Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Паўстанне Касцюшкі ў Беларусі. Канец Рэчы Паспалітай






Вольнасць, цэласць, незалежнасць» Менавіта гэтыя тры святыя словы сталі лозунгам паўстання патрыятычнай шляхты, святарства, мяшчанства, сялянства, якое выбухнула вясной 1794 г. у Рэчы Паспалітай. Падымалася яно супраць засілля і дыктату царскай улады, дзеля вяртання моцы і гонару зганьбаванаму краю. Мэты выступлення, якое рыхтавалася на працягу 1793 – пачатку 1794 г. у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім, былі ясна акрэслены. Гэта поўная суверэннасць Рэчы Паспалітай, аднаўленне яе ў межах 1772 г., вяртанне Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Начальнікам паўстання быў абраны Тадэвуш Касцюшка.

Постаці гісторыі. Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка (1746 – 1817) належаў да старажытнага шляхецкага беларускага роду Касцюшкаў, які вядомы з 1458 г. Але да канца XVIII ст. род збяднеў і валодаў невялікім маёнткам Сяхновічы Кобрынскага павета (цяпер Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці). Нарадзіўся будучы нацыянальны герой Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі на хутары Мерачоўшчына паблізу Косава (сенняшні Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). Здольны юнак, атрымаўшы першапачатковую адукацыю ў школе манаскага ордэна піяраў у мястэчку Любешава Пінскага павета, працягваў яе ў Варшаўскім кадэцкім корпусе. Пасля яго заканчэння на працягу трох гадоў вучыўся ў Парыжы. Прыхільнік рэвалюцыйных, дэмакратычных ідэй не знаходзіў сабе службы ў Рэчы Паспалітай. У 1776 г. малады афіцэр ад'язджае ў Амерыку, каб ваяваць на баку рэспубліканцаў супраць англійскага каланіяльнага ўладарніцтва. Сем гадоў Касцюшка – за акіянам. Дзякуючы яго вайсковаму таленту амерыканскія злучэнні атрымалі шэраг перамог, у тым ліку пад Саратогай (1777 г.). Ён даслужваецца да звання генерала, збліжаецца з Джорджам Вашынгтонам, сябруе з Томасам Джэферсанам. Амерыканцы ўшаноўваюць заслугі Касцюшкі пажыццёвай пенсіяй і зямельным надзелам. Але патрыёта клікала Радзіма.

Чалавечыя якасці Тадэвуша Касцюшкі, яго жыццёвыя і грамадзянскія погляды і прынцыпы найлепш паўстаюць з распараджэння аб выкарыстанні асабістай маёмасці, якой ён валодаў у Штатах:

Галасы мінулага. «Я, Тадэвуш Касцюшка... даручаю майму сябру Томасу Джэферсану цалкам выкарыстаць гэту маемасць на выкуп неграў... на дараванне ім свабоды ад майго імя, на навучанне іх рамёствам або іншым навукам, на выхаванне ў іх маральных якасцей, якія дапамогуць ім стаць добрымі суседзямі, добрымі бацькамі і маці, мужамі і жонкамі, на выхаванне ў іх добрасумленных адносін да грамадзянскіх абавязкаў і ў першую чаргу да абароны сваёй свабоды, сваёй краіны і добрага грамадскага парадку».

Але дома генерала ніхто не чакаў. На працягу 5 гадоў Касцюшка жыў у Сяхновічах. Толькі на пачатку 90-х ён атрымаў пасаду камандзіра брыгады. Касцюшка падтрымаў Канстытуцыю 3 мая. Абараняў на берагах Буга межы сваёй дзяржавы ў 1792 г. Потым падрыхтоўка паўстання, само паўстанне і затачэнне ў Петрапаўлаўскую крэпасць у Пецярбурзе. У канцы 1796 г. адтуль Касцюшку вызваляе расійскі імператар Павел I. 3 таго часу бунтарскі генерал жыве за мяжой. Памёр Тадэвуш Касцюшка ў Швейцарыі ў 1817 г. У наступны год яго астанкі былі перавезены ў Кракаў і змешчаны ў каралеўскім замку Вавель.

Яму пастаўлены помнікі ў Кракаве, Вашынгтоне, Чыкага, Кліўлендзе, Мілуоках, яго імем названа 1-я дывізія Войска Польскага, горад у штаце Місісіпі, горны пік у Аўстраліі. Толькі на сваёй Радзіме Тадэвуш Касцюшка пакуль не ўшанаваны. І хоць змагаўся ён за шчасце і незалежнасць народаў усяго свету, лічыў сябе найперш ліцвінам. У лісце 1790 г. да генерала Несялоўскага Тадэвуш Касцюшка даводзіў: «Кім жа я з'яўляюся? Хіба я не ліцвін, Ваш зямляк?»






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.