Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Сацыяльна-эканамічнае становішча заходнебеларускіх зя­мель у 1920-е – 1930-е гг. 4 страница






Тэма Вялікай Айчыннай вайны была вядучай ў беларускім кіне­матографе і тэатры. Да асэнсавання гэтых незабываемых падзей звярнуліся драматургі К. Крапіва, А. Маўзон, К. Губарэвіч, А. Кучар.

Маральна-этычныя праблемы сучаснасці знайшлі адлюстраванне ў драматычных творах і камедыях А. Макаёнка, К. Крапівы, А. Ду­дарава, А. Петрашкевіча. У гэты час у Беларусі працавалі 17 тэатраў.

Пасляваенныя гады характарызаваліся ўзмацненнем ролі Галоўліта, які строга рэгламентаваў літаратурнае жыццё, ажыц­цяў­ляў кантроль за рэпертуарам тэатраў; наглядваў за “чысцінёй” прадстаўляемых гледачам п’ес, прычым гэта суправаджалася ба­рацьбой з “касмапалітамі” як выразнікамі ідэалогіі культуры бур­жуазнага Запада.

У гэты час сваеасаблівыя адносіны склаліся паміж урадам і царк­вой. У гады вайны акупанты ў прапагандысцкіх мэтах дазволілі адкрываць храмы, аднавіць дзейнасць Беларускай Аўтакефальнай Пра­васлаўнай царквы. Адпаведна, была ўзноўлена частка цар­коўных прыходаў. Але падчас вызвалення Беларусі ад нацысцкіх акупантаў вышэйшае духавенства таксама эвакуіравалася ў Гер­манію.

Многія з прыходаў пасля вызвалення Беларусі працягвалі сваю дзейнасць. У 1950 г. у рэспубліцы налічвалася каля 1000 цэркваў і малітоўных дамоў, 500 касцёлаў. Дзейнасць афіцыйна зарэгістра­ваных рэлігійных абшчын не забаранялася, але без падтрымкі дзяржавы. Больш таго, актывізавалася антырэлігійная прапаганда. Пачаў вы­ходзіць часопіс “Навука і рэлігія”, ва ўсіх вышэйшых навучальных устанвах быў уведзены прадмет “Асновы навуковага атэізму”. Павольна, але працягвала скарачацца колькасць праваслаўных храмаў, асабліва каталіцкіх культавых пабудоў. За першую пасляваенную пяцігодку, пераважна ў заходніх раёнах Беларусі, была зачынена чацвёртая частка касцёлаў. Адраджэнне Каталіцкага касёла і Праваслаўнай царквы пачалося ў гады перабудовы.

1950–1980-я гг. сталі часам росквіту беларускага кінематографа. Кожны год студыя “Беларусьфільм” выпускала шэраг фільмаў роз­ных жанраў, пераважна па ваеннай тэматыцы. Многія з іх сталі вядомымі далёка за межамі рэспублікі.

У музычным мастацтве таксама выразна праявіліся дзве галоў­ныя тэмы: гісторыка-патрыятычная і ваенна-патрыятычная. У гэты час шырокую вядомасць набылі оперы, сімфоніі Я. Цікоцкага, Р. Пукста, Ю. Семенякі, У. Алоўнікава. Цэнтрам музычнага жыцця рэспублікі былі тэатр оперы і балета, дзяржаўная філармонія і адкрыты ў 1971 г. дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР. Высокай актыўнасцю і майстэрствам адрозніваецца творчасць беларускіх кампазітараў І. Лучанка, Э. Ханка, Л. Захлеўнага. У 1960–1970-я гг. папулярнасць набылі вакальна-інструментальныя ансамблі, найбольш вядомыя з іх – “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”, фальклорна-харэаграфічны ансамбль “Харошкі”.

Развівалася выяўленчае мастацтва. Тут таксама пераважалі гіста­рычная і ваенна-патрыятычная тэматыкі, а таксама партрэтны жанр і пейзаж. Тэме вайны прысвечаны палотны мастакоў М. Савіцкага, Я. Зайцава, В. Волкава, Я. Ціхановіча, І. Давідовіча, А. Шыбнёва, гісторыі – Я. Кудрэвіча, П. Сергіевіча. У жанры пейзажа плённа працавалі мастакі І. Ахрэмчык, У. Кудрэвіч, В. Цвірка, М. Данцыг.

У той жа час для многіх мастакоў, у тым ліку і Я. Зайцава, В. Цвіркі і інш., была характэрна наўмысная манументальнасць, часам параднасць, афіцыйнасць. Гэта ярка праявілася пры ўсхва­ленні на палотнах І.В. Сталіна.

