Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Друк беларускай дыяспары






Фарміраванне беларускай дыяспары – складаны, а іншым часам нават і трагічны працэс. Па няпоўных дадзеных, за межамі нашай краіны пражывае каля 3, 5 млн беларусаў. На працягу ўсёй гісторыі розныя, як аб'ектыўныя, так і суб'ектыўныя, абставіны вымушалі нашых суайчыннікаў пакідаць сваю Радзіму і шукаць прытулак у розных кутках свету. Войны, голад, эпідэміі, паўстанні, рэвалюцыі з'яўляюцца асноўнымі прычынамі эміграцыі многіх прадстаўнікоў беларускай культуры і навукі.

Нагадаем найбольш масавыя эміграцыйныя перыяды ў беларускай гісторыі. Пасля далучэння беларускіх земляў да Расіі (у выніку падзелу Рэчы Паспалітай 1722, 1793, 1795 гг.) было пераселена ў асноўным у Сібір, Туркестан (цяпер Казахстан) каля 500 тыс. беларусаў. На мяжы ХІХ – ХХ ст. у Расію выехала яшчэ 700 тыс, a ў краіны Заходняй Еўропы, Аргенціну, Бразілію, Канаду, ЗПІА і іншыя эмігравала каля 800 тыс. беларусаў. У перадавым артыкуле (магчыма, напісаным рэдактарам Я.Купалам) «Наша ніва» паведамляла ў 1914 г.: «...беларусы, на пачатку XX стагоддзя, як цяпер выявілася, замянілі сабой чарнаскурых нявольнікаў... Як тых прадавалі калісьці, затым перавозячы ў Афрыку, так цяпер паступаюць з беларусамі. I гэта не пустыя словы! Гэта пацвердзілі газеты ўсяго свету. Аказваецца, што тых 230 беларусаў, прададзеных па 80 рублёў за галаву эмігранцкай канторай у Конга, везлі на пэўную смерць не добраахвотна, а гвалтам. Іх нават хавалі ў трум парахода, каб не заўважыла паліцыя».

Даследчыкі сцвярджаюць, што ў Першую сусветную вайну яшчэ каля 2 млн беларусаў было пераселена ва ўсходнія губерні Расіі. У 1921-1939 гг. з Заходняй Беларусі ў розныя краіны свету выехала каля 250 тыс. беларусаў. У 1926-1938 гг. з БССР у розныя раёны СССР адправіліся на пастаяннае жыхарства яшчэ 600 тыс. Напрыклад, у 1917-1920 гг. у Адэсе дзейнічала культурна-асветніцкая арганізацыя «Беларускі гай», якая аб'ядноўвала больш за 100 тыс. чалавек і выпускала сваю газету «Белорусы в Одессе».

Такія складаныя шляхі беларускай эміграцыі, і як бы далікатна не ставіцца да гэтай праблемы і якія б не прыводзіць шматлікія прыклады праслаўленых беларусаў у розных краінах свету, усё роўна відавочна тое, што талент свой яны пакінулі на чужыне, а да нас дайшлі толькі водгаласы іх славы, і нам застаецца быць гэтым задаволенымі. А прычын для роздуму шмат. Нам не вядома нават месцазнаходжанне ў Чэхіі магілы Ф.Скарыны.

У тых краінах, дзе для вялікай колькасці беларусаўэмігрантаў створаны спрыяльныя грамадска-палітычныя ўмовы для захавання нацыянальнай адметнасці, нашы суайчыннікі робяць арганізацыйныя захады для згуртавання, адраджэння беларускіх традыцый, у тым ліку і праз арганізацыйную падтрымку з гістарычнай радзімы. Эміграцыя як складаная нацыянальная праблема ў Беларусі вельмі слаба даследуецца, доўгі час яна залежала ад палітычных пазіцый абодвух бакоў. Прыйшоў час больш уважліва вывучаць асаблівасці беларускай дыяспары, каб далучыць яе гістарычныя здабыткі да нацыянальнай культуры.

У міжваенны перыяд арганізацыйную актыўнасць і грамадска-палітычную дзейнасць праяўлялі і вялі беларускія эмігранты ў Чэхаславакіі, Аргенціне, ЗША, Францыі, Літве, Латвіі і іншых краінах. Там былі створаны культурныя аб'яднанні, выдавецтвы, розныя арганізацыі, якія наладжвалі выпуск газет, часопісаў, бюлетэняў.

На першым этапе, у пачатку 20-х гг., цэнтрам палітычнага аб'яднання спрабаваў стаць эмігранцкі ўрад БНР, які знаходзіўся да канца 1920 г. у Рызе, да лістапада 1923 г. у Коўна, а затым у Празе. Аднак многія эмігранцкія суполкі парознаму ставіліся як да савецкага, так і да эмігранцкага ўрада. Пасля, у 1923 г., савецкая ўлада аб'явіла амністыю і запрасіла кіраўнікоў БНР вярнуцца на радзіму, што многія і зрабілі пасля Другой Усебеларускай канферэнцыі ў 1925 г.

Сувязь эмігранцкіх суполак пасля гэтага з «урадам БНР» значна аслабела, і культурнаасветніцкая дзейнасць у розных краінах вялася не вельмі актыўна, тым больш што ўрад БССР не праяўляў зацікаўленасці ў цесных узаемаадносінах з тымі групоўкамі і суполкамі, якія не падзялялі яго палітыкі.

Увогуле адносіны да эміграцыі былі вызначаны кіраўніцтвам БССР у спецыяльнай пастанове ў 1925 г. «Беларускі рух за кардонам». Галоўныя партыйныя тэзісы заключаліся ў наступным: устанаўленне сувязей з эміграцыйнымі коламі і аказанне на іх уплыву праз мясцовыя камуністычныя арганізацыі; разгортванне работы па азнаямленні эмігрантаў з палітыкай савецкай улады і тымі зменамі, што адбываюцца ў БССР; не дапускаць стварэння ў эмігранцкім асяроддзі аб'яднанняў і суполак, якія будуць цэнтрамі распаўсюджання антысавецкай ідэалогіі.

У 20-я гг. кіраўніцтва савецкай краіны прытрымлівалася лаяльных адносін да большай часткі, асабліва працоўнай, эміграцыі. Беларусізацыю, значныя дасягненні ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, узмацненне асноў нацыянальнай культуры дыяспара сустракала прыхільна. Аднак на пачатку Другой сусветнай вайны баланс даверу між урадам савецкай краіны і эмігрантамі быў моцна парушаны.

Адным з цэнтраў беларускай паслярэвалюцыйнай эміграцыі была Чэхаславакія. 3 1921 г. яе ўрад аб'явіў аб тым, што будзе заканадаўча і нават фінансава падтрымліваць эмігрантаў і ствараць спрыяльныя ўмовы для нацыянальнай эмігранцкай культуры і ўдзелу прадстаўнікоў народаў у асветным, навуковым і палітычным жыцці. Найбольш значнымі эмігранцкімі аб'яднаннямі былі рускае і ўкраінскае.

Паралельна з імі працавалі беларускія групы. Іх склад быў аднародным: гэта была інтэлігенцыя, у асноўным студэнты з Беларусі, якія вучыліся ў Карлавым універсітэце ў Празе. Па палітычных поглядах эмігранты-беларусы дзяліліся на дзве асноўныя часткі: адна падтрымлівала савецкі ўрад, другая выступала за самастойную нацыянальную рэспубліку. Па такім прынцыпе ў 1925 г. беларускае студэнцтва ў Чэхаславакіі стварыла дзве арганізацыі: «Беларускую нацыянальную» і «Саюз студэнтаў – грамадзян БССР».

Галоўнае, што аб'ядноўвала ўсіх беларускіх эмігрантаў у Чэхаславакіі, – гэта культурнае і эканамічнае адраджэнне рэспублікі, уз'яднанне народа ў адзінай краіне.

Студэнты выдавалі газеты і часопісы, а таксама творы беларускай літаратуры, што было адначасова формай самаарганізацыі беларускага зямляцтва і фарміравання палітычных поглядаў, азнаямлення чэшскага грамадства з беларускай культурай.

У 1923 г. у Празе выдаваліся два часопісы беларускіх студэнтаў – «Перавясла» і «Беларускі студэнт». Можна вызначыць тры найбольш акрэсленыя ў змесце часопісаў праблемы: арганізацыя студэнтаў-беларусаў вакол справы адраджэння, вывучэнне вопыту ўдзелу моладзі ў грамадска-палітычным жыцці і знаёмства чытачоў з падзеямі ў Савецкай і Заходняй Беларусі.

Часопісы «Перавясла» (выйшла два нумары – першы ў 1923 г., другі ў 1924 г.) і «Беларускі студэнт» (выйшла сем нумароў) асаблівую ўвагу звярталі на слабае развіццё беларускай школы ў Заходняй Беларусі, на недастатковую працу польскай улады і грамадскасці ў вырашэнні праблем беларускай культуры. Рэдкалегія «Беларускага студэнта» перад кожным студэнтам ставіла задачу: узбагаціўшыся ведамі, вярнуцца на радзіму, каб працаваць дзеля яе росквіту. «Беларускі студэнт» друкаваў літаратурныя творы, публіцыстычныя артыкулы. Напрыклад, артыкул «Суд у Беластоку над 45 беларусамі» выклікаў асаблівую цікавасць у чытачоў.

«Саюз студэнтаў – грамадзян БССР» выпускаў часопіс «Прамень» [«Новы прамень» (1926), «Наш прамень» (1927)]. У сваёй працы рэдкалегія кіравалася неабходнасцю друкаваць як мага больш звестак аб радзіме, аб аб'яднанні беларускай зямлі ў адной дзяржаве і падзяляла сацыялістычныя прынцыпы развіцця грамадства. Выданне часопіса, які рэдагаваў паэт У.Жылка, падтрымалі левасацыялістычныя колы чэшскага грамадства. У ім друкаваліся творы вядомых літаратараў і палітыкаў. «Новы прамень» змясціў артыкул «Аб чэшскай паэзіі» вядомага пісьменніка і публіцыста Юліуса Фучыка.

Разам з грамадскапалітычнай тэматыкай, развіццём і абмеркаваннем ідэі ўсталявання культурных адносін паміж дзвюмя рэспублікамі, у якіх былі даўнія і моцныя, ад Скарыны, сувязі, рэдкалегія часопіса «Прамень» адводзіла многа месца знаёмству чытачоў з беларускай літаратурай. Па-першае, друкавалася шмат твораў Ігната Дварчаніна, Уладзіміра Жылкі, Тамаша Грыба і іншых маладых паэтаў і публіцыстаў.

