Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Станаўленне Вялікага княства Літоўскага




Асаблівасці ўтварэння новай дзяржавы. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага адбывалася пад уплывам многіх унутраных і знешніх абставін. Аб'яднанне беларускіх і літоўскіх зямель у адну дзяржаву – вынік сацыяльна-эканамічных з'яу, якія тады адбываліся (развіццё сельскай гаспадаркі, узмацненне феадальнай эксплуатацыі, рост гарадоў і г. д.). Неабходнасць барацьбы са знешняй небяспекай значна паскорыла аб'яднанне літоўцаў і беларусаў у адной дзяржаве, якая стала асновай Вялікага княства Літоўскага. Небяспека зыходзіла з захаду ад нямецкіх феадалаў-рыцараў і з усходу ад мангола-татарскіх ордаў.

Існавала яшчэ адна асаблівасць утварэння гэтай дзяржавы: адна яе частка (лета-літоўцы) адставала ад другой (усходнія славяне) у сацыяльным і палітычным развіцці. Дасягнуты ўзровень у гэтых адносінах усходнеславянскіх зямель у Верхнім Панямонні стаў падмуркам дзяржаўнаўтваральных працэсаў, якія абумовілі ўзнікненне беларуска-літоўскай дзяржавы.

Працэс утварэння асновы Вялікага княства Літоўскага пачаўся ў сярэдзіне XIII ст. з узнікненнем на землях Верхняга і Сярэдняга Панямоння дзяржавы са шматварыянтнымі летапіснымі назвамі “Літва”, “княства Літоўскае”, “княства.Літоўскае і Наваградскае”, а закончыўся ў другой палове XIV ст., калі канчаткова сфарміравалася тэрыторыя гэтай дзяржавы. Яна была самай вялікай ва Усходняй Еўропе і раскінулася з поўначы на поўдзень ад Балтыйскага да Чорнага мора, з захаду на ўсход ад Берасцейскай зямлі да Смаленшчыны.

Галоўнай арэнай, дзе пачала складвацца новая дзяржава, Сталі землі вакол Наваградка. Чаму менавіта Наваградак, а не які-небудзь іншы горад рэгіёна стаў цэнтрам аб'яднання зямель Верхняга і Сярэдняга Панямоння ў адзіную дзяржаву. Гэта тлумачыцца шэрагам прычын.

Па-першае, Наваградак у XIII ст. быў ужо даволі развітым цэнтрам рамяства і гандлю. Археалагічныя раскопкі паказваюць, што ён у гэты час хоць і адносіўся па сваіх памерах да ліку сярэдніх, але па знаходках прадметаў раскошы, унікальных вырабаў рамяства, рэчаў замежнага паходжання стаяў на ўзроўні буйных гарадоў Усходняй Еўропы. Па-другое, у XIII ст. Наваградак – цэнтр княства (у Іпацьеўскім летапісе пад 1235 г. упамінаецца наваградскі князь Ізяслаў). У другой палове 40-х гг. Наваградскае княства выходзіць з-пад улады магутнага на той час Галіцка-Валынскага княства. Па-трэцяе, Наваградак у першай палове XIII ст. не закранулі тыя крывавыя падзеі, што былі звязаны з барацьбой прыбалтыйскіх і ўсходнеславянскіх зямель з крыжакамі і мангола-татарамі. Жыць тут было адносна спакойна. Вось і цягнуўся сюды розны люд.

Прычыны, якія прывялі да аб'яднання беларусаў і літоўцаў у адной дзяржаве, былі наступныя.



1. Неабходнасць барацьбы са знешняй небяспекай. Пагроза ішла ад нямецкіх рацараў (крыжакоў) і з усходу – ад мангола-татар.

2. Феадальная раздробленасць (на беларускіх землях налічвалася 20 княстваў). У перыяд феадальнай раздробленасці і распаду Кіеўскай Русі беларускія княствы аказаліся бездапаможнымі перад знешняй небяспекай. Таму яны шукалі падтрымкі і саюзаў са сваімі суседзямі.

3. Інтарэсы далейшага развіцця гаспадаркі, класавыя інтарэсы феадалаў як літоўскіх, так і беларускіх зямель, якія імкнуліся ўмацаваць сваё панаванне над эксплуатуемым насельніцтвам.

Назва «Літва» ўпершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаецца пад 1009 г. у запісах невялікага нямецкага горада Кведлінбурга. У «Аповесці мінулых часоў» пра Літву паведамляецца пад 1040 г., калі кіеўскі князь Яраслаў Мудры заваяваў землі Літвы і прымусіў яе плаціць Кіеву даніну.

Па пытанню месцазнаходжання летапіснай Літвы ў сучаснай гістарычнай навуцы вядуцца вострыя дыскусіі. Думкі даследчыкаў значна разыходзяцца. Па меркаванню літоўскіх даследчыкаў і польскага гісторыка Г. Лаўмянскага, летапісная Літва размяшчалася ва ўсходняй частцы сучаснай Літоўскай Рэспублікі (Летувы). Беларускі гісторык М. I. Ермаловіч у сваёй манаграфіі «Старажытная Беларусь» (1990 г.) выказвае меркаванне, што Літва XII – XIII стст. знаходзілася ў Верхнім Панямонні на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў прасторы паміж Маладзечнам, Наваградкам, Слонімам і Менскам. Але, здаецца, больш правільным будзе меркаванне аб тым, што летапісная Літва размяшчалася на тэрыторыі сучасных усходнелітоўскіх і суседніх паўночна-заходніх беларускіх зямель (А. К. Краўцэвіч. «Стварэнне Вялікага княства Літоўскага», 1998 г.).



Да сярэдзіны XIII ст. літоўскія плямёны яшчэ не мелі адной дзяржаўнай арганізацыі. Аднак пастаянныя паходы і войны спрыялі іх аб'яднанню ў саюз, вялі да палітычнай кансалідацыі. Калі ў 1219 г, з галіцкімі князямі Данілам і Васількам падпісвалі пагадненне Літва і Жамойць, якая пад гэтым годам упершыню згадана летапісцам, іх прадстаўнікамі былі больш за 20 балцкіх правадыроў – кунігасаў, у тым ліку 5 «старэйшых», сярод якіх і Міндоўг. Гэты саюз, ці канфедэрацыя з'яўлялася ўжо агульналітоўскай ваеннай арганізацыяй, кіраванай «старэйшымі» кунігасамі. Між тым становішчу, у якім знаходзіліся літоўскія плямёны ў другой трэці XIII ст., адпавядала больш цсснае аб'яднанне і цэнтралізацыя ўлады. Падпарадкаваўшы землі Латвіі ды Эстоніі, нямецкія рыцары звязвалі планы далейшай экспансіі з Літвой і Падзвіннем. У 1236 г. яны ажыццявілі свой першы значны паход у Жамойць, аднак былі разгромлены ў бітве над Шаўлямі. Узрастала пагроза і з боку Прусіі, дзе знаходзіўся Тэўтонскі ордэн. Пасля аб'яднання тэўтонцаў з Інфлянцкім ордэнам у 1237 г.мэтай нямецкіх рыцараў стала падпарадкаванне Жамойці, якая на сушы раздзяляла тэрыторыі іх дзяржаў.

