Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Новы год






Новы год, або, як часцей гавораць “стары” Новы год, святкуецца ў ноч з 13 на 14 студзеня. Вечар напярэдадні Новага года называецца Шчодрым вечарам, або Шчадрацом, Шчадрухай. Гэтую назву свята атрымала ад шчодрай куцці – абрадавай вячэры, якая гатуецца да Новага года. У цэнтры навагодняй абрадавай ежы знаходзілася мяса свініны, якая з-за сваёй пладавітасці ўспрымалася як сімвал урадлівасці. Кожная гаспадыня імкнулася нагатаваць да Шчодрага вечара як мага больш страў, таму што, згодна са старажытным павер’ем у залежнасці ад таго, як чалавек правядзе стары год і сустрэне новы, будзе для яго і ўвесь надыходзячы год.

Сустрэча Новага года абавязкова суправаджалася шчадраваннем: дзяўчаты хадзілі па хатах са “шчодрай” (прыгожай дзяўчынай, якую апраналі ў святочнае адзенне, а на галаву надзявалі папяровы вянок з разнакаляровымі стужкамі) і выконвалі шчадроўскія песні (вельмі блізкія да калядных песень), якія ўслаўляюць гаспадара, гаспадыню і іх дзяцей. У некаторых мясцовасцях Беларусі шчадраваць хадзілі гурты моладзі па 5-7 і болей чалавек. Шчадроўшчыкі абыходзілі ўсе хаты ў вёсцы, віншуючы гаспадароў са святам. Цэнтральнай “дзеючай асобай” гурту была “каза” – жвавы, здатны да танцаў хлопец, апрануты ў вывернуты кажух. “Казу” суправаджаў павадыр, які павінен быў складна гаварыць. У гурт таксама ўваходзілі: механоша, музыканты, песельнікі, якія падтрымлівалі галоўных дзеючых асоб. Павадыр заходзіў у хату да гаспадара за дазволам пашчадраваць, а гурт у той час спяваў пад вокнамі. Атрымаўшы такі дазвол, гурт уваходзіў у хату, і песельнікі пачыналі пець абрадавую песню, ўслаўляючы “казу” за тое, што яна спрыяе будучаму ўраджаю: “Ого-го, каза, о-го-го, шэрая! ”. “Каза” ў час выканання песні танцавала. Нарэшце стомленая “каза” падала і ляжала на падлозе нерухома, як мёртвая. Удзельнікі гурта спявалі песню, заклікаючы “казу” ажыць і падняцца: “Уставай, каза! ” Пасля гэтай песні “каза” хутка падымалася, скакала, кланялася гаспадарам. Разам з казой увесь гурт

выконваў віншавальную песню з пажаданнем гаспадару і яго сям’і дабрабыту ў новым годзе. Гаспадары шчыра дзякавалі шчадроўшчыкам і дарылі ім пачастункі. Раніцай Новага года спраўлялі абрад засявання. Яго выконвалі дзеці. Яны хадзілі з торбай, напоўненай зернем, па вёсцы, заходзілі ў хаты, віталі гаспадароў і імітавалі сяўбу: пасыпалі падлогу зернем жыта, аўса, ячменю. Рабілі гэта моўчкі або суправаджалі сімвалічнае дзеянне кароткай песняй, у якой жадалі гаспадарам ураджаю, дабрабыту ў новым годзе. Выканаўцам давалі святочныя падарункі.

З гэтым днём звязваюцца святочныя забароны, павер’і і варажба. Варажба павінна была вызначыць чаго можна чакаць у надыходзячым годзе: з-пад каляднага абруса выцягвалі сена і па ім меркавалі, якой даўжыні будзе лён; глядзелі, якога зерня больш у трыбуху заколатага парсюка, такое збожжа будзе найбольш урадлівым. Асабліва захаплялася варажбой моладзь, у першую чаргу дзяўчаты. Варажылі аб будучым замужжы, аб характары, багацці будучага мужа, аб жыцці ў яго сям’і, варажылі аб жыцці і смерці, аб беднасці і здароўі і г.д. Варажба належыць да найбольш жывучых перажыткаў мінулага, хоць у наш час яна ператварылася ў забаву, гульню.

