Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Гальштучнік






Калі мы вярталіся на Зямлю з планеты Антарыс-5, якая знаходзіцца ў сузор'і Скарпіёна, то ўвесь наш экіпаж быў расчараваны. Справа ў тым, што гэтая планета мае чырвоны колер, чым нагадвае Марс. Але, як мы высветлілі, з Марсам нічога агульнага ў яе няма. Паўсюдна — горы і горы. Мы ледзь знайшлі больш-менш роўную пляцоўку, каб пасадзіць наш карабель. Затрымлівацца на планеце, якая ўяўляе сабою каменную глыбу, не мела сэнсу. I мы рушылі да бліжэйшай планетнай сістэмы, куды ўжо даволі часта адпраўляліся экспедыцыі з Зямлі, дзе можна было нейкі тыдзень адпачыць у гатэлі.

Вось тады і з'явілася на нашых экранах тая маленечкая зялёная планета, якая нагадвала невялікі шарык з ранняй сакаўной травы. Нідзе, ні на якіх зоркавых картах яна не значылася, таму цалкам верагодна, што мы маглі быць першымі, хто натрапіў на яе ў касмічнай бясконцасці. Не цяжка здагадацца, што мы вырашылі зазірнуць на тую планету. Што і зрабілі.

Першае ўражанне было такое, нібыта мы трапілі ў Белавежскую пушчу ці Бярэзінскі запаведнік. Альбо і ўвогуле ў нейкі агромністы здзічэлы сад дзе-небудзь пад Нароўляю ці пад Слуцкам.

Але такім было толькі першае ўражанне. Пад кронамі магутных дрэў была не такая ўжо і дзікая паверхня, — месцамі відавочна расчышчаная, месцамі выпаленая: хтосьці раскладваў вогнішча.

— Магу паспрачацца, тут мы сустрэнем гуманоідаў, — сказаў нехта з членаў экіпажа.

— Магчыма, — пагадзіўся камандзір і тут жа запытаўся: — Мне загадаць, ці ёсць ахвотнікі спусціцца на паверхню?

Ахвотнік знайшоўся. Гэта быў наш доктар Савіч. Камандзір паглядзеў на мяне:

— Ну, а што наш батанік? Тут ёсць што даследаваць.

I я не пярэчыў, хаця ведаў: тое, што здавалася на паверхні планеты дрэвамі, травою, кустамі, магло быць нечым іншым. Так здаралася неаднойчы. Але на гэты раз камандзір не памыляўся. Як толькі мы з доктарам Савічам ступілі на цвёрды грунт, зразумелі, што расліннасць наўкол самая што ні на ёсць сапраўдная. Праўда, на Зямлі я такой не сустракаў, і вельмі здзіўляла, што паўсюль быў адзін толькі зялёны колер: зялёная кара дрэў, зялёнае лісце, зялёныя пялёсткі кветак.

А тым часам мы ўжо выйшлі на вялікую паляну і я, было, падышоў да адной з такіх кветак, якая нагадвала зямную лілею, каб насуперак усім інструкцыям дакрануцца да зялёных пялёсткаў, але не паспеў... Адусюль — з-за кожнага дрэва, з-за кожнага куста (о, дайце веры!) выбягалі людзі, праўдзівей было б сказаць, дзікуны, і наколькі гэта можна было зразумець, твары іх свяціліся радасцю. Даўгія валасы, у многіх— бароды, шчокі, зарослыя шчэццю, і выключна ўсе — голыя. Толькі на шыі ў кожнага з гэтых людзей чарнела палосачка, а хутчэй — гальштукбабачка, так часта называюць падобныя гальштукі на Зямлі, якія надаюць святочнаму гарнітуру яшчэ большую ўрачыстасць. Тут, на гэтай Зялёнай планеце, як я яе назваў у думках, гэты гальштук нікому нічога не дадаваў. Адно — глядзеўся на шыі недарэчна і смешна. Праўда, нам з доктарам Савічам было не да смеху, невядома, як павядуць сябе дзікуны? Але яны выказвалі выключную прыязнасць. А адзін з іх выйшаў наперад і пачаў нешта хутка-хутка гаварыць...

Як жа я быў уражаны, калі доктар Савіч адазваўся ў адказ. Паміж ім і натоўпам завязалася ажыўленая гаворка. Аказалася, што жыхары Зялёнай планеты размаўлялі на лацінскай мове, якая на Зямлі ўжо даўно выкарыстоўвалася толькі ў медыцыне і якою, зразумела, добра валодаў доктар Савіч.