Пад 1235 г. летапіс нагадвае «Літву Міндоўга». Міндоўг быў адным з літоўскіх племянных князёў, які ў 20 – 30-х гг. XIII ст. здолеў падпарадкаваць сваёй уладзе значную частку літоўскіх плямён. У «Хроніцы Быхаўца» і Іпацеўскім летапісе гаворыцца, што Міндоўг адных сваіх сапернікаў забіў, другіх выгнаў з Літвы і “пачаў княжыць адзін ва ўсёй зямлі Літоўскай і вельмі гэтым ганарыўся, меў славу і гонар вялікі і не цярпеў супраць сябе нікога”. У сярэдзіне 40-х гг. Міндоўг церпіць няўдачу ў бітве з крыжакамі, і яго пазіцыі значна слабеюць. Праціўнікі Міндоўга выганяюць яго з Літвы. Ён вымушаны з рэштай сваёй дружыны ўцякаць ў суседні Наваградак, дзе княжыць яго саюзнік Ізяслаў. Тут Міндоўг прымае праваслаўе ў 1246 г. (паводле звестак Густынскага летапісу). 3 1246 г. ён там стаў княжыць са згоды яго жыхароў, ці вечавога сходу гараджан, як гэта нярэдка здаралася ў тыя часы.. Як князь Наваградка Міндоўг выконваў волю і памкненні наваградскіх баяр, якія, між іншым, супадалі з яго асабістымі інтарэсамі. 3 дапамогам сілы Міндоўг адваёўвае для сябе Літву і далучае яе да Наваградка. Гэта абвяргае ранейшую версію ў гісторыі, згодна з якой Літва заваёўвала ўсходнеславянскія землі. Паводле Іпацьеўскага летапісу Міндоўг зноў заваёўвае Літву.

Міндоўгу ў гэты час прыйшлося змагацца не толькі са сваімі ўнутранымі ворагамі, «Літве Міндоўга» пастаянна пагражалі крыжакі, галіцка-валынскія князі. Каля 1248 г. супраць Міндоўга склалася магутная кааліцыя. У ёй удзельнічалі галіцка-валынскія князі Даніла і Васілька, пляменнік Міндоўга Таўцівіл, Лівонскі ордэн і інш. Бачачы, што над ім навісла смяротная небяспека, Міндоўг пачынае шукаць выхады са складанага становішча. Міндоўг, ведаючы пра небяспеку ад крыжакоў і іншых ворагаў, шукае падтрымку на Захадзе. У 1253 г. ён прымае каталіцтва і карануецца ў Наваградку з благаславення Папы рымскага Інакенція XIV. Міндоўг стаў першым каралём на беларускай зямлі. Аднак гэта не пазбавіла Міндоўга ад вайны з галіцка-валынскімі князямі, якая працягвалася 5 гадоў. Тройчы абрушвалася моц галіцка-валынскага войска на Наваградскае княства, несучы смерць, рабаванне. Няўдачы, што даймалі Міндоўга, выклікалі незадавальненне ім у баярскім асяродку гараджан. Пасля каранацыі Міндоўга Таўцівілу не заставалася нічога іншага, як зноў звярнуцца да свайго швагра – Данілы Галіцкага. Даніла Раманавіч сабраў войска, да якога далучыліся і полаўцы, У 1253 г. ён падышоў да Пінска і прымусіў Яраславічаў ісці разам з ім.

Аб'яднанае войска зламала супраціўленне літвы і ўвайшло ў Новагародскую зямлю. Навагарадак і гэтым разам узяць не ўдалося. Затое галіцка-валынскія князі парабавалі і папалілі весі. Пасля гэтага Даніла Галіцкі накіраваў у Новагародскую зямлю свайго сына. Раман Данілавіч захапіў Горадзен. Новагарадцы былі незадаваленыя тым, што Міндоўг кепска бароніць дзяржаву. Новагародскае веча ў 1254 г. пазбавіла яго пасаду.

На княжанне быў пакліканы Міндоўгаў сын Войшалк. Сам жа Міндоўг застаўся гаспадаром у Літве. Навагародская дзяржава перастала быць каралеўствам, а Літва зноў стала самастойнаю. У той час, як Міндоўг сядзеў князем, а потым і каралём у Новагарадку, ягоны сын Войшалк быў намеснікам у Слоніме і Ваўкавыску. Прыняўшы праваслаўную веру, ён заставаўся ў ёй да канца.

Не паспеў Войшалк укняжыцца ў Наваградку, як Даніла Раманавіч Галіцкі пачаў рыхтавацца да вайны. У 1255 г. ягонае вайска рушыла ў Наўгародскую зямлю. Войшалк папрасіў міру: ён аддаў Новагародак, Слонім, Ваўкавыск і "все городы" Раману Данілавічу. За другога сына Данілы Раманавіча – Шварна – ён выдаў сваю сястру. Сам жа новагарадскі князь пайшоў заложнікам у Галіцка – Валынскую зямлю.

У Галіцка – Валынскай зямлі Войшалк прабыў тры гады. Там ён пастрыгся ў манахі. У 1258 г. княэь-манах вярнуўся ў Новагародскую эямлю. Ён заснаваў "на реце на Нёмне, між Літвою і Новымгородком" манастыр, на месцы якога цяпер знаходзіцца вёска Лаўрышава.

Свае інтарэсы ў Літве і Нальшчанах меў Полацк. Крывічы паступова каланізавалі балцкія землі. Іх паселішчы ўзніклі на тэрыторыі цяперашніх Смаргонскага ды Ашмянскага раёнаў. Паступова разрастаўся Крыў-горад (Вільня). Прыкладна ў тыя ж гады ў Полацку, дзе абарвалася мясцовая дынастыя (апошні з вядомых полацкіх Рагвалодавічаў князь Брачыслаў згадваецца ў летапісах пад 1239 г.), быў пасаджаны на княжанне Міндоўгаў пляменнік Таўцівіл, які, калі верыць Мацею Стрыйкоўскаму, перайшоў з каталіцызму ў праваслаўе, прыняў імя Феафіл. Няма ніводнага сведчання пра падпарадкаванне Полацка сілай, таму з улікам ролі полацкага веча можна меркаваць, што літоўскага князя хутчэй за ўсё запрасілі самі палачане. Падобны саюз адпавядаў іх інтарэсам.

