Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Стварэнне і развіццё беларускага радыё






Радыё – вялікае вынаходніцтва знакамітага рускага вучонага А.С.Папова, якое ён здзейсніў 7 мая 1895 г., – прыйшло на Беларусь разам з рэвалюцыяй 1917 г. Радыёстанцыя крэйсера «Аўрора» перадала ад імя Петраградскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта зварот У.I.Леніна «Да грамадзян Расіі». Часовы рабочасялянскі ўрад, узначалены З.Жылуновічам, у ноч з 1 на 2 студзеня 1919 г. па радыё перадаў Маніфест аб абвяшчэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Гэтыя і іншыя паведамленні прымалі ваенныя радыёстанцыі ў Беларусі. Першая з іх была створана ў 1910 г. у Бабруйску, а ў пачатку 1914 г. – галоўная радыёстанцыя Заходняга фронту ў Мінску.

Радыёвесткі распаўсюджваліся ў ваенных часцях, сярод грамадзянскага насельніцтва праз лістоўкі і газеты. У рэспубліканскіх выданнях таго часу былі рубрыкі «Радыё», «Радыёпаведамленне», якія друкавалі найбольш цікавыя і важныя звесткі. Узаемадзеянне радыё з газетай у 20-я гг. дало добры плён і моцна паспрыяла распаўсюджанню новага канала інфармацыі.

Напачатку радыёстанцыі былі толькі ў распараджэнні ваенных, у гарнізонах Мінска, Магілёва, Бабруйска, Віцебска, Гомеля і інш., якія, тым не менш, усё часцей звярталіся да ўсяго насельніцтва.

Разам з практычнай дзейнасцю першых радыёстанцый савецкі ўрад прадпрымаў захады па пашырэнні радыёсправы і радыёпрапаганды. У 1918 г. быў прыняты Дэкрэт аб цэнтралізацыі радыётэхнічнай справы ў савецкай рэспубліцы. Гэта садзейнічала развіццю тэхнікі радыё, пашырыла сферу яго ўжывання. Ужо ў 1919 г. замест зразумелай толькі спецыялістам азбукі Морзе ў эфіры пачаў гучаць «жывы голас», а з 1922 г. трансліраваліся перадачы з цэнтральнай радыёстанцыі ў Маскве.

У гэты час у Беларусі шырылася сетка дэтэктарных прыёмнікаў. Блізкасць да Масквы і Петраграда давала магчымасць атрымаць устойлівы радыёсігнал. Цікавасць да радыё расла вельмі хутка, павялічваліся яго тэхнічныя магчымасці. Узнік шырокі аматарскі радыёрух. Гэта падмацоўвалася пастановамі ўрада аб тэхнічным і прафесійным забеспячэнні радыёсправы. У 1924 г. у СССР пачалося рэгулярнае радыёвяшчанне, што стала гістарычнай падзеяй.

Радыёвяшчанне як магутны канал сацыяльнай сувязі імкліва ўваходзіла ў палітьгчнае, эканамічнае і культурнае жыццё. Партыйная і савецкая ўлада разумела каштоўнасць радыёвяшчання для прапаганды ідэй сацыялізму, а таму спрыяла яго развіццю. Узнікла неабходнасць пабудовы радыёстанцый у буйных гарадах, каб прымаць перадачы з Масквы, а потым, па меры павелічэння колькасці радыёпрыёмнікаў, арганізаваць і свае беларускія перадачы. У пачатку 1925 г. у Гомелі была адкрыта трансляцыйная радыёстанцыя. Яна перадавала маскоўскія перадачы. Гэты факт адметны тым, што са з'яўленнем радыёстанцыі на Беларусі быў пакладзены пачатак масавага радыёвяшчання – першы крок, але ўпэўнены і перспектыўны. Радыёвяшчанне стала незваротным у сваім развіцці.

Мінская рэспубліканская радыёстанцыя пачала працаваць 15 лістапада 1925 г. (перадача пачалася ў 18 гадзін 30 хвілін). Гэта дата лічыцца пачаткам рэгулярнага радыёвяшчання ў БССР. Цікава, што радыё было спалучана з палітыкай савецкай улады як прапагандысцкі, асветны і культурны фактар. У падтрымку развіцця радыё ўключылася ўсё грамадства, і асабліва партыйныя, прафсаюзныя і камсамольскія арганізацыі. У першую чаргу радыёаматарамі станавіліся маладыя адукаваныя людзі, якія не толькі набывалі прыёмнікі, але маглі збіраць і рамантаваць іх. A самае галоўнае – радыёаматары распаўсюджвалі змест перадач: наладжвалі калектыўныя праслухоўванні, а затым абмеркаванні. Хутка ўзрасла колькасць прыхільнікаў радыё.

Газеты падрабязна асвятлялі адкрыццё радыёстанцыі імя СНК БССР. «Савецкая Беларусь» змясціла рэпартаж з выпадку гэтай нагоды. Неабходна падкрэсліць адну важную дэталь: у выступленні старшыні СНК Я.А.Адамовіча была выказана думка, што з'явілася магчымасць размаўляць з народам, з сялянствам на роднай мове. Гэта быў час, калі газеты і часопісы пераходзілі на беларускую мову, ужо ішоў працэс беларусізацыі, у рэспубліцы ўсё больш умацоўвалася нацыянальная свядомасць. Радыё, якое адразу загаварыла на роднай мове, найбольш устойліва, чым іншыя каналы інфармацыі, праводзіць гэту лінію праз усю сваю гісторыю. «Звезда» тады напісала: «Станцыя будзе абслугоўваць усю Беларусь, яна ахоплівае радыус дзеяння 300 вёрст».

Адкрыццё радыёстанцыі ў Мінску і хуткае распаўсюджанне радыёпрыёмнікаў у рэспубліцы было вельмі важнай падзеяй для насельніцтва. У кожным доме, дзе з'яўляўся радыёпрыёмнік, фактычна пачыналася новае жыццё. Людзі далучаліся да падзей у Беларусі, СССР і ва ўсім свеце.

А калі ўспомніць, што большасць насельніцтва нашай рэспублікі была непісьменнай, то роля радыё ў далучэнні чалавека да палітыкі і культуры была выключнай, хаця ў першы год перадача доўжылася толькі 30 хвілін.

З узнікненнем беларускага радыёвяшчання з'явілася шмат тэхнічных і прафесійных праблем. Патрэбна было таннае абсталяванне для радыёстанцый, радыёпрыёмнікі для насельніцтва. Пастаяннага папаўнення новай тэхнікай патрабаваў і мінскі радыёцэнтр. Неабходна было павялічваць магутнасць перадатчыка, дальнасць сігналу, а таксама разгортваць падрыхтоўку кадраў.

Спачатку на радыё працавалі журналісты з газет. I сама форма перадачы нагадвала газетную структуру інфармацыі, і першапачаткова называлася радыёгазетай. Слухачам прапаноўваліся перадачы, скампанаваныя з друкаваных матэрыялаў. Схематычна гэта выглядала газетнай паласой, перанесенай у эфір дыктарам. Перадача складалася з перадавіцы, дзе ўзнімалася важная грамадская праблема, затым ішла надзённая інфармацыя, паведамленні партыі і ўрада. Паступова стала практыкавацца мастацкая частка: на радыё чыталі літаратурныя творы і запрашалі ў студыю аркестр Белдзяржтэатра.

У 1926 г. ЦК КП(б)Б стварыў спецыяльную рэдкалегію, якая арганізоўвала работу радыёстанцыі, распрацоўвала планы штодзённых перадач, каб задаволіць попыт аўдыторыі, аналізавала выступленні перад мікрафонам, стылёвае афармленне матэрыялаў Пачынала фарміравацца беларуская радыёжурналістыка як самастойная сфера дзейнасці публіцыстычнага працэсу.

У эфіры запанаваў дабраякасны, музычна аформлены гук, жывы голас. Для простага чалавека свет пашыраўся роўна настолькі, наколькі яго магла ахапіць радыёхваля. Мінская радыёстанцыя імя СНК БССР прымалася аж за 300 кіламетраў, фактычна па ўсёй рэспубліцы быў чутны яе голас. У Беларусі па ўсёй тэрыторыі вёўся таксама прыём маскоўскай радыёстанцыі імя Камінтэрна. Спалучэнне працы дзвюх радыёстанцый павялічвала эфірны час, і гэта, зразумела, было вельмі выгадна для слухачоў. Ажыццяўлялася адносна поўнае інфармаванне насельніцтва аб падзеях у СССР і Беларусі. Таму так эфектыўна праходзіла прапагандысцкая кампанія індустрыялізацыі. У радыёпаведамленнях адлюстроўвалася рэальная карціна разгорнутых па ўсёй краіне будоўляў. Радыёпрыёмнікі, якія для таго часу каштавалі даволі дорага, устанаўліваліся ў клубах, хатахчытальнях, а гучнагаварыцелі – на фабрычных і заводскіх дварах, у цэхах, парках культуры і адпачынку і іншых месцах, што было вельмі важна для развіцця масавай прапаганды і агітацыі, папулярызацыі paдыё, далучэння людзей да рэспубліканскай, саюзнай і сусветнай інфармацыі. Такім чынам, пачатак радыёвяшчання ў рэспубліцы быў моцным па ўкараненні тэхнічных сродкаў, выкарыстанні радыё як спецыфічнай формы прапаганды і агітацыі і пастаянным пашырэнні колькасці радыёслухачоў у рэгіёнах Беларусі.

Работа радыё пачыналася з кароткіх паведамленняў аб найбольш важных падзеях. Напрыклад, пра рэвалюцыю ў Петраградзе або пра стварэнне ССРБ. Апошняе было, пэўна, першым паведамленнем праз ваенную радыёстанцыю для ўсяго беларускага народа. Інфармацыя (гэта сутнасць радыё) паступова, з развіццём тэхнічных сродкаў і прафесійным ростам радыёжурналістаў, займала ўсё больш часу ў эфіры, стварала ў свядомасці людзей адносна поўную карціну жыцця народа, дзяржавы, сусвету. Свет пашыраўся роўна настолькі, адкуль яна прыходзіла: з суседняй вёскі, горада, дзяржавы.

На беларускім радыё журналісты ўдзялялі асаблівую ўвагу інфармацыі. Яе патрабавала грамадства ў сувязі з вялікімі сацыяльнымі пераўтварэннямі, якія адбываліся ў СССР і ў нашай рэспубліцы, Таму ў першыя гады радыёдзейнасці газетныя паведамленні займалі большую частку эфірнага часу. Гэта было заканамерна, бо інфармацыі катастрафічна не хапала і яркія грамадскія падзеі не паспявалі своечасова асэнсоўвацца грамадскай думкай.

Ha гэтай падставе радыёжурналісты імкнуліся даць у эфір самае важнае, надзённае і цікавае. Калі ў лістападзе 1925 г. пачалося рэгулярнае радыёвяшчанне ў БССР, радыёхвалі поўнілі эфір інфармацыйнымі паведамленнямі. Іх можна згрупаваць у некалькі тэматычных блокаў: інфармацыя аб пастановах партыі і савецкага ўрада; панарама сацыялістычнага будаўніцтва: выкананне праграмы індустрыялізацыі і будаўніцтва новай вёскі; культурныя пераўтварэнні: будаўніцтва і адкрыццё школ, клубаў, тэатраў і г. д. Інфармацыя была вельмі шырокай і пастаянна павялічвалася, тэхнічныя сродкі радыё таксама папаўняліся.

1926 г. быў вызначальным для развіцця беларускага радыёвяшчання. Радыёстанцыя імя СНК БССР перайшла ў падпарадкаванне акцыянернага таварыства «Радыёперадача» (створана ў 1924 г.), у выніку было абноўлена абсталяванне радыёцэнтра, ён быў размешчаны ў асобным памяшканні, дзе ў пачатку 1927 г. быў устаноўлены новы, больш моцны радыёперадатчык. Радыё Беларусі паступова выходзіла за межы рэспублікі.

Зразумела, што ўсё больш павялічваліся інфармацыйны час, колькасць разнастайных перадач, іх тэматыка, вызначалася праблемнасць матэрыялаў. Арганізоўваліся спецыялізаваныя перадачырадыёгазеты: «Беларуская вёска», «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі». Такая паслядоўнасць з'яўлення ў эфіры радыёперадач не была выпадковай. Беларускай вёсцы ўрад Беларусі надаваў першасную ўвагу, таму што там была сканцэнтравана большасць насельніцтва і ад сацыялістычных пераўтварэнняў на вёсцы залежала ўвогуле будаўніцтва асноў сацыялізму. Распачалася барацьба з кулакамі, адбываўся пераход на сацыялістычныя асновы гаспадарання, нарэшце, у вёсцы рыхтавалася працоўная змена, у тым ліку і для горада, для прамысловасці. Акрамя таго, менавіта там адчувалася вялікая патрэба ў інфармацыі.

Другой перадачай на радыё была «Чырвоная змена», разлічаная на моладзь. У ёй аўтары заклікалі вучыцца, напружана працаваць, укараняць новы быт, уступаць у камсамол, падтрымліваць лепшыя пачынанні на вытворчасці, развіваць сельскую гаспадарку на аснове сучаснай агратэхнікі. Беларускае радыё адрасавала моладзі лепшыя матэрыялы, цікавыя літаратурныя творы вядомых беларускіх пісьменнікаў, стварала рэальную карціну перабудовы вёскі.

Радыё звязвала моладзь 20-30-х гг. з «вялікім жыццём у вялікай краіне», як пісаў адзін з сучаснікаў. У вёсцы яшчэ не было электрычнасці, тэлефона, аўтамабіля і іншых адзнак цывілізацьіі. але ўсё гэта пазней увасобіцца ў грандыёзных планах сацыялістычнага будаўніцтва. Пра будучыя змены гаварыла радыё, і моладзь з задавальненнем і цікавасцю слухала перадачы, якія змяшчалі важную інфармацыю пра падзеі ў краіне. Радыё станавілася моцным выхаваўчым інструментам, асяродкам нацыянальнай культуры. Перадач беларускага радыё чакалі, жадаючы незвычайнага і невядомага.

Газета «Савецкая Беларусь» расказвала, як рыхтавалася першая паэтычная перадача членаў літаб'яднання «Маладняк»: вершы чыталі П.Трус, А.Якімовіч, А.Дудар, А.Вольны, Я.Пушча і К.Крапіва. «...З увагай слухала Беларусь сваіх родных паэтаў», – заключала газета. Гэта было вельмі каштоўнае пачынанне. На радыё прыйшла беларуская літаратура. Яна звярталася да простага народа, да тых, хто не ўмеў чытаць і пісаць. А таму мастацкае слова знаходзіла ў сэрцах слухачоў асаблівы эмацыянальны водгук. Вельмі хутка літаратурныя перадачы на радыё заваявалі аўтарытэт у слухачоў.

I нарэшце, сваё належнае месца заняла перадача «Піянер Беларусі». Свет пачынаецца з дзяцінства, і стваральнікі радыёперадачы добра гэта разумелі. Увесь спектр піянерскага друку быў прадстаўлены ў перадачы, а гэта азначала, што іпкольнае жыццё, дзейнасць піянерскай арганізацыі, быт, адпачынак, мастацкая самадзейнасць, удзел піянераў у гаспадарчых справах гучалі ў эфіры.

Радыёгазеты займалі цэнтральнае месца ў радыёвяшчанні. Аднак паралельна з гэтым пачалі складвацца іншыя формы і жанры. Ужо да канца 20-х гг. сфарміраваліся наступныя кірункі дзейнасці беларускага радыё: інфармацыйны, палітычнапрапагандысцкі, мастацкі (літаратура і музыка) і навуковапапулярны. Гэтыя праблемы былі ў полі зроку журналістаў, хаця дастатковага вопыту для іх асвятлення і падачы слухачам іншы раз не хапала. Аднак беларускі эфір усё больш папаўняўся нацыянальным зместам, рэальным жыццём рэспублікі, аповядам аб працоўным чалавеку, аб панараме сацыялістычнага будаўніцтва.

Асабліва насычаным быў блок індустрыяльнай інфармацыі. Радыёжурналісты імкнуліся да таго, каб паказаць не толькі механізм разгортвання важнейшай дзяржаўнай кампаніі, але і тое, як індустрыялізацыя здзяйсняецца на практыцы. Дысцыпліна працы, перадавы вопыт, павышэнне паказчыкаў вытворчасці такі быў змест індустрыяльнай інфармацыі. У гэтых паведамленнях былі змешчаны адрасы прадпрыемстваў, аналізавалася вытворчая дзейнасць калектываў, называліся прозвішчы рабочых, служачых, інжынераў, тэхнікаў. Мэтанакіраваная прапаганда стварала рэальную карціну жыцця, вобраз працоўнага чалавека савецкай эпохі. Гэта была інфармацыя дзеяння, стваральнасці, што выклікала «парыў да радасці і шчасця».

Напрыклад, матэрыял пра перадавы вопыт уяўляе сабой спецыфічную радыёшколу аб праблемах індустрыялізацыі: асваення новай тэхнікі, павышэння вытворчасці прадукцыі, эканоміі сыравіны, часу. Усё гэта праз радыёэфір даводзілася да свядомасці людзей. Таму ў 20-30-я гг. працоўны гераізм стаў фактычна культам для савецкага грамадства. Прапаганда калектыўнай стваральнай працы была асноўнай задачай друку, што, несумненна, дапамагала вырашаць гаспадарчыя задачы. Шкада, што лепшыя традыцыі беларускага народа таго часу недаравальна намі страчаны. Той жа «рэжым эканоміі», які стаў у даваенныя гады моцным эканамічным фактарам, выйшаў з нашай свядомасці, у адрозненне ад народаў такіх заможных краін, як Швецыя, Швейцарыя, Францыя, Японія.

Індустрыялізацыя ў нашай краіне развівалася вельмі хутка, дзякуючы моцнай прапагандзе, у тым ліку і радыё. З'яўляючыся фактычна прадуктам індустрыяльнай рэвалюцыі і развіваючыся па яе тэхнічных законах, радыё спалучыла свядомасць людзей з неабходнасцю тэхнічнага ўзбраення савецкага ладу жыцця.

12 жніўня 1927 г. быў праведзены Усебеларускі дзень радыё. Гэта падзея звязвалася з той акалічнасцю, што Таварыства аматараў радыё, якое і арганізавала гэту акцыю, ставіла перад сабой задачу масавага распаўсюджання нацыянальнага радыёвяшчання. Правядзенне дня радыё было падтрымана ўрадам рэспублікі, партыйнымі органамі на месцах. У гэты дзень яно загучала з асаблівай сілай па ўсёй рэспубліцы. Цікава, што радыёаматары раз'ехаліся з гарадоў па самых аддаленых і глухіх вёсках, дзе радыё яшчэ не чулі зусім. Дэвіз «Радыё для ўсіх!» быў падкрэслены і ЦК КП(б)Б: «...каб радыё было лепш выкарыстана ў справе ўзняцця палітычнага і культурнага ўзроўню шырокіх слаёў працоўных, неабходна зацікавіць масы радыё». Задачу па ўсямерным пашырэнні радыёвяшчання і выконвалі беларускія радыёжурналісты.

У студзені 1928 г. адбылася новая падзея. Па радыё трансліраваўся творчы вечар, які адкрыў Янка Купала, чытаючы свае вершы. Удзельнічалі таксама Якуб Колас, Цішка Гартны. Многім беларусам пашчасціла ўпершыню пачуць голас вялікага Купалы і вершьі ў яго выкананні. У горадзе Мінску радыё слухалі ўжо 27 тыс. чалавек.

У сакавіку 1928 г. была прынята пастанова ЦК КП(б)Б аб паляпшэнні радыёвяшчання ў рэспубліцы, праведзена рэспубліканская нарада работнікаў радыё, радыёстанцыі былі перададзены ў веданне Наркамата пошт і тэлеграфаў. ЦК КП(б)Б рэкамендаваў кіраўніцтву рэспубліканскага радыё стварыць радыёуніверсітэт з трыма факультэтамі: тэхнічным, сельскагаспадарчым і агульнапалітычным – для арганізацыі пастаяннай вучобы працоўных. Такім чынам, радыёвяшчанне набывала ўсё новыя якасці і масавую аўдыторыю слухачоў. У тым жа годзе пачалося правадное (па правадах) радыёвяшчанне, што паклала пачатак радыёфікацыі вёскі.

Пераўтварэнні ў сістэме радыёфікацыі і радыёвяшчання прыпалі на час калектывізацыі сельскай гаспадаркі, і, зразумела, радыё стала адным з лепшых прапагандысцкіх сродкаў у стварэнні калгасаў. Тым больш што ў змесце радыёперадач таксама адбыліся кардынальныя змены, і яны, пачынаючы з копіі газетнай паласы, сталі адбіткам рэальнага жыцця праз свае спецыфічныя формы і метады арганізацыі матэрыялаў.

Да 1928 г. беларускае радыё ўжо мела некаторы вопыт агітацыйна-прапагандысцкай работы. Інфармацыя для вёскі была скіравана на тое, каб прыцягнуць да сацыялістычнага будаўніцтва вялікую колькасць насельніцтва, найбольш беднага, культурна адсталага і непісьменнага.

Газета «Звезда» фармулявала задачы радыёвяшчання на сяле наступным чынам: «Асабліва важнае значэнне мае радыё для вёскі. Яно сцірае межы паміж горадам і вёскай, далучае слухачоў самых глухіх куткоў да жыцця гарадоў Савецкага Саюза і ўсяго свету. Неабходна, каб кожная вёска, сельсавет, хатачытальня, школа мелі свае радыёпрыёмнікі, каб радыё ўваходзіла ў хаты, выганяючы адтуль спрадвечную цемру».

I сапраўды, радыё не толькі трансліравала саюзную ці міжнародную інфармацыю, але і расказвала, як арганізаваць калгасы, як працуюць калгаснікі, што новага ў іх жыцці, як змяняецца аблічча вёскі, быт жыхароў. Невыпадкова, што першай радыёгазетай была «Беларуская вёска», арганізаваная дзеля ўплыву на асноўную частку насельніцтва рэспублікі, а ў пачатку 30-х гг. выходзіла ў эфір радыёгазета «Калгасны заклік».

Беларускае радыё на падставе партыйных дырэктыў мэтанакіравана, сістэмна і несупынна прапагандавала калгасны рух. У сваіх каментарыях радыёжурналісты тлумачылі перспектывы развіцця савецкай вёскі на аснове калектывізацыі, вялі перадачы з калгасаў, арганізоўвалі пераклічкудыялог паміж перадавымі брыгадамі, выяўлялі і абмяркоўвалі лепшы вопыт. Па радыё перадавалі рэпартажы з калгасаў, гутаркі з калгаснікамі, інфармацыю аб правядзенні сходаў, розных кампаній: сяўбы, уборкі, нарыхтоўкі кармоў і іншых спраў – усё гэта прыходзіла да слухачоў «з першых вуснаў» і было лепшай агітацыяй за калгасы, за будаўніцтва новай вёскі. Сапраўды, радыё станавілася «мітынгам мільёнаў» праз «радыёпераклічкі, радыёмітынгі, радыёперадачы, радыёпаходы» і інш.

Калгасны рух ускалыхнуў усю вёску, падзяліў сялян на групы. Моладзь і бяднейшая частка вяскоўцаў пайшлі ў калгасы, сераднякі складалі таксама дзве часткі: адныя прынялі калгас, a другія не хацелі туды ўступаць. Заможныя сяляне былі аб'яўлены «варожым класам», кулакамі. Радыё паведамляла пра «класавую барацьбу» і паказвала, што гэта тармозіць перабудову вёскі, перашкаджае наладзіць агульны дабрабыт працаўнікоў сяла. Як і перыядычны друк рэспублікі, беларускае радыё часам перадавала «абвінаваўчыя» матэрыялы, у выніку чаго іншы раз пакутавалі нявінныя людзі.

Да канца першай пяцігодкі імклівае развіццё радыёвяшчання паказала, што газетныя рамкі перадач абмяжоўваюць магчымасці гэтага ўсюдыпранікальнага канала інфармацыі. Спецыфіка радыё патрабавала не толькі перадачы нейкага паведамлення, якое, напрыклад, было ўжо надрукавана ў газетах, але своеасаблівых «радыйных» форм і метадаў падачы інфармацыі.

Як кажуць, «мікрафон настойліва прасіўся да бяседы з героем, патрабаваў выйсці на вуліцу, пабываць у цэху, у калгаснай брыгадзе». Праз радыёматэрыялы да слухача прыходзіла жыццё ў рэальнай гукавой афарбоўцы. На мітынгах гучала музыка, песні. Каля станка ўдарніка працы можна было пачуць рабочы рытм усяго цэха, а да слухача даносіўся «жывы голас» субяседнікажурналіста.

У пачатку 30-х гг. на беларускім радыё адбылася карэнная перабудова. У 1932 г. былі ліквідаваны рэдакцыі радыёгазет і быў створаны асобны сектар «Апошнія паведамленні», які рыхтаваў выпускі навін чатыры разы на дзень. 28 снежня 1933 г. быў створаны Камітэт радыёінфармацыі і радыёвяшчання. У структуры камітэта было тры асноўныя сектары: грамадска-палітычны, юнацкі і мастацкі. Найболын уладкаваным кадрамі быў грамадска-палітычны, туды ўваходзіла асноўная рэдакцыя «Апошнія паведамленні». 3 таго часу пачалося інтэнсіўнае развіццё спецыфічных жанраў радыёвяшчання. Заметкі, інфармацыі, кароткія рэпартажы і замалёўкі ўсё часцей з'яўляліся ў эфіры.

На прадпрыемствы, у раёны выязджалі спецыяльныя брыгады, якія рыхтавалі на месцах перадачы, вывучалі перадавы вопыт, падбіралі незвычайныя падзеі і цікавыя факты, каб потым зрабіць іх набыткам усіх слухачоў. Значна пашырылася тэматыка радыё. He толькі ўсе буйныя падзеі, на якія была багата тагачасная рэчаіснасць, але жыццё асобнай вёскі, калектыву калгаса, прадпрыемства, школы былі ў полі зроку радыёжурналістаў і слухачоў.

Масавыя кампаніі сталі сістэматычнымі ў дзейнасці радыёвяшчання. Насельніцтва не толькі з задавальненнем слухала перадачы, але і ўдзельнічала ў іх.

Актыўнасць радыё асабліва праявілася ў час абмеркавання праекта новай Канстытуцыі СССР у 1936 г. На радыё быў арганізаваны экепертны савет з пастаяннай дзейнасцю. Слухачы ўносілі ў праект Канстытуцыі прапановы, змяненні, дапаўненні. Гэта размова вялася шчыра і зацікаўлена. Шырокія масы насельніцтва добра пазнаёміліся з асноўнымі змяненнямі Канстытуцыі, што надавала Асноўнаму Закону асаблівую каштоўнасць.

Беларускае радыё станавілася поўнай і цікавай панарамай шматграннага жыцця беларускага народа, аналітычнай формай адлюстравання савецкай рэчаіснасці. У Беларусі яно развівалася вельмі хутка. Ужо ў пачатку 1939 г. у грамадзян было болын за 100 тыс. радыёпрыёмнікаў. На кожных дзесяць чалавек прыпадала адна радыёкропка, а калі ўлічыць малалетніх дзяцей, то на кожных пяць жыхароў – адзін радыёпрыёмнік або радыёкропка. У абласцях і раённых цэнтрах, на прадпрыемствах, у калгасах і саўгасах працавалі радыёстанцыі і радыёвузлы. Уплыў гэтага канала інфармацыі на насельніцтва, яго роля ў арганізацыі працоўных была вельмі значная.

Пасля верасня 1939 г., калі Заходняя Беларусь была далучана да БССР, паўстала задача тэрміновай радыёфікацыі вызваленых раёнаў. Беларускае радыё атрымала яшчэ адзін моцны імпульс развіцця. У той жа год Камітэт па радыёвяшчанні пачаў рэгулярна выпускаць «Радыёпраграму». Гэта азначала, што радыёвяшчанне набыло сістэмнасць і планавасць. У наступным 1940 г. быў абсталяваны новай тэхнікай радыёвузел у Брэсце і пачалі працаваць радыёвузлы ў Пінскай і Вілейскай абласцях. У кароткі тэрмін было арганізавана савецкае радыёвяшчанне ва ўсіх абласцях Заходняй Беларусі, пачалася радыёфікацыя сельскай мясцовасці.

Тэматыка радыё заходніх абласцей набліжалася да запатрабаванняў насельніцтва. Радыёжурналісты разумелі, што на вызваленых тэрыторыях змянілася палітычная абстаноўка і неабходна вельмі хутка, шырока і аргументавана растлумачыць палітыку савецкай улады, сутнасць тых пераўтварэнняў, якія ішлі ў заходніх абласцях. Патрэбна было ўмацоўваць мясцовую ўладу, праводзіць выбары дэпутатаў усіх узроўняў, арганізоўваць калгасы, укараняць тэхніку, наладжваць вучобу дзяцей у школах і г. д.

На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі ўсталяваўся савецкі лад жыцця, і радыё надавала гэтаму выключную ролю. Пакуль арганізоўваўся выпуск раённых газет, радыё з Мінска, Масквы і іншых гарадоў СССР давала вялікую інфармацыю для заходнебеларускага насельніцтва. Да пачатку вайны там была амаль наладжана праца як рэспубліканскага, так і ўсесаюзнага радыё, былі разгорнуты радыёвузлы на заводах, фабрыках і ў створаных калгасах.

Важнае месца ў рабоце радыё, асабліва перад пачаткам вайны, займала грамадскапалітычнае вяіпчанне. Яно мела ярка выражаны ідэалагічны змест і прапагандавала палітыку партыі і савецкай улады. Гэтай тэме былі прысвечаны шматлікія радыёматэрыялы. Партыйныя работнікі і вучоныя чыталі лекцыі, праводзілі гутаркі, спецыяльныя семінары. Быў нават арганізаваны радыёуніверсітэт для павышэння палітычнага ўзроўню слухачоў. Пастаянна трансліраваліся выступленні кіраўнікоў партыі і ўрада, асабліва шмат часу адводзілася для аналізу прамоў I.Сталіна, матэрыялаў з'ездаў і пленумаў саюзнай і рэспубліканскай партыйных арганізацый.

Радыё набліжала да слухачоў органы саюзнай і рэспубліканскай улады, дапамагала разабрацца ў іерархіі партыйных і савецкіх структур, далучала насельніцтва да вялікай палітыкі, прывучала верыць у тое, што гаварылася з высокіх партыйных і савецкіх трыбун. Гэта быў выразны палітыка-псіхалагічны працэс. Слухачы вывучалі сістэму партыйна-савецкага кіраўніцтва, пазнавалі галасы аўтарытэтных кіраўнікоў: Ц.Гартнага, А.Галадзеда, А.Чарвякова і інш.

Асабліва ўважліва ўспрымалі слухачы радыёперадачы аб праблемах міжнароднай палітыкі, адносінах СССР з Польшчай і Заходняй Еўропай, аб прычынах ваенна-мілітарысцкага ўмацавання Германіі і пагрозы разгарання новай вайны, а таксама неабходнасці ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР.

Радыё дапамагала фарміраваць свядомага, палітычна адукаванага грамадзяніна, калектывіста, патрыёта, актыўнага стваральніка савецкай рэчаіснасці і абаронцу радзімы.

Выхаванню грамадзянскіх пачуццяў садзейнічала таксама, падкрэслім яшчэ раз, мастацкае вяшчанне, якое на беларускім радыё ў даваенныя гады атрымала даволі шырокае развіццё: музыка, тэатр, літаратура сталі дасягненнем слухачоў усёй рэспублікі. Літаратурньі аддзел на радыё ў 30-х гг. займаў значны радыйны час. Творчыя вечары вядомых пісьменнікаў, вершы, празаічныя творы перадаваліся рэгулярна. Радыё падавала слухачам лепшыя новыя творы беларускіх пісьменнікаў, знаёміла таксама з прадстаўнікамі нацыянальных літаратур Савецкага Саюза і замежнымі аўтарамі. Зразумела, што гэта ў першую чаргу была папулярызацыя літаратурных твораў, мастацкага слова. Аднак разам з гэтым мастацкае вяшчанне раскрывала перад чалавекам свет новых пачуццяў, эстэтыку чалавечых адносін і прыгажосць успрымання рэчаіснасці. Чалавек у сферы мастацтва імкнуўся да прыгожай жыццёвай мэты, да ўзвышанага, цудоўнага, ён шукаў ісціну. Сведчаннем таго быў росквіт талентаў беларускай нацыі ва ўсіх кірунках чалавечай жыццядзейнасці. Беларускае радыё ўдзельнічала ў выяўленні здольнасцей маладога пакалення, фарміраванні агульнай культуры беларускага народа.

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны беларускае радыё прайшло першую стадыю свайго развіцця.

На тэрыторыі Беларусі дзейнічала шырока разгалінаваная сетка радыёвяшчання. Перадачы мінскай радыёстанцыі можна было прымаць па ўсёй рэспубліцы, вяліся яны на Польшчу і Літву, а таксама арганізоўваліся беларускія перадачы для ўсесаюзнага вяшчання. Радыё працавала з васьмі гадзін да дваццаці чатырох. Ва ўсіх абласных цэнтрах дзейнічалі радыёстанцыі, а ў раёнах радыёвузлы. У калгасах, на прадпрыемствах былі абсталяваны радыёвузлы для ўнутранага карыстання. У гарадах радыё было амаль у кожнай кватэры, радыёпрыёмнікі і радыёкропкі сталі звыклай з'явай і ў сельскім жыцці. Радыё станавілася субяседнікам ад дзяржавы і кіраўніцтва краіны, ад грамадства і лепшых яго прадстаўнікоў з канкрэтным чалавекам. Ішоў дыялог зацікаўленых бакоў аб культурных каштоўнасцях цывілізацыі і перспектывах чалавецтва ў бліжэйшым і аддаленым будучым.

Газета была індывідуальнай кнігай для чытання эпохі, a paдыё загаварыла голасам сучаснасці. На Беларусі адкрываўся новы магутны канал інфармацыі, а ў свеце – новы этап навуковатэхнічнай рэвалюцыі.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.