Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Беларускі друк ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі 2 страница






«Полесскую правду» любілі чытачы. У перадавым артыкуле «Газета вялікая справа» 15 кастрычніка 1922 г. рэдакцыя ставіла задачу ўзняць 5-тысячны тыраж да канца года ў два разы. Цікавы факт: у «Полесской правды» былі два адказныя рэдактары – Р.Янкоўскі і Я.Міраў.

Губернскія газеты паступова пашыралі эканамічную, гаспадарчую тэматыку, бо на гэта скіроўвалі перыядычны друк партыйныя органы. Магілёўская «Coxa и молот» вяла рубрыкі «Рабочае жыццё», «Фронт працы», «Горад і прамысловасць», «Рабочыя і прафсаюзы» і г. д., надаючы матэрыялам аб становішчы рабочых першаснае значэнне. Напрыклад, 20 ліпеня 1922 г. газета паведамляла: «Рабочая моладзь у Чавусах жыве ў вельмі дрэнных умовах. Каля 40 падлеткаў працуюць у кустароў. Рабочы дзень 10 – 11 гадзін, а праца амаль не аплачваецца». Аўтар зрабіў вывад, што эксплуатацыя моладзі павялічваецца і патрэбна прымаць меры супраць гэтага.

У губернскім друку прамысловая тэматыка пашырылася настолькі, што ЦК КП(б)Б у 1922 г. прапанаваў партыйным арганізацыям рэдакцый больш увагі ўдзяляць асвятленню пытанняў развіцця сельскай гаспадаркі, культуры і адукацыі ў рэспубліцы. Пасля гэтага ў губернскіх газетах быў праведзены адбор інфармацыі, тэматыка стала больш разнастайнай і ахоплівала самыя важныя праблемы грамадскага жыцця. «Известия Витебского губисполкома и губкома РКП(б)», гомельская «Новая деревня» прынялі новы кірунак дзейнасці і пачалі друкаваць матэрыялы аб эканамічных і культурных сувязях беларускіх земляў з расійскімі, ўсё ж галоўным зместам губернскіх газет было ўнутрыгаспадарчае і культурнае жыццё.

Губернскія газеты, такім чынам, імкнуліся да саветызацыі грамадства. Амаль увесь змест «Полесской правды» будаваўся толькі на дакументах партыі і савецкай улады. У некаторых нумарах «афіцыёзу» зашмат. Аднак і тут бачна палітычная мэта: чытачы знаёміліся не з указамі «яго імператарскай вялікасці», а з паста новамі савецкай, народнай улады.

Пры абмежаванай грамадска-палітычнай інфармацыі дакументы партыі і савецкіх органаў станавіліся асновай практычнай дзейнасці грамадзян. Усталёўваліся заканадаўчыя, арганізацыйныя і маральнапалітычныя адносіны людзей, грамадскіх арганізацый, дзяржавы на самым важным, мясцовым узроўні. У сяле ў горадзе складваліся вытворчыя, гандлёвыя, фінансавыя асновы будаўніцтва жыцця на сацыялістычнай платформе.

Разам з афіцыйнай інфармацыяй рэдакцыі губернскіх газет імкнуліся паказаць, як палітыка савецкай улады ўспрымаецца насельніцтвам, як планы НЭПа выконваюцца на практыцы. Аб гэтым таксама падрабязна пісалі газеты. Цікава, што на старонках тых жа «Полесской правды» і «Сохі і молота» друкаваліся крытычныя матэрыялы. Аналізавалася праца партыйных ячэек, сельсаветаў камбедаў, якія марудна выконвалі пастановы савецкай улады.

Журналісты і рабселькоры крытычна ставіліся да кіраўнікоў рознага ўзроўню, якія, на іх погляд, дрэнна адносіліся да выканання сваіх службовых абавязкаў, «не цвёрда праводзілі ў жыццё лінію партыі», а іншы раз абвінавачваліся ў садзейнічанні кулацкім і нэпманаўскім элементам. Канструктыўная крытыка ў пачатку 20-х гг. была формай своеасаблівага дыялога газеты са сваімі чытачамі.

Аднак патрэбна заўважыць, што гэта была ўнутраная палеміка. На старонкі газет не дапускалася крытыка палітычнага курсу Камуністычнай партыі і савецкай улады. Апаненты бальшавікоў былі пазбаўлены права голасу. Да 1921 г. перыядычныя органы розных партый былі закрыты, а тыя, хто не падпарадкаваўся савецкаму заканадаўству, аказаліся ў эміграцыі і там выдавалі газеты і часопісы.

Губернскія газеты, увесь беларускі друк паступова стваралі пазітыўны вобраз савецкай улады. На старонках перыядычных выданняў чытач знаходзіў зацікаўленую размову аб інтарэсах выдзяляла важнейшыя напрамкі сваёй сувязі з чытачамі і паступова пашырала тэматыку.

