Главная страница Случайная страница Разделы сайта АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Адукацыя і навука ў канцы XVIII - першай палове XIX стст.
Адукацыйны працэс на беларускіх землях у гэты час знаходзіўся пад моцным уплывам польскай і рускай традыцый, што тлумачыцца як аб'ектыўнымі ўмовамі знаходжання Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай, а пасля Расійскай імперыі. Пасля шляхецкага паўстання 1830-1831 гг. царскі ўрад распачаў выцясненне польскай мовы і культуры, укараненне праваслаўя і ідэі адзінай рускай народнасці. Паланізацыі супрацістаўлялася русіфікацыя, а на практыцы яна ўзмацняла паланізацыю. Бо тая частка шляхты, якая адмоўна ставілася да праваслаўя і палітыкі Расіі ўвогуле, была вымушана злівацца з польскім нацыянальным рухам, абвяшчаць сябе палякамі. Яшчэ пры Кацярыне II былі зроблены першыя спробы арганізацыі народнай асветы на дзяржаўным узроўні ў Расіі. Паводле статута 1786 г. у кожным губернскім горадзе прадугледжвалася адкрыццё аднаго чатырохкласнага Галоўнага народнага вучылішча, а ў павятовым - аднаго двухкласнага Малога народнага вучылішча. Палажэнні статута рэалізоўваліся ў губернях усходняй Беларусі, далучанай да Расійскай імперыі у 1772 г. Аднак на практыцы рускія свецкія школы ўзніклі не ўсюды і прытым яны былі недаступныя для сялян. У канцы XVIII ст. працягвалі дзейнічаць манастырскія уніяцкія і каталіцкія навучальныя ўстановы, у тым ліку і езуіцкія. Сярод апошніх вылучалася Полацкая езуіцкая акадэмія (1812-1820 гг.), якая па ўзроўні адукацыі набліжалася да вышэйшай навучальнай установы. У цэлым сістэма асветы на беларускіх землях пакуль працягвала працаваць па-польску. У адпаведнасці з рэформай асветы 1803-1804 гг. школы беларускіх губерняў былі ўключаны ў склад Віленскай навучальнай акругі. Сістэма адукацыі была саслоўнай, сяляне не маглі пайсці далей пачатковых (царкоўна-прыходскіх) школ, вышэйшая адукацыя існавала толькі для дваран. Цэнтрам адукацыі і навукі з'яўляўся Віленскі універсітэт, у якім выкладанне вялося на польскай мове, але заахвочвалася вывучэнне гісторыі і мясцовых традыцый, што садзейнічала выкрышталізацыі сярод студэнцтва ідэй беларускай нацыянальнай самасвядомасці. Пасля паўстання, у 1832 г., Віленскі універсітэт, як асяродак шляхецкага патрыятызму і вальнадумства, зачыняецца. Каталіцкія манастырскія вучылішчы пераўтвараюцца ў свецкія гімназіі і павятовыя вучылішчы, дзе выкладанне вялося на рускай мове. Асвета пачала будавацца на прынцыпах " праваслаўя, самадзяржаўя і народнасці". Да 60-х гадоў XIX ст. на Беларусі дзейнічала 576 навучальных устаноў усіх тыпаў, у якіх навучалася каля 17 тыс. чалавек, што складала 0, 5% усяго насельніцтва. Адукацыйная сістэма вымушана была адгукацца на запатрабаванні часу, рабіліся, хоць і непаслядоўна, захады для развіцця спецыяльнай адукацыі. З пачатку 20-х гг. пачалося распаўсюджванне ланкастэрскіх школ для небагатых вучняў. Гэтыя школы ўзніклі у канцы XVIII - першай палове XIX стст. у розных краінах у выніку грамадскага руху за танны і хуткі спосаб атрымання адукацыі. Паводле ланкастэрскай сістэмы (англійскія педагогі Дж. Ланкастэр і А. Бэл) адбывалася навучанне дзяцей і дарослых больш падрыхтаванымі вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніка. Першая ў Ра-сійскай імперыі школа ўзаемнага навучання была адкрыта ў 1819 г. у Гомелі, у тагачасным маёнтку графа М. Румянцава. У 1840-я гг. сталі адкрывацца пачатковыя школы для дзяржаўных сялян, настаўнікамі ў якіх часцей за ўсё былі мясцовыя святары. У 1840 г. пачынае працаваць Горы-Горацкая