У архітэктуры першых пасляваенных гадоў працягвалі перава­жаць рысы, так званага, “сталінскага ампіра”, характэрнымі асаблі­васцямі якога з’яўляюцца манументальнасць, багаты дэкор, скульп­турныя кампазіцыі, каланады, але з 1950-х гг. пачаў мяняцца архі­тэктурны воблік гарадоў. З аднаго боку, пачалася масавая застройка мікрараёнаў згодна з тыпавымі праектамі, з другога, з’явіўся шэраг пабудоў у стылі мадэрн паводле індывідуальных праектаў. Гэта, напрыклад, палацы мастацтва і спорту, павільён ВДНГ, кінатэатр “Кастрычнік”.

Значнае развіццё ў пасляваенныя дзесяцігоддзі атрымала ману­ментальнае мастацтва Беларусі. У гэты час створаны мноства мема­рыялаў і помнікаў, прысвечаных подзвігу савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Найбольш значнымі з іх з’яўляюцца ансамбль плошчы Перамогі ў г. Мінску з абеліскам-помнікам воінам Савецкай Арміі і партызанам, загінуўшым у баях з на­цызмам, мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Курган славы”, “Брэсцкая крэпасць-герой” і інш., а таксама помнікі Я. Купалу, Я. Коласу ў Мінску, Ф. Скарыну ў Полацку і інш.

На пасляваенныя гады прыходзіцца росквіт талента Заіра Азгура, які стварыў вялікі цыкл скульптурных партрэтаў палітычных дзеячоў, прадстаўнікоў беларускай культуры мінулага. Ярка пра­явілася таксама творчасць беларускіх скульптараў А. Бэмбеля, С. Селіханава, А. Анікейчыка і іншых.

Такім чынам, пасляваенны перыяд адрозніваецца значным уз­дымам беларускай прафесійнай культуры, хаця пошукі новага да­волі часта сутыкаліся з рэаліямі палітычнага жыцця, якое вызначала месца дазволенага. Пачалося паступовае выцясненне беларускай мовы.


Тэма 13. Суверэнная Рэспубліка Беларусь

ва ўмовах глабалізацыі

 

13.1. Распад СССР і абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Бела­русь.

13.2. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё Беларусі на сучасным этапе.

13.3. Культура Беларусі на сучасным этапе.

 

13.1. Распад СССР і абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі

Беларусь

 

Эканамічныя рэформы другой паловы 1980-х гг., палітыка дэма­кратызацыі палітычнага жыцця, памылкі ў кіраванні краінай прывялі ў канцы 1980-х гг. да эканамічнага і палітычнага крызісу ў СССР, які адбіўся таксама на эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краінах Усходняй Еўропы. Сацыялістычны лагер распаўся. Польшча, Венгрыя, Чэхаславакія, Балгарыя, Румынія, Югаславія, ГДР, якія ўваходзілі ў яго склад, змянілі эканамічны і палітычны курс, але гэта абярнулася рэзкім спадам у іх эканоміцы ў пачатку 1990-х гг.

Прыкладна ў гэты ж час адбыліся масавыя акцыі пратэсту ў асобных саюзных рэспубліках СССР, якія ў красавіку 1989 г. у Тбі­лісі, студзені 1990 г. у Баку, пазней у Вільнюсе былі падаўлены з дапа­могай сілавых структур. Пачаўся так званы “парад суверэні­тэтаў”: у 1988 г. аб дзяржаўным суверэнітэце аб’явіла Эстонія, у 1989 г. – Літва, у 1990 г. аналагічнае рашэнне прынялі Вярхоўныя Саветы Грузіі, Расійскай Федэрацыі, Украіны. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР таксама прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Згодна з ёй, у Беларусі ўстанаўлівалася вяршэнства законаў БССР, дэкларыравалася перадача ва ўласнасць рэспублікі ўсіх матэрыяльных каштоўнасцяў, якія меліся на яе тэрыторыі.