Несумненна, што «Коммунист» быў першым сярод павятовых выданняў і па ўзроўні абмеркавання новага жыцця набліжаўся да губернскіх газет. Гэта, падкрэслім яшчэ раз, залежала ад таго, што Бабруйск быў буйным выдавецкім цэнтрам і там былі сканцэнтраваны значныя творчыя сілы: журналістаў, пісьменнікаў, мастакоў. Рэдакцыя «Коммуниста» стала сапраўдным і адным з першых у Беларусі інстытутаў нацыянальнай публіцыстычнай і мастацкай творчасці. Там працавалі, супрацоўнічалі і назапашвалі майстэрства паэты і празаікі: Васіль Вітка, Рыгор Лынькоў, Хвядос Шынклер, Юрка Лявонны, Сяргей Грахоўскі, Пімен Панчанка, Мікола Лобан, Аляксей Зарыцкі, Алесь Жаўрук, Платон Галавач.

Працаваў там і самы знакаміты рэдактар сярод кіраўнікоў газет савецкага часу Міхась Лынькоў. Сяргей Грахоўскі напісаў пранікнёныя вершы, прысвечаныя сваёй газеце і рэдактару:

Здавалася, адкрыты ў свет масты,

I шчасце свеціць звонкаю падковай,

А шчасцем тым былі ўсе лісты

За подпісам рэдактара Лынькова.

У 1924 г. газета «Коммунист» была рэарганізавана ў акруговае сялянскае выданне і выходзіла тры разы на тыдзень тыражом 3, 5 тыс. экземпляраў. Без усялякага сумнення, «Коммунист» і ўвесь павятовы друк Беларусі ў першыя пасляваенныя гады былі цэнтрам палітычнай арганізацыі.

Мясцовыя газеты пасля ўзбуйнення БССР у 1924 і 1926 гг. і стварэння акруг, а пасля – раёнаў, у час усеагульнага пашырэння беларусізацыі выходзілі ў асноўным на беларускай мове, сталі носьбітамі, формай захавання і развіцця нацыянальных традыцый і культуры.

Прапаганда савецкага ладу жыцця і планаў НЭПа разгарнулася яшчэ шырэй пасля стварэння 30 снежня 1922 г. Саюза ССР. Сістэма перыядычнага друку атрымала матэрыяльнае, тэхнічнае і арганізацыйнае забеспячэнне. ЦК ВКП(б) прыняў шэраг пастаноў аб умацаванні партыйна-савецкага друку, у тым ліку і саюзных рэспублік. Пашырыўся ўплыў саюзных газет на змест рэспубліканскіх перыядычных выданняў, якія станавіліся поўнасцю падкантрольнымі саюзным ідэалагічным структурам.

У Беларусі ўплыў перыядычнага друку на грамадска-палітычную дзейнасць у рэспубліцы і свядомасць грамадзян павялічваўся. На старонках газет штодзённа вёўся аналіз сацыялістычнага будаўніцтва і выпрацоўвалася новая сістэма грамадскіх каштоўнасцей. Фактычна, ужо ў гэты час адбылося поўнае зліццё перыядычнага друку з дзейнасцю партыйных і савецкіх структур. Эканамічнае і культурнае жыццё ў рэспубліцы будавалася на партыйнай платформе, якую падтрымліваў і развіваў перыядычны друк.

Аналізуючы вынікі 1923 г., «Звезда» пісала, што ў цяжкіх умовах удалося выканаць гаспадарчыя задачы. Павялічваюцца пасяўныя плошчы, расце колькасць жывёлы ў гаспадарках. Паступова ўзнаўляецца прамысловасць. Упершыню адзначаны рост колькасці рабочага класа, узнялася зарплата на 81% да даваеннага ўзроўню. Галоўны станоўчы факт: у два разы павялічыўся агульны даход рэспублікі і склаў 675 млн. Адсюль газета выводзіла задачы 1924 г. Неабходна было аслабіць уплыў прыватнага капіталу на гаспадарчае жыццё краіны і сканцэнтраваць у руках дзяржавы нарыхтоўку хлеба, зрабіць даступнай сялянскай гаспадарцы прадукцыю прамысловасці праз паніжэнне кошту і хуткі абмен капіталу для аднаўлення прадпрыемстваў і павелічэння выпуску прадукцыі.

Рашэнне гэтых складаных задач патрабавала новых сіл і вялікіх сродкаў. Таму беларускія газеты разам са сваімі чытачамі абмяркоўвалі практычныя шляхі іх рэалізацыі. Віцебская акруговая газета «Заря Запада» звяртала ўвагу на тое, што для выканання эканамічных задач патрэбна ўлічваць маральна-палітычныя фактары. Мелася на ўвазе ўмацаванне і пашырэнне радоў партыйных і камсамольскіх ячэек, якія могуць зарабіць аўтарытэт у людзей канкрэтнай справай. Асаблівая роля адводзілася сельскім Саветам як пярвічнаму органу ўлады, які працуе непасрэдна з насельніцтвам. Гэтыя структуры могуць пашырыць палітыка-асветную працу сярод насельніцтва для паспяховага вырашэння гаспадарчых задач.

