Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Асаблівасці вывучэння словазлучэння ў VІІI класе сярэдняй школы






На вывучэнне словазлучэння ў 8 класе праграмай адводзіцца 5 гадзін, з іх 1 гадзіна выкарыстоўваецца для правядзення пераказу тэксту навуковага стылю з выкарыстаннем апорных словазлучэнняў. Тэмы ўрокаў:

1. Словазлучэнне як сінтаксічная адзінка. Граматычнае значэнне словазлучэння

2. Віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні: дапасаванне, кіраванне, прымыканне. Асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове

3. Непадзельныя словазлучэнні

4. Паглыбленне вывучанага пра навуковы і афіцыйны стылі маўлення

5.Пераказ тэксту навуковага стылю з выкарыстаннем апорных словазлучэнняў.

Пры вывучэнні словазлучэння фарміруюцца пэўныя навыкі і ўменні. Вучні валодаюць уменнямі знаходзіць словазлучэнні ў сказах і тэкстах, вызначаць галоўнае і залежнае словы, групаваць словазлучэнні паводле будовы і значэння; ствараць і разгортваць словазлучэнні з рознымі відамі сінтаксічнай сувязі; перакладаць сказы (тэксты) з адметнымі беларускімі словазлучэннямі; адрозніваць свабодныя словазлучэнні ад несвабодных; дакладна перадаваць змест прачытанага тэксту з выкарыстаннем апорных словазлучэнняў; выконваць сінтаксічны разбор словазлучэнняў. Каб гэтыя ўменні і навыкі набылі вучні, настаўнік павінен большую частку ўрока адводзіць на вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу. Для гэтага неабходна правільна выбраць метады і сродкі навучання. Пры вывучэнні словазлучэння, яго граматычнага значэння, відаў сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні абавязкова прапанаваць вучням тэарэтычныя звесткі ў форме памятак. У час правядзення ўрокаў па гэтых тэмах выкарыстаць тэхналогію праблемнага навучання, дзе выкарыстоўваюцца не толькі традыцыйныя метады навучання (тлумачальна- ілюстрацыйны, рэпрадукцыйны), а перавага аддаецца часткова-пошукаваму—пастаноўка праблемы, складанне заданняў, планаванне этапаў іх выканання; і даследчаму—складанне праблемных задач для пошуку рашэння. З улікам камунікатыўнага і асобаснага падыходаў у навучанні мове найбольш эфектыўнымі метадамі і прыёмамі навучання словазлучэнняу з’яўляюцца: к а н с т р у я в а н н е словазлучэнняў паводле схем, мэты маўлення, тыпу будовы, па апорных словах; с у п а с т а ў л е н н е сінтаксічных з’яў, напрыклад, спосабаў сувязі сінтаксічных адзінак, іх складу, ступені развітасці, сэнсавых адносін, стылістычнай і інтанацыйнай аформленасці, пунктуацыі і інш.; п е р а с т а н о ў к а слоў у сказах, п а р а ў н а н н е тэкстаў на прадмет вызначэння парадку слоў у сказах, будовы сказаў, іх сувязей у абзацы, у тэксце і інш.; с і н т а к с і ч н ы р а з б о р; р э д а г а в а н н е тэксту з улікам адпаведнасці сінтаксічнай будовы яго стылю, жанру і інш.

