Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Беларускі друк ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі 1 страница






Першая сусветная і Грамадзянская войны, замежная інтэрвенцыя нанеслі Беларусі велізарныя страты. Амаль поўнасцю былі знішчаны сельская гаспадарка і прамысловасць, разрабаваны і вывезены ў Германію нацыянальныя каштоўнасці, спалены многія вёскі. і разбураны гарады, загінула вялікая колькасць салдат, партызан і мірных жыхароў. На тэрыторыі Беларусі панаваў глыбокі сацыяльна-эканамічны крызіс.

У такіх умовах пераход ад вайны да мірнага жыцця стаў вялікай падзеяй для ўсяго насельніцтва Беларусі. Пачынаўся перыяд станаўлення грамадства на новай савецкай аснове, які характарызуецца значнымі эканамічнымі дасягненнямі, а таксама палітычнымі супярэчнасцямі і сацыяльнымі канфліктамі.

Савецкая ўлада фактычна толькі распачынала выпрацоўваць стыль палітычнага, гаспадарчага і культурнага будаўніцтва. У мірных умовах патрэбна было пераадолець агульную беднасць насельніцтва, беспрацоўе, вырашыць зямельнае пытанне – надзяліць еялян зямлёй, адмяніць харчразвёрстку, аднавіць разбураныя прадпрыемствы. Палітыка «ваеннага камунізму» перашкаджала ўладкаванню мірных працэсаў дзяржаўнага будаўніцтва і павялічвала сацыяльнае напружанне ў грамадстве, абвастрала супярэчнасці паміж палітычнымі плынямі, якія дзейнічалі ў гэты перыяд, выклікала незадавальненне часткі насельніцтва савецкай уладай і праграмнымі палажэннямі балынавіцкай партыі.

У той жа час працоўныя рэспублікі, частка інтэлігенцыі падзялялі і падтрымлівалі стратэгію і тактыку савецкай улады і бальшавіцкай партыі аб стварэнні грамадства сацыяльнай справядлівасці.

Аб'ектыўна гэтыя працэсы абцяжарваліся надзвычак складанымі праблемамі палітычнага і дзяржаўнага ўладкавання на беларускай тэрыторыі. Яна была зведзена фактычна да 6 паветаў Мінскай і Магілёўскай губерняў, дзе ў ліпені 1920 г. адбылося аднаўленне Беларускай ССР. Па ўмовах Рыжскага дагавора, 18 сакавіка 1921 г. Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь сталі каланіяльным прыдаткам Польшчы. Беларуская тэрытарыяльная праблема амаль на два дзесяцігоддзі стала вострай і балючай для насельніцтва рэспублікі. Лёс нацыі і дзяржавы вырашаўся без удзелу самога беларускага народа. Падзел Беларусі на два супрацьлеглыя палітычныя і сацыяльна-эканамічныя лагеры стаў чарговай трагічнай старонкай у гісторыі нашага народа.

Востраканфліктнай сферай у грамадскай думцы, партыйным і дзяржаўным кіраўніцтве было нацыянальнае пытанне. У працэсе ўмацавання савецкай улады нацыянальны рух цярпеў уціск, а яго носьбіты, грамадскія арганізацыі і грамадзяне савецкай краіны, былі абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і аб'яўлены ворагамі. Наступіў перыяд рэпрэсій і фарміравання таталітарнага рэжыму.

У пачатку аднаўленчага перыяду некаторыя палітычныя партыі, а таксама асобныя бальшавікі – кіраўнікі ЦК КП(б)Б і ўрада рэспублікі, так званай «маскоўскай групы», — не лічылі беларусаў асобным народам, нацыяй і не прызнавалі нават магчымасці стварэння самастойнай дзяржавы.

Па-першае, такая адмоўная пазіцыя парушала прынцыпы кансалідацыі грамадства, а па-другое – закладвала асновы рэпрэсіўнай ідэалогіі «нацдэмаўшчыны» ў канцы 20-х і ў 30-я гг.

У цэнтры разгорнутай вострай палітычнай барацьбы паўстала праблема аднаўлення гаспадарчага комплексу – прамысловасці і сельскай гаспадаркі, неабходна было практычна распрацоўваць шлях будаўніцтва сацыялістычнага грамадства.

Для ліквідацыі агульнага крызісу і вырашэння першачарговых праблем умацавання савецкай улады ў мірных умовах у сакавіку 1921 г. на X з'ездзе РКП(б) была зацверджана новая эканамічная палітыка (НЭП), распрацаваная У.I.Леніным. Гэта быў рэальны крок савецкага ўрада па ўмацаванні свайго ўплыву на грамадства, зніжэнні сацыяльнага напружання, паляпшэнні матэрыяльнага становішча насельніцтва, а ў перспектыўным кірунку НЭП павінен быў стаць асновай будаўніцтва сацыялізму ў савецкай краіне.