«Наша аснова – сельская гаспадарка», – сцвярджала рэдакцыя «Зари Запада» і інфармавала чытачоў аб тым, што адбываецца ў вёсцы, як арганізуецца сельскагаспадарчая вытворчасць, ствараюцца саўгасы, калектыўныя гаспадаркі, ідзе працэс надзялення сялян зямлёй, развіваюцца новыя традыцыі і звычаі. Газета адзначала, што паступова сельская гаспадарка аднаўляецца.

Ha партыйным сходзе 1-га Віцебскага раёна гаварылася, што ўраджайнае поле дасягнула 98% даваеннага ўзроўню, статак жывёлы павялічыўся на 30%. Газеты адлюстроўвалі працэс аднаўлення гаспадаркі і падкрэслівалі, што патрэбна хутчэй дасягнуць параметраў даваеннага ўзроўню эканомікі, стварыць фундамент для яе далейшага развіцця.

Каб сістэматызаваць асвятленне праблем сяла, Віцебскі губком партыі стварыў спецыяльную «Крестьянскую газету», першы нумар якой выйшаў 12 верасня 1924 г. Газета друкавалася на чатырох, шасці, a ca студзеня 1925 г. – на васьмі палосах фармату «Звезды». Яна даволі хутка прывабіла чытачоў інфармацыяй далёкіх куткоў вёскі, запрасіла да ўдзелу вялікую колькасць селькораў, рэдакцыя атрымлівала шмат пісем ад сялян і так арганізавала падпісную кампанію, што ў канцы 1924 г. «Крестьянская газета» мела тыраж больш за 4 тыс. экземпляраў. Цікавасць да яе ў сёлах Віцебшчыны яшчэ больш узрасла, калі ў 1925 г. частка матэрыялаў пачала друкавацца на беларускай мове. З выхадам «Крестьянской газеты» «Заря Запада» была поўнасцю прысвечана адлюстраванню жыцця рабочых і развіцця прамысловасці ў Віцебскай акрузе і горадзе.

Сельскай гаспадарцы савецкі друк удзяляў першачарговую ўвагу. У 1924 г. «Беларуская вёска» з дадатка да «Звезды» была ператворана ў штодзённую мінскую акруговую газету. Гэта адметная з'ява ў беларускім друку. Сваім афармленнем «Беларуская вёска» выгадна адрознівалася ад іншых газет. Яна выходзіла на чатырох старонках вялікім фарматам. У кожным нумары змяшчаліся малюнкі, з'яўляліся фотаздымкі.

Друкавалася шмат інфармацыі: маленькіх заметак, пісьмаў селькораў. Артыкулы былі невялікія па памерах і даступныя па выкладанні матэрыялу. Рэдакцыя, у адрозненне ад многіх іншых выданняў, знайшла магчымасць друкаваць газету на якаснай паперы і добрым шрыфтам, каб яе было лёгка чытаць. Можна лічыць, што галоўнай яе рубрыкай была «Тварам да вёскі».

Увесь змест «Беларускай вёскі» быў падпарадкаваны праблеме сяла. Хаця зразумела, што інфармацыя газеты была больш шырокай. 16 мая 1925 г. выданне, адзначаючы 20-годдзе творчасці Я.Купалы, надрукавала вялікі партрэт паэта і змясціла вядомы верш «Мужык». Гэта таксама можна лічыць працягам вясковай тэматыкі.

«Беларуская вёска» паступова па праву станавілася галоўнай сельскай газетай і падавала прыклад іншым мясцовым беларускамоўным выданням. Задачы ў іх былі аднолькавыя, але яны дзейнічалі ў розных умовах, у рэгіёнах са сваімі сацыяльна-эканамічнымі асаблівасцямі. Важна было і тое, як распрацоўваліся складаныя грамадскія праблемы, як афармляліся журналісцкія матэрыялы і наколькі публіцыстычным быў змест выдання. У рэдакцыі «Беларускай вёскі» журналісты маглі вучыцца размове з вясковым чытачом. Нездарма ў гэтай газеты такі ўдзячны гістарычны лёс яна выходзіць да сённяшняга дня пад назвай «Белорусская нива».

Яшчэ адно цікавае выданне для вясковага чытача – «Магілёўскі селянін», штотыднёвік акруговага партыйнага і савецкага камітэтаў, які выходзіў на рускай і беларускай мовах вялікім фарматам на 6 палосах з 1925 г. У газеты быў лозунг: «Жыве саюз рабочых і сялян», і рэдакцыя рабіла ўсё магчымае, каб наблізіць яго сэнс да рэальнага жыцця.