2.2 Спецыфіка вывучэння словазлучэння ў школах з рускай мовай навучання Для эфектыўнасці навучання сінтаксісу беларускай мовы важна ўлічваць спецыфічнасць яго вывучэння ў школах з рускай мовай навучання. Веды гэтых асаблівасцей дапамогуць настаўніку арганізаваць працу яго вучняў і зрабіць вынікі гэтай працы найбольш эфектыўнымі. Такімі спецыфічнымі рысамі з’яўляюцца: 1) узаемасувязь урокаў па вывучэнні сінтаксісу беларускай мовы з урокамі па вывучэнні сінтаксісу рускай мовы, 2) узаемасувязь вывучэння сінтаксісу з развіццём маўлення вучняў; 3) узаемасувязь вывучэння сінтаксісу з пытаннямі стылістыкі; 4) узаемасувязь вывучэння сінтаксісу з пунктуацыяй; 5) вывучэнне сінтаксісу на марфалагічнай аснове. Так, у школах з рускай мовай навучання беларуская мова вывучаецца як асобны прадмет. Гэта асаблівасць навучання беларускай мове патрабуе ад настаўніка і асаблівых метадаў, прыёмаў арганізацыі працы на ўроках, і практыкаванняў па выпрацоўцы навыкаў і ўменняў. Такая сітуацыя патрабуе ўліку ўзаемасувязей урокаў беларускай мовы з урокамі па адпаведных тэмах рускай мовы, г. зн. настаўнік павінен улічваць той факт, што паводле часу пэўныя тэмы ўрокаў па вывучэнні сінтаксісу рускай мовы, якія ў аснове аднатыпныя з сінтаксісам беларускай мовы, папярэднічаюць урокам беларускай мовы, што не дазваляе тлумачыць новыя матэрыял, “адкрываць” новыя звесткі. У такіх выпадках найлепш выкарыстоўваць прыёмы параўнання і супастаўлення, перакладу (асабліва гэта датычыць тэрмінаў), арганізацыі працы па падрыхтоўцы выказванняў на адпаведныя тэмы ўрокаў, магчыма з выкарыстаннем падручніка, складання плана тэарэтычнай часткі, вызначэння тэзісаў і інш.

У любым выпадку ўрокі беларускай мовы не павінны быць копіяй урокаў рускай мовы па адпаведных тэмах, яны павінны быць скіраваны на ўзнаўленне, пашырэнне і паглыбленне ведаў, на фарміраванне сінтаксічных, пунктуацыйных, арфаграфічных і стылістычных уменняў і навыкаў, на развіццё звязнага маўлення. У такіх умовах навучання сістаксісу ўрокі беларускай мовы павінны атрымліваць больш глыбокую практычную накіраванасць на вызначэнне адметнага, характэрнага для беларускай мовы, для пэўнага стылю і жанру арганізацыі маўленчай дзейнасці.

Нельга не адзначыць і такой адметнасці навучання сінтаксісу беларускай мовы, як сувязь яго з марфалогіяй, ці вывучэнне сінтаксісу на аснове ведаў і ўменняў па марфалогіі. Пры гэтым асноўным прыёмам з’яўляецца параўнанне, паколькі асаблівая ўвага вучняў скіравана на адметнасцях марфалагічнай і сінтаксічнай будовы беларускай мовы. Так, у беларускай мове ў параўнанні і супастаўленні з рускай мовай вызначаецца асаблівасць дзеяслоўнага кіравання, напрыклад: дзеясловы ветлівасці дзякаваць, дараваць, прабачаць кіруюць давальным склонам (дзякаваць сябру, дараваць брату), а ў рускай мове яны кіруюць родным склонам (благодарить товарища, простить брата); дзеясловы руху пры паказе на мэту дзеяння кіруюць вінавальным склонам з прыназоўнікам па (пайшла па сястру і рэчы), назоўнікі арэхі, грыбы, ягады, кветкі ў падобных словазлучэннях ставяцца ў вінавальным склоне з прыназоўнікам у (ісці ў грыбы, бегчы ў ягады), а ў рускай мове дзеясловы руху кіруюць творным склонам з прыназоўнікам за (сходить за хлебом, пойти за грибами) і інш. У канцы вывучэння тэм па словазлучэнню правесці яго сінтаксічны р а з б о р, які выкарыстоўваецца пераважна пры паўтарэнні, замацаванні, для кантролю ведаў у час апытвання і як дадатковае заданне ў пісьмовай рабоце.

2.3 Аналіз навучальнага тэксту падручніка “Беларуская мова для 8-га класа з беларускай і рускай мовамі навучання” З. І. Бадзевіч, І. М. Саматыя

Разглядаемы падручнік “Беларуская мова для 8-га класа з беларускай і рускай мовамі навучання” З. І. Бадзевіч, І. М. Саматыяцалкам адпавядае патрабаванням праграмы па беларускай мове. Падручнік пачынаецца з цікавага паведамлення “ Роля беларускай мовы ў развіцці нацыянальнай культуры”. Далей ідзе паўтарэнне вывучанага ў 5- 7 класах па раздзелах лінгвістыкі: мова, маўленне, тэкст. Важнае месца ў падручніку займае новы вялікі раздзел граматыкі — сінтаксіс. У раздзел “Сінтаксіс і пунктуацыя” вывучаюцца сінтаксічныя адзінкі мовы як словазлучэнне, просты сказ, ускладнены сказ, а таксама знакі прыпынку ў простым сказе.

