Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






ББК 63.3(4Беи)я7 8 страница






Пасля забойства народавольцамі Аляксандра II, выканаўцам якога з’явіўся І.Я. Грынявіцкі, народніцкія арганізацыі былі разгромлены і на іх змену прыйшлі ў 1890-я гг. ліберальныя народнікі, якія адмовіліся ад індывідуальнага тэрора. Народавольскія гурткі, уцалелыя пасля разгрому і блізкія да іх арганізацыі, якія дзейнічалі і ў 1890-х гг., часцей пачалі ўжываць іншую назву – “сацыялісты-рэвалюцыянеры”. Але ў гэты час ужо распаўсюджваліся марскістскія ідэі і сацыял-дэмакратычны рух, пачаў пашырацца рабочы рух, з’явіліся першыя сацыял-дэмакратычныя гурткі, дзе рабочыя вывучалі марксізм, створаны першыя рабочыя арганізацыі. Праўда, у адрозненне ад Расіі, у Беларусі ў сувязі з асаблівасцямі прамысловага развіцця рабочы рух быў менш арганізаваным і насіў эканамічны характар. У 1870-я гг. у Беларусі адбылося 7 забастовак, у 1880-я гг. – дзесяць, у 1890-я гг – ужо 95.

У 1897 г. у Вільні адбыўся з’езд яўрэйскіх сацыял-дэмакра­тычных арганізацый Літвы, Беларусі і Польшчы, на якім быў утвораны Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (БУНД), які галоўнай мэтай лічыў барацьбу за паляпшэнне эканамічнага становішча яўрэйскіх рабочых.

У 1898 г. у Мінску прайшоў першы з’езд сацыял-дэмакратычных арганізацый, на якім была ўтворана Расійская сацыял-дэмакратыч­ная рабочая партыя (РСДРП), якая выступіла за звяржэнне самадзяржаўя і ўстанаўленне дыктатуры пралетарыята. Праўда, на другім з’ездзе ў 1903 г. РСДРП раскалолася на дзве плыні: бальша­вікоў, якія адстойвалі ідэю сацыяльнай рэвалюцыі, і меншавікоў, прыхільнікаў рэформ.

У 1902 г. узнікла партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), якія дабіваліся замены самадзяржаўя дэмакратычнай рэспублікай, галоўным чынам, шляхам індывідуальнага тэрора, выступалі за перадачу зямлі сялянам на прынцыпах ураўняльнага размеркавання. У гэтым жа годзе групы партыі польскай сацыялістычнай (ППС), якія дзейнічалі ў Літве і Заходняй Беларусі, аб’ядналіся ў рэгіянальную арганізацыю – ППС у Літве. Яны таксама стаялі на пазіцыях народніцкага сацыялізму, але ў праграме і выпускаемай літаратуры не было нават успамінаў пра Беларусь.

У 1903 г. частка нацыянальных дзеячоў на чале з братамі Ан­тонам і Іванам Луцкевічамі правяла ў Вільні першы з’езд Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады, якая была перайменована ў Беларускую СацыялістычнуюГрамаду. У прынятай праграме прадугледжваліся ў якасці бліжэйшых мэтаў звяржэнне царызму, перадача зямлі сялянам на ўмовах ураўняльнага землекарыстання, развіццё беларускай культуры, прадстаўленне Беларусі краявой аўтаноміі з сеймам у Вільні, а ў перспектыве – знішчэнне капіталістычнага ладу, скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю, утварэнне незалежнай дэмакратычнай рэспублікі. Беларуская сацыялістычная грамада была першай палітычнай арганізацыяй, якая арыентавалася на нацыянальныя інтарэсы беларусаў.

Пад уплывам левых палітычных партый у пачатку ХХ ст. пачаўся ўздым рабочага руху. У 1901–1904 гг. адбылося 408 за­бастовак, у якіх прынялі ўдзел 56 тыс. чалавек. За гэты ж час 95 разоў рабочыя выходзілі на дэманстрацыі. Яны, як правіла, праходзілі пад аховай узброеных дружыннікаў. У беларускіх вёсках у 1901–1904 гг. адбылося 116 сялянскіх выступленняў, у асноўным, у форме патраў і лясных парубак, захопу памешчыцкіх зямель і сервітутных угоддзяў.