У той час «змычка горада з вёскай» з палітычнай сферы перайшла ў эканамічную. Адбудова вёскі, вучоба ўсяго яе насельніцтва ператвараліся ў першачарговую задачу сацыялістычнага будаўніцтва, пісала газета. Вёска зарабляла грошы на стварэнне сацыялістычнай прамысловасці. Гэта ідэя была стрыжнем працы партыйных і савецкіх органаў, жорсткай рэальнасцю для насельніцтва рэспублікі. Праца вясковага насельніцтва на горад, а прамысловых рабочых на сельскіх жыхароў і адлюстроўвалася ў змесце «Магілёўскага селяніна».

Да 1925 г. многія палітычныя і эканамічныя ідэі савецкай улады былі рэалізаваны. Галоўнае, што народная гаспадарка рэспублікі, дзякуючы самаадданай працы мільёнаў нашых грамадзян, выйшла на мяжу даваеннага ўзроўню, а ў некаторых кірунках і пераўзышла яе. Але самае галоўнае, што ўзрос дабрабыт людзей. Насельніцтва Беларусі адышло ад краю беднаты і жабрацтва.

Зыходзячы з гэтага, кіраўнік беларускага ўрада А. Чарвякоў у «Звезде» сфармуляваў задачы на перспектыву. Ён прапанаваў сканцэнтраваць увагу на «трох кітах» сацыялістычнай эканомікі: сельскай гаспадарцы, прамысловасці і культурным будаўніцтве. Аднак у знаёмых ідэях сацыялістычнага будаўніцтва загучалі новыя матывы. У сяле налічвалася больш за 700 тыс. аднаасобнікаў, неабходна было накіраваць іх па сацыялістычным шляху, гэта значыць надыходзіў перыяд калектывізацыі. Усё большую моц набіралі сераднякі і кулакі, апошнія давалі да 30% сельгаспрадукцыі. Ставілася задача абмежаваць іх дзейнасць, не даць аб'яднацца з сераднякамі, а ўтварыць саюз сераднякоў і беднякоў. Класавая барацьба ў вёсцы ўзмацнялася. Набліжаўся новы перыяд у развіцці грамадства.

Аднак неабходна падкрэсліць своеасаблівасць гэтага перыяду ў развіцці беларускай журналістыкі. У складаных палітычных умовах беларускі друк стаў неад'емнай часткай сацыяльнага кіравання, што спрыяла стварэнню ў рэспубліцы эфектыўных органаў улады. Разам з гэтым друк стаў арганічным звяном гаспадарчага комплексу і на аснове прапаганды заканамернасцей новай эканамічнай палітыкі садзейнічаў аднаўленню народнай гаспадаркі і стварэнню асноў савецкай эканомікі. I нарэшце, беларускі друк умацоўваў дэмакратычны падмурак нацыянальнай культуры.

У гэты адказны час у Беларусі была створана эфектыўная сістэма перыядычнага друку. У Мінску выдаваліся: рэспубліканскія «Звезда», «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена», «Млот», «Дэр Векер» і «Беларуская вёска»; у буйных гарадах выходзілі акруговыя выданні для рабочых і сялян: у Віцебску – «Заря Запада» і «Крестьянская газета», у Магілёве «Coxa и молот» і «Магілёўскі селянін», у Гомелі – «Полесская правда» і «Новая деревня». Гэтыя выданні складалі ядро беларускай прэсы і былі ў цэнтры развіцця нацыянальнай эканомікі і культуры.

 

2. Беларуская літаратурная перыёдыка. Часопісы «Полымя», «Маладняк», газета «Літаратура і мастацтва»

Развіццё перыядычнага друку ў Беларусі аказала значны ўплыў на станаўленне літаратуры і мастацтва. У газетах друкаваліся творы выдатных беларускіх пісьменнікаў. Некаторыя газеты выпускалі літаратурныя дадаткі. «Савецкая Беларусь» друкавала двухтыднёвы літаратурнамастацкі часопіс «Радавая рунь» (1924), «Беларуская вёска» – «Чырвоны сейбіт» (19261928). Сярод супрацоўнікаў рэдкалегій было нямала паэтаў і празаікаў.

Пасля Грамадзянскай вайны паўстала праблема арганізацыйнага і прафесійнага аб'яднання «пралетарскіх пісьменнікаў», як тады называліся творцы слова. Тым больш, што ў літаратуру ішло новае пакаленне маладых «ад станка і плуга», якое хацела вучыцца і якому было ў каго вучыцца. Беларускую літаратуру «высокага мастацкага накірунку» прадстаўлялі Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны. Таму выхад у снежні 1922 г. першага нумара «Полымя» часопіса літаратуры, палітыкі, культуры, эканомікі і публіцыстыкі (пазней «публіцыстыкі» замененана «гісторыі») стаў адметнай з'явай у культурным жыцці рэспублікі.

