Главная страница Случайная страница Разделы сайта АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Адукацыя і асвета ў Беларусі ў XVI-XVIII cтст.
У ХVI-XVII стст. асвета на Беларусі развівалася ва ўмовах барацьбы паміж праваслаўем, каталіцтвам і рэфармацыйнымі рухамі. Пры падтрымцы ўрада езуіты адкрывалі школы, якія спрыялі ўмацаванню пазіцый каталіцкай царквы і вынішчэнню рэфармацыйнага руху ў ВКЛ. У 1579 г. яны заснавалі Віленскую акадэмію - першую ў ВКЛ вышэйшую навучальную ўстанову. Першым рэктарам акадэміі быў ідэолаг контррэфармацыі Пётр Скарга. Акадэмія мела філасофскі і тэалагічны факультэты, з 1641 г. - юрыдычны. Яна рыхтавала служыцеляў культу, педагогаў, палітычных дзеячаў, дыпламатаў. Мела багатую бібліятэку, астранамічную абсерваторыю. Акадэмія адыграла вялікую ролю ў пашырэнні асветы на Беларусі, знаёмстве беларускага грамадства з дасягненнямі заходнееўрапейскай навукі, фарміравані інтэлігенцыі і адначасова спрыяла ўмацаванню пазіцый каталіцкай царквы. Паводле прыблізных падлікаў, за 1583-1781 гг. акадэмія прысвоіла сваім выпускнікам 4076 вучоных ступеняў па філасофіі, праву, тэалогіі. Сярод яе найбольш вядомых выпускнікоў - Мялецій Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, Альберт Каяловіч. У найбольш значных гарадах Беларусі (Полацку, Нясвіжы, Оршы, Брэсце, Пінску, Гродне, Наваградку, Віцебску, Мінску, Слуцку, Слоніме і інш.) езуіты адкрылі свае калегіі - навучальныя ўстановы сярэдняга тыпу, якія мелі антыпратэстанцкі, а потым і антыправаслаўны характар. У калегіях выкладаліся граматыка, рыторыка, этыка, багаслоўе, фізіка, матэматыка. Гуманітарна-рэлігійная адукацыя, якую давалі гэтыя школы, напачатку адпавядала патрэбам духоўных і свецкіх феадалаў, спрыяла пашырэнню кругагляду шляхецкага саслоўя. Але да сярэдзіны ХVIII ст. езуіцкія школы перасталі адпавядаць гаспадарчым і палітычным патрабаванням кіруючых колаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай з-за фармалізму і абмежаванасці вучэбных праграм, недахопу рэальных ведаў па прыродазнаўстве і грамадазнаўстве. Акрамя езуітаў свае школы стварылі таксама бернардзіны і іншыя каталіцкія манаскія ордэны. Адказам праваслаўнай царквы на каталіцкую экспансію апошняй трэці ХVI ст. было адкрыццё брацкіх школ у Вільні, Брэсце, Магілёве, Мінску, Пінску, Оршы, Шклове і інш. У іх вывучаліся граматыка, рыторыка, арыфметыка, свяшчэннае пісанне, геаграфія, астраномія, мовы (беларуская, польская, грэчаская і лацінская). У навучальным працэсе выкарыстоўваліся элементы класна-ўрочнай сістэмы. Выкладчыкамі брацкіх школ працавалі выдатныя педагогі і царкоўна-культурныя дзеячы канца ХVI - першай паловы XVII стст.: Васіль Цяпінскі, браты Зізаніі, Мялецій Сматрыцкі, Лявонцій Карповіч. Пасля заключэння ў 1596 г. Берасцейскай царкоўнай уніі пачалі адкрывацца уніяцкія школы, што ўтрымліваліся, кіраваліся і забяспечваліся педагагічнымі кадрамі манаскім ордэнам базыльян, які ў 1613 г. атрымаў ад караля Жыгімонта ІІІ Вазы, а ў 1615 г. ад Папы Рымскага права на заснаванне школ. Шмат зрабілі для заснавання базыльянскіх школ і ўдасканалення ў іх вучэбнага працэсу уніяцкія мітрапаліты Іпацій Пацей і Іосіф Руцкі. Першыя такія школы ўзніклі ў першай чвэрці ХVII ст. у Барунах, Жыровіцах, Мінску, Наваградку, Чарэі. Настаўнікаў для базыльянскіх школ рыхтавалі ў езуіцкіх калегіумах, у Віленскай акадэміі і замежных універсітэтах (Германіі, Італіі, Чэхіі). Пазней большасць настаўнікаў рыхтавалі самі базыльянскія навучальныя ўстановы. У іх вучылася моладзь розных веравызнанняў, у асноўным шляхецкага паходжання і дзеці духавенства. У ваенных падзеях сярэдзіны XVII ст. і Паўночнай вайны значная колькасць базыльянскіх школ была знішчана, іншыя прыйшлі ў заняпад. Тым часам у грамадскім і культурным жыцці Заходняй Еўропы ўкараняліся працэса т. з. Асветніцтва, што можна назваць працягам Рэнесанса на новым, больш высокім узроўні. У сярэдзіне XVII ст. скончыліся рэлігійныя войны, Еўропа прызвычаілася да шматканфесійнасці. Аднака знешняя пагроза: Асманская імперыя пацярпела шэраг паражэнняў (у т. л. ад войска Яна Сабескага пад Венай у 1683 г.) і больш не пагражала Еўропе. Індустрыялізацыя і эксплуатацыя калоній зрабілі Еўропу самай багатай і самай моцнай часткай свету. Інтэлектуальная эліта еўрапейскіх краін вырашыла, што набліжаюцца " царства розуму", эпоха свабоды, роўнасці і грамадскай справядлівасці. Д. Локк, Ж.Ж. Руссо, Вальтэр, Э. Кант і іншыя асветнікі атвяргалі рэлігію, лічылі, што " царства розуму" можна стварыць шляхам асветы і адукацыі грамадства, ад манархаў да сялян, шляхам развіцця ўсіх галін мастацтва, літаратуры, навукі. Манархі шэрагу краін спачувалі (альбо рабілі выгляд, што спачуваюць) ідэям асветнікаў. На Беларусі носьбітамі ідэі Асветніцтва былі Казімір Лашчынскі, Ілля Каніевіч, Феафан Пракаповіч, шэраг магнатаў, частка заможнага мяшчанства. Пад уплывам Асветніцтва адбываліся перамены ў светапоглядзе грамадства: на змену чалавеку набожнаму, часта - забабоннаму прыйшоў ідэал адукаванага, рацыяналістычнага чалавека. У ВКЛ значна ўзрасло друкаванне, павялічвалася колькасць тэатраў і музычных калектываў, узбагацілася дойлідства, у панскіх сядзібах укаранілася мода на сады і паркі, архітэктуру малых форм, але найбольш значным вынікам уплыву Асветніцтва на Рэч Паспаліту была школьная рэформа, ажыццёўленая Адукацыйнай камісіяй - установай па кіраўніцтву народнай асветай, заснаванай сеймам 1773-1775 гг. Гэта першая такая ўстанова ў Еўропе. Першым старшынёй быў І. Масальскі. Адукацыйная камісія ажыццявіла рэформу школ і універсітэтаў у духу ідэй Асветніцтва. Правядзенню рэформы спрыяў роспуск у 1773 г. Папам Рымскім ордэна езуітаў, у руках якога на працягу ХVII-XVIII стст. фактычна знаходзілася манаполія на адукацыю ў Рэчы Паспалітай. Школы і маёмасць ордэна былі перададзены ў распараджэнне Адукацыйнай камісіі. У 1783 г. камісія зацвердзіла статут для акадэмій і школ Рэчы Паспалітай. Ёй падпарадкоўвалася Галоўная школа Вялікага княства Літоўскага (так з 1781 г. называлася Віленская езуіцкая акадэмія), якая з'яўлялася вышэйшай ступенню і галоўным навучальным цэнтрам у княстве. Яе рэктарам камісія прызначыла беларускага матэматыка і астранома Марціна Пачобута-Адляніцкага, які займаў гэту пасаду каля 20 гадоў, правёў у школе рэформу і надаў ёй амаль свецкі характар. Сярэднюю ступень адукацыі складалі акруговыя і падакруговыя школы. На тэрыторыі цэнтральнай і заходняй (усходняя ўжо была ў складзе Расіі) Беларусі такія школы камісія адкрыла ў Брэсце, Гродне, Наваградку, Жыровіцах, Пінску, Барунах, Ваўкавыску, Паставах, Бабруйску, Мазыры, Мінску, Нясвіжы, Слуцку, Лідзе, Шчучыне. Ніжэйшай ступенню адукацыі павінны былі стаць парафіяльныя вучылішчы, адкрыццё якіх прадугледжвалася ў мястэчках і гарадах. Вынікам рэформы было павелічэнне колькасці пачатковых і сярэдніх школ на Беларусі, набыццё навучаннем усё больш свецкага характару. На пачатку ХІХ ст. існавала каля 130 пачатковых, 33 сярэднія і няпоўныя сярэднія школы, значная колькасць яўрэйскіх рэлігійных школ, каля 40 школ розных каталіцкіх ордэнаў. Агульная колькасць навучэнцаў ва ўсіх школах (за выключэннем яўрэйскіх) дасягала 4 тысяч чалавек. Школьная адукацыя была даступна дзецям шляхты, духавенства, заможных гараджан. Рух Асветніцтва не прывёў да " царства розуму" ніводную з краін. Больш таго, адукацыя і веды, якімі апаноўвалі больш шырокія колы грамадства, былі стымулам да абвастрэння грамадскіх супярэчнасцей. Лозунгі " свабода, роўнасці, братства" напісалі на сваіх сцягах удзельнікі Вялікай Французкай рэвалюцыі, адной з самых крывавых грамадзянскіх войнаў ў Еўропе. Ідэалы асветнікаў паўплывалі на грамадскія настроі ў Рэчы Паспалітай, што прывяло да рэформаў і прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Інтэрвенцыя суседніх імперый і ўнутраная рэакцыя часткі магнатэрыі прывялі да паражэння рэвалюцыйнага руху і падзелаў дзяржавы.
|