Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Беларускі друк у перыяд калектывізацыі і індустрыялізацыі






1926 г. стаў вызначальным у змяненні курсу сацыялістычнага будаўніцтва ў нашай краіне. За гады НЭПа народная гаспадарка была ў асноўным адноўлена, умацавалася савецкая ўлада, палітычнае жыццё было падпарадкавана бальшавіцкай ідэалогіі. Станоўчыя зрухі ў рэалізацыі праграмы пераходнага перыяду адбыліся ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства.

На гэтай падставе ў вышэйшым кіраўніцтве СССР вялася дыскусія аб далейшай праграме сацыялістычнага будаўніцтва: ЦК ВКП(б) на XIV з'ездзе аб'явіў «курс на індустрыялізацыю». Неабходна было вывесці прамысловасць на новы тэхнічны ўзровень, пачаць вырабляць уласныя сродкі вытворчасці, разнастайныя машыны, абаронную тэхніку, авіяцыю і інш. Сацыялістычная індустрыялізацыя, па задуме распрацоўшчыкаў, павінна была зрабіць хуткі прарыў СССР у шэраг магутных краін свету.

Лінія партыі на стварэнне індустрыяльнай асновы сацыялізму не супадала з пазіцыяй трацкістаў, якія прапанавалі правесці «звышіндустрыялізацыю» за кошт сялянства. Ідэі «новай апазіцыі» былі адхілены партыйным кіраўніцтвам, але гэта быў першы крок да пачатку жорсткай унутрыпартыйнай барацьбы.

Пленум ЦК КП(б)Б 2729 красавіка 1926 г. зацвердзіў праграму індустрыялізацыі. Быў узяты кірунак на інтэнсіўнае развіццё харчовай, шкляной, цаглянай, запалкавай, ільнопрадзільнай, дрэваапрацоўчай, папяровай і іншых традыцыйных галін вытворчасці. Неабходна было пашыраць задавальненне попыту насельніцтва, наладзіць тавараабмен паміж горадам і вёскай, а паколькі Беларусь была памежнай рэспублікай, то буйныя прамысловыя і абаронныя заводы будаваць тут лічылася немэтазгодным.

У артыкуле «Нашы задачы ў развіцці мясцовай прамысловасці» «Звезда» паказвала, што гэта асабліва важныя праблемы для краіны ў агульным рэчышчы індустрыялізацыі, бо беларуская вытворчасць працуе на мясцовай сыравіне, апрацоўвае сельскагаспадарчую прадукцыю, задавальняе патрэбы насельніцтва, пашырае колькасць рабочых месцаў і г.д. На вырашэнне гэтай задачы неабходна было накіраваць усе сілы.

Прапагандыстам новых поглядаў на фарміраванне сацыялістычнай рэчаіснасці быў перыядычны друк. Газеты і часопісы Беларусі з'яўляліся часткай зладжанай сістэмы грамадска-палітычнага дыялога ўлады з насельніцтвам. Крыніцай ідэй, распаўсюджвальнікам публіцыстычнага вопыту, прыкладам працы з рабселькорамі былі рэспубліканскія выданні: «Звезда», «Беларуская вёска» – органы ЦК КП(б)Б, «Савецкая Беларусь» – орган СНК БССР, «Чырвоная змена» – орган ЦК ЛКСМБ, а таксама партыйныя газеты: на польскай мове «Orka» (пачала выходзіць у 1926 г. замест «Млота») і на яўрэйскай – «Акцябр», створаная на аснове «Дэр Векер» у тым жа годзе.

У гэты час выходзіла таксама восем акруговых газет: «Заря Запада» і «Крестьянская газета» ў Віцебску, «Камуніст» у Бабруйску, «Савецкая вёска» ў Мазыры, «Чырвоная Полаччына» (замест «Полоцкого пахаря»), «Камуністычны шлях» у Оршы, «Наш працаўнік» у Клімавічах і «Магілёўскі селянін». У дадатак да гэтага друкаваліся дзве камсамольскія – «Звязда маладзёжы», «Дер Юнгер арбетэр» і ваенная «Красный пограничник». Агульны тыраж газет складаў болын за 90 тыс., у іх супрацоўнічалі каля 5 тыс. рабселькораў. Усё больш выданняў пераходзіла на беларускую мову. «Беларуская вёска» поўнасцю друкавалася па-беларуску і паступова павялічвала свой тыраж. Рэспубліканскі друк быў арганізаваны дзеля выканання новых палітычных і гаспадарчых задач.

Рэдакцыя «Звезды» адчувала сваю адказнасць перад чытачамі за адлюстраванне гаспадарчых перамен у краіне і пагэтаму імкнулася ператварыць партыйныя дырэктывы аб сацыялістычнай індустрыялізацыі ў рэальныя публіцыстычныя вобразы жыцця. Зразумела, што ў матэрыялах газеты даваўся агульны план індустрыялізацыі для ўсяго СССР, а паралельна для Беларусі. Такі кантраст у свядомасці людзей ствараў агульную карціну вялікай будоўлі, якая разгортвалася ў савецкай краіне, і паказваў таксама, што пераўтварэнні, якія адбываюцца ў Беларусі, – гэта не толькі электрастанцыі, заводы, інстытуты, а лёс кожнага чалавека і ўсяго народа.

Ад каментарыяў партыйных дырэктыў «Звезда» пераходзіла да матэрыялаў аб канкрэтных будоўлях і звярталася да людзей, якія там працавалі. Гэта быў моцны рычаг маральнага стымулявання ідэалогіі індустрыялізацыі. «Звезда», а разам і ўся рэспубліканская прэса станавіліся адбіткам рэальнага жыцця. А гэта азначала, што ў перыёдыцы падрабязна адлюстроўвалася індустрыяльная рэвалюцыя і яе каштоўнасць для Беларусі.

У 1926 г. «Звезда» вяла сістэмную прапаганду планаў індустрыялізацыі, публікавала шматлікія матэрыялы, раскрываючы сутнасць гэтай задачы. У дакладзе сакратара ЦК КП(б)Б Крыніцкага на пленуме ЦК пры абмеркаванні праблем прамысловасці было сказана: «Мы вядзём новую лінію, каб стаць самастойнай дзяржавай, якая вядзе сацыяліетычнае будаўніцтва і сама вырабляе сродкі вытворчасці, і не толькі прывозіць, але і вывозіць гатовыя тавары». Гэта была фактычна асноўная ідэя індустрыялізацыі, якой падпарадкоўвалася жыццё ўсёй краіны, у тым ліку і Беларусі.

