Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






ББК 63.3(4Беи)я7 4 страница






Чарговы ўнутрыпалітычны крызіс узнік пасля смерці Гедыміна. Не згодныя з узвядзеннем на вялікакняжацкі прастол сына Гедыміна Яўнута, два яго браты Альгерд і Кейстут ажыццявілі дзяржаўны пераварот і сталі суправіцелямі княства. У гэты час пачалася актыўная перадача ўдзельных княстваў нашчадкам Гедыміна. Яны з цягам часу станавіліся не толькі прадстаўнікамі ўлады, але і буйнымі землеўладальнікамі, што, у сваю чаргу, рыхтавала глебу да ўзмацнення федэратыўных тэндэнцый. Але насаджэнне літоўскага землеўладання на славянскіх землях, цэнтралізацыя ўлады супярэчылі інтарэсам мясцовых феадалаў і, такім чынам, закладвалі аснову да новых унутрыпалітычных канфліктаў.

Яшчэ адзін крызіс узнік у 1377 г. пасля смерці Альгерда. Два яго сыны, Ягайла і Андрэй (Вінгальд) Полацкі распачалі барацьбу за ўладу. Ахрышчоны ў праваслаўі іменем Андрэй, князь Полацкага ўдзела зрабіў стаўку на ўсходніх праваслаўных феадалаў, рускія суседнія княствы і на збліжэнне з Маскоўскай дзяржавай. Ягайла прымусіў Андрэя ўцячы ў Пскоў і на яго месца паставіў свайго брата Скіргайлу. Выкарыстаўшы раздор паміж братамі, у 1381 г. вярхоўную ўладу ў дзяржаве захапіў Кейстут, але неўзабаве быў узяты ў палон Ягайлам і задушаны ў Крэўскім замку. У гэтым жа годзе палачане, нездаволеныя князем-язычнікам і ўзмацненнем празаходняга накірунку ва ўладзе, паднялі паўстанне і вярнулі на княжанне ў Полацк Андрэя Альгердавіча. Андрэй у 1386 г. спрабаваў зноў выступіць супраць Ягайла, але яго войска было разбіта. Барацьба за вярхоўную ўладу працягвалася.

Каб узмацніць свае пазіцыі, Ягайла 14 жніўня 1385 г. у Крэве заключыў пагадненне з палякамі аб аб’яднанні Польшы і Літвы, якое замацоўвалася яго шлюбам з польскай каралевай Ядвігай. Згодна з пагадненнем, Ягайла далучаў землі Вялікага княства Літоўскага да Польшчы, станавіўся адначасова і польскім каралём. У пачатку 1387 г. Ягайла выдаў два прывілеі, у якіх абавязваў насельніцтва прыняць каталіцкую веру, знаць каталіцкага веравызнання, атрымлівала неабмежаваныя правы валодання сваімі вотчынамі, а таксама вызвалялася ад шэрагу дзяржаўных падаткаў. Усё гэта адзначала, па сутнасці, інкарпарацыю Вялікага княства Літоўскага ў склад Польшчы, паланізацыю і акаталічванне насельніцтва, удзельныя ж князі гублялі сваю самастойнасць. Такая дыскрымінацыя значнай часткі арыстакратыі ВКЛ вызвала рэзкае нездавальненне. Пачаўся чарговы ўнутрыпалітычны крызіс. Узнік грамадска-палітычны рух, накіраваны супраць Ягайлы і супраць уніі. Яго ўзначаліў сын Кейстута Вітаўт. Ён выступіў з праграмай стварэння самастойнага дзяржаўнага ўтварэння, якое б супраць­стаяла, з аднаго боку, Польшчы, з другога, Маскве. Унутры дзяр­жавы для ажыццяўлення праграмы Вітаўт пачаў абапірацца на апазіцыйную польска-каталіцкай экспансіі знаць, за межамі ВКЛ – на крыжаносцаў. Гэта барацьба вялася з пераменным поспехам і скончылася заключэннем пагаднення паміж Ягайла і Вітаўтам у 1392 г. у маёнтку Вострава каля Ліды. Згодна з ім, Ягайла заставаўся польскім каралём, а Вітаўт станавіўся Вялікім князем Літоўскім і прызнаваў верхавенства Ягайлы. Пазней, у 1401 г., пры заключэнні Віленска-Радамскай уніі, гэта дамоўленасць была яшчэ раз пацверджана. Але “рускага” пытання прыход Вітаўта да ўлады не вырашыў. Па дагавору паміж ВКЛ і Польшчай 1401 г. і Гарадзельскаму прывілею 1413 г. каталіцкая знаць узвышалася і атрымлівала шырокія правы, а праваслаўная знаць ВКЛ трапляла ў дыскрымінацыйнае становішча. Да гэтага трэба дадаць і ўзмацненне сепаратысцкіх настрояў ўдзельных князёў у час барацьбы літоўскай дынастыі за вярхоўную ўладу. Пасля смерці Вітаўта гэта праблема яшчэ больш абвастрылася і пачаўся чарговы ўнутрыпалітычны крызіс.

