Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Беларускі друк ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі 4 страница






Арганізацыйную і прапагандысцкую работу праводзіў камсамол і сярод польскай моладзі. У газеце «Млот» у 1921 г. друкавалася старонка «Штандар млодзёжы» («Сцяг моладзі»). A 1 снежня 1921 г. пачала выходзіць газета «Гвязда млодзёжы» («Зорка моладзі») – штотыднёвік рабоча-сялянскай моладзі Беларусі і Расіі, орган ЦК КСМБ. Газета была падобнай да часопіса, выходзіла на васьмі і болей старонках фарматам сучаснай раённай газеты. У звароце да чытачоў рэдкалегія падкрэслівала, што гістарычны лёс беларускага і польскага народаў цесна звязаны. У сучасны момант у выніку захопніцкай палітыкі буржуазіі польская і беларуская моладзь падзелена на два лагеры. У той жа час на тэрыто рыі Савецкай Беларусі і іншых саюзных рэспублік пражывае многа маладых палякаў, якія будуць атрымліваць інфармацыю з СССР і з Польшчы на іх роднай мове. I на самай справе ў газеце вяліся рубрыкі «Жыццё польскай моладзі ў СССР», «Становішча моладзі ў Польшчы», «Моладзь у Заходняй Беларусі».

Такім чынам, «Зорка моладзі» была спецыфічнай газетай інтэрнацыянальнага кірунку. Ад імя шматлікіх чытачоў яна падтрымлівала імкненне заходнебеларускай моладзі да аб'яднання ў адной рэспубліцы і заклікала польскую моладзь падтрымліваць беларусаў у справядлівай барацьбе. У кожным нумары друкаваліся матэрыялы, накіраваныя супраць арыштаў, забойстваў, турэмнага зняволення моладзі ў Польшчы і Заходняй Беларусі, асвятлялася дзейнасць дэмакратычных арганізацый. «Зорка моладзі» выходзіла да 1927 г.

«Малады рабочы» і «Зорка моладзі» разыходзіліся па ўсёй краіне, асобныя нумары траплялі ў Польшчу, Чэхаславакію і іншыя дзяржавы. Яны ўтрымлівалі шырокую інфармацыю аб савецкай краіне і аказвалі станоўчы ўплыў на польскую і яўрэйскую моладзь.

Беларускі дзяржаўны універсітэт, які быў адкрыты ў 1921 г., стаў пачынальнікам студэнцкага друку. Першай газетай стаў «Голас рабфакаўца» – орган студэнцкага камітэта. Тады ж, у 1921 г., студэнты Горацкага сельгасінстытута пачалі выдаваць часопіс «Дни нашей жизни», а ў 1923 г. – часопіс «Голос революционного студенчества».

Выданні вышэйшых навучальных устаноў імкнуліся ўключыць студэнтаў у культурна-асветніцкую і грамадска-палітычную работу, вялі абмеркаванне вучэбна-выхаваўчай дзейнасці. Вучоныя, камсамольскія і партыйныя работнікі выступалі супраць шкодных меркаванняў асобнай часткі грамадства, што моладзь з вёскі не можа быць студэнтамі інстытута. I для пераканання змяшчалі выступленні студэнтаў «ад станка і плуга».

У лютым 1924 г. студэнты БДУ выпусцілі часопіс «Голос пролетарского студенчества». Рэдкалегія даследавала гісторыю студэнцкага руху і рабіла вывад, што рэвалюцыйныя падзеі былі заўсёды звязаны з ім, пісала, што «пралетарый і бядняк-селянін павінны ведаць, як жыве, вучыцца, працуе, а часта і галадае наш студэнт».

У часопісе надрукаваны цікавы артыкул першага рэктара універсітэта У.I.Пічэты «Вузы и краеведенне». Ён звяртаўся да студэнтаў з заклікам вывучаць родны край, адкрыць для чалавека скарбніцы прыроды. Каб узняць народную гаспадарку і рацыяяальна скарыстаць прыроднае багацце, неабходна добра ведаць стан вытворчасці. А каб даць народу магчымасць усебаковага культурнага развіцця, неабходна вывучыць гісторыкакультурнае мінулае і на падставе гэтага будаваць новую культуру.

У кастрычніку 1924 г. у БДУ выйшла газета «Белорусский студент» з намерам стаць «рупарам усяго студэнцтва рэспублікі». Аднак з гэтага нічога не выйшла. 2 лістапада 1924 г. была заснавана газета «Голос студента» – орган прафсаюзаў БДУ. У ёй быў надрукаваны артыкул рэктара У.I.Пічэты «Трэці год работы БДУ».

