Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Пытанні для самакантролю






Хто такія “гульцяі” ў гарадах ВКЛ?

Якія гарады ВКЛ атрымалі “магдэбургскае права”?

13. Аграрная рэформа Жыгімонта Аўгуста(валочная памера)

Аснову эканамічнага развіцця ВКЛ у ХІІІ-ХVI стст. cкладала сельская гаспадарка. Асноўным сродкам вытворчасцi з'яўлялася зямля. Яна належала дзяржаве, свецкім феадалам і царкве. Феадальная ўласнасць на зямлю была саслоўнай i насiла iерархiчны характар. Вярхоўным уласнiкам зямлi, яе распарадчыкам быў вялiкi князь. Існавалi дзве формы феадальнай уласнасцi на зямлю - умоўная (памесная) i безумоўная (вотчынная), або абмежаваная i неабмежаваная.

Побач з вялiкакняжацкiм даменам (у канцы XIV ст. ён займаў прыкладна 70% тэрыторыi ВКЛ) iснавала вялiкая колькасць незалежных маёнткаў. Вялiкi князь захоўваў у адносiнах да iх толькi права вярхоўнага правiцеля дзяржавы. Iх уладальнiкi распараджалiся сваiмi землямi самастойна, раздавалi iх сваiм слугам. Гэта былi ў асноўным уладаннi нашчадкаў былых удзельных князёў. За iмi было прызнана права вотчыннага землеўладання. Многiя з iх потым папоўнiлi свае валоданнi за кошт " падарункаў" вялiкiх князёў. Аднолькавымi правамi з уладаннямi былых удзельных князёў карысталiся землi, якiя належалi епiскапскiм кафедрам, цэрквам i манастырам.

Зямельная маёмасць сярэднiх i дробных феадалаў знаходзiлася ў залежнасцi ад вялiкага князя і насіла першапачаткова ўмоўны i абмежаваны характар. Князь рэгуляваў iх уладаннi ў сваiх ваенна-палiтычных i фiнансавых мэтах. Сваiмi памесцямi гэта катэгорыя феадалаў валодала толькi пры ўмове службы вярхоўнаму ўласнiку зямлi - вялiкаму князю. Памесце адбiралася ад уладальнiка, калi ён не з'яўляўся на службу або выконваў яе нядобрасумленна. Такое становiшча не задавальняла феадалаў. Яны вялi барацьбу за перадачу iм зямлi ў безумоўнае валоданне. Першымi такога права дамаглiся ад Ягайлы католікі. Праваслаўныя феадалы атрымалi такі прывілей толькi ў 1432 г. У сярэдзіне ХVI ст. колькасць шляхты, якая валодала зямлёй у ВКЛ, складала каля 162 тыс. чалавек (9% усяго насельніцтва).

Феадал-землеўласнік не мог абысцiся без сялян. Зямлю трэба было апрацоўваць, каб атрымаць ад яе карысны прадукт. Апрацоўвалi яе сяляне. Пазбаўленыя права ўласнасцi на зямлю, яны атрымлiвалi яе з рук феадала, але не ва ўласнасць, а ў карыстанне. За карыстанне зямлёй селянін заўсёды, пры любых умовах павiнен быў несцi на карысць уласнiка розныя павiннасцi. Гэта i вызначыла розныя формы залежнасцi сялянства. Яны складвалiся ў працэсе эвалюцыi памешчыцкай гаспадаркi.

Атрыманне ўсімі катэгорыямі феадалаў зямлі ў вотчыннае ўладанне стварыла ў іх зацікаўленасць у тым, каб мець на сваёй зямлі пастаянную рабочую сілу ў выглядзе ўжо не толькі эканамічна, але і асабіста залежных ад пана сялян. Таму згаданыя прывілеі стварылі перадумовы для пачатку наступу феадалаў на асабістую волю сялян.

Першым заканадаўчым крокам у запрыгоньванні сялянства з'явіўся прывілей Казіміра 1447 г., якім абмяжоўваліся сялянскія пераходы з дзяржаўных на прыватнаўласніцкія землі. Наступным этапам быў Судзебнiк 1468 г. У ім у якасцi юрыдычнага абгрунтавання прымацавання сялян да зямлi ўводзіўся прынцып земскай даўнасцi, цi старажыльства - правiла, паводле якога пражыванне сялян на зямлі феадала на працягу аднаго цi больш пакаленняў рабіла іх " непахожымi", г. зн., страціўшымі права пераходу. Першы Статут ВКЛ 1529 г. вызначыў старажыльства ўжо дзесяцiгадовым тэрмінам. Статут абмяжоўваў і тэрмін адыходу ад феадала для сялян, якія мелі на гэта права - за тыдзень да дня ўсiх святых (Юр'еў дзень на Русi) i на працягу тыдня пасля яго, калi скончацца ўсе сельскагаспадарчыя работы. Статут устанавіў таксама для сялян плату феадалу пры выхадзе - " пажылое", памер якога вызначаўся ў 5 коп лiтоўскiх грошаў. Гэта вельмi вялiкая на той час сума - за 1 капу лiтоўскiх грошаў можна было купiць чатыры каровы.