На жаль, з літаратурнай творчасцю беларусаў-эмігрантаў наша грамадства да гэтага часу амаль незнаёма. Між тым гэта адна з важных старонак развіцця беларускай гісторыі 20-х гг. Эмігранты бачылі сацыяльна-эканамічныя працэсы ў Беларусі звонку, з настальгіяй, таму іншы раз яны больш аб'ектыўна ацэньвалі падзеі ў Савецкай і Заходняй Беларусі.

Думкі і погляды эмігрантаў, здаралася, былі не адэкватныя рэчаіснасці, часам эмацыянальныя і памылковыя. I ўсё ж маладыя беларусы ў эміграцыі ў сваіх выданнях выказвалі зацікаўленасць лёсам сваёй радзімы, непадуладную ні польскай, ні партыйнай савецкай цэнзуры.

Па-другое, рэдкалегіі пражскіх беларускіх выданняў клапаціліся пра тое, каб лепшыя творы нацыянальнай літаратуры, якія выдаваліся ў Мінску, Вільні, Варшаве і іншых цэнтрах, былі вядомы ў чэшскіх культурных асяродках. Асабліва ў публіцыстыцы адлюстроўваўся лёс беларускага народа, які хваляваў чэшскую і ўсю еўрапейскую грамадскасць, і, дзякуючы гэтаму, дэмакратычныя сілы падтрымлівалі ідэю аб'яднання дзвюх частак Беларусі ў складзе Савецкай Беларусі.

У 1925 г. беларусы ў Празе стварылі таварыства культуры імя Францыска Скарыны і выпусцілі ў 1931 г. тры, а ў 1933 г. яшчэ два нумары часопіса «Іскры Скарыны». Асноўным публіцыстам часопіса быў Т.Грыб, які публікаваў артыкулы па розных праблемах: крытыкаваў урад БНР за безвыніковую дзейнасць і запрашаў яго да культурнаасветніцкай дзейнасці, унёс прапанову і прыкладаў намаганні для стварэння настаўніцкага інстытута, друкаваў некралогі рэпрэсіраваных у БССР. Названая тэма вельмі востра абмяркоўвалася ў Еўропе. Паведамленні аб палітычных пераследаваннях выклікалі пратэст грамадскасці і ў многім дапамагалі чытачу зразумець, што адбываецца ў СССР на самай справе. Тым больш што ў савецкай краіне такая інфармацыя адсутнічала і ў газетах друкаваліся матэрыялы ў асноўным аб «выкрыцці варожых арганізацый і груп».

У ЗлатаПразе бліскуча праявіўся талент вялікага Ф.Скарыны, таму беларускія эмігранты імкнуліся захаваць гуманістычныя адносіны да чэшскага і свайго, беларускага, народаў, дбалі аб лёсе сваёй Радзімы, марылі аб адзінстве Бацькаўшчыны, адрасавалі чэшскаму чытачу «Сымонамузыку» Якуба Коласа ці, напрыклад, кнігу пра выдатнага спевака «Міхась Забэйда Суміцкі і яго радзіма».

Асноўная частка эмігрантаў захавала шчымлівае, сардэчнае пачуццё да сваёй зямлі, павагу да Бацькаўшчыны і, нягледзячы на палітычны розгалас, не праяўляла варожасці да Савецкай Беларусі, асабліва да беларускага народа.

Выдавецкая дзейнасць у Чэхаславакіі – гэта яшчэ поўнасцю не даследаваны, аднак каштоўны пласт нашай нацыянальнай культуры, які ўзбагачае гісторыю двух народаў.

Значная культурна-асветніцкая дзейнасць была разгорнута беларусамі ў Прыбалтыйскіх дзяржавах. У Латвіі ў 1919 г. была арганізавана беларуская калонія, якая ў сакавіку 1920 г. надрукавала адзін нумар часопіса «На чужыне». У ім адлюстроўвалася надзённае для эмігрантаў пытанне: што рабіць далей, як усталяваць сваё жыццё побач з радзімай, па якім шляху пайсці, каб прынесці ёй карысць? He ўсе, на жаль, знайшлі правільны шлях, нарабілі памылак, але ўжо добра і тое, што яны шукалі сваю дарогу ў сувязі з лёсам Беларусі.

Сярод эмігрантаў даволі хутка вылучыліся і вядомыя лідэры дэмакратычнага кірунку: Вацлаў Ластоўскі, Ігнат Дварчанін і многія іншыя. Яны распачалі арганізацыйную, а разам з тым і выдавецкую справу дзеля ўмацавання пазіцый у замежных краінах. Былі адкрыты беларускія школы (каля 60) і гімназіі [Люцьшская і Дзвінская (Даўгаўпілская)], створаны грамадскія таварыствы «Рунь», «Беларуская хатка», Таварыства беларускіх настаўнікаў, Таварыства беларускай моладзі і інш. Для большасці беларусаў у Латвіі названыя навучальныя ўстановы і арганізацыі былі крыніцай нацыянальнага пачуцця. Асаблівую ролю тут выконваў перыядычны друк, яго найболын вядомыя і ўплывовыя выданні беларусаў. У 1924 г. выдавалася газета «Голас беларуса». Яе папярэдніцай з'яўлялася газета «Змаганне», якая выходзіла ў Вільні ў 1923-1924 гг. пад рэдакцыяй М.Шылы. У 1926-1930 гг. выдаваўся часопіс Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі «Школьная праца». У Рызе пачаў выходзіць часопіс «Беларуская школа ў Латвіі», у 1931 г. у Дзвінску Беларуская дэмакратычная партыя ў Літве наладзіла выпуск часопіса «Думка беларуса».

Беларусы-эмігранты выпускалі і іншыя газеты і часопісы, напрыклад газету «Наша доля» (1930), часопіс «Голас праваслаўнага беларуса» (1931), – з разлікам на тое, каб іх змест ахопліваў інтарэсы ўсёй зямляцкай супольнасці і задавальняў культурны і палітычны попыт. Газета «Голас беларуса» публіцыстычна абвастрала палітыка-эканамічныя пытанні, крытычна ставілася да тактыкі і стратэгіі ўціску польскіх улад на заходнебеларускіх тэрыторыях і адсюль выводзіла задачы вызваленчага руху. У артыкуле «Рэалізацыя ідэі незалежнасці» (25 сакавіка 1924 г.) і іншых матэрыялах рэдакцыя разглядала асноўнае пытанне вызвалення Заходняй Беларусі праз аб'яднанне яе з БССР.

Тэматычная палітра «Голаса беларуса» была настолькі шырокай, а змест такі востры і палітычна актуальны, што ўлады пераследавалі рэдкалегію, арыштоўвалі нумары, а на 24-м увогуле закрылі газету. Хаця яна выходзіла непрацяглы час (з 14 лютага да 19 красавіка 1924 г.) два разы на тыдзень, але была адным з найболын грунтоўных дэмакратычных грамадска-палітычных выданняў. Назвы праблемных артыкулаў: «Сучасны эканамічны крызіс», «У чым сапраўдная санацыя Польшчы?», «Дзяржава для народа ці народ для дзяржавы?», «Прамова Б.Тарашкевіча ў сойме», «На руінах беларускай школы» і многія іншыя – паказваюць, наколькі тэарэтычна і публіцыстычна моцным быў «Голас беларуса».

Да нядаўняга часу характарыстыка газеты, яе выдаўцоў, рэдкалегіі і аўтараў была вельмі супярэчлівай і неадназначнай. Па-першае таму, што ацэнка гісторыі «Голаса беларуса» была аднабаковай, а падругое, яна ўвогуле не вывучана як нацыянальна-дэмакратычны орган перыядычнага друку.

Дадаткам да «Голаса беларуса» выдаваўся штомесячны навукова-папулярны, педагагічны і літаратурна-грамадскі часопіс «Беларуская школа ў Латвіі».

Часопіс быў органам Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі з 1926 да 1933 г. у Рызе. Рэдакцыя вызначыла некалькі кірункаў дзейнасці часопіса: беларуская школьная праграма ў Латвіі арганізацыя школ і гімназій, іх матэрыяльнае забеспячэнне, падбор і падрыхтоўка настаўнікаў, адлюстраванне дзейнасці Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі; распрацоўка беларускай рэвалюцыйнай гісторыі 1917-1919 гг. і публікацыя нарысаў па гісторыі дакастрычніцкай Беларусі. Значнае месца адводзілася адлюстраванню культурнага жыцця БССР – літаратуры, тэатра; развіццю беларускай мовы; публікацыі літаратурных і публіцыстычных твораў беларускай, латвійскай і сусветнай літаратуры. Такім чынам, часопіс «Беларуская школа ў Латвіі» быў прысвечаны не толькі праблемам развіцця школьнай справы, а быў ператвораны ў грамадскапалітычнае выданне. Актыўнасць дзеяння рэдкалегіі выклікала падазронасць у органаў бяспекі, і часопіс быў закрыты.

Зразумела, што актыўнасць беларускага эмігранцкага друку ў Латвіі была звязана ў першую чаргу з тым, што там сканцэнтравалася значная колькасць беларусаў і знаходзіўся ўрад БНР. Пагэтаму палітычная актыўнасць эмігрантаў была даволі высокая, а перыядычны друк стаў неабходным арганізацыйным, інфармацыйным і ідэалагічным сродкам аб'яднання беларусаў. Па ўспамінах многіх эмігрантаў, было вельмі цяжка змірыцца з тым становішчам, што «мы знаходзімся зусім радам вось рукой падаць да радзімы, а жыць прыходзіцца ў чужой краіне. I калі яна стане другой радзімай!?». Перыядычны друк эміграцыі дапамагаў беларусам пераадолець настальгічныя настроі інфармацыяй аб тым, што адбываецца ў Савецкай і Заходняй Беларусі, як жывуць людзі там, дома.

Значную культурна-асветніцкую і палітычную працу вялі эмігранты-беларусы ў Літве. Яны стварылі некалькі таварыстваў і аб'яднанняў, якія займаліся апроч усяго і выдавецкай справай. Быў арганізаваны выпуск часопісаў «Беларускі сцяг» і «Крывіч». Гэта найбольш уплывовыя выданні, якія даволі змястоўна абмяркоўвалі асноўныя кірункі эмігранцкай дзейнасці.