Рэдакцыя «Звезды» імкнулася раскрыць перад чытачамі складаны механізм індустрыялізацыі і паведамляла, што гэта не толькі пабудова заводаў і фабрык, падрыхтоўка адукаванага рабочага класа, але і сацыялістычная перабудова вёскі. На першы план выходзіла задача стварэння матэрыяльнай асновы прамысловасці за кошт вытворчасці вёскі: прыцягнуць на бок савецкай улады сераднякоў і аб'яднаць іх у адзіны саюз з беднякамі, каб павысіць палітычную кансалідацыю сялянства і вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. «Значнае павелічэнне прамысловасці ў народнай гаспадарцы, пераўтварэнне нашай краіны з аграрна-прамысловай у прамыслова-аграрную, індустрыялізацыя яе і аслабленне залежнасці ад замежжа – пярвейшая задача, асноўная лінія нашай гаспадарчай палітыкі», – такую агульнанародную задачу прапанавала і газета. Гэту тэму абмяркоўвалі ўсе рэспубліканскія газеты.

Прыйшоў час, калі неабходна было пераконваць моладзь асабістым прыкладам. Няма патрэбы «пагражаць рэвальверам» старому селяніну, важна растлумачыць яму законы савецкай улады. Усе змены на вёсцы не павінны адштурхоўваць селяніна. Камсамольская арганізацыя – не міліцыя. Значыць, забіраць апараты (самагонныя) – гэта не яе справа. «Патрэбна ўсе мерапрыемствы праводзіць з сельсаветам... – пісала «Чырвоная змена» 3 лютага 1926 г.

Кваліфікацыя, павышэнне прадукцыйнасці працы моладзі – гэта галоўнае для камсамольскіх арганізацый. Патрэбна ствараць брыгады, групы, вучэбныя камісіі, каб паляпшаць якасць выпускаемай прадукцыі. Галоўнае – эканамічная праца».

Змест і форма «Звезды» і ўсяго рэспубліканскага друку суадносіліся з новымі палітычнымі і гаспадарчымі задачамі. «Звезда» выходзіла штодзённа павялічаным фарматам на чатырох, а часта і на шасці старонках. Першая старонка змяшчала перадавы артыкул «Індустрыялізацыя краіны і нашы задачы», рубрыкі «Па Савецкім Саюзе» і «Міжнароднае жыццё». Апошняя ўключала замежную інфармацыю і абавязкова ўтрымлівала матэрыялы аб падзеях у Польшчы і Заходняй Беларусі (напрыклад, «Пілсудскі імкнецца да дыктатуры»).

Другая старонка запаўнялася матэрыяламі пад агульнай рубрыкай «Па Савецкай Беларусі». Тут шмат увагі надавалася дзейнасці партыйных, камсамольскіх, прафсаюзных арганізацый, Саветаў усіх узроўняў. Трэцяя старонка адводзілася для рубрык «Эканамічнае будаўніцтва», «Гаспадарка Беларусі» (прамысловасць, сельская гаспадарка, фінансы, кааперацыя і г. д.). Гэтыя матэрыялы працягваліся і на чацвёртай старонцы, дзе змяшчаліся розныя аб'явы. Калі газета выходзіла на шасці старонках, там друкаваліся справаздачы з партыйных з'ездаў і з'ездаў Саветаў, пленумаў або «Літаратурная старонка».

Журналісты рэспублікі разумелі, што поспех індустрыялізацыі залежыць ад таго, як арганізавана гэта работа на канкрэтным прадпрыемстве, як аб'яднаны для вытворчасці фінансавыя сродкі, як вядзецца падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў, як задзейнічаны мясцовыя рэсурсы. Таму разам з аналітычнымі, праблемнымі артыкуламі друкавалася шмат заметак аб тым, як планы пабудовы сучаснай вытворчасці разумеюць рабочыя, тэхнічная інтэлігенцыя і што яны робяць, каб гэтыя планы сталі рэальнасцю, і не толькі на адным прадпрыемстве, але і ва ўсёй прамысловасці рэспублікі.

Напрыклад, у гэты час, на пачатку разгортвання індустрыялізацыі, было праведзена даследаванне дзейнасці буйных прадпрыемстваў. Мэта была канкрэтная: высветліць стан вытворчасці і перспектывы развіцця. Камісіі звярнулі ўвагу таксама на стан абсталявання, тэхніку бяспекі, санітарныя ўмовы на рабочых месцах, нават на маральны клімат у працоўных калектывах. Гэтыя пытанні абмяркоўваліся на вытворчых нарадах, асвятляліся ў друку. У газеты пайшлі пісьмы і запыты з розных прадпрыемстваў аб запраідэнні камісій для правядзення такіх праверак. Ідэалогія індустрыялізацыі, такім чынам, усталёўвалася ў рабочых калектывах.

Так узнік масавы рух за асваенне перадавога вопыту. Рэспубліканскія газеты раскрывалі перад чытачом сакрэты новых метадаў працы на вытворчасці. Гэта было значным дасягненнем перыядычнага друку рэспублікі на той час. Па-першае, узбагаціўся змест газет і часопісаў. Там вельмі часта выступалі інжынеры, майстры і перадавыя рабочыя, якія расказвалі аб новых падыходах да стварэння прамысловай прадукцыі і новых якасцях гэтай прадукцыі.

Ішоў працэс азнаямлення ў першую чаргу спецыялістаў, а затым і ўсёй грамадскасці з формамі і метадамі правядзення індустрыялізацыі. Напрыклад, «Звезда» вяла рубрыку «Рабочае жыццё», якая фактычна была ператворана ў інфармацыйную панараму індустрыялізацыі рэспублікі. Аўтарамі матэрыялаў былі рабочыя. Карэспандэнцый змяшчалася вялікая колькасць: за 1925 г. больш за 9 тыс.

А па-другое, і гэта галоўнае, абмеркаванне найноўшых тэхналогій вытворчасці паскарала іх укараненне на розных прадпрыемствах, спрыяла павышэнню кваліфікацыі працоўных. На старонках газет вялася размова аб неабходнасці павелічэння выпуску прадукцыі, зніжэнні яе сабекошту, інтэнсіфікацыі вытворчасці, эканоміі сыравіны і затрат энергіі.