Вадохрышча (Хрышчэнне, Крашчэнне)

На свята Вадохрышча 18-19 студзеня – прыпадае трэцяя (посная, вадзяная, хрышчэнская, галодная, апошняя) куцця. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем на рацэ Гардан (таму ў гэты дзень у цэрквах адбываецца асвячэнне вады, якую некалі бралі з бліжэйшай рэчкі, прасякаючы на лёдзе вялікі крыж). Яшчэ з дахрысціянскіх часоў верылі ў цудадзейную моц свянцонай вады: яе давалі выпіць хвораму, апрысківалі поле перад сяўбою, хатнюю жывёлу, новую хату перад засяленнем, труну перад тым, як пакласці нябожчыка.

У гэты дзень выконваўся таксама абрад “запісвання Каляды”, мэтай якога была засцярога дома, усёй гаспадаркі ад уздзеяння нячыстай сілы. Дзеля гэтага гаспадар, выняўшы з печы гаршчок з куццёю, ставіў у ім зроблены з лучыны крыж, які на другі дзень апускаўся ў ваду – у раку ці студню. Вечарам гаспадар, узяўшы першы блінец ці верх куцці, абыходзіў усе свае будынкі і маляваў на сценах крыжы крэйдай. Вадохрышча звычайна супадала з самымі халоднымі днямі зімы, пасля якіх год паварочваў на лета.

На развіццё народна-побытавай абрадавай культуры ў ХХ ст. моцны ўплыў аказалі дзяржаўная ідэалогія новай савецкай улады, сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні і маральна-псіхалагічны фактар.

З першых дзён савецкай улады дзяржаўная ідэалогія была супрацьпастаўлена традыцыйнай народнай культуры. Актыўнае ўкараненне новых святаў мела на мэце поўнасцю замяніць народныя святкаванні ў рамках традыцыйнага календара.

У лёсе беларускай традыцыйнай народнай абраднасці і культуры ў савецкі перыяд можна выдзеліць тры этапы, першы з якіх супаў з даваенным перыядам, другі ахапіў 50-80-я гады ХХ ст., а трэці – з пачатку 90-х гадоў – звязаны са станаўленнем незалежнай Рэспублікі Беларусь.

У 20-я гады ХХ ст. моладзь рэспублікі на чале з камсамольцамі пачала ствараць новыя “чырвоныя” Каляды, якія насілі ярка выражаную антырэлігійную накіраванасць і былі закліканы садзейнічаць святкаванню традыцыйных Калядаў як у горадзе, так і ў вёсцы. Так, у Мінску “чырвоныя” “камсамольскія Каляды”, якія праводзіліся вечарам 6 студзеня 1923 года, пачыналіся з сатырычнай інсцэніроўкі ў запоўненым рабочай моладдзю клубе “Чырвоны шлях”. У пастаноўцы паказвалі падрыхтоўку камсамольцаў да антырэлігійнага карнавалу і іх бойку з дэпутацыяй у складзе эсэра, меншавіка і інш., якая прасіла адмяніць атэістычнае мерапрыемства. Дзейства завяршалася вясёлымі танцамі вакол фігур звергнутых багоў і дэпутацыі і вылілася затым у касцюміраванае шэсце ў кірунку да плошчы Свабоды. Там у чаканні маляўнічай працэсіі, каб разам з ёй адправіцца далей на плошчу Парыжскай камуны, весялілася пад гукі духавога аркестра і жарты маскіраваных вялікая група рабочай моладзі і чырвонаармейцаў. Па дарозе да карнавальнага шэсця прымкнулі сотні цікаўных, у тым ліку рабочыя, навучэнцы, “нэпачы” (нэпманаўская моладзь). Знешне яно нагадвала велізарную змяю. Яе тулава расквечвалася факеламі і бенгальскімі агнямі. Галава – з “крывым” языком, які ўтваралі звязда і сцяг. На спецыяльных пляцоўках везлі так званыя “жывыя карціны”, на якіх былі размаляваныя багі, рай з анёламі, буржуямі, генераламі і інш., пекла з чарцямі, што вараць у катле грэшнікаў, “забіванне немаўлят”, “нараджэнне рэвалюцыі” і г.д. Шэсце суправаджалася музыкай, камсамольскімі каляднымі частушкамі, гукамі ражкоў і свісткоў. Кульмінацыя адбывалася на плошчы Парыжскай камуны, дзе прысутным прадэманстравалі “жывыя карціны” і была спалена статуя Бога. Пасля гэтага ўдзельнікі карнавалу, разбіўшыся на групы, адправіліся па клубах на лекцыі-канцэрты. [4; 142]

