Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






ББК 63.3(4Беи)я7 7 страница






Таленавітым сынам беларускага народа, адным з першых вядомых нам сялянскіх паэтаў з’яўляецца Паўлюк Багрым. З усёй яго літаратурнай спадчыны да нас дайшоў адзін яго верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы”, але гэты адзіны твор сведчыць аб вялікім таленце Багрыма, спецыфіцы яго творчасці. Адным з вядомых літаратараў першай паловы XIX ст. быў Уладзіслаў Сыракомля. Адзін з яго вершаў, перакладзеных на рускую мову, стаў вядомай песняй “Ямщик”.

Значную ролю ў развіцці беларускага выяўленчага мастацтва адыграў Віленскі ўніверсітэт, дзе было аддзяленне жывапісу. Менавіта там атрымалі адукацыю выдатныя беларускія мастакі В. Ваньковіч, В. Дмахоўскі і іншыя. У цэлым для выяўленчага мастацтва першай паловы ХIX ст. характэрны рысы класіцызму, рамантызму і паступовы пераход да рэалізму. З сюжэтнага пункту погляду характэрны апераджальнае развіццё партрэтнага жанру і пейзажа. Выдатным мастаком быў В. Ваньковіч, які працаваў пераважна ў партрэтным жанры. У стылі рамантызма выкананы партрэт паэта А. Міцкевіча. І. Хруцкі на беларускай глебе развіў лепшыя традыцыі рускага партрэтнага жанру. Але ён найбольш вядомы як майстар нацюрморта. Значныя поспехі ў партрэтным жанры меў таксама І. Аляшкевіч. Цікавым партрэтыстам і гістарычным жывапісцам быў мастак Ю. Пешка.

Я. Дамель спалучаў у сваёй творчасці элементы класіцызму, рамантызму і рэалізму. Гэта знайшло адлюстраванне ў шэрагу гістарычных палотнаў: “Смерць Глінскага ў няволі”, “Вызваленне Касцюшкі з цямніцы”, “Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.” і інш. Заснавальнікам жанру беларускага рэалістычнага пейзажа лічыцца

В. Дмахоўскі. Вядомасць яму прынеслі палотны “Радзіма”, “Во­зера Свіцязь”, “Заход сонца” і інш.

У архітэктуры першай паловы ХIX ст. таксама галоўным накірункам стаў класіцызм. У цэлым жа ў гэты перыяд адчуваўся ўплыў еўрапейскай, рускай культур, але ў той жа час усё больш рэльефна вызначаюцца асаблівасці беларускай нацыянальнай культуры.


Тэма 7. Беларусь у складзе Расійскай дзяржавы

(другая палова ХIX – пачатак ХХ стст.)

 

7. 1. Развіццё капіталізма ў Еўропе, перарастанне яго ў імпе­рыялізм і абвастрэнне супярэчнасцяў. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.

7.2. Адмена прыгоннага права і буржуазныя рэформы другой па­ловы ХIX – пачатку ХХ стст. Асаблівасці іх правядзення на Беларусі.

7.3. Грамадскі рух у Расіі і Беларусі ў другой палове ХIX – па­чатку ХХ стст.

7.4. Культура Беларусі другой паловы ХIХ – пачатку ХХ стст.

 

7.1. Развіццё капіталізма ў Еўропе, перарастанне яго

ў імперыялізм і абвастрэнне супярэчнасцяў. Асаблівасці

сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі

 

У другой палове ХIX ст. ў свеце разгарнуўся тэхналагічны пера­варот, які стаў працягам прамысловай рэвалюцыі і суправаджаўся паскарэннем эканамічнага развіцця краін Еўропы, ЗША, Японіі. Гэта выявілася ў паскораным развіцці прамысловасці, у першую чаргу, цяжкай. Удасканальваўся паравы рухавік, а ў канцы ХIX ст. быў вынайдзены рухавік унутраннага згарання. Вялікае значэнне мела асваенне электрычнасці і вынаходніцтва электрарухавіка.

З адкрыццём электрычнасці пачаўся пераварот у сродках сувязі: былі адкрыты тэлеграф, тэлефон, радыё, якія звязалі паміж сабой еўрапейскія краіны, а затым і ЗША. Значныя адкрыцці былі зроблены ў вобласці хіміі, біялогіі.

Хутка развіваўся транспарт. На змену парусным судам у пачатку ХХ ст. канчаткова прыйшлі параходы. Хутка расла сетка чыгунач­ных дарог, у канцы ХIX ст. з’явіўся аўтамабільны транспарт. Хуткімі тэмпамі праходзіла мадэрнізацыя прамысловых прадпры­емстваў. Усё гэта стымулявала развіццё машынабудавання, павелі­чэнне аб’ёмаў вытворчасці жалеза, нафты, вугалю.

