Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Тэма 16. Кампенсаторная функцыя чытання і бібліятэрапія






Асноўныя пытанні:

  1. Выкарыстанне кнігі і чытанняу працэсе лячэння, карэкцыі і асобаснага развіцця.
  2. Сацыяльна-педагагічная дзейнасць публічнай бібліятэкі.
  3. Бібліятэрапія як сродак псіхолага-педагагічнага ўплыву на карыстальніка.
  4. Вопыт бібліятэрапеўтычнай дзейнасці беларускіх бібліятэк.

Развіццё публічных бібліятэк адбываецца пад уплывам двух фактараў: існуючай сацыяльнай палітыкі і патэнцыяла інфармацыйных тэхналогій, што пабуджае да ўкаранення новых форм і відаў абслугоўвання сацыяльна неабароненых карыстальнікаў. Найбольш распаўсюджаным сродкам вырашэння асабістых праблем з дапамогай кнігі, чытання, інфармацыі з’яўляецца бібліятэрапія. Як галіна ведаў і сфера практычнай дзейнасці яна інтэгрыруе падыходы і метады медыцыны, сацыяльнай педагогікі, псіхалогіі і бібліятэказнаўства. Зараз, калі кожнаму чалавеку, так, альбо інакш, даводзіцца сутыкацца ў сваім жыцці з негатыўнымі псіхалагічнымі ўздзеяннямі, небяспекай страціць здароўе, апынуцца ў цяжкіх жыццёвых абставінах, заканамерна ўзрастае інтарэс да выкарыстання кнігі, чытання, інфармацыі ў працэсе лячэння, рэабілітацыі, псіхалагічнай карэкцыі і асобаснага развіцця [4].

Бібліятэрапія накіравана на вырашэнне праблем фарміравання ў чалавека здольнасцяў і звычак супрацьстаяць неардынарным сітуацыям (хваробам, стрэсам, дэпрэсіям і г.д.), умацоўваць сілу волі, павышаць интэлектуальны і адукацыйны ўзровень на падставе сінтэзу сітуацый чытання. Бібліятэрапіяй называюць і спецыфічны метад кіраўніцтва чытаннем для бібіятэкара, і псіхатэрапеўтычную методыку для ўрача.

Сучаснае грамадства зацікаўлена ў мэтанакіраванай дапамозе асобам, якім цяжка самастойна забяспечыць сваё паўнацэннае існаванне. Аказаннем дапамогі, абаронай і падтрымкай такіх людзей займаецца сацыяльная педагогіка. З аднаго боку – гэта афіцыйна прызнаная галіна прафесійнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца адпаведна падрыхтаванымі спецыялістамі ў межах дзяржаўных, альбо грамадскіх структур. З другога – намаганні арганізацый, устаноў, асобных грамадзян па аказанні дапамогі тым, хто ў ёй зацікаўлены.

Бібліятэка адчынена для ўсіх, хто мае патрэбу ў інфармацыі, неабходнай для пераадолення цяжкасцяў жыцця. Ажыццяўляючы прынцып свабоднга і роўнага доступу да інфармацыйных рэсурсаў, бібліятэкары з пільнай увагай ставяцца да патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі, што спрыяе актывізацыі іх удзелу ў сацыяльных і культурных працэсах.

Інфарматызацыя грамадства дазваляе бібліятэкарам паставіць на службу сацыяльнай рабоце сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Але значныя групы людзей не маюць магчымасці імі карыстацца. Галоўнымі бар’ерамі лічацца адсутнасць доступу да Інтэрнэта і немагчымасць авалодаць камп’ютэрам. Разам з тым, менавіта інфармацыйныя тэхналогіі здольны палепшыць якасць жыцця сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян. Публічныя бібліятэкі, – як адзначаецца ў праекце PULMAN, – надзвычай удала прыстасаваны да вырашэння праблемы лічбавай дыскрымінацыі шляхам развіцця новых паслуг. Яны дапамогуць ліквідаваць прабелы ў адукацыі тым карыстальнікам, хто не мае магчымасці набыць камп’ютэр і аплаціць выхад у Інтэрнет [1, 7].

