Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Барацьба за гегемонію ва Усходняй Еўропе ў ХІV-ХVI стст.






У першай палове ХІV ст. ва Усходняй Еўропе ўзмацняюцца тэндэнцыі цэнтралізацыі грамадска-дзяржаўнага ладу. Услед за Навагародкам і Вільняй пачаў збіраць рускія землі маскоўскі князь Іван Каліта (1325-1340). Набірала сілу Цвер. Літоўскія князі ўмешваліся ў барацьбу паміж Цвер'ю і Масквой за вялікае княжанне Уладзімірскае, пры гэтым рабілі стаўку на Цвер.

Пры Альгердзе, сыне Гедыміна, (1345-1377) Вялікае княства Літоўскае выступіла з палітычнай праграмай аб'яднання, збірання ўсіх усходнеславянскіх зямель і абвясціла сябе пераемнікам духоўных і культурна-гістарычных традыцый старажытнай Русі. Больш як удвая павялічыў князь тэрыторыю дзяржавы, пашырыў яе межы далёка на поўдзень і на ўсход. Ён далучыў да яе землі на Дняпры і Сожы, большую частку Украіны, частку заходніх зямель сучаснай Расіі. Умацаваў пазіцыі ВКЛ у Ноўгарадзе і Пскове, намагаўся перамагчы Маскву. У арбіце палітычнага прыцягнення Літвы апынуўся Смаленск.

За два дзесяцігоддзі да Дзмітрыя Данскога Альгерд атрымаў выдатную перамогу над мангола-татарамі, разграміў іх у 1362 г. на Сініх Водах (цяпер рака Сінюха, прыток Паўднёвага Буга). Гэта перамога карэнным чынам змяніла лёс украінскага народа: вызваленая ад ардынскага ярма Украіна ўрэшце атрымала магчымасць эканамічнага і культурнага развіцця. Практычна ўся паўднёва-заходняя палова зямель былой Кіеўскай Русі ўвайшла тады ў склад ВКЛ. Разам з Кіеўскім княствам у 60-я гады XIV ст. увайшлі ў яго склад і апошнія з беларускіх зямель - Брагінская і Мазырская воласці, падпарадкаваныя Кіеву.

Альгерд падтрымліваў цесны саюз з Цвер'ю, замацаваны шлюбам на цвярской княжне Ульяне, і дапамагаў ёй у барацьбе з Масквой. Альгерд аб'яднаў пад сваёй уладай большую частку гістарычнай Кіеўскай Русі і рэальна прэтэндаваў на завяршэнне гэтага працэсу на ўсходзе. У 1368, 1370 і 1372 гг. ён рабіў паходы на Маскву, але падпарадкаваць яе не ўдалося.

Збіральніцкую, аб'яднаўчую палітыку сваіх папярэднікаў на ўсходнеславянскіх землях працягнуў Вітаўт. Для пашырэння сферы свайго ўплыву ён выкарыстаў аслабленне Залатой Арды, бязладдзе ў Паўночна-Усходняй Русі. Вітаўт у 1395 г., авалодаў Смаленскам і падначаліў яго сваёй уладзе, паставіў у ім свайго намесніка. Без асаблівых канфліктаў Вітаўт дамогся прызнання сваёй улады Ноўгарадам. Пад пратэктарат ВКЛ трапілі таксама Разанскае княства і Пскоў. Каб захаваць выхад да Чорнага мора, Вітаўт замацаваў у складзе сваёй дзяржавы паўднёвае Падолле. У гэты час ВКЛ займала найбольшую ў сваёй гісторыі тэрыторыю - ад Нёмана і Дзвіны да нізоўя Дняпра і Днястра, да прычарнаморскіх стэпаў, ад мора і да мора.

Пасля Крэўскай уніі ў 90-я гг. XIV ст. Вітаўт выступіў з прапановай стварэння самастойнага, здольнага супрацьстаяць Польшчы, Руска-Літоўскага каралеўства, якое ўключала б і землі Маскоўскай Русі. Яго падтрымаў татарскі эмігрант хан Тахтамыш, скінуты з золатаардынскага трона. Вітаўтам і Тахтамышам была распрацавана праграма ўзаемападтрымкі і сумесных дзеянняў. Князь абяцаў хану дапамогу ў вяртанні ўлады над Залатой Ардой. Той абавязаўся зрабіць Вітаўта гаспадаром усёй Рускай зямлі. Але грандыёзнае паражэнне на Ворскле ў 1399 г. войска ВКЛ, пасланага ў падтрымку Тахтамыша, негатыўна паўплывала на лёс дзяржавы: супраць пахіснутай улады Вітаўта ўзбунтаваліся Смаленск і Ноўгарад; давялося санкцыянаваць новую унію з Польшчай.

Тры разы хадзіў Вітаўт супраць Масквы, апошні раз у 1408 г., калі ён сустрэўся з рускім войскам на рацэ Угры (прыток Акі). Вітаўт і маскоўскі князь Васіль (яго зяць) вырашылі заключыць мір і правесці мяжу паміж сваімі ўладаннямі па Угры, якая такім чынам стала крайнім усходнім рубяжом ВКЛ у час яго найбольшых памераў.