Паколькі для будаўніцтва прамысловасці былі неабходны вялікія сродкі, партыя разам з увядзеннем дзяржаўных пазык, якія давалі вялікія фінансавыя накапленні за кошт насельніцтва, адпрацоўвала сістэму дырэктыўных мер па разгортванні рэжыму эканоміі. «Рэжым эканоміі для індустрыялізацыі», «Рэжым эканоміі – шлях да сацыялізму» – гэта спецыяльныя рубрыкі з газеты «Звезда». «У дынаміцы нашага гаспадарчага жыцця рэжым эканоміі павінен заняць галоўнае месца. Ён павінен стаць неад'емнай часткай нашага новага быту», – пісала газета. Падобныя матэрыялы змяшчаліся ў кожным выданні рэспублікі. Шкада, што гэта не замацавалася ў нацыянальнай свядомасці і не стала стылем гаспадарчай дзейнасці.

Барацьба за эканомію сыравіны і працоўных рэсурсаў у спалучэнні з асваеннем перадавога вопыту адкрывала новыя рэзервы для развіцця прамысловасці. На большасці прадпрыемстваў вывучаліся і перагледжваліся нормы расходу паліва, вытворчых матэрыялаў, рацыянальнае выкарыстанне працоўных месцаў і затрат часу на выраб адзінкі прадукцыі. «Звезда» ў 1926 г. сістэматычна друкавала справаздачы з галіновых канферэнцый прамыславікоў рэспублікі. Такім чынам, у кароткі тэрмін сацыялістычная індустрыялізацыя, аб'яўленая савецкай уладай, стала асноўнай тэмай перыядычнага друку для ўсведамлення ўсім грамадствам важнасці тых, працэсаў, якія адбываліся ў краіне ў 20-я гг.

Для больш глыбокага адлюстравання праблем індустрыялізацыі 3 ліпеня 1927 г. пачала выходзіць спецыяльная газета «Рабочий» – орган ЦК КП(б)Б. Выхад гэтай газеты аб'ектыўна супадаў з пачаткам інтэнсіфікацыі працэсу развіцця прамысловасці ў рэспубліцы. Фінансаванне прадпрыемстваў, падрыхтоўка кадраў, арганізацыя вытворчасці, а таксама сацыялістычнае спаборніцтва ў працоўных калектывах – усе гэтыя пытанні з асаблівай глыбінёй распрацоўвала рэдакцыя новай газеты.

Патрэбна падкрэсліць, што вопыт стварэння спецыяльнага прамысловага выдання ў Беларусі поўнасцю сябе апраўдаў. Усенародная справа фактычна была выведзена на ўсеагульнае абмеркаванне. Газета «Рабочий» падкрэсліла значнасць і важнасць рабочага класа ў рэспубліцы як стваральніка сацыялістычнай індустрыі. Неабходна ўспомніць, іпто ў той час Беларусь была аграрнай краінай і колькасць рабочага класа ў складзе насельніцтва не перавышала 10%. Аднак гэты паказчык вельмі хутка рос. За кошт пабудаваных новых прадпрыемстваў, за кошт таго, што моладзь у масавым парадку ішла на рэспубліканскія будоўлі, у створаныя тэхнікумы і вытворчыя вучылішчы.

Газета «Рабочий» паступова знайшла сваё месца сярод рэспубліканскіх выданняў. Яе галоўнай тэмай была эканоміка. Штодзённа шэсць палос запаўняліся разнастайнай інфармацыяй аб функцыянаванні народна-гаспадарчага комплексу.

У 1929 г. гэта выданне актыўна абмяркоўвала выкананне плана першага года пяцігодкі: кантрольныя лічбы развіцця народнай гаспадаркі БССР на 1929-1930 гг.; вынікі і далейшыя задачы калгаснага і саўгаснага будаўніцтва; сацыялістычнае спаборніцтва і вынікі развіцця прамысловасці; папярэднія вынікі «чысткі партыі, рост і рэгуляванне яе складу». Такім быў парадак дня чарговага пленума ЦК КП(б)Б. I газета грунтоўна і паслядоўна адлюстроўвала вызначаныя праблемы. Яны былі ў цэнтры дзейнасці партыйных, савецкіх і гаспадарчых органаў. Аднак спектр выканання гэтых задач быў значна шырэйшым. Прамысловасць і сельская гаспадарка, жыццё рабочых і калгаснікаў адлюстроўваліся на старонках «Рабочего».

Адным з галоўных матываў газеты быў тэзіс аб неабходнасці пашыраць вытворчасць, для чаго былі ўсе падставы. Ужо ў верасні 1929 г. паведамлялася: калектывізацыя пашырылася ў параўнанні з планам у тры разы, пасяўныя плошчы выраслі на 184%. Былі значныя дасягненні і ў прамысловасці. Валавая прадукцыя вырасла на 45% у параўнанні з 1928 г., вытворчасць працы – на 94, 8%, а зарплата павялічылася на 11, 2%. I гэта ўсё дзякуючы паляпшэнню якасці прадукцыі, зніжэнню яе сабекошту. Гэтыя паказчыкі патрэбна замацоўваць і развіваць далей, падкрэслівала газета.

Разам з паглыбленым абмеркаваннем гаспадарча-палітычных задач у газеце «Рабочий» усё выразней праяўлялася тэма класавай барацьбы. Класавы вораг усімі сіламі і спосабамі хоча паралізаваць самакрытыку, якая з'яўляецца лепшай зброяй у руках рабочага класа, у руках партыі, гаварылася ў адным з нумароў газеты. Такія матэрыялы сталі друкавацца ўсё часцей. Стваралася абстаноўка падазронасці і татальнай барацьбы супраць «ворагаў» у краіне. «Рабочий» перадрукаваў з «Правды» артыкул «Об извращениях в земельной политике Наркомзема БССР». Па старонках газет «пайшла гуляць прышчэпаўшчына». Аўтары заметак выступалі супраць хутароў, асобных гаспадарак, невялікіх пасёлкаў. Вывад быў адзін: толькі калгас з'яўляецца моцным рычагом перабудовы вёскі, а ўсё астатняе – ідэалогія класавых ворагаў.

