнатамі і шляхтай, а таксама пацвярджэнне раней прынятых папярэднікамі. Згодна з “Генрыкавымі артыкуламі” і “Пакта канвента” правы караля былі вельмі абмежаваны сеймам і сам ён знаходзіўся пад кантролем 16 сенатараў. Кароль абавязваўся захоўваць вольнасці шляхты, з другога боку, шляхта атрымала права ўтвараць аб’яднанні (канфедэрацыі) і ў выпадку адмовы караля выконваць дамоўленасці аказваць яму ўзброенае супраціўленне (рокаш). Хаця фармальна ён яшчэ тытулаваўся вялі­кім князем, але ў кіраванні дзяржавай землі ВКЛ не дыферэн­цыраваліся. Адпаведна страціла сваё значэнне паны-рада, хаця фармальна яна працягвала сваё існаванне.

Заканадаўчая ўлада належыла сейму, але паслы ад ВКЛ мелі на ім толькі трэцюю частку месц. Па прыкладу Польшчы сейм Рэчы Паспалітай стаў падзяляцца на дзве палаты: Сенат, які складаўся з прадстаўнікоў адміністрацыі, магнатаў, вышэйшага духавенства, і Пасольскую Ізбу. У гэтую ніжнюю палату дэпутаты выбіраліся на павятовых сейміках. Усе важныя рашэнні кароль павінен быў прымаць са згоды сейма, але работа сеймаў была фактычна паралізавана пасля ўвядзення ў 1652 г. права “ліберум вета”, гэта значыць, выключна аднагалоснага прыняцця рашэнняў. Аслабленне цэнтральнай улады вяло да феадальнай анархіі. Так, з 1652 па 1764 гг. 48 пасяджэнняў сейма з 55 былі сарваны з-за выкарыстання “ліберум вета”.

З другой паловы XVII ст. з мэтай павялічвання польскага ўплыву на ВКЛ пачалася паланізацыя і акаталічванне, што прывяло ў Рэчы Паспалітай да дэзінтэграцыі грамадства па нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасці. Магнаты і шляхта ўсё больш апалячваліся. У 1696 г., насуперак Статуту ВКЛ 1588 г., адзінай мовай справаводства стала польская, у выніку беларуская мова захавалася толькі ў гаворках простага народа. У гэтым жа годзе шляхта ВКЛ, якая ўжо амаль цалкам асіміліравалася, была канчаткова ўраўнена ў правах з польскай у адносінах кантроля за дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. Гэта быў значны крок у сацыяльнай і палітычнай кансалідацыі прывілеяваных саслоўяў.

 

5.2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель

у складзе Рэчы Паспалітай

 

Эканамічнае развіццё сельскай гаспадаркі Беларусі з другой паловы XVI ст. вызначалася аграрнай рэформай 1557 г. Жыгімонта Аўгуста. Ішоў працэс фарміравання і развіцця фальварачна-баршчыннай гаспадаркі. Вынікам аграрнай рэформы былі ўдасканаленне арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, фарміраванне і развіццё фальварачна-баршчыннай гаспадаркі. Але валочная памера адначасова і ўзмацніла феадальны ўціск сялян, завяршыла іх канчатковае запрыгоньванне.

Пасля кароткачасовага эканамічнага пад’ёму з другой паловы XVII ст. пачаўся эканамічны заняпад, выкліканы шматлікімі войнамі, якія вяла ў гэты час Рэч Паспалітая, скарачэннем ў два разы насельніцтва ў выніку войнаў, эпідэмій, неўраджаеў, адпаведна, змяншэннем колькасці ворыўных зямель, а таксама феадальнымі міжусобіцамі, калі ў ходзе міжусобных ваенных дзеянняў таксама руйнаваліся паселішчы і знішчаліся пасевы. Усё гэта прыводзіла да ўзмацнення феадальнага ўціску, павялічвання падаткаў. Сяляне ў асноўным адпрацоўвалі паншчыну і плацілі чынш. Але да сярэдзіны ХVIII ст. колькасць адпрацовачных дзён у тыдзень на сям’ю з цяглай валокі даходзіла да 12 і нават 16, хаця па “Уставу на валокі” сям’я павінна была адпрацоўваць толькі два дні за валоку. Адпаведна ўзраслі і грашовыя паборы, якіх даследчыкі налічылі 56 найменняў. Плацілі нават за права хадзіць у панскі лес, за права выйсці замуж у другую воласць. Акрамя таго, сяляне павінны былі рамантаваць дарогі і масты, удзельнічаць у згонах і талоках, плаціць дзяржаўныя падаткі (“падымнае”, “рэйтаршчыну” і інш), выконваць іншыя шматлікія павіннасці.