Цяжка пераацаніць ролю інфармацыі ў актывізацыі працэсаў сацыялізацыі і сацыяльнай адаптацыі. Вядома, што беспрацоўныя маюць патрэбу ў інфармацыі аб вакансіях, моладзь шукае цікавыя месцы зносін, дзецям неабходны праграмы для дадатковай адукацыі, развіцця навыкаў, атрыманых у школе, састарэлыя людзі зацікаўлены ў месцы, дзе можна даведацца аб апошніх падзеях, інвалідам неабходна ўстанова, дзе да іх ставяцца з павагай, улічваючы іх псіха-фізіялагічныя асаблівасці. Публічныя бібліятэкі адпавядаюць усім пералічаным крытэрыям, таму яны могуць і павінны стаць асновай інфармацыйнага супольніцтва, што забяспечвае бесперашкодны доступ да ведаў сацыяльна неабароненым асобам.

Традыцыі гуманных, неабыякавых адносін да карыстальнікаў, шматбаковай дапамогі ім у пераадоленні праблем, у першую чаргу, за кошт прадстаўлення неабходнай інфармацыі – існуюць і развіваюцца ўвесь час, пакуль існуе бібліятэка як сацыяльны інстытут. Рэабілітацыя асоб з абмежаванымі магчымасцямі, у прыватнасці, сацыякультурная рэабілітацыя, інтэграцыя іх у грамадства выступае ў якасці асобнага напрамка сацыяльнай работы, які зараз інтэнсіўна развіваецца ва ўсім свеце. Узнікае неабходнасць даследавання ўплыву бібліятэкі і бібліятэкара на карыстальніка з абмежаванымі магчымасцямі праз спецыяльна створанае сацыяльна-культурнае асяроддзе, якое спрыяла б больш дасканалай адаптацыі да зменлівага навакольнага жыцця. Асабліва актуальным уяўляецца пошук і распрацоўка псіхолага-педагагічных метадаў эфектыўнага ўзаемадзеяння з карыстальнікам праз кнігу, чытанне, інфармаванне

Бібліятэка займае ключавое месца ў сістэме падтрымкі працэса адукаццыі ў самым шырокім сэнсе, як фармальнай, у навучальнай установе, так і нефармальнай – шляхам самаадукацыі. Бесперапынная адукацыя прадугледжвае фарміраванне і развіццё ў карыстальнікаў здольнасці шукаць інфармацыю і набываць веды актыўна і самастойна. Асобам з абмежаванымі магчымасцямі адукацыя надае новыя якасці, дазваляе пераадолець сваю абмежаданасць, знайсці дастойнае месца ў соцыуме. Сучасныя інфармацыйныя техналогіі дапамагаюць невідушчым карыстацца агульнадаступнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, асобам з абмежаваннямі па руху – атрымліваць веды не зыходзячы з месца і г.д. Але авалодаць інфармацыйнай культурай, неабходнай для свабоднай арыентацыі ў інфармацыйнай прасторы, інваліды могуць толькі ў бібліятэцы.

Такім чынам, станоўчае ўздзеянне інфармацыі на працэс сацыялізацыі найменьш абароненых колаў карыстальнікаў адбываецца ў двух, звязаных паміж сабой, напрамках. З аднаго боку – гэта дапамога ў пераадоленні жыццёвых перашкод, псіхалагічнай замкнёнасці індывіда. З другога – спрыянне ў набыцці навыкаў самастойнага пошуку, выбару і засваення ведаў, якія патрэбны для вырашэння незлічоных праблем жыцця.

Але як самастойны напрамак сацыяльна-педагагічная дзейнасць бібліятэкі знаходзіца ў стандыі станаўлення і патрабуе тэарэтыка-метадычнага абгрунтавання. Расійскія бібліятэказнаўцы адзначаюць, што ўвага грамадства да сацыяльна неабароненых груп насельніцтва стымулявала даследаванні ў галіне бібліятэчнага абслугоўвання асоб з абмежаванымі магчымасцямі, у сувязі з чым можна гаварыць аб сацыяльнай канцэпцыі бібліятэчнага абслугоўвання [2, 3, 5, 6].

Да сацыяльна-педагагічнай дзейнасці бібліятэк прыцягнута ўвага і украінскіх бібліятэказнаўцаў. У прыватнасці, А.С.Чачко адзначае, што варта пашырыць паняцце “сацыяльна неабароненыя групы”, улічваючы, рэальнае становішча не толькі хворых, інвалідаў, але і беспрацоўных, бедных, адлучаных ад культуры платнымі паслугамі. На ўсіх узроўнях варта абгрунтаваць, што адпаведная сацыяльная і сацыяльна-педагагічная работа бібліятэкі неабходна і кожнаму чалавеку, і грамадству, і дзяржаве [10].