Тэорыя маўленчай дзейнасці раскрываецца праз паняцці аб мове як адным з паказчыкаў культуры чалавека, захаванне літаратурных нормаў. Раскрываюцца ў падручніку паняцці функцыянальных стыляў маўлення, моўных сродкаў, этыкі маўлення. Асноўны матэрыял па гэтых пытаннях падаецца як матэрыял для азнаямлення, некаторыя найбольш важныя пытанні прапануецца завучыць. Для замацавання патрабуюцца рознаўзроўневыя заданні, практыкаванні, падаюцца прыклады тэкстаў розных стыляў. У падручніку задзейнічаны наступныя прыёмы падачы лінгвістычнай інфармацыі:

- аналіз моўных фактаў;

- параўнанне сінтаксічных адзінак (напрыклад, утварэнне словазлучэнняў);

- параўнанні з рускай мовай;

- прыклады сінтаксічнага разбору словазлучэння, простага сказа;

- падаюцца ў вялікай колькасці схемы і табліцы, выкарыстоўваецца іх аналіз;

- выкарыстоўваецца аналіз малюнкаў і ілюстрацый, якія ў дастатковай колькасці ўтрымлівае падручнік;

- новы матэрыял падручніка і тэарэтычныя пытанні вучням прапаноўваецца або прачытаць і прааналізаваць, або завучыць на памяць. Кожны з гэтых матэрыялаў замацаваны практыкаваннямі;

- матэрыял у падручніку размяжоўваецца па ступені значнасці (найбольш важны адзначаны для абавязковага завучвання на памяць), таксама важная інфармацыя выдзеленая іншым колерам, з гэтай жа мэтай выкарыстоўваюцца такія сродкі як падкрэсліванне, задзейнічаны розныя шрыфты;

У падручніку прадстаўлены і прапанаваны наступныя спосабы вучэбнай дзейнасці:

- узоры сінтаксічных разбораў - у якасці эталону адказаў на прапанаваныя пытанні выступаюць правілы і ўзоры да выканання практыкаванняў;

- алгарытм прымянення правіла часта выступае ў якасці разнастайных схем і табліц, а таксама даведак да практыкаванняў;

- для развіцця маўлення вучням прапануецца выразнае чытанне вершаў і тэкстаў, адказы на пытанні па ім, падрыхтоўка невялікіх паведамленняў.

- прапедэўтычныя практыкаванні (шырока выкарыстаны практыкаванні на паўтарэнне, узнаўленне ўжо знаёмага матэрыялу);

- сістэма практыкаванняў.

Так, у дадзеным падручніку шырока выкарыстоўваюцца пробныя практыкаванні. Трэніровачныя практыкаванні заўсёды маюць узор выканання, пэўны алгарытм. Праверачныя практыкаванні суправаджаюцца вялікай колькасцю ўдакладняючых пытанняў.

Пытанні па сістэматызацыі ведаў маюць за мэту зрабіць вывад, падагульніць узноўленую інфармацыю, праверыць свае веды пасля кожнай тэмы.

У практыкаваннях, якія прапанаваны да раздзела сістэматызацыі вывучанага за год прапануецца комплекс пытанняў да практыкаванняў, якія змяшчаюць веды з іншых раздзелаў беларускай мовы.

У падручніку падаюцца звесткі пра мову, якія пададзены ў раздзеле “Роля беларускай мовы ў развіцці нацыянальнай культуры”. Матэрыял тут падаецца як матэрыял для азнаямлення. У падручнік уведзена цікавая рубрыка “Паслухайце мовазнаўцу! ”

Падабраны ў падручніку і матэрыял такога плану, што ён акрамя вучэбнай выконвае яшчэ і выхаваўчую ролю (практыкаванні насычаны прыказкамі і прымаўкамі, утрымліваюцца вершы і выказванні беларускіх пісьменнікаў).