Прамысловы пераварот садзейнічаў пашырэнню механізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці і, як вынік, павышэнню яе эфектыўнасці.

У той жа час у выніку прамысловай рэвалюцыі абвастрылася канкурэнцыя паміж вядучымі краінамі. У канцы ХIX ст. Англія страціла сваё лідзіруючае палажэнне, яе дагналі ў сваім прамы­словым развіцці Германія, Бельгія, Францыя і Швейцарыя. Хуткімі тэмпамі развівалася эканоміка ў Японіі і ЗША. Да пачатку ХХ ст. Злучаныя Штаты выйшлі на першае месца ў сусветнай прамысловай вытворчасці. Усё гэта абвастрала барацьбу за рынкі збыту і перадзел калоній.

Хуткі рост колькасці фабрык і заводаў, пашырэнне аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі, ускладненне тэхналагічнага працэсу патрабавалі павелічэння капіталаўкладанняў. Гэта прывяло да ўзнікнення акцыянерных таварыстваў. Пачалося аб’яднанне прадпрыемстваў у манаполіі: картэлі, сіндыкаты, канцэрны, трэсты. Гэты працэс пашырыўся ў пачатку ХХ ст., калі манапалістычныя аб’яднанні пачалі ўстанаўліваць кантроль над цэлымі галінамі прамысловасці, складваліся міжнацыянальныя і транснацыянальныя карпарацыі, якія разгарнулі барацьбу за эканамічны перадзел свету. Канцэнтрацыі вытворчага і банкаўскага капіталаў садзейнічаў сусветны крызіс, які адбыўся ў 1900–1903 гг. Усё гэта прывяло да перарастання капіталізму ў імперыялізм, што характэрна і для Расіі.

Расія пазней за еўрапейскія краіны ўступіла на шлях капіталістычнага развіцця. Яна значна адставала ад іх у сваім эканамічным развіцці, але тэмпы роста аб’ёмаў прамысловай вытворчасці былі высокімі. Расія хутка даганяла заходнія краіны і хаця ў пачатку ХХ ст. яшчэ не дасягнула ўзроўню ЗША, Германіі і Англіі, але ўжо параўнялася з французскай прамысловасцю. Асаблівасцю эканамічнага развіцця Расіі ў гэты перыяд была таксама значна большая, чым у краінах Захаду, ступень манапалізацыі прамысловасці і банкаў, перапляценне адносна развітага аграрнага капіталізму з сярэдневяковым паўфеадальным землеўладаннем.

Беларусь па-ранейшаму заставалася аграрнай акраінай Расійскай імперыі, але сельская гаспадарка ўсё больш набывала таварны характар, пасля адмены прыгоннага права шырэй стала выкарыстоўвацца наёмная праца, актыўней сталі ўжывацца элементы механізацыі. Панская гаспадарка ўсё цясней звязвалася з рынкам, станавілася прадпрымальніцкай. Гэтаму садзейнічала выгаднае палажэнне Беларусі, якая суседнічала з еўрапейскімі краінамі, развітая сетка чыгунак, будаўніцтва якіх пачалося з 1862 г. Сялянская гаспадарка, хаця ў ёй панаваў дробнатаварны ўклад, таксама набывала рысы буржуазнага характару. Развіццё капіта­лізму ў сельскай гаспадарцы праяўлялася перш за ўсё ў інтэнсіфі­кацыі і паглыбленні спецыялізацыі земляробства, пашырэнні ўжывання машын і ўдасканаленых прылад працы, паляпшэнні агракультуры, выкарыстанні наёмнай рабочай сілы, сацыяльна-класавай палярызацыі сялянства.

У 1860–1870-х гг. асноўнай галіной земляробства па-ранейшаму заставалася збожжавая, прычым значная частка прадукцыі з панскіх гаспадарак ішла на продаж. Але ў 1880–1890-я гг. у сувязі са зніжэннем цэн на збожжа, абумоўленым прытокам на еўрапейскія рынкі збожжавых вырабаў з ЗША, Канады, Аргенціны, вырошч­ванне таварнага хлеба ў Беларусі стала нявыгадным. Акрамя таго, сельская гаспадарка Беларусі, якая знаходзілася ў зоне рызыкоўнага земляробства, не магла канкурыраваць з зернявымі раёнамі Украіны, адкуль таксама пачало паступаць па чыгунцы збожжа. У гэтых умовах памешчыкі і сялянская буржуазія ў канцы ХIX ст. пачалі пераарыентоўваць свае гаспадаркі на малочна-мясную жывё­лагадоўлю. За перыяд 1883–1900 гг. пагалоўе прадукцыйнай жы­вёлы вырасла ў два разы, у тым ліку, кароў – у 2, 4 разы. Уводзіліся палепшаныя пароды жывёлы, тэхнічная перапрацоўка малочных прадуктаў. У маёнтках былі адкрыты больш за 200 сыраварных і масларобчых заводаў. У выніку ў 1890-я гг. у параўнанні з 1870-мі гг. вываз малочных прадуктаў на продаж павялічыўся ў 4 разы, а вываз мясной прадукцыі – амаль у 2 разы. У заходніх і цэнтральных рэгіёнах Беларусі была даволі распаўсюджанай танкарунная авечкагадоўля.

