Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Тэма. Царква і рэлігія.

Праваслаўе і каталіцызм у ВКЛ (XIV – XVI стст.) Праваслаўная царква.

У XI – XII стст. праваслаўная царква панавала ва ўсіх усходнеславянскіх землях. Пасля ўключэння тэрыторыі Старажытнай Русі ў розныя дзяржаўныя ўтварэнні пачаўся працэс падзелу Кіеўскай мітраполіі і прыстасавання асобных царкоўных арганізацый да патрэб пануючых колаў ВКЛ, Польшчы, Маскоўскай Русі і некаторых іншых дзяржаў.

Захаваліся фрагментарныя звесткі пра існаванне асобнай «Літоўскай мітраполіі» ў часы праўлення Гедыміна з асноўным царкоўным цэнтрам у Наваградку. «Літоўскія мітрапаліты» прысутнічалі на канстанцінопальскіх патрыяршых саборах 1317, 1327, 1329 гг. Па сутнасці, гэта сведчыла пра першыя відавочныя спробы стварэння асобнай царкоўнай арганізацыі на тых землях Кіеўскай мітраполіі, якія ў той час ужо ўваходзілі ў склад ВКЛ. У другой палове XIV—XV ст., у час «збірання» ўсходнеславянскіх зямель, на ролю галоўнага цэнтра гэтага аб'яднальнага працэсу сталі прэтэндаваць Вільня і Масква, і кожны з бакоў імкнуўся выкарыстаць праваслаўную царкву ў мэтах пашырэння свайго палітычнага ўплыву на ўсе землі Старажытнай Русі.

Асабліва ўпартае саперніцтва паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай вялося за «месца» (пасаду) кіеўскага мітрапаліта, які з пачатку XIV ст. знаходзіўся ў Маскве. Значную актыўнасць у гэтай барацьбе праяўлялі вялікія князі Альгерд і Вітаўт. Пры Альгердзе ў 1355 г. у Наваградак канстанцінопальскім патрыярхам быў прызначаны мітрапаліт Раман, па сутнасці, незалежны ад мітрапаліта ў Маскве, якому падначальваліся 7 епархій на тэрыторыі ВКЛ і Галіцыі. Пасля смерці Рамана асобныя мітрапаліты на землі ВКЛ не прызначаліся. Толькі ў 1415 г. пры Вітаўце ў Наваградку адбыўся царкоўны сабор, які прызнаў новым мітрапалітам Рыгора Цамблака і абвясціў незалежнасць праваслаўнай царквы ВКЛ ад кіеўскага мітрапаліта ў Маскве.

Канчатковае адасабленне праваслаўнай царкоўнай арганізацыі ВКЛ ад маскоўскай адбылося ў 1458 г. 3 гэтага часу на ўсходнеславянскіх землях сталі дзейнічаць дзве асноўныя арганізацыі праваслаўнай царквы, з якіх адна захоўвала традыцыйную назву – «мітраполія Кіеўская і ўсяе Русі» (іншы раз яна называлася «Мітраполія Кіеўская, Галіцкая і ўсяе Русі»), а другая з 1461 г. стала называцца мітраполія «Масквы і ўсяе Русі». Першымі мітрапалітамі ў ВКЛ, куды часам уваходзілі і землі Галіцыі, былі грэкі ці балгары. Пазней мітрапалітамі ў ВКЛ пераважна станавіліся ўраджэнцы Беларусі. Так, з 12 мітрапалітаў, якія ўзначальвалі праваслаўную царкву ў ВКЛ да сярэдзіны XVI ст., 9 мелі родавыя маёнткі ў Беларусі або раней былі полацкімі ці пінска-тураўскімі епіскапамі. Мясцовымі ўраджэнцамі з сярэдзіны XV ст. былі, як правіла, і епіскапы, не гаворачы ўжо пра звычайных прыходскіх свяшчэннікаў.

Епархіяльная структура праваслаўнай царквы ВКЛ таксама ў асноўным усталявалася ў XV – XVI стст. Тэрыторыя ўласна Беларусі ўваходзіла ў склад Полацкай, Турава-ІІінскай, часткова мітрапаліцкай, Уладзіміра-Берасцейскай, Смаленскай і Чарнігаўскай епархій. Ніжэйшым структурным элементам праваслаўнай царкоўнай арганізацыі быў прыход з мясцовым храмам.

Праваслаўная царква ў ВКЛ была даволі разгалінаванай. У крыніцах XIII – XVI стст. няма звестак аб колькасці цэркваў у Беларусі ці ў ВКЛ. Значную ролю ў іх размяшчэнні адыгрывалі гістарычныя традыцыі, асаблівасці рассялення праваслаўнага насельніцтва і яго колькасць. Невялікія цэрквы знаходзіліся ў вёсках і мястэчках. У сярэдзіне XVI ст. (па няпоўных даных) у Пінску было 14 цэркваў, у Наваградку – 10, у Берасці і Полацку – па 9, у Віцебску – 7, Гародні і Слоніме — па 6, у Магілёве, Клецку, Слуцку – па 5, Менск, Кобрын. Пружаны, Мазыр мелі крыху меншую колькасць храмаў. У сталіцы ВКЛ – Вільні ў першай палове XVI ст. налічвалася 17 цэркваў.

У канцы XIII – сярэдзіне XVI ст. на тэрыторыі Беларусі было заснавана каля 40 новых манастыроў. Некалькі манастыроў, што знаходзіліся пад асаблівай апекай мітрапалітаў і феадалаў, пастаўлялі галоўных саноўнікаў царкоўнай іерархіі: Троіцкі ў Вільні і Слуцку, Благавешчанскі ў Супраслі, Лешчанскі каля Пінска і інш. Кіеўскія мітрапаліты ВКЛ звычайна жылі ў Наваградку, Вільні, Менску, радзей у Кіеве, дзе доўгі час было даволі небяспечна.

