Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Першая сусветная вайна. Становішча на Беларусі






Першая сусветная вайна пачалася 1 жніўня 1914 г. Яе прычынай з'явіліся супярэчнасці паміж буйнейшымі вядучымі краінамі. Галоўнай была супярэчнасць паміж старой каланіяльнай Англіяй і маладым драпежнікам-германскім мілітарызмам, суперніцтва паміж Германіяй і Расіяй з-за ўплыву на Балканах, а таксам спрэчкі з-за таго, што Германія хацела адарваць ад Расіі і захапіць Польшчу, Фінляндыю, Беларусь і Украіну. У канцы ХІХ - пачатку ХХ стст. утварыліся два саюзы краін: Германія - Італія - Аўстра-Венгрыя (Траісты саюз) і Англія - Францыя - Расія (Антанта).

Падставай для развязвання вайны з'явілася забойства ў Сербіі наследніка аўстра-венгерскага трона Франца Фердынанда. Сусветная вайна працягвалася 4 гады і 4 месяцы і дорага абышлася чалавецтву. Паводле няпоўных звестак, было забіта, паранена і скалечана 30 млн. чалавек. У вайне ўдзельнічала 38 краін з насельніцтвам звыш 1, 5 млрд. чалавек, г. зн. 75% усяго насельніцтва зямнога шара.

Германія намервалася шляхам маланкавай вайны перамагла Францыю, а потым " узяцца" за Расію. Аднак войскі Антанты скаардынаванымі дзеяннямі перашкодзілі гэтаму. Германія і Астра-Венгрыя з першых тыдняў вайны мусілі ваяваць адразу на Заходнім і Усходнім франтах.

Расійская армія пацярпела некалькі паражэнняў ва Усходняй Прусіі саступіла немцам царства Польскае, фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў накірунку Коўна - Вільня - Мінск. У пачатку верасня 1915 г. расійская армія пакінула Вільню, Гродна, Брэст і іншыя гарады Заходняй Беларусі. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск - Паставы - Баранавічы - Пінск.

Беларусь заставалася галоўным тэатрам вайны. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання расійскіх войскаў знаходзілася спачатку ў Баранавічах, а потым у Магілёве. Вярхоўным галоўнакамандуючым спачатку быў блізкі сваяк цара, а потым сам цар. У Мінску кватараваў штаб Заходняга фронту, месціліся іншыя штабы. Гарады і мястэчкі былі перапоўнены штабамі, шпіталямі, складамі і майстэрнямі па рамонту зброі. Афіцэры і салдаты, пакліканыя з усёй Расіі, складалі большую частку дарослага мужчынскага насельніцтва Беларусі. Яны цяпер уплывалі на лёс гэтага краю.

Вайна прынесла бедствы беларускаму народу. Гінула мірнае насельніцтва, руйнаваліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. У сувязі з наступленнем германскіх войскаў велізарная колькасць бежанцаў пацягнулася на ўсход. З Польшчы, Літвы і заходніх паветаў Беларусі рушыла ў бежанцы больш за 1 млн. 700 тыс. чалавек. Да восені 1915 г. бежанцы запоўнілі ўсю ўсходнюю частку Беларусі. Становішча гэтых людзей было надзвычай цяжкім. Яны ператварыліся ў масу жабракоў, галодных і бяздомных, пазбаўленых сродкаў існавання.

Цяжка адбілася вайна на гаспадарцы тэрыторыі Беларусі, што заставалася за Расіяй. У 1917 г. доля прадукцыі мясцовай прамысловасці, прызначанай для цывільнага насельніцтва, складала толькі 15-16% даваеннага ўзроўню. У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш як палова ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі былі мабілізаваны і адпраўлены на фронт. Цяжкім ярмом для сялян Беларусі з'яўляліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчавання і фуражу. Цэны на прадукты харчавання і адзенне на Беларусі да 1917 г. павялічыліся ў 5-8 разоў у параўнанні з 1913 г.