Галоўная сутнасць НЭПа заключалася ў тым, што гэта праграма аб'ядноўвала сацыялістычныя прынцыпы гаспадарання з эканамічнымі законамі рыначных умоў. Прадуктовая развёрстка, якая выклікала незадавальненне насельніцтва, была заменена дыферэнцыраваным падаткам, які меў заахвочвальную тэндэнцыю павелічэння вытворчасці прадукцыі. Былі пашыраны ўсе формы гандлю: дзяржаўны, кааператыўны, прыватны. Апошні набыў вялікую актыўнасць і атрымаў падтрымку ўлады. Каб стабілізаваць рубель, была праведзена грашовая рэформа. У прамысловасці галоўнай формай кіравання станавіўся гаспадарчы разлік. Дзяржава ўдзяляла вялікую ўвагу развіццю дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, не абмяжоўваючы іх дзейнасць. Канкурэнцыя ў вытворчасці і ў гандлі стала стымулам даволі хуткага аднаўлення народнай гаспадаркі. Да канца 1921 г. эканамічнае становішча стабілізавалася настолькі, што ўрад Беларусі адмяніў картачную сістэму забеспячэння насельніцтва.

Зыходзячы з гэтых палітыка-эканамічных задач, складвалася праграма дзейнасці беларускага друку таго часу. Пасля працяглай вайны беларуская прэса раптоўна «згубіла» большую частку мілітарысцкай інфармацыі і адразу сутыкнулася з праблемай прафесійнага аналізу мірнага жыцця. Hi рэдакцыі, ні кіруючыя органы, а тым больш чытачы не маглі быць задаволены зместам газет і часопісаў, адарваных ад рэальнага жыцця, ад тых палітычных і эканамічных пытанняў, якія паўсталі перад грамадствам: гаспадарчае будаўніцтва, усталяванне міру на беларускай зямлі. Чытач, які прывык да ваенных паведамленняў, а цяпер з надзеяй углядаўся ў новыя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні, патрабаваў іншых падыходаў да грамадскай інфармацыі. Неабходна было ўсямернае пашырэнне сеткі перыядычных органаў. Тым больш, што ў палітычным жыцці асноўную ролю выконвала бальшавіцкая партыя, якая ўзяла на сябе адказнасць за распрацоўку і здзяйсненне сацыялістычнага шляху развіцця. На гэтай падставе ЦК РКП(б) надаваў першасную ўвагу перыядычнаму друку як асноўнай форме сувязі партыі і савецкай улады з шырокімі слаямі насельніцтва.

Былі тэарэтычна і заканадаўча распрацаваны ідэалагічныя і прафесійныя прынцыпы дзейнасці партыйна-савецкага друку. Бальшавіцкая партыя аб'явіла галоўным зместам сваёй ідэалогіі марксізм-ленінізм, асноўнай мэтай – пабудову сацыялізму, a apганізацыйнай нормай прапаганды і агітацыі – шырокую сетку партыйнага друку. Такім чынам, была створана замкнутая сфера агітацыі і прапаганды, якая асвятляла ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства з камуністычнага пункту гледжання.

Перыядычнаму друку адводзілася значная роля ў фарміраванні камуністычнага светапогляду, устойлівай савецкай, грамадскай думкі, кансалідацыі насельнідтва на выкананне планаў сацыялістычнага будаўніцтва. Такім маштабным задачам павінна была адпавядаць і структура прапаганды і агітацыі, сістэма друку як галоўныя інструменты партыйнай работы з насельніцтвам.

На падставе дырэктыў ЦК РКП(б) Камуністычная партыя Беларусі распрацоўвала нарматыўную базу дзейнасці перыядычнага друку. Падкрэслім, што ідэалагічнай асновай функцыянавання журналістыкі былі законы архітэктонікі ўсёй партыйнай структуры ў савецкай краіне. Разам з гэтым дзейнічаў спецыфічны механізм партыйнага кіраўніцтва і работы перыядычнага друку для эфектыўнага яго ўплыву на насельніцтва.

Праграма дзейнасці беларускага друку была пазначана ў рашэннях IV з'езда КП(б)Б, які адбыўся ў лютым – сакавіку 1921 г. Партыйны з'езд фактычна сфармуляваў праграму работы перыядычнага друку рэспублікі ва ўмовах дзяржаўнага, партыйнага і гаспадарчага будаўніцтва. Дырэктыўна-інфармацыйная плынь перыядычнага друку мусіла асвятляць дзейнасць партыйных арганізацый, савецкіх органаў, развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі на сацыялістычных асновах, праблемы станаўлення народнай адукацыі і адраджэнне беларускай культуры. Такім чынам, у аснову функцыянавання перыядычнага друку былі пакладзены надзвычай важныя задачы, якія фактычна складалі аснову новага сацыялістычнага ладу.