У пачатку 1905 г. у сувязі з растрэлам 9 студзеня мірнай дэманстрацыі ў Пецярбурзе пачалася першая руская рэвалюцыя. Хваля выступленняў пратэсту пракацілася па ўсёй імперыі, у тым ліку, і па Беларусі. У студзені стачкі, дэманстрацыі ахапілі каля 30 гарадоў і мястэчак, у іх прынялі ўдзел каля 60 тыс. чалавек. У красавіку–чэрвені пачаўся новы пад’ём рабочага руху, колькасць удзельнікаў эканамічных і палітычных стачак, дэманстрацый дасягнула 200 тыс. чалавек. Высокі ўзровень эканамічнай і палітыч­най барацьбы рабочых назіраўся і ў наступныя месяцы. Большасцю выступленняў кіравалі мясцовыя арганізацыі РСДРП і Бунда. Адначасова за першае паўгоддзе 1905 г. адбылося 290 сялянскіх выступленняў, што амаль у тры разы перавысіла іх колькасць за папярэднія 4 гады. Да восені сялянскім рухам былі ахоплены ўсе паветы Беларусі. У кастрычніку-снежні 1905 г. палітычныя стачкі пачалі спалучацца з паўстаннямі, узброенай барацьбой. Пачаліся хваляванні сярод салдат царскай арміі.

У час усерасійскай кастрычніцкай палітычнай стачкі рэвалюцый­ным рухам былі ахоплены 53 гарады і мястэчкі Беларусі, а колькасць удзельнікаў палітычных стачак і дэманстрацый дасягнула 164 тыс. чалавек. У Гродне, Бабруйску, Брэсце адбыліся выступ­ленні салдат. У гэтых умовах царскі ўрад пайшоў на ўступкі. 17 кастрычніка 1905 г. Мікалай II падпісаў маніфест, згодна з якім народу абяцаліся палітычныя свабоды, утваралася дзяржаўная Дума з заканадаўчымі правамі. Але ўжо на наступны дзень, 18 кастрычніка, у Мінску былі растраляны ўдзельнікі мітынгу, якія сабраліся на прывакзальнай плошчы з нагоды прыняцця царскага маніфеста. 52 чалавекі былі забіты, 124 паранены. Кастрычніцкая стачка і царскі маніфест актывізавалі кансерватыўны і ліберальна-буржуазны рух. Узніклі ўсерасійскія манархічныя партыі “Саюз рускага народа”, “Савет аб’яднанага дваранства”, “Айчынны саюз” з рэгіянальнымі аддзеламі, у тым ліку, і ў Беларусі, а таксама ліберальна-буржуазныя–канстытуцыйныя дэмакраты (кадэты), “Саюз 17 кастрычніка”.

У лістападзе-снежні 1905 г., нягледзячы на палітычныя ўступкі царызма, рэвалюцыйны рух працягваўся. Ён перарос у снежаньскую палітычную стачку, якая ахапіла таксама 17 гарадоў і мястэчак Беларусі. Масавы характар набылі сялянскія выступленні. Вышэйшай ступенню рэвалюцыі стала ўзброенае паўстанне ў Маскве, пасля чаго яна пайшла на спад. Пачаліся рэпрэсіі супраць актыўных удзельнікаў выступленняў.

Былі разгромлены многія мясцовыя арганізацыі левых партый. 3 чэрвеня 1907 г. царскі ўрад разагнаў Дзяржаўную думу і арышта­ваў сацыял-дэмакратычную фракцыю. Летам гэтага года Бела­руская Сацыялістычная Грамада прыняла рашэнне аб самароспуску. Найбольш актыўныя члены і кіруючыя кадры Грамады згрупіраваліся вакол газеты “Наша ніва” і перайшлі ў асноўным да культурна-асветніцкай работы. Першая рэвалюцыя пацярпела паражэнне, але яна садзейнічала ператварэнню самадзяржаўя ў канстытуцыйную манархію.

 

7.4. Культура Беларусі другой паловы ХIX – пачатку ХХ стст.

 

У Беларусі ў ХIX ст., значна пазней, чым у Еўропе, пачалося фарміраванне беларускай нацыі. Замаруджванне гэтага працэсу тлумачыцца некалькімі прычынамі. Па-першае, адмоўную ролю сыгралі палітыка паланізацыі ў перыяд уваходжання Беларусі ў склад Рэчы Паспалітай і русіфікацыі ў пазнейшы час. Умацаванню нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва перашкаджала, сярод іншага, і тое, што доўгі час беларускія землі называлі Літвой, а жыхароў – ліцвінамі, у XIX ст. на змену гэтай назве прыйшоў тэрмін “Паўночна-Заходні край”, а жыхароў адпаведна пачалі дзяліць на рускіх і палякаў.

Па-другое, замаруджвала кансалідацыю беларускай нацыі і тое, што беларусы складалі ў асноўным вясковае насельніцтва, а гарады, дзе галоўным чынам канцэнтравалася інтэлектуальнае, культурнае, палітычнае жыццё, друк, былі іншаэтнічнымі. Тут пераважалі яўрэі, рускія, палякі, беларусы ж складалі ў канцы ХIX ст. толькі 13, 2 %.

Беларуская інтэлігенцыя вызначалася слабасцю, яна пераважна была або апалячаная, або русіфікаваная. Захавальнікам жа беларускай ідэі на этнічным узроўні было сялянства, якое складала 90 % насельніцтва. Менавіта з гэтага стасунку згодна перапісу 1897 г. 73 % насельніцтва пяці заходніх губерняў Расійскай імперыі назвалі сябе беларусамі.