З другой паловы XVII ст. стала шырока практыкавацца перадача маёнткаў у арэнду, але гэта прывяло да яшчэ большай эксплуатацыі сялянства. Усе падарожнікі, якія праязджалі ў гэты час праз беларускія землі і аставілі свае запісы, адзначалі галечу насельніцтва. Напрыклад, польскі дзеяч Ю. Выбінскі ў 1776 г. пісаў: “Спосаб жыцця сялян жудасны. Іх спосаб жыцця нельга параўнаць з палажэннем жывёлы, якая знаходзіцца ў руках добрага гаспадара”. Цяжкае эканамічнае становішча сялянства прыводзіла да сацыяльных канфліктаў, хаця яны не атрымалі ў Беларусі такіх шырокіх маштабаў, як, напрыклад, сялянскія войны ў Расіі. Прычыны былі не толькі ў ментальнасці беларускага насельніцтва, але і ў геаграфічным палажэнні. Сялян часта выратоўвалі ад голада дары лесу, дзічына, рыба ў шматлікіх рэках, або міграцыя на Украіну, да казакаў. Тым не менш, хваля выступленняў ахапіла Палессе, Віцебшчыну, Аршаншчыну, Случчыну. Найбольш буйнымі сялянскімі выступленнямі былі паўстанні 1740–1744 гг. у Крычаўскім старостве і 1754–1756 гг. у Мозырскім павеце.

Паступовы эканамічны пад’ём пачаўся толькі з 30–40-х гг. ХVIII ст. Гэтаму садзейнічалі рост попыту на знешнім і ўнутраным рынках на сельскагаспадарчыя тавары з прычыны павялічвання колькасці гарадоў і насельніцтва ў іх, прынятыя меры па развіццю гандлю і сродкаў зносін: пракладзены каналы, тракты, зацверджаны адзіныя меры вагі, аб’ёму, даўжыні. У гэты час улады і землеўладальнікі пачалі стымуляваць запашку сялянамі пустуючых валок шляхам часовага вызвалення ад павіннасцяў за гэтыя землі і перасялення іх на так званыя “слабоды”. У выніку да сярэдзіны ХVIII ст. агульная плошча сялянскіх надзелаў была адноўлена. У панскіх гаспадарках удасканальвалася агратэхніка вырошчвання асноўных сельскагаспадарчых культур, развівалася жывёлагадоўля. Але адначасова павялічваўся феадальны прыгнёт сялянства, узмацнялася сацыяльная дыферэнцыяцыя насельніцтва вёсак. Гэта сведчыла аб пачатку разлажэння феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі.

Прыкладна аналагічны працэс праходзіў і ў гарадах. Другая палова ХVI і першая палова XVII стст. былі адзначаны значным ростам колькасці гарадоў і гарадскога насельніцтва, але ў часы ваеннага ліхалецця другой паловы XVII ст. большасць гарадоў і мястэчак Беларусі была спустошана, некаторыя цалкам спалены. З гэтай прычыны сейм Рэчы Паспалітай нават быў вымушаны прыняць пастанову аб вызваленні гарадоў ад падаткаў. Аднаўленне эканамічнага жыцця ў гарадах і мястэчках пачалося ў другой палове ХVIII ст., але да канца гэтага стагоддзя так і не была адноўлена колькасць гаражан, якая была ў першай палове XVII ст. Да гэтага часу цэхавая сістэма паступова ўступала ў стадыю разлажэння, хаця рамёствы былі распаўсюджаны ў гарадах.