Партыйныя органы надзялялі прэсу асаблівай палітычнай функцыяй – непасрэднай, прамой сувязі партыі з шырокімі грамадскімі коламі. У той жа час гэта задача падавалася чытачам у выглядзе канчатковых кіраўнічых формул, якія мелі дырэктыўны характар. Ініцыятыва працоўных мас станоўча ўспрымалася ў гаспадарчым будаўніцтве, што дало падставу для залічэння партыйнай прэсы ў «эканамічныя рычагі сацыялізму».

У рашэннях IV з'езда КП(б)Б была прапанавана таксама прафесійная і арганізацыйная формула дзейнасці рэдакцый у перыяд НЭПа. Партыйным арганізацыям прадпісвалася павялічыць дапамогу і кантроль за іх працай, накіраваць туды вопытных партработнікаў, пашырыць тэматыку газет, прысвечаную тлумачэнню ідэалогіі Камуністычнай партыі па арганізацыі гаспадарчага будаўніцтва. Былі зроблены захады для павелічэння тыражу газет, прыцягнення да супрацоўніцтва прадстаўнікоў літаратуры і мастацтва, а таксама разгортвання рабселькораўскага руху.

Такія адносіны з боку партыйных і савецкіх органаў да ўдасканалення сістэмы беларускага друку далі свой плён. Умацавалася матэрыяльная база выдавецтваў і друкарняў. У студзені 1921 г. урад рэспублікі стварыў Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, у якім быў арганізаваны аддзел для кантролю за дзейнасцю газет і часопісаў. 3 гэтага часу пачынаецца непасрэднае партыйнае і дзяржаўнае кіраўніцтва перыядычным друкам і ўсёй сістэмай прапаганды і агітацыі ў рэспубліцы. А галоўнае – складваліся таксама спрыяльныя абставіны для арганізацыі шырокай сістэмы нацыянальнага друку.

У першую чаргу ЦК КП(б)Б умацоўваў і пашыраў дзейнасць партыйных выданняў. У 1921 г. працягвалі выходзіць газеты «Звезда» – орган Цэнтральнага бюро ЦК КП(б)Б, а таксама «Mlot» («Молат») – орган Польскага бюро пры ЦК КП(б)Б і «Дэр Векер» («Будзільнік») – орган Цэнтральнага бюро ЦК КП(б)Б і Галоўнага бюро яўрэйскіх секцый у Беларусі.

Выхад адразу трох рэспубліканскіх партыйных газет меў станоўчае палітычнае і культурнае значэнне. Гэта ў нейкай меры было праявай унутрыпартыйнай дэмакратыі. Найбольш актыўныя партыйныя плыні ў КП(б)Б атрымалі магчымасць выдаваць свае газеты і весці прапаганду і агітацыю ў асяроддзі нацыянальных меншасцей. Зразумела, што гэта з'ява мела кансалідуючае значэнне для беларускага народа.

Аднак галоўная партыйная газета «Звезда» выходзіла на рускай мове. Нягледзячы на тое, што існавала таксама беларускамоўная газета «Савецкая Беларусь» (орган Цэнтральнага выканаўчага камітэта (ЦВК) Саветаў БССР), такая сітуацыя ў меншай меры адпавядала нацыянальным інтарэсам. Тым больш што «Звезда» была цэнтральным органам беларускай партыйнай арганізацыі, мела значны ўплыў на ўвесь перыядычны друк, даводзіла да насельніцтва дырэктывы партыйных і савецкіх органаў Калектыў рэдкалегіі прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы ідэалогіі партыйнага, савецкага і гаспадарчага будаўніцтва.

У адрозненне ад іншых выданняў рэдкалегія «Звезды» мела даволі значны прафесійны вопыт, была «загартавана» ў палітычнай барацьбе, знаходзілася пад непасрэдным уплывам ЦК КП(б)Б, і зразумела, што яе матэрыялы фактычна мелі дырэктыўны характар для мясцовых органаў улады. «Звезда» сістэмна асвятляла сутнасць НЭПа. Разам з публікацыяй рашэнняў X з'езда РКП(б), у якіх былі пазначаны асноўныя кірункі ўвядзення новай эканамічнай палітыкі, рэдакцыя газеты шырока тлумачыла яе сутнасць і тэхналогію правядзення.

З'яўленне гэтага артыкула невыпадковае. Ужо ў той час узнікалі супярэчнасці паміж маламаёмаснымі слаямі насельніцтва і «нэпманаўцамі», што стварала сацыяльнае напружанне, а іншым разам прыводзіла да ўзброеных сутычак паміж беднякамі і кулакамі. На прыклад, 2 чэрвеня 1921 г. газета пісала: «Задача сялянскай моладзі – падрыхтаваць сябе свядомымі людзьмі, каб потым узначаліць кіраўніцтва жыццём. Павесці рашучую барацьбу з непісьменнасцю, правакацыйнымі слухамі, бандытызмам, наводзячым паніку на вёску». Сапраўды, патрэбна было знаходзіць выйсце. Гэта тады разгарнулася праца па стварэнні атрадаў ЧАНа (часці асобага назначэння), у якіх у асноўным былі камсамольцы.

