Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Спробы рэформ і другі падзел Рэчы Паспалітай






Пасля першага падзелу Рэч Паспалітая яшчэ не перастала існаваць як самастойная дзяржава; ішла зацятая барацьба паміж стаўленікамі Расіі, якіх падтрымліваў рускі пасол, і патрыётамі.

Вялікую ролю ў палітычным жыцці краіны адыграў Чытырохгадовы сойм, які пачаў дзейнічаць у 1788 г. Спачатку дэпутатамі сойма былі абраны 177 чалавек, 69 з іх былі прыхільнікамі рэфармавання дзяржавы і належалі да буржуазна-шляхецкага блока. Гэты сойм абвясціў сябе канфедэрацыяй, што дазваляла прымаць рашэнні простай большасцю галасоў і пазбаўляла моцы права " ліберум вета" (1790). Напярэдадні заканчэння паўнамоцтваў дэпутатаў, сойм прыняў пастанову аб падоўжанні сваёй работы яшчэ на два гады і правядзенні дадатковых выбараў. У выніку колькасць дэпутатаў сойма падвоілася. З 359 дэпутатаў Чатырохгадовага сойма 181 былі прадстаўнікамі прагрэсіўнай партыі.

У студзені 1791 г. сойм прыняў новыя " Кардынальныя правы". Згодна з імі абвяшчалася пануючае становішча каталіцкай царквы, непарушнасць саюза Польшчы і Вялікага княства Літоўскага, суверэннасць Рэчы Паспалітай, свабода слова і друку. Рашэннямі сойма таксама была павялічана армія, прыняты новыя прынцыпы яе камплектавання. У сакавіку 1791 г. сойм прыняў закон аб сойміках, згодна з якім беззямельная шляхта пазбаўлялася выбарчых правоў. Гэтым у аснову выбарчай сістэмы клаўся не саслоўны, а маёмасны прынцып. Згодна з законам аб гарадах, прынятым 21 красавіка 1791 г., за мяшчанамі было прызнана права асабістай недатыкальнасці, набыцця зямельных маёнткаў, ім дазвалялася займаць дзяржаўныя пасады, быць абранымі на сойм з правам дарадчага голасу, абіраць органы самакіравання і інш. Акрамя таго, на кожным сойме 30 мяшчан, якія мелі нерухомую маёмасць у гарадах, маглі аб'яўляцца шляхтай, шляхецтва атрымлівалі таксама мяшчане, якія даслужыліся ў арміі да звання штабс-капітана.

 

Своеасаблівым вынікам рэформаў і найвышэйшым дасягненнем патрыятычнай партыі на чале са Станіславам Аўгустам стаў Закон аб урадзе 1791 г., які ў гістарычнай літаратуры атрымаў назву " Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 мая". Канстытуцыя 3 мая была другім у свеце (пасля Канстытуцыі ЗША) дзяржаўным дакументам, які рэгуляваў арганізацыю дзяржаўнай улады, а таксама правы і абавязкі грамадзян, пад якімі разумеліся ўсе жыхары краіны.

Рэч Паспалітая пераўтваралася ў канстытуцыйную манархію. Улада караля абвяшчалася спадчынай, яна абмяжоўвалася соймам. Дзяржаўнай рэлігіяй абвяшчаўся каталіцызм. Для іншых канфесій гарантавалася свабода выканання рэлігійных абрадаў. Шляхта разглядалася ў якасці прывілеяванага саслоўя, але яна пазбаўлялася найвышэйшай і апошняй улады над прыгоннымі сялянамі. Канстытуцыя дэкларавала, што сяляне пераходзяць " пад апеку права і ўлады дзяржаўнай". У новым законе абвяшчаўся падзел улады ў дзяржаве на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Канстытуцыя зрабіла рашучы крок па шляху зліцця Рэчы Паспалітай у адзіную краіну: былі ліквідаваны асобныя для Літвы і Польшчы цэнтральныя органы ўлады і сфарміраваны адзіны кабінет міністраў і іншыя дзяржаўныя ўстановы, у якіх прадстаўнікам Вялікага княства Літоўскага аддавалася палова пасад.