Князь-манах Войшалк не толькі будаваў манастыр на беразе Нёмана і маліўся, ён пільна сачыў за тым, што дзеецца ў Новагародку. Галіцка-Валынская зямля ўсё больш падпадала пад татарскую ўладу. Войшалк разумеў, што раней ці пазней дзяржава Данілы Раманавіча распадзецца. 3 Лаўрышаза ён паслаў сваіх людзей да вялікага князя полацкага. Войшалк і Таўцівіл заключылі саюз.

У 1260 г. да Лаўрышава дайшла вестка, што татары збіраюцца ў паход у Галіцка-Валынскую зямлю. Войшалк паслаў ганцоў да Таўцівіла. Князь-манах і вялікі князь полацкі пайшлі на Новагародак. Раман Данілавіч трапіў у палон, а Войшалк другі раз укняжыўся ў Новагарадку.

У той самы 1260 г., калі Войшалк і Таўцівіл паланілі Рамана Данілавіча, жмудзь і куроны пад кіраўніцтвам Міндоўга разбілі ордэнскае войска на возеры Дурбе. Увосень 1263 г., калі войска Міндоўга знаходзілася ў паходзе на Бранск, валадар Літвы і два яго малодшыя сыны былі забіты змоўшчыкамі, на чале якіх стаяў Транята. Войшалк забаяўся яго і ўцёк у Пінск. Аднак трыумф Трайняты быў нядоўгі. Праз некаторы час яго зарэзаў конюх Міндоўга. Войшалк вяртаецца ў Наваградак Наступным этапам яго дзейнасці было далучэнне да сваіх уладанняў балцкіх зямель Нальшанаў і Дзяволтвы.Войшалк расправіўся з забойцамі бацькі. Ён спрабаваў праводзіць палітыку свайго бацькі, наладзіць адносіны з Ордэнам. Але Войшалк не быў католікам і заходнія дзяржавы не прызналі яго каралём Літвы. У 1267 г. Войшалк пакінуў княжацкі прастол на карысць Шварна і пайшоў у манастыр. На наступны год ён быў забіты, а ў 1269 г. нечакана памёр Шварн. Пасля непрацяглай барацьбы ў 1270 г. князем стаў Трайдэн, якога крыжакі называлі “хіжым” – г.зн. драпежным. Ён кіраваў дзяржавай 12 гадоў, вёў барацьбу з крыжакамі і галіцка-валынскімі князямі, Пасля смерці Трайдэна на прастоле да 1293 года змяніліся некалькі князёў.

Гады правіў у ВКЛ Віцень (1293 – 1316). Імя яго – Віцень - даслоўна азначае “пуга”. Ён паспяхова змагаўся з крыжакамі. Асабіста вёў у бой сваё войска, вызначаўся храбрасцю і ўвайшоў у гісторыю як князь-палкаводзец. Яго войска было добра абучана, узброена і паказвала высокія баявыя якасці ў бітвах. Віцень не дазволіў крыжакам пашырыць свае тэрыторыі. Тэрыторыя ВКЛ павялічылася на поўдні за кошт беларускіх зямель. У 1307 г. на аснове дагавора ў склад ВКЛ увайшло Полацкое княства. Менавіта вялікі князь Віцень увёў агульнадзяржаўны герб «Пагоня», які да таго часу выкарыстоўваўся толькі як ваенны і быў сімвалам у барацьбе з крыжакамі.

ВКЛ ад Гедыміна да Вітаўта. (1316 – 1430 гг.)Перыяд панавання Гедыміна (1316 – 1341), які стаў вярхоўным князем Літвы пасля смерці Віценя, быў часам імклівага тэрытарыяльнага росту дзяржавы і яе ўмацавання. У яе склад уключаліся галоўным чынам землі Беларусі. Калі на пачатку XIV ст. вяршэнства ўлады літоўскага князя прызнавалі з беларускіх зямель толькі Чорная Русь і Полаччына, дык да сярэдзіны стагоддзя ў такую залежнасць трапіла амаль уся тэрыторыя сучаснай Беларусі, за выключэннем Падняпроўя, Пасожжа і раёнаў Ніжняй Прыпяці.

Адной з першых да Гедымінавай дзяржавы была далучана Віцебская зямля. У 1318 г. Альгерд Гедымінавіч ажаніўся з Марыяй – дачкой апошняга віцебскага князя Яраслава Васільевіча, і калі ў 1320 г. той памёр, княства засталося Альгерду. Берасцейская зямля ўвайшла ў склад ВКЛ таксама ў пачатку княжання Гедыміна. У 1315 г. Гедымін перамог у сутычцы з галіцка-валынскім князем і авалодаў Берасцейскай зямлёй. А праз дзесяць гадоў, у 1325 г., Любарт (Дзмітры) Гедымінавіч, ажаніўшыся з дачкой апошняга валынскага князя Льва Юр'евіча, атрымаў усю Валынь у спадчыннае валоданне.

Прыкладна ў сярэдзіне 1320-х г. уладу літоўскага князя прызналі і цэнтральныя землі Беларусі. Васаламі Гедыміна сталі таксама князь друцкі і лукомскі.

Наступным было далучана Палессе. У 1330-х г. у Пінскай зямлі ўжо сядзеў Нарымонт (Глеб) Гедымінавіч. Праўда, у Тураве і Гарадку яшчэ доўгі час заставаліся мясцовыя Рурыкавічы. Пісьмовыя крыніцы не падаюць ніякіх фактаў гвалтоўнага падпарадкавання ці барацьбы з мясцовымі князямі або насельніцтвам. Праўдападобна, што і Палессе было далучана дабраахвотна.

Гедымін пашырыў свой уплыў таксама на Кіеў, Цвер і Вязьму, а васалам яго стаў князь смаленскі. Пінскі князь Глеб Нарымонт атрымаў у дзяржанне прыгарад Ноўгарада Вялікага Ладагу і Карэльскую зямлю. Ноўгарадскі ўрад даручыў яму як служыламу князю абарону сваіх межаў.

Стаўшы вялікім князем у тыя часы, калі даводзілася адбіваць амаль штогадовыя напады нямецкіх рыцараў, Гедымін пайшоў на важны дыпламатычны ход: у канцы 1322 г. ён звярнуўся з лістом да рымскага папы Іаана XXII, а ў наступным – да ганзейскіх гарадоў, каталіцкіх ордэнаў дамініканаў і францысканаў. Вялікі князь заклікаў перасяляцца ў яго землі рамеснікаў, земляробаў і купцоў з ганзейскіх гарадоў, абяцаюы ім ільготы і нямецкае (рыжскае) права ў гарадах Беларусі і Літвы, а таксама манахаў-францысканаў, якія ведаюць «польскую, земгальскую і рускую мову». Невядома, які эфект меў гэты зварот, але палітычнае становішча дзяржавы дзякуючы такой дыпламатыі часова палепшылася. У кастрычніку 1323 г. паміж Ордэнам і Гедымінам была падпісана віленская дамова аб замірэнні. Праўда, Ордэн не збіраўся доўга трымацца гэтага пагаднення.

