Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча БССР ў 1970 - першай палове 1980-х гг.






Восьмая пяцігодка 1966-1970 гг., якая праходзіла на хвалі распачатай у 1965 г. спробы рэфармавання эканомікі, завяршылася паспяхова. Па асноўных паказчыках яна не мела роўных за ўсе папярэднія гады і невыпадкова яе часам вобразна называюць " залатой пяцігодкай". Але гэты перыяд атрымаў і другое вымярэнне: менавіта з сярэдзіны 60-х гг. пачаўся адлік так званай эпохі Брэжнева, эпохі ўзмацнення кансерватызму ў палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці савецкага грамадства, які паступова перарос у застой.

Эканамічны патэнцыял Беларусі на пачатку 70-х гг. выглядаў прывабна. За грошы, якія былі атрыманы за продаж на Захад нафты, газу, мініральных угнаенняў была праведзена тэхнічная рэканструкцыя значнай колькасці прадпрыемстваў, уведзены ў строй новыя: дакладанага машынабудавання, металаапрацоўкі, радыётэхнікі і электронікі, хімічнай прамысловасці. У выніку да сярэдзіны 80-х гг. у рэспубліцы быў створаны буйны тэрытарыяльна-галіновы прамысловы комплекс, у якім налічвалася амаль 1500 прадпрыемстваў.

Разам з тым на пачатку 70-х гг. пачалі больш выразна праяўляцца негатыўныя з'явы ў параўнанні з сусветнай эканомікай. У БССР, як і ва ўсім СССР, узрастала энергаёмістасць вытворчасці, зніжаўся рост прадукцыйнасці працы, больш відавочнай стала неэффектыўнасць эканамічнай мадэлі.

Пагоня за павялічэннем аб'ёмаў прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі прыводзіла часам да непапраўных парушэнняў экалагічных сістэм з негатыўнымі наступствамі для насельніцтва, якія адчуваюцца і ў наш час. У гэты перыяд ажыццяўляліся буйныя праекты па спецыялізацыі, меліярацыі і хімізацыі. У 70-х гг. па вытворчасці мяса на душу насельніцтва Беларусь дагнала развітыя краіны Захаду і ЗША. Але значная частка кармоў паступала з іншых рэспублік, куды потым адпраўлялася мясная прадукцыя. Кожны комплекс даваў каласальную экалагічную нагрузку. Рэспубліка выконвала ролю адкормачнага і перапрацоўчага цэхаў, вялікая частка якаснай прадукцыі вывозілася, насельніцтва беларускіх гарадоў стаяла ў чэргах за мясапрадуктамі, затое адходы пакідаліся Беларусі. Хоць у параўнанні з расійскімі рэгіёнамі забеспячэнне выглядала нядрэнна. У другой палове 70-х насельніцтва Беларусі зноў сутыкнулася з абвастрэннем хранічнай хваробы савецкай эканомікі - дэфіцытам. Вытворчасць спажывецкіх тавараў ва ўмовах жорстка цэнтралізаванай планавай эканомікі хранічна адставала. У лік дэфіцытных тавараў уваходзілі новая зубная паста і туалетная папера. За 1971 - 1985 гг. грашовая маса павялічылыся больш чым у 3 разы, а таварная - толькі у 2 разы. У такіх умовах скарачаліся магчымасці насельніцтва задаволіць свае патрэбы законным шляхам і, як вынік, квітнелі блат, хабарніцтва, раслі чэргі, уводзілася цэнтралізаванае размеркаванне тавараў першай неабходнасці праз так званыя " сталы заказаў", стварэнне спіскаў ільготнікаў і г. д.