ІІраваслаўная царква адыгрывала значную ролю ў грамадскім жыцці ВКЛ. Напрыклад, полацкія архіепіскапы ўваходзілі ў савет полацкага князя, прысутнічалі на з’ездах мясцовай знаці, падпісвалі дагаворы з іншымі княствамі і гарадскімі абшчынамі.

Важнай сферай грамадскай дзейнасці царквы было судаводства (разглядаліся пераважна традыцыйныя справы, звязаныя з парушэннем царкоўных асноваў у сямейна-бытавым жыцці – шлюбы не па «закону», іх скасаванне, распуста, святатацтва, ерасі).

Вялікую ролю адыгрывала царква і ў духоўным жыцці: захаванні і пераемнасці культурнай спадчыны, пашырэнні кніжнай справы і пісьменнасці сярод насельніцтва, развіцці адукацыі, мастацтва, музыкі, спеваў, некаторых рамёстваў. Духоўныя дзеячы актыўна займаліся летапісаннем, палемічнай і літургічнай пісьменнасцю, перакладам біблейскіх кніг і інш.

У XV – XVI стст. праваслаўная царква вяла барацьбу супраць пашырэння ўплыву каталіцкай царквы ў ВКЛ. Пачынаючы з Ягайлы, праваслаўная знаць, роўна як і духавенства, паступова стала губляць свае пазіцыі ў ВКЛ, чаму асабліва садзейнічаў Гарадзельскі прывілей 1413 г. Але, улічваючы, што большасць насельніцтва ВКЛ складалі праваслаўныя, вялікія князі ў дачыненні да праваслаўнай царквы прытрымліваліся пераважна талерантнай (цярпімай) палітыкі. У XV – XVI стст. быў выдадзены шэраг прывілеяў, якія ўраўноўвалі праваслаўных феадалаў з католікамі (прывілеі Жыгімонта Кейстутавіча 1434 г., Жыгімонта-Аўгуста 1563 г.). Становішча праваслаўнай царквы значна пагоршылася пасля Берасцейскай уніі 1596 г., у выніку якой узнікла уніяцкая царква. Большасць праваслаўных епіскапаў на чале з мітрапалітам перайшла ва уніяцтва.

Каталіцкая царква. У адрозненне ад праваслаўя распаўсюджанне каталіцызму ў Беларусі і ва ўсім ВКЛ пачалося значна пазней і прайшло два этапы: сярэдзіна XIII ст. – 1385 г. (Крэўская унія) і канец XIV ст. – 1596 г. (Берасцейская унія). На першым этапе насадзіць каталіцызм у ВКЛ спрабавалі Лівонскі ордэн, Ватыкан, ІІольскае каралеўства. Аднак усе іх спробы ўсталяваць каталіцкую царкву ва ўласна Літве і ўсходнеславянскіх землях ВКЛ у XIII – сярэдзіне XIV ст. не мелі поспеху. Ваенна-палітычная барацьба з крыжакамі і іх саюзнікамі, у якой сумесна ўдзельнічалі літоўскі, беларускі і іншыя народы ВКЛ, доўгі час перашкаджала распаўсюджванню і афіцыйнаму зацвярджэнню тут каталіцызму як дзяржаўнай рэлігіі. Тым больш, што спачатку, улічваючы ролю праслаўнай царквы ў грамадскім жыцці ўсходнеславянскіх зямель ВКЛ, вялікакняжацкая ўлада дазваляла пераход у праваслаўе тым членам кіруючай дынастыі, якія мелі там свае асноўныя ўладанні.

І ўсё ж у канцы XIV ст. кіруючыя колы ВКЛ схіліліся ў бок каталіцызму, таму што ён дазваляў устанавіць і ўмацаваць саюзніцкія адносіны з Польшчай. Польскае каралеўства ў той час было моцнай дзяржавай, разам з якой ВКЛ магло паспяхова супрацьстаяць Лівонскаму ордэну ў Прыбалтыцы. Каталіцызм быў выкарыстаны таксама як сродак сацыяльнай, палітычнай, а ў пэўнай ступені і этнічнай кансалідацыі літоўскіх феадалаў ВКЛ. Такім чынам, на другім этапе распаўсюджання каталіцызму ў ВКЛ гэтай справай актыўна займаліся кіруючыя колы самога Княства.

У адрозненне ад доўгага па часе фарміравання праваслаўнай мітраполіі арганізацыйная структура каталіцкай царквы ў ВКЛ была створана даволі хутка, у выніку некалькіх актаў велікакняжацкай улады. Праз паўтара года пасля Крэўскай уніі прывілеем Ягайлы ад 17 лютага 1387 г. было заснавана Віленскае біскупства (епархія), якая ахапіла, акрамя Аўкштайціі, амаль усю тэрыторыю Беларусі. Толькі невялікая частка Паўднёва-Заходняй Беларусі ўвайшла ў Луцкае біскупства, заснаванае ў 1325 г. Пры Вітаўце ў 1417 г. пасля канчатковага далучэння Жмудскай (Жамойцкай) зямлі да ВКЛ узнікла Жмудскае біскупства. 3 канца XIV ст. і да сярэдзіны XVI ст. на тэрыторыі Віленскага біскупства было створана 259 парафій (каталіцкіх прыходаў).