У мэтах супольнай барацьбы супраць Тэўтонскага ордэна Гедымін пайшоў на збліжэнне з Польшчай. У 1325 г. іх саююз быў замацаваны шлюбам Казіміра, сына польскага караля УладыславаЛакетка (1320 – 1333), з Гедымінавай дачкой Альдонай-Ганнай. Найбольш значнай супольнай акцыяй саюзнікаў стаў паход іх злучаных сілаў на Брандэнбург у 1326 г., у якім вызначыўся «асабліва блізкі сябра» Гедыміна гарадзенскі стараста Давыд. Кіруючы Гарадзенскай зямлёй на правах лена, ён доўгі час паспяхова бараніў ад крыжаносцаў усё Беларускае Панямонне.

Асаблівых поспехаў Гедымін дамогся сваёй усходняй палітыкай, асноўным прынцыпам якой было негвалтоўнае далучэнне новых зямель Русі. За гады яго княжання ў склад ВКЛ увайшла не толькі асноўная частка тэрыторыі сучаснай Беларусі (за выключэннем раёнаў Ніжняй Прыпяці): у арбіту яго ўплываў пачалі ўцягвацца і князі з далёкіх зямель Усходняй Русі.

Адным з галоўных фактараў, які спрыяў поспеху ў іх “збіранні”, стала антытатарская палітыка, якой паслядоўна трымаліся князі ВКЛ. Да моцнага ВКЛ як альтэрнатывы ханскай уладзе хіліліся і заходнія землі Вялікарасіі, для якіх вялікаўладзімірскі князь быў фактычна стаўленікам Залатой Арды і ўвасабляў патрабаванні татарскага хана. Другім выйгрышным момантам палітыкі вялікага князя літоўскага была рэлігійная талеранцыя. Стараннямі Гедыміна для праваслаўных жыхароў ВКЛ у 1317 г. адкрылася асобная літоўская мітраполія з цэнтрам у Наваградку, якая існавала прынамсі да 1330 г. У яе ўваходзілі Полацкая, Тураўская і Пінская епархіі, а мітрапалітам быў Феафіл.

Уплыў Гедыміна хутка пашырыўся далёка на поўдзень. Ужо ў 1324 г., выкарыстаўшы перамір’е з Нямецкім ордэнам, ён авалодаў Кіевам і пасадзіў там свайго брата Фёдара. Сваю залежнасць ад Гедыміна князь Іван Аляксандравіч смаленскі засведчыў у дакуменце 1340 г.

Даўнія кантакты звязвалі ВКЛ з Цвярскім княствам – на пачатак XIV ст. бадай самым моцным на Паўночна-Ўсходняй Русі. Канкуруючы з суседняй Масквой, Цвер сама разлічвала на першую ролю ў “збіранні” спадчыны Рурыкавічаў. Узвышэнне Масквы пужала цвярскіх князёў, і яны імкнуліся да ўмацавання саюзу з ВКЛ. Першым фактам непасрэднай сувязі паміж ВКЛ і Цверру стала выдача Гедымінавай дачкі Марыі за цвярскога князя Дзмітрыя Міхайлавічазімою 1320/21 г. Ужо праз год зяць Гедыміна, атрымаўшы ханскі ярлык на вялікае княжэнне, узначаліў «рускі улус» Залатой Арды. Потым ярлык атрымаў яго брат Аляксандр. Хан Узбек тады быў зацікаўлены ў мірных адносінах з ВКЛ, бо хацеў устрымаць гэтую моцную І міржаву ад уключэння ў антытатарскую кааліцыю хрысціянскіх манархаў Усходняй Еўропы. Менавіта цвярскім князям, якія мелі даўнія і найбольш шчыльныя сувязі з Літвой, ён адводзіў важную ролю ў ажыццяўленні сваіх планаў.

У час княжання Івана Каліты (1325 – 1340) стала хутка ўзрастаць моц Масквы. Князь Іван Данілавіч імкнуўся захоўваць добрыя адносіны як з Ардой, ад якой Маскоўскае княства непасрэдна залежала, так і з ВКЛ. Вытрымліваючы такую палітыку, зімой 1333/ 34 г. ён ажаніў свайго сына Сямёна з Гедымінавай дачкой Аўгустай (пасля хрышчэння Анастасіяй). Аднак у 1335 г. Гедымін сам парушыў мір і паслаў войска на Таржок, у адказ на што вялікі князь маскоўскі спаліў залежныя ад ВКЛ гарадкі Смаленскай зямлі. Так, прыкрытая ваенным патэнцыялам саюзнай татарскай Арды, Масква фактычна ўпершыню адкрыта выступіла супраць ваеннага мерапрыемства ВКЛ. Першы канфлікт быў вычарпаны дробнымі памежнымі сутычкамі і не перарос у вайну, аднак з 1330-х г. Маскоўскае княства стала ўмацоўвацца дзякуючы новай палітыцы Залатой Арды: хан Узбек паставіў на мэце ўмацаванне Масквы як супрацьвагі на шляху ўзрасталай літоўскай экспансіі. 3 гэтага яшчэ больш выразна акрэсліўся саюз Вільні і Цверы.

Паўночныя рэспублікі Русі Пскоў і Ноўгарад Вялікі, імкнучыся захаваць незалежнасць ад цвярскога, а потым і ад маскоўскага князя, часам самі звярталіся па дапамогу да літоўскіх князёў. Іх сувязі з ВКЛ былі даўнія. Напрыклад, у 1266 г. князем Пскова па дамоўленасці стаў Даўмонт, а ў часы Гедыміна падобную ролю для Пскова выконваў Давыд Гарадзенскі. Потым у Пскове цягам 10 гадоў «з літовской рукі» княжыў Аляксандр Міхайлавіч Цвярскі. I пазней адносіны з Псковам складваліся карысна для Вільні. У 1341 г. Гедымінавы сыны Альгерд і Кейстут вадзілі войска на дапамогу пскавічаму барацьбе з інфлянцкімі рыцарамі. У паходзе ўдзельнічаў і полацкі полк на чале з Любкам Воінавічам, які загінуў у сутычцы з немцамі. За гэтую дапамогу пскавічы прапанавалі Альгерду стаць іх князем, але той пакінуў у Пскове свайго старэйшага сына Андрэя. Праз некалькі гадоў Андрэй вярнуўся з Пскова і стаў князем полацкім у 1345 г.. А ў Ноўгарадзе Вялікім на «кармленні» сядзеў Гедымінаў сын пінскі князь Глеб-Нарымонт,які атрымаў у дзяржанне Ладагу, Арэшак, Карэлу і Капор'е. Яму як служыламу князю наўгародцы даручылі абарону сваіх межаў. У сярэдзіне XIV ст. Ноўгарадская зямля выплочвала Вялікаму Княству даніну ў футрах, прадуктах і рознай сыравіне, а ў яе холмскім, вялікалуцкім і ржэўскім паветах воласці мелі падвойную дзяржаўную прыналежнасць.