Вялікім князем у 1430 г. стаў Свідрыгайла Альгердавіч, які да гэтага княжыў у Віцебскім княстве. Ён пачаў дапускаць да дзяржаўнага кіравання буйных праваслаўных землеўладальнікаў, дарыць ім землі. Значную падтрымку ён знайшоў у Полацку. Гэта выклікала нездаволенасць ужо літоўскай арыстакратыі. На княжацкі пасад у 1432 г. быў узведзены Жыгімонт Кейстутавіч, які пачаў праводзіць прапольскую палітыку. Яго падтрымалі літоўскія і заходнебеларускія землі. На бок Свідрыгайлы сталі Полацкая, Віцебская, Смаленская, Кіеўская землі, Валынь і Усходняе Падолле. Супрацьстаянне прывяло да грамадзянскай вайны 1432–1436 гг. Некалькі гадоў працягваліся ваенныя дзеянні. Пасля абнародвання ў 1432 і 1434 гг. двух прывілеяў караля і князя Жыгімонта аб ураўніванні правоў католікаў і праваслаўных частка феадалаў адышла ад Свідрыгайла, ён пацярпеў паражэнне і ўцёк у Кіеў, затым панаваў у Валынскім княстве. Але і Жыгімонт, які атрымаў перамогу, быў забіты ў 1440 г. З гэтага часу была адноўлена практыка сумяшчэння пасады караля і вялікага князя, пачатая Ягайлам. Пасля яго смерці Вялікім князем Літоўскім, а пазней і каралём Польскім стаў Казімір IV з дынастыі Ягелонаў, затым, пасля кароткага княжання Аляксандра, Жыгімонт Стары.

Унутраная палітыка, якая праводзілася князямі ВКЛ, накладвала свой адбітак на знешнюю і, у сваю чаргу, адчувала значны ўплыў знешнепалітычнай дзейнасці ВКЛ.

Асноўнымі напрамкамі знешняй палітыкі ВКЛ у XIV–ХVI стст. сталі на захаде – адносіны з Польшчай, на паўночна-заходнім накірунку – з крыжаносцамі, на ўсходзе – з Маскоўскай дзяржавай, на паўднёвым усходзе і на поўдні – з татара-манголамі.

Ужо з пачатку XIV ст. крыжаносцы рабілі частыя набегі на землі Польшчы і ВКЛ. Яны не толькі сілай імкнуліся набыць новыя землі, але і актыўна ўмешваліся ў дынастычную барацьбу, якая не сціхала амаль увесь час у княстве. Ваенныя акцыі ВКЛ у адказ ажыццяўляліся радзей і былі менш значнымі. Напрыклад, у час праўлення Альгерда і Кейстута крыжаносцы зрабілі каля сотні набегаў, ліцвіны ж – толькі трыццаць і не заўсёды ўдалыя. Пагроза з боку крыжаносцаў падштурхоўвала і Польшчу, і ВКЛ да збліжэння. Гэты саюз быў выгадны Вялікаму княству Літоўскаму, паколькі адрываў Польшчу ад сувязяў з крыжаносцамі, засцерагаў ад небяспекі заходнія рубяжы і дазваляў Ягайлу ўмацаваць сваю палажэнне, атрымаўшы карону польскага караля, паколькі ён не быў старэйшым сынам Альгерда і да ўлады прыйшоў сілком. Крэўская ўнія паміж Польшчай і ВКЛ, заключаная ў 1385 г., з аднаго боку, садзейнічала мірнаму суіснаванню абодвух краін, але, з другога боку, ушчамляла суверэнітэт літоўска-беларускіх зямель, мела вынікам паланізацыю і акаталічванне насельніцтва. Саюз паміж Польшчай і ВКЛ дазволіў аб’яднаць сілы ў барацьбе супраць крыжаносцаў. У 1409–1411 гг. адбылася “вялікая вайна”, якую вялі Польшча і ВКЛ, з аднаго боку, і Лівонскі ордэн, з другога. Кульмінацыйным пунктам яе стала Грунвальдская бітва 15 ліпеня 1410 г., якая закончылася разгромам крыжацкага войска. З гэтага часу баявая моц ордэна была аслаблена і ён страціў дамініруючае палажэнне ў Прыбалтыцы.

Важным напрамкам знешняй палітыкі ВКЛ былі ўзаемаадносіны з Маскоўскай дзяржавай. Спачатку ў другой палове XIII–XIV стст. ваенная перавага была на баку ВКЛ, якое вяло актыўную палітыку па далучэнню былых зямель Кіеўскай Русі. На Маскву неаднаразова рабілі паходы Альгерд, Вітаўт. Альгерд далучыў да ВКЛ землі на Дняпры і Сожы, большую частку Украіны, частку заходніх зямель сучаснай Расіі. Вітаўт канчаткова авалодаў Смаленскам, устанавіў пратэктарат над Ноўгарадам і Псковам, спрабаваў, карыстаючыся аслабленнем Маскоўскай дзяржавы і міжусобіцамі ў Залатой Ардзе, з дапамогай татарскага хана Тахтамыша стаць уладаром усёй Рускай зямлі, але атрымаў паражэнне ў 1399 г. у бітве з ардынскім войскам на рацэ Ворскле.