У сярэдзіне 1990 г., урад СССР распрацаваў праграму выхаду эканомікі з крызісу і пераходу да рыначных адносін, што фактычна азначала згортванне сацыялістычнай мадэлі эканомікі і палітычнай сістэмы і пераход да капіталізму. Аналагічную пастанову «Аб пераходзе Беларускай ССР да рыначнай эканомікі» прыняў 13 кастрычніка 1990 г. і Вярхоўны Савет БССР. Згодна з ёй, прад­прыемствы пераводзіліся на поўную самастойнасць, пачалі масава стварацца розныя кааператывы, камерцыйныя ўстановы, банкі і г.д., куды перапампоўваліся сродкі з дзяржаўнай маёмасці. Адначасова ва ўмовах гіперінфляцыі пад сімвалічныя працэнты крэдытаў палітыка-эканамічныя групы, якія стаялі ва ўладзе, пачалі прываты­зацыю ў асабістых мэтах дзяржаўныя фінансавыя сродкі, ствараць розныя прыватныя фірмы і г.д., што атрымала ў народзе назву “прыхватызацыя”. Актывізавала дзейнасць па развалу палітычнай сістэмы апазіцыя. Пагаршэнне эканамічнага становішча людзей у спалучэнні з дзейнасцю апазіцыі прывяло да масавых акцый пратэсту, якія адбыліся ў другой палове 1990 г. і пачатку 1991 г. Паўстала рэальная пагроза існавання СССР як адзінай дзяржавы. У гэтых умовах 17 сакавіка 1991 г. быў праведзены рэферэндум па пытанню аб лёсе СССР. 76, 4 % удзельнікаў рэферэндума выказаліся за захаванне Савецкага Саюза, у Беларусі – 82, 7 % ад колькасці выбаршчыкаў. У чэрвені 1991 г. быў падрыхтаваны, а 15 жніўня апублікаваны ў прэсе праект Дагавора аб Саюзе Суверэнных Дзяржаў (ССД), які меў супярэчлівы характар. Яго падпісанне была намечана на 20 жніўня 1991 г. Лічачы, што гэты дагавор можа прывесці да дэзінтэграцыі краіны, група кіраўнікоў дзяржавы зрабіла спробу адхіліць Прэзідэнта СССР М.С. Гарбачова ад па­сады, для чаго 19 жніўня быў створаны Дзяржаўны камітэт па над­звычайнаму становішчу і аб'яўлена аб перадачы яму ўсёй паўнаты ўлады. Але супраць выступіў Прэзідэнт РСФСР Б. Ельцын, які аб'явіў захоп улады ДКНС незаконным, а членаў – дзяржаўнымі злачынцамі. Члены ДКНС, з аднаго боку, і Прэзідэнт СССР М. Гарбачоў, з другога, праявілі нерашучасць, што дазволіла Б. Ельцыну ўстанавіць кантроль над сітуацыяй. 23 жніўня была прыпынена, а затым часова забаронена дзейнасць КПСС і адпаведна КПБ. Такім чынам, была знішчана сіла, якая з'яўлялася стрыжнем палітычнай і эканамічнай сацыялістычнай сістэмы.

Няўдача дзяржаўнага перавароту і адхіленне ад улады сіл, якія стаялі за захаванне адзінай дзяржавы, перамога Б. Ельцына і фактычны выхад з Саюза Расіі падштурхнулі працэс распаду СССР. Да канца жніўня саюзныя рэспублікі прынялі пастановы, у якіх пад­трымалі ідэю нацыянальна-дэмакратычных сіл аб абвяшчэнні неза­лежнасці. 25 жніўня 1991 г. нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага Закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Па патрабаванню апазіцыі старшыня Вярхоўнага Савета БССР М.І. Дземянцей падаў у адстаўку і на гэтую пасаду быў выбраны яго намеснік С.С. Шушкевіч. На працягу верасня 1991 г. быў прыняты шэраг законаў, замацоўваючых палітычную і эканамічную самастойнасць Беларусі: аб змене назвы, новай сімволіцы, стварэнні асабістых сілавых структур, войска, дзяржаўнай уласнасці і іншых. Да канца года была зроблена спроба стварыць замест СССР канфедэрацыю дзяржаў, але супраць гэтага выступіла Украіна. 5 снежня 1991 г. Вярхоўны Савет Украіны прыняў адозву «Да парламентарыяў і народаў свету», у якой адзначалася, што Дагавор 1922 г. аб утварэнні СССР Украіна лічыць адносна сябе несапраўдным і нядзеючым. 7 снежня 1991 г. без ведама Прэзідэнта СССР М.С. Гарбачова кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны С. Шушкевіч, Б. Ельцын і Л. Краўчук сустрэліся ў Віскулях (Белавежская пушча) і 8 снежня падпісалі Пагадненне аб дэнансацыі Дагавора аб стварэнні СССР 1922 г., затым было зацверджана Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 10 снежня 1991 г. ратыфікаваў гэтае Пагадненне. 21 снежня 1991 г. у г. Алма-Ата прадстаўнікамі 11 былых саюзных рэспублік было прынята рашэнне аб стварэнні замест Савецкага Саюза даволі няпэўнага дзяржаўнага ўтварэння – СНД. 25 снежня 1991 г. М.С. Гарбачоў афіцыйна зняў з сябе паўнамоцтвы Прэзідэнта СССР. Савецкі Саюз перастаў існаваць.