Новым у развіцці прамысловасці стала з’яўленне мануфактурнай вытворчасці. Спачатку мануфактуры былі заснаваны на прыгоннай працы. Першая шкляная мануфактура была створана ў Налібоках цяперашняга Стаўбцоўскага раёна, затым з’явілася фаянсавая мануфактура ў пасёлку Свержань гэтага ж раёна. Буйнымі прадпрыемствамі для таго часу былі шкляная мануфактура ва Урэччы, дзе выраблялі посуд з крышталя, мануфактура па вытвор­часці паясоў у Слуцку, суконная і палатняная мануфактуры ў мястэч­ку Ружаны і іншыя. У канцы ХVIII ст. на тэрыторыі сучаснай Бела­русі ўжо дзейнічалі звыш 50 прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу.

Адначасова з пад’ёмам эканомікі, ростам гарадоў і развіццём прамысловасці ў ХVIII ст. значна ажывіўся гандаль. Ва ўнутраным гандлі спачатку пераважалі кірмашы, затым усё большае распаўсюджанне сталі набываць крамы.

Такім чынам, Беларусь у сваім сацыяльна-эканамічным развіцці на працягу XVII–XVIII стст. прайшла перыяд заняпаду, а з другой паловы ХVIII ст. эканамічнае становішча пачало паступова паляпшацца. Усё большае значэнне стала набываць таварная вытвор­часць, з’явіліся новыя формы прамысловасці, актывізаваўся гандаль.

 

5.3. Заняпад Рэчы Паспалітай, яе падзелы

 

У другой палове ХVIII ст. Рэч Паспалітая была значна аслаб­ленай у ваеннай, эканамічнай і палітычнай сферах, што выкарысталі суседнія дзяржавы для яе падзелу. Прычыны заняпаду былі наступнымі.

Рэч Паспалітая, у тым ліку і Беларусь, у гэты час стала арэнай ваенных дзеянняў паміж буйнымі еўрапейскімі дзяржавамі. Лівонская вайна, якая працягвалася з 1558 па 1582 гг., закончылася ў цэлым паспяхова. Па Ям-Запольскаму мірнаму пагадненню, заключанаму з Расійскай дзяржавай, да Рэчы Паспалітай адыходзіла большая частка Лівоніі, а таксама ўласныя землі, захопленыя рускімі войскамі падчас ваенных дзеянняў. Хутка пасля Лівонскай вайны пачаліся ваенныя дзеянні паміж Польшчай і Швецыяй, якія цягнуліся з 1600 па 1629 гг., прычым, нягледзячы на гэта, польскі кароль адначасова зрабіў спробу ўмацаваць свой уплыў на ўсходзе. У 1604–1609 гг. Рэч Паспалітая тройчы распачынала інтэрвенцыю супраць Маскоўскай дзяржавы, спачатку пад прыкрыццём міфа аб узвядзенні на маскоўскі трон царэвіча Дзмітрыя, малодшага сына Івана IV, а затым і прамую, прычым небезпаспяхова. На працягу 1610–1612 гг. маскоўскім царом быў сын польскага караля Уладзіслаў, але затым ён усё ж быў вымушаны пакінуць межы дзяржавы. Тым не менш, да Рэчы Паспалітай адышлі Смаленск і Чарнігава-Северская зямля. Хутка пасля гэтага пачалося паўстанне казакаў пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. Пасля няўдалай для паўстанцаў бітвы пад Лоевым, якая адбылася ў 1649 г., Б. Хмяльніцкі звярнуўся за дапамогай да Расіі. Рада казакаў у Пераяслаўлі ў 1654 г. прыняла рашэнне аб уваходжанні Украіны ў склад Расійскай дзяржавы на правах аўтаноміі. У выніку гэтага паў­станне перарасло ў руска-польскую вайну, якая зноў закранула землі Беларусі, прыносячы спусташэнні. Адначасова ў 1655 г. шведскі кароль Карл Х Густаў пачаў вайну супраць Рэчы Паспа­літай і захапіў Варшаву. Польска-шведская вайна цягнулася да 1660 г., руска-польская – аж да 1667 г. Апошняя закончылася Андрусаўскім перамір’ем, згодна з якім да Расіі адыходзілі Смаленскае, Чарнігаўскае ваяводствы, левабярэжная Украіна разам з г. Кіевам, Запарожжа. У выніку гэтых войн насельніцтва Беларусі зноў скарацілася ў 2 разы. У час руска-шведскай вайны 1700–1721 гг. частка беларускіх магнатаў падтрымала шведаў, частка – расійскага цара Пятра I, у выніку чаго вайна ўскладнілася супрацьстаяннем магнацкіх групіровак, якое суправаджалася знішчэннем маёнткаў, вёсак сваіх праціўнікаў, за гады “Паўночнай вайны” загінуў кожны трэці жыхар Беларусі, ды і ў цэлым Рэч Паспалітая к канцу XVIII ст. аказалася аслабленай у палітычных, эканамічных, дэмаграфічных адносінах. Яе становішча ўсклад­нялася таксама нацыянальна-рэлігійнымі і сацыяльнымі канф­ліктамі. Гэтыя канфлікты, асабліва рэлігійныя, ўсяляк заахвочвалі суседнія дзяржавы, якім было выгадна мець слабага суседа.