Вайна аказала ўплыў і на стан грамадска-палітычнага жыцця, пазіцыі розных палітычных партый, арганізацый, груповак. Манархічныя і ліберальныя партыі падтрымалі вайну і царскі ўрад, выступілі з заклікам " абароны айчыны". Правыя эсэры фактычна выступілі за падтрымку царскага ўрада пад заклікам " Спачатку перамога - потым рэвалюцыя". Леваэсэраўская плынь лічыла, што ваенныя паражэнні самадзяржаўя паскораць перамогу рускай рэвалюцыі і трэба працягваць рэвалюцыйную барацьбу. Бальшавікі вылучылі лозунгі пераўтварэння імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую, паражэння царскага ўрада. Правыя і ліберальныя партыі абвінавачвалі бальшавікоў у здрадніцтве і адсутнасці патрыятызму.

Немцы захапілі заходнюю частку Беларусі, імкнуліся дзейнічаць больш гнутка ў параўнанні з царскім урадам у адносінах да нацыянальных праблем. Больш таго, нямецкая адміністрацыя паспрабавала выкарыстаць беларускі нацыянальны рух у сваіх мэтах.

Беларускія дзеячы пастараліся таксама атрымаць выгаду з той сітуацыі. У 1915 г. браты Луцкевічы з рэшткаў грамадаўскіх гурткоў у Вільні стварылі Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую групу, якую афіцыйна аб'явілі філіяй БСГ. Пасля таго як кіраўніцтва Германіі заявіла, што " вызваленыя ад Расіі землі не вернуцца зноў пад маскоўскае ярмо", віленскія грамадаўцы разгарнулі актыўныя дзеянні наконт дзяржаўнага самавызначэння. Але ім адразу прыйшлося сутыкнуцца з супрацьдзеяннем каталіцкай царквы і польскіх дзеячаў. Моцны польскі ўплыў не задавальняў германскія акупацыйныя ўлады. У пачатку 1916 г. фельдмаршал Гіндэнбург у загадзе пра школы ў акупіраваным краі абвясціў беларускую мову раўнапраўнай з польскай, літоўскай і яўрэйскай мовамі. У гэтым беларускія дзеячы ўбачылі адраджэнне беларускай ідэі, сталі ўтвараць шэраг легальных арганізацый. На акупіраванай тэрыторыі адкрылася каля 300 беларускіх школ, пачалося выданне на беларускай мове заклікаў, брашур, газеты " Гоман". У Вільні пачалі працаваць " Беларускі камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны", " Беларускі клуб", таварыствы " Золак", " Навуковае таварыства", " Беларускі вучыцельскі саюз", " Цэнтральны саюз беларускіх нацыянальных грамадскіх арганізацый".

Каардынацыйным палітычным цэнтрам беларускага руху на акупіраванай тэрыторыі з'яўляўся Беларускі народны камітэт (БНК), які ўзначаліў А. Луцкевіч. Віленскія грамадаўцы ўвайшлі ў кантакт з мясцовымі дэмакратычнымі арганізацыямі літоўцаў, палякаў, яўрэяў. У выніку ў снежні 1915 г. з'явіўся " Універсал Вялікага княства Літоўскага". У гэтым дакуменце падкрэслівалася, што літоўскія, беларускія, польскія і яўрэйскія арганізацыі прыступілі да ўтварэння канфедэрацыі на аснове незалежнасці Літвы і Беларусі як адзінай дзяржавы, якая забяспечыць усім нацыям усе правы ў межах дзяржавы. Але Германія не была зацікаўлена ў такой дзяржаве літоўцаў і беларусаў. У рэшце рэшт немцы далі перавагу літоўцам, якія ў пачатку 1917 г. пры падтрымцы нямецкай ваеннай адміністрацыі абвясцілі літоўскую Раду (Тарыбу) як вярхоўны орган Літвы. Супрацьлеглую пазіцыю заняў В. Ластоўскі, які ў канцы 1915 г. у Вільні стварыў арганізацыю " Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі". Мэта - стварэнне незалежнай беларускай дзяржаўнасці.

Беларускі народны камітэт накіраваў свае дэлегацыі на канферэнцыі сацыялістаў у Стакгольме (красавік 1916 г.) і Лазане (чэрвень 1917 г.). У Лазане А. Луцкевічам быў выкладзены спецыяльны мемарандум, у якім беларусы заяўлялі аб сваім бяспраўі ў Расійскай дзяржаве і прасілі спачування і падтрымкі ў цывілізаваных народаў, каб прымусіць царызм паважаць іх (беларусаў) нацыянальныя і культурныя правы. Але сацыялісты розных краін, у тым ліку і Расіі, не адгукнуліся на заклікі беларускіх дзеячаў.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.