Главная страница Случайная страница Разделы сайта АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Лютаўская рэвалюцыя 1917 года і беларускі рух
Сацыяльна-эканамічны лад, стан гаспадаркі не вытрымалі таго напружання, якога патрабавала небывалая па маштабах вайна. Гаспадарчая разруха ўсё больш паглыблялася. Фронт, не атрымліваў самага неабходнага і ледзь трымаўся. У многіх гарадах Расіі рэальнай стала пагроза голаду і галодных бунтаў даведзеных да адчаю людзей. Народныя масы патрабавалі міру, хлеба і свабоды. Зняць напружанасць у грамадстве цар і яго ўрад не маглі. Пачатак рэвалюцыі паклалі забастоўкі, вулічныя мітынгі і дэманстрацыі ў Петраградзе, праведзеныя 23 лютага 1917 г. у сувязі з Міжнародным жаночым днём. Неўзабаве выступленні рабочых і салдат перараслі ва ўзброенае паўстанне. 2 сакавіка цар Мікалай ІІ адрокся ад прастола на карысць брата Міхаіла, які на другі дзень таксама адмовіўся ад прастола. Рэальная ўлада ў сталіцы перайшла да Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які сфарміраваўся ў ходзе паўстання і абапіраўся на яго ўзброеныя сілы. Вядучыя пазіцыі ў Савеце занялі эсэры і меншавікі. Адначасова, пры актыўным удзеле ранейшай думскай апазіцыі, сфарміраваўся Часовы ўрад, які ўзначаліў князь Г. Львоў. Большасць месцаў у ім занялі кадэты. Дэмакратычны лагер ва ўрадзе прадстаўляў міністр юстыцыі сацыяліст А. Керанскі, які адначасова з'яўляўся намеснікам старшыні Петраградскага савета. Савет падтрымаў Часовы ўрад, стварыў назіральны камітэт за яго дзейнасцю. Узгодненая праграма Часовага ўрада і Петраградскага савета складалася з наступных палажэнняў: амністыя палітычным вязням, свабода слова, друку і г. д., скасаванне нацыянальных абмежаванняў, падрыхтоўка да склікання Устаноўчага сходу (парламента), замена паліцыі народнай міліцыяй, выбары ў органы мясцовага самакіравання, невывад войскаў рэвалюцыйнага Петраградскага гарнізона на фронт, прадстаўленне салдатам грамадзянскіх правоў. Канчаткова пытанне аб будучым дзяржаўным ладзе павінна было вырашыцца ва Устаноўчым сходзе. Звесткі аб перамозе рэвалюцыі ў Петраградзе прыйшлі на Беларусь 1 сакавіка. Па прыкладу Петраграда ў гарадах і мястэчках Беларусі ствараліся саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, 4 сакавіка была ўтворана народная міліцыя. Па прыкладу сталіцы саветы прызнавалі Часовы ўрад і яго органы на месцах - пры ўмове " адпаведнасці іх дзейнасці інтарэсам народа". Адначасова ўзніклі гарадскія грамадскія камітэты. Ініцыятыва іх стварэння, як правіла, зыходзіла ад дзеячаў земскага і гарадскога самакіравання. Працягвалі сваю дзейнасць гарадскія думы. 6 сакавіка 1917 г. Часовы ўрад перадаў уладу ў губернях і паветах сваім камісарам, якія назначаліся з ліку старшыняў губернскіх і павятовых земскіх упраў. Да губернскіх камісараў пераходзілі функцыі губернатараў. Акрамя паліцыі, жандармерыі і пракуратуры ўсе астатнія мясцовыя дзяржаўныя органы захоўваліся і павінны былі дзейнічаць пад кіраўніцтвам камісараў. Ім падпарадкоўвалася міліцыя, ім жа даручаўся нагляд за законнасцю дзейнасці ўсіх устаноў і чыноўнікаў. З усіх партый найбольш уплывовай стала партыя кадэтаў, якая ўвабрала ў свой склад прадстаўнікоў заможных слаёў насельніцтва, афіцэрства і інтэлігенцыі. Мэтамі кадэтаў пасля лютаўскага перавароту 1917 г. было скліканне пасля заканчэння вайны Устаноўчага сходу, які павінен прыняць Канстытуцыю, вырашыць пытанне аб дзяржаўным ладзе і правесці неабходныя для развіцця краіны сацыяльна-эканамічныя рэформы. Кадэты выказаліся за працяг разам з саюзнікамі вайны да поўнай перамогі. Найбольшым уплывам сярод насельніцтва Беларусі карысталася партыя эсэраў. Хуткі ўздым яе папулярнасці быў абумоўлены шырокавяшчальнай праграмай, абяцаннем даць кожнаму селяніну зямлю без выкупу, дабіцца дэмакратычнага міру і г. д. Эсэры займалі моцныя пазіцыі амаль што ва ўсіх саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, салдацкіх камітэтах Заходняга фронту, панавалі ў саветах сялянскіх дэпутатаў. Эсэраўская партыя фактычна падтрымала працяг вайны. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі актыўную ролю ў палітычным жыцці Беларусі сталі адыгрываць бальшавікі. Галоўная ідэя іх лідэра У. Леніна заключалася ў тым, " каб буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя перарасла ў сацыялістычную". Галоўны лозунг бальшавікоў " Уся ўлада Саветам! " быў цесна злучаны з іншым: " Ніякай падтрымкі Часоваму ўраду! " Ужо тады лідэры бальшавікоў не выключалі ўстанаўлення аднапартыйнай сістэмы ў Расіі. Вырашыць пытанне аб вайне і міры бальшавікі абяцалі яшчэ да склікання Устаноўчага сходу. Лютаўская рэвалюцыя садзейнічала ўздыму нацыянальна-вызваленчага руху, барацьбе за самавызначэнне беларускага народа. Сталі ўзнікаць беларускія грамадскія і культурна-асветніцкія гурткі і арганізацыі. Аднавіла сваю дзейнасць Беларуская сацыялістычная грамада, пачалі ўтварацца новыя беларускія партыі. Моцным штуршком для беларускага руху з'явіўся з'езд беларускіх нацыянальных арганізацый, які адбыўся 25-27 сакавіка 1917 г. у Мінску. З'езд падтрымаў Часовы ўрад, а таксама выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Ра-сійскай федэратыўнай рэспублікі. На з'ездзе было пастаўлена пытанне пра неабходнасць адкрыцця беларускага універсітэта і іншых вышэйшых навучальных устаноў, паступовы пераход пачатковых школ на родную мову выкладання. Па аналогіі з Вільняй з'езд утварыў Мінскі Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) для выпрацоўкі асноў аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі. Большасць БНК склалі прадстаўнікі БСГ. Найбольш уплывовай беларускай палітычнай партыяй стала Беларуская сацыялістычная грамада. Канферэнцыя БСГ (сакавік 1917 г.), якая адбылася ў Мінску, выступіла таксама ў падтрымку Часовага ўрада, салідарызавалася з лозунгам " рэвалюцыйнага абаронніцтва"; выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай рэспублікі; выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю і перадачу яе сялянам для карыстання ў адпаведнасці з працоўнай нормай, але канчатковае вырашэнне аграрнага пытання адносіла да кампетэнцыі краёвага сейму аўтаномнай Беларусі, перасцерагала сялян ад неарганізаваных анархічных выступленняў; патрабавала 8-гадзіннага рабочага дня і вызначэння гарантаванага мінімуму заработнай платы. Да сярэдзіны 1917 г. Грамада налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых. Мела сваіх прадстаўнікоў у саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гарадскіх думах Мінска, Петраграда, Бабруйска і іншых, удзельнічала ў рабоце Савета нацыянальных сацыялістычных партый - каардынацыйнага органа сацыялістычных партый народаў Расіі. Палітычны, сацыяльны і эканамічны крызіс, які катастрафічна паглыбляўся, вельмі палохаў Часовы ўрад. Нежыццяздольнасць урада была відавочнай для прамыслоўцаў, дзелавых людзей, прадстаўнікоў дваранства, афіцэраў і інш. Выйсце з крызісу яны бачылі ў саюзе антысацыялістычных ліберальных і кансерватыўных груповак і ўсталяванні моцнай дыктатуры, здольнай навесці парадак у тыле і на фронце, ліквідаваць супрацьборства. Правыя знайшлі свайго кандыдата ў дыктатары - новага Вярхоўнага галоўнакамандуючага генерала Л. Карнілава, стаўка якога знаходзілася ў Магілёве. У канцы жніўня 1917 г. адданыя Карнілаву часці па яго загаду рушылі з фронту на Петраград, каб нейтралізаваць Часовы ўрад, ліквідаваць саветы, усталяваць ваенную дыктатуру. Аднак разлік карнілаўцаў на шырокую падтрымку з боку большасці воінскіх часцей не апраўдаўся. Пры саветах былі сфарміраваны ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, на прадпрыемствах - баявыя дружыны, чырвонаармейскія атрады. У выніку рашучых дзеянняў рэвалюцыйных сіл змова Карнілава была ліквідавана, а сам генерал быў ізаляваны ў г. Быхаве. У гэты найбольш востры этап барацьбы значна панізіўся ўплыў партый эсэраў і меншавікоў, якія пасля паражэння карнілаўцаў адмовіліся сфарміраваць урад без лібералаў, імкнуліся выратаваць буржуазны Часовы ўрад. У той жа час узрос уплыў партыі бальшавікоў, што знайшло адлюстраванне ў павелічэнні іх колькасці ў саветах. Не было яснага ўласнага ўяўлення, якімі шляхамі можна выйсці з сацыяльна-палітычнага і эканамічнага крызісу і ў беларускіх дзеячаў. Некаторыя з іх падтрымлівалі Часовы ўрад, іншыя былі гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх. У верасні 1917 г. частка левага крыла БСГ вылучылася і ўтварыла арганізацыю бальшавіцкага кірунку - Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю, на чале з А. Чарвяковым, якая фактычна цалкам прыняла праграму РСДРП(б), яе стратэгію і тактыку. Дзейнічала яна ў асноўным у Петраградзе і Маскве. БСГ у кастрычніку 1917 г. правяла ІІІ з'езд, на якім была зацверджана новая праграма, менш радыкальная ў сацыяльна-эканамічных пытаннях у параўнанні з былымі праграмнымі палажэннямі. Па ініцыятыве БСГ быў утвораны новы цэнтр беларускага руху - Вялікая беларуская рада. А тым часам усеагульны крызіс усё больш паглыбляўся. Пашыраўся рух за скліканне ІІ Усерасійскага з'езда саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Часовы ўрад так і не змог выпрацаваць рэальную праграму, каб выцягнуць краіну з цяжкага крызісу. Бальшавікі пачалі актыўную падрыхтоўку ўзброеннага паўстання.
|