Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






У садах Семіраміды - няўтульна.






Я чакаў, што вось-вось пачую голас пілота-робата, маўляў, праз некалькі хвілін мы стартуем. Трэба пагружацца ў сон. Але на гэты раз нічога такога не адбылося, хаця карабель ужо ўзлятаў. Упершыню традыцыя была парушана, і я выйшаў з адсека ў цэнтральны хол, дзе заўжды можна было пабачыць каго-небудзь з членаў экіпажа. Вось і цяпер за невялікім столікам там ужо сядзеў Антон, а з ім — незнаёмец, даволі малады хударлявы мужчына, якога я бачыў упершыню, што мяне здзівіла. На касмадроме я яго не заўважыў.

— Падыходзь да нас, Сымон, — адазваўся Антон. — I знаёмся... Наш новы старшы пілот Ганс Мюлер з Саксоніі.

I мне ўсё стала зразумела. На караблі з'явіўся новы чалавек, а з ім і новы распарадак. Мае думкі быццам падслухаў Антон:

— Ганс узяў толькі аднаго пілота-робата і лічыць, што калі чалавек спіць, дык нават адзін робат небяспечны. Сон мы адмянілі.

Ганс засмяяўся і звярнуўся да мяне па-беларуску:

— Вы батанік? Дык, цікава ведаць, што сталася з тою раслінападобнаю істотаю, якую прывезлі з чужой галактыкі? Чуў у Асацыяцыі, што яе сіняя рука ўсё расце і расце...

— Не-е, ужо сохнуць пачала. Іншымі словамі, адцвітаць. Цяпер мы ўсе засмяяліся. Я ўважліва паглядзеў на саксонца, падумаў: «Што яго прывяло да нас?» I ўжо ў наступны момант атрымаў адказ на гэтае сваё міжвольнае пытанне, таму што саксонец сказаў:

— А яшчэ я чуў, што на вашым рахунку некалькі сотняў самай што ні ёсць сенсацыйнай інфармацыі. Сам жа я, праўда, толькі шукальнік прыгод. Машына часу, якую мы спадзяёмся адшукаць у сузор'і Шаляў, мяне не цікавіць як сенсацыя, а выключна як магчымасць вярнуцца ў мінулае ці наведаць будучыню.

— Прыгоды будуць! — пачуўся ззаду вясёлы голас. Гэта ў хол увайшоў доктар Савіч. — Не скажы, сенсацыя — справа капрызная. За межамі Зямлі ёсць рэчы, у якія не кожны паверыць, — і ён сеў побач са мною. — Вось, напрыклад, Праграма, якую я атрымаў у падарунак на Зялёнай планеце. У яе ніхто не верыў.

— Дык жа ляцім да сузор'я Шаляў, — сказаў Антон. — Значыцца, паверылі.

Я кіўнуў галавой, падтрымаў Антона:

— Яшчэ як! У сузор'і Дзевы Праграма сябе апраўдала... Ганс запытальна паглядзеў на мяне:

— А што там у вас было ў сузор'і Дзевы?

Мы ўсе маўчалі. Паўза зацягнулася. Тады саксонец запытаўся зноў:

— А чаго вы, беларусы, такія прагныя да розных такіх сенсацый? Ледзь не ўвесь космас аблёталі! Вы хоць шыльдачкі пакідаеце на планетах — «Тут былі беларусы»?!

— Разумееш, Ганс, — і Антон задумаўся. — Беларусь — невялікая па памерах краіна. Хто на Зямлі згадае пра нас, калі мы самі пра сябе не нагадаем. Чым больш сенсацыйных адкрыццяў мы робім, тым болып пра нас ведаюць.

У гэты момант пачуўся голас пілота-робата:

— Выклікаю для кансультацыі Ганса Мюлера.

— Мала таго, што робат усяго толькі адзін, дык яго яшчэ і кансультаваць трэба! — засмяяўся доктар Савіч.

Ганс падняўся і ўдакладніў:

— Ён першы раз у палёце... Пайду гляну, што там у яго.