Тым не менш, нягледзячы на неспрыяльныя фактары, у ХIX ст. усё выразней пачалі праяўляцца прыкметы беларускай нацыі. У гэты час, асабліва пасля адмены прыгоннага права, больш інтэнсіўна пачала развівацца таварна-рыначная гаспадарка, сяляне, памешчыкі, рамеснікі сталі больш вырабляць прадукцыі на продаж, адпаведна актывізаваліся гандлёвыя сувязі. Умацаванню эканаміч­ных сувязяў паміж рознымі рэгіёнамі Беларусі спрыяла будаўніцтва чыгунак і іншых шляхоў зносін, рост колькасці гарадоў і мястэчак, якія станавіліся цэнтрамі лакальных мясцовых рынкаў.

У ХIX ст. паступова стабілізавалася этнічная тэрыторыя бела­русаў, якая вызначалася агульнасцю побыта, мовы, самасвядомасці яе жыхароў. Менавіта ў канцы ХIX – пачатку ХХ стст. вучоныя-этнографы Я. Карскі і іншыя па выніках палявых даследаванняў ужо змаглі распрацаваць карты этніч­най тэрыторыі беларусаў. Яны не супадалі з сучаснымі дзяржаўнымі межамі, ахоплівалі таксама і частку Беласточчыны, Віленшчыны, Смаленшчыны.

У гэты перыяд пачала адраджацца беларуская літаратурная мова. Як вядома, з XVII ст. адзінай дзяржаўнай мовай у Рэчы Паспалітай заставалася польская. Беларускія гаворкі працягвалі існаваць толькі ў вуснай і дыялектнай форме і іх ужывалі пераважна сялянства і ніжэйшыя слаі гарадскога і мястэчкавага насельніцтва.

Далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі ліквідавала эканаміч­ную замкнёнасць беларускіх зямель. Пашырэнне гаспадарчых і культурных сувязяў садзейнічала нівеліроўцы шматлікіх дыялектаў, канцэнтрацыі мясцовых гаворак у адзіную нацыянальную мову. Яна складвалася ў асноўным на аснове вуснай народнай творчасці і мясцовых дыялектаў, хаця пэўны ўплыў аказала таксама і русіфі­катарская палітыка ўлад.

Беларуская мова развівалася, галоўным чынам, як мова мастацкай літаратуры і часткова публіцыстыкі. Фарміраванне яе адбывалася павольна, у неспрыяльных умовах забароны ўрадам друкавання беларускамоўнай літаратуры. Тым не менш, беларуская мова ў XIX–XX cтст. узбагацілася, пачалі складвацца асноўныя правапісныя і граматычныя нормы. Яна фарміравалася, галоўным чынам, на аснове сярэднебеларускіх гаворак. Мастацкія творы гэтай пары адлюстроўвалі працэс нацыянальнага адраджэння, садзейнічалі росту нацыянальнай самасвядомасці. Яны звернуты да простага чалавека, беларуса, напісаны на яго роднай мове, носяць востры сацыяльны адбітак. Яркімі прыкладамі вострасацыяльнай публіцыстыкі, напісанай на высокім мастацкім узроўні і ў той жа час на мове, зразумелай простым людзям, з’яўляюцца 7 нумароў газеты “Мужыцкая праўда”, а таксама “Лісты з-пад шыбеніцы”, напісаныя К. Каліноўскім.

Крытычны пафас уласцівы і творам В. Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”, “Залёты”, напісаным у 50–60-я гг. ХIX ст. Ужо сам факт карыстання беларускай мовай у разгул русіфікатарскай прапаганды з’яўляецца грамадзянскім подзвігам.

Пасля падаўлення паўстання 1863 г. і наступлення рэакцыі раз­віццё нацыянальнай літаратуры запаволілася, але не спынілася. У паэзіі Ф. Багушэвіча, сканцэнтраванай у зборніках “Дудка бела­руская” і “Смык беларускі”, упершыню ў беларускай літаратуры з поўнай сілай загучала тэма патрыятызму і нацыянальнай годнасці. У цэнтры ўвагі твораў Ф. Багушэвіча нялёгкае жыццё беларускага селяніна. Спачуваннем і сімпатыямі да простага чалавека, нацыянальным пафасам прасякнуты амаль усе творы паслядоўнікаў Ф. Багушэвіча–А. Гурыновіча і Я. Лучыны (І. Неслухоўскага). Збор­нік вершаў Я. Лучыны “Вязанка”, выдадзены ў 1903 г., з’яўляецца адлюстраваннем лірызму беларускай паэзіі таго часу. У ім адчува­ецца вера ў лепшую будучыню Бацькаўшчыны.