Развіццё малочна-мясной жывёлагадоўлі паўплывала на структуру пасяўных плошчаў. У 7, 7 разоў пашырыліся пасевы кар­мавых траў, галоўным чынам, у памешчыцкіх гаспадарках. У па­чатку ХХ ст. заходні рэгіён стаў трэцім пасля Польшчы і Прыбал­тыкі па ўдзельнай вазе кармавых траў у агульнай пасяўной плошчы.

Акрамя мяса-малочнай накіраванасці, у Беларусі вызначылася спецыялізацыя рэгіёнаў па вырошчванню тэхнічных культур, у першую чаргу, бульбы. Па яе вытворчасці заходнія рэгіёны разам з Прыбалтыкай займалі першае месца ў Еўрапейскай Расіі. Рост гандлёвага бульбаводства быў звязаны не толькі з вытворчасцю кармоў для жывёлы, але, галоўным чынам, з развіццём вінакураннай вытворчасці ў памешчыцкіх маёнтках. У канцы ХIX ст. сярэдняя штогадовая вытворчасць 40-градуснага разбаў­ленага спірту ў пяці заходніх губернях складала больш за 8 млн. вёдзер. Значная колькасць бульбы накіроўвалася на продаж ў іншыя рэгіёны. У паўночнай Беларусі асноўным накірункам стала льноводства. Гэта працаёмкая культура патрабавала вялікай колькасці наёмнай рабочай сілы.

Рост вінакурэння, развіццё масларобчых, сыраварных, алейных, суконных і іншых сельскагаспадарчых падсобных прадпрыемстваў адыгрывалі важную ролю ва ўсталяванні капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы. Гэтыя напрамкі спецыялізацыі захаваліся і ў пачатку ХХ ст. Як і раней, павялічваліся пасевы тэхнічных і кармавых культур: бульбы, буракоў, ільну і каноплі. Важнай галіной сельскагаспадарчай вытворчасці заставалася жывёлагадоўля.

Значна палепшылася тэхнічнае аснашчэнне сельскагаспадарчай вытворчасці, пашыраліся рыначныя сувязі.

Разам з тым, у другой палове ХIX ст. і пачатку ХХ ст. развіццё капіталістычных адносін у беларускай вёсцы спалучалася з рэшткамі феадалізму. Найбуйнейшым перажыткам прыгонніцтва заставалася панская зямельная ўласнасць. У гэты час памешчыкам належыла 50, 3 % прыдатнай для апрацоўкі зямлі, сяляне валодалі 33, 4 % надзельнай зямлі, астатняя была ва ўласнасці дзяржавы, царквы. Пры гэтым для Беларусі было характэрным менавіта буйнае памешчыцкае землеўладанне. Адпаведна захоўвалася малазямелле асноўнай часткі сялян, адпрацовачныя павіннасці за карыстанне сялянамі панскай зямлёй.

Перажыткамі феадалізму ў парэформенных пазямельных адносінах у Беларусі з’яўляліся церазпалосіца, якая спалучалася з дробнапалосіцай сялянскіх угоддзяў, а таксама паўфеадальныя натуральныя павіннасці, абмежаванне грамадзянскіх правоў сялянства.

Усё гэта было характэрным і для пачатку ХХ ст. Памешчыцкая сістэма гаспадарання паказала сваю няздольнасць адаптавацца да новых капіталістычных адносін. У выніку да 1914 г. у банках было закладзена дзве трэціх памешчыцкіх зямель.