— Што яны табе кажуць? — запытаўся я ў яго. Доктар паціснуў плячыма:

— Ніяк не ўцямлю, дзікасць нейкая. Самая сапраўдная дзікасць. Яны шкадуюць, што мы не можам бачыць тых цудоўных кварталаў, плошчаў, вуліц, якія бачаць яны. Маўляў, тут паўсюль вакол нас — навуковыя цэнтры, зоны адпачынку, офісы і спальныя раёны...

— Офісы, навуковыя цэнтры вакол нас? Ды яны — вар'яты! — засмяяўся я і раптам. задумаўся. — А зрэшты... Адкуль у іх гэтыя веды? Што ім вядома пра офісы, зоны адпачынку? Хто яны, нарэшце? Перасяленцы з іншых планет? Ці, можа, зямляне? Нашчадкі тых цывілізацый, што існавалі на Зямлі яшчэ да Вялікага патопу? Вось толькі ў іхнім абліччы нічога не засталося ад цывілізаванага свету. Племя дзікуноў! Першая прыступка развіцця чалавецтва.

Гэтымі сваімі думкамі хацеў падзяліцца з доктарам Савічам, але ён з вялікай цікавасцю размаўляў з гуманоідам, якраз з тым хто самы першы ўступіў з намі ў кантакт. Іх гаворка цягнулася доўга. Я нават пачаў тое-сёе даследаваць з навакольнага расліннага свету. Але вось доктар падышоў да мяне, і тое, што ён сказаў, адразу прымусіла згадаць пра наш карабель, падумаць пра небяспеку. А ці не час нам вяртацца?

- Бачыш таго, бялявага, - паказваў доктар Савіч на высокага хударлявага бландзіна. - Яго ўнук вынайдзе тут праз паўстагоддзя камп'ютэр. А вунь той... нізенькі, што размаўляе з самым кудлатым з іх. Ён - мастак. Геній! Толькі пра гэта сам яшчэ не здагадваецца. Але праз дваццаць гадоў яго карціны будуць самымі каштоўнымі не толькі на гэтай планеце. Глядзі, бачыш, той, што залез на дрэва... Ён праз дзесяцігоддзе будзе тут самым славутым архітэктарам. Пачне з каменных пірамід і закончыць праектамі з жалезабетону. О-о, а гэты, што бліжэн за ўсіх стаіць да нас, як ні цяжка ў гэта паверыць, але ен стане вынаходцам рухавікоў, і першыя аўтамабілі тут будуць называцца яго імем.

Мне стала млосна. Розум адмаўляўся што-небудзь разумець.

- Нам ужо трэба вяртацца на карабель. Там, напэўна, хвалююцца нашы, - сказаў я доктару Савічу. - Развітвайся з гуманоідамі і пойдзем адсюль.

Але перш чым развітацца, доктар прыняў падарунак ад жыхароў гэтай нязвыкла-зялёнай планеты. Яны завязалі яму на шыю гальштук, такі ж самы, што насілі самі, - чорны гальштук-бабачку.

3 гэтага моманту і пачалася трагедыя доктара Савіча. Гэтак я назваў для сябе ўсе далейшыя падзеі. А разгортвалася ўсе наступным чынам.

Зялёную планету мы пакінулі хутка. Можна сказаць, пасля вяртання на карабель неўзабаве і стартавалі. Прыйшоў загад з Зямлі тэрмінова вяртацца. Вось тут доктар Савіч і павеу сябе выключна невытлумачальна. Маўляў, які можа быць загад з Зямлі, якое вяртанне, калі мы можам ляцець да сузор'я Дзевы, дзе на адной з планет, трошкі ўбок ад саман яркай зоркі гэтага сузор'я - Спікі, жывуць браты па розуме, бо тая планета нішто іншае, як копія нашай Зямлі. А потым наш шлях можа пралегчы да сузор'я Шаляў. I там на адной з планет у сістэме тых зорак, якія складаюць сузор'е, ужо даўно вынайшлі машыну часу, якую, калі хто-небудзь з нас пажадае, можа выпрабаваць.

Спачатку да ўсіх гэтых разважанняў доктара мы ставіліся несур'ёзна, чаго не здараецца ад эмацыянальных перагрузак! Але ён пачаў паводзіць сябе агрэсіўна. Спрабаваў прарвацца ў адсек кіравання палётам, каб змяніць курс. I тады мы задумаліся, што ж адбываецца з нашым доктарам? Адказ напрошваўся сам сабою: у доктара ўсе прыкметы лёгкага псіхічнага расстройства, якое з'явілася пасля таго, як ён пачаў насіць на шыі падораны яму гальштук-бабачку. Як толькі мы прыйшлі да такой высновы, адразу ж прапанавалі доктару зняць яго. Гэтая наша прапанова рассмяшыла доктара.

