Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Паўната хрысціянскай веры






15. «Абрагам […] рады быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся» (Ян 8, 56). Згодна з гэтымі словамі Езуса, вера Абрагама была скіравана да Яго, была ў пэўным сэнсе падрыхтоўкай, каб бачыць Яго таямніцы. Так разумее гэта св. Аўгустын, калі сцвярджае, што Патрыярхі былі збаўленыя ў веры, не ў веры ў Хрыста, які ўжо прыйшоў, але ў веры ў Хрыста, які павінен прыйсці, у веры, скіраванай да будучага, якое звязана з Езусам13. Хрысціянская вера сканцэнтравана на Хрысце, з’яўляецца вызнаннем, што Езус ёсць Панам і што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых (пар. Рым 10, 9). Усе фрагменты са Старога Запавету сыходзяцца ў Хрысце, Ён становіцца канчатковым «так» для ўсіх абяцанняў, фундаментам нашага канчатковага «Амэн», сказанага Богу (пар. 2 Кар 1, 20). Гісторыя Езуса – гэта поўнае аб’яўленне верагоднасці Бога. Калі Ізраэль успамінаў вялікія справы Божай любові, якія былі цэнтрам яго вызнання i адкрывалі зрок яго веры, сённяшняе жыццё Езуса з’яўляецца нібы месцам канчатковай інтэрвенцыі Бога, найвышэйшым праяўленнем Яго любові да нас. У Езусе Бог не скіроўвае да нас дадатковае слова, сярод многіх іншых, але сваё спрадвечнае Слова (пар. Гбр 1, 1-2). Бог не мог даць нам большай гарантыі, каб нас пераканаць наконт сваёй любові, як нагадвае нам св. Павел (пар. Рым 8, 31-39). Такім чынам хрысціянская вера з’яўляецца верай у поўную Любоў, у яе плённую моц, у яе здольнасць перамяняць свет i тлумачыць час: «І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог» (1 Ян 4, 16). У Божай любові, аб’яўленай у Езусе, вера заўважае фундамент, на якім абапіраецца рэчаіснасць i яе канчатковае прызначэнне.

 

16. Найбольшым доказам верагоднасці любові Хрыста з’яўляецца Яго смерць за чалавека. Калі ахвяраванне жыцця за сяброў з’яўляецца найвышэйшым доказам любові (пар. Ян 15, 13), то Езус ахвяраваў сваё жыццё за ўсіх, таксама за тых, хто быў ворагам, каб такім чынам перамяніць сэрцы. Вось чаму Евангелісты гадзіну Крыжа лічылі кульмінацыйным момантам позірку веры: у гэтай гадзіне яснее бляск велічы i глыбіні Божай любові. Св. Ян змясціў тут сваё ўрачыстае сведчанне, калі разам з Маці Езуса глядзіць на таго, каго прабілі (пар. Ян 19, 37): «А той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. І ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі» (Ян 19, 35). У сваім творы «Ідыёт»Ф. M. Дастаеўскі ўкладвае ў вусны героя, князя Мышкіна, які глядзіць на вобраз мёртвага Хрыста ў гробе, карціну Ганса Гольбейна Малодшага, наступныя словы: «З прычыны гэтага вобраза хтосьці мог бы страціць веру»14. Бо карціна паказвае вельмі брутальна знішчальныя вынікі дзеяння смерці на целе Хрыста. Але менавіта праз сузіранне смерці Езуса ўмацоўваецца вера, атрымліваючы яркае святло, калі яна прадстае як вера ў Яго непарушную любоў да нас, здольную ўвайсці ў смерць, каб нас збавіць. Магчыма верыць у гэтую любоў, якая не ўхіляецца ад смерці, каб паказаць, як моцна мяне любіць; яе бязмежнасць перамагае ўсялякія падазрэнні i дазваляе нам у поўні даверыцца Хрысту.

