Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Паміж Польшчай, Масквой і шведамі. 1-ая Паўночная вайна.






У ліпені 1655 г. войскі швецкага караля Карла Х Густава напалі на Польшчу, зноў імкнучыся авалодаць яе землямі на балтыйскім узбярэжжы. На прымыкаўшыя да Балтыйскага мора жамойцкія землі Вялікага княства Літоўскага ўступіла швецкая армія Магнуса Дэлагардзі. Неўзабаве шведы занялі амаль усе землі Польшчы і Жамойць. Польскія сілы былі адцягнуты ад вайны з Расіяй. У гэтай сітуацыі частка правячай вярхушкі Вялікага Княства на чале з Янушам Радзівілам і ягоным стрыечным братам Багуславам пайшлі на заключэнне пагаднення са Швецыяй. Першы яго варыянт быў прапанаваны ўжо ў жніўні, але большасць магнатаў і шляхты не была задаволена яго ўмовамі. Быў падрыхтаваны новы праект і 20 кастрычніка 1655 г. была заключана Кейданская унія, якая прызнавала Карла Х Густава вялікім князем літоўскам. Ён быў абавязаны гарантаваць шляхецкія свабоды і прывілеі, а таксама апекаваць каталіцкі касцёл. Мясцовае насельніцтва абавязавалася пастаўляць правіянт і фураж для швецкай арміі, якая займала землі Вялікага княства Літоўскага, у тым ліку і шэраг беларускіх тэрыторый разам з Іказню, Друяй і Браславам. У студзені 1656 г. саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм.

Жорсткія дзеянні шведскіх войскаў падчас правядзення рэквізіцый выклікалі рэзкі адпор з боку шляхты і сялянства, якія ў шэрагу выпадкаў адказвалі на гэта пераходам да партызанскай барацьбы. На працягу 1656 г. змаглі дабіцца значных поспехаў і польскія войскі. Пасля гэтага Карл Х Густаў прапанаваў падзел Рэчы Паспалітай, уключаючы землі Вялікага княства Літоўскага, паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, украінскімі казакамі і Багуславам Радзівілам. Была заключана дамова, якая прадугледжвала перадачу швецкаму каралю Віленскага і Трокскага ваяводстваў, Б.Хмяльніцкаму – паўднёвай і усходняй Беларусі, трансільванскаму князю Ракочы – Берасцейшчыны. Акрамя таго, Ракочы атрымоўваў, разам з шэрагам тэрыторый у Польшчы і Украіне, тытул польскага караля. Для Багуслава Радзівіла, які пасля смерці ў снежні 1655 г. свайго стрыечнага брата Януша ўзначаліў прашведскую партыю ў ВКЛ, планавалася стварыць незалежнае спадчыннае княства, якое б уключала Наваградскае ваяводства і некаторыя радавыя радзівілаўскія ўладанні. Аднак Радзівіл прэтэндаваў таксама на Берасцейшчыну і польскае Падляшша, якія павінны былі быць перададзены Ракочы. У лістападзе 1655 г. шляхта ВКЛ арганізавала паўстанне супраць шведаў, якое ўзначаліў Павел Сапега.

На пачатку 1657 г. шведы былі выціснуты з тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, аднак ужо летам таго самага года сумесна з сіламі трансільванскага князя на нейкі час авалодалі Берасцем. Шведскія войскі падчас баявых дзеянняў атрымоўвалі падтрымку з боку казакаў. Гэта адбывалася не без ведама Б.Хмяльніцкага, які сімпатызаваў Багуславу Радзівілу. Па просьбе гэтага князя казакі кантралявалі таксама слуцкія ўладанні Радзівіла і не пускалі туды расійскія і польскія войскі. У выніку прашвецкай палітыкі украінскага казацтва шэраг беларускіх тэрыторый лічыўся швецкай зонай акупацыі.

Прашвецкая палітыка князя Багуслава сутыкнулася з непрыманем яе шырокімі коламі грамадства. Значная частка шляхты Вялікага княства Літоўскага заставалася вернай польскаму каралю. Знаходзіліся таксама прыхільнікі прызнання ўлады цара Аляксея Міхайлавіча. Апошні, рыхтуючыся да вайны са Швецыяй, заключыў 24 кастрычніка 1656 г. у Вільні перамір’е з Рэччу Паспалітай. Паводле ягоных умоў варагуючыя бакі прыпынялі ваенныя дзеянні паміж сабой і аб’ядновываліся для барацьбы са шведамі. У маі наступнага года супраць Швецыі выступіла Аўстрыя, а ў чэрвені – Данія. Увосень на бок Рэчы Паспалітай перайшоў курфюрст Брандэнбурга. Швецкія войскі паступова выцясняліся з захопленых зямель

Пералом у вайне.