Вывучэнне сацыяльна-педагагічнага патэнцыяла бібліятэрапіі, сацыяльна-педагагічнага накірунку дзейнасці бібліятэк стала адным з прыярытэтных напрамкаў навуковых даследаванняў кафедры менеджмента інфармацыйна-дакументнай сферы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У артыкулах У.А.Акуліча, Л.А.Дзямешка, С.А.Паўлавай разглядаюцца асаблівасці ўжывання бібліятэрапіі на Беларусі. Н.Е.Петушко[8] абаронена кандыдацкая дысертацыя, прысвечаная тэарэтыка-метадычным аспектам бібліятэчнага абслугоўвання інвалідаў па зроку. Выконваюцца і абараняюцца дыпломныя і магістэрскія работы па пытаннях бібліятэрапіі.

Бібліятэрапеўтычная практыка таксама набывае ўсё большае распоўсюджанне ў нашых бібліятэках. Асабліва актыўна яна выкарыстоўваецца ў адносінах да дзяцей з дэвіянтнымі паводзінамі і асаблівасцямі развіцця.

Яркім прыкладам можа служыць бібліятэрапеўтычная работа дзіцячай бібліятэкі №2 горада Магілёва, дзе працуе клас-майстэрня «Чароўны ліхтарык». Праграма прадугледжвала стварэнне цэласнай сістемы выхавання дзяцей малодшага школьнага ўзросту, якія патрабуюць асобага педагагічнага падыходу. Прадугледжана развіццё новых накірункаў у дзейнасці бібліятэкі, супрацоўніцтва з установамі, якія займаюцца проблемами выхавання дзяцей дэвіянтных паводзін. Мэта праграмы – праз кнігу адвесці ўвагу маленькіх карыстальнікаў ад шкодных звычак, далучыць іх да сістэматычнага чытання, прывіць пачуццё самапавагі, фарміраваць эмацыйныя і псіхічныя асновы асобы, спрыяць сацыялізацыі і адаптацыі.

На працягу двух год сістэматычных заняткаў з псіхолагам і бібліятэкарамі, дзякуючы псіхалагічнай карэкцыі праз чытанне і зносіны, дзеці з небяспечных і апекунскіх сем’яў значна змянілі адносіны да сябе, сяброў, блізкіх. Развіццё іх інтэлектуальных і творчых здольнасцей дазволіла павысіць паспяховасць, адмовіцца ад дэвіянтных паводзін [9].

Аналагічная работа праводзілась і ў бібліятэцы школы №18 г.Бабруйска бібліятэкарам, сумесна з псіхолагам і настаўнікамі. Тут таксама былі адабраны дзеці з адхіленнямі ў паводзінах. Бібліятэрапеўтычнае ўздзеянне было накіравана на ліквідацыю адмоўных зменаў у псіхіцы і фарміраванне нармальных псіхічных працэсаў, станаў, уласцівасцей асобы ў мэтах ураўнаважвання анамальных з’яў.

Не меньш важнай, чым бібліятэрапія ў адносінах да асоб з абмежаванымі псіха-фізіялагічнымі і сацыяльнымі магчымасцямі, з’яўляецца работа з іх асяроддзем: роднымі, блізкімі, сябрамі, суседзямі. Фарміраванне ў грамадстве здаровых, гуманных адносін да людзей с асаблівасцямі ў фізічным стане і паводзінах, да тах, хто апынуўся ў цяжкіх жыццевых абставінах, не меньш значная справа, чым дапамога самім знядоленым. Бібліятэка з’яўляецца той установай, дзе сустракаюцца карыстальнікі самых розных сацыяльных колаў, як у працэсе індывідуальнага абслугоўвання, так і падчас масавых мерапрыемстваў. Зносіны з сацыяльна неабароненымі асобамі і людзьмі з абмежаванымі псіха-фізіялагічнымі магчымасцямі, аргіназаваныя бібліятэкай, усведамленне праз чытанне адпаведных твораў і атрыманне інфармацыі прычын і наступстваў асабістых і сацыяльных катастроф, падзей і з’яў, якія прыводзяць да інваліднасці і страты сацыяльных сувязяў, спрыяе гарманізацыі адносін асяроддзя да асоб з абмежаванымі магчымасцямі, што значна палягчае іх існаванне. Прапаганда праз творы друку ідэй міласэрднасці, узаемадапамогі, падтрымкі слабых і неабароненых – гэта таксама бібліятэрапія.