 

17. Вось жа, смерць Хрыста адкрывае поўную сапраўднасць Божай любові, калі глядзім на яе ў святле Яго ўваскрасення. Уваскрослы Хрыстус з’яўляецца верагодным сведкам (пар. Ап 1, 5; Гбр 2, 17), моцнай падтрымкай для нашай веры. «А калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная» – сцвярджае св. Павел (1 Кар 15, 17). Калі б любоў Айца не ўчыніла таго, што Езус паўстаў з мёртвых, калі б не змагла вярнуць жыццё Яго целу, не была б у поўні сапраўднай любоўю, здольнай асвятліць таксама цемру смерці. Калі св. Павел кажа пра сваё новае жыццё ў Хрысце, мае на ўвазе веру «ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне» (Гал 2, 20). Без сумнення гэтая вера ў Божага Сына ёсць вераю Апостала Народаў у Езуса, але прадугледжвае таксама сапраўднасць Езуса, яна мае сваю падставу ў Яго любові аж да смерці, а таксама ў Яго быцці Сынам Божым. Менавіта таму, што Езус з’яўляецца Сынам, што цалкам укаранёны ў Айцу, Ён мог перамагчы смерць і дазволіць заяснець паўнаце жыцця. Наша культура страціла здольнасць заўважаць канкрэтную прысутнасць Бога, Яго дзеянне ў свеце. Мы думаем, што Бог знаходзіцца дзесьці далёка, на іншым узроўні рэчаіснасці, аддзелены ад нашых канкрэтных адносін. Калі б так было, калі б Бог не быў здольны дзейнічаць у свеце, Яго любоў не была б сапраўды магутнай, сапраўды рэальнай, a значыць не была б нават сапраўднай любоўю, здольнай гарантаваць тое шчасце, якое абяцае. Тады было б абсалютна ўсё роўна, ці вераць у Яго, ці не вераць. Аднак жа хрысціяне вызнаюць канкрэтную і магутную любоў Бога, які сапраўды дзейнічае ў гісторыі і вырашае яе канчатковы лёс. Гэтую любоў можна сустрэць, яна ў поўні аб’явілася праз муку, смерць і ўваскрасенне Хрыста.

 

18. Паўната, да якой Езус прыводзіць веру, мае яшчэ адзін вырашальны аспект. У веры Хрыстус не з’яўляецца толькі тым, у каго мы верым, найвышэйшым аб’яўленнем Божай любові, але таксама тым, з кім мы яднаемся, каб верыць. Вера не толькі глядзіць на Езуса, але глядзіць з пункту гледжання Езуса, Яго вачыма: з’яўляецца ўдзелам у Яго спосабе глядзець. У многіх сферах жыцця мы давяраем іншым асобам, якія лепш за нас ведаюць справу. Давяраем архітэктару, які будуе наш дом, фармацэўту, які дае нам лекі дзеля нашага выздараўлення, адвакату, які абараняе нас у судзе. Мы таксама патрабуем кагосьці, хто быў бы надзейным экспертам у справах Бога. Езус, Яго Сын, ёсць тым, хто вучыць аб Богу (пар. Ян 1, 18). Жыццё Хрыста, Яго спосаб пазнання Айца, абсалютнае жыццё ў адносінах з Ім, адкрывае перад жыццём чалавека новую прастору, i мы можам у яе ўвайсці. Св. Ян выразіў важнасць асабістых адносін з Езусам для нашай веры, карыстаючыся па-рознаму дзеясловам верыць. Акрамя «веры ў тое, што» праўдай ёсць тое, што кажа Езус (пар. Ян 14, 10; 20, 31), Ян выкарыстоўвае таксама выразы: «верыць» Езусу, а таксама «верыць у» Езуса. «Верым» Езусу, калі прымаем Яго слова, Яго сведчанне, бо Ён праўдзівы (пар. Ян 6, 30). «Верым у» Езуса, калі асабіста Яго прымаем у нашым жыцці, калі далучаемся да Яго ў любові, а таксама калі крочым за Ім на нашым шляху (пар. Ян 2, 11; 6, 47; 12, 44).

Каб мы змаглі пазнаць Яго, прыняць і наследаваць, Сын Божы прыняў нашае цела і праз гэта глядзеў на Айца таксама як чалавек, вандруючы i жывучы ў часе. Хрысціянская вера – гэта вера ва Уцелаўлёнае Слова, а таксама ў Яго ўваскрасенне ў целе; гэта вера ў Бога, які наблізіўся да нас настолькі, што ўвайшоў у нашую гісторыю. Вера ў Божага Сына, які стаў чалавекам у Езусе з Назарэта, не аддаляе нас ад рэчаіснасці, але дазваляе нам зразумець яе глыбінную сутнасць, адкрыць, наколькі Бог любіць гэты свет i надалей накіроўвае яго да сябе; у выніку хрысціянін штораз больш удзельнічае і мацней перажывае сваю вандроўку на зямлі.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.