Аднак вялiкi князь маскоўскi Iван III (1462-1505) падпарадкаваў сабе схільны аддацца пад уладу Літвы Ноўгарад, перамог апошняга канкурэнта Масквы княства Цвярское. Пасля канчатковага звяржэння мангола-татарскага ярма (1480) князь маскоўскi абвясціў аб праве Масквы на абшары ўсёй былой iмперыi Рурыкавiчаў. А тым часам праваслаўная знаць усходнеславянскiх (рускiх) зямель ВКЛ была незадаволенай сваiм нераўнапраўным становiшчам у параўнаннi з феадаламi-католiкамi і выказвала прамаскоўскiя настроi. Яе прадстаўнікі (князi Варатынскiя, Бялеўскiя, Мярэцкiя, Вяземскiя, Адоеўскiя і інш.) прымалі маскоўскае падданства, а іх зямельныя надзелы з вайсковай дапамогай суседскай дзяржавы ўключаліся ў яе склад. Так без абвяшчэння адкрытай вайны ў 80-я г. ХV ст. на ўсходнiх межах княства пачалiся сапраўдныя ваенныя дзеяннi. Iдэалагiчным прыкрыццём далучэння новых тэрыторый для маскоўскага ўрада быў лозунг абароны праваслаўя ў ВКЛ.

У першай палове ХVІ ст. Маскоўская дзяржава развязала супраць ВКЛ цэлую серыю войнаў, у выніку якіх Маскоўская Русь адваявала трэцюю частку ўсходнiх зямель ВКЛ. Суадносiны сiл Масквы i Вiльнi няўмольна змянiлiся. Пераламаць сітуацыю не змагла нават славутая перамога над маскоўскім войскам 8 верасня 1514 г. пад Оршай. Аслабленае няўдалымі войнамi i бесперапыннымi набегамi крымскiх татар, ВКЛ ужо не магло весцi спрэчку за страчаныя тэрыторыі. А ў сярэдзiне XVI ст. ВКЛ сустрэлася з дамаганнямi Iвана IV ужо на сучасныя беларускiя i ўкраiнскiя землi.

У 1558 г. Руская дзяржава распачала барацьбу за тэрыторыю Лiвоніі i выхад да Балтыйскага мора. Але на яе шляху ў Еўропу стаяла Вялiкае княства Лiтоўскае - захоп Лівоніі ствараў пагрозу яго паўночным рубяжам. Віленскім пагадненнем 1561 г. польскi кароль i вялiкi лiтоўскi князь Жыгiмонт ІІ Аўгуст узяў Лівонію пад сваю апеку і запатрабаваў ад Iвана IV вывесцi адтуль свае войскi. Цар катэгарычна адмовiўся. Тады ВКЛ уступіла ў вайну i паслала на абарону Лiвонii сваё войска. У адказ на гэта Iван Грозны накiраваў свае асноўныя сiлы на тэрыторыю Беларусi, якая стала асноўным тэатрам вайны.

15 лютага 1563 г. пасля двухтыднёвай аблогі 60-тысячнае маскоўскае войска на чале з самім Iванам IV захапіла і разрабавала Полацк. Амаль уся паўночная Беларусь папала пад 16-гадовую акупацыю. Рускi цар узмацнiў свае пазiцыi на заваяванай тэрыторыi, пабудаваў у раёне Полацка шэраг крэпасцей: Сушу, Каз'яны, Усвят і інш.

Пасля заключэння Люблінскай уніі Маскоўская дзяржава мусіла ўжо мець справу з Рэччу Паспалітай. Аб'яднанне 1569 г. дазволiла новаму каралю Стэфану Баторыю сабраць новае літвінска-польскае войска, падмацаваць яго атрадамi венграў i наёмнiкаў - немцаў. 30 жніўня 1579 г. гэта 40-тысячная армiя адваявала Полацк. Наступную кампанiю 1580 г. Баторый праводзiў ужо на маскоўскай тэрыторыi - пачаў аблогу моцнай рускай крэпасцi - Пскова. Сiлы абедзвюх дзяржаў (Рэчы Паспалiтай i Масковii) былi на мяжы магчымага. Таму 15 студзеня 1582 г. яны падпiсалi 10-гадовае Ям-Запольскае перамiр'е. Iван IV адмаўляўся ад Прыбалтыкi (Лiвонii) i ад Полацкай зямлi, а Рэч Паспалiтая вяртала Масковіі крэпасцi на яе тэрыторыi. Дзяржаўная мяжа практычна не мянялася.

Такім чынам, канфрантацыя Літвы і Масковіі ў ХІV-ХVI стст. прывяла да значных перамен ва Усходняй Еўропе. Масква аб'яднала вакол сябе Паўночна-Усходнюю Русь, перамагла татараў, захапіла Паволжа, стварыла велізарную, цэнтралізаванную, моцную дзяржаву. Падчас Лівонскай вайны цар Іван IV быў блізкі да таго, каб і на Захадзе атрымаць перамогу, адабраць у ВКЛ частку ўсходнеславянскіх зямель. Гэта вымусіла ВКЛ пайсці на новую ўнію з Польшчай і стварэнне федэратыўнай дзяржавы - Рэчы Паспалітай, што дало часовую перавагу пад Масквой і на два стагоддзі адтэрмінавала расійскую экспансію.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.