Выданне такога шырокага тэматычнага плана было першым у Беларусі. У артыкуле праграмнага характару «Нашы заданні» раскрывалася ідэалагічная канцэпцыя дзейнасці не толькі рэдкалегіі часопіса, але і ўсіх літаратурных сіл Савецкай Беларусі. Час патрабаваў ад мастака адлюстравання ў сваёй творчасці новага жыцця, паказу рэальнага чалавека, сучаснага героя. Менавіта гэта рэдкалегія лічыла сваёй творчай задачай, бо часопіс «пачынае выходзіць у свет толькі на шостым годзе савецкай улады і пасля чатырох год яе існавання ў Беларусі... пасля ўпартага змагання працоўных з шматлікімі ворагамі». Далей высноўвалася неабходнасць шырокага разгортвання культурнай працы, якая, па сцвярджэнні рэдакцыі, станавілася «дзяржаўнай палітыкай удзелу ў гаспадарчай рабоце». Зыходзячы з гэтага, на інтэлігенцыю, літаратараў і публіцыстаў ускладвалася задача распрацаваць ідэалогію супрацьдзеяння нэпманаўскаму буржуазнаму ўплыву, каб замацаваць сацыялістычныя асновы грамадства.

У той жа час рэдакцыя сцвярджала, што часопіс з'яўляецца органам рэвалюцыйнай марксісцкай думкі, але не партыйным выданнем, таму дапускалася адносная свабода ў абмеркаванні нацыянальнага пытання і асноўных задач савецкай улады. Неабходна адзначыць, што рэдакцыя вытрымлівала ў 20-я гг. дэмакратычны стыль у сваёй дзейнасці і друкавала артыкулы з рознымі поглядамі на літаратурны працэс, што, зразумела, паспрыяла развіццю беларускай крытыкі.

Выдаўцы «Полымя» аб'явілі чытачам, што нацыянальнае адраджэнне – гэта не лозунг і не самамэта, а лепшы спосаб далучыць працоўных рэспублікі да будаўніцтва сацыялістычнага ладу. Гэтай мэце, лічылі яны, павінна служыць беларуская літаратура і мастацтва. Аб'яўленай праграме быў падабраны адпаведна і змест часопіса. «Полымя» адкрывалася вершам Ц.Гартнага «Па дарозе да будучыні»: «Аб ёй адной няўмоўчна мы гаворым...». Для паэта лёс Беларусі у канкрэтных праявах існавання свабоды народа, самастойнай дзяржавы і развіцця нацыянальнай культуры; усё гэта было сэнсам жыцця, а таму як дзяржаўны дзеяч і як мастак у той складаны час ён выступаў мудрым празорліўцам будучыні.

Шчаслівага лёсу жадаў чытачам М.Чарот сваім вершам «Плывём да прыгожай, светлай долі». Яна, гэтая «прыгожая доля», ужо была занатавана ў паэтычных вобразах паэтаў «рэвалюцыйнага прызыву». Светлае жыццё асэнсоўвалася ў канкрэтнай рэчаіснасці, і паэт клікаў людзей на гэты стваральны шлях. Такія ж светлыя матывы ў вершах А.Гурло, А.Александровіча, Я.Журбы і інш.

Шмат месца ў часопісе адводзілася публіцыстыцы. Былі надрукаваны артыкулы З.Жылуновіча «1 студзеня – рэвалюцыйна-гістарычнае свята Савецкай Беларусі», У.Ігнатоўскага «Сучасная вялікая рэвалюцыя і нацыянальнае пытанне», Я.Пятровіча «Чым выклікана эканамічнае аб'яднанне савецкіх рэспублік?», 3.Бядулі «Тэатр і выхаванне мас» (этапы развіцця беларускага тэатра) і інш. Публіцыстыка абгрунтоўвала заканамернасці рэвалюцыйных пераўтварэнняў і была скіравана на асэнсаванне сутнасці НЭПа, пачатак гаспадарчага будаўніцтва, аналіз мірнай савецкай рэчаіснасці і шляхоў яе ўдасканалення, пановаму асэнсоўвала напрамкі развіцця нацыянальнай літаратуры і мастацтва.

З першага нумара ў «Полымі» распачалася гаворка аб развіцці літаратуры, творчым метадзе, эстэтычных асаблівасцях розных мастакоў і асобных твораў. З.Жылуновіч апублікаваў артыкулы «Аб крытыцы», «Босыя на вогнішчы» і яшчэ аб саміх «Босых на вогнічшы» М.Чарота. Гэта вельмі сур'ёзны і рознабаковы аналіз вядомага твора з пункту гледжання ідэйнай, эстэтычнай пазіцый аўтара і яго пранікнення ў супярэчлівую рэчаіснасць. Высока ацэньваючы пазму, З.Жылуновіч-крытык адзначае, што ў асобных сцэнах «Босыя на вогнішчы» – гэта «поўны, выразны вобраз агідных крымінальнікаў, якія ў рэвалюцыі граюць ролю драпежных птушак, прылятаючых на збройнае поле, каб пажывіцца целамі забітых ваяк». Гэта быў погляд адначасова пранікнёнага мастака і вопытнага рэвалюцыянера, які сам быў непасрэдным удзельнікам многіх падзей.