Прамысловасць Беларусі ў 1860–1870-я гг. развівалася марудна, пазней рост значна паскорыўся. Гэта было перш за ўсё звязана з агульным прамысловым уздымам у свеце. Развіваліся тры асноўныя формы арганізацыі вытворчасці: дробнатаварная, мануфактурная і фабрычна-завадская. Колькасць рамесных майстэрань за 40 гадоў павялічылася ў 8 разоў і дасягнула у 1900 г. 84 тыс. з 144 тыс. рабочых, прычым 67 тыс. былі наёмнымі. Колькасць мануфактур таксама за гэты час павялічылася ў два разы. Але вызначальнай рысай прамысловасці стала бурнае развіццё фабрык і заводаў, асабліва ў канцы ХIX ст. Гэты перыяд можна лічыць пачаткам індустрыялізацыі. На працягу 1880–1890-х гг. ХIX ст. у Беларусі было пабудавана ў чатыры разы больш прадпрыемстваў, чым за два папярэдніх дзесяцігоддзі. Да ліку найбольш буйных і найбольш тэхнічна дасканалых прадпрыемстваў належылі Добрушская папяровая фабрыка, суконныя фабрыкі ў Альбярціне (Гродзенская губерня) і Парэччы (Мінская губерня), Гродзенская табачная фабрыка, ільнопрадзільная фабрыка “Дзвіна” у Віцебску. Фабрыкі і заводы давалі амаль палову ўсёй прамысловай прадукцыі. Разам з тым, нягледзячы на будаўніцтва фабрык і заводаў, па колькасці пераважалі дробныя прадпрыемствы. Пры гэтым трэба адзначыць як асаблівасць Беларусі тое, што большасць прадпрыемстваў, у тым ліку, фабрык і заводаў, знаходзіліся не ў гарадах, а ў сельскай мясцовасці. Гэта было абумоўлена структурай прамысловай вытворчасці: пераважалі прадпрыемствы па перапрацоўцы лесу і сельскагаспадарчай сыравіны, а таксама таннай рабочай сілай у вёсках. Другараднае значэнне мелі іншыя прамысловыя галіны: гарбарная, шкляная і іншыя.

Да пачатку ХХ ст. у Беларусі быў завершаны прамыслова-тэхнічны пераварот, у асноўных галінах прамысловасці і транспарту канчаткова зацвердзілася перавага фабрычна-заводскай вытвор­часці. Пры захаванні ў асноўным той галіновай структуры вытвор­часці, якая склалася ў ХIX ст., у ХХ ст. назіраліся пэўныя змены. У выніку крызіса 1900–1903 гг. узмацнілася канцэнтрацыя вытвор­часці, узрасла ўдзельная вага буйных прадпрыемстваў, павялі­чылася колькасць рабочых на іх. Канцэнтрацыя вытворчасці абумовіла ўтварэнне акцыянерных кампаній. У канцы ХIX ст. у Беларусі дзейнічалі 10 акцыянерных таварыстваў. У пачатку ХХ ст. іх колькасць павялічылася да 34, прычым частка з іх была з удзелам інвестыцый замежнага капітала. Сведчаннем канцэнтрацыі і мана­палізацыі вытворчасці стала з’яўленне сіндыкатаў і манапа­лістычных аб’яднанняў: сіндыкат кафельных заводчыкаў у Копысі, сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўночна-Заходняга краю ў Оршы, камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю ў Мінску. З канца ХIX ст. у эканамічным жыцці Беларусі значную ролю пачалі адыгрываць банкі: Мінскі камерцыйны банк і філіялы акцы­янерных банкаў небеларускага паходжання.

Развіццё капіталістычных адносін, індустрыялізацыя не прывялі да паляпшэння жыцця асноўнай масы насельніцтва. У сельскай мясцовасці ўзмацнялася сацыяльная дыферэнцыяцыя грамадства. У пачатку ХХ ст. больш заможны слой сялянства складаў каля 8 %. У той жа час з 1877 па 1905 гг. колькасць малазямельных гаспадарак (з надзелам да 15 дзесяцін) узрасла ў 2 разы і склала 84, 5 % усіх гаспадарак. Беззямельныя і малазямельныя сяляне з’яўляліся базай для фарміравання сельскага і гарадскога пралетарыята – наёмнай рабочай сілы. У канцы ХIX ст. на памешчыкаў і сельскую буржуазію працавалі 182 тыс. парабкаў. Колькасць прамысловых рабочых, з улікам рамеснікаў і чыгуначнікаў, у пачатку ХХ ст. дасягнула 350 тыс. Узровень жыцця іх быў таксама нізкім. Пры фактычна ненарміраваным рабочым дні заробкі беларускіх рабочых былі на 20 % ніжэйшымі, чым у Расіі, дзве трэціх іх ішлі на харча­ванне і наём кватэры. Нізкі ўзровень жыцця сялян і рабочых прывялі да новай з’явы канца ХIX – пачатку ХХ стст. – масавага эміграцыйнага руху. Даследчыкі лічаць, што ў гэты час па эканаміч­ных прычынах за мяжу выехала ад 200 да 500 тыс. беларусаў. Такім чынам, эканамічнае жыццё Беларусі сведчыць аб развіцці капіталізму і яго вышэйшай стадыі – імперыялізму, але ён не паспеў набыць класічныя формы і ў 1913 г. Беларусь працягвала заставацца аграрным прыдаткам Расійскай імперыі.