Разглядаючы тэндэнцыі, характэрныя для бібліятэчнага абслугоўвання ў сучасны момант, можна сцвярджаць што бібліятэрапія, як сродак сацыяльна-педагагічнага ўплыву, пераўтварыцца у неад’емную частку штодзённай практыкі і з катэгорыі пажаданага пяройдзе ў катэгорыю неабходнага і абавязковага, тым больш, што ў кантынгенце карыстальнікаў будзе ўзрастаць працэнт моладзі, сацыяльна неабароненых асоб, а таксама інвалідаў па розных захвораваннях. Усё гэта непазбежна павялічыць патрабаванні да метадычнай абгрунтаванасці ўзаемадзеяння з карыстальнікамі, камунікатыўнай і псіхалагічнай культуры бібліятэкараў.

Патрабуюцца новыя падыходы да сістэмы падрыхтоўкі бібліятэчных кадраў, увядзенне новых, падвоеных спецыялізацый: бібліятэкар-псіхолаг, бібліятэкар-сацыёлаг, бібліятэкар-сацыяльны работнік, бібліятэкар-бібліятэрапеўт. Але можна пазбегнуць штучнага пашырэння пераліку спецыяльнасцяў, якія так, альбо інакш, звязаны з сацыяльнай работай, за кошт увядзення комплекснай падвоенай спецыяльнасці: бібліятэкар – сацыяльны работнік, таму што сацыяльная работа ўключае і сацыяльную педагогіку, і бібліятэрапію, і псіхалогію як сродак дасягнення пэўнай сацыяльна значнай мэты.

 

Літаратура

1. Бэйкуэлл, К.Г.Б. Управление библиотечными и информационными службами, ориентированными на пользователя / К.Г.Б.Бэйкуэл. Пер. с англ. И.Ю.Багровой; Рос.гос.б-ка., НИО Информкультура, Отдел организации и функционирования библиотечных систем.– М., 1997.– 118 с.

2. Дрешер, Ю.Н. Современная концепция подготовки специалиста-библиотерапевта: Научно-методическое пособие / Ю.Н.Дрешер. – М.: ЛИБЕРЕЯ, 2003. – 247 с.

3. Кабачек, О.Я Сказка в век компьютера: Методическое пособие в помощь библиотекарям и педагогам, работающим с детьми младшего и среднего школьного возраста / О.Я.Кабачек. – М.: ЛИБЕРЕЯ, 2001. – 205 с.

4. Клименкова, Н.В. Библиотерапия как направление библиотечной педагогики / Н.В.Клименкова // Бібліятэкі і музеі ў сістэме інавацыйнай дзейнасці: матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі (21-22 кастр.2009 г.) – Мінск, 2010. – С. 33-38.

5. Марусич, Ж.В. Библиотечное обслуживание инвалидов по зрению средствами новых информационных технологий / Ж.В. Марусич. – М.: ЛИБЕРЕЯ, 2004. – 95 с.

6. Маух, Б. Библиотечная политика: больше социальной работы и меньше маркетинга в публичной библиотеке / Б.Маух // Мир библиотек сегодня.– 1998.– № 3.– С.63-68.

7. Публичные библиотеки в век цифровой информации: Рекомендация проекта PULMAN Европейской Комиссии. – М.: ГРАНД, 2004. – 410 с.

8. Петушко, Н.Е. Библиотерапия: компенсаторное чтение художественной литературы / Н.Е. Петушко // Сацыяльна-педагагічная работа.– 2003. – № 5. – С. 29-41.

9. Столярова, И.А. Роль детской библиотеки в коррекции девиантного поведения младших школьников / И.А.Столярова // Бібліятэкі і музеі ў сістэме інавацыйнай дзейнасці: матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі (21-22 кастр. 2009 г.). – Мінск, 2010. – С.61-67.

10. Чачко, А.С. Развивающаяся библиотека в информационном обществе: Научно-методическое пособие / А.С.Чачко. – М.: ЛИБЕРЕЯ, 2004. – 88 с.

 

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.