У 1923 г. выйшаў толькі адзін нумар «Полымя», а ў 1924 г. ужо восем. У ім змяшчаліся найбольш буйныя творы беларускіх пісьменнікаў. З трэцяга нумара за 1924 г. часопіс рэдагавалі З.Жылуновіч, Л.Ліманоўскі, У.Шыпіла. Там былі надрукаваны п'еса Я.Купалы «Тутэйшыя», апавяданне К.Чорнага «Жалезны крык» і інш.

Роля «Полымя» ў здабытках беларускага мастацтва асаблівая, нацыянальна каштоўная. Праходзіць час, наступіла новае стагоддзе, а часопіс быў і застаецца моцным падмуркам развіцця нацыянальнай літаратуры.

Асновай паспяховай дзейнасці «Полымя», несумненна, было тое, што рэдкалегія абапіралася на аўтарытэт і творчасць ужо вядомых у той час мастакоў слова – Я.Купалы, Я.Коласа, Ц.Гартнага. Часопіс знаёміў чытача з новымі творамі беларускіх пісьменнікаў, што станавілася яскравай падзеяй асабліва для маладога пакалення, якое хацела вучыцца і пазнаваць таямніцы мастацкай творчасці. Падкрэслім, што ва ўмовах вострага дэфіцыту кніжнай справы выхад літаратурнага часопіса ўзбагачаў бібліятэку беларускай літаратуры. Такім чынам, «Полымя» фактычна стала асновай стабільнага літаратурнага нацыянальнага працэсу.

Знакамітыя аўтары, рэдкалегія часопіса стварылі высокамастацкую літаратурную школу, адкуль выходзілі таленавітыя паэты, празаікі, крытыкі, драматургі – першае пакаленне літаратараў савецкай эпохі. Адным словам, пасля стварэння «Полымя» літаратурны працэс набываў новую моц і нацыянальны размах. Разам з гэтым несумненнай каштоўнасцю ў дзейнасці рэдкалегіі «Полымя» была актыўная праца па ўмацаванні нацыянальных асаблівасцей, здзяйсненню ідэалогіі беларусізацыі, адраджэнню гісторыка-культурных традыцый беларускага народа. Увогуле часопіс і яго аўтары былі пачынальнікамі нацыянальнага руху ў пачатку 20-х гг. Гэта быў моцны ўздым з глыбінь народных сіл, які не спынілі нават рэпрэсіўныя меры. У працэс развіцця нацыянальнай культуры паступова ўліваецца стварэнне савецкай школы, навукі і народнага мастацтва.

Яшчэ раз заўважым, што рэвалюцыйны час запатрабаваў насычэння грамадскай свядомасці новымі ідэямі літаратуры, новымі прыёмамі і формамі адлюстравання жыцця. Душа маладосці «пела» асаблівым энтузіязмам і патрабавала ўвасаблення ў мастацкіх вобразах. У літаратуру ішло новае пакаленне XX ст. Яно таксама жадала аб'яднання. I ў жніўні 1923 г. пачаў выдавацца часопіс «Маладняк». Гэта яшчэ адна цікавая старонка ў беларускай літаратуры і гісторыі перыядычнага друку. Часопіс стаў цэнтрам аднайменнага літаратурнага грамадскага аб'яднання, якое аформілася ў канцы 1923 г. як арганізацыя маладых пралетарскіх пісьменнікаў. Гэты літаратурны універсітэт даў навуку амаль усім вядомым літаратарам Беларусі, творчая маладосць якіх прыйшлася на 20-я гг.

Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Максім Лужанін, Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус, Аркадзь Куляшоў, Платон Галавач, Уладзімір Дубоўка, Алесь Гурло, Андрэй Александровіч, Міхась Чарот і многія іншыя маладыя таленты «прарасталі» ў «Маладняку». Ідэйнай платформай маладой пісьменніцкай арганізацыі былі абвешчаныя ідэалы Кастрычніцкай рэвалюцыі аб стварэнні грамадства сацыяльнай справядлівасці – на пазіцыях бальшавіцкай партыі і камсамола ўдзельнічаць у будаўніцтве сацыялізму. З гэтым была звязана мастацкая платформа арганізацыі і яе часопіса: адлюстроўваць у творах новае жыццё і паказаць галоўнага героя – працоўнага чалавека.

Газета «Савецкая Беларусь» надрукавала дэкларацыю «Маладняка». «" Маладняк" – гэта ўсебеларускае аб'яднанне паэтаў і пісьменнікаў, якія згуртаваліся дзеля таго, каб ідэі матэрыялізму, марксізму і ленінізму ажыццявіць у беларускай мастацкай творчасці... Асноваю нашай мастацкай формы, у якой мы ажыццяўляем нашы ідэі, з'яўляецца мастацка-праўдзівы вобраз, аб'ектыўна адпавядаючы рэальнасці. На розныя сучасныя мастацкафармальныя напрамкі мы глядзім як на тэхніку мастацкай творчасці. Наш асноўны прынцып: форма павінна адпавядаць зместу, выкладанне – тэме». Такі падыход да мастацкай творчасці супадаў з асноўнымі мэтамі грамадства, адпавядаў партыйным патрабаванням і імпанаваў маладым пісьменнікам.