 

7.2. Адмена прыгоннага права і буржуазныя рэформы другой

паловы ХIX–пачатку ХХ стст. Асаблівасці іх правядзення

на Беларусі

 

Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы, яе супярэчнасць з развіваючыміся капіталістычнымі адносінамі, нездавальненне сялянства сваім эканамічным становішчам прымусілі царскі ўрад адмяніць прыгоннае права. Для падрыхтоўкі рэформы ў студзені 1857 г. быў створаны Сакрэтны камітэт на чале з царом. Дваранскія губернскія камітэты, якія працавалі з наступнага года, прапанавалі некалькі праектаў рэформы. Пасля іх разгляду 19 лютага 1861 г. імператар Аляксандр II падпісаў “Маніфест” і “Палажэнні” аб ад­мене прыгоннага права. У “Агульным Палажэнні” вызначаліся асабістыя і маёмасныя правы сялян, парадак кіравання і выканання павіннасцяў. Да Беларусі адносіліся два мясцовых Палажэнняў. Адно прымянялася да расійскіх, а таксама Віцебскай і Магілёўскай губерняў, дзе існавала абшчынная форма землекарыстання, другое – да Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў, дзе было падворнае землекарыстанне. Згодна з імі, сяляне атрымоўвалі асабістую свабоду і зямлю за выкуп.

Ва ўсходняй Беларусі ў залежнасці ад якасці зямлі вызначаліся надзелы на кожнага чалавека мужчынскага полу ад 1 да 5, 5 дзе­сяцін. У заходняй частцы Беларусі за сялянамі замацоўваліся ранейшыя надзелы, якімі яны карысталіся да рэформы. Калі ў памешчыкаў заставалася менш адной трэці зямлі, якую яны мелі раней, або памеры сялянскіх надзелаў перавышалі вышэйшую норму, то лішкі памешчык меў права адрэзаць і далучыць да сваіх зямель. Атрымаць зямлю ва ўласнасць сяляне маглі толькі за выкуп, сума якога вызначалася аброкам, капіталізаваным з 6 % гадавых. Та­кім чынам, памешчык працягваў атрымліваць гадавы даход, роў­ны памеру былога гадавога аброка. Сяляне павінны былі выплаціць адразу 20 % сумы выкупа зямлі, астатнія 80 % выплачвала паме­шчыку дзяржава. Гэтая сума аб’яўлялася сялянскім доўгам дзяр­жаве, які трэба было вярнуць за 49 гадоў пры 6 % гадавых. Пасля адмены прыгоннага права як мінімум на працягу 9 гадоў сяляне лічыліся часоваабавязанымі і павінны былі несці ранейшыя павіннасці: плаціць аброк і адпрацоўваць баршчыну, ім не дазвалялася выйсці з сельскай абшчыны.

Рэформа у тым выглядзе, у якім яна праводзілася, калі сяляне працягвалі адбываць ранейшыя павіннасці, а памешчыкі аставілі сабе бальш паловы ўсіх зямель, прычым найбольш прыдатных для апрацоўкі, калі быў завышаны кошт выкупа зямлі, не магла задаволіць насельніцтва. Гэтая нездаволенасць таксама знайшла выражэнне ў паўстанні пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Каб адцягнуць сялян ад удзелу ў паўстанні, урад пайшоў на некаторыя ўступкі земляробам Беларусі і Літвы. Было адменена становішча часоваабавязаных, на 20 % зніжаны выкупныя плацяжы, беззямель­ныя надзяляліся 3 дзесяцінамі зямлі.

16 мая 1867 г. быў прыняты закон аб дзяржаўных сялянах, якіх налічвалася ў Беларусі 20 % ад усёй колькасці сельскага насель­ніцтва. Зямля, якой яны да гэтага часу карысталіся, пераходзіла ў іх уласнасць, але за выкуп. Пры гэтым, у адрозненне ад прыватнаўласніцкіх, дзяржаўныя сяляне самі павінны былі ўносіць усе выкупныя плацяжы, якія, праўда, былі ніжэйшымі, чым у былога панскага сялянства.

Пасля сялянскай рэформы 1861 г. урад прыняў рад мер па ўдасканаленню сельскага кіравання. У губернях утвараліся губерн­скія па сялянскіх справах установы, у паветах уводзіліся пасады міравых пасрэднікаў і павятовыя міравыя з’езды, з 1874 г. – павято­выя па сялянскіх справах установы і з 1899 г. – земскія павятовыя начальнікі і павятовыя з’езды. На месцах дзейнічалі валасныя сходы, валасныя праўленні, валасныя сялянскія суды, у сёлах – сельскія сходы і сельскія старасты. Гэтыя меры былі першымі крокамі на шляху стварэння органаў мясцовага самакіравання.