— Ды вам усім і не снілася, што гэты гальштук уяўляе сабою, — сказаў ён. — Гэта — Праграма, завезеная на Зялёную планету прадстаўнікамі адной з самых высакаразвітых сусветных цывілізацый. Усё выключна проста. Таму, хто носіць гэты гальштук, спачатку выдаецца міраж, мара жыцця. Адсюль і тыя дзівосныя гарады, навуковыя цэнтры, зоны адпачынку, якія бачылі наўкол сябе жыхары Зялёнай планеты. Ты ж чуў батанік. Я табе перакладаў, — звярнуўся ён да мяне і працягваў: — Але ўсялякую мару трэба ўвасобіць у жыццё, зрабіць явай. I гэта прадугледжана Праграмай. Яна выдае ўстаноўкі, падрабязнае тлумачэнне, як і што трэба рабіць, каб гэтую мару здзейсніць. Ну, скажам, нехта хоча стаць вялікім кампазітарам і яму даецца магчымасць уявіць сябе ім. А потым пачынаецца шлях да гэтай вяршыні, па якім і вядзе Праграма.

Доктар Савіч блытаўся, але яго словы гучалі пераканаўча, хаця хтосьці з нас і запытаўся з недаверам:

— Ну, а цябе асабіста, куды выводзіць яна?

— Я ж вам усё растлумачыў! У сузор'е Дзевы, дзе мы сустрэнемся з братамі па розуме і па эвалюцыйным развіцці. Трэба памяняць курс, і мы вернемся на Зямлю з грандыёзнай сенсацыяй.

— Гэты твой гальштук сам па сабе ўжо і ёсць сенсацыя, — сказаў я і тут жа папрасіў: — Дай панасіць яго, хаця б на некалькі гадзін.

— Разагнаўся!.. Гэтага ні ў якім разе рабіць нельга, — і далей доктар Савіч засцярог: - Можа здарыцца бяда. Праграма дзейнічае ў станоўчым накірунку толькі тады, калі гэты гальштук дорыцца. Яго трэба атрымаць у падарунак. Інакш спрацоўвае адмоўная энергія і дзеянні Праграмы робяцца непрадказальнымі.

— Ды глупства ўсё гэта, — сказаў наш бортмеханік. — Казачкі для ідыётаў. Хоць ты, Савіч, і сам доктар, але табе, відавочна, патрэбна медыцынская дапамога.

I гэтыя яго словы сталі апошнімі ў той нашай размове з доктарам Савічам. А калі вярнуліся на Зямлю, хутка дачуліся, што ў Міжнароднай асацыяцыі зоркавых палётаў нашага доктара звольнілі. Для яго пачалося зямное жыццё. Ну, а мы, усе астатнія члены экіпажа, неўзабаве адправіліся ў новае між-планетнае падарожжа.

Міналіся гады, і, напэўна, ужо праз некалькі дзесяцігоддзяў я вырашыў месяц-другі адпачыць на Зямлі. Космас стамляе. Тады і ўспомніўся мне доктар Савіч. Дзе ён, што з ім? Звярнуўся ў даведачнае бюро Асацыяцыі, дзе адразу ж атрымаў інфармацыю: доктар Савіч жыве недалёка ад Мінска. Мае сваю сядзібу і даўно ўжо адышоў ад лекарскай справы. Мне хацелася пабачыцца з ім, што я і зрабіў неадкладна.

Помню, быў сонечны дзень. Я пакінуў машыну далёка ад доктаравай сядзібы. Вырашыў прайсціся пешшу, сабрацца з думкамі. Згадвалася наша апошняе падарожжа з ім. I, вядома ж, з'яўлялася пытанне, ці захаваў доктар той свой гальштук-бабачку, які атрымаў у падарунак ад жыхароў Зялёнай планеты? Па ім, тым чорным галынтуку на загарэлай шыі, я і пазнаў доктара. Ён у вялікім саламяным капелюшы і ў адных толькі шортах штосьці перасаджваў у гародзе недалёка ад двухпавярховай драўлянай будыніны, якая глядзелася ледзь не палацам. Праходзяць дзесяцігоддзі, а на Зямлі мала што змяняецца.

— Доктар Савіч! Доктар Савіч! — гукнуў я.