Было б памылковым адказнасць за негатыўныя з'явы ў эканамічным і сацыяльным жыцці ўскладаць толькі на саюзныя органы і ведамствы. Многае залежала ад кіраўніцтва рэспублікі, асабліва ад першага сакратара ЦК КПБ. У 70-80-х гг. гэтую пасаду займалі П. Машэраў, Ц. Кісялёў, М. Слюнькоў, Я. Сакалоў. Гісторыя яшчэ не дала канчатковую ацэнку іх дзейнасці, але кожны з іх пакінуў пэўны след у рэспубліцы. Найбольшым аўтарытэтам сярод насельніцтва карыстаўся П. Машэраў, які ўзначальваў кампартыю Беларусі ў 1965-1980 гг. і нямала зрабіў як кіраўнік. Але ён, як і іншыя, мусіў працаваць па правілах сістэмы, якія вызначаліся не ў Мінску.

Між тым, калі ў сферы эканомікі ў 60-х гг. ды і пазней яшчэ рабіліся пэўныя спробы рэформ, то, як ужо адзначалася, у грамадска-палітычным жыцці адбываўся паварот да кансерватызму. Адбывалася ціхая рэабілітацыя сталінізму, фактычна спынілі сваю дзейнасць камісіі па рэабілітацыі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, у друку ўсё часцей падаваўся станоўчы вобраз Сталіна. Замест пошуку шляхоў па мадэрнізацыі эканамічнай, грамадска-палітычнай і дзяржаўнай сфераў, правячая КПСС замацоўвала сябе як стрыжань адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Паколькі правал заяўленай у 1961 г. пабудовы камунізму за 20 гадоў стаў відавочным, то 70-я гг. пачаліся прапагандай канцэпцыі так званага " развітога сацыялізму", у якой цэнтральнае месца заняў тэзіс аб павышэнні кіруючай ролі партыі ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Адпаведныя папраўкі былі ўнесены ў статут КПСС, а ў кастрычніку 1977 г. палажэнне аб кіруючай ролі партыі, як ядра палітычнай сістэмы, было ўключана ў новую Канстытуцыю СССР. Фармальна палітычная арганізацыя, КПСС па сутнасці, стала часткаю дзяржаўнага апарату, у руках якой была сканцэнтравана рэальная ўлада.

Адпаведна на рэспубліканскім ўзроўні кампартыя Беларусі рэгламентавала жыццё беларускага грамадства, была мясцовай " кіруючай сілай". У сваёй дзейнасці КПБ кіравалася агульнасаюзнымі ўстаноўкамі, што не заўсёды адпавядала інтарэсам рэспублікі і беларускага народа. Найбольш яскрава гэта праявілася ў нацыянальна-культурнай сферы. У 1976 г. ХХV з'езд КПСС зрабіў тэарэтычную выснову, што ў Савецкім Саюзе склалася новая гістарычная супольнасць людзей - савецкі народ. Па сутнасці гэта была ўстаноўка на сціранне нацыянальных адметнасцей, што ў выніку павінна было прывесці да страты нацыянальнай самабытнасці і самасвядомасці беларускага і іншых народаў. На Беларусі гэта рабілася асабліва хутка: у 80-х гг. у беларускіх гарадах ужо не было ніводнай беларускай школы.

Паколькі партыйныя камітэты былі той вышэйшай інстанцыяй, на якой у рэшце рэшт замыкалася кіраўніцтва раёнам, вобласцю, рэспублікай, то Саветы дэпутатаў працоўных, якія па Канстытуцыі складалі аснову народаўладдзя, фактычна былі пазбаўлены рэальнай улады. Ва ўмовах аднапартыйнай сістэмы і пры адсутнасці альтэрнатыўных выбараў кандыдатуры будучых дэпутатаў Саветаў усіх узроўняў праходзілі праз сіта кантролю з боку партыйных камітэтаў і канчаткова зацвярджаліся імі. Асобныя спробы павысіць ролю Саветаў у кіраванні дзяржавай і эканомікай, надаць ім характар органаў сапраўднага народаўладдзя не давалі вынікаў.

Такім чынам, партыйна-дзяржаўная эліта не знайшла рашучасці на глыбокія перамены ў эканамічнай, грамадска-палітычнай і дзяржаўнай сферах і пайшла па шляху ўмацавання аўтарытарна-бюракратычнага стылю кіравання, захавання неэффектыўнай эканамічнай сістэмы.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.