Наступным крокам стала земская рэформа 1864 г. Згодна з ёй, у паветах і губернях ствараліся выбарныя земскія ўстановы, якія займаліся кіраўніцтвам мясцовай гаспадаркай, народнай асветай, медыцынскім абслугоўваннем, дабрачыннасцю. Земствы насілі ўсесаслоўны характар, усе мелі права выбіраць сваіх прадстаў­нікоў – галосных – на павятовыя земскія сходы, на якіх у сваю чаргу выбіралі прадстаўнікоў у павятовую земскую ўправу. Зем­ствы і іншыя мясцовыя сялянскія ўстановы з’яўляліся абмежа­ванымі органамі самакіравання. Яны не мелі органаў выканаўчай улады і залежалі ад мясцовай адміністрацыі, фактычна выконвалі ўсё, што патрабавалі ад іх урадавыя чыноўнікі. Але нават у такім выглядзе яны не былі ўведзены у Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне, паколькі пасля паўстання 1863 г. царскі ўрад не давяраў мясцовым апалячаным памешчыкам, якія маглі мець уплыў у земствах. Першая спроба ўтварыць земскія ўстановы ў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях была зроблена ў 1903 г, але яны не выбіраліся, а прызначаліся міністрам унутраных спраў і губернатарамі і знаходзіліся пад іх кантролем. Толькі ў 1911 г. у гэтых губернях былі ўведзены выбарныя земствы, але выбары праводзіліся па нацыянальным (польскай і рускай) курыям, прычым апошняя абавязкова павінна была пераважаць. Быў уведзены таксама высокі маёмасны цэнз для выбаршчыкаў. Пры гэтым за губернатарамі і міністрам унутраных спраў засталося права прыпыняць любыя рашэнні земскіх устаноў, яны ж зацвярджалі старшынь і членаў павятовых земскіх упраў. У заходніх беларускіх губернях нават такія земствы не былі ўведзены.

У 1864 г. была праведзена таксама судовая рэформа. Суды абвяшчаліся ўсесаслоўнымі, галоснымі і з незалежнымі ад урада выбарнымі суддзямі. У судовым працэсе прадугледжваўся ўдзел адвакатаў, пры гэтым у разглядзе судовых спраў па крымінальных учынках і грамадзянскіх справах удзельнічалі выбарныя прысяжныя засядацелі.

Стваралася судовая сістэма. Разглядам дробных спраў займаўся міравы суд са спрошчаным судаводствам, які ўзначальваў выбарны міравы суддзя. Судом другой інстанцыі быў павятовы з’езд міравых суддзяў. Найбольш важныя справы разглядвалі акруговыя суды, якія падзяляліся на крымінальныя і грамадзянскія, судзебныя палаты, якія аб’ядноўвалі некалькі губерняў. Вышэйшай судовай інстанцыяй лічыўся Сенат. У Беларусі рэформа пачалася са спазненнем, з 1872 г. Міравыя суддзі тут не выбіраліся, а прызна­чаліся міністрам юстыцыі. Са спазненнем, з 1882 г., у беларускіх губернях былі ўведзены інстытуты прысяжных засядацеляў, акруговыя суды, судовыя палаты, прычым прысяжныя засядацелі таксама зацвярджаліся ўладамі.

З 1875 г., са спазненнем на 5 гадоў, у Беларусі пачалося правя­дзенне гарадской рэформы. Сутнасць яе заключалася ва ўвядзенні выбарнага гарадскога самакіравання: гарадской думы, гарадской ўправы, гарадскога галавы. Выбары праводзіліся па трох курыях (сходах): буйныя ўласнікі, якія плацілі трэцюю частку агульных збораў, выбіралі трэцюю частку галосных, гэта значыць, прадстаў­нікоў у гарадскую думу. Адпаведна праводзіліся выбары па курыі сярэдніх уладальнікаў і па трэцяй курыі дробных уласнікаў. Выбары праводзіліся на аснове маёмаснага цэнзу, а выбарныя кіраўнікі дум зацвярджаліся міністрам унутраных спраў або губер­натарам, яны ж маглі прыпыніць любое рашэнне гарадской управы.

Падобна іншым рэформам, напрамак у бок усесаслоўнасці мела і школьная рэформа, якая праводзілася з 1864 г. і прадугледжвала пашырэнне сеткі пачатковых школ, падзел гімназій на рэальныя і класічныя, увядзенне пэўнай аўтаноміі і выбарнасці для ўніверсітэтаў. Апошняе не адносілася да Беларусі, дзе ў гэты час не існавалі ВНУ, не было і земскіх школ. Тут у кожнай губерні былі адкрыты дырэкцыі народных вучылішч, якія ажыццяўлялі кантроль за працай школ і настаўнікаў.

У 1865 г. былі зацверджаны часовыя Правілы аб друку. Яны адмянялі папярэднюю цэнзуру для твораў не менш чым 10 друка­ваных аркушаў, але выдаўцы прадаўжалі несці судовую адказнасць за выпускаемую прадукцыю. Для выданняў меншых памераў і перыядычнага друку папярэдняя цэнзура захоўвалася. У Беларусі згодна з асобнымі цыркулярамі генерал-губернатара друк поўнасцю заставаўся пад кантролем мясцовай адміністрацыі.