I саксонец пакінуў хол. А я зірнуў на Антона, маўляў, што ж ты не папярэдзіў што ў нас новы старшы пілот? Антон не зразумеў майго запытальнага позірку, а доктар Савіч паляпаў мяне па плячы:

— Саксонец — надзейны хлопец! Дарэчы, як твой астэроіднік? Гэта ж мы з Гансам наведалі той астэроід недалёка ад Валапаса, адкуль і прывезлі табе гэты грыб. Колькі іх ужо ў цябе?

— Можаш паглядзець...

I доктар Савіч не адмовіўся зайсці да мяне. Праўда, тое, што ён назваў астэроіднікам, па прынцыпе, пад асінай — падасінавік, пад бярозай — падбярозавік, ну, а калі нешта вырасла на астэроідзе, значыцца, — астэроіднік, мне самому бачылася кактусам. Ён меў форму грыба, але быў увесь у калючках. Грыб-кактус, у якога была свая маленькая таямніца. Як толькі нехта малазнаёмы падыходзіў да скрыні, дзе ён рос, астэроіднік адразу выдаваў дзіўны гук: «Ку-ум!» I адразу ж побач з ім з грунту вытыркаўся маленечкі астэроіднічак, быццам астэроіднік тым самым хацеў сказаць: «Не чапай мяне! Я не адзін, нас многа!..» 3-за гэтага я рэдка каму яго паказваў. Навошта мець на караблі плантацыю ні то грыбоў, ні то кактусаў?!

— Я падыду да астэроідніка адзін, — сказаў доктар Савіч, як голькі мы зайшлі ў мой адсек. Калі ласка, я не пярэчыў яму. I вось ужо чую з глыбіні адсека знаёмае «Ку-ум!» і тут жа голас доктара Савіча:

— А ты Арцёму яго паказваў?

I мне стала зразумелым, чаму раптам доктар Савіч згадаў пра астэроідніка. Ён, напэўна, не-не, ды і ўспамінаў Арцёма, як, дарэчы, і я сам. Адсек ад самага пачатку гэтага палёту мне здамаўся апусцелым. Гэтае пачуццё адзіноты не пакідала і надалей. Я паспеў палюбіць і прывязацца да Арцёма. Мне не хапала яго. I вельмі часта, калі садзіўся да экрана знешняга назірання, уяўляў, як бы гэта цяпер мы маглі сядзець разам. I Арцём, напэўна, зноў запытаўся б: «А чаму сузор'е, куды мы ляцім, мае назву Шалі?» I я адказаў бы яму, што, магчыма, гэтая назва прыйшла са старажытнага Вавілона, з той зямной цывілізацыі, якая дасюль у многім з'яўляецца для сучасных зямлян загадкай. Старажытныя астролагі, якія жылі там, безумоўна, назіралі за Сонцам. Яны маглі гэта рабіць са славутай Вавілонскай вежы. I, вядома ж, аднойчы заўважылі, што калі сонца знаходзіцца ў гэтым сузор'і, дык на Зямлі дзень пачынае раўняцца начы. Атрымліваецца — раўнавага. 3 Зямлі няўзброеным вокам звычайны чалавек можа бачыць, як у гэтым сузор'і цьмяна памігваюць сем-восем зорак, але, калі паглядзець у тэлескоп, іх, напэўна, значна больш. Ёсць там, безумоўна, і планеты.

«Дык што, мы будзем садзіцца на кожную з гэтых планет, пакуль не знойдзем машыну часу?» — мог бы ў мяне запытацца Арцём. I я адказаў бы яму: «Магчыма, гэта нам і давядзецца зрабіць, але затое які цікавы свет мы можам адкрыць для сябе! Ты ўжо меў магчымасць пабачыць, што ў космасе могуць сустрэцца такія неверагоднасці, у што людзям на Зямлі цяжка паверыць». I потым, калі б мы ўжо дасягнулі сузор'я, сапраўды, маглі б адкрываць для сябе планету за планетай. А, можа, гэтага і не спатрэбілася б, таму што на першай жа планеце мы маглі б сустрэцца з невядомым для нас светам. I гэты свет прадэманстраваў бы нам сваё вынаходніцтва: машыну часу — геніяльнае адкрыццё таемнага чужога розуму. Гэтак думалася мне даволі часта, а на самай справе ўсё атрымалася па-іншаму, зусім непрадказальна.

Аднойчы я займаўся вывучэннем раслін, якія былі ў адсеку, і раптам адчуў, што карабель пачаў вібрыраваць. Усё, што знаходзілася наўкол, затрэслася, захісталася. I ў тое ж імгненне пачуўся голас пілота-робата:

— Не ўпадайце ў паніку. Сітуацыя высвятляецца. Чакайце далейшых звестак.

Вібрацыя працягвалася. Я ўжо было хацеў ісці ў цэнтральны хол, як у адсек увайшоў доктар Савіч.

— А чаму ў цябе не ўключаны экран? — запытаўся ён. — Уключай! Па маіх разліках, а я ж кіруюся арыенцірам Праграмы, мы ўжо ў межах сузор'я Шаляў. I ты толькі паглядзі, што ў нас па курсе...

Я ўключыў экран і ўжо не мог адарвацца ад яго.

На ім вымалевалася планета, абкружаная аблокамі. I яна нібыта варылася ў іх, гэтак яны бушавалі і віхурыліся. Тысячы і тысячы маланак праціналі іх, звіваліся ў вогненныя клубкі і раскручваліся. Нібыта агністыя змеі, маланкі чапляліся адна за адну, утвараючы самыя розныя геаметрычныя фігуры. Аблокі свяціліся то ружовым, то блакітным ззяннем. Мігатлівыя агні выстрэльвалі з іх, і мільёны іскраў уцягваліся назад у аблокі.

— Касмічны ўраган, — сказаў доктар Савіч. — Мы не праб'ёмся праз яго да планеты, ды і невядома, што там на ёй.

— Увага! Карабель прыцягваецца планетай, — пачуўся голас. I на гэты раз не пілота-робата, а Ганса Мюлера. — Спрабую вывесці яго з-пад яе ўздзеяння.

— Гэта катастрофа, — сказаў я. — Калі карабель прыцягваецца, мы можам урэзацца ў гэтую вогненную кашу.

— Мюлер — класны спец!

Але гэтыя словы доктара Савіча мяне не супакоілі. Я глядзеў і глядзеў на экран і мне думалася, што, напэўна, гэтак выглядае пекла. У адсек зазірнуў Антон:

— Прывыклі да трасучкі?! Робатаў ужо, напэўна, штампуюць. Быў бы чалавекам, сказаў бы, што страціў прытомнасць. Бортмеханік спрабуе вярнуць яго да жыцця.

— Ты не пра робата, ты лепш скажы, што будзе з караблём? — запытаўся ў Антона доктар Савіч.

— А што можа быць? — адказаў Антон. — У гэтай планеты ёсць два спадарожнікі. Адзін ледзь заўважны — з пылу. На другім саксонец паспрабуе зрабіць пасадку.

Мы сапраўды неўзабаве завіслі над гэтым другім спадарожнікам. Але карабеь усё яшчэ вібрыраваў. I бортмеханік Аляксей, якога звычайна мы рэдка бачылі, такі ён быў некамунікабельны, цяпер нібыта апраўдваўся перад кожным з нас.

— Хлопцы, ну далібог жа ўсё ў парадку. Усе прыборы ў норме, а такое адчуванне, быццам вось-вось на караблі ўсё адмовіць.

— Ты робата вярнуў да жыцця? — запытаўся ў яго доктар (Іавіч.

— Вярнуў! Ён у сябе ў адсеку.

Мы ўсе знаходзіліся ля галаўнога ілюмінатара. Перакідваліся словамі і кожны з нас напружана ўзіраўся ў паверхню, на якой разгледзець што-небудзь было цяжка. Засцілі попел і пара ў атмасферы гэтага спадарожніка, які нагадваў вялікі востраў. I ўсё ж тое-сёе мы бачылі і, напэўна, у думках кожны жахаўся. Было падобна, што на ім адбылася глабальная катастрофа.

— Бачыце, горы... Ля іх белыя слупкі, — казаў Антон. — Гэта, напэўна, гейзеры, і тэмпература вады ў іх даволі высокая. Пара адсюль бачная.

— Ты на галоўнае не звярнуў увагі, — адазваўся доктар Савіч. — Вунь тая гара, самая высокая. Гэта ж вулкан і не патухлы. Над кратэрам клубы дыму. Але, думаю, вывяржэнне ўжо адбылося. Лава пакрыла ледзь не ўсю паверхню. Шкада. Там было жыццё.

I доктар Савіч не памыліўся. Таму, што, калі Ганс пасадзіў карабель і мы сышлі на паверхню, пакінуўшы на караблі Аляксея і робата, пераканаліся, што вывяржэнне вулкана было вялікай сілы.

— Па нашых зямных мерках, гэта адбылося гады два таму назад, — сказаў саксонец. — Лава паспела застыць і пахавала пад сабою ўсё жывое.

Мы ішлі і ішлі і наўкол бачылі адно разбурэнне, хаця было падобна, што там, дзе мы знаходзіліся, некалі быў вялікі горад.

— Цяжка паверыць у такое, каб аніхто не выжыў, — уздыхнуў доктар Савіч. — Але рэаліі паказваюць, што мы ў мёртвым горадзе, які сузіраем у выглядзе руін.

— Дзіўна, — сказаў я. — Наўкол хоць бы дрэва ці куст які.

— Затое дамы тут былі драўляныя, — заўважыў Антон. — Вунь колькі бярвення, а там... — паказаў позіркам. — Дык амаль неразбураная будыніна. Ого-о, сцяна метраў дзесяць!

I мы падышлі да гэтай будыніны. Яна ўзвышалася напаўразбураным абпаленым зрубам, як пакарабачаны помніку сяму таму, што тут некалі было. Я паспрабаваў уявіць прыгожы драўляны дом, а за ім — яшчэ і яшчэ адзін... Шырокую вуліцу, роўныя зялёныя газончыкі... I здалося непраўдападобным, што гэта ўсё магло быць на маленечкім спадарожніку невядомай планеты, ахопленай касмічным ураганам у сузор'і Шаляў.

Доктар Савіч падняў з долу невялікі зеленаваты аскепак, пакруціў у руках:

— А тут у нетрах ёсць жалеза, — сказаў ён. — Гэта — сэйдзі, адзін з васьмі відаў керамікі. На Зямлі яе пачалі вырабляць у Кітаі недзе каля трох тысяч гадоў таму назад. Потым яна з'явілася ў Японіі. Каб атрымаць такі колер, у паліву трэба было дадаваць жалеза.

— Гэ-эй, сюды! Хадзіце сюды!

Гэта крычаў нам Ганс. Ен паспеў ужо адысціся трохі наперад і быў чымсьці ўсхваляваны. Калі падышлі да яго, пабачылі катлавіну, у якой не было канца. Але ўражвала іншае. Па баках гэтай катлавіны былі трыбуны. Абпаленыя, занесеныя попелам, яны таксама не мелі краю, здаваліся бясконцымі.

— Здагадваецеся, што гэта? — запытаўся саксонец.

— Думаю, стадыён, — адказаў Антон. — Мы стаім перад фут-больным полем.

— Але ж якога росту былі тыя, што гулялі на ім? Памеры ўражваюць! — сказаў доктар Савіч.

— Я пра гэта падумаў яшчэ, калі стаялі ля той сцяны, — адазваўся Антон. — Будыніна мела адзін паверх. У такім памяшканні маглі жыць веліканы.

Я азірнуўся, каб яшчэ раз паглядзець на сцяну адзінокага зруба і заўважыў што каля яе штосьці блішчыць. Краёчак нечага, што ледзь-ледзь вытыркалася з попелу, які гурбамі ўзвышаўся пад сцяною.

— Антон, там нешта ёсць. Блішчыць, як золата, — сказаў я. — Давай вернемся да сцяны.

Калі мы вярнуліся і разгрэблі попел, дык пабачылі нешта, што нагадвала вушную ракаві'ну, самае сапраўднае залатое Вуха з адтулінай пасярэдзіне, ды такой вялікай, што ў яе мог пралезці чалавек. Знаходка нас уразіла.

— Можа, тут у музеях падобныя рэчы выстаўляліся? — зазначыў Антон.

— А я думаю, што гэта наглядны дапаможнік, — выказаў сваё меркаванне доктар Савіч. — Маглі дэманстраваць у школах, калі дзеці анатомію вывучалі. — I ўзяўся за краёк Вуха. Прыўзняў яго: — Для золата легкаватае!..

Гэта можа быць і часткай нейкай скульптуры, — уключыўся ў размову саксонец. — Калі тут жылі веліканы, дык і скульптуры ў іх былі адпаведныя.

У гэты момант паверхня, дзе мы стаялі, уздрыгнула, хіснулася... Пачуўся незразумелы гул. Мы ўсе азірнуліся і пабачылі, што кратэр вулкана, які быў самае большае ў некалькіх кіламетрах ад нас, пырхае агнём і па яго схіле сцякае вогненная рака... А гейзеры, што білі фантанамі недалёка ад падножжа вулкана, напэўна, закіпалі. Адтуль насоўваліся, ляцелі клубы пары. Паветра зрабілася цяжкім, задушлівым і вільготным.

— Вулкан выплюхнуў з сябе лаву, — уздыхнуў Ганс. — Трэба ратавацца і ратаваць карабель. Яна зноў тут можа ўсё накрыць сабою.

— Сымон, памажы мне...

Доктар Савіч усё яшчэ трымаўся за прыўзняты краёк Вуха, і я падхапіў другі яго канец. 3 гэтым залатым Вухам мы і рушылі да карабля, дзе нас чакала непрыемная навіна.

— Я ўжо збіраўся паслаць вам сігнал, — сказаў бортмеханік. — Карабель намагнічваецца. Робата прыцягнула да дзвярэй і адарваць яго я не змог. Ён цалкам паралізаваны.

— А мы ўжо гэта бачылі і самі. Робат-пілот вісеў, бы прыклеены да дзвярэй свайго адсека. Болып таго, туды ж прыцягнула і Вуха, якое мы з доктарам Савічам усё яшчэ трымалі ў сваіх руках. Яно прыляпілася да робата, амаль цалкам прыкрываючы яго.

— Ганс, хутчэй ідзі да пульта кіравання палётам, — сказаў Антон саксонцу. — Баюся, мы не зможам узляцець!

Але мы ўзляцелі... Стаялі ля галаўнога ілюмінатара і назіралі, як там, ужо далёка ўнізе, вогненныя языкі лавы выпальвалі і пакрывалі сабою ўсё, што яшчэ заставалася на паверхні, якую мы паспелі своечасова пакінуць.

— Я зазірну да Мюлера, — сказаў Антон. — А вы, хлопцы, разыходзьцеся па сваіх адсеках.

— Куды цяпер? — запытаўся я ў доктара Савіча. — У саксонца ёсць арыенціры тваёй Праграмы?

— Яна паказвала на тую планету, куды мы нават не спрабавалі прабіцца, — адказаў доктар. — Хто ж палезе, як ты сам сказаў, у вогненную кашу?!

I, калі мы ўжо разышліся па сваіх адсеках, пачуўся голас Ганса Мюлера:

— Увага! Карабель размагнічваецца. Можа зноў пачацца вібрацыя, а з ёю і непаладкі. Пры такой сітуацыі знаходзіцца ў глыбокім космасе небяспечна. Бяру курс на Зямлю!

I адразу ж пасля саксонца мы пачулі Антона:

— Загадваю пагрузіццаў сон! Працягласць сну не вызначайце! Бяру пад свой кантроль усыпляльнік. Падключайцеся да кінасерыялаў!

Ну што ж, сон, дык сон! Загад камандзіра трэба выконваць. I хоць гняла нейкая незразумелая трывога, я падкарміў свае расліны і, як і падчас палёту ў сузор'е Дзевы, падключыўся да мульцікаў... А прачнуўся, калі ўжо Ганс пасадзіў карабель на Зямлі, на нашым касмадроме за Раўбічамі.