У далейшым абвастрэнне супярэчнасцей у грамадстве пасадзейнічала таму, што ў вышэйшых кіраўнічых партыйных структурах сфарміраваўся негатыўны погляд, нібыта з умацаваннем асноў сацыялізму класавая барацьба ўзмацняецца. Гэта прынесла цяжкія страты грамадству, садзейнічала ўкараненню таталітарных прынцыпаў кіравання ў краіне.

Рэдакцыя «Звезды» як цэнтральнага органа КП(б)Б асвятляла таксама і праблемы адраджэння прамысловасці рэспублікі. На старонках газеты ў першую чаргу вялося абмеркаванне шляхоў хуткага аднаўлення прадпрыемстваў традыцыйнай вытворчасці: дрэваапрацоўчай, вінакурнай, цаглянай, шкляной і інш. У той жа час перад органамі кіравання выстаўлялася задача стварэння новых прадпрыемстваў: металаапрацоўкі, энергетыкі, рамонту тэхнікі, выпуску сельскагаспадарчых машын, без чаго не было магчымасці стварыць адзіны і сучасны народнагаспадарчы механізм пераходнага перыяду. Дарэчы, ужо ў 1922 г. у рэспубліцы працавала 277 прамысловых прадпрыемстваў.

Такім чынам, прамысловасць рэспублікі на падставе ідэалогіі пераходнага перыяду атрымала імклівае развіццё. Разам з дзяржаўнымі прадпрыемствамі была створана значная частка прыватных майстэрняў, якія ўплывалі на працэс забеспячэння насельніцтва таварамі першай неабходнасці. «Звезда» разглядала развіццё сельскай гаспадаркі і прамысловасці як адзіны працэс сацыялістычнай эканомікі і на гэтай падставе развівала палітычныя і эканамічныя прынцыпы ўмацавання саюзу рабочых і сялян.

Пастаянна ўзрастаў тыраж газет. «Звезда» ў 1921 г. пачала выходзіць штодзённа тыражом больш за 6 тыс. экземпляраў.

Савецкія органы рабілі захады па стварэнні матэрыяльных умоў для рэдакцый, каб яны пашыралі сувязі з чытачамі, арганізоўвалі вакол выданняў грамадскі актыў і запрашалі да супрацоўніцтва дзяржаўных, партыйных і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. У імкненні да масавага ўплыву на насельніцтва закладваліся асновы развіцця рабселькораўскага руху як адной з самых распаўсюджаных форм сувязі прэсы з чытачамі.

Значна змянілася знешняе аблічча «Звезды». Газета часта выходзіла на 6 палосах і змяшчала значную міжнародную, партыйную, савецкую, культурную і эканамічную інфармацыю. Яна пераўтварылася ў буйное грамадска-палітычнае выданне. Рэдакцыя ўвяла пастаянныя рубрыкі: «На Бліжнім Усходзе», «Па Савецкай Федэрацыі», «За граніцай», «У Польшчы», «Савецкае будаўніцтва», «У партыі», «Апошнія навіны» (Трансатлантычнае радыё з Гановера), «Рабочае жыццё», «Суд», «Па Мінску». Апошняя старонка была запоўнена рэкламай. Змест газеты адпавядаў палітыка-эканамічнаму стану сацыялістычнага ладу.

Усе самыя важныя праблемы грунтоўна і паслядоўна абмяркоўваліся ў газеце. Палітыка НЭПа, умацаванне сельскіх Саветаў, партыйных і прафсаюзных ячэек на прадпрыемствах, шмат інфармацыі аб дзейнасці цэнтральных органаў улады, міжнародных адносінах, становішчы ў Заходняй Беларусі і г. д. – усё гэта штодзённа даходзіла да чытачоў у зразумелай і доказнай форме. Кожную праблему рэдкалегія «Звезды» распрацоўвала грунтоўна, абмяркоўвала паслядоўна і імкнулася ўкараніць у свядомасць чытачоў.

У 1922 г. востра паўстала пытанне збірання падаткаў для выхаду з крызіснай эканамічнай сітуацыі: «Падаткі – аснова ўсёй работы, – пісала газета. –...Грашовыя і натуральныя падаткі – гэта аснова асноў развіцця гаспадаркі. Толькі пры дапамозе падаткаў мы зможам зрушыць нашу эканоміку з мёртвага становішча». «Звезда» развівала гэту тэму і паказвала, як збіраць падаткі, а галоўнае – расказвала, што падаткі папаўняюць бюджэт і раскрываюць магчымасці эфектыўнага дзяржаўнага будаўніцтва. «Беларуская прамысловасць уваходзіць у паласу ажыўлення збыту (сваёй прадукцыі). Пагэтаму ставіцца задача авалодаць мясцовым рынкам, аб'яднацца з сельскім рынкам, тым больш што вёска таксама пачала ажываць».