Новым этапам у развіцці беларускай літаратуры стаў пачатак ХХ ст., калі назіраліся ўздым беларускага нацыянальна-вызвален­чага руху і актывізацыя культурна-асветніцкай працы. У 1905 г. была знята забарона на друкаваныя творы на беларускай мове, пачалі працаваць беларускія выдавецтвы “Загляне сонца і ў наша ваконца”, “Наша хата”, выдаваліся беларускія часопісы “Саха”, “Лучынка”, выходзіла газета “Наша ніва”. Менавіта ў гэты час бліскуча праявіўся талент маладых літаратараў Я. Купалы, Я. Коласа, Цёткі (А. Пашкевіч), М. Багдановіча, А. Гаруна, К. Буй­ло, Я. Журбы. Ва ўмовах развіцця рэвалюцыйнага і нацыянальна-дэмакратычнага руху галоўнымі тэмамі ў творчасці гэтых пісь­меннікаў сталі нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне, адраджэнне Бацькаўшчыны, сцвярджэнне чалавечай годнасці беларускага му­жыка. Зборнікі вершаў Цёткі “Скрыпка беларуская”, “Хрэст на сва­боду” сталі першымі арыгінальнымі творамі беларускай паэзіі ХХ ст. Зборнікі заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літа­ратурнай мовы Я. Купалы і Я. Коласа “Шляхам жыцця”, “Песні жальбы” звернуты да простага чалавека, селяніна. У іх адчуваецца імкненне абудзіць свядомасць беларускага народа. Глыбокім філасофскім роздумам, тонкай лірыкай прасякнуты вершы М. Багдановіча, якія ўвайшлі ў зборнік “Вянок”. У цэлым, у гэты час беларуская культура, у прыватнасці, літаратура, дасягнула знач­ных поспехаў. Яна выйшла за этнаграфічныя межы і стала поруч з культурай іншых народаў.

Патрэбы капіталістычнага развіцця, тэхналагічны пераварот і ўдасканаленне прамысловай і сельскагаспадарчай таварнай вытвор­часці патрабавалі пашырэння адукацыі сярод насельніцтва. Але, з другога боку, на развіццё сеткі навучальных устаноў у Расійскай імперыі, у тым ліку і ў Беларусі, значны ўплыў аказала рэпрэсіўная палітыка ўлад, асабліва пасля паўстання 1863–1864 гг. У гэты час была закрыта адзіная ў Беларусі вышэйшая навучальная ўстанова – Горы–Горацкі земляробчы інстытут, амаль усе прыватныя навучальныя ўстановы. Асноўнай формай навучання, такім чынам, сталі пачатковыя школы, якія згодна з “Часовымі правіламі” 1864 г. былі пастаўлены пад кантроль улад і праваслаўнага духавенства, а выкладанне пераведзена на рускую мову. У 1868 г. у Беларусі налічвалася 1391 навучальная установа, з іх 1249 пачатковых школ. У гэты час для кантролю за іх дзейнасцю былі ўведзены пасады інспектараў народных вучылішч і дырэктараў народных вучылішч. Пачатковая школа прыходзілася на некалькі дзесяткаў вёсак, матэрыяльная база была слабай. З пераводам школ на рускую мову навучання абвастрылася праблема настаўніцкіх кадраў, таму ў 1864–1876 гг. у Маладзечна, Нясвіжы, Полацку і Свіслачы былі адкрыты настаўніцкія семінарыі. У перыяд контррэформаў у 1884 г. выйшла палажэнне, згодна з якім народныя вучылішчы пераўтвараліся ў царкоўна-прыходскія школы з адпаведнай зменай у навучальных праграмах. Але іх колькасць значна павялічылася. У павятовых і губернскіх гарадах Беларусі дзейнічалі няпоўныя сярэднія і сярэднія навучальныя ўстановы – прагімназіі і гімназіі, але доступ для дзяцей простага народа быў практычна закрыты з-за высокай платы за навучанне і згодна з так званым цыркулярам “аб кухарчыных дзецях”, які быў выдадзены ў 1887 г. Усяго ж у канцы ХIX ст. у Беларусі налічваліся 6813 навучальных устаноў розных тыпаў, у якіх навучаліся 216 тысяч дзяцей.

У пачатку ХХ ст. у сістэме школьнай адукацыі Беларусі адбыліся пэўныя змены. Колькасць навучальных устаноў, у асноўным, пачатковых школ, да 1914 г. павялічылася да 7492. Такім чынам, пачатковая сістэма адукацыі заставалася пануючай, але ў той жа час значна зменшылася колькасць царкоўна-прыходскіх школ і адпаведна павялічылася колькасць школ, якія знаходзіліся ў веданні Міністэрства народнай асветы і мясцовых земстваў. Гэта азначала значны крок уперад, але ў цэлым узровень адукацыі заставаўся нізкім, навучанню падлягалі толькі 20–25 % хлопчыкаў і дзяўчынак.