На гэтай падставе «Маладняк» вельмі хутка і аўтарытэтна заявіў аб сваёй дзейнасці па ўсёй Беларусі. Філіялы пісьменніцкай арганізацыі былі створаны ва ўсіх гарадах рэспублікі, а таксама ў Маскве, Смаленску, Ленінградзе, Празе, дзе быў арганізаваны Саюз беларускіх студэнтаў. Па сведчанні розных крыніц, да 1926 г. у «Маладняку» налічвалася каля 500 паэтаў і празаікаў. Такім быў саюз маладых пісьменнікаў Беларусі па колькасным складзе. Таксама і ў творчых адносінах маладыя пісьменнікі прадстаўлялі вельмі моцную сілу.

Вышэй мы ўзгадвалі імёны, якія ўзбагацілі беларускую літаратуру таленавітымі творчымі здабыткамі. Да гэтага патрэбна дадаць, што кожны філіял «Маладняка» выдаваў свой часопіс або альманах. Пачаткоўцам у літаратуры гэта давала магчымасць друкаваць свае творы, назапашваць майстэрства, чуць добразычлівыя, іншы раз і сур'ёзныя заўвагі, парады сяброў і праніклівых чытачоў. Акрамя таго, маладнякоўцы вельмі актыўна супрацоўнічалі з газетамі і друкавалі там не толькі вершы, апавяданні, але і дасылалі ў рэдакцыю інфармацыю і заметкі, былі рабселькорамі, пастаянымі іх аўтарамі. Такім чынам многія маладнякоўцы пазней станавіліся вядомымі журналістамі і публіцыстамі.

Першы нумар «Маладняка» адкрываўся прывітальным словам А.Чарвякова. «Камсамол стварае свой часопіс, каб рыхтаваць новую змену змагароў за шчаслівае жыццё», – пісаў ён. Важнасць новага выдання падкрэслівалі вядомыя аўтары: Я.Купала, які прапанаваў чытачам верш «Арлянятам», былі надрукаваны творы М.Чарота і А.Вольнага – рэдактараў часопіса, Ц.Гартнага, З.Бядулі, Я.Пушчы, А.Якімовіча, У.Дубоўкі, А.Александровіча.

«Маладняк» выходзіў значным тыражом (2500 экземпляраў), вабіў прыгожым афармленнем. Здымкі аўтараў, шматлікія малюнкі, клішэ, высакаякасная папера, каляровая вокладка прыцягвалі ўвагу чытачоў. Планавалася выпускаць часопіс штомесячна. Аднак у 1923 г. выйшаў толькі адзін нумар, у 1924 г. – чатыры і толькі ў 1928 г. – 12.

Паэзія «Маладняка» хутка разышлася па ўсёй Беларусі. Паэтызацыя новага жыцця, услаўленне чалавека стваральнай працы, героіка рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны былі жыватворнай крыніцай, якая напаўняла творчасць майстроў слова. Яркім прыкладам распрацоўкі рэвалюцыйнай тэматыкі стала вышэйназваная паэма М.Чарота «Босыя на вогнішчы». Літаратурная моладзь, якая ўзыходзіла на першыя прыступкі мастацтва, як мага імкнулася адлюстроўваць рэвалюцыйныя змены.

На старонках газет і часопісаў друкавалася шмат артыкулаў маладнякоўцаў, у якіх абмяркоўваліся праблемы гаспадарчага і культурнага жыцця. Маладнякоўцы былі аўтарамі п'ес, літаратурных кампазіцый, вершаў, якія, нягледзячы на спрошчанасць, часам невысокі мастацкі ўзровень, з'яўляліся добрым метадычным матэрыялам для працы пярвічных камсамольскіх арганізацый. Акрамя таго, моладзь, якая ішла ў літаратуру, была больш адукаванай, чым яе равеснікі, таму вакол маладнякоўцаў аб'ядноўваліся юнакі і дзяўчаты, якія затым уступалі ў камсамол, станавіліся рабселькорамі, а потым і самі ўступалі ў «Маладняк».

У 1925 г. на правах секцый у «Маладняк» увайшлі руская, польская і яўрэйская групы маладых пісьменнікаў. Тады ж было вырашана выдаваць маладнякоўскую бібліятэчку. У 19251926 гг. было выпушчана 28 нумароў.