 

13.2. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё Беларусі

на сучасным этапе

 

Перыяд 1991–1994 гг. характэрны аслабленнем палітычнага і эканамічнага кіраўніцтва краінай, вострай барацьбой за ўладу ў Вярхоўным Савеце паміж прыхільнікамі капіталізацыі грамадства і іх праціўнікамі. У гэты час ствараюцца шэраг палітычных партый, да 1995 г. іх было зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь 34. Але яны былі адносна нешматлікімі і не аказвалі істотнага ўплыву на ход падзей. Акрамя таго, на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі таксама больш за 500 розных грамадскіх арганізацый. Пры Вярхоўным Савеце РБ была створана камісія па распрацоўцы новага праекта Канстытуцыі Рэспублікі, але з-за ўнутрыпар­ламенцкай барацьбы, змен старшынь Канстытуцыйнай камісіі ас­ноўны Закон Рэспублікі Беларусь быў прыняты толькі 15 сакавіка 1994 г. Галоўнай яго асаблівасцю было ўвядзенне інстытута прэзі­дэнцтва. У выніку выбараў 10 ліпеня 1994 г. першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь стаў А.Р. Лукашэнка. У маі 1995 г. адбыліся новыя выбары ў парламент. Адначасова Прэзідэнт ініцыіраваў правядзенне рэферэндума па пытаннях надання рускай мове нароўні з беларускай статуса дзяржаўнай, аб змене сімволікі, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і аб праве Прэзідэнта датэрміновага

роспуску парламента ў выпадку парушэння ім Канстытуцыі РБ. Па ўсіх гэтых пытаннях Прэзідэнт атрымаў падтрымку насельніцтва.

У 1996 г. з мэтай удасканальвання палітычнай сістэмы Рэспуб­лікі Беларусь Прэзідэнт ініцыіраваў правядзенне другога рэферэндума, згодна з якім, у прыватнасці, былі ўнесены змены ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Вярхоўны Савет РБ стаў двухпалатным у складзе Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Былі пашыраны правы Прэзідэнта. Практыкавалася скліканне Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі рэферэндума прагаласавалі за перанос Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь на 3 ліпеня, супраць свабоднай куплі–прадажы зямлі, супраць адмены смяротнай казні. У 2000 г. былі праведзены выбары новага двухпалатнага Парламента, а ў 2001 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь зноў быў выбраны А.Р. Лукашэнка. Згодна з вынікамі трэцяга ініцыіраванага Прэзідэнтам рэферэндума, які адбыўся 14 кастрычніка 2004 г., была знята з 81 артыкула Канстытуцыі РБ частка, якая не дазваляла аднаму і таму ж кандыдату балаціравацца на пасаду Прэзідэнта РБ болей двух тэрмінаў. А.Р. Лукашэнка атрымаў права зноў балаціра­вацца на пасаду Прэзідэнта ў час выбараў 2006 г., у выніку якіх ён атрымаў у сваю падтрымку падаўляючую большасць галасоў вы­баршчыкаў. У час парламенцкіх выбараў 28 верасня 2008 г. ні адзін з прадстаўнікоў апазіцыі не быў выбраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. 19 снежня 2010 г. адбыліся чарговыя выбары Прэ­зідэнта Рэспублікі Беларусь, у выніку якіх А.Р. Лукашэнка зноў быў перавыбраны на новы тэрмін. У цэлым жа за гады пасля ўвядзення прэзідэнцкага кіравання палітычнае становішча ў краіне стабілізавался, была створана дакладная вертыкаль улады.