Аналагічным чынам камсамольцы рэспублікі праводзілі “чырвоныя Каляды” і ў іншых гарадах і пасёлках. І хоць інсцэніроўкі мелі розны сюжэт, але паўсюль антырэлігійнае каляднае прадстаўленне заканчвалася спальваннем статуі Бога, што выклікала неадабрэнне ў шырокіх слаёў насельніцтва. Праіснаваўшы некалькі год, як з’ява маладзёжнай субкультуры, “чырвоныя Каляды”, не знайшоўшы падтрымкі ў шырокіх колах тагачаснага грамадства, хутка зніклі.

Другі перыяд у гісторыі народнай абраднасці Беларусі быў падпарадкаваны агульным накірункам развіцця гэтай сферы культуры ўсяго Савецкага Саюза. А Ў гэты час, як вядома, народная абраднасць была афіцыйна прызнана ў высокіх чыноўніцкіх кабінетах крыніцай для стварэння інтэрнацыянальнай па зместу і нацыянальнай па форме савецкай культуры і абраднасці.

У 50-60-я гады пачалося адраджэнне традыцыйных святаў, як тады было прынята гаварыць, “на новай аснове”. На першае месца ў сацыялістычнай абраднасці па-ранейшаму высоўвалася яе атэістычныя функцыя. Але былі і пазітыўныя зрухі, бо ў шматлікіх дакументах падкрэслівалася, што ў працэсе развіцця і ўдасканалення сучаснага грамадскага жыцця, вытворчага быту, выкарыстання вольнага часу патрэбна звяртацца да шматвекавога вопыту народа-працаўніка, які стварыў цэлую сістэму святаў і абрадаў, многія з якіх не страцілі свайго выхаваўчага значэння і ў савецкі час. У адзначаны перыяд друкавалася шмат сцэнарыяў правядзення зімовых свят, асабліва Новага года, з

выкарыстанняў асобных элементаў традыцыйнай каляднай абраднасці. Выходзілі з друку разнастайныя інструкцыі, артыкулы, зборнікі, якія ўтрымлівалі рэкамендацыі і адлюстроўвалі лепшы вопыт работы. Вялікую ініцыятыву праяўлялі мясцовыя грамадскія і вытворчыя калектывы, установы культуры, кіраўнікі дзяржаўных і калектыўных гаспадарак. Вялікай папулярнасцю ў насельніцтва карысталіся Навагоднія карнавалы з Дзедам Марозам і Снягурачкай.

І хоць афіцыйна дзяржаўная культурная палітыка была накіравана на “сціранне нацыянальных адрозненняў”, “фарміраванне агульнасавецкай абраднасці”, тым не менш у большасці беларускіх сем’яў, што пражывалі ў сельскай мясцовасці, у многіх маладзёжных згуртаваннях працягвалі жыць, выконваліся спрадвечныя каляндарныя абрады, песні, гульні, вырабляліся маскі і карнавальныя касцюмы. Так, у карнавальных гульнях вакол сельскай ёлкі побач з Дзедам Марозам і Снягурачкай прымалі актыўны ўдзел пераапранутыя каза, дзед, бусел, мядзведзь і інш.

Многія культработнікі на месцах шукалі новыя формы выкарыстання каляднай абраднасці ў новых умовах. Так, у 80-я гады ў некаторых калгасах і саўгасах функцыі калядоўшчыкаў выконвалі Дзед Мароз і скамарохі. Яны ездзілі па вёсцы ва ўпрыгожаных яловымі галінкамі, лентамі, шарамі вазках, запрэжаных тройкамі коней з прыгожай збруяй пад гукі музыкі і бубеньчыкаў, спыняліся каля кожнай хаты, віншавалі гаспадароў з Новым годам, спявалі песні, скакалі, уручалі дзецям падарункі. Асабліва шырока такая форма работы практыкавалася ў калгасах Брэсцкай вобласці, напрыклад “Савецкая Беларусь”, “Расія” Камянецкага раёна, імя Леніна Столінскага раёна і інш. (Гадавая справаздача Брэсцкага ОНМЦ за 1982 год.С.13.).