Пры дзейснай падтрымцы вярхоўнай улады і літоўскай знаці, менш чым за стагоддзе, каталіцкая царква стала буйным землеўладальнікам. Большасць самых багатых парафій з вялікімі маёнткамі была заснавана на землях Беларусі. Так, Віленскае біскупства ў сярэдзіне XVI ст. па памерах свайго землеўладання (каля 11 тыс. дымоў – сялянскіх гаспадарак) значна пераўзыходзіла ўладанні ўсіх праваслаўных епархій ВКЛ. Каталіцкія біскупы паходзілі звычайна з прывілеяваных саслоўяў, мелі добрую адукацыю і ўваходзілі ў групу магнацкай арыстакратыі.

У канцы XIV – першай палове XVI ст. у ВКЛ узніклі першыя манаскія каталіцкія ордэны, непасрэдна падначаленыя рымскаму папе і незалежныя ад віленскіх або польскіх епіскапаў. На тэрыторыі Беларусі былі заснаваны манастыры Ордэна францысканцаў – у Лідзе (1397 г.), Старых Ашмянах (у 90-х гг. XIV ст.), Пінску (у першай чвэрці XV ст.), аўгусцінцаў – у Быстрыцы (1390 г.) і Берасці (у пачатку XV ст.), бернардзінцаў – у Полацку (1498 г.). Усе вышэйназваныя каталіцкія манастыры належалі да так званых «жабрацкіх» ордэнаў, статут якіх забараняў абзаводзіцца колькі-небудзь значнай нерухомай маёмасцю. Тым не менш некаторыя з іх былі даволі буйнымі землеўладальнікамі.

Такім чынам, усталяванне каталіцызму ў ВКЛ, у тым ліку і ў Беларусі, адбылося вельмі хутка. Гэтаму ў значнай стунені садзейнічала знешнепалітычная сітуацыя, якая прымушала ВКЛ шукаць саюзу з Польшчай. Але разам з тым велікакняжацкая ўлада не магла не ўлічваць інтарэсаў праваслаўнай царквы, паколькі ў XIV – XV стст. праваслаўе спавядала большасць насельніцтва ВКЛ.

Рэфармацыя ў Вялікім княстве Літоўскім. Рэфармацыйныя рухі ў Еўропе і ВКЛ. Рэфармацыйныя рухі ў Еўропе ўзніклі ў XIV – XV стст. Але сапраўды кантынентальны размах яны набылі ў першай палове XVI ст., калі абвастрыліся супярэчнасці паміж каталіцкай духоўнай іерархіяй і свецкай уладай, феадаламі, узрасла нездаволенасць розных пластоў насельніцтва ўмяшальніцтвам духавенства ў нецаркоўныя сферы дзейнасці, паборамі, злоўжываннямі, падзеннем яго маральнага ўзроўню. Рэфармацыйныя рухі у цэлым былі накіраваны супраць панавання каталіцкай царквы ў Еўропе, але ў розных яе рэгіёнах, а часам нават краінах мелі свае напрамкі, сваіх заснавальнікаў. Па іх імёнах ямы нярэдка атрымлівалі і свае назвы: лютэранства, кальвінізм, цвінгліянства і інш. Рэфарматары выступалі пад папулярнымі лозунгамі ачышчэння і рэфармацыі (перабудовы) царквы, вяртання да чыстага старажытнага хрысціянства, супраць рэлігійнага дагмату аб тым, што каталіцкая царква з’яўляецца адзіным пасрэднікам паміж Богам і чалавекам. Тым самым падрываўся аўтарытэт духавенства, адмаўлялася неабходнасць царкоўнай іерархіі і папства. Яны не прызнавалі пастаноў усяленскіх сабораў, вучэння айцоў царквы, большасці традыцыйных абрадаў і таінстваў, лічылі, што асновай сапраўднай веры з’яўляецца выключна Біблія. Многіх людзсй пратэстанцкія цэрквы прыцягвалі і знешняй сціпласцю, прастатой, нават пурытанізмам (празмермай строгасцю) сваіх храмаў, адсутнасцю вялікіх маёнткаў, багаццяў, даверам да розуму і рэлігійнай сумленнасці веруючых. Тэрмін «пратэстантызм» для вызначэння ўсіх напрамкаў Рэфармацыі ўзнік пасля таго, як у 1529 г. некалькі князёў і група гарадоў Свяшчэннай Рымскай імперыі выступілі з пратэстам супраць рашэння імператара аб забароне далейшага распаўсюджання некаталіцкіх хрысціянскіх рухаў.

Найбольш моцныя рэфармацыйныя рухі ў Еўропе пачаліся ў пачатку XVI ст. з раздробленых германскіх княстваў, потым яны перакінуліся ў Швейцарыю, Нідэрланды, Францыю, Аўстрыю, праніклі ў Скандынавію, Англію, Прыбалтыку, Венгрыю, Польшчу. Не прайшло і дзесяцігоддзя пасля выступлення Лютэра ў 1517 г. з яго знакамітымі вітэнбергскімі тэзісамі, як у сталіцы ВКЛ аб’явіліся першыя вестуны Рэфармацыі. Гэта стала магчымым дзякуючы ў першую чаргу суседству лютэранскай Прусіі, еўрапейскаму кнігадрукаванню, знешняму гандлю, вучобе выхадцаў з ВКЛ у еўрапейскіх універсітэтах. Аднак непасрэдна на землях Беларусі Рэфармацыя пачала распаўсюджвацца з сярэдзіны XVI ст.