«Савецкая Беларусь» выходзіла тры разы на тыдзень 3-тысячным тыражом і арыентавалася на вясковага чытача. Партыйная арганізацыя рэспублікі на той час была нешматлікай, а сяляне складалі больш за 80 %. I весці дыялог з асноўнай часткай насельніцтва, узровень адукацыі якой быў зусім нізкі, на простай роднай мове было зручна, карысна і палітычна правільна. Дыскусіі аб ужыванні беларускай мовы ніхто не ўздымаў, хаця ў газетах і часопісах друкаваліся артыкулы аб яе развіцці. Гэта лічылася аб'ектыўным правам беларусаў. Супярэчнасці ўзнікнуць і прарастуць значна пазней, калі беларусізацыя дасягне значных поспехаў і стане адным з эфектыўных фактараў адукацыі і культуры. Тады будзе вынесены прысуд нацыяналізацыі – «нацыяналізм».

А пакуль газета расказвала пра пераўтварэнні на вёсцы, пра неабходнасць узбраення сельскагаспадарчай вытворчасці тэхнікай, тлумачыла, «што такое трактар». Рэдакцыя ўказвала партыйным і савецкім органам, што на сяле марудна перабудоўваецца стыль жыцця. «Чорная, ядавітая хмара навісла над вёскай, – гаварылася ў артыкуле " Б'ём у набат", – і агарнула ўсё яе жыццё. Самагон і п'янства ў самых дзікіх формах сталі бытам, пусцілі глыбокія карэнні ў сялянскае жыццё і пагражаюць не толькі здароўю, дабрабыту вёскі, але і будучыні рабочасялянскай дзяржавы, пабудаванай з такімі цяжкімі і такімі вялікімі ахвярамі». Тэма культурнага жыцця вёскі стала ў газеце пастаяннай. Да яе асвятлення прыцягваліся мясцовыя органы ўлады і найперш камсамольскія арганізацыі, якія павінны былі разгортваць палітыка-масавую працу.

Рэдакцыя змяшчала шмат матэрыялаў культурна-асветніцкага характару. Напрыклад, 3. Бядуля надрукаваў вялікі артыкул у некалькіх нумарах за 1922 г. «Рэлігія і сялянства ў народнай творчасці». 3 29 кастрычніка да 1 лістапада «Савецкая Беларусь» шырока асвятляла ўрачыстасці, прысвечаныя гадавіне БДУ (рэпартаж «Трыумф» з урачыстага сходу 1 лістапада). I ўсё больш газета засяроджвала ўвагу на вырашэнні эканамічных праблем, ад якіх залежаў дабрабыт людзей.

Падводзячы вынікі гаспадарчага года, «Савецкая Беларусь» паведамляла чытачам, што яны незадавальняючыя, паказваюць цяжкасці развіцця савецкай эканомікі. Калі ў 1921 г. было сабрана 41, 2 пудоў жыта з дзесяціны, то ў 1922 г. толькі 41 пуд. А калі ўспомніць, што савецкая краіна перажывала страшэнны голад у Паволжжы, то такі паказчык быў недастатковы для паляпшэння жыцця людзей і краіны.

У прамысловасці становішча было яшчэ горшае. Многія прадпрыемствы былі разбураны, і не было сродкаў на іх рамонт. Панавала беспрацоўе, заработная плата была нізкай.

У пачатку НЭПа «Савецкая Беларусь» распачынала агульны працэс беларусізацыі. Апрача дырэктыўных матэрыялаў рэдкалегія першасную ўвагу ўдзяляла аднаўленню гаспадаркі: сельскай і прамысловай. У гэтым працэсе акрэсліліся таксама вельмі значныя праблемы – аднаўленне гарадоў, будаўніцтва новай вёскі і фарміраванне новага стылю жыцця людзей у савецкай краіне. Культура быту, савецкага жыццеўкладу абапіралася на палітыку партыі і савецкай улады, але фарміравалася на аснове асветы і адукацыі, калектывісцкай псіхалогіі людзей.

Газета расказвала аб дзейнасці партыйных, камсамольскіх арганізацый, савецкіх мясцовых органаў улады; тлумачыла неабходнасць павелічэння пасяўных плошчаў, прадуктыўнасці жывёлы; асвятляла арганізацыю быту і адпачынку вясковай моладзі, пісала пра адкрыццё новых школ, клубаў і г. д. Журналісты «Савецкай Беларусі» ставілі перад сабой мэту паказаць рэальнае жыццё – складанае, супярэчлівае, іншы раз трагічнае, а разам з гэтым прапаноўвалі новыя падыходы да жыцця, каб рэчаіснасць залежала не ад выпадковасцей, а больш ад волі, жадання і працы людзей.