У знешнепалітычнай дзейнасці Беларусь з самага пачатку свайго самастойнага развіцця ўзяла курс на шматвектарнасць знешнепа­літычнага курса, устанаўленне добрых і ўзаемавыгадных адносін з замежнымі партнёрамі. Асноўныя прынцыпы знешнепалітычнай дзейнасці вызначаны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Законе «Аб зацвярджэнні асноўных напрамкаў унутранай і знешняй па­літыкі». Гэта, перш за ўсё, прытрымліванне нормам міжнароднага права, раўнапраўе, непарушнасць межаў, нейтралітэт і неўмяшанне ва ўнутраные справы іншых дзяржаў. Пасля абвяшчэння незалеж­насці Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны з 137 дзяр­жавамі, актывізавала сваю дзейнасць у ААН, увайшла ў склад не­калькі дзесяткаў міжнародных арганізацый. Пасля падпісання 26 лютага 1992 г. Хельсінскага заключнага акта яна стала удзель­ніцай хельсінскага працэса, увайшла ў склад Нарады па бяспецыі супрацоўніцтве ў Еўропе (НБСЕ), з 1995 г. Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). З мэтай захавання міру і бяспекі Беларусь выступіла з ініцыятывай аб стварэнні ў Еўропе бяз'ядзернай зоны. Яна імкнецца, зыходзячы з агульнапрынятых прынцыпаў міжнароднага права, наладзіць паўнавартаснае і ўзаема­выгаднае супрацоўніцтва з краінамі ЕС, дыялог з НАТО, зацікаў­лена ў развіцці канструктыўных адносін з ЗША, плённым супрацоў­ніцтве з гэтай краінай па самаму шырокаму спектру праблем. Нягледзячы на абмежавальныя меры эканамічнага характару, якія пры­мяняюцца ЗША ў адносінах да Беларусі, эканамічныя сувязі з буй­нейшымі амерыканскімі кампаніямі працягваюцца, што выгадна абодвум бакам. Характар стратэгічнага партнёрства набываюць су­вязі Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай, эфектыўна развіваюцца адносіны з Кубай, краінамі Лацінскай Аме­рыкі, перш за ўсё, Венесуэлай, Бразіліяй, Аргенцінай. Адным з напрамкаў знешнепалітычнай дзейнасці Беларусі з'яўляюцца азіяцкі і афрыканскі рэгіёны: устаноўлены дыпламатычныя адносіны больш чым з 80 краінамі. Але прыярытэтным напрамкам у знешнепалітычнай дзейнасці Беларусі былі і застаюцца ўзаемаадносіны з Расіяй і краінамі СНД. Нягледзячы на часам узнікаючыя эпізадычныя разнагалоссі па асобным аспектам развіцця эканомікі, Беларусь паслядоўна трымае курс на паглыбленне эканамічнай і палітычнай інтэграцыі з Расіяй. 2 красавіка 1996 г. быў падпісаны Дагавор аб Супольнасці суверэнных дзяржаў – Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, які забяспечыў грамадзянам абедзвюх краін роўныя правы ў сферы эканомікі, адукацыі, аховы здароўя. Наступнымі крокамі на шляху беларуска-расійскай інтэграцыі сталі заключэнне 2 красавіка 1997 г. Дагавора аб Союзе Беларусі і Расіі і 8 снежня 1999 г. аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, распрацоўка яе Канстытуцыйнага акта. Гэта дазволіла актывізаваць эканамічныя, гандлёвыя сувязі, стварыла базу для адзінай эканамічнай, таможнай, абароннай, гуманітарнай, інфармацыйнай прасторы. Найбольш развітымі сферамі двухбаковага ўзаемнавыгаднага супрацоўніцтва з'яўляюцца гандлёва-эканамічнае, ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Рэгулярны характар набылі прамыя кантакты кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з суб'ектамі Расійскай Федэрацыі. Пашыраюцца сувязі Беларусі з рэспублікамі былога СССР. Важным крокам на шляху эканамічнай інтэграцыі стала падпісанне 6 кастрычніка 2007 г. Беларуссю, Казахстанам і Расіяй Дагавора аб стварэнні адзінай таможнай тэрыторыі і фарміраванні Таможнага Саюза. Гэты Саюз пачаў дзейнічаць з ліпеня 2011 г., калі на граніцах трох дзяржаў быў адменены мытны кантроль. Пазней да гэтага Саюза далучылася Кіргізія. У рамках паглыблення інтэгратыўных працэсаў вялікае значэнне прыдаецца ўдзелу Беларусі ў развіцці Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭс), забяспячэнню калектыўнай бяспекі праз Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Пастаянна ўмацоў­ваецца эканамічнае супрацоўніцтва дзяржаў, якія увайшлі ў гэтыя супольнасці, прыняты рад палітычных рашэнняў, накіраваных на ўмацаванне інтэграцыйных працэсаў.

У эканамічнай сферы пасля распада СССР і стварэння сувярэнных дзяржаў адбыўся рэзкі пераход да ліберальнай рыначнай эканомікі па рэцэптах «шокавай тэрапіі». Пачалася прыватызацыя прадпрыемстваў і пераход на свабоднае цэнаўтварэнне, у сельскай гаспадарцы быў узяты курс на ліквідацыю калгасаў і замену іх фермерскімі гаспадаркамі. Гэта прывяло да рэзкага зніжэння аб'ёмаў вытворчасці і ўзроўня жыцця насельніцтва. У Беларусі ў 1991–1995 гг. валавы нацыянальны прадукт скараціўся на 35 %, рэальная зарплата зменшылася на 50 %. За рысай беднасці аказалася 60 % насельніцтва. Палажэнне яшчэ больш ускладня­лася ў сувязі з узрастаючай інфляцыяй, ростам беспрацоўя, нарастаннем іншых сацыяльных праблем.