Новым у сістэме навучання ў канцы ХIX – пачатку ХХ стст. стала пашырэнне сеткі прафесійных навучальных устаноў: пра­мысловых, камерцыйных вучылішчаў, сельскагаспадарчых, ветэры­нарна-фельчарскіх школ.

Навука другой паловы ХIX – пачатку ХХ стст. была прадстаў­лена галоўным чынам этнаграфічнымі даследаваннямі Беларусі. Значную ролю ў гэтым, за адсутнасцю ВНУ, сыгралі навуковыя таварыствы: Паўночна-Заходняе аддзяленне Рускага геаграфічнага таварыства ў Вільні, таварыства па вывучэнню Беларускага краю ў Магілёве, таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі ў Мінску.

Вялікі ўклад у вывучэнне свайго края ўняслі члены гэтых таварыстваў, мясцовыя краязнаўцы, якія затым сталі вядомымі вучонымі-этнографамі, І. Насовіч, Е. Раманаў, М. Нікіфароўскі, П. Шэйн, Я. Карскі і іншыя. І. Насовіч падрыхтаваў і надрукаваў “Словарь белорусского наречия”, некалькі зборнікаў беларускіх прымавак і загадак. Больш за 200 работ, прысвечаных розным бакам жыцця народа, напісаў Е. Раманаў. М. Нікіфароўскі вядомы перш за ўсё сваімі працамі, прысвечанымі гісторыі і этнаграфіі Віцебскай губерні. Я. Карскі падрыхтаваў фундаментальнае даследаванне – трохтомнік “Беларусы”.

Даследаванні ў галіне іншых навук праводзілі таксама створаныя ў другой палове ХIX ст. навуковыя таварыствы ўрачоў, губернскія таварыствы сельскай гаспадаркі. Яны займаліся выдавецкай, асветніцкай дзейнасцю, спрыялі папулярызацыі навуковых дасягненняў сярод шырокіх колаў насельніцтва.

Афіцыйны друк быў прадстаўлены ў другой палове ХIX ст. “Губернскими ведомостями”, якія выдаваліся ва ўсіх губернскіх гарадах. У апошняй чвэрці ХIX ст. сталі выдавацца “Минский листок”, “Виленский листок”– газеты, у якіх друкавалі свае арты­кулы многія беларускія краязнаўцы. У пачатку ХХ ст. перыядычны друк стаў больш разнабаковым. У 1906 г. у Беларусі ўжо выдава­лася звыш 60 газет і часопісаў, у асноўным, рускамоўных. Пасля зняцця забароны кнігадрукавання на беларускай мове ў беларускім выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца” было выдадзена 77 найменаванняў беларускіх кніг. У гэты час пачала выходзіць першая беларуская грамадска-палітычная газета “Наша доля”, якая затым была перайменавана ў “Нашу ніву”. Яна аставіла глыбокі след у гісторыі нацыянальнага і культурнага адраджэння беларускага народа. Але гэтае ажыўленне беларускай перыёдыкі было спынена з пачаткам сусветнай вайны.

У архітэктуры ў другой палове ХIX ст. назіраецца распад сты­лявога адзінства і на змену класіцызму прыйшоў стыль эклектыкі. Ён вызначаўся спалучэннем рознастылявых форм. Пры гэтым касцёлы будаваліся з перавагай элементаў неаготыкі або неараманскага стылю (касцёл св. Сімяона і Алены ў Мінску), праваслаўныя храмы ў неарускім стылю (цэрквы ў Барысаве і іншых гарадах), для тэатраў было характэрным барока, банкі, установы, чыгуначныя вакзалы мелі элементы рэнесанса. У гэты час шырокае распаўсюджванне атрымалі палацава-паркавыя ансамлі, дзе таксама спалучаліся розныя стылі. Упор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў, манументальнасць пабудоў.

У канцы ХIX – пачатку ХХ стст. у збудаваннях вытворчага прызначэння і ў жылых дамах пачалі праяўляцца рысы новага архітэктурнага стылю – мадэрна. Яго адрозненнем было выкары­станне сучасных канструкцый, метала, шкла, іншых разнастайных матэрыялаў, асіметрычнасць кампазіцыі. Аднак мадэрн шырокага распаўсюджвання не атрымаў.

Беларускі жывапіс другой паловы ХIX ст. развіваўся ў рэчышчы дэмакратычнага рэалізму, блізкім да крытычнага рэалізму рускіх мастакоў-перасоўнікаў. Мастак К. Альхімовіч унёс нямалы ўклад у далейшае развіццё гістарычнага жанру. Вядомы яго карціны “Пахаванне Гедыміна”, “Смерць Міхаіла Глінскага ў турме” і іншыя. У гэтым жанры працаваў і другі мастак – В. Дмахоўскі. У гістарычным жанры вызначыўся і Н. Орда, які быў таксама тале­навітым музыкантам і кампазітарам.