Часопіс «Беларускі сцяг» быў органам БНР, выдаваўся ў Каўнасе і асноўнай сваёй задачай лічыў распрацоўку ідэалогіі незалежнасці беларускай дзяржавы. На гэтай падставе ў часопісе адлюстроўвалася жыццё ў БССР і Заходняй Беларусі, а таксама Польшчы і Літве; распрацоўваліся праблемы выхавання грамадскай свядомасці беларусаў для вызвалення ад балынавікоў і польскага прыгнёту, аб'яднання Беларусі ў адзінай незалежнай дзяржаве. Артыкулы «Незалежнасць як праграма сённяшняга дня», «Да пытання аб незалежнасці Беларусі» і іншыя падкрэслівалі палітычную мэтанакіраванасць часопіса.

«Беларускі сцяг» выдаваўся нядоўга, з красавіка да верасня 1922 г. За гэты час у ім былі надрукаваны малавядомыя сучасніку матэрыялы і дакументы ў Лігу нацый і на Генуэзскую канферэнцыю аб падтрымцы і прызнанні БНР і яго ўрада. Такім чынам, часопіс фактычна прадаўжаў палітыку, распачатую ў час дзейнасці ўрада БНР у Беларусі: імкнуўся аб'яднаць эмігранцкія групы, распрацоўваць планы далейшай работы ў эміграцыі, падтрымліваць сувязі, асабліва з нацыянальнай інтэлігенцыяй у БССР.

Зразумела, што гэтыя праблемы былі толькі пазначаны і не мелі глыбокага аналізу – часопіс спыніў сваё існаванне. Аднак выразную рысу яго дзейнасці патрэбна падкрэсліць: «Беларускі сцяг» паклаў пачатак фарміравання негатыўных адносін эмігрантаў да бальшавікоў, Саветаў і БССР. На жаль, гэта тэма пачне праяўляцца і ў іншых выданнях у Еўропе і Амерыцы. Пачаўся падзел і самой эміграцыі на прасавецкую і антысавецкую. Гэта перашкаджала іх асветніцкай працы і ўсё далей адмяжоўвала ад радзімы, бо і савецкая, і польская ўлада насцярожана адносіліся да дзейнасці эмігрантаў.

Беларусы ў Вільні выдавалі ў 19331938 гг. часопіс «Золак», які адлюстроўваў «погляды беларускіх эсэраў», як сцвярджаюць некаторыя даследчыкі. У сувязі з гэтым неабходна заўважыць, што «Золак» увасобіў значна шырэйшы ідэйна-тэматычны змест. Адзначаючы крызіс нацыянальна-дэмакратычнага руху, рэдкалегія выступала за ўтварэнне самастойнай беларускай дзяржавы, падзяляючы ідэалогію БНР, адмаўляла польскую і расійскую экспансію, а таксама эксплуатацыю чалавека ў капіталістычным грамадстве, выкрывала наступленне фашызму, а таму падтрымлівала ідэю адкрыцця адзінага фронту барацьбы, аналізавала ўсталяванне таталітарнага рэжыму і пашырэнне рэпрэсіўнай палітыкі ў СССР.

Шмат увагі аддаваў часопіс беларускай гістарычнай тэматыцы і з нацыянальна-дэмакратычных пазіцый аналізаваў розныя падзеі ў артыкулах: «Пятнаццаць гадоў абвяшчэння незалежнай Беларусі», «Дзяржаўным шляхам», «Трынаццаць гадоў Слуцкага паўстання», «Значэнне прапаганды сацыяльнапалітычных ідэй у беларускім руху» і інш. Аналіз зместу «Золака» паказвае яго нацыянальна-дэмакратычны кірунак да канчатковай мэты стварэння незалежнай Беларусі.

У даваенную пару беларускія перыядычныя выданні выходзілі таксама і ў больш аддаленых краінах: Германіі, Аргенціне, Канадзе, ЗША і інш. У 1924 г. у Германіі (г. Брэслаў) пачяў друкавацца «Штогоднік па культуры і гісторыі славян». Такая агульная назва дазваляла змяшчаць у часопісе самыя разнастайныя матэрыялы аб жыцці беларусаў у розныя гістарычныя перыяды. Аднак асаблівая ўвага ўдзялялася аналізу літаратурнага працэсу і палітычным падзеям у БССР. Важнасць гэтага выдання ў тым, што яно стварала магчымасць вывучэння становішча Беларусі перад новай сусветнай вайной, а таксама садзейнічала выданню газет і часопісаў.

Адной з такіх газет была «Барацьба» – орган ЦК КПЗБ, якая выходзіла непрацяглы час на беларускай мове (1932-1933) у Берліне. Газета «Барацьба» – з'ява своеасаблівая ў эмігранцкім друку. У той час, калі ў Германіі пашыралася фашызацыя і рэпрэсіі супраць дэмакратычных арганізацый, у Берліне пачала друкавацца заходнебеларуская палітычная газета. Яе тэматычны спектр быў даволі шырокі. Друкавалася інфармацыя з БССР і Заходняй Беларусі, паведамленні аб дзейнасці беларускіх культурна-асветніцкіх арганізацый у Бразіліі, Францыі, Літве, Чэхаславакіі. Аднак галоўная ўвага рэдакцыі была скіравана на падзеі, што адбываліся на радзіме. Праблемы барацьбы працоўных Заходняй Беларусі супраць рэжыму санацыі, абарона Таварыства беларускай школы і беларускіх паслоў, складанае сацыяльна-эканамічнае становішча насельніцтва і ўціск нацыянальнай культуры былі ў цэнтры ўвагі рэдакцыі.

У 1939 г. у Берліне пачала выходзіць газета «Раніца», перад якой была пастаўлена задача аб'яднання беларусаў вакол «Беларускага камітэта...», які падтрымліваў антысавецкую палітыку фашысцкага кіраўніцтва Германіі. Больш шырокая дзейнасць беларускіх эмігрантаў будзе разгорнута ў час вайны і пасля яе заканчэння.

Арганізоўвалася вялікая беларуская дыяспара ў ЗША. На вокладцы кнігі «Беларусы ў ЗША» змешчана карта і ўказана колькасць беларусаў, якія пражываюць у кожным штаце: Мінесота – 10 тыс, Арызона – 12, Ілінойс – 80, Філадэльфія – 40 тыс. і г. д. Розныя крыніцы ўказваюць лічбу – 800 тыс. нашых суайчыннікаў у ЗША. На амерыканскім кантыненце арганізацыйна-культурнае аб'яднанне пачалося даволі рана. Ужо ў 1921 г. у Нью-Йорку выдаваўся Бюлетэнь беларускага прэсавага бюро, а ў 1926 г. бюлетэнь «Праўда». Увесь час беларускія эмігранты імкнуліся стварыць уласны перыядычны орган. Ім стала газета «Беларуская трыбуна», якая выходзіла ў Чыкага ў 1926-1932 гг. Гэта было першае беларускае выданне на амерыканскім кантыненце, як сцвярджаюць даследчыкі. Зразумела, што «амерыканскія беларусы» не абмяжоўваліся толькі названымі выданнямі. Друкавалася шмат лістовак, брашур, было наладжана выданне кніг. Патрэбна таксама адзначыць, што беларуская эмігранцкая перыёдыка таго часу слаба даследавана і яе «адкрыццё», як і фундаментальнае вывучэнне дзейнасці дыяспары, яшчэ наперадзе.

Беларуская сусветная дыяспара акрамя названых краін вяла таксама актыўную культурна-асветніцкую працу ў рэспубліках СССР, Канадзе, Аўстраліі, Аргенціне, Кітаі і інш. Там таксама выходзілі беларускія перыядычныя выданні. Напрыклад, у Канадзе эмігранты-беларусы плённа супрацоўнічалі з рускай і ўкраінскай дыяспарай і друкаваліся ў іх газетах і часопісах.

У 1930 г. быў створаны Рускі рабочы клуб, які з 1931 г. выдаваў штотыднёвік «Канадский гудок» камуністычнага кірунку. Рэдакцыя аб'яднала вакол сабе прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. Супрацоўнічалі там і беларусы. У 1934 г. у некалькіх нумарах газеты быў змешчаны «Беларускі вугалок» на беларускай мове.

Руская канадская газета выходзіла да чэрвеня 1941 г. Затым была спроба выдаваць часопіс «Время», а з 6 лістапада 1941 г. пачала выходзіць газета «Вестник», у стварэнні і дзейнасці якой прымаў удзел беларус Г.Акулевіч.

Эмігранцкі друк беларусаў – з'ява шматгранная і палітычна павучальная. У ім адлюстроўваліся погляды розных пакаленняў беларусаў за мяжой, палітычныя пазіцыі ў адносінах да сваёй Айчыны, іх літаратурна-мастацкія здабыткі. Я.Купала, разважаючы над гэтай складанай праблемай, з горыччу напісаў такія шчымлівыя радкі: «He шукай ты шчасця, долі на чужым далёкім полі...»

Мы прааналізавалі адзін са складаных перыядаў развіцця беларускіх сродкаў інфармацыі – перыядычнага друку і радыёвяшчання. Гэты працэс адбываўся ў цяжкіх умовах станаўлення савецкай рэчаіснасці: аўтарытарнай партыйнай улады, жорсгкай планавай эканомікі і класавай барацьбы. I ўсё ж у гэты час беларускі друк стаў масавым, моцным асяродкам нацыянальнай культуры, адпаведным беларускаму менталітэту.

Супярэчлівая сацыяльна-палітычная рэальнасць адлюстравана ў сродках інфармацыі і застаецца ў свядомасці беларускага народа.

 

 

Р а з д з е л IV

 

БЕЛАРУСКАЯ ЖУРНАЛІСТЫКА Ў ПАЛІТЫЧНАЙ СІСТЭМЕ САВЕЦКАГА ГРАМАДСТВА ў 30-я гг. XX ст.

 

1. Адлюстраванне ў друку планаў пабудовы асноў сацыялізму

«Першая пяцігодка завершана! Няхай жыве другая пяцігодка!» – пад такім лозунгам выйшла «Звязда» 1 студзеня 1933 г. Заканчэнне першай пяцігодкі дазволіла савецкай краіне перайсці на новы сацыяльна-эканамічны ўзровень. Камуністычная партыя стала адзінай палітычнай сілай. Яна распрацоўвала тэорыю і практыку сусветнага камуністычнага руху і сацыялістычнага будаўніцтва ў СССР.