Аб'ядноўваючы ўсходнеславянскія землі пад сваёй уладай, Гедымін абыходзіўся, як правіла, без падаўлення і заваявання. Ён першым з літоўскіх князёў пачаў называць сябе валадаром «не толькі ліцвінаў, але і русінаў, а свае ўладанні – каралеўствам ліцвінаў і русінаў

Землі Беларусі захавалі ў дзяржаве Гедыміна пэўную аўтаномію і сваю палітычную вагу. Так, Полацк па-ранейшаму самастойна падпісваў дамовы з Рыгай. У адносінах да далучаных зямель Гедымін ужываў прынцып «не рушыць даўніны, не ўводзіць навіны».

Гедымінавы сыны, якія атрымалі ўдзелы ў Беларусі, былі аточаны мясцовым баярствам, прымалі праваслаўе ды мясцовую культуру. Карыят пасля хрышчэння ў праваслаўе стаў звацца Міхаілам, Любарт – Дзмітрыем, Нарымонт – Глебам, а Яўнут – Іванам. Хоць сам Гедымін заставаўся паганцам, ён паважаў рэлігію сваіх падданых. Яму належыць фармулёўка прынцыпаў талерантнасці, якія доўга вызначалі канфесійную палітыку літоўскіх князёў: «каб хрысціяне паважалі ды славілі Бога па-свойму, Русь – па-свойму, палякі – па-свойму, а мы славім па нашаму звычаю». Загінуў Гедымін пры асадзе нямецкай крэпасці Баербург.

Узросшая роля кіраўніка дзяржавы яскрава бачна ў змене яго тытула. Гедымін называў сябе «каралём Літвы і Русі», «каралём літоўцаў і многіх рускіх». (Пад назвай «рускія» маюцца на ўвазе жыхары беларускіх зямель.) Таму дзяржава стала называцца «Вялікае княства Літоўскае і Рускае». Гедымін пакінуў на карце Ўсходняй Еўропы вялікую дзяржаву. пасля смерці Гедыміна ў 1341 г. ў Вільні застаўся яго наймаладзейшы сын Іван-Яўнут, якому бацька перадаў вялікае княжанне. Але тое, што вялікакняскі пасад заняў не старэйшы з Гедымінавічаў, выклікала разлад сярод братоў. Ускладнілася і знешнепалітычнае становішча дзяржавы. Крыжаносцы, памірыўшыся з польскім каралём Казімірам Вялікім, увайшлі ў Жамойць, замацаваліся ў нізоўях Нёмана ды ўзмацнілі націск на Літву, ужо «падараваную» ім граматай імператара Людовіка Баварскага 1337 г. У імператарскай грамаце як складовая частка Літвы называлася і Русь.

На пачатку 1345г. браты Альгерд і Кейстут, змовіўшыся, ажыццявілі дзяржаўны пераварот. Кейстут захапіў Вільню і абвясціў уладаром Альгерда, самага старэйшага з Гедымінавічаў, які меў вотчынныя ўладанні на тэрыторыі Беларусі – Віцебск і Крэва. Прагнаны Яўнут уцёк у Маскву, але праз два гады вярнуўся, памірыўся з братамі і атрымаў ва ўладанне горад Ізяслаўль (цяперашняе Заслаўе пад Менскам). Звяржэннем Яўнута пачаўся перыяд дыярхіі – панавання двух, Альгерда і Кейстута. Браты раздзялілі тэрыторыю дзяржавы на дзве часткі прыкладна па лініі Горадня – Трокі – і далей да Інфлянтаў. Кейстут атрымаў у валоданне заходнюю палову – Жамойць, Трокі, Горадню, Падляшша з Бельскам і Берасцейскую зямлю, а Альгерд – усе ўсходнія землі. Кейстут меў сталіцай Трокі і займаўся заходняй палітыкай, найперш – барацьбой з Нямецкім ордэнам, а Альгерду належала Вільня і ягонай справай былі дачыненні з Масквой, Ноўгарадам, Псковам ды татарамі.

У 1348 г. адбылася бітва з крыжакамі на рацэ Стрэве. У 1362 г. адбылася бітва з ардынцамі на р. Сінія Воды (прыток Паўднёвага Буга). Войска вялікага князя Альгерда ўшчэнт разбіла сілы ардынскіх ханаў. Гэтая перамога паклала пачатак вызвалення ўсходне-славянскіх зямель ад ардынскага панавання. Кіеўскія і Падольскія землі былі далучаны да ВКЛ. Антыардынская накіраванасць знешняй палітыкі Альгерда спрыяла росту яго аўтарытэту сярод насельніцтва ўсходнеславянскіх зямель, садзейнічала яго поспехам у збіранні зямель Старажытнай Русі.

Пасля смерці Альгерда ў 1377 г. разгарнулася дынастычная барацьбы за вярхоўную ўладу ў ВКЛ. Перамогу ў гэтай барацьбе на першым этапе атрымаў старэйшы сын Альгерда ад другога шлюбу – Ягайла.

У жніўні 1385 г. у замку Крэва была падпісана унія (саюз) паміж ВКЛ і Польшчай. Была ўстаноўлена персанальная (асабістая) унія паміж гэтымі дзяржавамі. На чале абедзвюх дзяржаў станавіўся вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Ягайла. Ініцыятыва уніі зыходзіла з польскага боку. У 80-я гг. XIV ст. Польшча перажывала цяжкія часы сваёй гісторыі. Яна цярпела ўціск не толькі ад крыжакоў, але і ад таго ж ВКЛ. Яго войска ў 1376, 1383, 1384 гг. зрабіла паспяховыя паходы ў польскія землі. У такіх умовах Польшча мусіла шукаць прымірэння з ВКЛ.

Падпісваючы унію, Ягайла і іншыя князі далі абяцанне «на вечныя часы далучыць свае землі, літоўскія і рускія, да Кароны Польскай». Ужо ў наступным, 1386 годзе Ягайла распачаў выкананне свайго абяцання. Ён ажаніўся з польскай каралеўнай Ядвігай, прыняў каталіцтва і імя Уладзіслава II, пасля чаго каранаваўся – стаў каралём Польшчы, адначасова застаючыся вялікім князем літоўскім. Насельніцтва ВКЛ павінна было прыняць каталіцтва, але на самой справе гэта тычылася толькі літоўцаў-язычнікаў, бо славянскае насельніцтва было праваслаўным і не жадала мяняць веру. Тым не менш з гэтага часу каталіцтва пачало хутка распаўсюджвацца ў ВКЛ. У 1387 г. Ягайла выдаў прывілей, па якому каталіцкім феадалам ВКЛ надаваліся правы польскай шляхты. Прывілей паставіў у няроўнае становішча праваслаўных феадалаў у адносінах да феадалаў-каталікоў, стаў прычынай размежавання пануючага саслоўя па канфесійнай прыкмеце. У тым жа, 1387 годзе Вільня атрымала гарадское самакіраванне – магдэбургскае права.