Моц дзяржавы падрывалася таксама феадальнай анархіяй. Улада караля была вельмі слабай, дзейнасць сеймаў паралізавала права “ліберум вета”. Гэта анархія ўзмацнялася барацьбой паміж магнацкімі групоўкамі. Узброеныя сутыкненні часам перарасталі ў сапраўдныя бітвы з удзелам тысяч людзей, прымяненнем цяжкага ўзбраення, асадай замкаў і г.д., фактычна, набывалі форму вайны ўнутры дзяржавы. Так было, напрыклад, у час буйнага канфлікта паміж групоўкай магнатаў на чале з гетманам Казімірам Сапегам і антысапегаўскай апазіцыяй, які цягнуўся з 1696 па 1700 гг. Гэта анархія яшчэ больш абвастралася барацьбой буйных магнатаў за ўладу. Сапегі то падтрымлівалі караля, то выступалі супраць яго, Радзівілы займалі то прашведскую пазіцыю, то прафранцузскую, Пацы – прааўстрыйскую, Чартарыйскія – прарускую. Супраць­стаянні паміж групоўкамі Пацаў, Агінскіх суправаджаліся чала­вечымі ахвярамі і разбурэннямі.

Эканамічны заняпад і палітычны разброд аслаблялі ваенную магутнасць Рэчы Паспалітай. Шляхта з неахвотай і неарганізавана збіралася на “паспалітыя рушэнні” і па сваіх баявых якасцях уступала рэгулярным войскам іншых краін.

Жорсткія формы феадальнай эксплуатацыі, захаванне адсталых форм паншчыны пазбаўлялі сялян стымулаў да працы, прыводзілі да самага нізкага ўзроўню жыцця і гэтым самым аслаблялі ў цэлым эканоміку краіны.