Была разгорнута таксама барацьба з нацдэмамі. У нумары газеты за 13 верасня надрукаваны два вялікія артыкулы: «Супраць нацыяналдэмакратызму палітычнай ідэалогіі буржуазіі» і «Аб правым ухіле, палажэнні і задачах ЛКСМБ» (па матэрыялах абмеркавання працы беларускай камсамольскай арганізацыі на Бюро ЦК ЛКСМ у Маскве). У рэспубліцы складвалася напружаная абстаноўка. У друку выпрацоўваўся абвінаваўчы стыль. Самакрытыка пераўтваралася ў самаабвінавачанне. Газета «Рабочий» надрукавала пад характэрнай назвай артыкул Ігнатоўскага «Аб ідэалагічных памылках у гістарычных даследаваннях». Так было названа пісьмо ў рэдакцыю самога Ігнатоўскага, які спрабаваў растлумачыць нейкаму аўтару-абвінаваўцу «свае памылкі», якія не ўкладваліся ў рамкі класавай барацьбы.

На старонках газет пачынаўся працэс выкрыцця, абвінавачання, судовых пераследаванняў, заклікаў да пакарання. Вось толькі загалоўкі падобных матэрыялаў у «Звезде»: «Масавая чыстка апарату Дзяржплана», «Твар нацыяналшавініста (чыстка апарату Наркампрацы)», «Выкарчаваць рэшткі шкодніцтва з Белсаўгастрэста» і г. д.

На жаль, усё гэта адлюстроўвалася і на старонках «Рабочего», хаця патрэбна адзначыць, што выхад газеты пачынаў новы якасны перыяд ва ўмацаванні рэспубліканскага друку. ЦК УКП(б), a затым ЦК КП(б)Б прынялі цэлы шэраг пастаноў аб удасканаленні партыйнага кіраўніцтва друкам, умацаванні рэдакцый кадрамі і павышэнні іх прафесійнага майстэрства, паляпшэнні фінансавага і тэхнічнага забеспячэння рэдакцый газет і часопісаў.

У Беларусі ўслед за адкрыццём «Рабочего» была рэарганізавана «Звезда»: са жніўня 1927 г. газета пачынае друкавацца на беларускай мове. Гэта адно з важнейшых дасягненняў у нацыянальным дзяржаўным будаўніцтве. 3 гэтага часу большая частка перыёдыкі ўжо выходзіла на беларускай мове. Адзначым, што родная мова стала нормай дзяржаўнага ўжытку. Усё справаводства вялося пабеларуску, а пры патрабаванні службовыя паперы выдаваліся на рускай, польскай і яўрэйскай мовах.

Пераход «Звезды» на беларускую мову – у першую чаргу з'ява палітычная. Самасвядомасць беларускага народа ў гэты час расла вельмі хутка. Працоўныя – сяляне і рабочыя – былі ўключаны ў агульны працэс ліквідацыі непісьменнасці. Таксама хутка шырыўся склад інтэлігенцыі: творчай, мастацкай, тэхнічнай. Усё больш умацоўвалася партыйная арганізацыя. У рэспубліцы для партыйных палякаў і яўрэяў выдаваліся нацыянальныя газеты, a для камуністаў-беларусаў «Звезда» друкавалася на рускай мове. Цяпер «Звязда» станавілася і галоўным нацыянальным выданнем.

Зразумела, што беларускамоўная «Звязда» – таксама з'ява, і вялікай культурнай каштоўнасці. Галоўная рэспубліканская газета па форме і змесце стала беларускай. Гэта асабліва адчувалі прадстаўнікі літаратуры, настаўніцтва, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў. Беларуская мова стала нормай партыйных зносін і дырэктыў савецкай улады, а значыць, была найвышэйшым прызнаннем самастойнасці беларускай нацыі. «Звязда» сабрала вакол сябе найбольш тонкіх знаўцаў беларускай мовы і стала прыкладам яе «газетнай версіі» для ўсяго друку рэспублікі.

I нарэшце, значна пашырыўся аўтарытэт беларускамоўнай «Звязды». Яе інфармацыя зыходзіла ад кіраўніцтва краіны, а таму была запатрабаванай і важнай. Чытачы даведваліся пра дзейнасць партыйнай арганізацыі, пра тое, як ідзе індустрыялізацыя, ліквідацыя непісьменнасці, пашыраецца сацыялістычны лад жыцця, барацьба з кулацтвам і цемрашальствам, як вырашаюцца праблемы нацыянальнай літаратуры і мастацтва. Рэдакцыя «Звязды» ўздымала найважнейшыя для беларусаў пытанні. Несумненна, што публіцыетыка «звяздоўцаў» была арыенцірам для працы ўсіх журналістаў рэспублікі.

З умацаваннем пазіцый беларускай мовы яшчэ больш праявілася грамадская цікавасць да літаратуры і публіцыстыкі. Як ужо адзначалася, амаль у кожным горадзе дзейнічаў філіял «Маладняка» і друкаваўся літаратурна-публіцыстычны часопіс.

Была яшчэ адна адметнасць у творчасці літаратараў – непарыўная сувязь з перыядычным друкам. У газетах таго часу празаікі і паэты былі «прапісаны», дзякуючы сваім творам. Газета пісьменнік публіцыстыка – гэта творчая сувязь беларускай журналістыкі ў другой палове 20-х гг. праявілася найбольш моцна. Удзел пісьменнікаў у друку варты ўвагі даследчыкаў, бо публіцыстыка Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага і іншых была творчай лабараторыяй для журналістаў, школай удумлівага адлюстравання рэчаіснасці ва ўмовах абмежаванай партыйнай свабоды слова. Тым больш што ў гэты час вельмі хутка расла колькасць беларускіх газет: у 1928 г. іх выходзіла 28, а ў 1929 – ужо 63. У наступныя гады гэтыя лічбы павялічваліся.

Несумненныя поспехі ў будаўніцтве айчыннай прамысловасці падкрэслілі неабходнасць радыкальных змен у сельскай гаспадарцы. Да 1927 г. дзейнічаў Зямельны кодэкс БССР, у якім была замацавана свабода выбару землекарыстання. Таму ў вёсцы склалася разнастайная сістэма сельскагаспадарчай вытворчасці – ад індывідуальных гаспадарак, таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі да сельгасарцеляў і саўгасаў. Акрамя таго, па плане Наркамата земляробства на хутары было пераселена 150 тыс. беззямельных сялян. Калгасы разглядаліся як форма аб'яднання бяднейшых сялянскіх гаспадарак, і іх стварэнне пачалося пасля XV з'езда УКП(б) у снежні 1927 г., які зацвердзіў план калектывізацыі.