Разам з тым, гэтыя пастановы выклікалі ў асяроддзі шматлікай праваслаўнай арыстакратыі рэзкае нездавальненне лалітыкай вярхоўнай уладм. Рэлігійныя супярэчнасці скарыстаў брат Ягайлы Вітаўт (1350—1430 гг.), які ў 90-х гг. ХІУст. узнавіў незалежнасць Вялікага княства Літоўскага. Дамогся ён гэтага з апорай унутры дзяржавы на апазіцыйную каталіцкай экспансіі Польшчы ў асноўным праваслаўную знаць, а за межамі Вялікага княства – Ордэн, яому было выгадна пагаршэнне адносін паміж Княствам і Польскай дзяржавай. 3 Ордэнам вясной 1398 г. на востраве Салін было заключана пагадненне, па якому Вітаўт абвяшчаўся «каралём Літвы і Русі”.

Ва ўмовах пагрозы саюзу ВКЛ і Польшчы Ягайла накіраваў да Вітаўта сваіх паслоў з прапановай міру. Перамовы закончыліся падпісаннем у 1392 г. у мястэчку Вострава каля Ліды пагаднення аб падзеле ўлады, па якому Вітаўт стаў вялікім князем літоўскім.

Але за час працяглай (1377 – 1392 гг.) дынастычнай барацьбы за вярхоўную ўладу ў ВКЛ удзельныя князі адчулі сябе сапраўднымі манархамі ў сваіх землях. Сувязь з цэнтрам у іх практычна адсутнічала, гаспадарылі і рабілі палітычны выбар яны самастойна. Маючы свае ўладанні на ўскраінах дзяржавы, абласныя правадыры ўяўлялі сабой небяспечную сепаратысцкую дэцэнтралізуючую дзяржаву сілу. Напрыклад, пасля смерці другой жонкі вялікага князя Альгерда княгіні Ульяны, якая па спадчыннаму праву княжыла ў Віцебску, адзін з яе сыноў, Свідрыгайла Альгердавіч, самавольна заняў віцебскі княжацкі пасад. Менавіта ў сувязі з падобнай набіраючай моц адасобленасцю і непадначаленасцю ўдзельных князёў навядзенне парадку ў асобных княствах было актуальнай задачай для вялікага князя Вітаўта.

Маючы за сабой моцны тыл у выглядзе падтрымкі буйных баяр і дробных князёў, якія выступалі за цэнтралізацыю ўлады у ВКЛ, Вітаўт на працягу 1393 – 1395 гг. ліквідаваў буйныя ўдзельныя княжанні ў Полацку, Віцебску, Смаленску, Ноўгарадзе Северскім, Кіеве, на Валыні і Падоллі.

Ва ўсе «вызваленыя» ад папярэдняй улады ўдзелы Вітаўт прызначаў сваіх намеснікаў. Напрыклад, у Віцебску ім стаў Фёдар Вясна, у Кіеве – Іван Гальшанскі і г. д. Усе яны былі служылымі людзьмі і свята выконвалі волю гаспадара. Пры гэтым Вітаўт не парушаў выпрацаваную продкамі традыцыю, захоўваючы за абласцямі пэўную аўтаномнасць і самабытнасць. Аб гэтым сведчаць тыя ж абласныя прывілеі, якія выдаваліся як Вітаўтам, так і яго спадкаемцамі.

Такім чынам, увядзенне намесніцтваў, па-першае, скіравала абласныя ўскраіны Вялікага княства Літоўскага да больш цеснай сувязі з цэнтрам, па-другое, умацавала вярхоўную ўладу дзеля падтрымкі ўнутранага адзінства і цэласнасці дзяржавы.

Вялікі князь Вітаўт (1392 – 1430 гг.) працягваў барацьбу супраць ардынцаў. У 1397 г. пад кіраўніцтвам Вітаўта войска ВКЛ зрабіла паспяховы паход супраць ардынцаў на раку Дон, у выніку якога да ВКЛ былі далучаны землі ў нізоўях Дона і Дняпра. Межы дзяржавы дасягнулі Чорнага мора. У гістарычнай літаратуры гэты паход называюць братаннем Вітаўта з Чорным морам. Аднак у 1399 г. войска Вітаўта было разгромлена ардынцамі на р. Ворскле (прыток Днянра, Украіна). Загінула шмат воінаў і амаль усе князі, у тым ліку князь Андрэй Полацкі, які ў 1380 г. ўдзельнічаў у Кулікоўскай бітве на баку маскоўскага князя Дзмітрыя Іванавіча (Данскога). Сам Вітаўт з невялікай дружынай ледзь уратаваўся ад ардынцаў. Дарэчы, саюзнікам татараў у Кулікоўскай бітве выступаў Ягайла, але сваё войска да Кулікова поля не давёў.

Паражэнне на Ворскле мела сваім вынікам Віленска - Радамскую унію паміж ВКЛ і Польшчай 1401г., што ўмацавала саюз балта-славянскіх сіл у супрацьстаянні з крыжакамі. Паводле пагаднення, дзяржавы павінны былі разам дзейнічаць супраць ворагаў, польскія феадалы абавязаліся не выбіраць караля без згоды феадалаў Вялікага княства Літоўскага, пацвярджаліся правы Вітаўта на самастойнае кіраванне, але прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы і яго аўтарытэт у кіраванні агульнымі справамі.

Вітаўт праводзіў актыўную усходнюю палітыку. Падтрымліваў цвярскіх і разанскіх князеў у барацьбе супраць палітыкі Масквы. У 1404 г. заваяваў Смаленск, у 1408 г. вызначыў мяжу з Маскоўскай дзяржавай па рэках Угра

Фіналам гэтай больш чым двухсотгадовай барацьбы славянскіх і балцкіх народаў з тэўтонамі стала бітва пад Грунвальдам. 15 ліпеня 1410 г. на вузкім полі каля вёсачак Грунвальд, Людвікава і Таненберг сышліся на бітву аб'яднаныя войскі Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства з войскам крыжацкім. Гэта бітва ўвайшла ў гісторыю як вялікая. Вялікая таму, што ніводная з бітваў сярэдневякоўя не збірала такой колькасці воінаў – некалькі дзесяткаў тысяч. Але вялікая яшчэ і таму, што практычна прадвызначыла далейшае гістарычнае развіццё многіх еўрапейскіх народаў і стала фіналам страшнага, больш чым двухсотгадовага, супрацьстаяння дзвюх магутных сіл: славянства разам з балцкімі народамі і крыжацкіх заваёўнікаў.