Рэфармацыя ў ВКЛ была састаўной часткай еўрапейскага рэфармацыйнага руху, але мела пры гэтым свае асаблівасці, і не столькі царкоўныя і дактрынальныя, колькі палітычныя і сацыяльныя. Значны ўплыў на Рэфармацыю ў ВКЛ зрабілі ідэалогія асноўных напрамкаў заходнееўрапейскага пратэстантызму, рэнесансава-гуманістычныя павевы, у пэўнай ступені – гусіцкі і анабаптысцкі рухі. (Анабаптысты выступалі за хрышчэнне людзей дарослых, свядомых.) Станаўленню Рэфармацыі ў Беларусі і Літве, асабліва ў кнігавыдавецкай сферы, выразна паўплывала дзейнасць Францыска Скарыны.

У рэфармацыйны рух у ВКЛ былі ўцягнуты розныя сацыяльныя групы грамадства, што абумовіла фарміраванне некалькіх рэфармацыйных плыняў, але галоўным чынам рэфармацыйныя дзеячы ВКЛ арыентаваліся ў сваёй дзейнасці пераважна на шляхту. Акрамя таго, улічваючы антыкаталіцкія настроі сярод часткі насельніцтва, яны разлічвалі на паступовае пашырэнне рэфармацыйных ідэй і сярод простага люду. Іх спадзяванні падтрымліваліся таксама дзейнасцю збеглых з Маскоўскай дзяржавы ў «Літву» ерэтыкоў і вальнадумцаў – старца Арцемія, Феадосія Касога, Фамы і іншых, якія ў сваіх пропаведзях рэзка крытыкавалі афіцыйныя каталіцкую і праваслаўную цэрквы.

Па сваіх знешніх арганізацыйных формах Рэфармацыя ў ВКЛ нагадвала аналагічныя рухі ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы.

Кальвінісцкія і арыянскія абшчыны ў Беларусі. Большасць пратэстанцкіх абшчын (або збораў) у Беларусі складалі кальвінісцкія. Многія прыхільнікі Рэфармацыі схіліліся да кальвінізму, таму што ім даспадобы былі рэспубліканскія ІІрынцыпы яго арганізацыі. Кальвінісцкія абшчыны (у адрозненне ад лютэранскіх) былі больш самастойнымі, іх свецкія апекуны (феадалы ці гараджане) вырашалі ўсе пытанні іх дзейнасці: выбар міністраў (прапаведнікаў) абшчын, збор сродкаў на іх утрыманне і інш. Кальвінісцкія абшчыны найлепшым чынам адпавядалі імкненню часткі феадальнай знаці (Радзівілаў, Кішак, Валовічаў і інш.) захаваць сваё пануючае палітычнае становішча ў краіне і аслабіць велікакняжацкую ўладу і афіцыйную каталіцкую царкву, якія ў сваю чаргу былі зацікаўлены ва ўмацаванні цэнтральнай улады, дзяржавы. Пратэстанты-мяшчане выступалі супраць прывілеяў каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, якія ўшчамлялі іх сацыяльна-эканамічныя правы. Аднак пераважная колькасць гараджан, як і сялян, захоўвала свае рэлігійныя традыцыі, нягледзячы на пэўныя спробы буйных феадалаў прыцягнуць падданых да рэгулярнага наведвання пратэстанцкага набажэнства.

Першая кальвінісцкая абшчына на тэрыторыі Беларусі ўзнікла каля 1553 г. у замку галоўнага апекуна Рэфармацыі віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла (Чорнага) у Берасці. У 60 – 70-х гг. былі заснаваны кальвінісцкія зборы ў Нясвіжы, Клецку, Полацку, Койданаве, Лоску і іншых гарадах і мястэчках. Усяго ў XVI ст. на землях Беларусі і Літвы было створана каля 80 кальвінісцкіх збораў, галоўным чынам ва ўладаннях магнатаў і заможнай шляхты.

У гэты ж перыяд у ВКЛ узніклі некалькі арыянскіх, ці антытрынітарскіх збораў. (Назву яны атрымалі ад сваіх праціўнікаў, якія падкрэслівалі іх залежнасць ад вучэння александрыйскага свяшчэнніка Арыя. Каля 318 г. ён выступіў супраць царкоўнага догмату аб трыадзінстве Бога.) Усе антытрынітарыі ВКЛ былі аднолькава жорсткія, больш чым іншыя рэфарматары, у крытыцы царкоўнай дагматыкі і царкоўнай традыцыі (пастаноў усяленскіх сабораў), але ў адносінах да сацыяльна-палітычных пытанняў падзяліліся на дзве плыні. Першая – асабліва крытычная, выступала супраць прыгнёту, нявольніцтва, дзяржаўнага насілля і войнаў, за ліквідацыю прыватнай уласнасці, феадальных прывілеяў і г. д. Другая – больш памяркоўная, – за паступовыя перамены ў феадальным грамадстве, маральнае і сапраўды хрысціянскае выхаванне і асветніцтва пануючых саслоўяў і ўсяго насельніцтва. Найбольш вядомымі прадстаўнікамі памяркоўнага напрамку ў Беларусі былі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі.

Кальвінісцкія і арыянскія зборы адыгралі значную ролю ў пашырэнні асветы і дабрачыннасці ў грамадстве ВКЛ. Пры зборах ствараліся школы, «шпіталі» (прытулкі), часам дзейнічалі друкарні. У 1563 г. у Берасці быў надрукаваны першы ва Усходняй Еўропе поўны звод Бібліі (у перакладзе на польскую мову). У Нясвіжы ў 1562 г. Сымон Будны выдаў «Катэхізіс» – першае друкаванае выданне ў Беларусі (на старабеларускай мове). Дзякуючы Сымону Буднаму, Васілю Цяпінскаму ўпершыню ў гісторыі Беларусі была публічна звернута ўвага на карэнныя недахопы феадальнага ладу і прапанаваны з пазіцыі памяркоўных арыян мірныя сродкі для іх аслаблення ці нават ліквідацыі.