У 90-я гады, ва ўмовах карэннай ломкі сацыяльных і эканамічных структур, што абумоўлена сацыяльна-эканамічнай і палітычнай трансфармацыяй беларускага грамадства і дзяржавы, якая адбываецца пасля распаду Савецкага Саюза, з’явіліся новыя расы ў правядзенні каляндарных святаў.

На дзяржаўным узроўні былі замацаваны амаль усе старадаўнія традыцыйныя святы нашага народа (на жаль, апроч Купалля). У гэты ж час набрала моц чарговая хваля беларускага Адраджэння, што, на думку беларускіх філосафаў, з’яўляецца наогул “спецыфічнай формай развіцця беларускай культуры, калі назіраюцца больш ці менш працяглыя перыяды паскоранага засваення айчыннага і сусветнага духоўнага вопыту... які ў гісторыі народа справядліва названы эпохамі нацыянальнага Адраджэння”. [3; 21]

На пачатку 90-х гадоў гэтым у асноўным займаліся культработнікі рэспублікі і гурт калядоўшчыкаў складаўся, як правіла, з удзельнікаў якога-небудзь фальклорна-этнаграфічнага калектыву, які быў амаль што пры кожным сельскім клубе і раённым ці гарадскім Доме культуры. Арганізатары калядавання бралі гатовы сцэнарый з нотамі песень і, вывучыўшы іх, адпраўляліся калядаваць. Мясцовыя калядныя звычаі, песні, маскі, іншыя атрыбуты, пра якія яшчэ добра памяталі старэйшыя жыхары населеных пунктаў, культработнікі ў многіх выпадках поўнасцю ігнаравалі. І вяскоўцы не прымалі навязаную абраднасць. Але дзякуючы руплівай прапагандысцкай працы навукоўцаў рэспублікі, метадыстаў Беларускага інстытута праблем культуры, абласных навукова-метадычных

цэнтраў культработнікі сталі вывучаць мясцовыя калядныя святы і адраджаць гэтыя элементы пры калядаванні, што адразу знайшло падтрымку ў жыхароў кожнага канкрэтнага населенага пункта.

На сёння абрад калядавання з’яўляецца найбольш распаўсюджаным на ўсёй тэрыторыі Беларусі і мае лакальныя формы правядзення.

Масленіца (Масленка, Сытніца). Галоўны матыў – провады зімы сустрэча вясны, забяспечванне багатага ўраджаю і дастатку ў хаце. Пачыналася звычайна ў чацвер. Царква прымеркавала Масленіцу на тыдзень перад Вялікі постам. На Масленічным тыдні моладзь гушкаецца на арэлях (“каб лён доўгім рос”), катаецца на санках, спявае масленічныя песні. У гэтыя дні адведваюць бабку-павітуху. Заканчваецца Масленіца “запускамі” на малочнае, таму ў нядзелю перад постам – толькі малочныя стравы – сыр, масла, тварог, абавязкова бліны.

Гуканне вясны. На высокім месцы раскладалі вогнішча, спявалі вяснянкі, вадзілі карагоды (“Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць”); выраблялі печыва ў выглядзе птушак; ушаноўвалі бярозу (кідалі на яе астрыцу і інш., або упрыгожвалі стужкамі), закопвалі ў зямлю гаршчок кашы (своеасаблівая ахвяра зямлі). Таксама гушкаліся на арэлях, “затанцоўвалі” вясну. Паступова абрад ператварыўся ў забаву моладзі.

Першы выган жывёлы (“запасванне гаўяда”). Звычайна прымяркоўваюць да Юр’я, які лічыцца заступнікам жывёлы – 6 мая. Юр’ева раса лічылася цудадзейнай, напярэдадні ўпершыню выводзілі коней на начлег. (Юрай замыкае ваўкам раты”). Звычайна гаспадар тройчы абыходзіў свой статак з запаленай грамнічнай свечкай, гаспадыня абкурвала “жывоцінку” святаянскімі зёлкамі (сабранымі на Купалле), пастух лёгка сцёбаў кожную жывёліну асвечанай на Вербніцу вярбінкай. Пад браму, праз якую выганялі жывёлу, клалі замкнутыя замком ніты ці замок (“замкнуць ваўку зубы”). У гэты дзень адбываліся агледзіны нівы, меркавалі пра будучы ўраджай.