У беларускай журналістыцы з'яўляецца новая пастаянная тэма – стварэнне калгасаў і арганізацыя высокаэфектыўнай сельскагаспадарчай вытворчасці на сяле. Газеты «Беларуская вёска», «Звязда», «Чырвоная змена», «Савецкая Беларусь», акруговыя і іншыя выданні ўключыліся ў калектывізацыю самым непасрэдным чынам. Узмоцненая прапаганда даказвала амаль гістарычную неабходнасць стварэння ў вёсцы калектыўнай гаспадаркі, пераходу сельскай вытворчасці на навуковую аснову, выкарыстання новай тэхнікі і калектыўных форм працы для задавальнення патрэб працаўнікоў сяла, стварэння фінансавых накапленняў для развіцця прамысловасці.

Такая прапаганда ўспрымалася бяднейшым насельніцтвам, якое бачыла ў калгасах свой паратунак ад пакут беднасці. Ужо ў 1928 г. у БССР было створана 994 калгасы, у тым ліку 227 яўрэйскіх, 12 польскіх, 2 латышскія, а ў Віцебскай вобласці – адзін цыганскі і адзін кітайскі.

Асноўным прапагандыстам калгаснага руху была газета «Беларуская вёска» – з 1925 г. сялянская газета ЦК і Мінскага акружкома КП(б)Б. Жыццё вёскі, стварэнне калгасаў і праца селяніна сталі зместам «хлебаробскай газеты», як называлі яе чытачы. Рэдкалегія падрабязна расказвала аб неабходнасці стварэння калгасаў, Друкаваліся матэрыялы, як арганізоўваць і праводзіць агульныя сходы, выяўляць тых, хто жадае ўступіць у калгас, дзе выбіраць зямлю для карыстання, як падабраць і абраць найболын гаспадарлівае і пісьменнае кіраўніцтва. Другая справа – як ідзе арганізацыя калгасаў у раёнах рэспублікі. «Беларуская вёска» змяшчала паведамленні селькораў, дзе і які стварылі калгас і як там арганізоўваецца праца яго членаў. Газета падкрэслівала, што ў новай гаспадарцы з дапамогай дзяржавы калгаснікі набывалі прылады працы, кароў, коней, своечасова апрацоўвалі зямлю і пазбаўляліся ад эксплуатацыі кулакоў. Акрамя таго, калгасы будавалі школы для вясковых дзяцей, клубы, адкрывалі бібліятэкі.

Ствараўся новы стыль жыцця ў беларускім сяле. Яго развівала, замацоўвала газета «Беларуская вёска», якую чакалі, чыталі і паважалі. Калі сяляне вёскі Цешкава Пухавіцкага раёна 1 верасня 1929 г. арганізавалі калгас, то ў гонар «сваёй газеты» ён атрымаў назву «Беларуская вёска».

У 1928 г. 2 сакавіка «Беларуская вёска» адзначала сваё свята, значную падзею: газета была падрыхтавана на новай ратацыйнай машыне. Раней тыраж друкаваўся амаль суткі, а цяпер толькі тры гадзіны. Другое дасягненне, якое адзначала рэдакцыя, – самы вялікі ў рэспубліцы тыраж (21 тыс. экземпляраў). Калі 15 студзеня 1921 г. выйшаў першы нумар «Беларускай вёскі», ён складаў 15 тыс. экземпляраў. Гэта вельмі вялікі тыраж у той час. Аднак тады газеты распаўсюджваліся бясплатна. А ў 1922 г., калі перыядычны друк быў пераведзены на падпіску, «Беларуская вёска» амаль не загінула. На студзень 1925 г. налічвалася толькі 328 падпісчыкаў, і якраз тады газета атрымала статус акруговай. У газеце на той час працавалі тры супрацоўнікі – Матусевіч, Савіч і Кузьма Чорны, якія праявілі максімум арганізаванасці, журналісцкага майстэрства і грамадзянскай адказнасці. Да канца 1925 г. выданне было пераведзена на беларускую мову, павялічыўся тыраж, яно зноў стала цэнтральным і ўсё больш шырока разыходзілася па краіне. У 1928 г. у рэдакцыі было зарэгістравана больш за 2 тыс. селькораў, кожны дзень прыходзіла больш за 600 пісем і ставілася задача да 1 красавіка ўзняць тыраж да 25 тыс.

Патрэбна таксама адзначыць, што «Беларуская вёска» даволі прывабна афармлялася: вярсталася з малюнкамі і фотаздымкамі, выходзіла на чатырох – васьмі старонках тры разы на тыдзень. Зразумела, што такое выданне магло глыбока асвятляць пытанні землеўладкавання і будаўніцтва новай вёскі.

Газета пісала, што калектывізацыя сельскай гаспадаркі важнейшая сучасная задача. У пачатку 1928 г. пачыналіся перавыбары ў сельскія Саветы. Рэдакцыя звярталася да старшыні СНК БССР А.Чарвякова з мэтай больш поўнага асвятлення выбарчай кампаніі і адкрывала перад чытачамі яе асноўныя праблемы. Як пісаў А.Чарвякоў, выбары гэта палітычная акцыя, якую вяскоўцы павінны правесці свядома і па-гаспадарску.

У Савет патрэбна вылучыць найбольш адукаваных і палітычна свядомых сялян. Дзеля гэтага неабходна, каб выбары праходзілі пад кантролем партыйных ячэек, якія асаблівую ўвагу павінны надаць аб'яднанню сераднякоў з беднякамі і не дапусціць выбрання ў Саветы кулакоў.

Ад выбараў у сельсаветы рэдакцыя пераходзіла да падрабязнага аналізу і вывучэння ўсяго шырокага спектра праблем вёскі. Газета імкнулася пераканаць сялян у неабходнасці стварэння калгасаў, паказвала, што ў буйной гаспадарцы разам з беднякамі можа быць і серадняк, а гэты саюз дапаможа падняць сельскагаспадарчую вытворчасць.

«Беларуская вёека» давала «парады па развіцці гаспадаркі» такая рубрыка друкавалася ў кожным нумары. Для чытачоў яна была агранамічнай і заатэхнічнай энцыклапедыяй. Напрыклад, рэдакцыя звярталася да калгаснікаў, каб яны набывалі больш тэхнікі, пашыралі экспарт ільну, пянькі, футра, скур і лекавых траў, бо ад гэтага мае быць вялікі грашовы даход.