Такім чынам, Рэфармацыя ў ВКЛ, у тым ліку ў Беларусі, была састаўной часткай еўрапейскага рэфармацыйнага руху і ў гэтым сэнсе мела з ёй шмат агульнага. Але тут ёй быў ўласцівы і шэраг адметных рыс. Асноўнае адрозненне было ў тым, што Рэфармацыя ў ВКЛ развівалася ў іншых, чым у Заходняй Еўропе, сацыяльна-эканамічных і палітычных умовах. Гэта ў сваю чаргу абумовіла пашырэнне ідэй Рэфармацыі пераважна ў шляхецка-магнацкім асяроддзі. Мяшчанства і тым больш сялянства ВКЛ Рэфармацыя мала закранула.

Контррэфармацыя ў Вялікім княстве Літоўскім. У другой палове XVI ст. каталіцкая царква зрабіла рашучыя захады па аднаўленню свайго адзінства і сваёй манаполіі ў Еўропе. Гэты супрацьлеглы Рэфармацыі рэлігійна-палітычны рух атрымаў назву Контррэфармацыі. Пад кіраўніцтвам рымскіх пап і пры падтрымцы свецкай улады некалькіх заходнееўрапейскіх краін каталіцкая царква разгарнула бязлітасную барацьбу з Рэфармацыяй. У 40-х гг. былі створаны інквізіцыя і ордэн езуітаў, якія сталі асноўнымі сродкамі барацьбы з іншадумствам, рэфармацыйнымі плынямі ў Заходняй Еўропе. Усяленскі сабор у Трыдэнце (1545 – 1563 гг.) дэталёва распрацаваў рэлігійную дактрыну каталіцкай царквы і праграму дзеянняў. Контррэфармацыя ў краінах Заходняй Еўропы суправаджалася крывавымі сутычкамі, пагромамі (Варфаламееўская ноч 1572 г.), рэлігійнымі войнамі. Па абвінавачванню інквізіцыі былі кінуты ў турмы, спалены на кастры многія тысячы людзей.

Контррэфармацыя ў Польшчы і ВКЛ не мела такога жорсткага характару, як у Заходняй Еўропе. Фармальна ў Польшчы яна пачалася ў 1564 г., калі пад уплывам папскага нунцыя Камендоні кароль Жыгімонт-Аўгуст (1548—1572 гг.) прызнаў дэкрэты трыдэнцкага сабора на сойме ў Парчаве і пагадзіўся на допуск сюды езуітаў. У 1569 г. езуіты былі запрошаны ў ВКЛ, дзе яны хутка сталі галоўнымі абаронцамі і адначасова праваднікамі каталіцызму. У перыяд праўлення Жыгімонта-Аўгуста дзейнасць езуітаў не набыла яшчэ значнай маштабнасці, таму што яго рэлігійная палітыка вызначалася верацярпімасцю. Сітуацыя змянілася пры наступных каралях Рэчы Паспалітай. Асаблівую актыўнасць пачалі праяўляць езуіты, калі каралём стаў католік Жыгімонт III Ваза (1587 – 1632 гг.).

Контррэфармацыя ў ВКЛ найбольш выразна выявілася ў формах місіянерска-прапаведніцкай дзейнасці (пераважна сярод заможнай шляхты і магнатаў), у пашырэнні функцый і ўладанняў каталіцкай царквы, стварэнні новых рэзідэнцый, касцёлаў, манаскіх ордэнаў, узрастанні яе ўплыву ў палітычным жыцці дзяржавы. Ва ўмовах ВКЛ Контррэфармацыя адмоўна адбілася не толькі на пратэстанцкім руху, але і праваслаўнай царкве, якая не здолела арганізаваць ёй моцнага супрацьдзеяння. Многія праваслаўныя князі і магнаты (Слуцкія, Астрожскія, Вішнявецкія, Сангушкі і інш.), а таксама магнаты-пратэстанты і заможная шляхта ў 70 – 90-х гг. XVI ст. перайшлі ў каталіцкую веру. Галоўным вынікам наступу каталіцызму на праваслаўе стала заключэнне ў 1596 г. Берасцейскай уніі, якая пасля зацвярджэння яе каралём Рэчы Паспалітай афіцыйна ўтварыла новую грэка-каталіцкую царкву замест традыцыйнай праваслаўнай.

Вынікі Рэфармацыі ў ВКЛ. Рэфармацыя пакінула глыбокі след у гісторыі як заходнееўрапейскіх дзяржаў, так і Вялікага княства Літоўскага і мела пэўныя станоўчыя вынікі.

Па-першае, Рэфармацыя садзейнічала таму, што да яе прымкнулі многія магнаты ВКЛ (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, Глябовічы і інш.), якія з пазіцый дзяржаўнага патрыятызму імкнуліся ў перадлюблінскі перыяд засцерагчы Вялікае княства Літоўскае ад пашырэннн ўплыву Польшчы і захаваць незалежнасць Княства. У паслялюблінскі перыяд пад тым жа сцягам Рэфармацыі яны вялі барацьбу за самастойнасць Княства, права ажыццяўлення незалежнай ад Польскага каралеўства ўнутранай і знешняй палітыкі.