Выканаўчая ўлада –Саветы – рэалізоўвала генеральную лінію партыі ў масах працоўных. Усе савецкія людзі, творчыя і грамадскія арганізацыі выконвалі волю Камуністычнай партыі. Такім чынам сфарміравалася сацыялістычная дзяржаўная сістэма, a разам з ёй і аўтарытарная форма кіравання. Такія ўмовы садзейнічалі развіццю культу асобы Сталіна.

Намаганнямі савецкага народа была створана прамысловасць: пабудаваны заводы, фабрыкі; падрыхтаваны кваліфікаваныя кадры рабочых і тэхнічная інтэлігенцыя ў вышэйшых навучальных установах. Развіццё прамысловасці павінна было заснаваць магутны навуковатэхнічны патэнцыял сацыялізму. У «Звяздзе» паведамлялася, што асноўныя фонды беларускай прамысловасці павялічыліся ў 3, 5 разы. Пабудаваны магутныя прадпрыемствы: Белдрэс імя Сталіна, Гомсельмаш, Бабруйскі і Гомельскі дрэваапрацоўчыя заводы, Магілёўская фабрыка штучнага валакна. Як адно з важнейшых дасягненняў газета падкрэслівала той гістарычны факт, што рабочы клас рэспублікі павялічыўся з 240 да 500 тыс. чалавек.

Газеты пісалі, што на сацыялістычны шлях калектывізацыі была пераведзена вёска. У калгасах і саўгасах створана буйнатаварная сельскагаспадарчая вытворчасць, забяспечаная тэхнікай кадрамі спецыялістаў. Аблічча вёскі набывала сучасныя рысы: будаваліся школы, клубы, новыя дамы, пачалі развівацца электрыфікацыя і радыёфікацыя.

У тым жа нумары «Звязды» было сказана, што калгасны лад у БССР «перамог канчаткова і незваротна»: 46% бядняцка-серадняцкіх гаспадарак уступілі ў калгасы, іх створана 9 тыс., на сяле працуюць 59 МТС, якія маюць 1453 трактары. Пасяўныя плошчы павялічыліся ў параўнанні з 1913 г. на 1 млн гектараў. Створаны фактычна дзве асобныя галіны вытворчасці: жывёлагадоўля і льновытворчасць. Свінагадоўля ў рэспубліцы выйшла на адно з першых месцаў у свеце, а плошча пасеваў ільну (26, 6 тыс. гектараў) перавысіла плошчу высеву гэтай культуры ва ўсёй Заходняй Еўропе. Значнымі былі паказчыкі развіцця эканомікі, хаця савецкая краіна яшчэ адставала ў сацыяльнаэканамічных адносінах ад еўрапейскіх краін.

I тым не менш, у прапагандысцкай сферы складваліся спецыфічныя рысы савецкага грамадства. Галоўнай каштоўнасцю станавіўся чалавек працы. Стваральнасць стала сімвалам магутнасці краіны, росквіту грамадства і дабрабыту кожнага чалавека. Ідэя сацыялізму была верай асноўнай часткі насельніцтва, ідэалам маладога пакалення. На гэтай падставе замацоўвалася маральнапалітычнае адзінства савецкага народа, асноўнай рысай характару стала вера ў камуністычныя ідэалы і патрыятызм. Складаліся грандыёзныя планы другой і трэцяй перадваенных пяцігодак. СССР у эканамічных адносінах павінен быў стаць адной з высокаразвітых краін свету.

Для прапаганды ідэй сацыялізму, стварэння ўмоў для рэалізацыі пяцігадовых планаў, падпарадкавання свядомасці мільёнаў людзей палітычнаму курсу Камуністычнай партыі быў створаны магутны інфармацыйны апарат.

Асноўнае месца ў ім займаў перыядычны друк. У Беларусі ў пачатку другой пяцігодкі выходзіла 201 газета. Асноўнымі былі рэспубліканскія: «Звязда», «Савецкая Беларусь» (выходзіла да 1933 г.), «Чырвоная змена», «Калгаснік Беларусі» (з 1931 г.), «Піянер Беларусі», «Літаратура і мастацтва» – друкаваліся на беларускай мове; «Рабочий» – на рускай; «Orka» («Ворыва») – на польскай; «Дэр Юнгер арбетэр» («Малады рабочы») – на яўрэйскай мове, «Раўдонасіс артояс» – на літоўскай. Да таго ж выдавалася 75 раённых, 113 шматтыражных газет.

Пераважная колькасць газет выходзіла на беларускай мове. Акрамя таго, у 11 раённых газетах друкаваліся польскія старонкі, у 10 – яўрэйскія; кожная раённая газета мела сваю друкарню; у рэспубліцы выпускаліся тысячы насценных газет, друкавалася восем часопісаў і было зарэгістравана 40 тыс. рабселькораў. Такая сістэма друку прадстаўляла сабой моцную агітацыйна-прапагандысцкую сілу.

Беларускі друк быў масавым. Гэта азначала, што газеты і часопісы станавіліся неад'емнай часткай жыцця большасці насельніцтва. У 1933 г. амаль на кожнага дарослага жыхара рэспублікі, з улікам саюзных газет, якія распаўсюджваліся ў БССР, прыпадала па аднаму экземпляру перыядычных выданняў. Газета арганічна ўваходзіла ў штодзённае жыццё людзей, станавілася ідэалагічным, эканамічным і культурным фактарам адукацыі.

Палітычная функцыя перыядычнага друку была манапалізавана Камуністычнай партыяй, фактычна друк і радыё сталі дырэктыўнымі органамі. На старонках газет друкаваліся пастановы ўрада, якія былі абавязковымі для выканання ўсімі партыйнымі, савецкімі і грамадскімі арганізацыямі, а затым працоўнымі калектывамі і кожным чалавекам. Савецкая прэса пранізала распараджэннямі кіраўніцтва краіны ўсю жыццядзейную сферу грамадства, пакідаючы за рамкамі інфармацыйнай плыні іншыя погляды на развіццё савецкай рэчаіснасці. «Вальнадумства» не было. Яно не магло трапіць на старонкі выданняў.

Змест газет быў падзелены на дзве часткі: адна – стваральная сацыялістычная, другая – выкрывальна-крыміналістычная. Вось толькі адзін характэрны прыклад: у студзені 1933 г. «Звязда» надрукавала вялікі артыкул «Справа контррэвалюцыянераў-шкоднікаў з Белдзяржснабу» (па матэрыялах абвінаваўчага заключэння). «Гэтымі днямі, – гаварылася ў артыкуле, – Вярхоўны Суд БССР пачне слухаць справу групы контррэвалюцыянераў-шкоднікаў, былых работнікаў Белдзяржснабу, якія сістэматычна раскрадалі і разбазарвалі дзяржаўныя фонды прадуктаў і вострадэфіцытныя тавары.

Усяго да адказнасці прыцягнута 23 чалавекі. На першы погляд, гэта чыста крымінальная справа. Але даволі прыглядзецца да сацыяльнага складу групы, да палітычнага твару тых, хто ўзначальваў яе, да метадаў яе работы, каб стала зразумелым, што пралетарскі суд будзе мець справу не толькі з крымінальнымі злачынцамі, a з групай контррэвалюцыйных антысавецкіх і нацыяналістычных элементаў, якія ставілі сваёй мэтай шляхам сістэматычнай шкодніцкай дзейнасці выклікаць незадавальненне мас, сарваць разгорнутае сацыялістычнае будаўніцтва ў нашай краіне».

Такі матэрыял у цэнтральнай газеце насцярожваў чытачоў, выклікаў пачуццё страху і сацыяльнай неабароненасці. Рэпрэсіўная абстаноўка ў краіне ўскладнялася. У савецкай прэсе развівалася сістэма маніпуляцыі грамадскай думкай.

Перыядычны друк і радыё рэспублікі ўжо да часу зацвярджэння планаў другой пяцігодкі сталі ідэалагічным стрыжнем сацыялістычнай эканомікі. Гэта быў другі, пасля партыйных дырэктыў, найбольш значны пласт грамадскай інфармацыі, які, у сваю чаргу, складаўся з двух напрамкаў абмеркавання. Спачатку газеты аналізавалі, «даводзілі» да чытачоў кантрольныя лічбы або паказчыкі эканамічных дасягненняў, затым вёўся пошук, як дасягнуць гэтых вынікаў. «Звязда» звярталася да чытачоў: «Другая пяцігодка будзе пяцігодкай, галоўным чынам, асваення новых прадпрыемстваў, асваення новай тэхнікі. Гэта патрабуе карэннага ўздыму тэхнічнай узброенасці рабочых і інжынерна-тэхнічнага персаналу» – і далей расказвала, як дасягнуць найвышэйшых паказчыкаў у вытворчасці.

Такім чынам, разгорнутыя планы (галоўныя мэты сацыялістычнага будаўніцтва), рэальная іх карціна і дынаміка развіцця штодзённа адлюстроўваліся ў перыядычным друку. Гэта станоўчая функцыя прэсы мела вялікае значэнне для грамадства.

Аднак паступова чалавек-стваральнік ператвараўся ў механізм, «вінцік» вытворчасці і грамадства. Гіпербалізаваныя рэкорды, несупынная гонка за паказчыкамі, выкананне пастаўленых планаў пазбаўлялі працоўнага чалавека нармальных умоў жыцця. Афіцыйна сцвярджалася ідэя, што нас чакае лепшая, шчаслівая будучыня. У 30-я гг. быў распаўсюджаны лозунг «Кожны рабселькор – ударнік, кожны ўдарнік – рабселькор».

Гэта ўдалае вынаходніцтва эфектыўнасці масавай работы партыйна-савецкага друку. Кожны рабселькор быў прыкметным чалавекам у калектыве. Ён быў перадавым рабочым, калгаснікам, камсамольцам, членам партыі або прафсаюза. Яго аўтарытэт складаўся з прафесійнай, эфектыўнай, рацыянальнай працы, адукаванасці, сувязі з канкрэтным выданнем. Ён быў дзяржаўнай асобай, бо яго прыкладныя паводзіны і працоўная дзейнасць фактычна былі пад аховай дзяржавы.