Так закладваліся асновы беларускага друку, заснаванага на партыйнай прапагандзе і агітацыі. Сэнс гэтай працы быў у тым, што, зыходзячы ў сваёй дзейнасці з агульнасаюзных дакументаў, друк прапаноўваў насельніцтву праграму будаўніцтва сацыялізму ў беларускіх умовах. Журналісты імкнуліся да пераканаўчасці, доказнасці, глыбокага публіцыстычнага даследавання актуальнай тэматыкі, заўсёды ставілі на першае месца інтарэсы чытачоў і таму запрашалі іх да шырокага ўдзелу ў абмеркаванні надзённых праблем. «Савецкая Беларусь» распрацоўвала праграму перабудовы вёскі на сацыялістычных асновах.

Для ўмацавання савецкай улады і прапаганды камуністычных ідэй ЦК КП(б)Б імкнуўся да пастаяннага пашырэння сеткі перыядычных выданняў. У 1921 г. пачынаюць выходзіць «Известия Централыюго исполнительного комитета Совета рабочих, крестьянских н красноармейских депутатов Советской Социалистической Республики Белоруссии», «Известия Центрального бюро Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии», «Прафесіянале бевегунг» («Прафсаюзны pyx») – орган Савета прафсаюзаў Беларусі (на яўрэйскай мове), часопіс «Голос производственных союзов» – орган Савета прафсаюзаў. Гэта былі афіцыйныя выданні партыі, савецкай улады і прафсаюзаў для асветнай, агітацыйнай, прапагандысцкай работы сярод насельніцтва; такой працы надавалася асаблівая ўвага праз стварэнне спецыяльных устаноў.

У 1921 г. «Известия Центрального бюро...» паведамлялі, што ў Ігуменскім (Чэрвеньскім) павеце праведзена 39 мітынгаў-канцэртаў, 391 мітынг, 32 суботнікі, прачытана 65 лекцый. Яшчэ больш шырокай была асветная дзейнасць у Барысаве. Там было адкрыта 123 хаты-чытальні, 8 народных дамоў, 6 клубаў, 9 бібліятэк, 45 школ, 17 гурткоў. Праведзена ў сёлах 137 мітынгаў, 11 сходаў, 12 спектакляў, 5 суботнікаў. Так была арганізавана праца для вывучэння палітыкі Камуністычнай партыі і савецкай улады, выхавання сацыялістычнай свядомасці насельніцтва, стварэння новага палітыка-эканамічнага ўкладу.

3 пункту гледжання агульнай накіраванасці на ўмацаванне савецкай улады, прапаганды палітыкі НЭПа і Камуністычнай партыі, гэта пазітыўная з'ява пашырэння дыялога з рознымі слаямі насельніцтва, фарміравання прыхільных адносін да партыйнай і савецкай улады.

Найбольш значнай грамадскай падзеяй было стварэнне і выхад 15 студзеня 1921 г. газеты «Беларуская вёска – Белорусская деревня», дадатка да газеты «Звезда». (Назва газеты так і друкавалася на дзвюх мовах: «Беларуская вёска – Белорусская деревня», хаця яна выходзіла на рускай мове да 1924 г.)

Газета была задумана як масавае выданне, выходзіла тры разы на тыдзень тыражом да 3 тыс. экземпляраў. На жаль, да гэтага часу дзейнасць «Беларускай вёскі» амаль не вывучана. Разам з газетамі «Звезда», «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска» стала арганічнай часткай гаспадарча-культурнага адраджэння ў пачатку 20-х гг. Арганізатарам і рэдактарам быў Сцяпан Булат. Перад рэдакцыяй была пастаўлена задача злучыць палітыку партыі і савецкай улады з інтарэсамі сялянскай масы і ў той жа час накіраваць жыхароў вёскі на выкананне планаў сацыялістычнага будаўніцтва.

Такім чынам, інтарэсы людзей і дзяржавы збліжаліся, станавіліся агульнымі. «Беларуская вёска» пісала, што забеспячэнне вёскі лепшым насеннем, пародзістай жывёлай, цяглавай сілай, сельскагаспадарчай тэхнікай – гэта ў першую чаргу клопат дзяржавы. А эфектыўнае выкарыстанне гэтых кампанентаў вытворчасці залежыць ад саміх сялян.