На грунвальдскім полі войскі Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага налічвалі 40 харугваў, сярод якіх значыліся Гарадзенская, Лідская, Полацкая, Віцебская, Наваградская, Ваўкавыская, Берасцейская, Пінская, палкі Мсціслаўскі, Аршанскі, Слуцкі, Магілёўскі, воіны з Нясвіжа, Кобрына, Крэва, Лукомля, Ашмянаў.

Раніцай 15 ліпеня адзін супраць аднаго сталі, з аднаго боку, ордэнскае войска, за плячамі каторага бачылася ўся Еўропа – рыцары з рэйнскіх зямель, Мейсана, Вестфаліі, Швейцарыі – і, з другога боку, лольскае і велікакняжацкае войска, у якім пераважалі славяне (палякі, беларусы, украінцы, рускія, чэхі) у саюзе з літоўцамі, пры падтрымцы татараў, што знайшлі сабе прытулак у Вялікім княстве. Сілы бакоў, калі ўлічыць лепшае ўзбраенне рыцараў-тэўтонаў і колькасную перавагу саюзнага войска, былі прыкладна роўныя. Але ж за спіной у беларусаў, палякаў, літоўцаў была свая зямля, свае хаты і сем'і. Таму баявы дух іх быў куды вышэйшы. Гэта, пэўна, і прадвызначыла іх перамогу. Агульнае кіраўніцтва войскам рыцараў ажыццяўляў вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген, які загінуў падчас бітвы. У пачатку бітвы татарская лёгкая конніца трапіла ў “воўчыя ямы”, падрыхтаваныя крыжакамі. Ад іх пацярпеў ваявода Жадзевід. Гераізм у бітве праявілі палкі Мсціслаўскі, Аршанскі і Смаленскі, якімі кіраваў мсціслаўскі князь Сямён Лугвенавіч.

Паражэнне Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве азначала крах 200-гадовай крыжацкай агрэсіі ва Усходняй Прыбалтыцы. Пасля перамогі над крыжакамі значна ўзрос міжнародны аўтарытэт Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства. У 1411 г. паміж Ордэнам, Польшчай і ВКЛ быў заключаны Таруньскі мір, якім завяршылася Вялікая вайна 1409 – 1411 г. .

Пасля поспеху пад Грунвальдам Вялікае княства Літоўскае на чале з Вітаўтам пачало змагацца за вяртанне беларуска-літоўскаму гаспадарству былога першынства ў правядзенні ўсходняй палітыкі ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. Разам з тым вялікі князь Вітаўт добра разумеў, што пракаталіцкая арыентацыя Вялікага княства – гэта ўжо трывалая з'ява. У 1413 г. была заключаная Гарадзельская ўніяВКЛ і Польшчы – Саюз Вялікага княства Літоўскага і Польшчы, юрыдычна замацаваны ў 3 граматах. 1-я грамата выдадзена ад імя 47 польскіх феадалаў, якія надзялялі 47 феадалаў Вялікага княства Літоўскага сваімі гербамі і тым самым прымалі ў сваё гербавае брацтва. У 2-й грамаце 47 феадалаў Вялікага княства Літоўскага прымалі гербы польскіх феалалаў і абяцалі быць з імі ў дружбе і саюзе , у выпадку смерці вялікага князя Вітаўта абяцалі не выбіраць сабе князя без парады і згоды польскіх феадалаў. Польскія феадалы ў выпадку смерці Ягайлы таксама не павінны былі выбіраць новага караля без парады і згоды феадалаў Вялікага княства Літоўскага. У 3-й грамаце Ягайла і Вітаўт абяцалі назначаць на дзяржаўныя пасады выключна феадалаў-католікаў, якія прынялі польскія гербы і дазволілі ім свабодна распараджацца ў сваіх маёнтках, даваць ільготы касцёлам, манастырам і інш. каталіцкім установам.

Вітаўт хацеў прыняць тытул караля, бо каранацыя вялікага князя – гэта акт прызнання Еўропай заслуг і пэўнага лідэрства Вітаўта ў палітычным жыцці Усходу. Але заходнія суседзі Вялікага княства – палякі – баяліся згубіць першынство ў рэгіёне. I дзякуючы інтрыгам Ягайлы, каранацыя Вітаўта так і не адбылася. У 1430 г. Вітаўт памёр.

ВКЛ у сярэдзіне 15 – сяр. 16 стст. У 1430 г. Вялікім князем Літоўскім быў выбраны Свідрыгайла Альгердавіч. Быў праціўнікам уніі з Польшчай. З’яўляючыся каталіком паводле веравызнання, абапіраўся на падтрымку беларускіх і ўкраінскіх праваслаўных феадалаў ВКЛ. 3 1432 г. вёў барацьбу з Жыгімонтам Кейстутавічам. Пасля 1440 г. княжыў на Валыні.

Жыгімонт Кейстутавіч – Вялікі князь Вялікага княства Літоўскага (1432 – 1440 гг.). Стаў вялікім князем пры падтрымцы феадалаў-католікаў. Каб схіліць на свой бок праваслаўных феадалаў, у 1432 г. распаўсюдзіў на іх прывілеі 1387 і 1413гт., а ў 1434 г. гарантаваў ім недатыкальнасць асобы і вызваліў ад павіннасцей і плацяжоў з маёнткаў. У 1435 г. войска, якім кіраваў сын Жыгімонта Кейстутавіча Міхалюшка, атрымала перамогу над войскам Свідрыгайлы ў бітве пры Вількаміры. Займаў прапольскую пазіцыю, аддаў Польшчы Валынь і Падолле. Яго палітыка і жорсткасць выклікалі незадаволенасць беларускіх, украінскіх і літоўскіх феадалаў. Забіты князем Чартарыйскім у выніку змовы у 1440 г.

У 1440 г. Вялікім князем Вялікага княства Літоўскага быў выбраны 13-гадовы сын Ягайлы Казімір. Кіраваў ВКЛ да 1492 г. З 1447 г. – кароль Польшчы. Праводзіў палітыку ўмацавання вялікакняжацкай улады, запрыгоньвання сялянаў і пашырэння правоў феадалаў. Выдаў прывілей 1447 г.,які паклаў пачатак юрыдычнага афармлення залежнасці сялян ад феадалаў. Юрыдычна замацаваў эканамічныя і палітычныя правы феадалаў на зямельную ўласнасць і на суд над залежным ад іх насельніцтвам, забараняў ім прымаць беглых «чорных» сялянаў.