Але галоўнае было ўсё ж тое, што рабселькоры знаходзіліся ў цэнтры вытворчага працэсу. Ад асабістага ўдарніцтва рабселькоры пераходзілі да стварэння перадавых брыгад, пастоў, звенняў у калгасах. Накіраванасць на эфектыўную вытворчасць пацвярджалася ў газетах рэспублікі, перыядычны друк ператвараўся ў «трыбуну перадавога вопыту».

Разам з тым беларускі друк паступова станавіўся нацыянальным па змесце і форме. Пераважная колькасць выданняў выходзіла на беларускай мове. Каля дзесяці газет друкаваліся на рускай, польскай, яўрэйскай, літоўскай мовах. Такім чынам, захоўвалася тэндэнцыя падтрымкі інтарэсаў нацыянальных меншасцей і дынаміка развіцця культуры карэннай нацыі – беларусаў. Патрэбна адзначыць, што ў Беларусі распаўсюджваліся і рускамоўныя саюзныя газеты і часопісы. На тэрыторыі рэспублікі паўсюдна прымаліся маскоўскія радыёперадачы. Тыражы маскоўскіх газет і працягласць радыёперадач былі значнымі і ў поўнай меры забяспечвалі інфармацыяй насельніцтва рэспублікі. Інтэнсіўнасць развіцця перыядычнага друку ўвесь час павялічвалася. Ужо ў 1934 г. выходзіла 256 газет. Сярод іх 11 цэнтральных, 75 раённых, 6 транспартных, 44 палітаддзельскія і саўгасныя, 55 фабрычназаводскіх, 36 шматтыражных выданняў вышэйшых навучальных устаноў. Агульны разавы тыраж складаў 800 тыс. экземпляраў.

Газеты і часопісы БССР былі адным з асноўных фактараў развіцця нацыянальнай культуры, рухавіком працэсу беларусізацыі грамадства і ліквідацыі непісьменнасці насельніцтва. Такія агульнанацыянальныя кампаніі развіваліся хутка, дынамічна і вынікова. У рашэнні праблем агульнай і тэхнічнай адукацыі БССР была ў ліку лідэраў сярод іншых рэспублік СССР.

Адной з нацыянальных асаблівасцей беларускага друку стаў удзел у рабоце рэдакцый пісьменнікаў і паэтаў, якія ў 20-я гг. былі маладнякоўцамі, а ў 30-я ўжо зарэкамендавалі сябе як вядомыя літаратары. Вырас таксама журналісцкі склад вопытных работнікаў друку, што моцна ўплывала на змест газет і часопісаў, развіццё жанраў, глыбіню адлюстравання рэчаіснасці. Такім чынам, беларускі друк быў падрыхтаваны да прапаганды і выканання планаў другой пяцігодкі.

Тлумачальная праца пачалася з абмеркавання матэрыялаў XVII Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі. Рэспубліканскія газеты «Звязда», «Рабочий», «Чырвоная змена», абласныя, раённьія шматтыражныя, а затым і насценныя газеты пачалі сістэмнае тлумачэнне ідэалогіі другога пяцігадовага плана, асноўнай мэтай якога было завяршэнне пабудовы асноў сацыялізму. Палітычнай стратэгіяй з'яўлялася неабходнасць дасягнення высокага ўзроўню прамысловасці і сельскай гаспадаркі, якія б забяспечвалі абароназдольнасць краіны, матэрыяльны дабрабыт савецкіх людзей. Сацыяльна-культурны фактар пяцігадовага плана прадугледжваў высокае развіццё нацыянальнай культуры, літаратуры, навукі і адукацыі: ставілася задача дасягнуць усеагульнай пісьменнасці насельніцтва.

У гэтай сувязі ў газеце «Звязда» і іншых выданнях была ўведзена рубрыка «За што мы будзем змагацца». Журналісты імкнуліся на прыкладах дасягненняў народнай гаспадаркі ў першай пяцігодцы паказаць, што новыя планы сацыялістычнага будаўніцтва – рэальная праграма развіцця савецкай краіны і яна адпавядае магчымасцям савецкіх людзей. Аднак, каб здзейсніць задуманае, неабходна пераўзброіць прамысловасць новымі тэхналогіямі, давесці вытворчасць тэхнікі і абсталявання да поўнага забеспячэння ўнутраных патрэб. Асаблівая ўвага ўдзялялася абароннай прамысловасці, стварэнню і вытворчасці новай тэхнікі для паляпшэння ўзбраення Чырвонай Арміі.

Асноўнай часткай планаў пабудовы сацыялізму, падкрэслівала «Звязда», з'яўляецца далейшая калектывізацыя сельскай гаспадаркі і перавод яе на сучасныя навукова-тэхнічныя асновы функцыянавання, забеспячэнне сяла неабходнай тэхнікай і абсталяваннем (у 1932 г. у калгасах Беларусі працавалі толькі чатыры зернеўборачныя камбайны). Без інтэнсіўнага насычэння сельскагаспадарчай тэхнікай немагчыма было дасягнуць карэннага паляпшэння функцыянавання калгаснасаўгаснай сістэмы.

Газеты падкрэслівалі, што тэхнічнае забеспячэнне прамысловасці і сельскай гаспадаркі, агульнае навучанне і асваенне новых прафесій з'яўляюцца аднымі з галоўных кірункаў развіцця другой пяцігодкі і адначасова магчымасцю яе паспяховага выканання. У краіне быў разгорнуты масавы рух за авалоданне новай тэхнікай. Гэта вельмі значная акцыя беларускай прэсы і радыё ў час другой пяцігодкі. У чарговы раз друк станавіўся арганічнай сувяззю паміж вытворчасцю і чалавекам. На старонках газет, у першую чаргу ў «Звяздзе», «Калгасніку Беларусі», «Рабочем», «Чырвонай змене», была разгорнута інтэнсіўная і эфектыўная прапаганда дзейнасці таварыства «За авалоданне тэхнікай», якое вядома ў савецкай гісторыі як «зотаўскі рух».

Газета «Рабочий» была куратарам гэтай справы і паведамляла, што на многіх прадпрыемствах да тэхвучобы адносяцца фармальна. У лепшым выпадку праведзены тэхэкзамен, і на гэтым павышэнне кваліфікацыі скончана. 3 поля зроку знікалі маладыя рабочыя і асабліва работніцы, якім патрэбна было вучыцца. Як станоўчы прыклад прыводзілася арганізацыя тэхвучобы на вілейскім заводзе «Бальшавік», дзе рабочыя вучыліся пастаянна.

У друку сістэматычна і аргументавана вялася кампанія вучобы рабочых. Да ўдзелу ў ёй запрапіаліся вопытныя арганізатары і інжынерна-тэхнічныя работнікі. Папершае, асноўнай стратэгіяй тэхнічнага навучання павінна была стаць сістэма падрыхгоўкі і перападрыхтоўкі кадраў. На прадпрыемствах ствараліся групы, участкі, было арганізавана шэфства майстроў над маладымі рабочымі. Узначаліць тэхнічнае навучанне, зразумела, маглі інжынеры прадпрыемстваў. Таму газета «Рабочий» рэкамендавалі вылучыць на гэту адказную працу найбольш вопытных спецыялістаў. Калі такая дзейнасць разгарнулася на прадпрыемствах, адразу высветлілася, што інжынерна-тэхнічныя кадры таксама патрабуюць значнага павелічэння іх колькасці і новай падрыхтоўкі.

Другім аспектам указанай глабальнай праблемы было павышэнне вытворчасці працы, эканомія сыравіны і электраэнергіі, дысцыпліна на прадпрыемствах і паляпшэнне якасці прадукцыі. «Звязда» даводзіла чытачам, што авалоданне новай тэхнікай – гэта новая якасць арганізацыі вытворчасці і яе нельга дасягнуць толькі практычным вопытам. Неабходна забяспечыць працоўных неабходнай літаратурай, практычнымі заняткамі на новай тэхніцы. Але, што асабліва важна, вучоба павінна павялічвапь, а не зніжаць тэмпы выпуску прадукцыі, як гэта адбылося на некаторых прадпрыемствах рэепублікі. Там адмовіліся ад старых метадаў працы, не засвоіўшы новых.

У 1934 г. узнікла неабходнасць правесці ўсебеларускую канферэнцыю перадавікоў вучобы. Яе мэтай, пісала газета «Рабочий», з'яўляецца ўсямернае пашырэнне радоў ударнікаў вытворчасці новай тэхнічнай падрыхтоўкі, абмеркаванне ўмоў і тэмпаў пераабсталявання прадпрыемстваў сучаснай тэхнікай, а таксама выхад усёй прамысловасці на якасна новы ўзровень выпуску прадукцыі.

Патрэбна падкрэсліць асаблівую актыўнасць газеты «Рабочий» у перыяд пераходу на новы ўзровень тэхнічнага забеспячэння. На жаль, вопыт рэдакцыі ў справе арганізацыі вытворчасці, тэхнічнай адукацыі рабочага класа, колькасць якога вельмі хутка ўзрастала ў 30-я гг., а таксама стварэнне сучаснага прамысловага комплексу рэспублікі слаба вывучаны. Між тым тады закладваліся асновы пераўтварэння БССР з аграрнай краіны ў аграрна-прамысловую, што адпавядала гістарычнай аб'ектыўнасці развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Рэдкалегія «Рабочего» лічыла сябе адказнай за рэканструкцыю прамысловасці, укараненне новай тэхнікі і пастаяннае павышэнне вытворчасці прадукцыі. Таму на старонках газеты разам з панарамай прамысловага будаўніцтва, тысячамі прыкладаў пазітыўнага развіцця прамысловасці змяшчаліся таксама аналітычныя і крытычныя артыкулы, у якіх абмяркоўваліся вострыя праблемы савецкага ладу жыцця, а таксама падвяргаліся крытыцы шматлікія недахопы: безгаспадарчасць, марнатраўства, разбазарванне дзяржаўнай маёмасці.

Журналісты «Рабочего» ўказвалі ў сваіх матэрыялах на залежнасць асваення і ўкаранення новай тэхнікі ад адукацыі рабочых, санітарнага стану працоўных месцаў, узроўню зарплаты, сацыяльных, бытавых умоў. Гэта быў новы падыход да арганізацыі вытворчасці. Маральныя стымулы былі суаднесены з матэрыяльнымі, і за ўдарную працу неабходна было плаціць добрую зарплату.