Выдатным прадстаўніком пейзажнага жанру быў А. Гараўскі. Найбольш значныя яго карціны – “Бераг ракі Свіслач”, “На Баць­каўшчыне”, “Вечар у Мінскай губерні” і інш. былі ім створаны менавіта ў Беларусі.

Вядучым жа жанрам у беларускім выяўленчым мастацтве стаў бытавы, перш за ўсё, партрэтны жывапіс. Вострасацыяльную афарбоўку набыла карціна “Пастух” Н. Сілівановіча і іншыя яго работы. Гэта тэма атрымала далейшае развіццё ў працах мастакоў пачатку ХХ ст. Ю. Пэна, Ф. Рушчыца “Зямля”, “У касцёла”. Але ў гэты час у жывапісу таксама пачалі праяўляцца новыя рысы мадэрна. Гэта было характэрным для творчасці М. Шагала, В. Бялыніцкага-Бірулі.

Рэпрэсіі пасля паўстання 1863–1864 гг. адмоўна адбіліся на развіцці нацыянальнага тэатральнага мастацтва. У гэты час у асноўным развіваўся аматарскі тэатр, які меў выразна дэмакра­тычны напрамак, а ў гарадах гастралявалі акцёры рускіх і іншых тэатраў. У 1890 г. у Мінску было створана таварыства аматараў мастацтва і адначасова быў адкрыты пастаянны тэатр.

У пачатку ХХ ст. працягвалі дзейнічаць шматлікія музычна-драматычныя гурткі. На іх аснове і ўзнікла першая прафесійная беларуская трупа – тэатр Ігната Буйніцкага. І. Буйніцкі і яго акцёры актыўна гастралявалі, у тым ліку і ў Пецярбургу, Варшаве.

Другая палова ХIX ст. стала важным этапам у развіцці беларускай музыкі. Гэтаму садзейнічала актывізацыя этнаграфічнай працы, у выніку якой у канцы ХIX ст. выйшлі з друку песенныя фальклорныя зборнікі “Песни белорусские”, аўтар А. Чэрня, і “Бе­лорусские песни Минской губернии”, аўтар М. Янчук, “Беларускія песні з нотамі” А. Грыневіча, “Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хораў” Л. Рагоўскага. Музычны фальклор беларускага народа выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці вядомыя рускія кампазітары М. Рымскі-Корсакаў, М. Мусаргскі, А. Глазуноў і іншыя.

Прыкметную ролю ў развіцці музычнага мастацтва адыгралі літаратурна-музычныя гурткі і таварыствы аматараў прыгожых мастацтваў, якія ствараліся ў канцы ХIX – пачатку ХХ стст. У пачатку ХХ ст. пачалі дзейнічаць і першыя музычныя навучальныя ўстановы.


Тэма 8. Станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Усталяванне

савецкай грамадска-палітычнай сістэмы (1917–1920 гг.)

 

8.1. Першая сусветная вайна і Беларусь. Лютаўская і Кастрыч­ніцкая рэвалюцыі 1917 г. на Беларусі.

8.2. Першы Усебеларускі з’езд і абвяшчэнне Беларускай Народ­най Рэспублікі.

8.3. Утварэнне ССРБ і Літоўска-Беларускай ССР.

8.4. Вайна Польшчы і Савецкай Расіі. Другое абвяшчэнне БССР.

 

8.1. Першая сусветная вайна і Беларусь. Лютаўская

і Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 г. на Беларусі

 

У пачатку ХХ ст. абвастрыліся супярэчнасці з-за калоній, рынкаў збыту і сфер уплыву паміж еўрапейскімі дзяржавамі і, перш за ўсё, паміж каланіяльнай дзяржавай Англіяй і хутка набіраючай эканамічную і ваенную моц Германіяй. Гэта прывяло да ўтварэння двух ваенна-палітычных блокаў дзяржаў: Германія, Аўстра-Венг­рыя, з аднаго боку, Францыя, Англія і Расія, з другога, і пачатку 19 ліпеня (1 жніўня) 1914 г. вайны паміж імі. Гэта вайна з цягам часу перарасла ў сусветную, у якой прынялі ўдзел 33 краіны з насельніцтвам звыш 1, 5 млрд. чалавек. Першапачаткова германскі блок імкнуўся шляхам “бліцкрыга“ разграміць Францыю, каб пазбегнуць вайны на два фронты. Расійскія войскі, каб аблегчыць становішча саюзнікаў, пачалі актыўныя дзеянні ў Галіцыі і Усходняй Прусіі. Паступова пасля перадыслакацыі нямецкіх войск Усходні фронт стаў галоўным: тут к 1915 г. была сканцэнтравана большая частка аўстра-германскіх дывізій. Пасля некалькіх паражэнняў расійская армія пакінула тэрыторыю Польшчы, частку заходняй Беларусі і толькі ў кастрычніку 1915 г. фронт стабі­лі­зіраваўся па лініі Дзвінск–Паставы–Смаргонь–Баранавічы–Пінск. Прыкладна 25 % тэрыторыі Беларусі аказалася ў нямецкай акупа­цыйнай зоне. Тут быў устаноўлены акупацыйны рэжым, які суправаджаўся рэквізіцыямі, увядзеннем прымусовых работ, розных падаткаў і інш. Але і ў гэтых умовах беларускія палітычныя дзеячы спрабавалі разгарнуць нацыянальна-вызваленчы рух. У 1915 г. быў утвораны Беларускі народны камітэт (БНК) на чале з А. Луцкевічам. Пад яго кіраўніцтвам пачала выпускацца газета “Гоман”, працавалі таварыствы “Золак”, ”Навуковае таварыства”, ”Беларускі вучыцельскі саюз” і інш. У снежні 1915 г. быў вы­пушчаны “Універсал Вялікага княства Літоўскага”, у якім адзна­чалася аб намеры ўтварыць канфедэратыўную дзяржаву. Але немцы аддалі перавагу літоўцам і згадзіліся на ўтварэнне ў пачатку 1917 г. літоўскай Рады (Тарыбы), кіруючага органа літоўскай дзяржаўнасці пад пратэктаратам Германіі.