Ваенная рэформа, якая пачалася з 1862 г., уводзіла ўсеагульную воінскую павіннасць. Тэрміны службы складалі 6 гадоў у арміі і 7 – на флоце. Для асоб з вышэйшай адукацыяй тэрмін службы зніжаўся да шасці месяцаў, сярэдняй – да 1, 5 года і ніжэйшай – да 4 гадоў. У сувязі з увядзеннем воінскай павіннасці ўтвараліся ваенныя акругі для арганізацыі набора навабранцаў.

У Беларусі, дзе рэформы праводзіліся пазней і з абмежаваннямі, яны адразу сутыкнуліся з контррэформамі, якія пачалі ўводзіцца з 1866 г., пасля замаху на імператара і асабліва з 1881 г., пасля забойства Аляксандра II. З 1866 г. суддзі былі падначалены губерна­тарам, узмацніўся адміністрацыйны нагляд за фарміраваннем складу прысяжных. У 1887 г. фактычна была адменена галоснасць судоў, а міністр юстыцыі атрымаў права прыпыняць судовыя разгледжанні.

Узмацніўся адміністрацыйны нагляд за пачатковымі школамі і народнымі вучылішчамі, пачала пашырацца сетка царкоўна-прыходскіх школ. Зноў уводзіліся саслоўныя абмежаванні для вучобы ў сярэдніх навучальных установах. У друку зноў уводзілася папярэдняя цэнзура. Мясцовая адміністрацыя пасля 1881 г. атры­мала права забараняць органы друку, прыпыняць дзейнасць земстваў і гарадскіх дум. З 1899 г. уводзіўся інстытут земскіх начальнікаў для кантролю за дзейнасцю земстваў. Новае Гарадавое палажэнне, прынятае ў 1892 г., значна павышала маёмасны цэнз на выбарах у гарадскія думы.

У пачатку ХХ ст. з мэтай стварэння для сябе апоры ў вёсцы ўрад па прапанове старшыні Савета Міністраў П. А. Сталыпіна пачаў правядзенне аграрнай рэформы. Пачаткам яе стаў Указ імператара ад 9 лістапада 1906 г., які канчаткова прыняў сілу закона 14 чэрвеня 1910 г. пасля ўхвалення Дзяржаўнай Думай і Дзяржаўным Саветам. Згодна з ім, ліквідавалася сялянская абшчына, сяляне атрымалі права выхаду з яе, замацавання за сабой надзельнай зямлі ў поўную ўласнасць з правам свабоднай куплі-прадажы. Пры выхадзе з абшчыны зямля зводзілася ў адзін масіў у выглядзе хутароў, калі гаспадар перавозіў туды і гаспадарчыя пабудовы, або вотрубаў, калі хатнія пабудовы заставаліся ў вёсцы. Згодна з Законам 1910 г. і Законам ад 29 мая 1911 г. аб землеўпарадкаванні ліквідацыю абшчыны і перасяленне сялян на хутары і вотрубы землеўпарадка­вальныя камісіі маглі рабіць прымусова. Усяго на хутары і вотрубы выйшлі 12 % сялян, у асноўным, з усходняй Беларусі.

Дзяржаўныя і земскія ўстановы аказвалі сялянам-уласнікам пэўную агранамічную і тэхнічную дапамогу. Сялянскі пазямельны банк, крэдытныя кааператыўныя ўстановы імкнуліся аблегчыць шляхам прадстаўлення пазык куплю-продаж зямлі.

Важным напрамкам рэформы стала перасяленне сялян, якія не мелі зямлі або выказвалі пажаданне аб яе продажу, на свабодныя землі ў Сібіры або на Далёкім Усходзе. У 1907–1914 гг. з пяці заходніх губерняў перасяліліся 335, 4 тысячы пераважна беззямель­ных або малазямельных сялян, 10 % з іх затым вымушаны былі вярнуцца ў родныя мясціны.

Рэформа закранула пераважна заможных сялян, якія выкарысталі яе для таннай скупкі зямлі, і сялянскую беднату, якая замацоўвала за сабой надзельную зямлю, каб тут-жа яе прадаць і канчаткова парваць з земляробствам. Яна садзейнічала сацыяльнаму рассла­енню ў вёсках, развіццю ў сельскай мясцовасці капіталістычных адносін, канцэнтрацыі капіталістычнай зямельнай уласнасці.

 

7.3. Грамадскі рух у Расіі і Беларусі ў другой палове

ХIX – пачатку ХХ стст.