Віленскае перамір’е перапыніла прасоўванне расійскіх войскаў на яшчэ не занятыя тэрыторыі Беларусі. Разам з тым, на захопленых землях узрастала незадаволенасць рэжымам, які быў усталяваны царскай адміністрацыяй. Гэтая незадаволенасці, якая праяўлялася ў адмове ад раней прынятай прысягі на вернасць цару, барацьбе як з расійскімі войскамі, так і з той часткай мясцовага насельніцтва, што працягвала падтрымліваць іх, актывізіраваліся з 1656 г. Арганізоўваліся ўзброеныя шляхецкія атрады, да якіх далучаліся сяляне, часам дабраахвотна, а часам пад прымусам сваіх паноў. Здараліся таксама выпадкі, калі сяляне самастойна арганізоўвалі атрады для супрацьдзеяння расійскім войскам і звярталіся да шляхцічаў, як да асоб, найбольш спрактыкаваных у вайсковай справе, з запрашэннем узначаліць іх. Аднак “здрада” маскоўскаму цару шляхты і прадстаўнікоў “простага стану” яшчэ не набыла ў гэты час усенароднага размаха. Супраць “шышоў” дзейнічалі не толькі ўласна расійскія войскі, але таксама “прысяжныя” шлчхцічы, казакі і сяляне, якія заставаліся вернымі Аляксею Міхайлавічу. У выніку разгарнулася грамадзянская вайна, якая закранула ўсе слаі грамадства.

Антымаскоўскія тэндэнцыі праявіліся і ў асяроддзі казацтва, якое калісьці было паслана на Беларусь і дзейнічала тут па загаду цара. Іван Нячай, які з 1656 г. узначаліў групоўку запарожскіх казакаў на беларускіх землях, нягледзячы на тое, што ён павінен быў падпарадкоўвацца распараджэнням Аляксея Міхайлавіча м Б.Хмяльніцкага, ўсяляк стымуляваў антырасійскія настроі. Яго сотнік Дзяніс Мурашка абвясціў сябе “палкоўнікам беларускім” і разгарнуў сапраўдную вайну супраць шляхты, прысягнуўшай маскоўскаму цару, спусташаючы іх маёнткі, а таксама пакрысе пачаў выцясняць расійскія войскі з шэрагу населеных пунткаў. Скіраванасць казакаў супраць Масквы яшчэ больш узмацнілася пасля смерці ў 1657 г. Б.Хмяльніцкага і прыходу да ўлады ў Сечы Івана Выгоўскага. Стаўшы гетманам Запарожскага войска, Выгоўскі пайшоў на падпісанне ў верасні 1658 г. Гадзяцкага дагавора, паводле якога Украіна на федэратыўных асновах уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай і рабілася яе трэцім суб’ектам.

У 1658 г. ваенныя дзеянні паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай аднавіліся. У гэты час антырасійскія выступленні пачалі прымаць характар народнай вайны. У 1658 г. імі былі ахоплены Мінскі, Барысаўскі, Навагрудскі паветы, а летам 1659 г. – амаль уся тэрыторыя Беларусі. Адначасова тут разгарнулася барацьба паміж расійскімі войскамі і казакамі. У лютым маскоўскія сілы захапілі апорны пункт І.Нячая Стары Быхаў і расправіліся з казацкімі кіраўнікамі.

Пасля смерці швецкага караля Карла Х Густава паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай 3 мая 1660 г. быў падпісаны Аліўскі мір. Паводле яго мяжа паміж Вялікім княствам Літоўскім і Швецыяй вызначалася па Заходняй Дзвіне. Пасля заключэння мірнага пагаднення са шведамі Рэч Паспалітая атрымала магчымасць звярнуць большую ўвагу на сітуацыю ў Беларусі. Сюды вярталіся войскі Вялікага Княства, а таксама накіроўвалася каронная дывізія Стэфана Чарнецкага. Ім удалося нанесці расійскім войскам шэраг паражэнняў. У чэрвені 1660 г. войскі Аляксея Міхайлавіча былі разбіты пад Палонкай, у кастрычніку – пад Талачыном, а восенню 1661 г. расійскія ваяводы Хаванскі і Ардын-Нашчокін былі ўшчэнт разбітыя пад Кушлікамі.

Пералом у вайне зрабіў магчымым перанясенне ваенных дзеянняў на землі непрыяцеля. Адначасова ён паслужыў сігналам да пашырэння партызанскай барацьбы. У некаторых беларускіх гарадах – Дзісне, Мсціславе, Себежы, Шклове, Гомелі і г.д. выбухнулі паўстанні супраць царскіх гарнізонаў, якія знашчаліся ці выганяліся. Найбольш значнае паўстанне адбылося 1 лютага 1661 г. у Магілёве. Яго жыхары, дамовіўшыся пра сумеснае выступленне, яшчэ напярэдадні яго правялі падрыхтоўчыя мерапрыемствы і ноччу выкруцілі крамяні састрэльбаў у маскоўскіх ратнікаў, раскватэраваных у іх дамах. Паўстанне пачалося па сігналу бурмістра Юзафа Левановіча, які з вялікім катаўскім мячом выбег з ратушы і з вокличам “Пара! Пара! ” кінуўся на непрыяцеля. Поспеху паўстанцаў паспрыяла тое, што ім удалося вызваліць палонных жаўнераў, якіх трымалі ў Магілёве царскія ваяводы. У выніку паўстання расійскі гарнізон, які налічваў 2 тысячы чалавек, быў тут цалкам знішчаны.