Студэнты беларусы, якія вучыліся ў Маскве (звыш 1 тыс.), у 1924 г. пачалі выпускаць часопіс «Змаганне». Ён распаўсюджваўся ў беларускіх зямляцтвах маскоўскіх інстытутаў і быў дапаможнікам па вывучэнні гісторыі, эканомікі, геаграфіі, беларускай мовы і літаратуры. Крэда часопіса было ў наступным: «За што мы павінны змагацца? За ідэі камунізму. За ўмацаванне Саюза ССР. За вызваленне прыгнечаных усяго свету. Супраць чаго мы павінны змагацца? Супраць індывідуалізму. Супраць шавінізму. Супраць панскага прыгнёту над братамі за мяжой». Выданне асвятляла студэнцкае жыццё беларускага зямляцтва, расказвала аб навучальных установах Масквы і вяло палеміку з эмігранцкімі беларускімі суполкамі.

У лютым 1925 г. выйшаў часопіс «Чырвоны сцяг» – орган Беларускага бюро пралетарскага студэнцтва і Цэнтральнага ўпраўлення зямляцтва г. Масквы. «Наш часопіс – чырвоны сцяг таго студэнцтва, якое выйшла з радоў пралетарыяту, сялянскай беднаты і сераднякоў, таго студэнцтва, якое хоча і будзе працаваць над умацаваннем Беларусі як часткі СССР, над яе эканамічным і культурным росквітам». Так фармулявала рэдкалегія задачы свайго часопіса. Потым гэта праграма ўвасобілася ў змесце «Чырвонага сцяга». Жыццё студэнцтва ў Маскве і Беларусі, пытанні палітыкі, эканомікі, культуры, міжнародныя праблемы былі ў полі зроку рэдакцыі часопіса. Шмат увагі ўдзялялася літаратуры. Там друкаваліся найболын вядомыя маладыя паэты – М.Чарот, А.Александровіч, С.Шушкевіч. Выйшлі ў свет сем нумароў «Чырвонага сцяга». Па тэматычным змесце і прафесійным афармленні гэта быў адзін з лепшых студэнцкіх часопісаў.

Заснаванне студэнцкага друку – з'ява асаблівая. He толькі таму, што друк адлюстроўваў жыццё найбольш адукаванай часткі беларускай моладзі. Газеты і часопісы вышэйшых навучальных устаноў закладвалі падмурак фарміравання важнейшых рыс нацыянальнай інтэлігенцыі савецкага часу.

У першыя гады пасля Грамадзянскай вайны актывізавалася праца па арганізацыі дзіцячага руху. У 1922 г. была створана Усесаюзная піянерская арганізацыя, якая пачала выпускаць свае газеты і часопісы. У Беларусі ў 1921 – 1922 гг. пад рэдакцыяй З.Бядулі выдаваўся дзіцячы часопіс «Зоркі». Гэта была невялікая кніжка з каляровай вокладкай. У ёй змяшчаліся творы для дзяцей. Я.Купала, М.Чарот, З.Бядуля і іншыя найбольш часта друкаваліся ў часопісе. У першым нумары прапанаваў чытачам свае першыя літаратурныя вопыты Мікалай Раманоўскі – Кузьма Чорны: верш «К дзеткам» і апавяданне «Гузік».

У 1923 г. газета «Звезда» выпускала дадатак «Юный стронтель» – орган Цэнтральнага бюро дзіцячых камуністычных груп імя У.I.Леніна пры Белбюро ЦК РКСМ. Газета выходзіла адзін раз на тыдзень і рассылалася бясплатна ў піянерскія і камсамольскія арганізацыі.

Можна лічыць, што вышэйназваныя дзіцячыя перыядычныя выданні падрыхтавалі аснову для стварэння часопіса «Беларускі піянер» у студзені 1924 г. Перад рэдкалегіяй ставілася задача арганізацыйнага і маральна-палітычнага ўмацавання піянерскага руху. «Для гэтага " Беларускі піянер" будзе друкаваць на сваіх старонках матэрыялы, якія дапамогуць піянерам актыўна ўдзельнічаць у барацьбе і працы, пазнаёмяць з лепшымі творамі пралетарскіх пісьменнікаў, а таксама творчасцю юных піянераў», – гаварылася ў звароце да чытачоў.

Для тых, хто ўступаў у піянеры, часопіс уключаў цікавыя матэрыялы аб тым, як у гэтых арганізацыях дзейнічае мастацкая самадзейнасць, праходзяць літаратурныя вечары, піянерскія зборы, лінейкі, паходы. Гэта было новае цікавае жыццё, і яно прыцягвала да сябе дзяцей.

Амаль у кожным нумары рэдкалегія падкрэслівала патрабаванне часу: дзіця школьнага ўзросту павінна абавязкова вучыцца. Часопіс адводзіў свае старонкі для матэрыялаў аб арганізацыі шэфства, рабоце хатчытальняў, сустрэчах з вядомымі людзьмі.

У Гомелі 6 чэрвеня 1924 г. пачала друкавацца газета «Искра Ильича». З часам яна стала папулярным дзіцячым выданнем. Калі першы нумар выйшаў тыражом 2, 5 тыс., трыццаць другі ўжо быў надрукаваны ў 8 тыс. экземпляраў. Газета выходзіла да 1926 г.

З 1925 г. з'явілася магчымасць выдаваць піянерскую яўрэйскую газету. Гэта быў «Юнгер піянер» («Юны піянер»), які выходзіў як дадатак да партыйнай газеты «Векер» («Будзільнік»). Газета выпускалася на чатырох старонках адзін раз на тыдзень. У 1928 г. «Піянер векер» стаў дадаткам да «Дэр Юнгер арбетэр», а ў 1929 г. зноў была створана самастойная газета «Юнгер ленінец» («Юны ленінец») – орган ЦК ЛКСМБ. Яна выдавалася да 1938 г.

Дзіцячы друк Беларусі быў першым звяном у сістэме партыйна-савецкага друку. У наступныя перыяды гісторыі піянерскія газеты і часопісы набудуць устойлівасць, масавасць, а журналісты выпрацуюць асаблівае майстэрства весці штодзённы дыялог з самымі юнымі чытачамі. У патрыятычным, маральна-этычным выхаванні піянерскі друк меў несумненныя здабыткі.

Такім чынам, да 1925 г. у Беларусі была створана разгалінаваная сістэма перыядычнага друку, якая адпавядала патрабаванням разнастайнага кола чытачоў. Яна абапіралася таксама на марксісцкую ідэалогію і была зарыентавана на будаўніцтва сацыялізму. Гэтай мэце падпарадкоўваўся і партыйнасавецкі друк. Свабоду слова вышэйшае кіраўніцтва здзяйсняла адзіным партыйным «правільным курсам». Таму свабода журналіста знаходзілася ў пазіцыі станоўчых і крытычных адносін толькі ў плане паспяховага выканання задач партыі і ўрада. Для большай часткі журналістаў такое становішча было асабістым перакананнем, і таму змест перыядычнага друку супадаў з патрабаваннямі і інтарэсамі асноўнай часткі чытачоў.

Газеты і часопісы поступова пачалі пераходзіць на беларускую мову. Гэта яшчэ больш наблізіла ўсе дзяржаўныя і грамадскія інстытуты да чалавека; яшчэ глыбей у масы насельніцтва пранікалі ідэі, якія маглі забяспечыць матэрыяльны дабрабыт і духоўнае развіццё людзей. Да супрацоўніцтва ў перыядычным друку запрашаліся ўсе, хто сацыялістычную рэчаіснасць зрабіў сэнсам свайго жыцця. Перыядычны друк адкрыў крыніцу нацыянальнага мастацтва, праявіў творчыя здольнасці новага пакалення стваральнікаў, чым паскорыў фарміраванне беларускай нацыі.

Асноўныя вывады да дадзенага раздзела:

· у аднаўленчы перыяд у краіне была ўсталявана аднапартыйная сістэма, выбраны сацыялістычны шлях развіцця эканомікі і культуры БССР, якая на адносна раўнапраўных асновах увайшла ў склад СССР;

· на аснове марксісцкай ідэалогіі ўпершыню ў гісторыі была створана шырокая сетка партыйна-савецкага друку для вырашэння задач класавай барацьбы, ідэалагічнага забеспячэння будаўніцтва сацыялізму і разлічаная на ўсе слаі насельніцтва, і ў першую чаргу на рабочых і сялян Беларусі;

· новая сістэма перыядычнага друку БССР стала адным з самых моцных фактараў фарміравання нацыянальнай культуры: развіцця беларускай мовы, гісторыі, літаратуры і мастацтва.

Гэта гістарычная рэальнасць, якую нам неабходна дэталёва вывучаць, каб, не паўтараючы памылак, імкліва рухацца наперад ужо ў вымярэнні інфармацыйнай эпохі.

 

 

Р а з д з е л III

 

ІДЭАЛОГІЯ САЦЫЯЛІЗМУ Ў БЕЛАРУСКАЙ ЖУРНАЛІСТЫЦЫ






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.