У 1557 г. Жыгiмонт ІІ Аўгуст правёў у сваiх вялiкакняжацкiх уладаннях аграрную рэформу, якая мела на мэце ўпарадкаваць сялянскае землекарыстанне, каб павялiчыць свае даходы. Праект рэформы быў распрацаваны ўпраўляючымі каралевы Боны, мацi караля, якая ажыццявiла гэтую рэформу ў сваiх уладаннях (Кобрынская i Пiнская эканомii) яшчэ ў 30-40-я гг. XVI ст. Вынікам рэформы было шырокае распаўсюджанне новага віду феадальнага гаспадарання - фальваркова-паншчыннай сістэмы. Заснаваны на працы прыгонных сялян, фальварак быў ужо арыентаваны на рынак. Фальваркі спарадычна з'яўляліся на беларускіх землях з другой паловы ХV ст., што было звязана з рэзкім ростам попыту на збожжа на рынках Заходняй Еўропы, на якую была арыентавана эканоміка ВКЛ, і жаданнем феадалаў атрымаць як мага большыя прыбыткі ад пасеваў збожжавых культур шляхам удасканалення дваровай гаспарадкі.

Згодна з " Уставай на валокі" (дакумент аб правядзенні рэформы), праводзілася новае землеўпарадкаванне. За адзінку вымярэння зямлі і ў той жа час за адзінку падаткаабкладання прымалася валока, чаму рэформа называецца яшчэ " валочная памера". Лепшая зямля адводзiлася пад гаспадарскi двор (фальварак). Памеры фальваркаў былi рознымi - ад 8 да 15 валок (ад 200 да 400 гектараў) зямлi i больш. Сялянскi надзел складала валока памерам у 33 маргi (морг раўняўся 0, 71 га), або 23, 43 га. Нягодная для ворыва зямля, калi яна сустракалася ў надзеле, кампенсавалася адпаведнай дабаўкай. Таму на практыцы валокi былi розных памераў - ад 33 да 46 маргоў, але лiчылiся адной падатковай адзiнкай. Моцныя сялянскiя гаспадаркi бралi i па дзве валокi, малыя - палову, 1/3 валокі - тады прапарцыянальна памяншаўся і памер сялянскіх павіннасцяў. На адну валоку фальварковай зямлi наразалася сем сялянскіх валок. Акрамя падворнага надзелу, сялянам адводзiлiся землi агульнага карыстання: сенажацi, выганы, лясы, азёры.

Паселеныя на новых надзелах сяляне дзялiлiся на два разрады - людзей " цяглых" i " асадных". Цяглыя сяляне павiнны былi сваiм iнвентаром i цяглом (рабочай жывёлай) апрацоўваць фальварковую зямлю. Іх асноўнай павiннасцю была паншчына - два днi ў тыдзень з валокi. Акрамя таго, яны выконвалі вялікі аб'ём іншых павіннасцяў: 4 дні талок у год, плацiлi ваенныя падаткi - сярэбшчыну i пагалоўшчыну, жарнавое і інш.

Астатнiх сялян вялiкi князь сялiў на " асадзе". Асадныя сяляне павiнны былi плацiць у год, у залежнасцi ад якасцi зямлi, ад 66 да 106 грошаў. Усе астатнiя павiннасцi яны выконвалі ў такiх самых памерах, як i цяглыя, г. зн. плацiць чынш, даваць авёс, сена, гусей, яйкi i г. д.

У вынiку ажыццяўлення рэформы 1557 г. у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм з'явiлася яшчэ адна катэгорыя сялян - " агароднiкi". Яны надзялялiся невялiкiмi ўчасткамi зямлi па 3, 6, 9 i больш маргоў у залежнасцi ад складу сям'i i наяўнасцi свабоднай зямлi. З надзелу памерам у 3 маргi яго ўладальнiк павiнен быў адпрацаваць у фальварку адзін дзень паншчыны ў тыдзень пешшу. З большага надзелу павiннасцi прапарцыянальна павялiчвалiся.

Спачатку аграрная рэформа была праведзена толькi ў вялiкакняжацкiх памесцях i толькi ў заходнiх ваяводствах. Ва ўсходнiх беларускiх ваяводствах яна не праводзiлася. Адной з асноўных прычын з'яўлялася тое, што там былi горшыя ўмовы для развiцця збожжавай гаспадаркi: балоцiстыя i пясчаныя глебы, аддаленасць ад балтыйскiх портаў i iнш. Не спрыялi i знешнепалiтычныя абставiны: улады ВКЛ баяліся, што любыя перамены, рэформы ва ўсходніх рэгіёнах княства будуць выкарыстаны праваслаўнымі сепаратыстамі для аддзялення і пераходу пад уладу Масквы. З той пары ўсходняя частка Беларусі паступова адставала ад заходняй у развіцці сельскай гаспадаркі.

Рэформа распаўсюдзілася і на феадальныя ўладанні ў заходніх паветах ВКЛ. Яе галоўным вынікам было навядзенне парадку ў аграрных адносінах, умацаванне буйной прыватнай уласнасці на зямлю. ВКЛ зраўнялася ў гэтай справе з перадавымі краінамі Заходняй Еўропы.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.