Сёмуха (Тройца, Зялёныя святкі) – 50 дзень пасля Вялікадня. У аснове – культ зеляніны, шлюбу і продкаў. (“Зелянец – вясны канец”). Прыбіралі двор і хату “маем” (клён, бяроза, аер), прыбіралі магілы (у суботу – сёмушныя дзяды). У царкве асвячалі лугавыя і палявыя зёлкі (пазнейшая з’ява). Да гэтага дня прымяркоўвалі вяселле, адбывалася кумаванне, запрошвалі ў госці. Пасля Сёмухі – Русальны тыдзень; праводзілі ў поле “русалку”, якая лічылася захавальніцай урадлівасці, апякункай зямлі і воднай стыхіі, каб забяспечыла добры ўраджай.

Абрады гукання вясны, як найменш звязаныя з рэлігійнай абраднасцю, працягвалі бытаваць у 20-я гады ў аўтэнтычных формах у сельскай мясцовасці. Са з’яўленнем камун і калгасаў у БССР звязана станаўленне сацыялістычнага свята, якое мела назву “Дзень першай баразны” або “Дзень чырвонай баразны”. Цэнтральным момантам свята з’яўляўся мітынг, на якім кіраўнікі гаспадаркі віншавалі з пачаткам сяўбы, лепшым механізатарам давалі права першымі вывесці машыны ў поле і пачаць ворыва. У першы дзень палявых работ к вечару

вызначалі пераможцаў, віншавалі іх, уручалі падарункі і сувеніры. Пасля завяршэння сяўбы ў многіх гаспадарках ладзілі свята вясны, ва ўрачыстую частку якога ўваходзілі пад’ём сцяга, рапарт аб заканчэнні палявых работ, віншаванні перадавікоў, уручэнне каштоўных падарункаў, грамат, вымпелаў пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва, конкурсу прафесійнага майстэрства. Свята завяршалася канцэртам мастацкай самадзейнасці, затым песні і танцы падхоплівалі гледачы і пачыналася ўсеагульная весялосць, у некаторых гаспадарках у час свята вясны арганізоўваліся спартыўныя спаборніцтвы: легкаатлетычныя забегі, гульня ў футбол, валейбол, конныя скачкі і г.д. позна вечарам у клубах дэманстраваліся бясплатныя кінафільмы. Час правядзення святаў першай баразны і вясны залежаў ад тэрмінаў пачатку і заканчэння сяўбы і не меў пастаяннай даты. У першых камунах свята першай баразны адзначалася асабліва ўрачыста, у поле выязджалі з транспарантамі, плакатамі, пад гукі музыкі, вечарам ладзілі святочны стол.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да Усходняй свята першай баразны і вясны пачало распаўсюджвацца і там.

У першыя гады савецкай улады сёмушную і русальную абраднасць закранулі невялікія змены, бо камсамольцы рэспублікі, якія актыўна ўкаранялі “чырвонаю абраднасць”, не звярталі вялікай увагі на яе. Як сведчаць матэрыялы этнаграфічных экспедыцый, Сёмуху адзначалі як вялікае свята з гульнямі каля рэчкі, возера, з танцамі і песнямі да пачатку вайны. Стойка захоўваўся ў даваенны перыяд звычай упрыгожваць сядзібы зелянінай.

У 70-80-ыя гады некаторыя традыцыйныя элементы Масленіцы атрымалі распаўсюджанне ў новай гульнёвай форме на святах, якія называліся часцей за ўсё “Провады рускай зімы” і былі вельмі папулярныя ў многіх гарадах Беларусі. У беларускіх вёсках гэтае свята сустракалася радзей. Провады зімы наладжвалі звычайна ў апошнюю нядзелю лютага. Свята ўключала выступленне казачных персанажаў у карнавальных касцюмах, атракцыёны, тэатральна-сцэнічныя прадстаўленні, спартыўныя гульні, катанне на конях, танцы, частаванне блінамі, якія выпякаліся непасрэдна на вуліцы. З перыёдыкі і справаздач таго часу бачна, што новая масленічная абраднасць фарміравалася ў гарадах і вёсках Беларусі ў асноўным уключэннем у яе разнастайных спартыўных гульняў і жартоўных нумароў, такіх як: штурм снежнага гарадка, бег у мяшках, перацягванне каната, падняцце гіраў, жартоўная рыбалка, конкурс “Дастань прыз” (які быў замацаваны на канцы доўгай вертыкальнай жэрдкі), наведванне пакою смеха і г.д. Сустракалася і традыцыйнае катанне з ледзяных горак. Саламяныя пудзілы, марыянеткі ўвасаблялі п’яніц, гультаёў, хуліганаў, злодзеяў і іх пасля шэсця і ўдзелу ў інтэрмедыях спальвалі на кастры разам з пудзілам Зімы (Масленіцы) пад крыкі і свіст натоўпу.