Шырокі ўдзел у вызваленчай барацьбе на апошнім этапе вайны прымалі і сяляне. Яны дабівалі ворага, рассеянага пасля паражэнняў ад рэгулярнага войска Рэчы Паспалітай па беларускіх лясах і палях. Здараліся таксама выпадкі, калі сялянскія атрады рабілі глыбокія вылазкі ажно на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы. Такім чынам, па словах дыпламата германскага імператара Аўгусціна Маерберга, які праязджаў у той час праз беларускія землі, стаўленне простага люда да масквіцян змянілася настолькі, што ён “выганяў іх са сваіх зямель з такой жа нянавісцю, з якім даверам каліцьці прымаў”.

Спусташэнне беларускіх зямель.

2 снежня 1661 г. была вызвалена сталіца Вялікага княства Літоўскага – Вільня. Аднак войска Рэчы Паспалітай не здолела развіць поспех. Для працягу ваенных дзеяннеў ні ў воднага з варагуючых бакоў не хапала сілаў. Войскі “дзяржавы абодвух народаў” патрабавалі грошай, якія ў шэрагу выпадкаў невыплочваліся яшчэ з пачатку вайны. Накапілася каласальная сума, спагнаць якую са знішчанага краю не ўяўлялася магчымым. Жаўнеры прыступілі са самастойнага збірання “заслужанага”, давяршаючы спусташэнне гарадоў і вёсак. У ліпені 1661 г. была арганізавана канфедэрацыя кароннага войска, а ў верасні – войска Вялікага княства Літоўскага, якія адмовіліся падпарадкоўвацца каралю ажно да задавальнення іх патрабаванняў. У 1663 г., пасля выплаты запазычанасці жаўнерам, канфедэрацыі спынілі сваё існаванне, але час, неабходны для рэалізацыі ваеннай ініцыятывы, быў страчаны. Пасля працяглага перапынку, падчас якога млява вяліся ваенныя дзеянні і адначасова вяліся перамовы, у студзені 1667 г. было заключана Андрусаўскае перамір’е тэрмінам на 13 гадоў. Паводле ягоных умоў Беларусь заставалася ў складзе Рэчы Паспалітай, але за Расіяй прызнавалася Смаленскае ваяводства, Левабярэжная Украіна і часова Кіеў.

Вайна мела вельмі цяжкія наступствы для Беларусі. Большасць гарадоў і вёсак было разрабавана і спустошана. Ваенныя спусташэнні, вывад людзей у палон. марадзёрства і рэквізіцыі дапаўняліся неўраджаямі і эпідэміямі. Недахоп прадуктаў харчавання набываў такія страшныя памеры, што назіраліся выпадкі людаедства. Пагроза галоднай смерці прымушала людзей пакідаць родныя мясціны і перасяляцца і іншыя мясцовасці, у тым ліку за мяжу. Значная іх частка ніколі ўжо не вярнулася ў месцы ранейшага пражывання. У выніку баявых дзеянняў, гвалтоўнага, вымушанага ці дабраахвотнага перасялення, голада і эпідэмій насельніцтва беларускіх зямель скарацілася напалову – з 2 мільёнаў 900 тысяч чалавек у 1648 г. да 1 мільёна 350 тысяч у 1667 г. Асабліва абязлюдзелі ўсходнія раёны Беларусі, дзе налічвалася да трэці ад даваеннага насельніцтва. Сельская гаспадарка, рамяство і гандаль прыйшлі ў заняпад. Скарачалася плошча ворных зямель. У сялян не хапала цяглавай жывёлы для апрацоўкі сваіх надзелаў і панскай зямлі. У выніку вайшы была парушана сацыяльная структура быларускага народа; знішчэнне нацыянальнага мяшчанства і паланізацыя шляхты, якая з новай сілай разгарнулася пасля вайны, абумовила фарміраванне беларускага этнасу як этнасу сялянскага.

Вайна 1654 – 1667 гг. мела негатыўныя наступствы не толькі для беларускіх зямель, але і для ўсёй Рэчы Паспалітай. Яна падарвала ваенны і эканамічны патэнцыял гэтай краіны і, фактычна, паклала канец яе прэтэнзіям на гегемонію ў рэгіёне. Ян Казімір, апошні прадстаўнік дынастыі Вазаў, з імем якіх звязаны найбольшыя палітычныя амбіцыі Рэчы Паспалітай, адрокся ў 1668 г. ад кароны і правёў рэшту свайго жыцця ў Францыі. Пры ягоных пераемніках зорка Рэчы Паспалітай ужо ніколі не ззяла так ярка, як у часы яго папярэднікаў, а праз пэўны час ёй наканавана было зусім пагаснуць.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.