Рост маладнякоўскіх шэрагаў быў такі імклівы, што стала неабходна, як указвалася вышэй, стварыць філіялы арганізацыі, якія б наладзілі выпуск сваіх часопісаў. 3 1924 да 1926 г. у Клімавічах выходзіў «Маладняк Калініншчыны», дзе друкаваліся З.Астапенка, Ю.Таўбін, З.Півавараў. У Барысаве выдаваўся «Маладняк Барысаўшчыны» (1926), дзе аўтарамі былі Р.Мурашка і М.Аляхновіч; у Оршы – «Аршанскі маладняк» (1925-1928), у ім выступалі М.Гаўрук, У.Каваль, У.Сташэўскі, Т.Кляшторны. Выдаваліся альманахі і часопісы ў Полацку, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Мінску.

Спачатку камсамольскія альманахі выходзілі ў выглядзе невялікіх кніжак. Яны былі цікава аформлены, надрукаваны на добрай паперы. Разам з паэзіяй і прозай у часопісе друкаваліся матэрыялы пра жыццё і дзейнасць камсамольскіх ячэек, працу моладзі ў горадзе і вёсцы.

У творах маладых адлюстроўваліся новыя рэаліі ў сваёй прывабнай шматграннасці. Па-новаму асэнсоўваліся праблемы чалавечых адносін, узаемаадносіны людзей у сям'і, калектыве, грамадстве, на вытворчасці. Малады будаўнік сацыялізму быў галоўным героем маладнякоўцаў, выступаў як моцная, мэтанакіраваная, стваральная асоба.

У беларускай літаратуры сцвярджаўся рэальны і прывабны вобраз маладога чалавека. Якія яго якасці былі найбольш характэрнымі і імпанавалі моладзі? У першую чаргу рысы стваральніка праяўляліся ў вобразе жыцця савецкай моладзі, актыўным удзеле ў будаўніцтве сацыялізму, а таксама ў барацьбе з перажыткамі мінулага: бандытызмам, кулацтвам, а самае галоўнае у ліквідацыі непісьменнасці і развіцці новай сацыялістычнай культуры. «Маладое пакаленне, – пісаў А.Адамовіч, – прынесла ў літаратуру " непераадольныя пласты вялікай жыццёвай сілы" (К.Чорны), задор рэвалюцыйнай маладосці. Парыў да творчай працы, да новага жыцця, разбуджаных у працоўным чалавеку сацыялістычнай рэвалюцыяй, выражалі гэтыя пісьменнікі ў сваіх часам яшчэ вельмі няспелых творах. Яны ўносілі ў беларускую літаратуру новыя тэмы, настроі, пафас».

Сапраўды, дзейнасць «Маладняка», а з 1924 г. – Усебеларускага аб'яднання пісьменнікаў і паэтаў адыграла сваю значную ролю ў развіцці беларускай літаратуры, культуры выхавання творчай інтэлігенцыі ў асяроддзі беларускай моладзі даваеннай пары.

Чым больш пашыралася маладнякоўскае аб'яднанне, тым значней праяўляліся недахопы творчай арганізацыі. Яна не паспявала «пераварыць» новых членаў, адукаваць іх не толькі з боку літаратурнага майстэрства, але і ў маральна-этычных адносінах.

Тым, хто ішоў у літаратуру, дапамагалі, аб іх клапаціліся. Яны былі запатрабаваны, і калі ў маладога чалавека «была божая іскра», ён не мог згубіцца. На жаль, сёння такія падыходы да выхавання теленавітай моладзі амаль забытыя. Іх замянілі і замяняюць «купля-продажныя метады ў мастацтве», а гэта збядняе нацыянальную культуру і вядзе яе да дэградацыі. Існаванне «Маладняка» – гэта аб'ектыўнагістарычны працэс выяўлення нацыянальнага таленту беларускага народа.

З гадамі арганізацыя і часопіс «Маладняк» набіраліся вопыту, сталелі грамадска-палітычна і прафесійна. У першым нумары за 1930 г. рэдкалегія часопіса адзначала, што ў краіне ідзе карэнная перабудова народнай гаспадаркі і аднаўленне нацыянальнай культуры. Другі год пяцігодкі ставіць перад рэдакцыяй складаныя задачы выхавання марксісцка-ленінскай свядомасці, умацавання сувязей з чытачамі, выступлення супраць нацыяналізму, імкнення даць такія высокамаштабныя творы, якія будуць дапамагаць працоўным у будаўніцтве сацыялізму. Былі пашыраны аддзелы часопіса: «Проза і паэзія», «Крытыка», «Кнігу – масам», «Публіцыстыка», «Хроніка», «Бібліяграфія», «Кіно», «Гумар» і г.д. Зразумела, што аддзелы часопіса прываблівалі матэрыяламі, якія там друкаваліся. Аўтарамі «Маладняка» былі П.Галавач, У.Гурскі, А.Куляшоў, П.Броўка, М.Чарот, А.Александровіч, Ц.Гартны, ужо тады вядомыя літаратары, таму часопіс быў цікавы для чытачоў.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.