У пасляваенны перыяд свята вясны, пэўным чынам трансфарміруючыся пад уздзеяннем істотных змен, што адбываліся ў сельскагаспадарчай вытворчасці, працягвала актыўна бытаваць у сельскай мясцовасці Беларусі. У 70-80-я гады яно ладзілася звычайна ў гаях, на берагах рэк, азёр, дзе адпачывалі жыхары кожнай вёскі. У гэты перыяд пачалі з’яўляцца на свяце тэатралізаваныя моманты – персанажы Вясны з вяснянкамі, зазывалы і г.д. Нягледзячы на некаторыя

лакальныя асаблівасці, усе святы, звязаныя з пачаткам і заканчэннем сяўбы, на Беларусі ў гэты перыяд мелі тры важнейшыя эпізоды ў сваёй структуры: урачыстыя провады механізатараў у поле, пракладка першай баразны лепшым механізатарам калгаса (саўгаса), заканчэнне сяўбы, якое адзначалася масавымі гуляннямі і ўслаўленнем тых, хто лепш працаваў у час пасяўной.

У 60-80-я гады да Сёмухі прымяркоўвалі свята, якое называлася “Провады вясны” або “Свята рускай бярозкі”. У іх падрыхтоўцы і правядзенні актыўную ролю адыгрывалі культработнікі рэспублікі. Галоўнае месца ў свяце провадаў вясны займала працоўная тэматыка. Асноўнымі персанажамі былі антрапаморфныя вобразы – Бярозка, Вяснянка, якія падзяляліся на аснове сімволікі традыцыйных веснавых песень. Пра дзень свята, а гэта была звычайная нядзеля, паведамлялі афішы, мясцовыя газеты і радыё, а лепшым працаўнікам рассылаліся запрашальныя білеты. У месцы правядзення свята ставілі бярозку, упрыгожаную каснікамі, вянкамі, эстрадную пляцоўку таксама ўпрыгожвалі гірляндамі зеляніны і кветак. Свята звычайна адкрываў прадстаўнік раёна ці дырэкцыі саўгаса (калгаса). Пасля невялікага выступлення ён запрашаў на сцэну дзяўчыну, што ўвасабляла Вясну ці Бярозку. Яна выклікала лепшых працаўнікоў, пераможцаў, уручала ім граматы, узнагароды, павязвала ленты з расліннай сімволікай. Пасля гэтага пачыналася мастацкая частка – канцэрт, танцы, конкурсы, гульні.

У 90-я гады мінулага стагоддзя на Беларусі шырока распаўсюджваецца святкаванне Масленіцы. У кожнай канкрэтнай вёсцы яно набывае яркую мясцоваю асаблівасць. Сцэнарый правядзення такіх святаў культработнікі рыхтуюць толькі пасля збору і апрацоўкі адпаведных звестак так ад старажылаў вёскі.

У многіх раёнах, дзе традыцыя святкавання Масленіцы была перарвана ў 30-я гады, але звесткі пра яе захоўваліся ў сацыяльнай памяці мясцовага насельніцтва, сёння гэта свята праводзіцца зноў.

У беларускіх гарадах пасля невялікага перапынку, што назіраўся ў канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў, сёння зноў праводзяцца святы развітання з зімой. У сучасны перыяд свята Масленіцы карыстаецца вялікай папулярнасцю ў сельскіх і гарадскіх школах Беларусі.

У пачатку 90-х гадоў, калі калгасы і саўгасы прыйшлі ў эканамічны заняпад, сацыялістычныя святы “Дзень першай баразны”, “Дзень чырвонай баразны” перасталі праводзіцца на Беларусі. Затое ў гэты перыяд сталі актыўна адраджацца абрады гукання вясны, якія мелі ў сабе традыцыйная элементы, песні, гульні.

