Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






ББК 63.3(4Беи)я7 1 страница






Баландзін, К.І.

Б20 Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветных цывілізацый: вучэбны дапаможнік / К.І. Ба­ландзін, Д.М. Хромчанка; пад рэд. У.А. Бажа­нава. – Мінск: БНТУ, 2013. – 220 с.

ISBN 978-985-550-219-8.

 

У выданні на аснове аналізу гістарычнага матэрыялу, змешчанага ў метадычнай літаратуры, гістарычных даследаваннях, дакументальных крыніцах, у сціслым выглядзе падаецца сістэматызаваная гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён, прасочваюцца характэрныя рысы сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця беларускіх зямель у старажытнасці, у перыяды ўваходжання ў склад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, Рэчы Паспалітай, Расійскай дзяржавы, у савецкі час, на этапе станаўлення самастойнай беларускай дзяржавы.

Для студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ, шырокага кола чытачоў, якія цікавяцца айчыннай гісторыяй.

УДК 94(476)(075.8)

ББК 63.3(4Беи)я7

ISBN 978-985-550-219-8 © Баландзін К.І.,

Хромчанка Д.М., 2013

© Беларускі нацыянальны

тэхнічны ўніверсітэт, 2013


Да чытача

 


Вучэбны дапаможнік прадстаўляе сабой спробу ў сціслым выглядзе выкласці гісторыю Беларусі з элементамі сусветнай гісторыі са старажытных часоў да нашых дзён. Аўтары ставілі перад сабою мэту, з аднаго боку, пазбегнуць спрошчанага падыходу да асвятлення найважнейшых гістарычных падзей, з другога, па магчымасці, не перанасычваць дапаможнік часам другараднымі фактамі, датамі, зрабіць яго больш зразумелым для чытача і ў той жа час прывесці матэрыял у адпаведнасць з Праграмай па гісторыі Беларусі, рэкамендаванай Міністэрствам адукацыі РБ для вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі. Структура вучэбнага дапаможніка грунтуецца галоўным чынам на праблемна-храналагічным метадзе вывучэння гісторыі і разлічана на студэнтаў усіх спецыяльнасцяў, а таксама на тых, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй.

Аўтары спадзяюцца, што матэрыялы кнігі “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветных цывілізацый” дапамогуць студэнтам знайсці адказы на хвалюючыя пытанні, сістэматызаваць атрыманыя раней гістарычныя веды, глыбей пазнаёміцца з асноўнымі падзеямі айчыннай гісторыі.


Тэма 1. Уводзіны ў дысцыпліну “Гісторыя Беларусі

ў кантэксце сусветных цывілізацый”

 

1.1. Прадмет вывучэння гісторыі Беларусі ў кантэксце сусвет­ных цывілізацый. Перыядызацыя гісторыі Беларусі.

1.2. Крыніцы і гістарыяграфія.

 

1.1. Прадмет вывучэння гісторыі Беларусі ў кантэксце

сусветных цывілізацый. Перыядызацыя гісторыі Беларусі

 

Як толькі людзі навучыліся гаварыць, яны пачалі расказваць гісторыі з мінулага. Але гэта былі толькі папулярныя аповеды. Вытокі ж гісторыі як навукі адносяцца да перыяду старажытных цывілізацый. Першыя працы па сістэмнай гісторыі сваіх дзяржаў пачалі ствараць вучоныя, асветнікі Грэцыі (Герадот, Фукідзід), Рыма – (Ціт Лівій, Палібій), Кітая – (Сыма Цянь), Арабскага халіфата – (Аль Біруні) і іншыя. Тады ж вызначыўся і прадмет гісторыі як навукі, якая вывучае працэс развіцця чалавечага грамадства ва ўсёй яго канкрэтнасці і разнастайнасці. Важна зразумець гэтае мінулае з усімі яго супярэчнасцямі і дасягненнямі. У гісторыі, дарэчы, як і сёння, побач стаяць праяўленні духа і баязлівасці, гераізму і здрадніцтва. Разуменне гісторыі – гэта разуменне шмат якіх прычынна-выніковых сувязяў мінулых гадоў і сучаснага жыцця. Яна таксама дае магчымасць прагназіравання будучага на аснове законаў развіцця чалавецтва.

Задачамі гісторыі Беларусі з’яўляецца вывучэнне працэсу развіцця беларускага этнасу, розных бакоў яго жыццядзейнасці, узаемасувязі з іншымі народамі і краінамі. Гэта самастойная інтэгратыўная дысцыпліна, якая займае важнае месца ў сістэме гуманітарных навук. Яна, у сваю чаргу, абапіраецца на такія навукі, як археалогія, этнаграфія, паліталогія, эканамічная тэорыя і іншыя. Кожная з іх таксама пазнае праблемы гісторыі, але праз прызму сваёй спецыфікі, сваімі метадамі, што дазваляе больш глыбока высвеціць свой прадмет. Такім чынам, гісторыя, з аднаго боку, узбагачае іншыя навукі гістарычнымі фактамі і аналізам, з другога, карыстаецца іх методыкай, абагульненнямі для больш поўнага раскрыцця гістарычнага працэсу ва ўсёй яго шматбаковасці.