У XV ст. назіралася пэўная раўнавага ва ўзаемаадносінах паміж Масквой і ВКЛ. У канцы XV–пачатку ХVI стст. Маскоўскае княства ўзмацнілася, ператварылася ў цэнтралізаваную дзяржаву, павысіла свой уплыў у Ноўгарадзе, Цверы і пасля канчатковага вызвалення з-пад апекі Залатой Арды з 1480 г. накіравала сваю дзейнасць на зварот і аб’яднанне зямель, якія раней уваходзілі ў Кіеўскую Русь. Гэта супала з абвастрэннем унутрыпалітычных і ўнутрыкан­фесій­ных супярэчнасцяў унутры ВКЛ і ўзмацненнем прамаскоўскіх настрояў ва ўсходніх княствах ВКЛ. Пад лозунгам абароны праваслаўя Масква імкнулася рознымі шляхамі далучыць іх да Маскоўскай дзяржавы. З канца XV ст. пачалася серыя войнаў: ваенныя кампаніі 1492–1494 гг., 1500–1503 гг; 1507–1508 гг.; 1512–1522 гг.; 1534–1537 гг., у выніку якіх Маскоўская Русь адваявала трэцюю частку ўсходніх зямель ВКЛ. Пералом у ходзе ваенных дзеянняў не адбыўся і ў выніку перамогі войска ВКЛ 8 верасня 1514 г. пад Оршай. Вялікае княства Літоўскае страціла Смаленск, вайна перакінулася ўжо на тэрыторыю Беларусі і Украіны.

У 1558 г. пачалася вайна паміж Рускай дзяржавай, якая прэтэндавала на выхад да Балтыйскага мора, і Лівонскім ордэнам. Пасля таго, як ВКЛ ўзяла ордэн пад сваю апеку, тэрыторыя Беларусі стала асноўным тэатрам вайны. У 1563 г. быў захоплены Полацк. Гэта стварыла сур’ёзную небяспеку для захавання цэласнасці ВКЛ і стала адной з прычын заключэння Люблінскай уніі паміж ВКЛ і Польшчай.

На поўдні ВКЛ амаль з самага пачатку свайго існавання вяла барацьбу з татара-манголамі, якія перыядычна рабілі набегі на гэтую тэрыторыю. У 1362 г. ваяры пад камандаваннем Альгерда разбілі ардынскае войска ў бітве на рацэ Сінія Воды і надоўга спынілі агрэсію Арды. Выкарыстаўшы міжусобіцы ўнутры Залатой арды, Вітаўт заключыў пагадненне з ханам Тахтамышам аб сумеснай барацьбе супраць Маскоўскай дзяржавы, але далейшыя іх сумесныя дзеянні былі няўдалымі. З другой паловы XV ст. абвастрыліся адносіны паміж ВКЛ і Крымскім ханствам. Толькі з 1500 па 1569 гг. войскі крымскага хана 45 разоў ўрываліся ў межы ВКЛ. У выніку буйнай бітвы пад Клецкам 6 жніўня 1506 г. і іншых ваенных дзеянняў ВКЛ здолела абараніць свае межы.

Такім чынам, знешняя палітыка ВКЛ была даволі разнабаковай: ад дыпламатычных дамоўленнасцяў і заключэння міждзяржаўных саюзаў да адкрытай барацьбы, якая мела і наступальны, і абарончы характар.

 

4.4. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця

беларускіх зямель у XIII–XVI стст.

 

Асновай эканамічнага жыцця ў XIII – першай палове ХVI стст. была сельская гаспадарка. Зямля ў гэты час належала феадалам. Спачатку вярхоўным яе ўласнікам лічыўся вялікі князь, які жалаваў зямельныя ўгоддзі прыбліжаным ў часовае карыстанне. Паступова яны пераходзілі ў спадчыннае ўладанне і ўжо прыкладна з XIV ст., акрамя княжацкай або дзяржаўнай, пачалі пашырацца прыватнаўласніцкія і царкоўныя формы ўласнасці на зямлю. Рост феадальнага землеўладання адбываўся рознымі шляхамі: вялікакняжацкімі падараваннямі, дарэннямі з боку буйных феадалаў васалам ці царкве, купляй-продажам, залогам (заставай) і інш. Найбольш буйным землеўладальнікам быў сам вялікі князь. Спачатку не было дакладнага раздзялення на яго непасрэдную ўласнасць і ўласнасць дзяржавы. Але з цягам часу пачаў утварацца непасрэдна вялікакняжацкі домен, свайго рода яго вотчына, і асобна – дзяржаўныя, магнацкія, царкоўныя землеўладанні. Калі ў XIV ст. пад уладай вялікага князя было 80 % сялян, то ў 20-я гг. XV ст. іх колькасць зменшылася да 30 %. За магнатамі захавалася кіруючая палітычная роля ў дзяржаве. Да XVI ст. прыватнае землеўладанне стала ўжо пераважным і налічвала каля 65 % ўсіх зямель. Для Вялікага княства Літоўскага характэрнай была наяўнасць менавіта буйнага землеўладання. У сярэдзіне XV ст. 29 магнатаў валодалі 40 % усіх прыватнаўласніцкіх зямель. Ва ўладанне феадалам даваліся цэлыя воласці, маёнткі, вёскі з насель­ніцтвам. Адпаведна і сяляне падзяляліся на дзяржаўных, прыватна­ўласніцкіх, царкоўных. Галоўнымі іх заняткамі былі земляробства, жывёлагадоўля, а дапаможнымі – паляванне, рыбалоўства.

Па меры развіцця феадальных адносін ў XV–ХVI стст. асноўнай формай абавязкаў стала паншчына і грашовы аброк – чынш. За карыстанне зямельнымі надзеламі сяляне павінны былі таксама выплочваць даніну прадуктамі раслінаводства, якая называлася “дзякла”, а таксама мяснымі прадуктамі – “мезлева”. Акрамя таго, сяляне павінны былі выходзіць на сумесныя работы – талокі, згоны, будаваць і рамантаваць замкі, масты, дарогі, ўтрымліваць войска, адвозіць на фурманках грузы, несці вартавую службу і г.д. Людзі, якія ў асноўным адпрацоўвалі паншчыну на землях феадала, называліся цяглымі, якія ж пераважна плацілі грашовы чынш – асаднымі. Феадальная рэнта спаганялася звычайна з асобных сялянскіх гаспадарак, якія ў гістарычных крыніцах фігуруюць пад тэрмінам “дым”. Практыкаваўся збор даніны і з некалькіх сем’яў, звычайна сваяцкіх, якія складалі асобныя адзінкі падатка­абкладанняў – дворышчы. У XIV–ХVI стст. у асяроддзі сялян ужо развівалася маёмасная дыферэнцыяцыя. Пра яе наяўнасць сведчаць адрозненні ў забяспячэнні асобных сялянскіх гаспадарак зямлёй, памерах падаткаў. Разам з самастойнымі ў гаспадарчых адносінах вытворцамі ў многіх маёнтках былі і збяднелыя сяляне, іх называлі агароднікамі, кутнікамі, халупнікамі.

Развіццё таварна-грашовых адносін, рост попыту на сельска­гаспадарчую прадукцыю на Захаде садзейнічалі ўздыму сельскай гаспадаркі, прымушалі ўдасканальваць феадальную сістэму гаспадарання, павялічваць вытворчасць прадукцыі на продаж.

З мэтай павышэння эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці, павялічвання даходнасці маёнткаў у 1557 г. Жігымонт II Аўгуст правёў на дзяржаўных землях аграрную рэформу, якая затым атрымала назву “валочная памера”. Уся зямля дзялілася на валокі памерам 33 моргі (морг раўняўся 0, 71 га) або 21, 36 га., лепшыя з якіх адводзіліся непасрэдна пад гаспадарку землеўладаль­ніка, якая называлася фальварак. Іншыя раздаваліся сялянам у падворнае карыстанне. “Устава на валокі” прадугледжвала суадно­сіны фальваркавага і сялянскага ворыва як 1 да 7. Гэта значыць, што адну фальваркавую валоку апрацоўвалі прыгонныя, якія карыста­ліся 7 валокамі. У залежнасці ад колькасці і якасці атрыманай у карыстанне зямлі вызначаўся і памер павіннасцяў, якія выконвалі сяляне. Яны былі рознымі для цяглых і асадных земляробаў. Цяглыя сяляне павінны былі за адну валоку адпрацоўваць паншчыну 2 дні ў тыдзень, а таксама плаціць чынш ад 6 да 21 грошаў з валокі і аброк прадуктамі. Асадныя сяляне ў асноўным плацілі чынш ад 66 да 106 грошаў у год з валокі, у залежнасці ад яе якасці. Акрамя таго, для ўсіх заставаліся такія павіннасці, як гвалты і талокі, розныя віды работ па пабудове і рамонту збудаванняў, дарог, мастоў і г.д.

Аграрная рэформа не толькі ўпарадкоўвала землеўладанні і павялічвала іх даходнасць, але і замацоўвала сялян за валокамі, усе яны станавіліся “непахожымі”. Па выніках рэформы колькасць зямельных участкаў, якія былі ў сялянскім карыстанні, зменшылася, справа ў тым, што памеры павіннасцяў у разліку з валокі былі настолькі высокімі, што ў сярэднім адну валоку апрацоўвалі дзве сям’і. Ажыццяўленне рэформы прывяло да замены абшчыннага землекарыстання падворным.

Валочная памера садзейнічала развіццю фальварачна-бар­шчыннай сістэмы гаспадарання і вызначыла напрамак развіцця сельскай гаспадаркі на цэлыя стагоддзі, да адмены прыгоннага права. Змянілася ў бок павышэння таварнасці і сутнасць фаль­варкаў: у іх большая частка атрыманай прадукцыі выкарыстоў­валася ўжо не для асабістага спажывання, а для продажу на рынках.

Паступова ўслед за вялікакняжацкім доменам гэта рэформа была праведзена і на прыватнаўласніцкіх, царкоўных землях, але ў асноўным у заходняй і цэнтральнай Беларусі. На ўсходзе яна праводзілася больш марудна або зусім не практыкавалася. Прычына заключалася ў частых войнах з Маскоўскай дзяржавай, якія закраналі гэту тэрыторыю, зменах дзяржаўных межаў.

У XIII–ХVI стст. у ВКЛ, як і ў цэлым у Еўропе, хутка развіваліся рамесная вытворчасць, гандаль і адпаведна павялічвалася колькасць гарадоў. У Беларусі ў гэты час налічвалася каля 40 гарадоў і больш за 200 мястэчак, якія адрозніваліся ад гарадоў меншай колькасцю насельніцтва і адсутнасцю абарончых збудаванняў. Каля 40 % гарадоў і амаль усе мястэчкі былі прыватнаўласніцкімі, гэта значыць, належылі феадалам. Астатнія былі вялікакняжацкімі або дзяржаўнымі. З цягам часу ў некаторых дзяржаўных гарадах з’явіліся юрыдыкі, гэта значыць, асобныя кварталы або часткі, якія належылі феадалам або царкве.

Дакументы ХVI ст. згадваюць пра наяўнасць больш за 100 відаў рамёстваў, найбольш распаўсюджанымі з іх былі апрацоўка металаў, ювелірная справа, ганчарства, ткацтва і інш. У гарадах і мястэчках регулярна налажваліся кірмашы. Акрамя ўнутранага рынка, значная частка прадукцыі адпраўлялася на продаж за мяжу. Рамеснікі ў XV–ХVI стст. для абароны інтарэсаў пачалі ствараць свае прафесійныя аб’яднанні – цэхі. Рамеснікі прыватнаўласніцкіх гарадоў частку сваёй прадукцыі здавалі ў гаспадарку феадала.

 

4.5. Культура Беларусі другой паловы XIII – першай

паловы ХVI стст.

 

Культура Беларусі перыяду знаходжання яе ў складзе Вялікага княства Літоўскага супала з еўрапейскім Адраджэннем, асноўнай рысай якога быў творчы зварот да антычных традыцый. Рэлігійная па форме, культура Адраджэння была свецкай па зместу, гуманістычнай па светапогляду. Росквіт Рэнесанса ў Еўропе, галоўным чынам, прыйшоўся на XV–ХVI стст., калі ў Італіі хуткімі тэмпамі развіваліся культавая і свецкая архітэктура, навука, літаратура, ствараліся шэдэўры выяўленчага мастацтва. Шырокую вядомасць, акрамя італьянскага, атрымала Паўночнае Адраджэнне, якое было ў сваю чаргу цесна звязана з Рэфармацыяй.

Рэфармацыя – гэта рэлігійны рух, які быў напраўлены супраць каталіцкай царквы і шырока распаўсюдзіўся ў Еўропе ў пачатку ХVI ст. Яго ідэолагі Марцін Лютэр, Жан Кальвін, Томас Мюнцэр вучылі, што для выратавання душы верніка не патрэбен пасрэднік – царква, таму адмаўлялася неабходнасць яе існавання з усёй царкоўнай іерархіяй, набытымі багаццямі і г.д. Адзінай крыніцай веры была аб’яўлена біблія. У некаторых краінах рэфармацыйны рух набыў сацыяльнае адценне і выліўся ў рэлігійныя войны.

Адраджэнне і рэфармацыя знайшлі свой водгук і на беларускіх землях. Гэтаму садзейнічалі больш цесныя сувязі пасля Крэўскай уніі з Польшчай, якая стала свайго рода мастом паміж заходнееўрапейскай культурай і культурай усходніх княстваў і дзяржаў. Ідэі рэфармацыі неслі таксама тыя ўдзельнікі рэлігійных войн, якія эмігрыравалі з Заходняй Еўропы ў ВКЛ, дзе была большая верацярпімасць.

Рэнесанс знайшоў адлюстраванне ў беларускім кнігадрукаванні, творчасці беларускіх асветнікаў-гуманістаў, у архітэктуры і выяўленчым мастацтве, іншых напрамках культуры.

Хаця беларускі народ быў і ўцягнуты ў агульнаеўрапейскі працэс, але Адраджэнне на Беларусі мела свае адрозненні ў параўнанні з заходнееўрапейскім рэнесансам. ВКЛ тэрытарыяльна знаходзілася на перыферыі Еўропы, у свой час тут менш адчуваўся непасрэдны ўплыў антычных традыцый. Беларускае Адраджэнне было больш духоўным па сваёй сутнасці, у адрозненне ад еўрапейскай, больш свецкай культуры. Царква і рэлігія ў ВКЛ захавалі сваё вядучае месца ў дзяржаве. Адраджэнне пачалося пазней, чым у Еўропе, але развіццё ішло больш хутка. У заходне­еўрапейскіх жа краінах Рэнесанс эвалюцыяніраваў паступова, на працягу дзвюх стагоддзяў. Калі на Захадзе рэфармацыйны рух, ідэйнымі каранямі якога быў Рэнесанс, пачаўся пазней эпохі Адраджэння, то на беларускіх землях яны супалі па часу і аказвалі ўзаемаўплыў. Больш таго, росквіт Беларускага Адраджэння назіра­ецца тады, калі ў Еўропе пачалася контррэфармацыя, каталіцкая царква ўзмацніла сваё палажэнне. Развіццё рэнесанснай культуры ў ВКЛ супала па часу з фарміраваннем беларускай народнасці, з’явілася адным з галоўнаўтваральных фактараў ў гэтым працэсе. Менавіта ў перыяд уваходжання у ВКЛ культура насельніцтва беларускіх зямель пачала набываць свае, самабытныя рысы.

Як вядома, характэрнымі прыкметамі любой народнасці з’яўляюцца наяўнасць адзінай тэрыторыі, адметнасці мовы, культуры, народных традыцый, а таксама этнічная самасвядомасць і саманазва (этнонім).

У перыяд уваходжання ў Кіеўскую Русь у Полацкім і Тураўскім княствах ужо пачалі праяўляцца прыкметы этнічнай кансалідацыі, але гэты працэс ішоў запаволена. Феадальная раздробленасць прывяла да з’яўлення шматлікіх зямляцкіх супольнасцяў – удзельных княстваў і ў той жа час садзейнічала адмежаванню насельніцтва беларускіх зямель ад агульнай культурнай, эканамічнай, этнатэрытарыяльнай прасторы былой Кіеўскай Русі. Заснаванне ВКЛ паскорыла працэс этнагенезу беларусаў.

Вялікае княства Літоўскае прадстаўляла сабой політэтнічнае і шматканфесійнае ўтварэнне. Тут назіралася ўзаемадзеянне і ўзаемаўплыў розных этнасаў. У XIV–ХVI стст. па розным пры­чынам прыток на беларускія землі іншаземцаў не спыніўся, а нават узрос. Акрамя палякаў, балтаў, сюды перасяляліся жыхары рускіх княстваў, а таксама татары, яўрэі. Гэта праявілася ў пашырэнні іншаэтнічных элементаў ў народнай гаворцы, абрадах, адзенні і г.д. Важным было тое, што на тэрыторыі ВКЛ не было вострых міжэтнічных і міжканфесійных канфліктаў. Людзі розных этнасаў і вераванняў мірна суіснавалі, узаемна духоўна абагачаліся. Праўда, палітыка ўлады, накіраваная на паланізацыю і акаталічванне, парушала гэтую раўнавагу, але яна не мела рашаючага этнаўтваральнага значэння.

Этнічная стракатасць, безумоўна, мела свой ўплыў, але дамініруючае палажэнне ў стварэнні этнакультурнай прасторы заставалася за ўсходнімі славянамі або “русінамі”, як іх называлі, паколькі яны пераважалі па колькасці, культурнаму ўзроўню. У аснову ВКЛ былі закладзены прынцыпы дзяржаўнага кіравання, якія склаліся ў рускіх княствах, “руская” (старабеларуская) мова справаводства, на ёй жа рыхтаваліся большасць дакументаў, літаратурныя выданні. На працягу ўсёй гісторыі ВКЛ адчувалася ідэнтыфікацыя насельніцтва на дзве групы: “ліцвінаў” і “русінаў”, прычым мелася на ўвазе не толькі этнічная прыналежнасць, але і дзяржаўнасць. За выключэннем стварэння ў гады грамадзянскай вайны першай паловы XV ст. асобнага Вялікага княства Рускага ў рамках ВКЛ, гэты падзел працякаў у мірных формах, але прывёў да пэўнай дваістасці ў самаідэнтыфікацыі. Ф. Скарына, напрыклад, лічыў сябе і русінам, і ліцвінам адначасова. Верагодна, тут адчуваліся розныя падыходы да сэнсу саманазвы: прыналежнасць да пэўнай дзяржавы і прыналежнасць да пэўнага этнасу. Але, перш за ўсё, Скарына лічыў сябе выхадцам з “слаўнага горада Полацка”, а Полацк, безумоўна, з’яўляецца беларускім горадам. Гэтыя саманазвы па пэўнай мясцовасці і пераважалі сярод насельніцтва на першым этапе станаўлення самасвядомасці беларускага народа.

Агульныя этнакультурныя карані ўсходніх славян, падабенства ў мове, культуры замаруджвалі працэс ідэнтыфікацыі беларусаў, украінцаў ад рускіх. Але ў XIV–ХVI стст., калі паняцце “Русь” усё менш і менш адлюстроўвала этнакультурныя адметнасці пэўных рэгіёнаў, паступова “русіны” пачалі падзяляцца на Белую Русь (Віцебскае, Смаленскае, Полацкае княствы), Чорную (Новагарод­скае, Гарадзенскае і Мінскае княствы) і Чырвоную (тэрыторыя сучаснай заходняй Украіны). Рэгулярным становіцца выкарыстанне этноніма “беларусец” як саманазвы насельніцтва.

У гэты перыяд з развіццём эканомікі ўзмацняліся сувязі паміж асобнымі рэгіёнамі ВКЛ, што таксама садзейнічала этнакультурнай, эканамічнай, моўнай інтэграцыі і самаідэнтыфікацыі. Паступова фарміравалася этнічная самасвядомасць насельніцтва пэўных рэгіёнаў.

Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпавядала арэалам рассялення крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Даволі дакладна праслежвалася этнічная мяжа паміж імі і балцкім насельніцтвам, якая пралягала прыкладна каля Ашмян і Браслава і ў наступныя тры стагоддзі амаль не змянілася, менш выразна з другімі славянскімі этнасамі, будучымі рускімі і ўкраінцамі. Кампактныя групы этнасаў, якія жылі побач са славянамі, з’явіліся дадатковым кампанентам фарміравання бела­рускай народнасці, але ўвогуле не парушалі цэласнасці этнічнай тэрыторыі беларусаў.

Асобнай і важнай праявай этнасу з’яўляецца мова. Старажытная пісьменнасць на беларускіх землях была заснавана на стараславянскай мове. Але ўжо ў пісьмовых крыніцах XIII ст., у час існавання Полацкага і Тураўскага княстваў, зафіксаваны першыя праявы мясцовых дыялектаў. Менавіта сярэднебеларускія гаворкі выступілі ў якасці асноўнага элемента пры складванні агульнабеларускай мовы. Фарміраванне асноўных фанетычных, граматычных і лексічных адметнасцяў, уласцівых беларускай мове, працягвалася да ХVI ст. Менавіта ў адзначаны час праявіліся такія яе асаблівасці, як цвёрдае “р”, “дзэканне” і “цэканне”, “аканне” і “яканне”, фрыкатыўны гук “г”, прыстаўны гук “в”. Пэўны ўплыў на станаўленне гэтых адметнасцяў і пашырэнне славарнага запасу старабеларускай мовы аказалі запазычанні з іншых моў этнасаў, якія пражывалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, або з якімі існавалі цесныя кантакты: палякаў, ліцвінаў, татараў, з агульнаеўрапейскай лацінскай мовы, а таксама царкоўнаславянізмы.

Развіццю старабеларускіх моўных асаблівасцяў спрыяла тое, што дзяржаўнай мовай у ВКЛ была “руская”. Літоўцы доўгі час зусім не мелі сваёй пісьменнасці, таму пры ўтварэнні ВКЛ у вядзенні справаводства была проста запазычана мова справаводства “рускіх” княстваў. А паколькі ядро ВКЛ складалі, акрамя літоўцаў, княствы, існаваўшыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі, то ў літаратуру і справаводства праніклі перш за ўсё асаблівасці гаворак мясцовага насельніцтва. Назіраўся ўзаемадапаўняльны працэс: з аднаго боку, мясцовыя дыялекты ляглі ў аснову дзяржаўнай мовы, з другога боку, у ходзе развіцця ВКЛ гэта мова з пашырэннем уплыву розных этнасаў і развіццём мясцовых асаблівасцяў усё больш набывала рысы мовы менавіта старабеларускай народнасці. Адпаведна ў XIV–ХVI стст. усё выразней выяўляліся і асаблівасці мовы Чырвонай Русі, якая нарэшце трансфарміравалася ў стараўкраін­скую. Старабеларусізмы і стараўкраінізмы, у залежнасці ад пахо­джання таго ці іншага пісара, сустракаюцца ў помніках пісьмовасці ВКЛ да XVII ст., пазней ужо назіраецца дыферэнцыяцыя гэтай мовы справаводства на беларускую і ўкраінскую.