Сёння свята гукання вясны пад рознымі назвамі надзвычай шырока распаўсюджаны ў розных дзіцячых і дарослых калектывах на Беларусі. Падагуліўшы шматлікія матэрыялы па гэтай тэме, можна адзначыць, што выпрацаваўся ўжо даволі ўстойлівы сцэнарый правядзення сучаснага гукання вясны як на вёсцы, так і ў горадзе, склалася адпаведная сімволіка і атрыбутыка, замацаваны персанажы, якія асацыіруюцца з гэтым святам: галінкі вярбы, бярозы і іншых дрэў, птушак з саломы, паперы або выпечаныя з цеста, выявы жывёл і прыладаў сельскагаспадарчай працы, пастуховай торбы, сявенькі для Вясноўкі і інш.

У многіх вёсках на Беларусі адраджаюцца абсалютна арыгінальныя мясцовыя абрады і песні гукання вясны “Саракоў”, якія доўгі час захоўваліся ў сацыяльнай памяці людзей. Безумоўна, гэты працэс ідзе больш актыўна там, дзе ёсць зацікаўленыя культработнікі і створаныя імі фальклорна-этнаграфічныя ансамблі.

На хвалі адраджэння, якое пачалося ў Беларусі ў 90-я гады, узрасла цікавасць і да юраўскага свята. Культработнікі рэспублікі пачалі адшукваць на месцах звесткі пра свята і разам з фальклорнымі калектывамі аднаўляць яго ў сваіх вёсках. Паступова свята, падрыхтаванае самадзейнымі артыстамі, святкавалася ўсёй вёскай, калі яно ў мінулым мела тут адметныя традыцыі правядзення. Так здарылася ў Ваўкавыскім, Слонімскім раёнах Гродзенскай вобласці, у в.Вуглы Капыльскага раёна Мінскай вобласці, в.Малыя Зімовічы Мазырскага раёна Гомельскай вобласці і многіх іншых.

У 90-я гады культработнікі рэспублікі, абапіраючыся на канкрэтны мясцовы фальклорна-этнаграфічны матэрыял, пачалі адраджаць Сёмуху. Спачатку свята паказвае і ладзіць фальклорны калектыў, а затым вяскоўцы праводзяць яго самастойна.

Вельмі цікава праводзяцца адроджаныя сёмушныя і русальныя абрады ў многіх раёнах Гродзенскай вобласці: Слонімскім, Іўеўскім, Шчучынскім, Ваўкавыскім.

У тых беларускіх вёсках, дзе да рэвалюцыі на Тройцу былі прастольныя святы, фэсты, яны зноў адраджаюцца з пачатку 90-х гадоў. У іх арганізацыі і правядзенні прымаюць удзел і культработнікі, і святары.

Пад уплывам ідэй Адраджэння актывізавалася традыцыйная народна-побытавая культура ў аўтэнтычнай і другасных формах яе бытавання. Людзі пачалі імкнуцца да творчай самарэалізацыі, і гэта асабліва ярка выяўляецца ў абрадава-святочнай сферы. Рэзка ўзрасла і цікавасць моладзі да традыцыйных каляндарных святаў і абрадаў. Паступова па ўсёй Беларусі пачалі ў той або іншай форме адраджаць каляды і ў першаю чаргу – абрад калядавання. На сёння абрад калядавання з’яўляецца найбольш распаўсюджаным на ўсёй тэрыторыі Беларусі і мае лакальныя формы правядзення. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца па ўсёй Беларусі і веснавыя святы. Калі яны абапіраюцца на абрады і звычаі сваёй мясцовасці, то праходзяць запамінальна, пакідаюць у душах удзельнікаў адчуванне непарыўнай сувязі, еднасці з тым, што можна назваць душой радзімы.

Ключавыя словы: Каляды, Масленка, Гуканне вясны, Сёмуха, калядоўшчыкі.

Пытанні для самаправеркі:

1. Назавіце асноўныя святы зімовага святочнага календара беларусаў.

2. Дайце агульную характарыстыку беларускаму святу “Каляды”.

3. Назавіце традыцыйнае і новае ў свяце “Каляды”.

4. Дайце характарыстыку каляднаму абраду.

5. Дайце характарыстыку абраду “шчадравання”.

6. Назавіце асноўныя святы веснавога святочнага календара беларусаў.

7. Дайце характарыстыку веснавым святам.

8. Назавіце традыцыйнае і новае ў беларускім свяце “Гуканне вясны”.

9. Дайце характарыстыку беларускаму святу “Сёмуха”.

10. назавіце традыцыйнае і новае ў беларускім свяце “Масленіца”.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.