— Як бачыш, асаблівых прыгод не атрымалася, — казаў доктар Савіч саксонцу, калі мы ўжо рыхтаваліся пакінуць карабель.

А мне рупіла хутчэй дазнацца, што ж там, з тым залатым Вухам, куды яго цяпер панясём: у памяшканне Асацыяцыі ці ў аддзел экспертызы пры ёй? Пра гэта я і запытаўся ў доктара Савіча, на што ён адказаў:

— Якая экспертыза?! Якая Асацыяцыя?! Гэтае Вуха стала падобнае на звычайную бляшанку. Да таго ж робат, калі пачаў размагнічвацца, трохі памяў яго.

— Што ты прапануеш?

— Нічога... Вынесем і выкінем дзе-небудзь за састарэлымі караблямі. Не ў музеі ж яго выстаўляць! 3 любога боку ніякай цікавасці яно не ўяўляе.

I тут я ўспомніў пра Арцёма... Для музея Вуха, можа, і сапраўды рэч непрыдатная, а вось падлетка яно зацікавіць можа, хаця б проста паглядзець на яго, памацаць... Як-ніяк, прывезенае з чужога свету!

Мы з доктарам Савічам вынеслі Вуха з карабля і доўга не думаючы, як і сказаў доктар, зацягнулі яго ў канец касмадрома за састарэлыя караблі. Тым жа днём я патэлефанаваў Арцёму. Расказаў яму пра наш палёт у сузор'е Шаляў, і як толькі распавёў пра Вуха, якое стала звычайнай бляшанкаю, ён гатовы быў зараз жа ехаць на касмадром за састарэлыя караблі, што і зрабіў. Праўда, не адзін, а са сваім сябрам — Алікам.

Калі праз некалькі дзён мы сустрэліся з Арцёмам і я запытаўся, якое ў яго ўражанне ад Вуха, дык яго адказ склаўся ў мяне ў асобную казку: «У ПРОСТАЙ РЭЧЫ МОЖНА НЕ ПАБАЧЫЦЬ ГАЛОЎНАГА».

Арцём вельмі добра ведаў кожны закутак касмадрома, таму як толькі яны з Алікам апынуліся за састарэлымі караблямі, дык хутка і адшукалі Вуха. Яно ўжо не мела той формы вушной ракавіны, робат не пашкадаваў яго, але адтуліна, цяпер яна была ледзь не на ўсё Вуха, захавалася. Хлопцы пахадзілі, пахадзілі ля Вуха, а потым Алік вазьмі і палезь у тую адтуліну... I ў той жа момант яго не стала. 3 другога боку ён не вылез. Тады тое ж самае зрабіў і Арцём...

— Я ляжаў на зямлі і бачыў, што я — гэта не я! Звычайная зялёная елачка, над якою лётала, мітусілася невялічкая птушка: цвы-ір! Цвы-ір! — расказваў мне Арцём. — Потым гэтая птушка загаварыла, і я пазнаў голас Аліка.

— Што нам цяпер рабіць, Арцём? Усё адбылося, як у той казцы, калі конь сказаў малодшаму з трох братоў: «Залезь у адно маё вуха і праз другое вылезеш асілкам-прыгажуном». Мы з табою залезлі ў Вуха з сузор'я Шаляў, і вось ты — елачка, а я... Я — салаўіны цвыркун! I назад мы ў Вуха не ўлезем, а яно вунь ляжыць... Я не зацягну цябе, у мяне маленькая дзюбка, сілы не хопіць.

А Арцём тым часам азіраўся і бачыў наўкол пустыню. Пяскі і пяскі... Бязлітасна пякло сонца. «Яшчэ трошкі тут паляжу і з мяне пачнуць асыпацца іголкі», — падумаў Арцём, а Аліку ўслых сказаў:

— Падніміся трошкі вышэй, у цябе ж крылы! Можа, што пабачыш акром гэтай пустыні, гэтых пяскоў?

— Бачу, бачу, — закрычаў праз імгненне салаўіны цвыркун голасам Аліка. — Сюды да нас на вярблюдзе едзе чалавек! А яшчэ трошкі далей нейкі вельмі вялікі горад...

I сапраўды, да іх хутка падышоў вярблюд, і чалавек, які сядзеў на ім, саскочыў на зямлю, і радасці яго не было канца.

— Ай-я-я-яй! Ай-яй! Што бачаць вочы шаноўнага халдзея! Якое дзіўнае дрэва! Якое цудоўнае, прыгожае дрэва! Вечны горад Бабілу яшчэ не бачыў такога! Я завязу яго ў сады мідзійскай прынцэсы, і вялікі Навухаданосар, бліскучы валадар усяго Халдзейскага царства, дасць мне за яго дзесяць дынараў!

Халдзей падхапіў елачку, прывязаў яе да сядла, сам ускочыў у яго, і вярблюд пайшоў далей па гарачых пясках пустыні. «Цвы-ір, цвы-ір!» — трывожна кружыў над вярблюдам салаўіны цвыркун, і елачка трапятала, баялася, што пачнуць асыпацца яе іголкі пад невыносна-спякотным сонцам... Потым быў дзівосны горад Бабілу — шматпавярховыя дамы, стракатыя базары, іскрыстыя фантаны, храмы, спякота і пыл... Халдзей прывязаў вярблюда да каменнага слупа і пайшоў да гандляра, які гандляваў вадою, а салаўіны цвыркун сеў на яловую галінку:

— Ты зразумеў дзе мы? — зашаптаў ён голасам Аліка. — Мы ў старажытным Вавілоне. Бабілу — гэта Вавілон. А сады, пра якія казаў халдзей, — адзін з цудаў свету. Я ведаю гэта з гісторыі — вісячыя сады Семіраміды.

— Не расказвай... Сам усё чуў! Ты лепш скажы, як нам выбрацца адсюль?

Салаўіны цвыркун маўчаў. А халдзей адвязаў вярблюда і рушыў далей, каб неўзабаве апынуцца ля шыкоўнага палаца... Ен атрымаў свае дзесяць дынараў, а зялёную елачку рабы ўваткнулі ў зямлю на першым ярусе тых не забытых чалавецтвам садоў, што ў чатыры ярусы ўзвышаліся над стометровымі сценамі Вавілона.

«Цвы-ір, цвы-ір», — салаўіны цвыркун сядзеў на яловай галінцы і разважаў:

— Калі тут з'явіцца мідзійская прынцэса, а яна абавязкова з'явіцца, каб паглядзець на цябе, давай звернемся да яе сваімі чалавечымі галасамі... Яна, напэўна, тут сумуе па сваёй Мідзіі, а мы сумуем па сваёй Беларусі... Яна павінна зразумець нас. Ты ёй скажаш, што хоць гэтыя сады і прыгожыя, але табе, елачцы, прывыклай да беларускіх лясоў, тут — няўтульна!

— Алік, не балбачы! Яўжо не магу на гэтай спякоце... Злётай да Еўфрата і хоць некалькі кропель вады ў дзюбцы прынясі.

I гэтыя словы Арцёма-елачкі нібыта хто падслухаў.

Да дрэўца падбеглі рабы і вылілі на яго вядро вады. I тут жа на алеі з'явілася мідзійская прынцэса ў акружэнні сваіх служанак... Арцём бачыў, як пацяплелі, зазіхацелі вочы ў прынцэсы:

— Адкуль?! Хто гэты цуд прывёз сюды?! — I ў чароўным голасе чулася радасць. Прынцэса дакранулася рукой да яловай галінкі і... укалола свой пальчык.

I ўсе замітусіліся, закрычалі: «Прынцэса ўкалола пальчык! Укалола пальчык!» I хоць сама прынцэса гэтага не хацела, але ўладар Вавілона, магутны Навухаданосар, загадаў выкінуць елачку за гарадскія сцены, што і зрабілі рабы.

Пачынала змяркацца. «Цвы-ір, цвы-ір», — трапятаў крыльцамі салаўіны цвыркун:

— Што цяпер будзем рабіць, Арцём?