У 1764 г. на польскі трон быў узведзены Станіслаў Аўгуст Паня­тоўскі. Ён паспрабаваў правесці абмежаваныя рэформы: часткова адмяніў права “ліберум вета”, некаторыя эканамічныя прывілегіі шляхты, зрабіў захады па ўпарадкаванню фінансавай сістэмы дзяржавы. Але гэта не задавальняла суседнія дзяржавы, асабліва Расію і Прусію, якія былі зацікаўлены ў слабасці Рэчы Паспалітай. У 1764 г. паміж імі была нават заключана дамоўленасць, некаторыя артыкулы якой прадугледжвалі захаванне ў Рэчы Паспалітай шляхецкіх вольнасцяў, права “ліберум вета”, выбараў караля. Падставай для прамога ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай стала рэлігійнае пытанне. Пад выглядам абароны правоў праваслаўных і ўніятаў Расія і Прусія садзейнічалі стварэнню ў Слуцку праваслаўнай, у Торуні пратэстанцкай канфедэрацый. На дапамогу ім былі накіраваны рэгулярныя войскі. Калі ж у 1767 г. сейм Рэчы Паспалітай ураўняў правы католікаў і праваслаўных, гэта ўжо выклікала нездавальненне часткі каталіцкай шляхты і магнатаў. Яны стварылі ў 1768 г. у г. Бары каталіцкую канфедэрацыю. Пачаліся ваенныя дзеянні, у якіх актыўна ўдзельнічалі і рускія войскі. Гэтую сітуацыю выкарысталі Расія, Прусія і Аўстрыя, якія ў 1772 г. прынялі рашэнне аб першым падзеле Рэчы Паспалітай. Згодна з ім, да Прусіі адышла паўночна-заходняя частка Польшчы, Аўстрыі – поўдзень Польшчы і Галіцыя, Расіі – ўсходнія землі Беларусі і Украіны.

З мэтай захавання астатняй часткі дзяржавы сейм Рэчы Паспалітай, які працягваўся чатыры гады, з 1788 па 1792 гг., аб’явіў сябе генеральнай канфедэрацыяй, каб не прымяняць права “ліберум вета”, і прыняў рад законаў, накіраваных на ўзмацненне цэнтраль­най улады. Важнейшыя з іх увайшлі ў Канстытуцыю, якая была прынята 3 мая 1791 г.. Згодна з ёю, заканадаўчая ўлада належыла сейму, пры гэтым адмянялася права “ліберум вета”, забараняліся канфедэрацыі. Выканаўчая ўлада належала цэнтральнаму ўраду (Стражы Правоў) на чале з каралём. Акрамя старшыні, урад складаўся з кіраўніка (прымаса) каталіцкай царквы і пяці міністраў. Адмянялася выбарнасць караля, яго ўлада аб’яўлялася спадчыннай. Пашыраліся паўнамоцтвы караля. Ліквідаваўся падзел на Карону і Вялікае княства Літоўскае, хаця ў дадатковым дакуменце “Узаемная гарантыя двух народаў” адзначалася, што ў дзяржаўных камісіях павінен быць аднолькавы лік ліцвінаў і палякаў. Некалькі абмяжоўваліся правы шляхты, у прыватнасці, павышаўся маёмасны і ўзроставы цэнз пры выбарах дэпутатаў сейма. У той жа час пашыраліся правы мяшчан. У войска, акрамя шляхты, дазвалялася рэкруціраваць сялян.

Частка шляхты, нездаволеная стратай шляхецкіх вольнасцяў, у 1792 г. абвясціла Таргавіцкую канфедэрацыю з мэтай адмены Канстытуцыі З мая 1791 г. Расія, зацікаўленая ў паслабленні цэнтральнай улады ў Рэчы Паспалітай, накіравала на дапамогу канфедэратам 100-тысячную армію. Пры гэтым яна выкарыстала склаўшуюся сітуацыю і ў студзені 1793 г. разам з Прусіяй ажыццявіла другі падзел. Згодна з ім, да Прусіі адышла цэнтральная частка Польшчы, да Расіі – цэнтральная частка Беларусі. Кансты­туцыя 3 мая 1791 г. была адменена, аднаўлялася выбарнасць караля.

У сакавіку–лістападзе 1794 г. на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, уцалелай ад дзвюх падзелаў, разгарнулася паўстанне пад кіраў­ніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Мэтай яго было аднаўленне Кансты­туцыі 3 мая 1791 г., Рэчы Паспалітай ў межах 1772 г. Паўстанцы авалодалі Вільняй, барацьба разгарнулася ў Літве і Заходняй Беларусі. Тут яе ўзначаліў Якуб Ясінскі. Была створана найвышэй­шая Рада Вялікага княства Літоўскага, затым перайменаваная ў Цэнтральную Дэпутацыю ВКЛ. Яна падпарадкоўвалася Найвышэй­шай Нацыянальнай Радзе ў Варшаве. Найбольш значныя сутык­ненні паўстанцаў з расійскімі войскамі адбыліся пад Слонімам, Вільняй. Паўстанне было падаўлена, пасля чаго ў 1795 г. адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Да Расіі адышлі Прыбалтыка, уся Беларусь і Украіна. Прусія і Аўстрыя падзялілі застаўшуюся частку Польшчы.