З увядзеннем прэзідэнцкага кіравання быў узяты курс на сацы­яльна-арыентаваную рыначную эканоміку з моцным дзяржаўным рэгуляваннем. Былі зацверджаны асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996–2000 гг., прыпынена прыватызацыя, яна стала праводзіцца пад кантролем дзяржавы, спыніўся дэмантаж буйнай калгасна-саўгаснай вытворчасці і зроблены ўпор на сельскагаспадарчыя кааператывы.

У выніку прынятых мер па стабілізацыі эканомікі з 1996 г. спы­ніўся спад вытворчасці і з 1997 г. пачаўся пэўны ўздым. У 2001 г. Беларусь першай на постсавецкай прасторы аднавіла ўзровень вытворчасці 1990 г. Паступова павышаецца рэальная зарплата. Пачалося ажыўленне сельскагаспадарчай галіны эканомікі. У 2001–2005 гг. прырост валавага ўнутранага прадукту ў Рэспубліцы Беларусь штогод складаў у сярэднім 7, 5 % супраць 3, 5 % сярэднесусветнага, былі выкананы асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця за пяцігодку. Паступова пачалася выпрацоўвацца беларуская «мадэль» сацыяльна-эканамічнага развіцця, дзе захаваліся сістэма сацыяльнай аба­роны і сацыяльныя гарантыі для людзей, усталявана моцная дзяржаўная ўлада з апорай на народ, стабільна развіваецца эканоміка. У той жа час Беларусь адкрыта да узаемавыгадных эканамічных сувязяў з іншымі краінамі. Яна ўступіла ў міжнародны валютны фонд (МВФ), міжнародны банк рэканструк­цыі і развіцця (МБРР), мае кантакты з міжнароднай гандлёвай ар­ганізацыяй (МГА). Праводзіцца актыўная работа па прыцягванню ў беларускую эканоміку замежных капіталаў, працуюць сумесныя і замежныя прадпрыемствы і філіялы. Дзейнічаюць свабодныя эканамічныя зоны (СЭЗы)

У 2006 г. на III Усебеларускім народным сходзе была абмеркавана і зацверджана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006–2010 гг., дзе у якасці асноўнай задачы пастаўлена павы­шэнне якасці жыцця людзей. Сусветны эканамічны крызіс, які пачаўся ў другой палове 2008 г., ускладніў яе рэалізацыю, але, тым не менш, большасць прагнозных паказчыкаў была выканана. У асноў­ным паспяхова выконваюцца праграмныя ўстаноўкі сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011–2015 гг., якія былі вызначаны на IV Усебеларускім народным сходзе ў снежні 2010 г.

 

 

13.3. Культура Беларусі на сучасным этапе

Культура Беларусі канца ХХ – пачатку ХХI стст. мае свае асаблівыя адметнасці. Яна адрозніваецца як значнымі поспехамі і інавацыямі, так і ўзнікшымі ў новай культурна-гістарычнай абстаноўцы праблемамі. Новая інфармацыйная прастора зрабіла беларускую культуру больш адкрытай да сусветнай, што дазваляе шырэй выкарыстоўваць дасягненні апошняй, але і ў пэўнай меры, з другога боку, вядзе да страты нацыянальных адметнасцяў. Пашырыўся ўплыў даволі нізкапробнай замежнай масавай культуры.

Культура стала менш ідэалагізаванай, большая ўвага ўдзяляецца агульначалавечым каштоўнасцям. Але, з другога боку, дзяржава стала менш фінансаваць культуру, таму ўзмацніўся камерцыйны ўплыў з боку прыватнага капітала, што не заўсёды станоўча спрыяе росту культурных каштоўнасцей мастацкіх твораў.

Радыкальныя эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя змены 1990-х гг. вызвалі значную цікавасць насельніцтва да сваёй культуры, традыцый беларускага народа. У 1991 г. былі прыняты законы «Аб адукацыі», «Аб культуры ў Беларускай ССР», асноўныя на­прамкі нацыянальна-культурнага адраджэння вызначаны ў Кансты­туцыі РБ, прынятай у 1994 г.

Грамадзяне Беларусі атрымалі большыя магчымасці знаёмства з раней невядомымі публікацыямі айчынных і замежных аўтараў па праблемах гісторыі, філасофіі, сацыялогіі і інш., а таксама змаглі ўбачыць так званыя " палічныя" кінафільмы рэжысёраў-наватараў, адкрыць для сябе творы мастацкай літаратуры перыяду " застою", якія раней распаўсюджваліся ў “самвыдаце”. Змяніліся адносіны да эмігрантаў, што дазволіла глыбей пазнаёміцца з дзейнасцю супольнасцяў беларусаў за мяжой і іх культурнымі дасягненнямі.