Пры ім узрасла роля дарадчага органа – паноў-рады і яго ўплыў на вялікага князя. Выдаў Судзебнік 1468 г. – першы кодэкс крымінальнага і працэсуальнага права Вялікага княства Літоўскага. Напісаны на беларускай мове. Устанавіў адзіныя для ўсёй дзяржавы віды пакаранняўза злачынствы, абмежаваў адказнасць жонкі і дзяцей за злачынствы мужаі бацькі.

У 1481 г. праваслаўныя князі М. Алелькавіч, I. Гальшанскі, Ф. Бельскі і інш. арганізавалі змову супраць Казіміра з мэтай захопу ўлады ў Вялікім княстве Літоўскім, але змова не ўдалася. У знешняй палітьшм імкнуўся захаваць тэрытарыяльныя межы дзяржавы.

Аляксандар Казіміравіч (1461 – 1506). Вялікі князь Вялікага княства Літоўскага з 1492 г., кароль польскі з 1501 г. Вёў войны з Маскоўскай дзяржавай. У час вайны 1492-1494 гг.. спрабаваў дасягнуць міру шляхам заключэння шлюбу з дачкой маскоўскага князя Івана ІІІ. Вайна 1500-1503 гг. была няўдалая для Вялікага княства Літоўскага. Няўдачы ў вайне (разгром войскаў на чале з гетманам К. Астрожскім на р. Ведрашы (1500г.), каля Мсціслава (1501 г.) прымусілі Вялікае княства Літоўскае ў 1503 г. заключыць 6-гадовае перамір'е, паводле якога да Маскоўскай дзяржавы адыходзілі 25 гарадоў і 70 валасцей у вярхоўях Акі, Дзясны, Дняпра і г.д. (гарады Бранск, Гомель, Мцэнск, Рыльск, Старадуб і інш.). Падзеі вайны сталі этапнымі ў супрацьстаянні паміж названымі дзяржавамі. Ініцыятыва ў збіранні ўсходнеславянскіх земляў перайшла да Масквы.

Даў феадалам Прывілсй 1492 г. . у якім абяцаў не прымаць важных рашэнняў без згоды рады. Пры Аляксандры сейм прыняў у 1505г. збор законаў, вядомы пад назваю Радамская канстытуцыя, якая пашырыла правы шляхты.

Жыгімонт I Стары (1467-1548), брат Аляксандра – Вялікі князь Вялікага княства Літоўскага і кароль Польшчы (1506-1548 гг.). Ваеннымі і фінансавымі рэформамі спрабаваў умацаваць дзяржаўную ўладу, што выклікала ўзброенае выступленне магнатаў і шляхты (т.зв. «курыная вайна» 1537 г.). Пры ім шляхта дамшлася роўных правоў з магнатамі, выбарнасці ў сейм; быў уведзены Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г.

У пачатку яго княжання ў 1507 – 1508 гг. адбылася вайна паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. Не прынесла поспеху ніводнаму з бакоў і скончылася т.зв. вечным мірам (1508 г.), паводле якога Вялікае княства Літоўскае прызнала за Маскоўскай дзяржавай землі, што адышлі да яе ў 1503 г. У 1508 г. Міхал Глінскі ўзняў паўстанне, але няўдала. 3 канца 1508 г. у Маскоўскай дзяржаве. (Глінскі Міхаіл (1470 – 1534). Князь, маршалак дворны літоўскі з 1500 г., кіраўнік віленскага манетнага двара з 1501 г. На чале войска Вялікага княства Літоўскага 5.08.1506 г. разбіў пад Клецкам крымскіх татараў. Меў значны ўплыў на вялікага князя Аляксандра. Жыгімонт І Стары пазбавіў М. Глінскага ранейшага становішча ў Вялікім княстве Літоўскім).

У 1512 – 1522 гг. адбылася вайна паміж паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. У час гэтай вайны маскоўскія войскі авалодалі Смаленскам (жнівень, 1514 г.). 8 верасня 1514гвойска гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага (1460-1530). (Князь, гетман Вялікага княства Літоўскага з 1497 г., кашталян віленскі з 1511 г., ваявода трокскі з 1522 г. Атрымаў перамогу больш чым у 60 бітвах) атрымала бліскучую перамогу ў бітве пад Оршай. Напады саюзных Вялікаму княству Літоўскаму татараў аслабілі маскоўскае войска; яно вымушана было пакінуць занятыя гарады Дуброўна, Крычаў, Мсціслаў. У 1517 г. пачаліся мірныя перагаворы, хоць ваенныя дзеянні не спыніліся. У 1522 г. заключана на 5 гадоў перамір’е. Смаленская зямля адыйшла да Маскоўскай дзяржавы

У 1534 – 1537 гг. паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай адбылася чарговая вайна. У час вайны войскі Вялікага княства Літоўскага ў саюзе з крымскімі татарамі беспаспяхова нанадалі на Чарнігава-Северскія землі, пацярпелі няўдачу і пад Смаленскам. Маскоўскія войскі з верасня 1534 г. вялі баявыя дзеянні каля Віцебска, Полацка, Браслава, Крычава, Радамлі, Мсціслава, Магілёва. У 1537 г. заключана перамір’е на 5 год, якое затым падоўжана, Маскоўская дзяржава захавала заваяваныя Себеж і Завалочча, Вялікае княства Літоўскае – Любеч і Гомель.

У 1529 г. быў прыняты Першы Статут Вялікага Княства Літоўскага – збор законаў феадальнага права, які дзейнічаў у Вялікім княстве Літоўскім у сярэдзіне XVI ст, Адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў. Напісаны на беларускай мове. Юрыдычна замацаваў асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы дзяржаўных і судовых устаноў, прывілеяванае становішча шляхты і абмежаванне правоў сялян. Спрыяў цэнтралізацыі дзяржавы, умацаванню законнасці і пэўнаму абмежаванню феадальнага самавольства. У аснове Статута закладзены новыя прынцыпы: суверэннасць дзяржавы (насуперак сярэдневяковаму касмапалітызму), адзінства права, прыярытэт пісанага права.

У 1548 г. Вялікім княэем Вялікага княства Літоўскага і каролём Польшчы стаў апошні прадстаўнік дынастыі Ягелонаў – Жыгімонт ІІ Аўгуст(1520-1572). Каранаваны пры жыцці бацькі Жыгімонта І Старога ў 1530 г. У час яго праўлення найбольшых поспехаў дасягнула Рэфармацыя ў Вялікім княстве Літоўскім, уведзены Другі Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 г., актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і рэдагаванні якога прымаў Астафей Валовіч ((каля 1520-1587). Дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, найвышэйшы пісар, маршалак дворны, земскі падскарбі (1561 – 1566 гт.), падканцлер (1566 – 1579гг.), канцлер (1579 – 1584гг.), віленскі ваявода (1584 – 1587 гг.).


mylektsii.ru - Мои Лекции - 2015-2019 год. (0.018 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал