Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Тэма 17. Арганізацыя чытацкіх зносін у публічнай бібліятэцы






 

Асноўныя пытанні:

 

1. Паняцце “чытацкія зносіны”.

2. Бібліятэка – цэнтр чытацкіх зносін.

3. Формы і метады арганізацыі чытацкіх зносін у бібліятэцы.

4. Алгарытм дзеянняў бібліятэкара па арганізацыі чытацкіх зносін.

 

Сёння яшчэ не да канца выяўлена спецыфіка бібліятэчных зносін, не сфармулявана вызначэнне, якое б дастаткова дакладна і поўна адлюстравала іх прыроду і асаблівасці. “Бібліятэчныя зносіны”, “бібліяграфічныя зносіны”, “бібліятэчны дыялог”, “бібліятэчны ўплыў”, “чытацкія зносіны”, “міжасабовыя чытацкія зносіны”, “міжчытацкія зносіны” – вось далёка не поўны пералік адпаведных тэрмінаў, якія ўжываюцца ў сучасны момант, часам без якіх бы то ні было абгрунтаванняў. Пры ўсёй іх шматбаковасці і разнастайнасці існуюць два ключавых паняцці, што прысутнічаюць, так, альбо інакш, у кожным з пералічаных азначэнняў: “зносіны” і “чытанне”. Яны суадносяцца як форма і змест, як спосаб і прадмет узаемадзеяння, на якеое накіравана актыўнасць і карыстальніка, і бібліятэкара.

Па сутнасці ў бібліятэцы, галоўным чынам і часцей за ўсё, адбываюцца зносіны, абумоўленыя чытаннем, выбарам і пошукам неабходных для гэтага дакументаў, успрыманнем і разуменнем прачытанага, яго асэнсаваннем і абмеркаваннем, іншымі словамі – чытацкія зносіны. Пад такавымі мы разумеем міжасабовыя зносіны, прадметам якіх выступае чытанне. Гэта і наладжванне кантактаў паміж людзьмі, якія прагнуць чытання, і іх узаемадзеянне, узаемны ўплыў у галіне чытання, і абмен інфармацыяй аб прачытаным, і ўспрыманне чытацкага вопыту, чытацкіх установак і ўяўленняў партнёрамі па зносінах.

Чытацкія зносіны не варта атоесамліваць з бібліятэчнымі зносінамі, хаця паміж імі ёсць шмат агульнага. Чытацкія зносіны могуць адбывацца не толькі ў бібліятэцы, але і на рабоце, у вучэбнай аўдыторыі, у сям’і, у сяброўскай суполцы – усюды, дзе ўзнікае змястоўная размова аб кнізе, чытанні, інфармацыі, ведах. Нават у самой бібліятэцы не адно чытанне можа стаць прадметам зносін. Ім могуць быць рэчы, з чытаннем і інфармаваннем ні якім чынам не звязаныя. Выходзячы за рамкі бібліятэчных зносін, чытацкія зносіны, тым не меньш, з’яўляюцца адным з істотных іх бакоў, сэнсавым стрыжнем інфармацыйнага і прадметнага ўзаемадзеяння ў бібліятэцы. Прычым гэта могуць быць як зносіны паміж бібліятэкарам і карыстальнікам, так і зносіны паміж карыстальнікамі пад большым, ці меншым уплывам бібліятэкара і біблятэкі.

Характэрнымі рысамі чытацкіх зносін, што вызначаюць іх спецыфіку, з’яўляюцца некаторая спантаннасць, нязмушанасць, імправізацыйны, нефармальны характар, шматбаковасць сітуацый і тэм, дабраахвотнасць ўзнікнення і развіцця кантактаў. Нават у стэрыятыпныя сітуацыі партнёры па зносінах уносяць індывідуальна-асаблівыя элементы, што адлюстроўваюць унікальнысць чалавечай прыроды і адносін.

Кожная з тыповых сітуацый зносін, абумоўленых чытаннем, можа быць прадметам самастойнага даследавання. Усе разам узятыя, яны ствараюць тое непаўторнае духоўнае асяроддзе, у якім фарміруецца чытач, якое стымулюе, альбо замаруджывае яго чытацкае развіццё, часам вызначае матывы, мэты чытання, перавагі, густы, уплывае на ацэнку ўжо прачытанага твору і падштурхоўвае да выбару новай кнігі. Праблема стварэння ў бібліятэцы спрыяльнага для духоўнага і чытацкага развіцця асяроддзя, якое б стымулявала чытанне і чытацкія зносіны, параджае неабходнасць больш падрабязнага разгляду ўсіх ключавых аспектаў зносін з улікам спецыфікі бібліятэчнага абслугоўвання.

Чытацкія зносіны – амаль што нявывучаная галіна. Ніхто не спрачаецца з тым, што на чытанне і ўспрыманне прачытанага аказвае ўплыў бліжэйшае асяроддзе карыстальніка. У першую чаргу – гэта сфера міжасабовых зносін у межах рэферэнтнай групы. Людзі, якія авалодалі дасягненнямі высокай мастацкай культуры, любяць кнігу і чытанне, захапляюцца паэзіяй, тэатрам, іншымі відамі мастацтва, тыя, каго звычайна бібліятэкары называюць “падрыхтаваныя чытачы”, у юнацкія і маладыя гады ўваходзілі ў нефармальныя чытацкія аб’яднанні, якія стыхійна сфарміраваліся на падставе агульных інтарэсаў. Часам яны існавалі і пры бібліятэцы, альбо былі разнавіднасцю літаратурнага гуртка, творчага аб’яднання, але часцей за ўсё ўяўлялі сабой невялікую групу аднадумцаў, якіх збліжала агульнасць інтарэсаў, светапогляду, інтэлектуальных пошукаў і імкненняў. Чытанню і абмеркаванню прачытанага ў такіх групах адводзілася вялікая роля. Цяжка пераацаніць уплыў такіх груп з ярка выражанай чытацкай накіраванасцю на станаўленне асобы карыстальніка, фарміраванне літаратурнага густу, чытацкай і інфармацыйнай культуры.

Спробы ўтварыць штучна такія чытацкія аб’яднанні пры бібліятэцы ў выглядзе клубаў па інтарэсах, разнастайных чытацкіх суполак не заўсёды бываюць паспяховымі, таму што атмасфера нязмушаных чытацкіх зносін, актыўнага абмеркавання актуальных праблем часам бывае нясумашчальнай з масавай, заарганізаванай аўдыторыяй, да стварэння якой па інэрцый яшчэ імкнуцца арганізатары-бібліятэкары.

Нават такая камерная форма як літаратурна-музычная гасцёўня з усімі яе прывабнымі атрыбутамі дамашняй утульнасці часам нагадвае тэлевізійныя “ток-шоу”, дзе большасць прысутных дабрасумленна стварае вобраз публікі. Дзеля таго, каб актывізаваць і заахвоціць да чытацкіх зносін такую аўдыторыю, патрэбны мэтанакіраваныя намаганні і вядучага, і пэўнай часткі прысутных, што не заўсёды атрымліваецца. Разам з тым, бібліятэкарам часам усё ж удаецца дабіцца і актыўнасці аўдыторыі, і нязмушанай атмасферы, і зацікаўленага абмеркавання праблем.

Як жа гэта адбываецца? А калі адбываецца, то чаму? Паспрабуем разабрацца на канкрэтных прыкладах. Вось маладзёжны дыспут, які праводзіцца ў бібліятэцы імя Я.Купалы г. Мінска: аб’яднанае паседжанне двух маладзёжных дыскусійных клубаў – вучняў старэйшых класаў, з аднаго боку, і аб’яднання працуючай моладзі – з другога. Спрэчка ідзе аб жыццёвых каштоўнасцях і жыццёвай пазіцыі асобы. Дакладней аб тым, у што абыходзіцца актыўная жыццёвая пазіцыя чалавеку, які адстойвае свае перакананні, правы і інтарэсы? Не меньш, калі не больш, цікавяць суразмоўцаў і пытанні аб тым, што трэба зрабіць, каб не цярпець паражэнне, а атрымліваць перамогу ў барадзьбе за свае перакананні і правы? Няглядзячы на абмежаваны жыццёвы вопыт аўдыторыі, прыкладаў, часцей адмоўных, чым станоўчых, больш чым дастаткова. Удзельнікі дыскусіі выступаюць горача, зацікаўлена. Ставяць пытанні і імкнуцца знайсці на іх адказы. Пытанняў пакуль больш, чым станоўчых адказаў. Часам складаецца ўраджанне, што дыспут рызыкуе выліцца ў адзін агульны тэзіс: “Як усё дрэнна! Дабро бездапаможнае, Зло перамагае. І няма аніякага выйсця! ” Але гэтае ўраджанне – памылковае.

Пасля першых эмацыйных усплескаў, выступленняў, поўных крытычнага пафасу, пачынаецца памяркоўны і шматбаковы разбор канкрэтных сітуацый, падзей і здарэнняў. У выніку высвятляецца, што негатыўныя з’явы атрымліваюць перамогу, таму што іх супраціўнікі часам дзейнічаюць непаслядоўна, неабгрунтавана і неарганізавана і не даводзячы пачатую справу да выніковага канца. Карацей кажучы, пашумелі і разыйшліся. Вывад напрашваецца сам сабой: актыўная жыццёвая пазіцыя патрабуе не толькі асабістай мужнасці і стойкасці, паслядоўнасці ў дасягненні мэты, але і ведання сітуаціі, умення ўлічваць усе абставіны і фактары, якія на яе ўздзейнічаюць, прававой і камунікатыўнай культуры, здольнасці знаходзіць сваё месца ў складаным і супярэчлівым свеце.

Усё гэта само сабой не здзяйсняецца, а фарміруецца ў барадзьбе з цяжкасцямі, дзе нават паражэнне можа стаць падмуркам для будучых перамог. Трэба толькі прааналізаваць ход падзей, знайсці свае памылкі, зрабіць з іх адпаведныя высновы, каб больш не натыкацца на тыя ж самыя граблі. Вывад, як бачыце, аптымістычны, настрой аўдыторыі бадзёры, баявы. Дыспут адбыўся, выканаў свае задачы, пакінуў аб сабе добрае ўраджанне і ў аўдыторыі, і ў гасцей, і ў арганізатараў. Чаму ж так адбылося? За кошт арыгінальнасці тэмы? Дзякуючы спецыяльнай падрыхтоўцы ўдзельнікаў? Альбо ўсё залежыла ад удала сфармуляваных пытанняў? Ці вядучыя паспрыялі дасягненню пастаўленай мэты?

Аналізуючы ход падрыхтоўкі і правядзення дыскусіі можна канстатаваць, што і тэма самая звычайная, і пытанні, і аўдыторыю ніхто папярэдне не рыхтаваў. Некалькі дзён таму ў маладзёжным інтэрнаце дыспут па той жа тэме, і з тымі ж пытаннямі з трэскам праваліўся. Нават вядучы, дастаткова падрыхтаваны і вопытны спецыяліст, нічога не здолеў зрабіць. У чым тады сакрэт поспеху нашага дыспута?

Аўдыторыю ў дадзеным выпадку ніхто асабліва не рыхтаваў. Загадзя абмеркавелі і вызначылі тэму, паведалі аб гэтым усім патэнцыяльным удзельнікам, давялі да іх пытанні да абмеркавання, вывесілі аб’яву і г.д. Але на гэтым падабенства двух дыспутаў скончылася. Бо ў першым выпадку на дыспут прыйшлі не выпадковыя людзі, а прадстаўнікі двух маладзёжных суполак: дыскусійнага клуба пры бібліятэцы і маладзёжнага клуба, арганізаванага пры адным з тэхнічных ВНУ. Кожнае з гэтых аб’яднанняў існавала ўжо даволі працяглы перыяд часу. Дзяўчаты і хлопцы прывыклі абмяркоўваць розныя пытанні, навучыліся спрачацца, выступаць не па паперцы, шчыра і аргументавана выражаць свае думкі. І ў гэтым вялікая заслуга кіраўнікоў, якія выступалі ў якасці вядучых. Менавіта яны накіроўвалі думку і энергію ўдзельнікаў у патрэбнае рэчышча, не дазвалялі ім засяроджвацца на рытарычных пытаннях, скаціцца да пустога славаблуду. Але самі вядучыя гаварылі мала, пабуджаючы максімальна поўна выказвацца саміх ўдзельнікаў.

За ілюзорнай лёгкасцю і нязмушанасцю іх паводзін падчас правядзення мерапрыемства стаялі мэтанакіраваныя намаганні па стварэнную дадзеных суполак, пераўтварэнню разрозненых, разнапланавых і часам “цяжкіх” падлеткаў і юнакоў у калектыў аднадумцаў, кантактную групу са сваімі каштоўнасцямі, традыцыямі, структурай узаемаадносін, культурай паводзін і г.д. Тут ужо не бібліятэка імкнулася заахвоціць чытачоў да зносін, а самі яны с цягам часу пачалі патрабаваць: “Давайце сустракацца часцей! Аднаго разу на месяц нам недастаткова! ”

Паспрабуем жа выявіць пэўныя заканамернасці і асноўныя этапы стварэння і існавання такіх кантактных груп карыстальнікаў пры бібліятэцы. Звычайна іх няшмат: да 15 чалавек. Такую аптымальную велічыню першаснага калектыву прапанаваў яшчэ А.С.Макарэнка. Ён адзначаў: «Первичный коллектив, т.е. коллектив, который уже не должен делиться дальше на более мелкие коллективы, образования, не может быть меньше 7 и больше 15 человек. Я не знаю, почему это так, я этого не учитывал. Я только знаю, что если первичный коллектив меньше 7 человек, он начинает обращаться в дружеский коллектив, в замкнутую группу друзей и приятелей.

Первичный коллектив больше 15 человек всегда стремится к разделению на два коллектива, всегда есть линия разделения»[5, с 253].

Словы А.С.Макарэнкі не догма, бо ён меў на ўвазе калектыў, даволі спецыфічны, як мы ведаем. Але даследаванні сучасных псіхолагаў падцвердзілі, што яго рэкамендацыі маюць універсальны характар і дасюль не страцілі сваёй актуальнасці.

Такім чынам, прыкладная колькасць вызначана. Яна можа быць большай, ці меньшай, бо чытацкае аб’яднанне – гэта не калс і не акадэмічная група, а даволі гнуткая і нават аморфная суполка. Умоўна яе можна падзяліць на “ядро” і “перыферыю” Ядро складаюць найбольш зацікаўленыя і апантаныя карыстальнікі, на якіх заўсёды можна спадзявацца пры фарміраванні аўдыторыі масавага мерапрыемства. Яно па колькаснаму складу можа быць і большым за рэкамендаваныя 15 чалавек, таму што не заўсёды кожны з чытачоў можа ў вызначаны час наведаць бібліятэку, таму трэба мець пэўны “запас трываласці”. Але імкненне да масавасці тут няўмесна. Масавасць створыць перыферыя – тыя карыстальнікі, якія прыдуць на паседжанні пад уплывам сяброў, знаёмых, празнаўшы аб мерапрыемстве з аб’явы і г.д. Частка з іх больш ніколі не прыйдзе, іншыя, зацікавіўшыся, могуць наведваць шэраг мерапрыемстваў, а некаторыя – з цягам часу увайсці ў ядро суполкі і стаць яе актыўнымі членамі. У сваю чаргу і тым, хто стварае аснову ядра групы, ніхто не перашкаджае перайсці ў перыферыю і наогул – пакінуць яе.

Далей – неабходна вызначыць мэту аб’яднання. Як правіла – гэта самаадукацыя, самавыхаванне, фарміраванне і павышэнне інфармацыйнай культуры, мэтанакіраванае набыццё інфармацыі па шэрагу пытанняў, навучанне, павышэнне творчага патэнцыялу, абмен вопытам, рэкрэацыя і г.д. Зносіны толькі сродак для дасягнення мэты. Калі яны становяцца самамэтаю – група можа і распасца.

У чытацкіх міжасабовых зносін заўсёды маецца канкрэтны змест: выбар матэрыялаў для чытання і абмеркаванне атрыманай інфармацыі. Пры гэтым адбываецца ўзаемнае ўзбагачэнне чытацкага вопыту кожнага з удзельнікаў, што робіць уплыў на чытанне больш выніковым, а працу бібліятэкара – больш адказнай і цікавай, таму што аб’ектам яго ўздзеяння становіцца не асобны карыстальнік, а цэлая група.

Арганізацыя міжчытацкіх зносін у межах такой групы спрыяе не толькі павышэнню чытацкай актыўнасці яе ўдзельнікаў, але і служыць сродкам удасканалення інфармацыйнай культуры карыстальнікаў. Існуючыя пры бібліятэцы групы падрыхтаваных і зацікаўленых у зносінах карыстальнікаў з цягам часу пераўтвараюцца ў памочнікаў бібліятэкі, правайдэраў яе франтальнага ўплыву на чытацкую аўдыторыю. Пад час падрыхтоўкі масавага мерапрыемства члены групы дапамагаюць ўдакладняць яго мэты і задачы, вызначаць асноўныя рысы сцэнарыя. Інфармуючы сваіх знаёмых аб тым, што за мерапрыемства мае быць і аб чым можна будзе даведацца, наведаўшы яго, такія карыстальнікі выступаюць у ролі сваеасаблівых рэкламных агентаў. Калі ж мерапрыемства падрыхтавана, менавіта члены групы складаюць тую актыўную частку аўдыторыі, якая сваімі выказваннямі, зацікаўленасцю і апантанасцю “заражаюць” больш інэртных і пасіўных наведвальнікаў, дапамагаючы тым самым нязмушанаму і змястоўнаму ўзаемадзеянню бібліятэкараў і запрошаных гасцей з залай, а таксама карыстальнікаў паміж сабой.

Стварэнне такой групы ўключае наступныя асноўныя этапы:

· выяўленне чытачоў, арыентаваных на павышэнне ўзроўню сваёй чытацкай і інфармацыйнай культуры і зацікаўленых у зносінах з аднадумцамі;

· папярэдняя індывідуальная работа з кожным такім чытачом па ўдакладненню мэтаў, задач, прынцыпаў функцыянавання будучага аб’яднання, яго перспектыў і магчымасцяў, якія адчыняюцца перад удзельнікамі;

· фарміраванне груп з улікам індывідуальных асаблівасцей карыстальнікаў, мэты і накіраванасці іх чытання, узроўня культуры, зместу чытацкіх інтарэсаў;

· вызначэнне самімі ўдзельнікамі пры актыўнай дапамозе бібліятэкара стратэгіі і тактыкі супольнай дзейнасці, форм узаемадзеяння; перыядычнасці сустрэч. Бібліятэкар выступае ў якасці кансультанта, але апошняе слова застаецца за чытачамі;

· кіраванне камунікітыўнай і чытацкай дзейнасцю членаў групы, забеспячэнне іх неабходнай літаратурай і стварэнне ўмоў для зносін;

· прыцягненне групы да падрыхтоўкі і правядзення масавага мерапрыемства, выхад з падрыхтаванымі матэрыяламі на больш шырокую аўдыторыю;

· пераўтварэнне групы ў калектыў аднадумцаў і памочнікаў бібліятэкара па прапагандзе чытання і фарміраванню інфармацыйнай культуры.

На ўсіх этапах стварэння і функцыянавання групы роля бібліятэкара адрозніваецца выключнай шматбаковасцю варыянтаў паводзін, форм і метадаў узаемадзення з карыстальнікамі. Для яго вельмі важна правільна вызначыць сваё месца ў групавой іерархіі. У залежнасці ад чытацкай накіраванасці групы, яе складу, асобасных якасцяў бібліятэкара ён можа выступаць і як метадыст-кансультант, і як просты член групы, і як лідэр чытання, і як эмацыйны лідэр. Найбольш прадуктыўным, на нашу думку і па вопыту бібліятэкараў, з’яўляецца варыянт, калі афіцыйны кіраўнік групы – бібліятэкар спалучае ролі інфармацыйнага і эмацыйнага лідэра групы. Але такое становішча падаецца не заўсёды магчымым. Калі лідэрства па інфармаванасці бібліятэкар яшчэ можа атрымаць, дык набыццё эмацыйнага лідэрства залежыць ад камунікатыўных асобасных якасцяў, арганізатарскіх здольнасцяў, якімі не заўсёды валодае спецыяліст аддзела абслугоўвання. Можна ўмоўна пазначыць такія пазіцыі бібліятэкара ў адносінах да кіруемай ім групы:

інструктар-метадыст, арганізатар, які сам амаль што не прымае непасрэднага ўдзелу ў чытацкай дзейнасці групы, але забяспечвае яе неабходнымі матерыяламі для чытання, арганізуе зносіны, накіраваныя на абмеркаванне прачытанага, дае парады па выбару і засваенню матэрыяла;

інфармацыйны лідэр групы – чалавек найбольш эрудыраваны ў пытаннях, якія яе цікавяць. Ён прымае непасрэдны ўдзел у чытачкай дзейнасці і міжасабовых чытацкіх зносінах, ажыццяўляе кіраўніцтва і карэкцыю складу чытання іншых удзельнікаў групы ў выпадку іх згоды, абапіраючыся на свій бяспрэчны чытацкі аўтарытэт;

эмацыйны лідэр групы – чалавек, чыя шчырая апантанасць справай, добра развітыя камунікатыўныя навыкі і ўменні, дабразычлівасць і памяркоўнасць выступаюць у якасці цэментуючай асновы камунікатыўнага і чытацкага ўзаемадзеяння;

просты член групы, які займаецца самаадукацыяй поруч з іншымі. Як бібліятэкар-прафесіянал, ён выступае ў ролі актыўнага назіральніка і кансультатна па пытаннях інфармацыйнага забеспячэння чытацкай дзейнасці, пошуку, засваення і абмеркавання атрыманай інфармацыі.

Ступень уключанасці бібліятэкара ў чытацкую дзейнасць і міжасабовыя чытацкія зносіны групы, яго роля і месца ў групавой структуры знаходзяцца ў непасрэднай залежнасці ад узроўню прафесійнай падрыхтоўкі, агульнакультурнага развіцця, камунікатыўных і асобасных якасцяў, якія могуць садзейнічаць зносінам, альбо перашкаджаць ім. Немалаважнае значэнне мае і склад групы. Калі сярод карыстальнікаў апынецца чалавек з яскрава выражанымі характарыстыкамі інфармацыйнага лідэра, а бібліятэкар пакуль не валодае неабходнымі для гэтага ведамі і вопытам, мэтазгодна ўступіць інфармацыйнае лідэрства ў групе такому чытачу, аказваючы яму неабходную дапамогу і падтрымку. Бібліятэкар у любым выпадку застанецца кіраўныком групы, таму што без яго садзейнічання група ў межах бібліятэкі існаваць не зможа. Заканамернасці стварэнне і існавання кантактных груп карыстальнікаў пры бібліятэцы, іх структуры, дынамікі, спрыяльных і адмоўных фактараў, ўплываючых на іх лёс – тэма самастойнага даследавання. На жаль тут больш фактаў, назіранняў, чым глыбокага навуковага аналізу. Лепш за ўсё выявіць некаторыя адметныя рысы на канкрэтных прыкладах з вопыту работы бібліятэк.

Звернемся да гісторыі найбольш цікавых і любімых чытачамі форм работы, пабуджаючых да актыўных міжчытацкіх зносін, такіх як дыскусійны клуб для юнацтва “РВС” («Размышления. Вопросы, споры») і літаратурна-музычная гасцёўня пры Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Я.Купалы г.Мінска.

Характэрна, што ў вытокаў дадзеных формаў франтальнага абслугоўвання, побач з бібліятэкарам-арганізатарам заўсёды стаяла група зацікаўленых карыстальнікаў. Прычым яны не проста забяспечвалі аўдыторыю мерапрыемства, але і прымалі самы непасрэдны ўдзел у распрацоўцы сцэнарыя, падрыхтоўцы і правядзенні.

Менавіта актыўнасць чытачоў, іх імкненне падзяліцца сваім чытацкім вопытам, перадаць іншым свае веды, проста пагутарыць і паспрачацца адно з адным, знайсці аднадумцаў і апанентаў з’явілась галоўнай рухаючай сілай, асноўным уплывовым фактарам, які садзейнічаў папулярнасці той ці іншай формы абслугоўвання.

Паказальным прыкладам з’яўляецца літаратурна-музычная гасцёўня, якая з’явілася пры ГЦБ імя Я.Купалы на пачатку 1980-х гадоў. Тады гэта была зусім новая форма работы. Яна стваралась па ініцыятыве групы пастаянных карыстальнікаў бібліятэкі. Бібліятэкары меркавалі, што гэта будзе невялікі элітарны чытацкі клуб аматараў кнігі, паседжанні якога будуць праходзіць у чытальнай зале ў выхадны дзень бібліятэкі, каб не перашкаджаць астатнім чытачам. Планавалась прыцягнуць да ўдзелу каля 30 карыстальнікаў.

Арганізацыйнымі пытаннямі займаўся актыў дабраахвотнікаў, у які разам з бібліятэкарам уваходзіла самыя падрыхтаваныя і зацікаўленыя карыстальнікі – члены грамадства аматараў кнігі. Кола пытанняў, якія павінны былі абмяркоўвацца, склад запрошаных, змест і характар выступленняў акрэсліваліся ў самых агульных рысах на паседжаннях актыву з улікам інтарэсаў чытачоў-удзельнікаў і магчымасцяў бібліятэкі запрасіць на сустрэчы прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі горада. Падрыхтоўчы этап уключаў таксама папярэднія зносіны магчымых удзельнікаў гасцёўні, іх знаёмства паміж сабой, абмеркаванне задач і мэтаў будучых сустрэч, высвятленне накіраванасці чытацкіх інтарэсаў, камунікатыўных здольнасцяў, жадання і ўмення выступаць публічна. Прымаліся прапановы карыстальнікаў наконт тэматыкі і формы правядзення паседжанняў, размяркоўваліся абавязкі. Самай лепшай формай была прызнана гасцёўня – сустрэча аднадумцаў за кубачкам гарбаты, альбо кавы ў камернай, утульнай абстаноўцы, з музычным аздабленнем, адпаведна тэматыцы паседжання. Нефармальны, нязмушаны характар зносін, зацікаўленасць удзельнікаў у стасунках, аператыўнае вырашэнне арганізацыйных пытанняў з боку бібліятэкараў, умелы падбор запрошаных гасцей прадумовілі папулярнасць мерапрыемства сярод карыстальнікаў.

У праграме гасцёўні быў закладзены асноўны прынцып: яе ўдзельнікі збіраюцца не толькі для абмену думкамі па пэўных пытаннях, але і для таго каб падзяліцца сваім чытацкім вопытам, даведацца аб новай літаратуры. Рэкамендацыйныя гутаркі, агляды кніг, адчыненыя прагляды літаратуры рыхравалі не толькі бібліятэкары. Чытачы прымалі ў гэтым самы актыўны ўдзел. Тыя абставіны, што большасць з іх валодалі шматлікімі прыватнымі бібліятэкамі і былі гатовыя прадставіць у распараджэнне сваіх таварышаў літаратуру з уласнага фонду, дазволілі значна пашырыць рэпертуар прапануемых выданняў, ўзбагацілі змест кніжных выстаў і праглядаў, якія былі неад’емнай часткай паседжанняў.

Характарыстыка найбольш цікавых выданняў самімі чытачамі з’явілася дзейснай формай прапаганды кнігі. Амаль уся літаратура, што предстаўлялася на кніжных выставах і праглядах, знаходзіла сваіх чытачоў. Каб рэкамендацыя кніг і іх выдача былі непарыўна звязаныя, адзін з работнікаў абанемента абавязкова дзяжурыў у дзень правядзення гасцёўні.

Комплекснае выкарыстанне прагрэсіўных форм франтальнага бібліятэчнага абслугоўвання ў спалучэнні з умелай арганізацыяй чытацкіх зносін абумовілі поспех гасцёўні. Аднак арганізацыя падобных мерапрыемствоў у іншых падраздзяленнях ЦБС сустрэла пэўныя цяжкасці. Прычым перашкоды матэрыяльнага кшталту былі лёгка пераадолены. Значна цяжэй, як высветлілася, сфарміраваць адпаведнае чытацкае асяроддзе, а галоўнае – знайсці бібліятэкара, які спалучае ў сабе якасці арганізатара, камунікатыўныя даныя з высокай агульнай культурай, шырокай эрудыцыяй і прафесійнай падрыхтоўкай. Менавіта бібліятэкар у дадзеным выпадку, карыстаючыся вобразным выразам Н.К.Крупскай, – “душа справы”. Гутаркі з бібліятэкарамі, якія непасрэдна займаюцца арганізацыяй чытацкіх зносін, пераконваюць у тым, што нейкіх надзвычайных здольнасцяў гэтая дзейнасць не патрабуе.

Сукупнасць якасцяў, неабходных для арганізацыі актыўных форм чытацкіх зносін, можна ўмоўна падзяліць на тры асноўныя групы: высокі ўзровень агульнай і чытацкай культуры; авалоданне тэорыяй уплыву на чытанне як сістэмай навуковых ведаў і методыкай бібліятэчнага абслугоўвання; развіццё камунікатыўных якасцяў асобы, садзейнічаючых паспяховасці зносін. Дадзеныя якасці можна лічыць фактарамі, якія абумоўліваюць выніковасць індывідуальнай работы з карыстальнікамі ў абслугоўванні і эфектыўнасць франтальнага абслугоўвання.

Не меньш важным падаецца і яснае ўяўленне аб мэтах і задачах арганізацыі чытацкіх зносін, наяўнасць праграмы стварэння чытацкіх суполак, якая ўключае такія моманты, як выяўленне чытачоў, зацікаўленых у зносінах, аб’яднанне іх у групы па інтарэсах, арганізацыя зносін у гэтых групах. Можна з упэўненасцю сказаць, што, чым большае месца ў мерапрыемстве адводзіцца чытацкім зносінам, чым лепш бібліятэкар умее іх арганізаваці і актывізаваць, паставіць сабе на службу, тым больш выніковай з’яўляецца масавая работы, тым большае задавальненне атрымліваюць ад яе і карыстальнікі і бібліятэкары.

 

Літаратура:

 

  1. Глазунова, Н. Диалог с читателем / Н.Глазунова, А. Антропова // Библиотека. – 1992. – № 1. – С.49-50.
  2. Гласхофф, И. Подростки и библиотека / И. Гласхофф// Библиотека. – 1992. – № 9-10. – С. 61-62.
  3. Клименкова, Н.В. Библиотекарь в общении с читателями /Н.В.Клименкова // Массовая библиотека’93. – М., 1993. – С.9-15
  4. Клименкова, Н.В. Роль библиотеки ПТУ в профессиональном и духовном становлении молодого рабочего / Н.В.Клименкова. – М.: Высшая школа, 1990. – С. 55–61.
  5. Кулага, Г. Вдохновение… не по заказу / Г. Кулага // Библиотекарь. – 1991. – № 3. – С.48-50.
  6. Макаренко, А.С. Сочинения: в 7 т / А.С. Макаренко. – М.: Просвещение, 1951. – Т. 5. – С. 253.
  7. Смирнова, М. Мы – не затейники / М. Смирнова // Библиотека. – 1992. – № 3-4. – С. 32-33.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.