Такім чынам, у выніку трох падзелаў Рэч Паспалітая як дзяржава спыніла сваё існаванне. Беларускія землі адышлі да Расійскай імперыі. З аднаго боку, пашырэнне ўнутранага рынку і эканамічнай прасторы, больш спакойныя ўмовы жыцця без феадальнай анархіі і шматлікіх войн спрыялі эканамічнаму развіццю Беларусі. Але, з другога боку, асноўная маса насельніцтва трапіла пад больш цяжкі гнёт расійскай манархіі. Узраслі падаткі. Калі раней праводзілася апалячванне, то з першай паловы ХIX ст. пагроза паланізацыі засталася, але, акрамя гэтага, пачалася і русіфікацыя.

 

5.4. Культура Беларусі другой паловы ХVI – ХVIII стст.

 

На культуру Беларусі другой паловы ХVI–ХVIII стст. значны ўплыў аказалі еўрапейскае Адраджэнне, Рэфармацыя і Контррэфар­мацыя, Асветніцтва. У ХVI ст. Рэнесанс у Еўропе прайшоў ужо стадыі перададраджэння, ранняга адраджэння і ўступіў у перыяд высокага і позняга адраджэння. У гэты час у сувязі з пашырэннем культурных кантактаў, а таксама дзякуючы аб’яднанню з Польшчай, якая была больш звязана з еўрапейскай культурай, культура Адраджэння пачала пашырацца на беларускіх землях. Паколькі ж яны, як ужо адзначалася, знаходзіліся ў пэўным сэнсе на перыферыі, то ўступілі ў эпоху Адраджэння значна пазней за Еўропу, зараджэнне і ранні этап яго ў Беларусі адносіцца да першай паловы ХVI ст., а росквіт – на канец ХVI – XVII стст. Пры гэтым культура Рэнесанса на беларускіх землях развівалася ў складаных умовах паланізацыі, эканамічнага і палітычнага ўпадку.

Рэфармацыя пачала пранікаць у Вялікае княства Літоўскае яшчэ ў першай трэці ХVI ст., пераважна ў выглядзе кальвінізму. Ён вабіў людзей патрабаваннямі адмены царкоўных падаткаў і скарачэння землеўладанняў, суполкамі з самакіраваннем. Яе падтрымалі магнаты, у тым ліку буйнейшы – Мікалай Радзівіл Чорны, які заснаваў ў Нясвіжы першую на тэрыторыі Беларусі пратэстанцкую друкарню. У многіх гарадах ствараліся кальвінісцкія суполкі, будаваліся цэрквы, адкрываліся школы, друкарні. Але паступова з другой паловы ХVI ст. колькасць пратэстантаў на беларускіх землях пачала змяншацца. Гэтаму нямала садзейнічалі і меры, прынятыя каталіцкай царквой па ўмацаванню свайго становішча. Пачаўся перыяд Контррэфармацыі. Значную ролю ў развіцці Контррэфармацыі ў ВКЛ, як і ва ўсёй Еўропе, адыграў манаскі ордэн езуітаў, які з 1570 г. пачаў дзейнічаць у Вільні, а затым і ў іншых гарадах. Разумеючы важнасць прапагандысцка-выхаваўчай работы сярод людзей, перш за ўсё моладзі, езуіты пачалі адкрываць вучэбныя ўстановы – калегіўмы, стваралі друкарні і бібліятэкі, адкрывалі аптэкі, займаліся дабрачыннасцю.