У раздзеле падручніка “Функцыянальныя стылі маўлення” прадстаўлены тэксты (узоры) навуковага, афіцыйнага і публіцыстычнага стылю.

Змест падручніка накіраваны на культурна-гістарычную тэму. Тут змешчаны звесткі і тэксты з накіраванасцю на этыку маўлення і асноўныя этычныя нормы.

Падручнік адпавядае прынцыпу нагляднасці: у ім прыведзены шматлікія схемы, табліцы, малюнкі, нават рознакаляровыя фотаздымкі.

Уведзены ў падручнік і ўмоўныя абазначэнні: вызначаецца матэрыял для завучвання, азнаямлення і г.д.

На фарзацах падручніка змешчаны ўрыўкі з твораў Якуба Коласа, Міколы Гусоўскага, Францыска Скарыны, а таксама беларускія народныя прыказкі пра слова і мову.

2.4 Разнавіднасць практыкаванняў пры вывучэнні словазлучэння

Для засваення тэарэтыка-практычных ведаў і на іх аснове выпрацоўкі сінтаксічных моўна-маўленчых уменняў і навыкаў слухаць і ўспрымаць чужы тэкст і ствараць уласны выкарыстоўваюцца аналітычныя, сінтэтычныя, аналітычна-сінтэтычныя і творчыя тыпы практыкаванняў. Аб’ядноўвае названыя тыпы практыкаванняў тэкставая аснова іх заснавання: пад аналіз і сінтэз падводзяцца вывучаемыя сінтаксічныя з’явы, выяўленыя з тэксту ці падабраныя для яго стварэння.

Разгледзім кожны з тыпаў практыкаванняў асобна, трымаючы на ўвазе іх тэкставую накіраванасць.

Практыкаванні аналітычна-сінтэтычнага тыпу ставяць на мэце навучыць распазнаваць сінтаксічную моўную з’яву і засвоіць веды пра яе шляхам: выяўлення канкрэтнай моўнай з’явы з тэксту.

З улікам таго, што асноўнымі сінтаксічнымі адзінкамі з’яўляюцца словазлучэнне і сказ, іх выяўленне з тэксту і ўвядзенне ў тэкст праводзіцца ў залежнасці ад структуры, семантыкі і функцыянальнага прызначэння. Таму названыя сінтаксічныя адзінкі павінны стаць аб’ектамі аналітычнай інтэрпрэтацыі ў практыкаваннях на выкананне схем сінтаксічных канструкцый; на ўстанаўленне адпаведнасці схем і сінтаксічных канструкцый; на ўспрыманне словазлучэнняў і сказаў, выяўленых з тэкстаў розных тыпаў, стыляў і жанраў; на выяўленне граматычных і сэнсавых сродкаў сувязі сказаў у тэксце.(Дадатак 1)

Практыкаванні сінтэтычнага тыпу засноўваюцца на аб’яднанні дробных сінтаксічных адзінак у складаныя адзінкі, у выніку чаго сінтаксічная з’ява ніжэйшага ўзроўню пераўтвараецца ў аднародную з ёю сінтаксічную з’яву вышэйшага ўзроўню: словы, далучаючы да сябе залежныя словы ці спалучэнні слоў, — у словазлучэнні, словазлучэнні —у сказы, сказы — у тэкст.

Да іх належаць практыкаванні, скіраваныя на: стварэнне апорных (ключавых) словазлучэнняў; на структураванне апорных (ключавых) словазлучэнняў у сказ; на разгортванне апорных (ключавых) граматычных асноў у сказ; на структураванне сказаў у тэкст; на падбор загалоўка да тэксту. (Дадатак 1)

Практыкаванні аналітычна-сінтэтычнага тыпу накіраваны на ўдасканаленне сінтаксічнага ладу мовы вучняў і ўтрымліваюць заданні на складанне словазлучэнняў і сказаў па аналогіі з дадзенымі; на выкананне схем дадзеных словазлучэнняў і сказаў; на ўзнаўленне прапанаванага тэксту з захаваннем яго стылістычных асаблівасцяў. (Дадатак 1)

