Главная страница Случайная страница Разделы сайта АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Асаблівасці развіцця эканомікі ў другой палове XIX ст. Прамысловы пераварот
Другая палова XIX ст. была адзначана асабліва шпаркім эканамічным развіццём краін Еўропы, Паўночнай Амерыкі, Японіі. Яно выявілася перш за ўсё ў прамысловасці. Прагрэс тэхнікі і новыя інжынерныя распрацоўкі прывялі не толькі да колькаснага змянення яе прадукцыі (рост аб'ёму, пашырэнне асартыменту). На працягу XIX ст. у гаспадарцы перадавых краін свету адбыліся якасныя змены, звязаныя з пераходам ад ручной да машыннай вытворчасці прамысловай прадукцыі (прамысловы пераварот). Храналагічныя рамкі прамысловага перавароту ў Расіі: мяжа 30-40-х - мяжа 70-80-х гг. XIX ст. Не такімі рэзкімі былі перамены ў сельскай гаспадарцы. Тым не менш яны назіраліся і тут: палепшылася агратэхніка (адбыўся пераход да шматпольнага севазвароту, уводзіліся новыя культуры, пачалося выкарыстанне хімічных угнаенняў) і як вынік расла вытворчасць прадукцыі. Сельская гаспадарка перадавых краін насіла ўжо таварны характар і была шчыльна звязана з рынкам. Феадальныя адносіны на вёсцы, якія ўсё яшчэ панавалі ў шэрагу краін, сталі тормазам і галоўнай прычынай адставання іх эканомік. Таму ўрады Аўстрыі, Прусіі і Расіі, у ліку апошніх, былі вымушаны пайсці на адмену прыгоннага права. Аднак пераход ад феадальных да капіталістычных адносін на вёсцы быў абцяжараны ў гэтых краінах шэрагам перажыткаў старога ладу і перш за ўсё захаваннем буйнога памешчыцкага землеўладання. Паводле вызначэння У. Леніна, гэта быў прускі шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы. Другім шляхам быў амерыканскі (фермерскі). Панаванне памешчыцкага землеўладання было вельмі ўласцівай Беларусі рысай. Яшчэ ў 1877 г. памешчыцкая зямля складала тут 50, 3 % ад агульнай плошчы. Буржуазнае землеўладанне на Беларусі хоць і марудна, але расло: з 1877 па 1905 гг. яно павялічылася з 5, 1 да 16, 5 % агульнай плошчы. Менавіта памешчыцкія гаспадаркі Беларусі былі галоўнымі пастаўшчыкамі прадукцыі на мясцовы, усерасійскі і заходнееўрапейскі рынкі. У 60-70-я гг. XIX ст. сельская гаспадарка Беларусі спецыялізавалася на вытворчасці збожжа. Паступленне ў 80-я гг. на заходнееўрапейскі рынак больш таннага і якаснага збожжа з Паўночнай Амерыкі, Аргенціны і Аўстраліі выклікала рэзкае (удвая і больш) падзенне цэн на яго. Да таго ж расійскі ўрад праз тарыфную палітыку спрыяў вывазу збожжа на захад кантынента з паўднёвых раёнаў імперыі. У выніку вырошчванне таварнага хлеба на Беларусі стала нявыгадным, і яе сельская гаспадарка пераарыентавалася на малочна-мясную жывёлагадоўлю. За перыяд 1883-1900 гг. пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі вырасла амаль што ўдвая. Павышалася таксама значэнне тэхнічных культур і бульбы, якая стала асноўнай сыравінай для вінакурнай прамысловасці. У 80-90-я гг. плошча бульбянога поля павялічылася ў 3, 3 раза. Прасочвалася пэўная рэгіянальная спецыялізацыя сельскай гаспадаркі. У Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губернях утварыўся раён бульбаводства. На льне спецыялізаваліся Віцебская і паўночна-ўсходнія паветы Віленскай губерні. На Магілёўшчыне вырошчвалі каноплі. На працягу 60-80-х гг. у Гродзенскай і Мінскай губернях паспяхова развівалася танкарунная авечкагадоўля. Аднак к пачатку XX ст., у сувязі з канкурэнцыяй аўстралійскай воўны, яна прыйшла ў заняпад. Саракагадовы парэформенны перыяд у развіцці прамысловасці Беларусі падзяляецца на 2 этапы: 60-70-я і 80-90-я гг. На першым этапе прамысловасць расла марудна. На другім рост значна паскорыўся, і асабліва ў 90-я гг., што было звязана з агульным прамысловым уздымам у свеце. Найадметнейшай рысай прамысловасці Беларусі 2-й паловы XIX ст. была яе шматукладнасць. Суіснавалі ўласцівыя яшчэ феадалізму рамесныя майстэрні, пераходныя да капіталізму мануфактуры і капіталістычныя прадпрыемствы - фабрыкі і заводы. Прычым удзельная вага дробных