Сялянская газета стала папулярнай. Аднак рэдакцыя лічыла, што рэзервы падпіскі яшчэ не вычарпаны. Таму да ўсёй сістэмы працаўнікоў Наркамата земляробства звярнуўся нарком Дз.Прышчэпаў і ўказаў на неабходнасць разгортвання масавай падпіскі. Нарком лічыў, што «Беларуская вёска» і часопіс «Плуг» з'яўляюцца самай масавай і карыснай сялянскай літаратурай.

У справе развіцця сельскай культуры роля газеты «Беларуская вёска» вельмі значная. Шмат увагі будаўніцтву вёскі ўдзялялі штотыднёвік на польскай мове «Orka» («Ралля») і штодзённая газета на яўрэйскай мове «Акцябр» –органы ЦК КП(б)Б.

Прапаганда калгаснага жыцця была вельмі інтэнсіўнай. Услед за партыйнымі пастановамі перыядычны друк таксама перайшоў на дырэктыўны, камандны стыль. На газетнай паласе не абмяркоўваліся іншыя формы землеўладання, не прыводзіліся рознабаковыя думкі аб уладкаванні калгасаў, а тым больш не друкаваліся артыкулы праціўнікаў калгаснага ладу. Прапаганда ў перыядычным друку капіравала лозунгі і ідэі вышэйшага партыйнага кіраўніцтва. I не адступала ад гэтага ні на крок.

Калектывізацыя пачала здзяйсняцца па загадзе партыйных органаў, фактычна прымусова. Грамадства было падзелена на дзве часткі: тых, хто падтрымліваў палітыку партыі аб калектывізацыі, і тых, хто выступаў супраць яе. Паступова адносіны паміж імі перараслі ў варожыя.

Зразумела, што гэта адбілася і на змесце перыёдыкі таго часу. I хаця гэты працэс асвятляўся аднабакова, з партыйных пазіцый, мы маем амаль поўнае ўяўленне аб жорсткасці гэтай барацьбы. Вось, да прыкладу, паведамленне «Чырвонай змены» ад 15 лютага 1933 г.: за 1929 г. газета выпусціла 17 «кавалерысцкіх» старонак. Па яе матэрыялах, 42 чалавекі аддадзены пад суд, 21 зняты з работы, 52 «вычышчаны» (выключаны) з навучальных устаноў, да 75 прыняты іншыя меры.

У «Звяздзе», «Беларускай вёсцы» і іншых выданнях разам з публікацыямі аб поспехах калгаснага будаўніцтва друкаваліся матэрыялы аб «ухіленнях ад лініі партыі». У гэту формулу ўмяшчалаея многае з тагачаснай супярэчлівай рэчаіснасці: неканкрэтная праца «сельсаветчыкаў» па арганізацыі калгасаў, лаяльнасць партыйцаў і камсамольцаў да кулакоў, ігнараванне калгасаў сераднякамі. Усе яны залічваліся ў антысавецкія элементы. Пачаліся арышты, высылкі, забойствы.

Пры арганізацыі калгасаў прымяняліся паўваенныя метады: быў узяты курс на паскораную калектывізацыю. Гэта выклікала супярэчнасці як у вышэйпіым кіраўніцтве краіны, так і ў грамадстве. У друку пачалася крытычная кампанія па выкрыцці ідэалогіі «правага ўхілу», прадстаўнікі якога выступалі супраць надзвычайных мер і прапаноўвалі развіваць эканамічныя метады вьірашэння сацыяльных праблем.

Журналісты паступова адыходзілі ад абмеркавання эканамічных праблем, як гэта было ў час палітыкі НЭПа, і ўцягваліся ў прапаганду класавай барацьбы ў працэсе калектывізацыі. З'явіўся нават новы жанр партыйнай публіцыстыкі – артыкулабвінавачанне. У час «раскруткі правага ўхілу» ў 1929 г. у Беларусі было арыштавана 29 чалавек. Паняцце «прышчэпаўшчына» (па прозвішчы рэпрэсіраванага наркома земляробства БССР Дз.Ф.Прышчэпава) было даведзена друкам да свядомасці людзей як варожая ідэалогія і надоўга заставалася азначэннем надуманага «нацыяналдэмакратызму».

На газетных старонках з'явіўся лозунг «Ліквідацыя кулацтва як класа!». Гэта быў пачатак рэпрэсіўнага наступлення партыйнай улады на «свайго» праціўніка, які не ўваходзіў па палітычных мерках у формулу паскоранай калектывізацыі. Наступала знішчэнне вёскі, падрыў яе матэрыяльнай асновы, што склалася ў перыяд НЭПа. Пасля ліквідацыі кулакоў падвергліся ўціску сераднякі. А затым прымусова ў калгас былі запісаны і беднякі. У выніку «штурму і націску», як пісала «Беларуская вёска», ужо ў пачатку 1930 г. у калгасы ўстуніла каля 60% сялянскіх гаспадарак. Аднак гэта «ўступленне» выклікала ў тым жа годзе каля 500 пратэстных выступленняў сялян.

У 1930 г. у рэспубліцы былі ўтвораны раёны, якія выклікалі да жыцця новы тып перыядычнага друку – раённыя газеты. Гэта было прадугледжана пастановай ЦК УКП(б) «Аб рэарганізацыі сеткі газет у сувязі з ліквідацыяй акруг». Да канца 1931 г. было створана 30 «раёнак». Пачатак раённага друку азначаў новую, больш высокую якасць усяго перыядычнага друку рэспублікі. Раённыя газеты паступова станавіліся цэнтрам палітычнай арганізацыі на месцах практычнай рэалізацыі планаў сацыялістычнага будаўніцтва.

Раённы друк ствараўся дзеля актывізацыі працэсаў індустрыялізацыі і калектывізацыі. А паколькі калектывізацыя фактычна была фінансавай асновай індустрыялізацыі, то каштоўнасць раённай газеты ўзрастала: яна была асновай прапаганды сацыялістычнага будаўніцтва. Акрамя таго, «раёнкі» часткова ствараліся на базе акруговых газет. Гэта азначала, што меўся значны вопыт журналісцкай працы, матэрыяльная база, якая патрабавала перыядычнага паляпшэння. У большасці раёнаў на той час ужо былі друкарні: у Полацку, Мазыры, Бабруйску, Барысаве і інш. У іх часта выпускалася некалькі газет памежных раёнаў.

Галоўнае, што было каштоўным у раённай газеце, – паўната адлюстравання мясцовага жыцця. Факты, падзеі, героі матэрыялаў усё было знаёмым і блізкім для чытача. На гэтай падставе паміж чытачамі і мясцовай газетай устанаўліваліся пастаянныя сувязі: газета ўваходзіла ў жыццё як паўсядзённы субяседнік, абавязковы веснік кожнай сям'і, кожнага чалавека. А так як попыт на інфармацыю ў той час быў вельмі вялікі, кожны раён імкнуўся стварыць сваю газету, павялічыць тыраж і перыядычнасць яе выхаду. Напрыклад, газета «Бальшавік Барысаўшчыны», створаная ў 1930 г., ужо ў 1932 г. выходзіла кожны дзень.

Асабліва важкім быў уклад раённага друку ў арганізацыю калгасаў. Перш-наперш насельніцтва раёнаў вывучала па сваёй газеце палітычныя ідэі калектывізацыі, чытачы маглі прасачыць, як развіваецца гэты працэс у рэспубліцы, а таксама ў суседніх вёсках. I хаця раённыя выданні не адступалі ад «генеральнай лініі партыі» і ўсямерна прапагандавалі калгасны рух: вялі барацьбу з кулакамі, выкрывалі «ворагаў народа», крытыкавалі партыйных і савецкіх работнікаў, якія не вельмі актыўна праводзілі дзяржаўную палітыку, выкрывалі, як тады гаварылася, прыстасаванцаў і «прымазаўшыхся», ваявалі супраць рэлігіі і г. д. – гэта інфармацыя арыентавала чытачоў, напамінала аб неабходнасці пільных паводзін у такой складанай абстаноўцы. I, вядома, вялікая колькасць людзей была папярэджана аб небяспецы паспешлівых вывадаў і ўчынкаў.

Асвятляўся ў раённых газетах і другі бок жыцця вёскі. Журналісты расказвалі, як наладжваецца праца ў калгасах. Так як дзяржава выдаткавала сродкі і закупляла тэхніку, вясенняя сяўба і ўборка, а таксама нарыхтоўка кармоў праводзіліся болын інтэнсіўна. Калектыўная праца давала свой плён: пашыраліся плошчы пад пасевы зерневых, своечасова і ў дастатковай колькасці нарыхтоўваліся кармы. Раённыя газеты паказвалі, як паступова калгаснае жыццё набірае моц. Усталёўваўся і быт калгаснікаў. У вёсках разгарнулася будаўніцтва новых дамоў. Дзяржава дапамагала вялікім і маладым сем'ям. Знікала беспрацоўе. Калгасы імкнуліся арганізоўваць сходы і запрашаць на іх адукаваных спецыялістаў, вывучаць тэорыю агратэхнікі. Моладзь накіроўвалі на курсы механізатараў. Тэхнічныя прафесіі на сяле станавіліся патрэбнымі і аўтарытэтнымі – яны прыцягвалі моладзь, якая жадала вучыцца.

Разам з тым раённыя газеты паступова ўзмацнялі агітацыйна-прапагандысцкую работу, асабліва глыбока і сістэмна разглядалі культурна-асветніцкія пытанні. Сярод іх галоўнай заставалася праблема ліквідацыі непісьменнасці праз арганізацыю школ, навучанне ў іх дзяцей.

У кожным калгасе акрамя партячэйкі была створана камсамольская арганізацыя. На яе ўскладваліся шматлікія задачы. Грамадска-палітычная работа сярод моладзі вёскі вялася праз арганізацыю лекцый, гутарак, мастацкай самадзейнасці, суботнікаў, розных кампаній. Паступова ўся моладзь прыцягвалася да вучобы ў школе.

Раённыя газеты ў кожным нумары расказвалі аб рабоце камсамола, справядліва падкрэсліваючы, што гэта арганізацыя аб'ядноўвае лепшую частку юнацтва. Неабходна адзначыць, што прапагандзе перыядычнага друку асабліва спрыяла моладзь. Ужо больш дзесяці гадоў існавала савецкая ўлада, падрастала новае пакаленне, якое не ведала іншага жыцця і паволі адыходзіла ад старога, а часта і не ўспрымала псіхалогію сваіх бацькоў. Моладзь бачыла, што савецкая ўлада прапануе захапляльныя планы на будучае, запрашае да руплівай працы на калгасных палетках, прадастаўляе магчымасць вучыцца і г.д. Такая ідэалогія супадала з жаданнямі маладых людзей, і журналісты раённых газет імкнуліся паказаць гэта найбольш яскрава і пераканаўча.

Адсюль выцякае яшчэ адна важная акалічнасць: класавая барацьба ў вёсцы з кулацтвам, абвешчаная партыяй і ўрадам, часткай насельніцтва ўспрымалася свядома і канкрэтна. «Кулак – гэта вораг!» – гэта было запісана ў партыйных дырэктывах, амаль такі ж лозунг можна было ўбачыць на старонках раённых і рэспубліканскіх газет. На жаль, мы павінны канстатаваць, што многія чытачы разумелі гэта адэкватна, таму што верылі прэсе. Акрамя таго, бачылі, што ў іх вёсцы тыя, каго называлі кулакамі, жывуць заможна, маюць спраўную гаспадарку, карыстаюцца наёмнай рабочай сілай, трымаюць батракоў. Вывад – як прысуд: кулак – вораг народа!

На жаль, у беларускай прэсе канца 20-х – пачатку 30-х гг. многа антыграмадскай інфармацыі аб «ворагах народа». Аднак рэпрэсіўны ўдзел перыядычнага друку ў так званай класавай барацьбе дэталёва ніхто не вывучаў, і да гэтай праблемы яшчэ неабходна звярнуцца. Адно патрэбна выразна падкрэсліць, што на многіх газетных старонках захоўваюцца тысячы прозвішчаў людзей, якія былі наўмысна абвінавачаны і, здаралася, заўчасна адышлі назаўсёды з жыцця. Пра гэты факт нам нельга забыцца.