На неакупіраванай немцамі тэрыторыі Беларусі склалася скла­данае сацыяльна-эканамічнае становішча. У расійскую армію было мабілізавана каля паловы мужчын. 1, 5 млн. чалавек эвакуіраваліся ўглыб Расіі, адначасова ў Беларусі аказалася каля 1, 7 млн. бежанцаў з заходніх рэгіёнаў Расійскай імперыі. Большая частка прамы­словасці, звыш 400 прадпрыемстваў, таксама была эвакуіравана, астатняя пераведзена на выпуск ваеннай прадукцыі. На 70 % скара­ціліся пасяўныя плошчы. Адпаведна пачаў адчувацца востры дэ­фіцыт прадуктаў харчавання, прамысловых тавараў, у некалькі разоў узраслі цэны на іх, што выклікала нездавальненне насель­ніцтва. Гэта праявілася ў ажыўленні рабочага руху, захопу сялянамі памешчыцкай маёмасці. Пачаліся хваляванні сярод салдат, най­больш буйным з якіх стала выступленне 4 тыс ваеннаслужачых на Гомельскім размеркавальным пункце ў кастрычніку 1916 г. Нара­стала нездавальненне і ў цэнтральных рэгіёнах Расіі.

23 лютага (8 сакавіка) 1917 г. у Петраградзе пачаліся стыхійныя хваляванні, якія да 27 лютага перараслі ва ўзброенае паўстанне. 2 сакавіка 1917 г. цар Мікалай II адрокся ад прастола. З ліку дэпутатаў Дзяржаўнай думы быў створаны часовы ўрад, які спачатку ўзначаліў князь Г. Львоў, затым А. Керэнскі. У ходзе паў­стання быў сфарміраваны таксама Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які меў рэальную ўладу ў сталіцы. Такім чынам, утварылася двоеўладдзе. Савет, дзе пераважалі меньшавікі і эсэры, падтрымаў Часовы ўрад, але аставіў за сабой права кантроля за яго дзейнасцю. Канчатковае рашэнне аб будучым дзяржаўным ладзе, як і пытанне аб зямлі, былі адкладзены да Устаноўчага схода.

Пасля атрымання звестак аб перамозе рэвалюцыі ў Петраградзе ў Мінску 7 сакавіка 1917 г. быў утвораны Камітэт грамадскай бяспекі як орган мясцовага кіравання Часовага ўрада. Падобныя камітэты ўзніклі і ў другіх буйных гарадах Беларусі. Часовы ўрад скасаваў пасады губернатараў і павятовых спраўнікаў, а іх функцыі перадаў урадавым камісарам і павятовым камісарам, імі сталі, як правіла, старшыні губернскіх і павятовых земскіх упраў. Адначасова з Камітэтам грамадскай бяспекі быў створаны і Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Такія ж Саветы пачалі ўтварацца і ў другіх гарадах. Усяго ў Беларусі ўзнікла каля 150 Саветаў розных назваў, у іх, за выключэннем Мінскага, пераважалі меншавікі, бундаўцы, эсэры. Такім чынам, у Беларусі таксама назіралася двоеўладдзе, але асаблівасцю было тое, што ў гэтым рэгіёне знаходзілася стаўка вярхоўнага камандавання і дыслацыраваліся вайсковыя часці. Ваенныя сталі трэцяй рэальнай сілай, якая аказвала свой уплыў на далейшае развіццё падзей. Але і ў арміі таксама пачалася дэмакратызацыя, ва ўсіх вайсковых падраздзяленнях былі створаны вайсковыя камітэты. Хаця яны і прызналі Часовы ўрад, але часта не падпарадкоўваліся камандаванню і нават бралі дзейнасць камандзіраў пад свой кантроль. Паступова вызначалася і чацвёртая сіла – нацыянальныя арганізацыі, якія выпрацавалі праграмы нацыянальнага адраджэння.