Па-другое, феадалы-пратэстанты ў час уздыму Рэфармацыі ў ВКЛ займалі многія вышэйшыя дзяржаўныя пасады, пераважалі сярод паноў-рады, а ў 1569 г. складалі большасць сенатараў ВКЛ, прадстаўленых на вальным сойме Рэчы Паспалітай. Не без удзелу пратэстанцкіх магнатаў былі прыняты ў ВКЛ віленскі (1563 г.) і гарадзенскі (1568 г.) прывілеі, якія ўраўноўвалі ва ўсіх правах шляхту «хрысціянскай веры» і дазвалялі ёй прытрымлівацца любой хрысціянскай рэлігіі. У 1573 г. у Рэчы Паспалітай быў прыняты акт Варшаўскан канфедэрацыі аб свабодзе веравызнання, тэкст якога ўвайшоў у Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.

Па-трэцяе, Рэфармацыя, пратэстанцкія школы, друкарні, пісьменніцтва садзсйнічалі пашырэнню асветы ў грамадстве, распаўсюджанню ідэй гуманізму, верацярпімасці, міралюбства. Рэфармацыя дазволіла пэўнаму колу насельніцтва ВКЛ азнаёміцца са здабыткамі еўрапейскай культуры.

Разам з тым Рэфармацыя ў ВКЛ не дасягнула таго ўзроўню і тых маштабаў, што мелі месца ў заходнееўрапейскіх краінах. Аграрны характар гаспадаркі ВКЛ, шырокія прывілеі феадалаў затрымлівалі развіццё гарадоў і тых гандлёва-прадпрымальніцкіх колаў мяшчанства, якія на захадзе Еўропы сталі сацыяльнай асновай многіх рэфармацыйных рухаў. Непасрэдна на спад рэфармацыйнага руху ў ВКЛ у апошняй трэці XVI – пачатку XVII ст. паўплывалі Люблінская унія 1569 г. і ўтварэнне Рэчы Паспалітай, дзе вядучыя пазіцыі займалі каталіцкія царква і шляхта.

Галоўным вынікам Рэфармацыі ў ВКЛ можна лічыць тое, што яна адыграла прыкметную ролю ў развіцці і захаванні рэлігійнай талерантнасці ў грамадстве, садзейнічала арганізацыі процідзеяння магнатамі-пратэстантамі ВКЛ палітычным і рэлігійным планам кіруючых колаў Польшчы ў адносінах Княства, спрыяла развіццю свецкай культуры, пашырэнню сувязей з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы.

 

Берасцейская (Брэсцкая) царкоўная унія. Планы і спробы заключэння царкоўна-рэлігійнай уніі ў канцы XIV – пачатку XVI ст. Ідэя аб’яднання праваслаўя і каталіцтва ў адзіную хрысціянскую царкву выношвалася рознымі палітычнымі сіламі Еўропы на працягу некалькіх стагоддзяў, пачынаючы ад царкоўнага расколу 1054 г. Каталіцкі Рым неаднойчы прапаноўваў імператару Візантыі (асабліва ў крызісныя перыяды імперыі) умовы аб’яднання з праваслаўнай царквой пад сваім вяршэнствам. Але пасля падзення Канстанцінопаля і крушэння Візантыйскай імперыі (1453 г.) многія аўтакефальныя (самастойныя) праваслаўныя цэрквы адмовіліся ад аб’яднання з каталіцкай.

У ВКЛ ідэя царкоўнай уніі ўзнікла ў канцы XIV ст. пасля афіцыйнага прыняцця кіруючымі коламі Княства і насельніцтвам «Літвы» каталіцызму ў 1387 г. У выніку каталіцызм вельмі хутка заняў пануючае становішча ў дзяржаве, а каталіцкае духавенства і каталіцкія феадалы пачалі карыстацца вялікімі праваыі і прывілеямі. Гэта, безумоўна, не магло не выклікаць супрацьдзеяння з боку праваслаўных феадалаў і насельніцтва «Русі». Таму вярхоўная ўлада, кіруючыя колы, каталіцкая іерархія ВКЛ, выступаючы з ідэяй царкоўнай уніі, разлічвалі на ліквідацыю расколу сярод феадалаў, умацаванне дзяржаўна-палітычнага і царкоўнага адзінства, пашырэнне сувязей з Захадам, асабліва з каталіцкімі краінамі. Акрамя гэтага, уніяцкія планы вярхоў ВКЛ спалучаліся з планамі падначалення Княству ўсёй мітраполіі Кіеўскай і ўсяе Русі. Але яны звычайна ўзнікалі ў перыяды ўскладнення адносін з Маскоўскай дзяржавай.

Першыя спробы ажыццявіць царкоўную унію ў ВКЛ былі зроблены вярхамі Княства і Польшчы ў канцы XIV – першай палове XV ст. У 1396 г. з прапановай склікаць уніяцкі сабор у «рускіх» землях ВКЛ выступілі Ягайла і мітрапаліт Кіпрыян. У сярэдзіне другога дзесяцігоддзя XV ст. перагаворы аб уніі з Канстанцкім усяленскім саборам каталіцкай царквы вялі Ягайла і Вітаўт. У 1418 г. Канстанцу наведала вялікае пасольства, якое ўзначальваў выбраны ў Наваградку новы кіеўскі мітрапаліт Цамблак. Аднак усе гэтыя намаганні вярхоў ВКЛ і Польшчы ажыццявіць ідэю уніі ў Княстве не мелі поспеху. Яе не ўдалося рэалізаваць нават тады, калі ў 1439 г. на Фларэнтыйскім усяленскім саборы была абвешчана унія каталіцкай і грэкаўсходняй царквы. 3 гэтай нагоды 22 сакавіка 1443 г. польскі кароль Уладзіслаў III выдаў прывілей, якім ураўноўваў правы уніяцкага і каталіцкага духавенства. Але Фларэнтыйская унія не знайшла шырокай падтрымкі ў праваслаўнага насельніцтва ВКЛ.