земляробчая школа, пераўтвораная ў 1848 г. у земляробчы інстытут - першую ў Расіі вышэйшую агранамічную навучальную ўстанову. Праз пансіёны і інстытуты шляхетных дзяўчат з 1840-х гадоў арганізоўвалася жаночая асвета. У галіне навукі еўрапейскую славу атрымаў Віленскі універсітэт. Значнага ўзроўню дасягнулі тут дакладныя навукі. Ян Снядэцкі, які працяглы час быў рэктарам, унёс выдатны ўклад у матэматыку і астраномію, яго падручнік па сферычнай трыганаметрыі лічыўся найлепшым у Еўропе. Брат Яна Андрэй Снядэцкі на аснове віленскіх лекцый стварыў першы універсітэцкі падручнік па хіміі, а ў працы " Тэорыя арганічных істот", перакладзенай на нямецкую і французскую мовы, адным з першых у Еўропе абгрунтаваў ідэю аб кругавароце элементаў у прыродзе. Вучоныя-грамадазнаўцы мелі поспехі ў даследаванні мінулага Вялікага княства Літоўскага, старажытнай беларускай культуры, што спрыяла ўзнікненню беларусазнаўства і абгрунтаванню беларускай нацыянальнай ідэі. Пры універсітэце дзейнічалі добра абсталяваная абсерваторыя, адзін з самых значных у Еўропе батанічных садоў, першы ў Расіі заалагічны музей, багацейшая бібліятэка, шмат кабінетаў. Усё гэта дазваляла атрымліваць вышэйшую адукацыю на ўзроўні, які не саступаў лепшым тагачасным універсітэтам Заходняй Еўропы. У Горы-Горацкім інстытуце развіваліся аграбіялогія і іншыя сельскагаспадарчыя навукі. Тут працаваў адзін з пачынальнікаў хімічнай навукі на Беларусі К. Шміт, выкладаў таксама выдатны хімік і педагог І. Цютчаў. Разам са студэнтамі праводзілася работа па вывядзенні новых сартоў сельскагаспадарчых культур, высокапрадуктыўных парод жывёлы, стварэнні інвентару. Вялікія палі, конны завод, сельскагаспадарчыя машыны, у тым ліку і замежныя, уся " эканамічная наяўнасць" перададзенага інстытуту казённага маёнтка, забяспечвалі якаснае засваенне вучэбнага плана. У асяроддзі інтэлігенцыі ўзмацняецца цікавасць да краязнаўства. Гэта абумоўлівалася як дэмакратызацыяй шляхецкага вызваленчага руху з яго пошукамі апоры ў сялянстве, так і тагачасным рамантызмам з яго культамі старадаўнасці і народнасці. Менавіта ў першай палове XIX ст. у свядомасці шляхты беларускіх зямель, што называла сябе " літвінскай", пачалі адбывацца велізарныя па сваёй значнасці зрухі, якія леглі ў аснову працэсу, які мы сёння называем пачаткам беларускага нацыянальнага адраджэння. Шляхта мясцовага паходжання вывучала гісторыю роднага краю, народную культуру, да якіх пачала ставіцца як да ўласных каранёў і здабыткаў. Выдзеліліся беларуская археалогія, этнаграфія, фалькларыстыка, дзе плённа працавалі І. Грыгаровіч, Т. Нарбут, браты Я. і К. Тышкевічы, Я. Чачот, А. Кіркор. Выяўляюцца і публікуюцца шматлікія матэрыялы і дакументы з беларускай мінуўшчыны, пішуцца абагульняючыя аналітычныя працы, складаюцца фальклорныя зборнікі. З ініцыятывы Яўстафія Тышкевіча ў 1855 г. быў заснаваны першы публічны ў Беларусі і Літве Віленскі музей старажытнасцей. Пры ім дзейнічала археалагічная камісія, якая займалася зборам, даследаваннем і папулярызацыяй гістарычнай і этнакультурнай спадчыны, арганізоўвала абмен інфармацыяй, кнігамі і сустрэчы з навуковымі арганізацыямі Англіі, Даніі, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Швецыі і іншых краін. У пачатку 40-х гг. знакаміты чэшскі вучоны Павел Шафарык на этнаграфічнай карце Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ўпершыню паказаў этнічную тэрыторыю беларусаў; ён жа адзначыў 15 спецыфічных асаблівасцей беларускай мовы. Усё гэта сведчыла аб пачатку самапазнавання народа і яго сцвярджэння ў новай еўрапейскай і славянскай сям'і.
|