У пачатку ХVIII ст., калі Еўропа пасля працяглых войнаў уступіла ў перыяд адносна спакойнага жыцця, адбыліся значныя зрухі ў эканоміцы, навуцы, адукацыі. Светапогляд людзей, культура набылі больш свецкі характар, у цэнтр увагі былі пастаўлены асвета, рацыяльнае мышленне замест рэлігійнага. Усё гэта атрымала назву Асветніцтва. Культура, ідэалогія Асветніцтва ў ХVIII ст. пачалі распаўсюджвацца і на беларускіх землях.

На развіццё беларускай культуры ў перыяд уваходжання ў склад Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай значны ўплыў аказалі і міжканфесійныя адносіны, якія склаліся ў гэты час. Як вядома, у перыяд заснавання ВКЛ “рускія” княствы прытрымлі­валіся праваслаўя, літоўскія плямёны яшчэ заставаліся ў паганстве. Пасля Крэўскай уніі, вяліканяжацкіх прывілеяў 1387 і 1413 гг. на­сельніцтва стала пераводзіцца ў каталіцызм, а праваслаўная вера аказалася ў дыскрымінацыйным становішчы. Гэта вызвала кан­франтацыю на рэлігійнай аснове, якая перапляталася з палітычнай барацьбой і нават з’явілася адной з прычын раскола дзяржавы ў перыяд грамадзянскай вайны 1430-х гг. Каб прыцягнуць на свой бок праваслаўных феадалаў, каралём і Вялікім князем ВКЛ ў 1432 і 1434 гг. былі выдадзены два прывілеі, якія ўраўноўвалі ў правах католікаў і праваслаўных. Але пасля заканчэння грамадзянскай вайны зноў узмацнілася акаталічванне, хаця да вострай адкрытай канфрантацыі справа не даходзіла. Да ўтварэння Рэчы Паспалітай на землях Беларусі, пераважна ў заходняй яе частцы, дзейнічалі 8 каталіцкіх манаскіх ордэнаў, але на ўсходзе заставаліся моцнымі пазіцыі праваслаўя, асабліва з боку асноўных пластоў беларускага насельніцтва. Правы каталіцкай царквы сістэматычна пацвяр­джаліся ва ўсіх агульнадзяржаўных прывілеях. Распаўсюджванне Рэфармацыі ў ВКЛ у другой палове ХVI ст. ускладніла мана­польную двухканфесійную царкоўна-хрысціянскую супольнасць. У Еўропе Рэфармацыя выклікала сацыяльныя і міжканфесійныя канфлікты, што прывяло да прытоку на больш спакойныя ў гэтым плане беларускія землі яўрэяў, эмігрантаў з ліку пратэстантаў. Адпаведна пачаў пашырацца іўдаізм. Другой значнай этнакан­фесійнай групай былі татары, якія пачалі перасяляцца на землі Беларусі з XIV ст. Адпаведна на гэтых землях пачаў распаў­сюджвацца і іслам. Але асноўны напрамак міжканфесійных зносін усё ж вызначаўся хрысціянствам, якое падзялілася ў гэты час на католікаў, праваслаўных і пратэстантаў, пераважна кальвіністаў. У другой палове ХVI ст., акрамя кальвіністаў, на землях Беларусі пачаў праяўляцца і больш радыкальны накірунак Рэфармацыі–антытрынітарыі, “арыяне”, якія выступалі супраць асноўнага дагмата царквы аб трыядзе айца, сына і святога духа, заклікалі да ўсеагульнай роўнасці. У часы Рэфармацыі і Контррэфармацыі ў Беларусі існавалі самыя розныя рэлігійныя аб’яднанні: каталіцкі ордэн езуітаў, праваслаўныя брацтвы, пратэстанцкія суполкі кальвіністаў, арыян, манаскія ордэны базыльян і інш., канфесіі нацыянальных меншасцяў, але адносіны паміж імі будаваліся ў асноўным у русле рэлігійна-філасофскай палемікі, не даходзілі да вострых міжканфесійных канфліктаў.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.