Наступная спроба заключыць царкоўную унію ў ВКЛ была зроблена ўжо ў канцы XV – пачатку XVI ст. вялікім князем літоўскім Аляксандрам і мітрапалітам Іосіфам Булгарынавічам. Аднак ва ўмовах няўдачнай вайны з Маскоўскай дзяржавай (1500 – 1503 гг.) яна мела вынікам чарговае абвастрэнне сацыяльных і этнарэлігійных адносін у Княстве. Пасля мяцяжу Міхала Глінскага, які скарыстаў нездаволенасць праваслаўнага насельніцтва царкоўна-рэлігійнай палітыкай вярхоўнай улады, пытанне аб царкоўнай уніі доўгі час не ўзнімалася.

Прычыны заключэння Берасцейскай царкоўна-рэлігійнай уніі. У 70 – 80-х гг. XVI ст. пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай і асабліва ў ходзе Лівонскай вайны (1558 – 1581 гг.) паміж каталіцкімі і праваслаўнымі феадаламі ВКЛ намецілася пэўная кансалідацыя ў супрацьдзеянні палітычным і рэлігійным прэтэнзіям Маскоўскай дзяржавы. Гэта паспрабавалі скарыстаць кіруючыя колы Рэчы Паспалітай з тым, каб, урэшце, утварыць на тэрыторыі ВКЛ (а часткова і Польшчы) уніяцкую царкву. Толькі яна, на іх думку, магла забяспечыць захаванне іх уплыву на землях Беларусі і Украіны. Але найбольшую зацікаўленасць у стварэнні уніяцкай царквы ў гэты час пачалі праяўляць некаторыя праваслаўныя іерархі ВКЛ. Яны такім чынам разлічвалі эахаваць свае ўладанні, дасягнуць роўнасці ў правах з каталіцкай царквой і былі не супраць заняць у сойме Рэчы Паспалітай і на з’ездах феадальнай знаці ВКЛ тое ж месца, што і каталіцкія біскупы. Такая палітыка вярхоў праваслаўнага духавенства тлумачылася таксама і тым, што ў другой палове XVI ст. праваслаўная царква была напалохана размахам рэфармацыйнага руху і апынулася ў глыбокім крызісе. У апошнія дзесяцігоддзі XVI ст. многія праваслаўныя і пратэстанцкія магнаты і шляхта пачалі пераходзіць ў каталіцтва, а потым ва ўлонне каталіцкай царквы пацягнуліся і некаторыя простыя вернікі. Таму частка праваслаўнай іерархіі ВКЛ пры падтрымцы свецкай улады ВКЛ і Польшчы стала ініцыіраваць скліканне царкоўнага сабору, які б абвясціў аб стварэнні ў ВКЛ уніяцкай царквы.

Берасцейскі царкоўны сабор. У 1577 г. была выдадзена кніга езуіта Пятра Скаргі «Аб адзінстве царквы Божай», якая выклікала вялікі рэзананс у шляхецка-магнацкіх і рэлігійных колах ВКЛ. На яе старонках аўтар ад імя каталіцкага духавенства выклаў план і ўмовы царкоўнай уніі. Сутнасць іх зводзілася да наступнага: мітрапаліт кіеўскі як галоўны кіраўнік праваслаўнай царквы ў беларускіх, рускіх і ўкраінскіх землях выходзіць з-пад улады канстанцінопальскага патрыярха і падпарадкоўваецца папе рымскаму; праваслаўныя прызнаюць вяршэнства Ватыкана, але пры гэтым захоўваюць ранейшыя царкоўныя абрады. Такія ўмовы заключэння уніі былі ўспрыняты і падтрыманы пэўнымі коламі вышэйшай праваслаўнай іерархіі ВКЛ і Польшчы. Апошнім штуршком да рэалізацыі гэтых планаў стала ўтварэнне ў 1589 г. маскоўскай патрыярхіі ў выніку наведвання Масквы канстанцінопальскім патрыярхам Ярэміем.

Неўзабаве епіскапамі Іпаціем Пацеем і Кірылам Цярлецкім быў складзены праект дэкларацыі аб уніі, якую падтрымалі мітрапаліт кіеўскі Міхаіл Рагоза і яшчэ пяць епіскапаў. Супраць уніі пасля пэўных ваганняў выступілі епіскап львоўскі Гедэон Балабан і перамышльскі Міхаіл Капысценскі, і больш рашуча значная частка праваслаўнай шляхты, духавенства і гараджан на чале з князем Канстанцінам Астрожскім. У канцы 1595 г. рымскі папа зацвердзіў умовы уніі і даў гарантыі іх выканання. Заставалася толькі афіцыйна прыняць яе ў Рэчы Паспалітай.

Кастрычніка 1596 г. у Берасці сабраўся царкоўны сабор, ва які з’ехаліся прадстаўнікі вышэйшага духавенства праваслаўнай і, каталіцкай цэркваў. Сярод іх былі як прыхільнікі, так і праціўнікі уніі. Таму адразу ж аднадушнасці, безумоўна, і згоды не атрымалася. Удзельнікі сабора падзяліліся на дзве групоўкі, якія збіраліся паасобку. Урэшце, 10 кастрычніка прыхільнікі уніяцтва зацвердзілі акт уніі і адначасова адлучылі ад хрысціянскай веры праваслаўнае духавенства. Праваслаўная частка сабора уніі не прызнала.

Такім чынам, Берасцейскі царкоўны сабор заснаваў новую хрысціянскую царкву, якая стала называцца грэка-рымскай або уніяцкай. 3 яе ўтварэннем у ВКЛ і ў цэлым у Рэчы Паспалітай пачалася маштабная царкоўная рэформа, якая прывяла да значных змен у палітычным, сацыяльным і духоўным жыцці грамадства.