Пасля рэвалюцыі пачалі аднаўляцца і пашыраць сваю дзейнасць палітычныя партыі: кадэты, эсэры, бундаўцы, сацыял-дэмакраты. Аднавіла сваю дзейнасць і Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ), якая летам 1917 г. ужо налічвала каля 5 тысяч членаў. Акра­мя яе, узніклі яшчэ 23 нацыянальныя арганізацыі, найбольш буй­нымі з іх з’яўляліся Беларуская партыя народных сацыялістаў (БПНС), Беларуская народная грамада, Хрысціянска-дэмакратычная злучнасць беларусаў і іншыя. 25–27 сакавіка 1917 г. яны правялі ў Мінску свой з’езд і выбралі Беларускі нацыянальны камітэт на чале з буйным памешчыкам Р. Скірмунтам для падрыхтоўкі выбараў у Беларускую краявую раду. Рада падтрымала Часовы ўрад, але дабівалася аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэрацыі.

Нявырашанасць галоўных пытанняў, якія ставіліся народам у часы рэвалюцыі, пагаршэнне эканамічнага становішча мас, няўдачы на фронце падарвалі давер народа да ўлады. Палітычны крызіс асабліва абвастрыўся пасля 4 ліпеня 1917 г., калі была растраляна масавая дэманстрацыя, якая прайшла ў Петраградзе пад лозунгамі перадачы ўлады Саветам і заключэння міру. Перыяд двоеўладдзя скончыўся перамогай буржуазіі. Страціў уплыў і Беларускі нацыянальны камітэт, дзе пераважалі прадстаўнікі маёмасных слаёў насельніцтва. 10 ліпеня ў Мінску адбыўся другі з’езд беларускіх арганізацый, на якім замест БНК была створана Цэнтральная Рада беларускіх арганізацый, больш левая па свайму складу і кіраўніцтву. Пазней, у кастрычніку 1917 г., яна была пераўтворана ў Вялікую Беларускую раду. У Раду ўвайшлі і прадстаўнікі Цэнтральнай Беларускай вайсковай Рады, якая была выбрана на з’ездзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту 18–24 кастрычніка 1917 г.

Ва ўмовах паглыбленага палітычнага, сацыяльнага і эканаміч­нага крызісу галоўнакамандуючы генерал Л. Карнілаў вырашыў устанавіць ваенную дыктатуру. Для гэтага ён рушыў з фронта частку войсковых фарміраванняў на Петраград. Адпор вы­ступленню аказалі бальшавікі. Пад іх кіраўніцтвам пры Саветах пачалі стварацца часовыя рэвалюцыйныя камітэты, чырвонагвар­дзейскія атрады, якія блакіравалі на шляху руху карнілаўскіх часцей вузлавыя чыгуначныя станцыі і адначасова вялі прапаганду сярод салдат. Пасля падаўлення карнілаўскага выступлення ўплыў бальшавікоў узмацніўся, у многіх Саветах прайшлі перавыбары. Бальшавікі ўзялі курс на ўзброенае паўстанне, якое адбылося 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 г. у Петраградзе. У гэты ж дзень II з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў сфарміраваў часовы ўрад на чале з У.І. Леніным, абраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт, прыняў дэкрэты аб міры і зямлі.

Калі ў Мінску стала вядома аб перамозе сацыялістычнай рэва­люцыі ў Петраградзе, Мінскі Савет аб’явіў аб пераходзе краявой улады ў яго рукі. 27 кастрычніка пры ім быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт.

У гэты ж дзень быў таксама створаны ў Мінску Камітэт выратавання рэвалюцыі на чале з эсэрам Т.М. Калатухіным, які не прызнаў савецкую ўладу. Яго падтрымалі мінская гарадская дума, стаўка. У горад былі ўведзены воінскія часці. Але падыход з фронта на дапамогу Мінскаму Савету бліндзіраванага цягніка змяніў суадносіны сіл і Камітэт выратавання рэвалюцыі быў распушчаны. На працягу кастрычніка – лістапада адносна хутка і бяскроўна Савецкая ўлада перамагла і ў другіх гарадах Беларусі, а таксама на Заходнім фронце. У лістападзе 1917 г. адбыліся тры з’езды Саветаў: з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, трэці з’езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, другі з’езд армій Заходняга фронта. Выбраныя імі выканаўчыя камітэты аб’ядналіся ў Абласны Выканаўчы Камітэт Заходняй вобласці (Аблвыканкамзах), які стаў галоўным органам улады на Беларусі. Выканаўчым органам стаў Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці. Апошнім горадам, дзе была ўста­лявана савецкая ўлада, стаў Магілёў. Толькі з дапамогай балтыйскіх маракоў 5–10 студзеня 1918 г. тут была ліквідавана стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і праведзены губернскі з’езд Саветаў.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.