I хапіла толькі некалькіх імгненняў, каб доктар пазнаў мяне і кінуўся насустрач. Яго перапаўняла такое радаснае хваляванне, што здавалася: ён вось-вось задыхнецца. Яму, відавочна, не хапала дыхання і, каб было лягчэй бегчы, ён спачатку сцягнуў з галавы капялюш, кінуў на сцежку, а пасля (ці можна было паверыць вачам) сарваў з шыі і гальштук-бабачку, які таксама шпурнуў у траву. А я ж помніў, як тады, на караблі, ён упарціўся, нізавошта не хацеў яго здымаць.

Мы абняліся, як добрыя сябры. На вочы набягалі слёзы, такою радаснай была наша сустрэча. I тут я заўважыў што з будыніны выбегла нейкая дзіўная істота, хутчэй за ўсё малпачка. Спрытна падняла з зямлі капялюш, а потым і гальштук, і хуценька скіравала да дома, куды неўзабаве падаліся і мы.

— Ты тут жывеш не адзін? — запытаўся я ў доктара і дадаў: — Я паспеў заўважыць нейкае калматае стварэнне. Няўжо гэтак змяніўся клімат на Зямлі, што ў Беларусі пачалі жыць малпы?

— Гэта не зусім малпа, — адказаў доктар Савіч. — Я тады яшчэ не лётаў з вамі. Мяне пасылалі ў блізкія падарожжы. I вось падчас аднаго з тых маршрутаў на Месяцы мы натрапілі на невядомы міжпланетны карабель, які пацярпеў катастрофу. Як ні аглядалі, ніякіх жывых істот не знайшлі. Але ў адным з адсекаў адшукалі прабіркі, у якіх былі зародкі.

Ты здагадваешся, што адну з тых прабірак я прывёз на Зямлю. 3 зародка, што быў у ёй, і з'явілася на свет істота, якую ты назваў малпаю. Але паўтараю, гэта, далібог, не малпа, таму што вельмі хутка яна засвоіла ўсе зямныя мовы. А галоўнае тое, што больш надзейнага, вернага стварэння я не сустракаў. Зараз пазнаёмішся з гэтым маім адданым сябрам.

Мы ўвайшлі ў будыніну, адчынілі дзверы ў адзін з пакояў і тое, што пабачылі, нас уразіла неймаверна. У шыбіну стукалася, білася крыламі невялікая птушка з чорнай палосачкай-гальштукам на валляку...

— Гальштук! Мой гальштук! — закрычаў доктар Савіч у вялікай роспачы. — Як жа я мог сарваць яго!.. Ты разумееш, што адбылося?! Ён, напэўна, падняў галыптук, начапіў сабе на шыю, і вось здарылася бяда. Ты ж помніш, Праграма, што хавалася ў ім, станоўча спрацоўвала толькі тады, калі гальштук хтосьці атрымліваў у падарунак. Ва ўсіх іншых выпадках гэта— адмоўная энергія. Мой добры сябар стаў птушкаю! — і доктар Савіч адчыніў фортку...

Птушку мы назвалі гальштучнікам. Яе і цяпер можна сустрэць у Беларусі на вялікіх спустошаных лугах-пашах, куды выганяюць пастухі свае статкі. Толькі гальштучнік не заўважае гэтай спустошанасці. Яму, напэўна, бачацца наўкол зялёныя гаі ды парослыя сакаўною травою паляны. Але справа ўжо не ў гальштучніку...

— Дык тое, пра што ты нам тады расказваў, усё ж было праўдаю? — запытаўся я ў доктара пасля таго, як птушка вылецела ў фортку.

— А ты што, сумняваўся?

— Мы ўсе сумняваліся, — сказаў я. — Думалі, ты страціў розум. Таму цябе і звольнілі.

Тым жа днём я расказаў доктару, што Міжнародная асацыяцыя зоркавых палётаў рыхтуе вялікую экспедыцыю з адной толькі мэтай — расшукаць у касмічных глыбінях братоў па розуме, хто прайшоў падобную да зямной эвалюцыю ў сваім развіцці.

— Трэба ляцець да сузор'я Дзевы, — сказаў доктар і праз невялікую паўзу запытаўся: — Як ты думаеш, мне не адмовяць, калі я папрашуся ў гэтае падарожжа?

Ён сапраўды папрасіўся праз нейкі час. I яму не адмовілі. Мы зноў былі членамі аднаго экіпажа і неўзабаве ляцелі ў сузор'е Дзевы на планету, якая ўяўляе сабою копію Зямлі. Ва ўсякім выпадку, мы гэтак думалі.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.