— А ты зірні на неба, бачыш, якія буйныя прамяністыя зоркі! А вунь там... вежа Вавілонская. За такімі зоркамі нельга не назіраць. Думаю, што на вежы ты можаш знайсці астролага. Вось хто нам можа дапамагчы. Толькі папрасі яго як след!

I салаўіны цвыркун паляцеў да Вавілонскай вежы. На самай верхняй яе пляцоўцы ён сапраўды пабачыў астролага. Тут жа была і падзорная труба. Астролаг сядзеў на самым краёчку вежы і штосьці пісаў на дошчачцы. «Цвы-ір, цвы-ір», — падляцеў да яго цвыркун і апусціўся побач:

— Шаноўны з самых шаноўных, ты ўсё сваё жыццё назіраеш за зоркамі...

— Назіраю. Хм-м, цікавыя лічбы, — астролаг нават не здзівіўся, што птушка звярнулася да яго чалавечым голасам, і працягваў. — Ну, вядома, я гэтае сузор'е назаву сузор'ем Шаляў!

— Вось-вось, з сузор'я Шаляў, недалёка адсюль, у пустыні ляжыць Вуха, — пачаў расказваць салаўіны цвыркун. — Ты можаш пабачыць самы сапраўдны цуд! Толькі для гэтага табе трэба пайсці за мною, падняць за гарадской сцяною елачку, потым мы разам пойдзем да Вуха і ты зразумееш, што я не хлушу. Я веру, што ты — лепшы астролаг з астролагаў, цябе не можа не зацікавіць Вуха з сузор'я Шаляў.

Салаўіны цвыркун гаварыў доўга, вельмі доўга і астролаг, нарэшце, здзівіўся:

— Калі ў пустыні ляжыць Вуха з сузор'я, якое я толькі што назваў Шалямі, дык адкуль жа ты сам, што так цудоўна валодаеш чалавечай моваю?

— Я не магу табе гэтага растлумачыць, а калі і растлумачу, ты не зразумееш, пакуль не пабачыш. Я палячу, а ты ідзі за мной...

— Добра, — сказаў астролаг. — Я сыду з вежы...

I неўзабаве ён ужо нёс у руках елачку, над пяскамі кружыў цвыркун: «Цвы-ір, цвы-ір», і дзівосны горад Вавілон усё аддаляўся і аддаляўся...

— Вось яно, Вуха, — радасна залапатаў крыламі салаўіны цвыркун і апусціўся побач з ім на пясок.

— Што я павінен зрабіць? — запытаўся астролаг.

— Праціснуць дрэўца ў гэтую дзірку.

I астролаг праціснуў елачку і, калі яна знікла па другі бок Вуха, ён запытальна паглядзеў на цвыркуна:

— Прастора паглынула яго?

— Гэта была не елачка, а мой сябар — Арцём. Ен цяпер у Беларусі, у невядомых табе часах. Хочаш, і ты пралезь?

— Ніхто па сваёй ахвоце не пакідае Бабілу, — адказаў астро-лаг. — Бабілу — Вароты Багоў, а гэта толькі Вуха.

I салаўіны цвыркун нінога болын не сказаў астролагу. Узмахнуў крыламі і ўляцеў у Вуха.

«У кожнага чалавека свой Вавілон, — сказаў я Арцёму, як толькі ён закончыў свой расповед. — Вось чаму астролаг адмовіўся пралезці ў Вуха». I на наступны ж дзень я паехаў на касмадром за састарэлыя караблі, але Вуха там ужо не знайшоў. Затое мне было зразумела, чаму на тым спадарожніку невядомай планеты, што была ахоплена касмічным ураганам у сузор'і Шаляў, мы нікога не выявілі. Тыя, хто жыў на ім, ратуючыся ад вогненнай лавы, скарысталі Вуха — геніяльнае вынаходніцтва свайго розуму. Хто яны? У якой прасторы і ў якім часе цяпер знаходзіліся? На гэтыя пытанні ўжо ніколі ніхто не адкажа, як і я не знайду адказу на сваё:

— Куды ж падзелася Вуха?

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.