Перабудоўныя працэсы, гады незалежнасці змянілі таксама стаўленне і да вернікаў і рэлігіі ў цэлым. Вернікі сталі смялей адзначаць рэлігійныя святы, маліцца, а былыя культавыя будынкі паступова сталі перадавацца канфесіям. Частка гэтых будынкаў была адрэстаўравана, асобныя храмы былі адбудаваны зноў на іх гістарычных месцах (касцёл св. Варвары ў Віцебску, царква Марыі Магдалены ў Мінску, Мікалаеўская царква ў Брэсцкай крэпасці і інш.). Дзяржава аказвае фінансавую падтрымку ў рамонце і рэстаўрацыі культавых пабудоў, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць.

Больш таго, па сутнасці, упершыню за гады Савецкай улады сталі праектавацца і будавацца новыя цэрквы, касцёлы і кляштары. Усё гэта стала магчымым дзякуючы адмове дзяржавы ад ідэалагіч­ных дагматаў, атэізму і актывізацыі дзейнасці розных канфесій, рэлігійных супольнасцяў. Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Бела­русь, у краіне вызначана свабода выбару атэістычных або рэлігійных перакананняў. У постсавецкі час назіраецца імклівы рост рэлігійных суполак, павелічэнне колькасці храмаў. З 1991 па 2013 гг. агульная колькасць афіцыйна зарэгістраваных рэлігійных суполак павялічы­лася больш чым у тры разы: з 1000 да прыкладна 3300. Па ліку вер­нікаў на першым месцы ў Беларусі знаходзіцца праваслаўная царква, яна аб’ядноўвае каля паловы ўсіх рэлігійных суполак, на другім – каталіцкая канфесія, якая налічвае каля 500 суполак, прыкладна 800 суполак складаюць прыхільнікі рэлігійных канфесій евангельскіх хрысціян-бапцістаў і хрысціян веры евангельскай. Увогуле ў Беларусі склалася унікальная сітуацыя, калі ў адной дзяржаве мірна суіснуюць 26 розных канфесій. Дзяржаўная палітыка Рэспублікі Беларусь будуецца на павазе да ўсіх канфесій, за выключэннем дэструктыўных, захоўванні межканфесійнай згоды. Пільную ўвагу пытанням дзейнасці рэлігійных арганізацый надае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы рэгулярна сустракаецца з вышэйшымі царкоўнымі іерархамі, прымае асабісты ўдзел у ўрачыстасцях, звязаных з важнейшымі рэлігійнымі святамі. З 2008 г. у Беларусі дзейнічае кансультатыўны міжканфесійны савет пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей, сумесна з царквой ажыццяўляюцца духоўна-асветніцкія праграмы, праводзяцца фестывалі хрысціянскай музыкі і г.д.

У постсавецкі перыяд назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі ў раз­віцці сістэмы адукацыі. З'явіліся новыя тыпы навучальных устаноў – гімназіі, ліцэі, каледжы, а таксама недзяржаўныя вучэб­ныя ўстановы, уклю­чаючы і вышэйшыя, працуючыя на платнай аснове, здзейснены пераход на дзесяцібальную сістэму адзнак, ўведзена тэставанне, шырока разгор­нута камп'ютэрызацыя вучэб­нага працэса. У 1999/2000 навучальным годзе ў рэспубліцы дзейні­чалі 81 дзяржаўная гімназія, 26 ліцэяў, 14 недзяржаўных сярэдніх школ, 150 дзяржаўных і 7 недзяржаўных сярэдніх спецыяльных ву­чэбных устаноў. У 2012/2013 навучальным годзе працуюць 219 гімназій, 28 ліцэяў, 8 кадэцкіх навучальных устаноў, 2420 ся­рэдніх школ, 5 гімназій-каледжаў мастацтваў.

Згодна з Пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 жніўня 1996 г. «Аб канцэпцыі рэформы агульнаадукацыйнай школы ў Рэспубліцы Беларусь» была распрацавана трохступенчатая мадэль адукацыі з пераходам на 12-гадовы тэрмін навучання. Пры гэтым рэформа прадугледжвала пераход на 10-бальную сістэму ацэнкі ведаў (уведзена з 1 верасня 2002 г.) і іншыя новаўвядзенні. У красавіку 1999 г. урад Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Праграму развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі на перыяд да 2010 г. Практыка паказала, што больш рацыянальным з'яўляецца 11-гадовае навучанне, таму з 2008 г. былі зроблены адпаведныя карэктывы. Ствараюцца ўмовы для паглыбленага вывучэння асобных прадметаў у базавай школе і профільнага навучання ў старшых класах. Нягледзячы на дэмаграфічны спад, колькасць навучэнцаў у школах не зменшылася, у рэспубліцы дасягнуты 100 % ахоп дзяцей навучаннем. Сталі шырока практыкавацца прадметныя алімпіяды, па выніках якіх пераможцы атрымліваюць права без іспытаў паступаць у ВНУ. Добрая якасць навучання ў беларускіх школах пацвярджае і паспяховы ўдзел школьнікаў ў міжнародных прадметных алімпіядах.