Тым больш што інтэнсіўнасць працы на вытворчасці ў гэты час узрасла. У сярэдзіне 1935 г. разгарнуўся стаханаўскі рух. Як бы негатыўна ні ацэньвалі асобныя сучасныя гісторыкі гэтую з'яву, стаханаўства ў сярэдзіне 30-х гг. адыграла значную ролю ў інтэнсіфікацыі вытворчасці.

У Беларусі пра стаханаўскія метады працы ў верасні 1935 г. расказвала «Звязда». Гэта інфармацыя адразу разышлася па ўсіх газетах, абмяркоўвалася і станоўча ўспрымалася на вытворчасці і ў сельскай гаспадарцы ў працоўных калектывах. Пад уплывам павелічэння інфармацыі складвалася думка па ацэнцы новага пачынання.

Змест і сэнс стаханаўства, расказвала газета «Рабочий» у кастрычніку 1935 г., больш складаны, чым фактар высокай прадукцыйнасці працы ў адзінку часу працоўны дзень. У гэтым факце спалучыліся магчымасці прафесіянала – асваенне тэхнікі і выкарыстанне яе патэнцыялу, зацікаўленасць савецкага рабочага ў развіцці вытворчасці, а таксама выкарыстанне яго вопыту на іншых прадпрыемствах. У перадавога рабочага фарміраваліся новыя калектывісцкія рысы савецкага чалавека. Стаханаўства стала паказчыкам эфектыўнай працы, рысай характару асобы і значным перыядам інтэнсіфікацыі вытворчасці пяцігодак. Гэта старонка сацыялістычнай рэчаіснасці яркімі вобразамі была адлюстравана ў шматтыражным беларускім друку, які дынамічна развіваўся. Вышэй называлася лічба – 113. Столькі шматтыражак выходзіла ў 1933 г. У час другой пяцігодкі новыя прадпрыемствы ўводзіліся адно за другім. Там адкрываліся і шматтыражныя газеты –важнейшы агітацыйна-прапагандысцкі фактар непасрэдна на вытворчасці. Прывядзём некалькі прыкладаў выданняў буйнейшых прадпрыемстваў і ўстаноў: «Сцяг індустрыялізацыі» – Віцебскай швейнай фабрыкі, «Сельмашавец» – Гомсельмаша, «За ўдарны камбінат» – Аршанскага льнокамбіната, «За пралетарскія кадры» – Беларускага політэхнічнага інстытута, «Савецкі студэнт» – Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Газеты прадпрыемстваў сканцэнтравалі ў сабе ўсю грамадска-палітычную і вытворча-тэхнічную інфармацыю, якая збіралася каля станкоў, у цэхах і брыгадах, апрацоўвалася ў рэдакцыях і вярталася да чытачоў у выглядзе публіцыстычных матэрыялаў. Газета прадпрыемства такім чынам стварала дзеючую панараму падзей, паказвала ўнутраны механізм функцыянавання вытворчасці, а галоўнае – падавала рэальны партрэт працоўнага чалавека.

Яшчэ больш важнай тэмай у дзейнасці заводскіх газет была рэканструкцыя прадпрыемстваў, павышэнне вытворчасці і якасці, зніжэнне сабекошту прадукцыі. Toe адметнае, што адбывалася ў канкрэтнай брыгадзе, на рабочым месцы, адразу станавілася інфармацыяй для ўсіх рабочых і тэхнічных супрацоўнікаў. Гэта было распаўсюджанне вопыту, перадавых форм і метадаў працы, аналіз развіцця вытворчасці. У газеце ішоў пастаянны дыялог прафесіяналаў, зацікаўленых людзей, перадавікоў-ударнікаў, вынаходнікаў, рацыяналізатараў; адлюстроўваўся працэс сацыялістычнага спаборніцтва, стаханаўства і г.д. Шматтыражная газета станавілася неад'емнай часткай прадпрыемства і ўсёй прамысловасці рэспублікі.

Заводскія газеты мелі, як правіла, невялікі штат супрацоўнікаў. Часта рэдакцыю прадстаўляў адзін рэдактар, а матэрыял рыхтавалі рабкоры, інжынерна-тэхнічныя работнікі. Выходзілі газеты на розных прадпрыемствах парознаму: адзін раз на тыдзень, раз на месяц, a то i на квартал; на асобных прадпрыемствах выпускаліся спецыяльныя нумары. Тыраж таксама залежаў ад колькасці рабочых і фінансавых магчымасцей завода.

Партыйная і савецкая ўлада, рэспубліканская прэса імкнуліся стварыць спрыяльныя ўмовы для дзейнасці фабрычна-заводскіх газет. Акрамя партыйных дырэктыў для мясцовага кіраўніцтва, якія абавязвалі аказваць усямерную дапамогу рэдакцыям, праводзілася вучоба рэдактараў і супрацоўнікаў па паляпшэнні ідэйнага і прафесійнага зместу газет, паглыбленым адлюстраванні партыйнага і грамадскага жыцця, вытворчых праблем, падрыхтоўкі працоўных на канкрэтным заводзе ці фабрыцы. У канцы другой пяцігодкі на ўсіх буйных прадпрыемствах рэспублікі была свая газета, своеасаблівы «ідэалагічны цэх» сацыялістычнай прамысловасці рэспублікі.

У 30-я гг. актыўна развіваўся галіновы друк, што адпавядала інтэнсіфікацыі ўсіх бакоў дзейнасці беларускага грамадства. У першую чаргу гэта адносіцца да выданняў сістэмы адукацыі. У Мінску, у абласных гарадах ствараліся перыядычныя органы па асвятленні арганізацыі адукацыі ў Беларусі. Ужо ў 1921-1922 гг. выходзілі «Бюллетень Гомельского губернского отдела народного образования», «Веснік Наркамата асветы ССРБ» (г. Мінск); у 1922-1926 гг. – часопісы «В помощь просвещенцу» (г. Гомель), «Працаўнік асветы» (1928-1929), дадатак да газеты «Савецкая Беларусь» і інш.

Найбольш значным выданнем быў часопіс «Асвета» – орган Народнага камісарыята асветы, першы нумар якога выйшаў у чэрвені 1924 г. Рэдакцыя ставіла перад сабой важную задачу: дапамагчы ў арганізацыі савецкай школы. У адрасаваным чытачам, у першую чаргу настаўнікам, звароце гаварылася, што ў час мірнага будаўніцтва неабходна звярнуць першасную ўвагу на адукацыю. На аснове дарэвалюцыйнай школы патрэбна ствараць новую сістэму. У яе ўключаюцца дашкольныя ўстановы, хаты-чытальні, школы, вышэйшыя навучальныя ўстановы. Аднак галоўная ўвага – настаўніку. Ён у цэнтры адукацыі, палітыкі, культуры.

Патрэбна падкрэсліць, што часопіс «Асвета» (з 1929 г. «Камуністычнае выхаванне») свае задачы выканаў. Ён выходзіў да 1933 г., а значыць, у самы складаны перыяд станаўлення савецкай адукацыі. На яго старонках адлюстравалася дынаміка ліквідацыі непісьменнасці, арганізацыі школьнай справы і распрацоўкі вучэбных планаў, падрыхтоўкі савецкіх настаўнікаў. Рэдакцыя «Асветы» паставіла сабе мэту зрабіць часопіс першым дарадчыкам і памочнікам культурна-асветнага працаўніка. У першую чаргу рэдакцыя імкнулася задаволіць патрэбы вёскі, «дзе так востра адчуваецца недахоп метадычнай літаратуры», гаварылася ў звароце да чытачоў.

Узніклі ў той час і выданні транспарту і сувязі. 3 1929 г. пачынае выходзіць газета «Рачнік». У 1931-1940 гг. у Гомелі друкавалася газета чыгуначнікаў «Голас ударніка», a 30 ліпеня 1936 г. выйшаў першы нумар «Железнодорожника Белоруссии».

Былі створаны самастойныя перыядычныя выданні прафесійных саюзаў, хаця яны і былі ў полі зроку партыйна-савецкага друку. Часопіс «Голос труда» выдавалі віцебскія прафсаюзы ў 19201921 гг., Савет беларускіх прафсаюзаў у Мінску выпускаў у 1921-1922 гг. часопіс «Голос производственных союзов», а з 1925 да 1935 г. выходзіў часопіс «Прафсаюзны рух Беларусі» орган праўлення прафсаюзаў Беларусі.

Стваралася аснова для ўзнікнення савецкага ваеннага друку. У многіх часцях і падраздзяленнях, якія размяшчаліся на тэрыторыі рэспублікі, перыядычна друкаваліся газеты і часопісы: «Кавалерыст-ударнік» (1931 г., Мінск), «На варце» – дадатак да «Беларускай вёскі» для вайскоўцаў (1929-1931). 3 12 лютага 1931 г. пачала выходзіць вядомая газета «На варце Кастрычніка» (цяпер «На страже») – орган Рабоча-сялянскай міліцыі БССР.

Пачалі выходзіць таксама медыцынскія, краязнаўчыя газеты і часопісы («Наш край» – 1925-1930 гг.), для паляўнічых, нават сатырычныя («Дубінка» – часопіс сатыры і гумару, дадатак да «Звязды», 1924 г.).

Для ўмацавання партыйнага кіравання калгасамі пры МТС у 1933 г. былі створаны спецыяльныя палітаддзелы, якім было даручана таксама выпускаць газеты. У Беларусі такія выданні імкнуліся стварыць амаль пры кожнай МТС. Гэта характэрная з' ява ў сістэме партыйна-савецкага друку. Маленькія, больш падобныя да лістоўкі, палітаддзельскія газеты выконвалі дырэктыўную функцыю на сяле. Іх матэрыялы былі заўсёды мясцовымі. Разам з паведамленнямі аб дзейнасці партыйных і савецкіх органаў вялася размова аб сельскім «палітычным моманце», сезонных работах і перспектыве іх ажыццяўлення.

Палітаддзельскі друк – важная з'ява ў гаспадарча-палітычным жыцці савецкай краіны. Праграма савецкай улады па ўсталяванні калектывізацыі сельскай гаспадаркі атрымала свой працяг у мясцовым друку фактычна ў кожнай вёсцы, калгасе, саўгасе, МТС. Палітаддзельскія газеты былі цікавыя тым, што яны ўтрымлівалі інфармацыю двух планаў: тлумачэнне пастаноў гіартыі і ўрада і функцыянаванне мясцовай улады і калектываў калгасаў па арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці.