На працягу XIV–ХVI стст. на беларускіх землях ішло станаў­ленне і развіццё духоўнай і матэрыяльнай культуры, якая ўсё больш набывала нацыянальныя адметнасці і ператварался ў важны фактар, характарызуючы станаўленне беларускай народнасці. Адметнай рысай тагачаснай культуры быў моцны рэлігійны ўплыў. Да пачатку ХVI ст. сістэма адукацыі на беларускіх землях яшчэ была слаба развіта. Нешматлікія школы дзейнічалі ў асноўным пры цэрквах і манастырах. Але, тым не менш, моладзь магла атрымаць нядрэнную адукацыю, у тым ліку і вышэйшую, у еўрапейскіх навучальных установах. Пранікненне на беларускія землі спачатку каталіцызма, затым рэнесансавага гуманізму і рэфарматарскіх ідэй значна актывізавала літаратурнае жыццё, кнігавыдавецкую справу. Традыцыйна, апрача твораў царкоўна-рэлігійнага зместу, працягва­лася і летапісанне. Але летапісы набылі, па-першае, рэгіянальны характар, па-другое, яны станавіліся больш пашыранымі, беле­трызаваліся, нагадваючы часам свецкія гістарычныя аповесці. Найбольш вядомымі летапісамі былі “Хроніка Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”, “Летапісец вялікіх князёў Літоўскіх”, Беларуска-Літоўскі летапіс 1446 г. Важ­нымі літаратурнымі помнікамі сярэднявяковай Беларусі з’яўляліся разнастайныя дзяржаўныя, юрыдычныя дакументы, у першую чаргу, Метрыка ВКЛ і Статуты ВКЛ. З’явіліся першыя гістарычныя даследаванні, напрыклад “Хроніка Польская, Літоўская, Жамойцкая і ўсея Русі” М. Стрыйкоўскага.

Новым у развіцці літаратуры сталі пераход з пергамента на паперу і пачатак кнігадрукавання ў пачатку XVI ст., што дазволіла павялічыць колькасць выпускаемых кніг і зрабіць іх больш таннымі. Беларуская друкарская і асветніцкая справа звязана з іменем усходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны. Ён нарадзіўся каля 1490 г. у Полацку ў сям’і заможнага купца. Францыск Скарына атрымаў добрую адукацыю: скончыў універсітэты ў Кракаве і Падуі. Яго перадавыя погляды і гумані­стычная накіраванасць былі ўвасоблены ў прадмовах, каментарыях, перакладах з латыні на стараславянскую, вельмі набліжаную да старабеларускай, мову 23 кніг Бібліі, надрукаваных ў 1517–1519 гг. у Празе. Пасля пераезду ў Вільню Ф. Скарына арганізаваў першую ў ВКЛ друкарню, у якой былі выдадзены “ Малая падарожная кніжыца” і “Апостал”. Кнігадрукарства, пачатае Скарынай, хутка пашырылася ў іншых гарадах ВКЛ. У першай палове ХVI ст. былі заснаваны друкарні ў Бярэсці, Нясвіжы, Заблудаве, Полацку, Мінску, Любчы, Слуцку, Пінску, Іўі і інш. У тэкстах Бібліі, Евангелля, надрукаваных ў Бярэсці і Цяпіна, добра прасочваўся ўплыў старабеларускай мовы.

У сярэдзіне ХVI ст. беларуская літаратура развівалася пад моц­ным уплывам рэфарматарскіх ідэй заходнееўрапейскага пратэстан­тызму. У ВКЛ ён праявіўся галоўным чынам у форме кальвінізму. Яго заснавальнік Ж. Кальвін вялікую ўвагу ўдзяляў прадвызна­чанасці лёсу, а крытэрыем богавыбранасці лічыў асабістыя поспехі ў жыцці, у тым ліку, і набыццё багацця сумленным шляхам. Гэта імпаніравала маёмасным колам, таму сацыяльнай апорай кальвінізму у ВКЛ сталі магнаты, частка шляхты. Пратэстантызм у Беларусі не набыў такіх вострасацыяльных формаў, як у некаторых краінах Заходняй Еўропы. У ВКЛ ён выразіўся, галоўным чынам, у асветніцтве, прапагандысцкай дзейнасці, у палемічнай літаратуры.

Сярод дзеячоў беларускай Рэфармацыі значнае месца займаў Сымон Будны. Ён выдаў у Нясвіжскай друкарні на старабеларускай мове “Катэхізіс”, напісаў шэраг філасофска-палемічных трактатаў, самыя значныя з іх – “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”, “Пра свецкую ўладу”. С. Будны заклікаў да сацыяльнай гармоніі, фарміравання справядлівай дзяржаўнасці.

Блізкіх поглядаў прытрымліваўся Васіль Цяпінскі. Яму належыць першы пераклад на старабеларускую мову Евангелля. У прадмове ён заклікаў да захавання і развіцця роднай мовы.

Асаблівасцю развіцця літаратуры ў ВКЛ з’явілася большая разнабаковасць яе форм, перавага свецкага пачатку.

Пачынальнікам свецкай літаратуры у гэты час можна лічыць М. Гусоўскага. Яго пяру належаць 3 паэмы, асноўная з іх – “Песня пра зубра” і 10 вершаў. Гусоўскі таленавіта апісваў мясцовую пры­роду, расказваў пра мінулае, паэтычна ўславіў Вітаўта. Пад уплывам Рэнесанса і Рэфармацыі значна пашырылася палемічная і публіцыстычная літаратура. Шырокую вядомасць атрымалі трактаты А. Волана па маральным праблемам, Міхалона Літвіна па этнічным пытанням, ананімны “Дзённік Люблінскага сейма 1569 г.” і інш.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.