У сваёй аснове Канстытуцыя 3 мая мела, бясспрэчна, прагрэсіўны характар і адкрывала шлях да стварэння дэмакратычных асноў улады. Аднак нельга не адзначыць і некаторую яе абмежаванасць: па-ранейшаму заставаліся саслоўны характар грамадства і прывілеі шляхты. Для жыхароў Вялікага княства Літоўскага далейшае зліццё дзвюх частак Рэчы Паспалітай значыла працяг паланізацыі і пагрозу канчатковай страты сваёй дзяржаўнасці.

Канстытуцыя 3 мая выклікала незадавальненне старашляхецкай партыі, якую падтрымлівалі Прусія і Расія. 27 красавіка 1792 г. прадстаўнікі кансерватыўнай апазіцыі падпісалі акт канфедэрацыі, які перакрэсліваў пастановы Канстытуцыі 3 мая і вяртаўся да Кардынальных правоў 1768 г. Гэты акт быў абвешчаны 14 мая ў пагранічным мястэчку Таргавіца ва Украіне, пасля чаго канфедэраты звярнуліся да Расіі за ваеннай дапамогай. Кацярына ІІ накіравала ў Рэч Паспалітую 100- тысячную армію, што з'яўлялася адкрытай агрэсіяй супраць законнага ўрада краіны. Частка войскаў рушыла ў Польшчу, другая - у Літву. Армія Рэчы Паспалітай у гэты час налічвала каля 57 тыс. чалавек, была дрэнна ўзброена, не быў укамплектаваны афіцэрскі корпус. Літоўскае войска ўзначальваў Людвіг Вюртэнбергскі. Менавіта апошні ў час ваенных дзеянняў здрадзіў і перайшоў на бок Расіі, што значна паўплывала на вынік ваеннай кампаніі. Адна з рашаючых бітваў адбылася ля вёскі Дубенкі на Заходнім Бугу. Каралеўскімі войскамі тут камандаваў Тадэвуш Касцюшка, які меў каля 5 тыс. салдат і афіцэраў, але стрымаў націск 20-тысячнай арміі і гэтым забяспечыў адыход галоўных сіл на падрыхтаваныя пазіцыі.

У гэты час знешнепалітычныя абставіны спрыялі Рэчы Паспалітай: Аўстрыя і Прусія былі ўцягнуты ў вайну з буржуазнай Францыяй і не маглі дапамагчы Расійскай дзяржаве. Рэч Паспалітая, такім чынам, мела шанцы працягваць барацьбу за незалежнасць. Аднак Станіслаў Аўгуст вырашыў пайсці на кампраміс і адгукнуўся на ультыматум Кацярыны ІІ. Ён перапыніў ваенныя дзеянні і пачаў перамовы з канфедэратамі ў Таргавіцах. Станіслаў Аўгуст практычна аддаў уладу ў Рэчы Паспалітай у рукі таргавіцкіх канфедэратаў і Кацярыны ІІ, перакрэсліў тым самым пачатыя рэформы і прынятую Канстытуцыю.

Урад Расійскай імперыі ў канцы 1792 - пачатку 1793 гг. пачаў перамовы з Прусіяй і Аўстрыяй аб новым падзеле Рэчы Паспалітай. Прусія, якая не прымала ўдзелу ў баях, імкнулася ўсё ж узнагародзіць сябе матэрыяльна за кошт Польшчы ўзамен за страты, якія яна панесла падчас змагання ў складзе антыфранцузскай кааліцыі. Аўстрыя дамагалася перадачы ёй у будучым Баварыі, таму адмовіліся ад тэрытарыяльных прэтэнзій да Рэчы Паспалітай. У гэтых умовах быў праведзены другі падзел Рэчы Паспалітай. 23 студзеня 1793 г. у Пецярбургу была падпісана канвенцыя паміж Прусіяй і Расіяй, згодна з якой да Прусіі адышлі Вялікапольшча, Мазовія, Гданьск і Торунь. Расія атрымала цэнтральную частку Беларусі да лініі Друя - Пінск, а таксама Заходнюю Украіну і Падолію - усяго 280 тыс. кв. км. з 3 млн. жыхароў.

17 чэрвеня 1793 г. у Новым замку ў Гродна сабраўся сойм Рэчы Паспалітай, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай " маўклівага" ці " нямога", сойм зацвердзіў другі падзел.

Варта зазначыць, што сваёй гібеллю Рэч Паспалітая выратавала рэвалюцыйную Францыю, бо адцягнула на сябе сілы реакцыйных дзяржаў Еўропы.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.