Станаўленне уніяцкай царквы. У працэсе станаўлення уніяцкай царквы ў ВКЛ можна вылучыць некалькі асноўных перыядаў. Першы з іх прыпадае на канец XVI – першыя дзесяцігоддзі XVII ст. Гэта быў перыяд жорсткага і насільнага навязвання ўніі, што выклікала вострае супрацьдзеянне праваслаўнага насельніцтва. Абарона праваслаўя ў свядомасці гэтай часткі жыхароў ВКЛ атаясамлівалася са справай аховы сваіх старадаўніх звычаяў і традыцый, мовы, культуры, сацыяльнага спакою. Антыўніяцкія выступленні моцна стымуляваліся фактычнай забаронай праваслаўнай царквы, перадачай яе маёнткаў і іншай уласнасці ўніятам. Шырокаму пратэсту супраць уніі садзейнічалі праваслаўныя царкоўныя брацтвы, якія аб’ядноўвалі пераважна гарадское насельніцтва. Справа даходзіла да адкрытых выступленняў супраць уніі. У 1623 г. у Віцебску ў час хваляванняў праваслаўнага насельніцтва быў забіты полацкі уніяцкі архіепіскап Іясафат Кунцэвіч.

Царкоўна-рэлігійная палітыка вярхоўнай улады Рэчы Паспалітай не дала пажаданых вынікаў. Насільнае навязванне ўніяцтва не прывяло да кансалідацыі грамадства і ўмацавання дзяржаўнай улады. Вынікі аказаліся адваротнымі. Канфрантацыя на рэлігійнай глебе набыла для дзяржавы небяспечны характар.

Другі перыяд у станаўленні уніяцкай царквы ў ВКЛ пачаўся ў 30-х гг. XVII ст. Па свайму характару ён быў кампрамісным, адносна памяркоўным. Кіруючыя колы і ўніяцкая іерархія пасля няўдалых спроб заключыць новую унію прызналі царкоўна-рэлігійныя правы праваслаўнай царквы, магчымасць яе легальнай дзейнасці. У сваю чаргу значныя рэформы, што былі ажыццёўлены ўніяцкімі мітрапалітамі Іосіфам Руцкім, Анастасам Селявай, Рафаілам Корсакам (арганізацыя Базыльянскага ордэна, падрыхтоўка вопытных прапаведніцкіх кадраў, стварэнне ўласнай сістэмы асветы і інш.) спрыялі паступоваму росту ўплыву уніяцкага духавенства ў больш шырокіх слаях насельніцтва.

Пасля казацка-сялянскай вайны 1648 – 1654 гг. і войны Расіі з Рэччу Паспалітай у другой палове XVII ст. у рэлігійнай палітыцы апошняй пачалі зноў праглядацца праявы неталерантнасці, абмежаванне правоў праваслаўных. У выніку гэтай палітыкі ў канцы XVII – ХVIII ст. у царкоўна-рэлігійнай структуры ВКЛ адбыліся вялікія змены. Напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Беларусі засталася толькі адна праваслаўная – Магілёўская епархія, колькасць прыходаў якой паменшылася да некалькіх соцень. У гэты ж час уніяцкая царква на тэрыторыі Беларусі ахоплівала больш за 1000 прыходаў, а ва ўсёй Рэчы Паспалітай – больш за 9 тыс.

Такое хуткае распаўсюджанне ўніяцкай царквы ў Беларусі можна растлумачыць тым, што яна мела дзейсную падтрымку з боку правячых колаў. Істотным было і тое, што уніяцкае кіраўніцтва прыклала вялікія намаганні для таго, каб уніяцкая царква па сваёй абраднасці не вельмі адрознівалася ад праваслаўнай (ва ўсякім разе да Замойскага сабора 1720 г., які некалькі наблізіў уніяцкую царкву да каталіцкай у гэтым сэнсе) і была цесна звязана з паўсядзённым жыццём простага народа. У літургічнай храмавай службе уніяты карысталіся польскай, царкоўна-славянскай, беларускай, і нават лацінскай мовамі. А ў звычайных адносінах з сялянамі і мяшчанамі, у пазацаркоўнай абраднасці яны размаўлялі з народам на беларускай «гаворцы».

Даволі хуткае пашырэнне ўніяцкай царквы тлумачылася і іншымі прычынамі. Праваслаўныя веруючыя, хоць і падпадалі з прыняццем уніі пад уладу рымскага папы, але гэтая акалічнасць пачуццяў простых людзей асабліва не кранала. 3 псіхалагічнага пункту гледжання уніяцтва мала ў чым супярэчыла іх рэлігійным поглядам. Ва ўмовах ціску з боку кіруючых колаў Рэчы Паспалітай, калі назіралася значнае аслабленне і заняпад праваслаўнай царквы, уніяцтва ў пэўнай ступені давала магчымасць захаваць старажытныя рэлігінныя і культурныя традыцыі ўсходнеславянскага насельніцтва. Інакш кажучы, уніяцкая царква шмат у чым пераняла і пачала выконваць тыя функцыі, якія раней несла на сабе праваслаўная царква. Але ёй, як у свой час праваслаўнай царкве, не ўдадося набыць усіх тых правоў, якімі карысталася ў Рэчы Паспалітай каталіцкае духавенства. Амаль да канца існавання Рэчы Паспалітай уніяты не былі прадстаўлены ў Сенаце. Гэта сведчыла аб адносінах дзяржаўнай улады да ўніяцкай царквы як другараднай.

 

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
 | Таблицы изменения смыслового содержания основных философских понятий




© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.