Галоўным у змесце газет МТС было наступнае. Тэхналогія арганізацыі і ўмацавання калгасаў, агратэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці, эканамічнае выкарыстанне тэхнікі, павышэнне земляробчай культуры і г. д. Газеты палітаддзелаў былі невялікімі па фармаце, выходзілі не часцей аднаго разу на тыдзень невялікімі тыражамі пад характэрнымі для таго часу назвамі: «Бальшавік ільнаводства» – Дрысенская МТС, «Бальшавіцкі прызыў» – Уздзенская МТС, «Бальшавіцкі трактар» – Чавуская МТС, «Бальшавіцкі шлях» – Любаньская МТС і інш.

У асноўным палітаддзельскія газеты МТС выходзілі з 1933 да 1935 г. і былі накіраваны на ажыццяўленне поўнай калектывізацыі і пабудовы асноў сацыялізму ў вёсцы.

Інфармацыя палітаддзельскіх газет была яскравым сведчаннем арганізацыі працы ў калгасах, куды МТС накіроўвала сваю тэхніку і дзе распаўсюджваліся выданні. Кожны механізатар і ўвогуле вясковец ведаў, як працуюць у суседніх калгасах, дзе найбольш якасна і прадуктыўна выкарыстоўваюць тэхніку і дзе збіраюць лепшыя ўраджаі. Несумненна, што пры агульным дэфіцыце інфармацыі, адносна слабай забяспечанасці насельніцтва перыядычнымі выданнямі і з улікам таго, што радыё было далёка не ў кожнай вёсцы, газеты МТС сваю інфармацыйна-арганізацыйную функцыю выконвалі.

Аднак трэба адзначыць, што стварэнне палітаддзелаў прыводзіла да бязмернага павелічэння ўпраўленчага апарату пры абмежаваных дзяржаўных сродках. Пры ўвядзенні стаўкі рэдактара ў палітаддзеле неабходна было павялічыць яго штат на некалькі дзесяткаў чалавек. А калі заўважыць, што большасць рэдактараў былі партыйнымі работнікамі і журналісцкага вопыту ім не хапала, то і якасць газет МТС не заўсёды адпавядала патрабаванням таго часу.

I ўсё ж палітаддзельскія газеты былі дзейсным фактарам агітацыі за калгасны лад, эфектыўным сродкам прапаганды ідэалогіі сацыялістычнага будаўніцтва і рэгулятарам складаных адносін на сяле ў 30-я гг. Выкараненне «варожага класа кулакоў», затым «вайна з сераднякамі», а ў завяршэнні «дыктат над беднякамі», якія «не разумелі» калгаснага шчасця, што адлюстроўвалася ў друку ў выглядзе «рэалізацыі метадаў генеральнай лініі партыі», выхоўвалі Ў грамадстве псіхалогію самазахавання. Аднак гэта тэма, якая яшчэ чакае свайго глыбокага даследавання.

Рэзкае павелічэнне колькасці газет і часопісаў абвастрыла таксама праблему якасці перыядычнага друку. Для яе вырашэння невыпадкова ў 1934 г. быў створаны часопіс «Бальшавіцкі друк» – орган ЦК КП(б)Б, які выходзіў два разы на тыдзень да 1936 г. Новы часопіс змяшчаў агляды газет як асноўнай формы кіраўніцтва і дапамогі друку, вучыў рэдакцыйныя кадры палітычна і літаратурна, дапамагаў выхоўваць рабселькораўскі актыў, аналізаваў лепшы вопыт рэдакцый рознага ўзроўню і адпаведна ўзнімаў пытанні перад ЦК КП(б)Б аб паляпшэнні якасці і эфектыўнасці беларускага друку.

Рэдкалегія часопіса шэсць разоў на месяц выпускала інфармацыйны бюлетэнь для мясцовага друку па самых актуальных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця. Акрамя таго, яго супрацоўнікі выязджалі непасрэдна ў рэдакцыі газет, каб на месцы вывучыць абставіны і дапамагчы выправіць недахопы ў працы.

Рэдакцыя прытрымлівалася сваёй рабочай праграмы. Па асноўных пытаннях партыйнага жыцця выступалі кіраўнікі БССР. У першым нумары аб задачах арганізацыі расказаў сакратар ЦК КП(б)Б А.Галадзед. Рэдактары, журналісты і партыйныя работнікі аналізавалі дзейнасць асобных газет і часопісаў, развіццё рабселькораўскага руху. Цікавым і эфектыўным быў агляд газет. У такіх артыкулах аналізавалася дзейнасць рэдакцыйных калектываў, выказваліся прапановы па паляпшэнні тэматычнага зместу, выкарыстанні розных жанраў.

Патрэбна падкрэсліць, што часопіс «Бальшавіцкі друк» аналізаваў якасць беларускай мовы ў перыядычным друку і літаральна вучыў журналістаў правільна ўжываць літаратурныя тэрміны і асобныя словы ў газетным тэксце. Часопіс станоўча паўплываў на абнаўленне зместу і формы беларускага друку.

Разгалінаваная сістэма нацыянальнай прэсы 30-40-х гг. патрабавала кваліфікаваных кадраў. Існуючая падрыхтоўка не адпавядала палітычным, літаратурным і прафесійным патрабаванням да беларускіх журналістаў. Пагэтаму ўзнікла неабходнасць стварэння спецыяльнай навучальнай установы, для чаго ў рэспубліцы ўжо меліся пэўныя перадумовы.

Яшчэ ў 1918 г. Віцебскі губком партыі арганізаваў спецыяльную школу з тэрмінам навучання шэсць месяцаў для партыйна-савецкіх работнікаў, дзе ўдасканальвалі сваё майстэрства і журналісты.

У Віцебску было даволі моцнае аддзяленне Расійскага тэлеграфнага агенцтва (РОСТА), пашыраная сетка друку і вопытныя публіцысты, якія разумелі неабходнасць павышэння кваліфікацыі газетных работнікаў, што і было асноўнай мэтай установы. Віцебская школа праіснавала нядоўга, аднак дапамогу работнікам мясцовага друку аказала значную. Лекцыі чыталі вопытныя журналісты, партыйныя дзеячы. Таксама там друкаваліся дапаможныя матэрыялы і інфармацыйныя бюлетэні для практычных работнікаў.

На базе партыйнай школы ў 1920-1921 гг. дзейнічаў Камуністычны універсітэт імя Ф.Энгельса, дзе была секцыя культурна-асветнай работы, а ў 1921 г. універсітэт быў рэарганізаваны ў губернскую партшколу.

Затым падрыхтоўку журналістаў вяла партыйная школа ў Мінску (1920-1925), дзе было адкрыта газетнае аддзяленне. Слухачы вывучалі тэорыю і практыку партыйна-савецкай работы, a таксама асновы творчай журналісцкай дзейнасці. У партыйнай школе будучыя пісьменнікі і публіцысты (П.Галавач, В.Харужая) выпускалі свой часопіс «Партшкольский мирок».

У 1925 г. на базе мінскай партшколы быў адкрыты Камуністычны універсітэт імя У.I.Леніна – вышэйшая навучальная ўстанова для кіруючых кадраў. Там было арганізавана газетнае аддзяленне з тэрмінам навучання тры гады. Студэнты ў 1930-1931 гг. выпускалі газету «Ленінец».

Аднак узровень падрыхтоўкі газетных кадраў патрабаваў спецыяльнага падыходу і стварэння спецыфічнага вучэбнага плана. Пагэтаму ў 1932 г. Камуністычны універсітэт быў рэарганізаваны ў Вышэйшую камуністычную сельскагаспадарчую школу, а на базе газетнага аддзялення быў створаны Камуністычньі інстытут журналістыкі (КІЖ) – вышэйшая партыйная навучальная ўстанова.

Гэта першая спецыялізаваная журналісцкая навучальная ўстанова ў нашай рэспубліцы. У інстытут прымаліся маладыя людзі ва ўзросце ад 22 да 32 гадоў з трохгадовым стажам працы ў СМІ і двума гадамі партыйнай і грамадскай работы. Тэрмін вучобы складаў тры гады. Пры інстытуце працавала таксама адкагадовая вячэрняя школа журналістаў камсамольска-маладзёжных газет, туды прымалі 19-23-гадовых юнакоў і дзяўчат. У 1934 г. быў адкрыты сектар завочнага навучання газетных кадраў.

Вучэбны план КІЖа ўключаў спецыяльныя журналісцкія дысцыпліны, літаратуру: беларускую, рускую, замежную; гісторыю УКП(б) і КП(б)Б, усеагульную і народаў СССР, палітэканомію, дыялектычны матэрыялізм, гістарычны матэрыялізм, ленінізм, беларускую і рускую мовы, эканамічную геаграфію.

Паступалі ў інстытут па накіраванні партыйных органаў. Студэнты былі на поўным дзяржаўным забеспячэнні: атрымлівалі стыпендыю, інтэрнат, харчаванне ў інстытуцкай сталоўцы. Такім чынам, журналісцкае навучанне набывала паслядоўнасць, навуковасць і сістэмнасць. Інстытут існаваў да 1941 г., у ім было падрыхтавана больш за 300 журналістаў. Сярод іх вядомыя пісьменнікі: П.Кавалёў, А.Пысін, А.Дзеружынскі і інш. Студэнтам КІЖа быў Герой Савецкага Саюза У.Амельянюк.

Студэнты інстытута журналістыкі з 1932 г. выпускалі сваю газету «Кіжавец», з 1934 г. – «Кіравец». Перайменаванне выдання было звязана з тым, што ў 1934 г. інстытуту было прысвоена імя С.М.Кірава. Акрамя гэтага, у 1934-1935 гг. у інстытуце выходзіла штомесячная «Літаратурная газета». Тэарэтычная падрыхтоўка студэнтаў інстытута была арганічна злучана з практычнай журналістыкай.

У сувязі з тым, што набор студэнтаў у КІЖ быў абмежаваны, газетных работнікаў не хапала. Таму ў 1935-1937 гг. у Магілёве працавала Усебеларуская газетная партыйная школа, у 1936 г. ператвораная ў Магілёўскі газетны тэхнікум. Там выходзіла газета «За газетныя кадры».