Абмяркоўваліся таксама і два бакі агульнай адукацыі: прафесійная (як працаваць на зямлі ва ўмовах НЭПа) і павышэнне ўзроўню пісьменнасці, або ліквідацыя непісьменнасці ў беларускай вёсцы. Гэтыя дзве надзвычай складаныя праблемы былі і самымі актуальнымі для вырашэння задач пераходнага перыяду. Рэдакцыя «Беларускай вёскі» друкавала шмат інфармацыі аб падзеях у дзяржаве, вёсцы, горадзе, а разам з гэтым аналізавала ўсе цыклы сельскагаспадарчай вытворчасці, справядліва лічачы, што гэта «навука гаспадарання».

Дзеля таго, каб інфармацыя газеты даходзіла да сельскага адрасата, прымаліся канкрэтныя захады па падпісцы на газету, у тым ліку і калектыўнае набыццё «Беларускай вёскі», а таксама па арганізацыі масавага чытання ў клубах і хатах-чытальнях. Акрамя таго, друкаваліся парады, як чытаць, як пісаць у газету. Рэдкалегія аб'ядноўвала вакол сябе не толькі спецыялістаў, вучоных, але і аўтарскі актыў з сялянвытворцаў.

Наладжвалася жывое і непасрэднае абмеркаванне важнасці ўмацавання сельскіх Саветаў і неабходнасці калектыўнага земляробства, стварэння партыйных і камсамольскіх ячэек, падтрымкі сельскай беднаты праз камбеды. Другі даволі шырокі блок інфармацыі ўключаў праблемы аховы здароўя, арганізацыі культурнага ладу жыцця, дзе асаблівая ўвага ўдзялялася адукацыйным праблемам: ліквідацыі непісьменнасці, будаўніцтву школ, арганізацыі навучання дзяцей і забеспячэнню сельскіх навучальных устаноў настаўнікамі. Адлюстраванне жыццядзейнасці сяла ў газеце было настолькі поўным, што яе аўтарытэт вельмі хутка ўзрастаў, павялічваўся тыраж, вакол выдання аб'ядноўвалася вялікая колькасць селькораў, на вёсцы яе лічылі лепшай газетай.

На гэтай падставе газета хутка стала аўтарытэтным выданнем. Чытачы ў сваіх лістах паведамлялі ў рэдакцыю, што 3 тыс. экземпляраў «Беларускай вёскі» на 3 млн вяскоўцаў – гэта вельмі мала. А пытанне аб зямлі хвалюе ўсіх. Таму асабліва зімой сяляне жадаюць вучыцца, чытаючы сваю газету, рыхтуючыся да веснавой сяўбы і працоўнага лета.

Кожны дзень у рэдакцыю прыходзіла да 30 пісем з сяла. Вяскоўцы прапаноўвалі ператварыць «Беларускую вёску» ў самастойную газету і выпускаць яе штодзённа, асабліва адзначалі змястоўнасць рубрык «Сельская гаспадарка», «Як жыве вёска?». «Беларуская вёска» глыбока вывучала сялянскае жыццё, змяшчала шмат каштоўнага матэрыялу. «Там, у вёсцы, газету чакаюць».

Такая характарыстыка сучаснікаў дзейнасці «Беларускай вёскі» заслугоўвае ўвагі, тым больш што яна адпавядае аб'ектыўнай дзейнасці рэдкалегіі. Важна адзначыць, што поспех газеты быў бы яшчэ большым, каб яна друкавалася на беларускай мове. Тады можна было б пазбегнуць некаторай палітычнай наіўнасці, спрошчанасці меркаванняў. Сельскае насельніцтва рэспублікі з'яўлялася носьбітам роднай мовы і, пэўна ж, чакала газету на сваёй мове. Раздваенне метадаў прапаганды і яе мэт, зразумела, паніжала эфектыўнасць дзейнасці газеты. I яе лозунг – зварот да чытачоў «Чытайце, крытыкуйце, пішыце» хоць і гучаў канкрэтна і надзённа, аднак прымушаў чытаць і пісаць з цяжкасцю па-руску, думаць па-беларуску, таму што большасць сельскага насельніцтва ўвогуле была непісьменная.

Як адзначалася, ЦК КП(б)Б выдаваў яшчэ дзве газеты: «Млот» на польскай мове (выходзіла да 1926 г.) і «Дэр Векер» на яўрэйскай (выдавалася да 1925 г.). Польскае і яўрэйскае насельніцтва складала значную колькасць у Беларусі, а таксама ў шэрагах рэспубліканскай партыйнай арганізацыі. Таму выхад партыйных газет нацыянальных меншасцей спрыяў стабілізацыі ўнутрыдзяржаўнай абстаноўкі. Патрэбна помніць, што Заходняя Беларусь знаходзілася пад уладай Польшчы і партыйная газета «Млот» была рэгулюючым фактарам адносін у такім складаным становішчы, выпрацоўвала стратэгію дзейнасці камуністаў-палякаў па абмеркаванні праблем уз'яднання і ўдзелу ў савецкім гаспадарчым будаўніцтве. «Інфармацыя з Польшчы», «У савецкіх рэспубліках», «На Беларусі Савецкай», «3 жыцця сяла» і іншыя – найбольш тыповыя аддзелы і рубрыкі ў газеце.