майстэрняў была вельмі высокая. У 1860 г. яны давалі да 84% ад усяго аб'ёму прамысловай прадукцыі, у той час як мануфактуры - 7, 4%, а фабрыкі - 9%. Аднак з цягам часу сітуацыя мянялася, значэнне фабрык і мануфактур расло. У 1900 г. фабрыкі і заводы забяспечвалі ўжо 46, 8% прадукцыі, мануфактуры - 15, 4%, а дробныя прадпрыемствы - 37, 8%. Пры гэтым на Беларусі пераважалі дробныя і сярэднія фабрыкі і заводы (з колькасцю працоўных менш за 50 чалавек на кожным). Буйных прадпрыемстваў, дзе працавала 500 чалавек і болей, было вельмі мала. На 1900 г. іх было толькі 9. Самым вялікім прамысловым прадпрыемствам на Беларусі была тытунёвая фабрыка Шарашэўскага ў Гродне, дзе ў 1900 г. працавала 1445 рабочых. Найбольш развітымі галінамі прамысловасці былі вінакурная (у 1890 г. у пяці беларускіх губернях дзейнічала 18% вінакурных заводаў Расійскай імперыі), дрэваапрацоўчая, папярова-кардонная, тытунёвая, будаўнічая, тэкстыльная, ільно- і пенькаапрацоўчая, металаапрацоўчая (на прывазной сыравіне). У 2-й палове XIX ст. у шэрагу гэтых галін адбыўся прамысловы пераварот: у папярова-кардоннай - у сярэдзіне 80-х, у вінакурнай, дрэваапрацоўчай і металаапрацоўчай - у 90-х гг. Для параўнання, у Расіі прамысловы пераварот адбыўся спачатку ў тэкстыльнай і баваўнянай галінах. Адным з важных фактараў фарміравання нацыянальнага рынку і развіцця гаспадаркі ўвогуле было пашырэнне сеткі шляхоў зносін, і ў першую чаргу чыгунак. Пры будаўніцтве чыгунак на Беларусі ўрад зыходзіў з ваенна-стратэгічных (геаграфічнае становішча края на надзвычай важным заходнім накірунку), а таксама з эканамічных меркаванняў. Першая чыгуначная лінія (участак Пецярбургска-Варшаўскай дарогі) прайшла па тэрыторыі Беларусі ў 1862 г. На пачатку XX ст., з пабудовай Рыга-Арлоўскай, Маскоўска-Брэсцкай, Лібава-Роменскай, Палескай і Пецярбургска-Адэскай чыгунак іх даўжыня на тэрыторыі Беларусі склала 2.985 км. Наша краіна набыла адну з самых густых чыгуначных сетак у Расійскай імперыі. Будаўніцтва чыгунак дало моцны штуршок росту гарадоў, якія сталі буйнымі вузламі, некаторым галінам прамысловасці (напрыклад, дрэваапрацоўчай), сельскагаспадарчай вытворчасці.
Пра пашырэнне і паглыбленне рыначных сувязяў сведчаць глыбокія зрухі ў гандлі. На змену кірмашам, якія праводзіліся перыядычна, прыходзіў сталы крамны гандаль. Гэта асабліва ўласціва гарадам, дзе к канцу XIX ст. на яго прыпадала ўжо 95% усяго ўнутранага абароту. Кірмашовы гандаль паступова дэградаваў. Кірмашы сталі асяродкамі лакальных рынкаў на вёсцы, дзе прадавалі і куплялі сельскагаспадарчую прадукцыю, жывёлу і рэчы хатняга ўжытку. Пад уплывам эканамічных пераўтварэнняў капіталістычнага характару мянялася і сацыяльная структура насельніцтва Беларусі. Адбывалася сацыяльнае і маёмаснае яго расслаенне, фарміраваліся класы буржуазнага грамадства. Пасля адмены прыгоннага права паскорылася маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства. На канец XIX ст. найбагацейшы яго слой (т. зв. кулакі) складаў каля 8%, сярэдні - прыблізна 32% і найбяднейшы - прыкладна 60% ад агульнай лічбы сялянскіх гаспадарак. Са збяднелых сялян, саматужнікаў, рамеснікаў фарміраваўся рабочы клас (пралетарыят). Напрыканцы XIX ст. прамысловы пралетарыят Беларусі налічваў 143 тыс. чалавек. Размешчанасць пераважнай большасці фабрык і заводаў у мястэчках і маёнтках, а таксама іх дробныя памеры абумовілі асаблівасці айчыннага рабочага класа. Ён усё яшчэ быў трывала звязаны з сельскай гаспадаркай. Толькі невялікая доля рабочых была сканцэнтравана на буйных прадпрыемствах. У склад буржуазіі ўваходзілі прамыслоўцы (вельмі часта адначасова памешчыкі), заможныя рамеснікі і саматужнікі, купцы, фінансісты, вярхушка сялянства. Буржуазныя рэформы, і ў першую чаргу адмена прыгоннага права, прывялі да паступовай перабудовы эканомікі Беларусі на новых, капіталістычных пачатках, значна паскорылі яе гаспадарчае развіццё. Сацыяльная структура насельніцтва набыла рысы, уласцівыя буржуазнаму грамадству.
|