Журналістаў рыхтавалі не толькі ў Беларусі, але і ў Маскве. У 1937 г. былі створаны цэнтральныя газетныя курсы пры ЦК УКП(б). Туды на адзін год накіроўвалі лепшых рэдактараў раённых газет, работнікаў гарадскіх, цэнтральных выданняў, якія скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы.

У 30-я гг. кіраўніцтва СССР паставіла задачу завяршыць калектывізацыю сельскай гаспадаркі. Якраз на мяжы першай і другой пяцігодак у гэтым працэсе праявіліся значныя цяжкасці. Амаль прымусовае ўступленне ў калгасы выклікала незадаволенне часткі насельніцтва. Паспешлівасць у арганізацыі калгасаў, іх маламаёмаснасць і нізкія стартавыя фінансавыя і тэхнічныя магчымасці прывялі да таго, што ў 1932 г. значна знізіўся аб'ём сельскагаспадарчай прадукцыі. А ўзросшыя планы на дзяржаўныя нарыхтоўкі перавысілі магчымасці забеспячэння насельніцтва прадуктамі: па краіне пракацілася жорсткая хваля голаду 1932-1933 гг., якая закранула і Беларусь.

Масавы голад прывёў да вялікіх ахвяр сярод насельніцтва, выклікаў крызіс партыйна-савецкай улады і далейшае пашырэнне рэпрэсій. Класавая барацьба стала нормай жыцця ў вёсцы. «Кулакі і заможнікі не толькі ўхіляюцца ад выканання цвёрдых заданняў, – пісала «Звязда», – але і арганізуюць сабатажы нарыхтовак у асобных калгасах, вёсках і бядняцка-серадняцкіх гаспадарках». Зразумела, што падобныя матэрыялы выклікалі адмоўную рэакцыю ў грамадстве і стваралі сацыяльнае напружанне. Аб сапраўдных прычынах голаду, на жаль, маўчала і савецкая прэса, падтрымліваючы працэс «выкрыцця ворагаў народа».

Складаная сацыяльна-палітычная абстаноўка на сяле не спрыяла хуткаму росту вытворчасці. I тым не менш калектывізацыя працягвалася ўжо фактычна ў рэпрэсіўных умовах. Уладныя структуры ўкаранялі ідэалогію калгаснага будаўніцтва партыйна-савецкім уціскам.

Толькі пасля 1936 г. прыйшоў час адноснай лібералізацыі вясковага жыцця. Першым крокам у гэтым кірунку было стварэнне машына-трактарных станцый (МТС), яны пачалі ўзнікаць у 1930 г., але развіццё атрымалі на працягу даваеннага дзесяцігоддзя.

Тэхнізацыя ўзброіла саўгасы і калгасы сучаснымі трактарамі, разнастайнымі прыстасаваннямі і прыладамі працы, пачалося будаўніцтва жывёлагадоўчых ферм, калгасных двароў з тэхнічным паркам. Адносна лягчэйшай стала праца людзей, хаця заробкі ў калгасе былі мізэрныя і самазабеспячэнне ажыццяўлялася натуральнай асабістай гаспадаркай, з якой, між іншым, неабходна было плаціць вялікі падатак.

У рэспубліканскай прэсе такія вострыя пытанні сельскагаспадарчай вытворчасці і жыцця вясковага насельніцтва не ўзнімаліся. Галоўнай тэмай была неабходнасць умацавання калгасаў. «Звязда», «Калгаснік Беларусі», «Чырвоная змена», абласны друк заклікалі пераадолець кулацкі ўплыў і стварыць калектыўныя гаспадаркі. Зразумела, што рэдакцыі практыкавалі пазітыўны метад адлюстравання падзей і на шматлікіх прыкладах даказвалі яго жыццядзейнасць, неабходнасць і перспектыву.

Калі ў развіцці прамысловасці асноўнай праблемай было павелічэнне выпуску прадукцыі, то ў сельскай гаспадарцы вытворчасць ставілася ў залежнасць ад вынікаў барацьбы з кулакамі. На гэтай падставе галоўная сельскагаспадарчая газета «Калгаснік Беларусі» пастаянна заклікала «зламаць кулацкае супраціўленне» і такім чынам «выконвала галоўную задачу партыі»: абвастрыць супрацьстаянне ў сяле.

Аднак, нягледзячы на палітычныя цяжкасці, у першай палове 30-х гг. калгасы былі забяспечаны кадрамі, тэхнікай і арганізацыйна. На дзяржаўным узроўні быў захаваны іх аўтарытэт як асноўнай формы сельскагаспадарчай вытворчасці. Кіраўніцтвам краіны былі праведзены буйныя мерапрыемствы для замацавання масавага калгаснага руху. У 1933 г. у Маскве прайшоў Усесаюзны з'езд калгаснікаў-ударнікаў. Тады ж быў праведзены такі з'езд і ў БССР, а ў 1935 г. ужо быў арганізаваны II Усесаюзны з'езд калгаснікаў-ударнікаў.

Гэтыя і іншыя саюзныя і рэспубліканскія мерапрыемствы давалі шырокія магчымасці перыядычнаму друку весці глыбокі аналіз тых умоў, у якіх развівалася савецкая вёска.

За «палітычнай траскатнёй», гучнымі пачынаннямі, ударніцтвам, зваротамі, ганаровымі вахтамі і іншым, што запаўняла партыйна-савецкія газеты таго часу, прабівалася сапраўдная стваральная сіла вяскоўцаў. Гэта ў тую пару ў 1934 г. народны паэт Янка Купала надрукаваў у часопісе «Борьба за технику» артыкул «Мы жывём у казачны час». Было нешта асабліва моцнае ў тагачаснай трагічнай рэчаіснасці, што давала магчымасць мудраму празарліўцу бачыць надзею ў нейкай асаблівай сіле беларусаў, нескаронасці і настойлівасці «самім будаваць сваю долю», аб чым ён пісаў у сваіх творах.

Аптымістычным для чытачоў быў 1935 г., калі сельская гаспадарка Беларусі дасягнула значных вынікаў. Калектывізацыя ўжо набліжалася да свайго завяршэння. Калгасы былі забяспечаны тэхнікай, спецыялістамі, якія валодалі агранамічнай культурай. Многія з іх атрымалі высокія ўраджаі, было адноўлена пагалоўе жывёлы. «Звязда» вяла рубрыку «Дошка гонару», дзе расказвала аб перадавых гаспадарках і рэкордах асобных калгаснікаў. Такім чынам, у перыядычным друку фарміраваліся новыя матывы эканамічнай стабільнасці і росту сацыялістычнай вытворчасці. Калгасная вёска выходзіла з жабрацтва і рухалася да забеспячэння насельніцтва рэспублікі прадуктамі. Увесь беларускі друк падтрымліваў і прапагандаваў агульнасаюзнае імкненне сялян вырасціць і сабраць 78 млрд пудоў зерня. Гэта ў той час былі адменены нормы на мясныя прадукты, зніжаны кошт на хлеб, а ў 1936 г. адменена картачная сістэма на розныя тавары.

Умацаванне сацыяльна-эканамічнага становішча ў СССР дало падставу для прыняцця 5 снежня 1936 г. новай савецкай Канстытуцыі. Напярэдадні гэтай падзеі ў СССР і Беларусі газеты і часопісы, радыё інфармавалі насельніцтва аб змяненнях у Асноўным Законе. У рэспубліканскіх і абласных газетах быў надрукаваны праект Канстытуцыі. Потым змяшчаліся матэрыялы пра абмеркаванне Канстытуцыі, пра змяненні і прапановы.

Неабходна адзначыць, што абмеркаванне праекта Канстытуцыі праходзіла актыўна і эфектыўна. «Звязда» друкавала артыкулы вучоных, грамадскіх дзеячаў, у якіх разглядаліся праблемы правоў грамадзян на працу, вучобу, развіцця правазаконнасці, існавання форм уласнасці. Разам з тым змяшчаліся паведамленні пра сходы рабочых, сялян, інтэлігенцыі, дзе выказваліся прапановы па ўдасканаленні праекта з улікам рэальнага становішча савецкага грамадства і яго аддаленых перспектыў.

З вялікай увагай насельніцтва адносілася да пытанняў правоў і абавязкаў асобы, уласнасці, міжнародных адносін, арганізацыі вытворчасці, умацавання абароназдольнасці і Чырвонай Арміі. Новая Канстытуцыя замацоўвала рэвалюцыйныя заваёвы і заканадаўча сцвярджала аб пабудове асноў сацыялізму ў СССР.

У час абмеркавання новага праекта Канстытуцыі ў беларускім друку распрацоўвалася тэма параўнання савецкага і буржуазнага ладу жыцця і аналізавалася палітыкаэканамічнае становішча ў Заходняй Беларусі, Польшчы і ўсёй Еўропе. «Звязда» амаль штодзённа змяшчала артыкулы аб падзеях у «гарачых кропках», якіх станавілася ўсё больш і больш. Да ўлады ў Італіі, Германіі прыйшлі фашысты, у Іспаніі разгараўся пажар грамадзянскай вайны. Палітычны крызіс выклікаў сацыяльны пратэст насельніцтва ў еўрапейскіх краінах, узнікала небяспека пагрозы новай сусветнай вайны. На VII кангрэсе Камінтэрна ў 1935 г. было прынята рашэнне аб стварэнні адзінага фронту барацьбы супраць фашызму.

На фоне гэтых падзей, пісала «Звязда», народы Савецкага Саюза адмаўляюць палітыку ваеннай канфрантацыі і нарошчваюць патэнцыял сацыялістычнай эканомікі, умацоўваюць мірнае жыццё горада і вёскі, а таксама дабрабыт насельніцтва.

Такія матэрыялы мелі значны ўплыў на чытачоў. Добрымі былі і вынікі ліквідацыі непісьменнасці насельніцтва рэспублікі, яно станавілася палітычна адукаваным. Складаныя працэсы, якія адбываліся ў рэспубліцы, накладвалі моцны адбітак на грамадскую свядомасць. I тое, што насоўваецца новая вайна, беларусы добра разумелі. А таму захоўвалі і падтрымлівалі мірную палітыку, дэклараваную савецкім урадам, хаця бачна было і тое, што ў СССР таксама ідзе ўмацаванне Чырвонай Арміі.

У рэспубліцы была створана сістэма ваеннай падрыхтоўкі насельніцтва, а ў перыядычным друку гэта была адна з важнейшых, пастаянных тэм. «Звязда», «Чырвоная змена», «Калгаснік Беларусі» і іншы






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.