Кожны народ імкнецца ведаць сваю гісторыю, свае гістарычныя карані. Гэта неабходна, каб адчуваць не толькі сувязь часоў, але і каб выкарыстоўваць гістарычны вопыт, не паўтараць памылак, а браць з мінулага ўрокі, неабходныя для вырашэння сягонняшніх праблем. Гістарычныя веды з’яўляюцца важным фактарам развіцця нацыянальнай самасвядомасці людзей, асновай фарміравання маральна-этычных і патрыятычных асноў грамадства. Увогуле, нельга ўявіць сабе цывілізаванага чалавека, а тым больш, грамадзяніна той ці іншай краіны, які б не ведаў гісторыю сваёй Айчыны. Ва ўсім свеце назіраецца ўстойлівая цікавасць не толькі да мінулага насельнікаў пэўнага рэгіёна, але і імкненне максімальна і беражліва захаваць сваю гістарычную спадчыну – як матэ­рыяльную, так і духоўную. Гэты факт з’яўляецца аксіёмай, па­казчыкам цывілізаванасці. У наш час фактычна ўсюды гістарычнае бяспамяцтва лічыцца вялікай заганай, няпоўнацэннасцю.

Наш народ мае багатую гістарычную спадчыну, але па шэрагу прычын яна яшчэ не поўнасцю адноўлена. У апошнія дзесяцігоддзі цікавасць да гісторыі значна ўзрасла, яна падаецца больш разнастайна, перш за ўсё, праз дзейнасць людзей, гістарычных асоб. Іншымі словамі, яна набыла чалавечы воблік замест гісторыі сацыяльных канфліктаў. Павышаны інтарэс да гісторыі выкліканы аб’ектыўнымі фактарамі. Ідзе пабудова самастойнай дэмакратычнай беларускай дзяржавы. Зразумела, гэта патрабуе больш грунтоўнага вывучэння яе мінулага. Аднаўляюцца гістарычныя помнікі, адгортваюцца новыя старонкі гісторыі, што не можа не вызваць зацікаўленасці. Але ўсё гэта падаецца больш аб’ектыўна, у адрозненне ад, напрыклад, дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, таму і цікавасць стала больш ураўнаважанай, без налёта сэнсацыйнасці.

Для больш сістэмнага і глыбокага знаёмства з гісторыяй Бацькаўшчыны гэты курс уведзены ва ўсіх навучальных установах, ад школ, каледжаў да ВНУ, пры гэтым прадмет вывучаецца ў сувязі з гісторыяй іншых, перш за ўсё, суседніх краін.

Існуе думка, што геаграфічны цэнтр кантынентальнай Еўропы знаходзіцца ў трохкутніку паміж Чэрвенем, Асіповічамі і Клічавам. Але Беларусь не толькі па геаграфічнаму месцазнаходжанню, але і па свайму геапалітычнаму становішчу знаходзіцца ў цэнтры ўвагі іншых дзяржаў, яе гісторыя таксама цесна звязана з іх гісторыяй. З гэтага вынікае, што галоўным метадам у яе вывучэнні становіцца параўнальна-гістарычны метад, хаця выкарыстоўваюцца таксама статыстычны, структурна-функцыянальны і іншыя. Усе яны ўзаемазвязаны паміж сабою, дапаўняюць адзін аднаго і таму выкарыстоўваюцца ў розных спалучэннях. Але, з другога боку, выяўляюцца і метадалагічныя складанасці.

Так склаўся лёс беларускага народа, што менавіта беларуская дзяржаўнасць у сучасным разуменні з дакладна акрэсленымі дзяржаўнымі межамі склалася параўнальна позна. На працягу ж доўгага гістарычнага перыяду беларускія землі на ўмовах большай ці меншай аўтаноміі ўваходзілі ў склад іншых дзяржаўных утварэнняў, напрыклад, вялікага княства Літоўскага, Рэчы Пас­палітай. Такім чынам, існуе небяспека падмены гісторыі Беларусі гісторыяй гэтых дзяржаў. Гэта ж адносіцца і да перыядаў уваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай дзяржавы, ды і СССР. Адсюль вынікае наступнае: гісторыю Беларусі трэба вывучаць у кантэксце з гісторыяй іншых дзяржаў, перш за ўсё, размешчаных па суседстве.

