Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Вера як слуханне і бачанне






29. Зважаючы на тое, што пазнанне веры звязана з Запаветам з верным Богам, які робіць больш цеснай повязь любові з чалавекам і скіроўвае да яго Слова, Біблія прадстаўляе яго як слуханне; асацыіруе яго з пачуццём слыху. Св. Павел выкарыстаў формулу, якая стала класічнай: fides ex auditu – «вера – ад пачутага» (Рым 10, 17). Пазнанне, звязанае са словам, заўсёды з’яўляецца асабістым пазнаннем, якое распазнае голас, якое дабравольна адкрываецца на яго i паслухмяна ідзе за ім. Таму св. Павел кажа пра «паслухмянасць веры» (пар. Рым 1, 5; 16, 26)23. Больш за тое, вера – гэта пазнанне, звязанае з хадою часу, якога патрабуе слова, каб быць выказаным: гэта пазнанне, якому вучымся толькі на шляху наследавання. Слуханне дапамагае добра паказаць сувязь паміж пазнаннем і любоўю.

Калі гаварыць пра пазнанне праўды, то слуханне супрацьпастаўляецца часам бачанню, уласціваму быццам бы для грэцкай культуры. Калі з аднаго боку святло дапамагае сузіраць цэласнасць, да якой чалавек заўсёды імкнуўся, то з другога боку, гэта быццам бы не пакідае месца для свабоды, бо зыходзіць з неба і даходзіць непасрэдна да вока, не патрабуючы, каб вока адказвала. Больш за тое, святло быццам бы схіляе да статычнага сузірання, без аднясення да канкрэтнага часу, у якім чалавек цешыцца і церпіць. Паводле гэтай канцэпцыі, біблійны падыход да пазнання як бы супрацьпастаўляецца грэцкаму падыходу, які ў пошуку абсалютнага разумення рэчаіснасці звязаў пазнанне з бачаннем.

Аднак жа ясна, што гэтая ўяўная апазіцыя не адпавядае біблійным фактам. Стары Запавет лучыў абодва віды пазнання, бо слуханне Божага слова звязана з жаданнем сузіраць аблічча Бога. Такім чынам стаў магчымым дыялог з эліністычнай культурай, дыялог, які належыць да істоты Святога Пісання. Слуханне ўказвае на асабістае пакліканне i паслухмянасць, a таксама на факт, што праўда аб’яўляецца ў часе; позірк дае магчымасць поўнасцю ўбачыць усю дарогу і дазваляе ўключыцца ў вялікі Божы план; без гэтага бачання мы мелі б толькі асобныя фрагменты невядомага цэлага.

 

30. Сувязь паміж бачаннем і слуханнем як прыладамі пазнання веры вельмі выразна бачная ў Евангеллі св. Яна. У чацвёртым Евангеллі верыць значыць слухаць і адначасова бачыць. Слуханне ў веры адбываецца згодна з формай пазнання, уласцівай любові: гэта слуханне асобы, якое адрознівае і распазнае голас Добрага Пастыра (пар. Ян 10, 3-5); гэта слуханне, якое загадвае наследаваць, як у выпадку першых вучняў, якія «пачулі … і пайшлі за Езусам» (Ян 1, 37). З другога боку, вера звязана з бачаннем. Часам бачанне знакаў, якія здзяйсняў Езус, апярэджвае веру, як у выпадку габрэяў, якія пасля ўваскрашэння Лазара, «… бачылі, што ўчыніў Езус, і паверылі ў Яго» (Ян 11, 45). У іншых выпадках менавіта вера вядзе да больш глыбокага бачання: «… Калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?» (Ян 11, 40). Урэшце, вера і бачанне пераплятаюцца: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, а ў таго, хто паслаў Мяне. І хто бачыць Мяне, бачыць таго, хто паслаў Мяне» (Ян 12, 44-45). Дзякуючы гэтай лучнасці са слуханнем, бачанне становіцца следаваннем за Хрыстом, а вера становіцца дарогай бачання, на якой вочы прызвычайваюцца ўглядацца ўглыб. Такім чынам, у велікодны ранак, ад Яна, які, калі было яшчэ цёмна, перад пустым гробам «убачыў і паверыў» (Ян 20, 8), пераходзім да позірку Марыі Магдалены, якая ўжо бачыць Езуса (пар. Ян 20, 14) i хоча Яго затрымаць, але Езус заахвочвае яе сузіраць Яго на Ягоным шляху да Айца, аж да поўнага вызнання самой Магдалены перад вучнямі: «бачыла Пана» (Ян 20, 18).

Як можна дасягнуць гэтай еднасці слухання і бачання? Гэта магчыма тады, калі за пункт выйсця бяром канкрэтную асобу Езуса, якога бачым i слухаем. Ён – Слова, якое сталася целам, хвалу якога мы бачылі (пар. Ян 1, 14). Святло веры – гэта святло Аблічча, у якім мы бачым Айца. Праўда, якую разумее вера, у чацвёртым Евангеллі з’яўляецца аб’яўленнем Айца ў Сыне, у Яго целе, а таксама ў Яго зямных чынах; гэтую праўду можна акрэсліць як «яснеючае жыццё» Езуса24. Гэта азначае, што пазнанне веры не заахвочвае нас да бачання чыста ўнутранай праўды. Праўда, якую перад намі адкрывае вера, з’яўляецца праўдай, сканцэнтраванай на сустрэчы з Хрыстом, на сузіранні Яго жыцця, на заўважанні Яго прысутнасці. У гэтым сэнсе св. Тамаш з Аквіну кажа пра oculata fides Апосталаў – пра веру, якая бачыць! – перад Уваскрослым, якога бачаць у целе25. Убачылі ўваскрослага Езуса на ўласныя вочы і паверылі, гэта значыць змаглі пранікнуць углыб таго, што бачылі, каб вызнаць Божага Сына, які сядзіць праваруч Айца.

 

31. Толькі так, праз Уцелаўленне, праз удзел у нашай чалавечай натуры, адпаведнае пазнанне любові магло дасягнуць паўнаты. Святло любові нараджаецца тады, калі ўзрушана нашае сэрца, і праз гэта мы прымаем унутраную прысутнасць умілаванага ў нас, якая дазваляе нам пазнаць Яго таямніцу. Таму мы разумеем, чаму разам са слуханнем і сузіраннем для св. Яна вера становіцца дотыкам, як сцвярджае ён у сваім Першым пасланні: «Тое, што […] мы чулі […], што бачылі на свае вочы, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі» (1, 1). Праз сваё ўцелаўленне і прыйсце Езус дакрануўся да нас, i дакранаецца таксама і сёння праз сакрамэнты. Такім чынам, перамяняючы нашыя сэрцы, Ён дазволіў i надалей дазваляе нам распазнаваць Яго i вызнаваць як Божага Сына. Праз веру і мы можам дакрануцца да Яго і атрымаць моц Яго ласкі. Св. Аўгустын, каментуючы фрагмент пра жанчыну, якая цярпела ад крывацёку i якая дакранулася да Езуса, каб Ён вылечыў яе, (пар. Лк 8, 45-46), сцвярджае: «Вера – гэта дотык сэрца»26. Натоўп ціснецца да Яго, але не датыкаецца да Яго асабовым дотыкам веры, які прызнае Яго таямніцу, тое, што Ён – Сын, які аб’яўляе Айца. Толькі калі прыпадабняемся да Езуса, мы атрымліваем адпаведныя вочы, каб убачыць Яго.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.