Зразумела, што партыйная прапаганда сярод палякаў і яўрэяў аказвала значны ўплыў на іх палітычныя погляды і практычны ўдзел у грамадскім жыцці. Выданні нацыянальных меншасцей былі арганізуючым асяродкам культурна-асветніцкага і палітычнага жыцця, сродкам аналізу нацыянальнай палітыкі. У пачатку 20-х гг. гэта ідэя мела практычнае ўвасабленне і давала надзею на далейшае развіццё.

Адзначаючы пазітыўныя рысы газет «Млот» і «Дэр Векер», неабходна заўважыць, што яны выходзілі адзін раз на тыдзень невялікім тыражом. Попыт сярод чытачоў на гэтыя выданні быў нязнач ны. Польская і яўрэйская мовы не мелі шырокага ўжытку, і большасць палякаў і яўрэяў карысталася ў асноўным рускай мовай.

Значны ўплыў на грамадскае жыццё мелі губернскія газеты «Известия Витебского губисполкома и губкома РКП(б)», «Полесская правда» (выходзіла з мая 1920 г.) і «Новая деревня» – органы Гомельскага губкома РКП(б), «Coxa и молот» – орган Магілёўскага Савета і камітэта РКП(б). Рэдакцыі гэтых выданняў мелі значны вопыт працы, назапашаны ў час Грамадзянскай вайны, карысталіся падтрымкай партыйных і савецкіх работнікаў, абапіраліся на рабселькораўскі актыў. Акрамя таго, губернскія газеты былі набліжаны да канкрэтных праблем палітычнага і гаспадарчага жыцця. У перыяд мірнага будаўніцтва асноўным у змесце губернскага друку былі праблемы аднаўлення сельскай гаспадаркі і прамысловасці, пашырэння партыйных арганізацый, умацавання мясцовых Саветаў, падтрымкі прафсаюзаў і стварэння камсамольскіх і прафсаюзных арганізацый, развіцця школьнай справы, адкрыцця клубаў, тэатраў, бібліятэк і г. д., а пасля абвяшчэння НЭПа губернскі друк шырока тлумачыў яго сутнасць.

Інфармацыя ў губернскіх газетах складалася наступным чынам: у кожным нумары, напрыклад «Полесской правды», друкаваліся дырэктыўныя матэрыялы цэнтральных улад, даваўся каментарый аб дзейнасці беларускіх партыйных і савецкіх органаў, аналізавалася праца губернскіх кіраўнічых структур, а затым прыводзілася схема работы мясцовых органаў па вырашэнні надзённых палітычных і эканамічных задач. Разам з гэтым чытачу прапаноўваліся звесткі: «Па савецкай краіне», «Што адбываецца ў Беларусі?», «Падзеі ў свеце». Гэта быў блок палітычных матэрыялаў, якія ў газетах займалі галоўнае месца.

«Полесская правда» з'яўлялася вельмі палітызаванай газетай сярод губернскіх выданняў у той час. Яе старонкі былі запоўнены артыкуламі аб палітычных падзеях у краіне, звесткамі аб міжнародным рэвалюцыйным руху, дзейнасці Камуністычнага Інтэрнацыянала, розных палітычных партый. Калі ў савецкай краіне разгарнулася кампанія пратэсту супраць дзейнасці эсэраў, «Полесская правда» вельмі падрабязна асвятляла гэту тэму. Сустракаюцца выпускі газеты, запоўненыя матэрыяламі з заводаў, воінскіх часцей, розных устаноў. Рэзалюцыі сходаў, рэпартажы аб мітынгах, рубрыка «Суд над эсэрамі», заклікі «Няхай суд жорстка пакарае забойцаў правадыроў рабочых», «Чырвонаармейцы патрабуюць расстрэлу эсэраў» змяшчаліся ў кожным нумары. Стваралася ўражанне ўсенароднага прысуду яшчэ да законнага суда.

Больш цікавымі былі матэрыялы аб сацыялістычным будаўніцтве. Як сапраўды важную падзею газета разглядала ўзвядзенне электрастанцыі ў Гомелі. Расказвала чытачам, што яе магутнасць у два разы будзе болынай, чым магутнасць усіх прадпрыемстваў горада. Энергіі хопіць, каб асвятліць горад, пусціць трамвай, зэканоміць паліва і г. д. Выгады бачныя, і газета супакойвала скептыкаў, што выдаткі на будаўніцтва, набыццё абсталявання, знос жылых дамоў для пабудовы электрастанцыі вельмі хутка апраўдаюцца, а электрастанцыя – гэта новы этап жыцця для ўсіх гамяльчан і новы якасны ўздым вытворчасці.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.