 

У другой палове ХIX ст. значнай з’явай у нацыянальна-вызва­ленчым руху было паўстанне 1863–1864 гг. Ужо ў час яго пад­рыхтоўкі выявіліся дзве палітычныя групоўкі: “белыя” і “чыр­воныя”. Першыя абмяжоўваліся адной мэтай: аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. мірнымі сродкамі. “Чырвоныя” ставілі больш радыкальныя мэты: яны выказваліся за аднаўленне Польшчы праз паўстанне, устанаўленне рэспубліканскага ладу. Найбольш радыкальныя з іх выказваліся за самавызначэнне народаў, лікві­да­цыю памешчыцкага землеўладання.

Для падрыхтоўкі і кіравання паўстаннем у Варшаве ў 1862 г. быў створаны Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), а ў Вільні – Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК), фармальна падначалены ЦНК. Старшынёй апошняга з кастрычніка 1862 г. быў К. Каліноўскі.

Паўстанне пачалося ў Польшчы 22 студзеня 1863 г., раней вызначанага тэрміну. ЛПК падтрымаў яго, 1-га лютага абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі і абна­родаваў праграму, якая, у прыватнасці, прадугледжвала перадачу сялянам бясплатна зямельных надзелаў, якімі яны да гэтага карысталіся. Але ў сакавіку ЦНК, дзе пачалі пераважаць “белыя”, незадаволены сепаратызмам і радыкальнасцю ЛПК, адхіліў ад улады апошні, у тым ліку і К. Каліноўскага, і замяніў яго Аддзелам па кіраўніцтву правінцыямі Літвы на чале з памешчыкам Я. Гейштарам.

З пачаткам паўстання ў Беларусі, галоўным чынам, у заходніх паветах пачалі стварацца атрады паўстанцаў, у асноўным, з ліку дробнай шляхты, рамеснікаў, навучэнцаў, афіцэраў, якія пакінулі армію. Сяляне, якія складалі асноўную масу насельніцтва, склалі толькі 18 % сярод удзельнікаў паўстання. На гэта паўплывалі,

з аднаго боку, антыпольская прапаганда і рэпрэсіўныя меры з боку царскіх улад, з другога боку, змяншэнне выкупных плацяжоў для сялян і адмена палажэння часоваабавязаных. У выніку паўстанне не прыняло шырокага размаху і ператварылася ў дзейнасць разрозненых партызанскіх атрадаў. Усяго на Беларусі ў першай палове 1863 г. дзейнічалі каля 15 тысяч паўстанцаў, якія не маглі супрацьстаяць рэгулярным войскам. За гэты час адбылося 46 баёў і сутычак паўстанцаў з карнікамі, найбольш буйныя з іх – бітва каля в. Мілавіды і захоп Горак. У чэрвені 1863 г., пасля арышту многіх членаў Аддзела па кіраўніцтву правінцыямі Літвы, на чале паўстання зноў стаў К. Каліноўскі, які ўтварыў падпольны ўрад – Чырвоны жонд, але было ўжо позна. Паўстанне ішло на спад. Восенню 1863 г. узброеная барацьба на Беларусі спынілася, а ў 1864 г. былі разгромлены і апошнія атрады ў Польшчы. 22 сакавіка 1864 г. К. Каліноўскага павесілі ў Вільні. На Беларусі і ў Літве было абвешчана ваеннае палажэнне, 128 удзельнікаў паўстання пакараны смерцю, каля 13 тыс. асуджаны на катаргу і высылку ў Сібір.

Пасля паўстання 1963–1864 гг., у апошняй трэці ХIX ст., на беларускіх землях адбылося каля 400 сялянскіх выступленняў. У гэты час выразнікамі іх інтарэсаў сталі народнікі, якія лічылі, што Расія можа прыйсці да сацыялізму, мінуючы капіталізм, праз сялянскую абшчыну. Агульнарасійскае аб’яднанне “Зямля і воля”, утворанае ў 1861 г., выступала за перадачу зямлі сялянам без выкупу, за народаўладдзе. У 1879 г. арганізацыя “Зямля і воля” распалася на дзве часткі: “Чорны перадзел”, дзе на першы план ставілася барацьба за раздзел памешчыцкай зямлі, і “Народную волю”, якая выступала за ўзмацненне палітычнай барацьбы і індывідуальны тэрор. Народніцкія гурткі дзейнічалі ў Віцебску, Гродна, Мінску, Магілёве, Слуцку і іншых гарадах Беларусі. У 1879–1880 гг. у Мінску існавала падпольная народніцкая друкарня, дзе выдаваліся лістоўкі і іншая літаратура. У 1884 г. беларускія студэнты, якія вучыліся ў Пецярбурзе, арганізавалі групу “Гоман”, якая мела ўжо больш выразную беларускую нацыянальна-вызваленчую накіраванасць. Яна імкнулася аб’яднаць народніцкія гурткі ў Беларусі і ўстанавіла сувязі з некаторымі з іх. Былі таксама выдадзены два нумары аднайменнай газеты.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.