Другая праблема заключаецца ў тым, што з прычыны складанага гістарычнага развіцця этнічныя межы беларускага этнасу не супадаюць з дзяржаўнымі. Напрыклад, вядома, што гістарычны дакумент аб утварэнні БССР быў прыняты ў Смаленску, адсюль можна зрабіць выснову: на той час на беларускай тэрыторыі, а аб уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР – у Беластоку, які таксама лічыўся беларускім горадам. Але цяпер адзін з іх адносіцца да Расіі, другі – да Польшчы. Калі ўзяць пры вызначэнні аб’екта даследавання за аснову этнічныя межы, то трэба мець на ўвазе цяжкасці іх дакладнага вызначэння. Калі ж зыходзіць з дзяржаўных межаў, то яны хаця і дакладна акрэслены, але ў адпаведнасці з палітычнай кан’юнктурай нярэдка мяняліся. У гэтай сітуацыі выйсце бачыцца ў наступным: не забываючы аб прыкладных этнічных межах, усё ж зыходзіць з дзяржаўных межаў, хаця гэта і не выключае нейкую ўмоўнасць пры вывучэнні гісторыі Беларусі.

Задачы па вывучэнні гісторыі Беларусі ў шырокім сэнсе вынікаюць з сацыяльных функцый гісторыі.

Гэта, перш за ўсё, пазнавальная функцыя. Увесь змест курса абавязвае да набыцця ведаў аб мінулым як канкрэтнага рэгіёна, так і іншых краін.

Не менш важнай з’яўляецца выхаваўчая функцыя. Вывучэнне, веданне гісторыі Беларусі дапамагае выпрацаваць грамадзянскую пазіцыю, выхаваць павагу і любоў да свайго края і народа.

Трэцяя функцыя – прагнастычная, або прыкладная. Яна заключаецца ў выяўленні не толькі заканамернасцяў, але і тэндэнцый гістарычнага развіцця, па-першае, каб не паўтараць памылак мінулага або, наадварот, выкарыстаць у практычных мэтах станоўчы вопыт продкаў; па-другое, дазваляе даследаваць не толькі адзін шлях развіцця, але і іншыя, каб выпрацаваць на будучае найбольш аптымальныя.

Усе гэтыя функцыі ўзаемазвязаныя, яны дапаўняюць адна другую.

Гісторыя Беларусі падзяляецца на пэўныя перыяды. Тым не менш, існуе праблема яе перыядызацыі. Яна вынікае, перш за ўсё, з вызначэння крытэрыяў, па якім можна выдзяляць тыя ці іншыя этапы ў развіцці грамадства.

Доўгі час у савецкай гістарычнай навуцы дамініраваў фармацыйны падыход да перыядызацыі гісторыі, які ў цэнтр увагі ставіў прылады працы, вытворчыя адносіны і сацыяльныя канфлікты. Яго абгрунтавалі К. Маркс, Ф. Энгельс і творча пашырыў У.І. Ленін. Сутнасць фармацыйнай канцэпцыі ў тым, што гістарычны працэс вызначаецца развіццём вытворчых сіл. Калі ж яны пачынаюць супрацьстаяць вытворчым адносінам, то пачынаецца змена грамадска-эканамічных фармацый. Згодна з гэтым былі вызначаны наступныя фармацыі, якія адпавядаюць пэўным этапам грамадскага развіцця: першабытнаабшчынны лад, рабаўладальніцкі, феадалізм, капіталізм, сацыялізм і ў перспек­тыве – камунізм. Гэтая канцэпцыя зыходзіць з прынцыпаў адзінага, заканамернага і прагрэсіўнага гістарычнага працэсу, дынаміку развіцця якога вызначае вытворчая сфера. Як бачым, яна адлюстроўвае адналінейны характар гістарычнага развіцця. На самой справе, развіццё асобных краін не такое простае, тут магчыма бачыць і поспехі, і адступленні назад, пры гэтым вызначаецца яно не толькі працай. але і гістарычнымі асобамі, іх паводзінамі, асабліва ў экстрэмальных сітуацыях, духоўнай сферай.

Гісторыкі не адмаўляюцца поўнасцю ад гэтай перыядызацыі, але відавочна, што яна больш адносіцца да ўсеагульнай гісторыі чалавецтва, але не заўсёды яе можна прымяніць у адносінах да гісторыі асобных краін. Так, напрыклад, для Беларусі прабле­матычна развіццё рабаўладальніцкага ладу ў класічным выглядзе, ды і капіталізм не паспеў поўнасцю развіцца.

У многіх краінах свету пры вывучэнні гісторыі прыярытэт аддаецца цывілізацыйнаму падыходу. Гэта адносіцца як да перыядызацыі, так і да зместу дысцыпліны. Што ж такое цывілізацыя? Амерыканскі антраполаг Л. Морган, а затым нямецкі вучоны, тэарэтык класавай барацьбы Ф. Энгельс разглядвалі цывілізацыю як стадыю развіцця чалавечага грамадства, якая наступіла за дзікасцю і варварствам і характарызавалася ўзнікненнем класаў, дзяржавы, прыватнай уласнасці.

Сучасныя вучоныя вызначаюць цывілізацыю як этап у гісторыі чалавецтва, які характарызуецца пэўным узроўнем патрэбаў, здольнасцяў, ведаў чалавека, тэхналагічным і эканамічным спосабамі вытворчасці, сістэмай палітычных і грамадскіх адносін, узроўнем грамадскай свядомасці, культуры. Адпаведна і гісторыя грамадства, згодна з цывілізацыйным падыходам да яе перыядызацыі, можа падзяляцца на гісторыю старажытнага света, сярэднявечча, новага і навейшага часу.

Такім чынам, цывілізацыйны падыход больш разнабаковы, у адрозненне ад фармацыйнага ён у цэнтр увагі ставіць не толькі вытворчасць і вытворчыя адносіны, не толькі выцякаючыя з гэтага сацыяльныя канфлікты, але і самога чалавека, яго ролю ў гісторыі, развіццё палітычных інстытутаў, грамадскай свядомасці, культуру і інш. Ён можа быць ужываемы да гісторыі кожнай краіны або групы краін і арыентуе на пазнанне гісторыі як шматварыянтнага працэса. Згодна з гэтым і падыходы да перыядызацыі больш разнастайныя. Прадстаўнікі цывілізацыйнага падыходу М. Данілеўскі, А. Тойнбі, О. Шпэнглер і іншыя зыходзілі з таго, што няма адзінага гіста­рычнага працэса, а ёсць развіццё асобных цывілізацый, якое носіць цыклічны характар і вызначаецца рэлігійнымі, культурнымі, палітычнымі, грамадска-эканамічнымі і іншымі фактарамі.

Але і цывілізацыйны падыход мае пэўныя недахопы. Адзін з іх заключаецца ў не зусім дакладным вызначэнні тыпаў цывілізацый. Асобныя даследчыкі ў цэнтр увагі ставяць палітычныя праблемы, іншыя – сацыяльна-эканамічныя, культурныя і г.д. Таму і перыядызацыя розная, напрыклад, даіндустрыяльнае, індустры­яльнае і постіндустрыяльнае грамадства і інш.

У пачатку ХХ ст. беларускія гісторыкі Вацлаў Ластоўскі і Усе­валад Ігнатоўскі прапанавалі свой, умоўна кажучы, дзяржаўна-храналагічны падыход да перыядызацыі гісторыі Беларусі. Згодна з ім, былі выдзелены полацкі этап, перыяды ўваходжання Беларусі у склад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, Рэчы Паспалітай, Расійскай дзяржавы. Лагічна прадаўжаючы гэтую перыядызацыю, магчыма вызначыць таксама савецкі этап, а таксама перыяд станаўлення самастойнай беларускай дзяржаўнасці.

Гэта перыядызацыя і пакладзена ў аснову вузаўскага курса гісторыі Беларусі, але з улікам фармацыйнага і цывілізацыйнага падыходаў. Пры гэтым увага ўдзяляецца не толькі эканамічнай або палітычнай гісторыі нашай краіны, але і пытанням развіцця самасвядомасці, духоўнага жыцця нашых продкаў, ролі асоб у гістарычным працэсе і г.д.

 

1.2. Крыніцы і гістарыяграфія

 

Існуе думка, што гісторыя – гэта не навука, а хутчэй “палітыка, звернутая ў мінулае”. Сапраўды, ці могуць нашы веды аб мінулым быць аб’ектыўнымі і дакладнымі? Вядома, на ацэнку тых ці іншых гістарычных падзей значны ўплыў можа аказаць грамадзянская або палітычная пазіцыя даследчыка, нават сацыяльны заказ улад. У гэтым плане трэба прыгадаць так званую канцэпцыю амерыканскай інтэлектуальнай гісторыі, прыхільнікі якой лічаць, што гісторыя павінна займацца не рэканструкцыяй мінулага, а абслугоўваць сацыяльны заказ, які ставіць сучаснасць. Гэты рэлятывісцкі падыход значна ўплывае на выкладанне гісторыі ў амерыканскіх навучальных установах, якая падаецца пераважна як прапаганда амерыканскага ладу жыцця.

Тым не менш, як супрацьлегласць гэтаму, паспяхова разгортваецца другі накірунак у вывучэнні і выкладанні гісторыі – аб’ектывісцкі. Яго прытрымліваюцца і беларускія гісторыкі. Зразумела, рэалізаваць яго таксама няпроста, паколькі кожны чалавек мае свае погляды. Таму тут важна абапірацца непасрэдна на дакументы.

Аб’ектыўныя звесткі нам даюць гістарычныя крыніцы. Іх можна ўмоўна класіфікаваць наступным чынам: археалагічныя, этнагра­фічныя, кіна-фото-фона-аўдыёдакументы, лінгвістычныя, вусныя.

Археалагічныя крыніцы дазваляюць заглянуць у глыбіню вякоў, калі яшчэ не было пісьменнасці. Каштоўнасць іх таксама ў тым, што яны пастаянна абнаўляюцца, праводзяцца раскопкі, выяўляюцца новыя знаходкі. Недахопам жа з’яўляецца недакладнасць. На аснове археалагічных пошукаў мы не можам з дакладнасцю вызначыць, калі адбыліся тыя ці іншыя падзеі, вызначыць імёны ўдзельнікаў падзей і г.д.

Этнаграфічныя крыніцы, гэта значыць, прадметы побыта, адзенне дазваляюць бліжэй пазнаёміцца з жыццём, гаспадарчай дзейнасцю, культурай нашых продкаў. Але яны таксама нясуць абмежаваную інфармацыю, паколькі раскрываюць у асноўным толькі бытавы бок жыцця людзей.

Спецыфічную групу крыніц прадстаўляюць кіна-фота-фона-аўдыёдакументы. Яны даносяць да нас вобразы, галасы ўдзельнікаў падзей, тварцоў гісторыі, адлюстроўваюць імгненні гэтай гісторыі.

Асобнае месца займаюць пісьмовыя крыніцы. Гэта найбольш грунтоўная па зместу група дакументаў, якая дазваляе выявіць не толькі падзеі мінулага, але і іх удзельнікаў, вызначыць больш дакладна храналогію гэтых падзей. Гэта заканадаўчыя акты, статыстычныя матэрыялы, летапісы і хронікі, мемуары, літаратурныя і публіцыстычныя творы, матэрыялы перыядычнага друку. Найбольшую каштоўнасць для даследчыка маюць летапісы. Адной з найбольш старажытных крыніц з’яўляецца “Аповесць мінулых гадоў”, у якой змешчаны першыя згадкі аб плямёнах, жыўшых на тэрыторыі сучаснай Беларусі, гістарычных асобах і падзеях Х–XII стст., каштоўныя звесткі мы таксама знаходзім у Лаўрэнцьеўскім, Іпацьеўскім, Радзівілаўскім летапісах і асабліва ў рэгіянальных летапісах, такіх, як «Хроніка Вялікага княства Літоўскага, і Жамойцкага», «Летапісец вялікіх князёў Літоўскіх» і ў цэлым Беларуска-Літоўскі летапіс 1446 г., «Хроніка Быхаўца», Баркулабаўскі летапіс XVI–XVII ст., які мае пэўныя рысы і дзённіка. У іх змешчаны дадзеныя аб княжацкіх дынастыях, палітычных падзеях, якія адбываліся ў межах Вялікага княства Літоўскага, гаспадарцы ў асобных рэгіёнах. Шэраг матэрыялаў аб сярэднявечнай Беларусі даюць нямецкія і польскія хронікі. У форме летапісаў напісаны гістарычныя працы Я. Длугаша, М. Бельскага, М. Стрыйкоўскага і іншых храністаў XV–XVI стст.

Заканадаўчыя акты старажытнасці прадстаўлены перш за ўсё статутамі, прывілеямі князёў. Матэрыялы справаводства змешчаны ў Метрыцы Вялікага княства Літоўскага – дзяржаўным архіве Вялікага княства Літоўскага.

Пазней, у XVIII–XX стст. з’явіліся шматлікія юрыдычныя да­кументы судовых устаноў, іншая дзяржаўная дакументацыя.

Са статыстычных матэрыялаў асаблівую цікавасць прадстаўляюць інвентары маёнткаў і розныя гаспадарчыя апісанні ХVI–ХХ стст., статыстычныя зборнікі і інш. Важнымі крыніцамі з’яўляюцца перапісы насельніцтва, якія пачалі праводзіцца з XIX ст.

З XVI ст. вядома мемуарная літаратура. Гэта нататкі іншаземцаў, якія наведвалі Беларусь, дзённікі, напрыклад, “Гістарычныя запіскі” XVI ст. Ф. Еўлашоўскага, “Дыярыуш” XVII ст. А. Філіповіча. Успаміны, дзённікі палітычных, культурных дзеячоў XIX–XX стст. раскрываюць шырокі спектр падзей таго часу.

Шматлікую групу крыніц складаюць літаратурныя мастацкія, публіцыстычныя творы, пачынаючы з “Слоў” Кірылы Тураўскага, апісання жыццяў святых, напрыклад, Ефрасінні Полацкай, твораў Ф. Скарыны, С. Буднага, С. Полацкага і заканчваючы творамі паэтаў і празаікаў XX – пачатку XXI стст. Пазней важнае значэнне набыў перыядычны друк.

Пачынаючы з XIX ст., з’яўляюцца абагульняючыя працы і публікацыі зборнікаў дакументаў па гісторыі Беларусі. Найбольш важнымі з іх з’яўляюцца шматтомныя выданні Пецярбургскай і Віленскай археаграфічных камісій, якія былі выдадзены ў XIX – пачатку XX стст. Адным з першых зрабіў спробу сістэматызаваць звесткі аб Беларусі В. Турчыновіч, які ў сярэдзіне XIX ст. падрыхтаваў даследаванне “Агляд гісторыі Беларусі са старажытнейшых часоў”. Значны ўклад у развіццё гістарычнага краязнаўства Беларусі ўнеслі браты Я. і К. Тышкевічы. Яны даследавалі курганы, з’явіліся пачынальнікамі музейнай справы, пісалі навуковыя працы па краязнаўству. Важнае значэнне для вывучэння гісторыі Беларусі маюць працы краязнаўцаў XIX – пачатку XX стст. П. Шпілеўскага, А. Кіркора, І. Грыгаровіча, П. Баброўскага, Е. Раманава, Я. Карскага, І. Насовіча, М. Нікіфа­роўскага і іншых. Яны зыходзілі з прызнання самастойнага беларускага этнасу, яго самабытнасці, багатай гістарычнай спадчыны. Вучоны і грамадскі дзеяч А. Кіркор напісаў асобны том, прысвечаны Беларусі, у шматтомным выданні “Живописная Россия”. І. Грыгаровіч сабраў матэрыялы для некалькіх тамоў зборнікаў дакументаў па гісторыі Беларусі. Пісьменнік-этнограф П. Шпілеўскі займаўся вывучэннем беларускага фальклора, напісаў кнігу “Падарожжа па Палессю і Беларускаму краю”. Вывучэннем народнага фальклору займаліся таксама П. Шэйн, Е. Раманаў, І. Насовіч. Е. Раманаў падрыхтаваў пяць тамоў “Беларускага зборніка”, дзе змешчаны казкі, прымаўкі, песні беларусаў. Я. Карскі вядомы сваёй трохтомнай працай “Беларусы”. Першым сістэмным дапаможнікам па вывучэнню гісторыі краю стала “Кароткая гісторыя Беларусі” В. Ластоўскага, якая была выдадзена ў 1910 г. у Вільні.

У савецкі час таксама былі надрукаваны шматлікія зборнікі дакументаў, сярод іх двухтомная гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах (1936, 1940 гг.), зборнікі дакументаў па гісторыі Беларусі перыяду феадалізму, капіталізму, савецкага часу, партызанскаму і падпольнаму руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, выдадзеныя у другой палове ХХ ст.

У гэты перыяд з’явіліся сотні навуковых прац па гісторыі Беларусі, пачалі выдавацца падручнікі і іншыя сістэмныя даследаванні.

Важнымі падзеямі ў гістарыяграфіі Беларусі сталі працы У. Ігнатоўскага “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі” і М. Доўнар-Запольскага “Гісторыя Беларусі”, падрыхтаваныя ў 1920-я гг., выдадзеныя таксама ў 1990-я гг., даследаванні беларускіх гісторыкаў 1920–1930-х гг. К. Кернажыцкага, У. Пічэты, В. Шчарбакова, А. Цвікевіча, Ф. Турука і іншых. У 20– 30-я гг. ХХ ст. было выдадзена каля 250 прац па гісторыі Беларусі. Хаця ў іх нярэдка адчувалася ідэалагізацыя і палітызацыя, нягледзячы на тое, што рад вучоных быў рэпрэсіраваны, у цэлым жа менавіта на гэты час выпадае складванне і значнае развіццё беларускай гістарычнай навукі.

У пасляваенны час значная ўвага беларускіх даследчыкаў была адведзена савецкаму перыяду гісторыі Беларусі, вывучэнню падзей, звязаных з Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыяй, рэвалюцыйным рухам на Беларусі, Вялікай Айчыннай вайной, хаця ў той жа час шмат прац было прысвечана і іншым праблемам і перыядам беларускай гісторыі. Паглыбленню і пашырэнню ведаў і даследаванняў па айчыннай гісторыі садзейнічала і дэмакратызацыя савецкага грамадства, якая пачалася з другой паловы 1950-х гг. Можна назваць сотні імён беларускіх гісторыкаў, шырока вядомых не толькі ў сваёй краіне, але і далёка за яе межамі. Гэта Э.М. Загарульскі, І.М. Ігнаценка, А.П. Ігнаценка, Н.В. Каменская, А.П. П’янкоў, А.І. Залескі, Э.Р. Ёфэ, З.Ю. Капыскі, П.Ф. Лысенка, Я.Н. Мараш, В.П. Панюціч, П.Ц. Петрыкаў, С.М. Самбук, М.С. Сташкевіч, В.М. Фамін, Г.В. Штыхаў і іншыя.

У 1960–1980-я гг. апублікаваны абагульняючыя фундаменталь­ныя працы: чатырохтомная «История рабочего класса Белорусской ССР», пяцітомная “Гісторыя Беларускай ССР”, але ў іх большая частка матэрыялаў тычылася менавіта савецкага перыяду беларускай гісторыі.

Значны штуршок для павышэння цікавасці да гісторыі Беларусі і, як вынік, павялічвання колькасці публікацый даў пераход рэспублікі да самастойнай дзяржаўнасці і новае асмысленне гісторыі Бацькаўшчыны. У 90-я годы ХХ ст. і ў пачатку XXI ст. з’явілася вялікая колькасць публіцыстычных матэрыялаў, артыкулаў у перыядычным друку, матэрыялаў шматлікіх навуковых канферэнцый. Характэрна, што беларускія даследчыкі сталі больш увагі ўдзяляць больш старажытным перыядам гісторыі Беларусі. Гэтыя праблемы даследаваны ў працах Г.М. Сагановіча, А. Цітова, А. Краўцэвіча, М. Ермаловіча і інш. Але яны таксама не былі пазбаўлены элементаў суб’ектывізму, гэтак жа, як і ў радзе прац навукова-публіцыстычнага характару, якія выйшлі ў

1990- я гг., некаторыя падзеі і з'явы пададзены некалькі спрошчана, а часам з адценкам ідэалагізацыі, недастаткова навукова абгрунтаваны выкладанне гістарычных фактаў, дейнасць гістарычных асоб.

З цягам часу, у пачатку XXI ст., гістарычныя даследаванні становяцца больш дэталёвымі, ацэнкі больш узважанымі, палажэнні і вывады больш абгрунтаванымі. Адпаведна ў гістарычнай навуцы з’яўляецца цэлы шэраг новых імён беларускіх гісторыкаў. У бібліяграфічным даведніку “Гісторыкі Беларусі ў пачатку XXI ст.”, выдадзеным у 2007 г., змешчаны даныя на 457 вучоных, якія ўнеслі свой уклад у гістарычную навуку. Сярод іх такія вядомыя навукоўцы, як П.І. Брыгадзін, Г.Я. Галенчанка, А.А. Каваленя, Я.К. Новік, П.Г. Чыгрынаў, І.А. Саракавік, М.П. Касцюк і іншыя.

Сведчаннем істотных змен у гістарычнай навуцы з’явіліся новыя перыядычныя выданні – гістарычныя часопісы, такія, як “Бела­руская мінуўшчына”, “Спадчына”, “Беларускі гістарычны часопіс” і іншыя. Пачынаючы з 1994 г., выходзіць серыя падручнікаў па гісторыі Беларусі новага пакалення. Цяпер іх назваў налічваецца некалькі дзесяткаў. Яны выдаюцца як на беларускай, так і на рускай мовах. Сярод іх можна вызначыць выданні па гісторыі Беларусі у дзвюх частках пад рэдакцыяй Я. К. Новіка і Г. С. Марцуля (1998 г.), “Очерки истории Беларуси” П. Г. Чыгрынава і іншыя. Асаблівую цікавасць для нас прадстаўляюць падручнікі па гісторыі Беларусі, выдадзеныя ў апошнія гады. Іх аўтарамі з’яўляюцца І. А. Саракавік, А.І. Котаў, П. І. Брыгадзін і інш.

Каштоўнымі крыніцамі з’яўляюцца 6-томная энцыклапедыя па гісторыі Беларусі, якая выдадзена ў 1993–2003 гг., 6-томнае вы­данне гісторыі Беларусі, якое друкавалася з 2000 г. і завершана до 2010 г., 18-томнае энцыклапедычнае выданне.


Тэма 2. Цывілізацыйная спадчына

старажытнага свету і Беларусь

 

2.1. Засяленне тэрыторыі Беларусі, заняткі старажытных на­сельнікаў, іх грамадскія адносіны.

2.2. Рассяленне індаеўрапейцаў. Славянскі этап засялення Бе­ларусі.

 

2.1. Засяленне тэрыторыі Беларусі, заняткі старажытных

насельнікаў, іх грамадскія адносіны

 

Чалавек з’явіўся на Зямлі прыкладна каля 2 мільёнаў гадоў назад у Афрыцы. Існуе некалькі гіпотэз па пытанню яго паходжання: ад біблейскай міфалогіі або мутацыі асобных відаў малпаў у выніку рэзкага павышэння ўзроўню радыяцыі да эвалюцыйнай тэорыі Ч. Дарвіна і уфалагічнай канцэпцыі. Прыкладна мільён – 600 тысяч гадоў назад людзі пачалі рассяляцца на еўрапейскім кантыненце і каля 100–40 тысяч гадоў, у перыяд сярэдняга палеаліта, яны з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Аб гэтым сведчаць находкі каменных прылад працы каля вёсак Абідавічы Быхаўскага раёна і Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Можна дапусціць больш ранняе засяленне чалавекам гэтай мясцовасці, але ўсе магчымыя сляды знішчаны ледавікамі. Вядомы тры найбольш буйныя абледзяненні, якія закранулі рэгіён сучаснай Беларусі: Бярэзінскае (500–350 тыс. гадоў да нашай эры), Дняпроўскае (300–110 тыс. гадоў да нашай эры), Валдайскае (90–83 тыс. гадоў да нашай эры).

Першыя насельнікі былі неандэртальцамі. Галоўнымі іх заняткамі былі паляванне і збіральніцтва. У гэты час людзі ўжо маглі здабываць агонь, рабіць каменныя прылады працы. Жылі яны мацярынска-родавымі абшчынамі. У пачатку верхняга палеаліта (40–10 тыс. гадоў да нашай эры), калі ўжо адступілі ледавікі і палепшыліся ўмовы жыцця, на змену неандэртальцам прыйшлі людзі сучаснага тыпу – краманьёнцы. Яны ўжо выраблялі больш складаныя прылады працы. Гэтым часам датуюцца першыя стаянкі чалавека, знойдзеныя каля вёскі Юравічы Калінкавіцкага і каля вёскі Бердыж Чачэрскага раёна на Гомельшчыне.

У перыяд сярэднекаменнага веку – мезаліта (прыкладна 9–5 тыс. гадоў да нашай эры) пачалося больш масавае засяленне тэрыторыі Беларусі. Людзі асвоілі больш дасканалыя спосабы апрацоўкі крэмню: рэтушыраванне вострых краёў, вырабы з дапамогай мікралітаў, гэта значыць, невялікіх вострых асколкаў камней, складаныя прылады працы. Былі вынайдзены лук і стрэлы, што зрабіла больш эфектыўным паляванне на звяроў, човен і рыбалоўныя сеткі. Родавыя абшчыны аб’ядноўваліся ў больш буйныя тэрытарыяльныя ўтварэнні – плямёны. Археалагічныя раскопкі дазваляюць ужо вызначыць некаторыя асаблівасці розных рэгіёнаў, або археалагічныя культуры гэтага часу. Гэта плямёны грэнскай і днепра-дзіснянскай археалагічных культур на ўсходзе і паўднёвым усходзе Беларусі, свідэрскай, затым нёманскай на захадзе. Яны адрозніваюцца, галоўным чынам, формай наканечнікаў стрэл.

На заключным этапе каменнага века – неаліце (5–3 тыс. гадоў да нашай эры) у найбольш спрыяльных для жыцця чалавека рэгіёнах, Егіпце і Месапатаміі, некалькі пазней, у Індыі і Кітаі людзі ўжо стварылі першыя цывілізацыі, галоўнымі прыкметамі якіх былі з’яўленне дзяржаўнасці, пісьмовасці, каменнага будаўніцтва, развітай рэлігіі і міфалогіі.

Неалітычнае грамадства Еўропы знаходзілася на больш нізкай ступені свайго развіцця. Яно не стварыла цывілізацыі. Але, тым не менш, назіраецца значны прагрэс у развіцці вытворчых сіл і вытворчых адносін, які затым атрымаў назву “неалітычная рэвалюцыя”. Ён заключаецца, перш за ўсё, у развіцці земляробства і жывёлагадоўлі, прадзення і ткацтва, вытворчасці керамікі, больш дасканалай апрацоўцы крэмню шляхам шліфоўкі і свідравання, зараджэнні рамяства і прымітыўнага гандлю. Яркім прыкладам апошняга з’яўляюцца неалітычныя шахты каля пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна, дзе здабываўся крэмень. Побач былі адкрыты майстэрні па апрацоўцы крэмню, аб’ёмы вытворчасці якіх значна перавышалі патрэбы мясцовых плямён. Гэтыя шахты глыбінёй да 2–3 метраў, якіх налічвалася некалькі дзесяткаў, і майстэрні функцыяніравалі каля тысячы гадоў.

На змену прысвойваючай гаспадаркі, калі асноўнай крыніцай забяспячэння жыццяздольнасці насельніцтва было выкарыстанне гатовых дароў прыроды шляхам збіральніцтва, палявання на звяроў і лоўлі рыбы, у перыяд неаліту прыходзіць вытворчая гаспадарка. Людзі сталі вясці больш аседлы вобраз жыцця. Яны ахатнілі жывёл: коней, свіней, птушку, распрацоўвалі палі, сеялі жыта і іншыя сельскагаспадарчыя культуры, навучыліся ткаць і вырабляць з тканін адзенне. У перыяд неаліта на тэрыторыі Беларусі ўжо вызначана больш за 600 стаянак першабытных людзей, галоўным чынам, у басейнах рэк Прыпяць, Сож, Нёман. Па форме посуду (вострадонныя, кругладонныя), арнаменту археолагі вызначаюць наступныя культуры гэтага перыяду: нёманскую на захадзе, днепра-данецкую на поўдні, верхнедняпроўскую на ўсходзе і днепра-дзвінскую на поўначы. Даныя антрапалогіі, гідранімікі (стара­жытныя назвы рэк і азёр) дазваляюць зрабіць вывад, што прыкладна з V тысячагоддзя да нашай эры на паўночным усходзе сучаснай Беларусі пражывалі фіна-ўгорскія плямёны. Этнічную прыналежнасць насельніцтва іншых рэгіёнаў вызначыць да гэтага часу пакуль што немагчыма.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.