Друк Беларусі гэтага складанага перыяду фактычна быў пад двайной партыйнай цэнзурай: саюзнай і рэспубліканскай. Можа пагэтаму беларуская журналістыка часта аказвалася «наперадзе ўсіх у барацьбе за калгасы», што адзначала нават «Правда» 12 студзеня 1932 г. Вось чаму ў газетах вельмі рэдка сустракаюцца матэрыялы, у якіх аналізуюцца прычыны, чаму сяляне выходзяць з калгасаў, не хочуць туды ўступаць, незадаволены абагульненнем жывёлы і сельскагаспадарчых прылад. Дзе-нідзе, пад выглядам крытыкі, можна сустрэць выказванне, што работнікі сельсаветаў, члены партячэек у прымусовым парадку запісвалі сялян у калгас. Узмацнялася атмасфера страху быць раскулачаным або трапіць у «чорныя спісы ворагаў народа».

Акрамя таго, што ў газетах было шмат «выкрывальных» матэрыялаў і іншы чытач з трывогай перагортваў яе старонкі, каб не сустрэцца з блізкай бядой, там выступалі аўтарытэтныя дзяржаўныя дзеячы, пісьменнікі і вучоныя. Можна нагадаць вядомы «Ліст у рэдакцыю» («Звязда». 1930. 30 мая) Янкі Купалы, у якім ён пісаў: «...пакуль хопіць маіх сіл, я не сыду з таго шляху, па якім ішоў да сягонняшніх векапомных дзён, заўсёды наперад і наперад! Бяда і гора маё і ўсяго працоўнага люду беларускага адыходзіць усё далей у нябыт, а шпаркім крокам творыцца квяцістае беспрыгоннае бытаванне, абы толькі шчырай працай і безагляднай адданасцю Ленінскім запаветам дапамагчы хутчэйшаму набліжэнню гэтай светлай часіны!»

Мудры знаўца рэчаіснасці Я.Купала як вялікі мастак быў шчырым перад чытачамі. Ён бачыў, што свет мяняецца да лепшага і гэтыя змены ўплываюць на чалавека, яго жыццё становіцца больш культурным, арганізаваным, адукаваным, матэрыяльна забяспечаным. У рэспубліцы будаваліся буйныя прадпрыемствы, тэхнічна ўзбройвалася прамысловасць і сельская гаспадарка, развівалася адукацыя. Гэта была новая рэчаіснасць беларускага народа і яго песняра Янкі Купалы.

У 1932 г. «Звязда» паведамляла, што ў краіне «завершана пабудова сацыялістычнай эканомікі». У БССР калектывізацыя перавысіла 50%, «вырашаючы пытанне " хто каго", як у горадзе, так і ў вёсцы, на карысць сацыялізму». Удзельная вага прамысловасці ў нацыянальнай вытворчасці вырасла да 50, 4%, узніклі новыя кірункі індустрыялізацыі – машынабудаванне, вытворчасць цэменту, будаўнічых матэрыялаў, штучных угнаенняў і інш. Узрастала заработная плата рабочых.

У час першай пяцігодкі ў беларускім друку адбыліся канкрэтныя змены. Разам са значным павелічэннем колькасці перыядычных выданняў (газет і часопісаў з 1932 г. было больш за 200) у іх змесце адбылася падмена рэчаіснасці ілюзіяй імкнення да ўсеагульнага шчасця ў «сацыялістычным будучым». Пад пастаянным уплывам партыйнай свабоды слова ўсталяваўся маніпуляцыйны апарат сцвярджэння антынародных ідэй, нагнятання страху і псіхозу, нацкоўвання адных людзей на другіх.

Слова прэсы ператварылася ў партыйнага прыгнятальніка свядомасці і выхоўвала людзей або фанатыкамі, або праціўнікамі савецкай улады. На гэтай мяжы і праходзіла класавая барацьба ў савецкай краіне, хаця аб'ектыўных падстаў для варожасці паміж сялянствам, рабочымі і інтэлігенцыяй не было, як не было прычын і для барацьбы ўнутры кожнага класа. Аднак ідэі варожасці, знішчэння кулацтва як класа былі сфармуляваны вышэйшым партыйным кіраўніцтвам і даведзены праз друк да свядомасці людзей у самым агідным, злачынным выглядзе, а заканчваліся такія справы іншы раз расстрэльнымі акцыямі карных органаў. Замыкалася злавеснае кола, і ўнутры яго была газета як «праваднік ідэй партыі».

У той жа час друкаванае слова ў нашай краіне шырылася, журналісты назапашвалі прафесійны вопыт і літаратурнае майстэрства. Усё больш адукаваных людзей прыходзіла на працу ў рэдакцыі, рос агульнаадукацыйны і культурны ўзровень грамадства.

Для масавага ўплыву перыядычнага друку на насельніцтва быў створаны спецыяльны атрад добраахвотнікаў – рабселькоры. Гэта феномен у дзейнасці партыйнасавецкага друку. Шматграннай і надзвычай важнай была праца рабселькораў. У 20-30-я гг., калі ў грамадстве ўсталёўваліся шырокія сацыяльныя сувязі, патрэбна было сфарміраваць новае пакаленне маладых людзей, якое б на падсвядомым узроўні засвоіла сутнасць рэвалюцыйных пераўтварэнняў і змагло само ў іх удзельнічаць.

У час індустрыялізацыі і калектывізацыі, а затым выканання планаў першай пяцігодкі ў Беларусі была арганізавана ўстойлівая сістэма масавага партыйнасавецкага друку. Газеты і радыё ператварыліся ў эфектыўны палітычнагаспадарчы механізм, у якім чалавек і вытворчасць былі злучаны ў адзіным комплексе сацыялістычнага будаўніцтва. Большасць выданняў друкавалася на беларускай мове: «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена», «Беларуская вёска» (з 1931 г. «Калгаснік Беларусі»), часопісы «Полымя», «Маладняк», «Узвышша», усе акруговыя і пазней – раённыя газеты. Беларускі друк стаў нацыянальным. Гэта быў вынік дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі.

Выходзілі перыядычныя выданні на рускай мове, у тым ліку газета «Рабочнй»; на польскай – газеты «Гвязда младзёжы» і «Orka»; на яўрэйскай – часопіс «Штэрн» («Зорка»), газеты «Акцябр» і «Дэр Юнгер арбетэр» («Малады рабочы»); на літоўскай «Раўдонасіс артояс» і інш.

Усе слаі насельніцтва рэспублікі з'яўляліся патэнцыяльнымі чытачамі перыядычнага друку, які выконваў інфармацыйную, ідэалагічную і культурна-асветніцкую функцыі ў грамадстве.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.