У 2003 г. прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі», згодна з якім праводзіцца работа па рацыяналізацыі і ўдасканаленню вучэбнага працэса ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах, дзе займаюцца каля 130 тыс. навучэнцаў.

За апошнія 20 гадоў амаль у два разы павялічылася колькасць ВНУ і студэнтаў, якія ў іх навучаюцца. Новым стала ўвядзенне платнай адукацыі пры захаванні неабходнай колькасці студэнтаў, якія вучацца за кошт дзяржавы, і з'яўленне, акрамя дзяржаўных ВНУ, сеткі камерцыйных навучальных устаноў. Падчас перабудовы нямала інстытутаў былі пераўтвораны ва ўніверсітэты і акадэміі, адкрыты Баранавіцкі, Палескі дзяржаўныя ўніверсітэты. Усяго ў Беларусі налічваецца 55 ВНУ, у тым ліку 10 недзяржаўных. У выніку Беларусь стала адной з самых адукаваных еўрапейскіх краін. У 2010 г. колькасць студэнтаў ВНУ Беларусі склала 475 чалавек на 10000 насельніцтва. Па паказчыкам сярэдняй і вышэйшай адукацыі рэспубліка выйшла на ўзровень вядучых еўрапейскіх дзяржаў. У 2012 г. пачалася рэформа вышэйшай школы, накіраваная па шэрагу спецыяльнасцяў на пераход да 4–4, 5 гадовага навучання студэнтаў. У сувязі з абвяшчэннем Беларуссю незалежнасці і выхадам са складу СССР у ВНУ рэспублікі былі адкрыты дзесяткі новых спе­цыяльнасцяў, па якіх раней кадры не рыхтаваліся. У вышэйшых навучальных установах з'явіліся бакалаўрыят і магістратура. Значная ўвага ў сістэме сярэдняй і вышэйшай адукацыі стала ўдзяляцца вывучэнню камп’ютара, эканомікі і замежных моў. З сярэдзіны 2002 г. Беларусь пачала прадпрымаць меры па далучэнню да Балонскага працэса. Гэтым тэрмінам прынята вызначаць адука­цыйныя рэформы, пачатыя шэрагам еўрапейскіх краін, накіраваныя на стварэнне адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, выпрацоўку агульнапрызнаных стандартаў у набыцці адукацыі і, як вынік, стварэнне высокай мабільнасці пры выбары месца вучобы або працы. Намаганні з боку ўлад і грамадскасці па ўключэнню рэспублікі ў Балонскі працэс актывізаваліся ў 2010–2012 гг. У канцы 2011 г. быў створаны грамадскі камітэт па ўключэнню Беларусі ў Ерапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь накіравала ў Балонскі сакратарыят спачатку заяву аб уступленні ў гэты працэс, а 29 лістапада 2011 г. – адпаведны пакет дакументаў. Гэта праца працягваецца і цяпер.

У сувязі з умацаваннем саюзных адносін Беларусі з Расіяй, якая ўжо раней уступіла ў Балонскі працэс, прымаюцца меры па фармаванні адзінай, але дыферэнцыраванай агульнаадукацыйнай прасторы і ўзгадненню ўсіх кампанентаў заканадаўчых баз у вобласці адукацыі двух сумежных дзяржаў. Так, развіваючы ін­тэграцыйныя сувязі з Расійскай Федэрацыяй і іншымі краінамі, Бе­ларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (да 1 красавіка 2002 г. – БДПА) кожны год накіроўвае ў Санкт-Пецярбургскі тэхнічны ўні­версітэт і іншыя ВНУ десяткі сваіх студэнтаў, адпаведна, і ў БНТУ навучаюцца дзесяткі і сотні студэнтаў з РСФСР, Туркменістана і іншых рэспублік.

У рэспубліцы сталі пераглядацца і змяняцца вучэбныя планы і праграмы вучэбных дысцыплін. Зведаў змены цыкл сацыяльна-гуманітарных навук. У вышэйшых навучальных установах былі ўведзены курсы гісторыі Беларусі, беларусазнаўства, паліталогіі і іншых дысцыплін. Выдаваліся новыя падручнікі, дапаможнікі, курсы лекцый. Вышлі з друку шэсць тамоў " Энцыклапедыі гісторыі Беларусі", з'явіліся новыя газеты і часопісы (" Спадчына", " Беларускі гістарычны часопіс", " Беларуская мінуўшчына", " Роднае слова", " Культура", “Мастацтва” і інш.).






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.