Практыкаванні творчага тыпу накіраваны на фарміраванне моўна-маўленчых уменняў: складанне сказаў канкрэтнай структуры, семантыкі і функцыянальнага прызначэння з указаннем сферы іх функцыянавання; увядзення ў тэкст эпізода з выкарыстаннем прапанаванай сінтаксічнай дамінанты; стварэнне выказвання на вызначаную тэму тэксту пэўнага тыпу і стылю маўлення з выкарыстаннем наяўных у мове сродкаў граматычнай і сэнсавай сувязі сінтаксічных канструкцый — лексічнай суадноснасці паралелізму, парадку слоў, лагічнага націску і інш. (Дадатак 1)

 

Заключэнне

У курсавой рабоце разгледжана методыка вывучэння сінтаксісу ў школе. Змест метадычных парад да вывучэння словазлучэння накіраваны на арганізацыю такіх педагагічных умоў, якія спрыяюць наладжванню актыўнай пошукавай, аналітыка-сінтэтычнай моўнай дзейнасці па асэнсаванні будовы, значэння і ўжывання сінтаксічных адзінак як інструмента выражэння думак і ўвядзення іх у актыўную маўленчую практыку вучняў. Толькі ў працэсе вучэбнай дзейнасці вучні авалодваюць нормамі літаратурнага вымаўлення і правапісу, багаццем слоўніка беларускай мовы і разнастайнасцю сінтаксічных канструкцый, законамі стварэння звязнага тэксту, фарміруюць моўнае чуццё, уменне выбіраць найбольш прыдатныя сінтаксічныя канструкцыі, трапныя, яркія і дакладныя словазлучэнні і выразы для рэалізацыя мэты выказвання. У рабоце падрабязна апісаны прынцыпы, метады і прыёмы навучання сінтаксісу, вялікая ўвага адведзена асаблівасцям і праблемам вывучэння словазлучэння ў 8 класе, паказана разнавіднасць практыкаванняў, а таксама разгледжана спецыфіка вывучэння словазлучэння ў школах з рускай мовай навучання. Прааналізаваны навучальны тэкст падручніка “Беларуская мова для 8-га класа з беларускай і рускай мовамі навучання”. З. І. Бадзевіч, І. М. Саматыя. У рабоце адзначана, што пры вывучэнні словазлучэння ў 8 класе можна выкарыстоўваць тэхналогію праблемнага навучання, дзе перавага аддаецца часткова-пошукаваму і даследчаму метадам. На праблемным уроку дзеці больш думаюць, разважаюць, аналізуюць, развіваюць творчыя здольнасці, праяўляюць ініцыятыву. А для развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў, зацікаўленасці пэўным матэрыялам, працэсам навучання настаўнікам патрэбна выкарыстоўваць розныя формы дзейнасці на ўроку: вусную і пісьмовую, індывідуальную, франтальную і іншыя, выкарыстоўваць розныя віды практыкаванняў.

 

 

Спіс літаратуры

1. Беларуская граматыка: У 2-х ч. Ч.2. Сінтаксіс / АН БССР. Ін-т мовазнаўства імя Я.Коласа; Рэд. М.В.Бірыла, П.П.Шуба. — Мн.: Навука і тэхніка, 1986. — 327 с.

2. Варановіч З.Б. Методыка выкладання беларускай мовы. — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 248 с.

3. Выкладанне беларускай мовы ў школе / М.Г.Яленскі, Л.С.Васюкові, І.М.Саматыя і інш.; Пад рэд. М.Г.Яленскага. — Мн.: Выш.шк., 1994. — 240 с.

4. Вярбіла У.М. і інш. Багата, родная ты мова... Матэрыыялы і метад. парады па развіццю звяз.мовы вучняў, 4—8 кл.: Дапаможнік для настаўніка / У.М.Вярбіла, Я.М. Лаўрэль, М.Г.Яленскі. — Мн.: Нар.асвета, 1988. — 176 с.

5. Дудников А.В. Пути перестройки преподавания русского языка в средней школе // Русский язык в школе. — 1988. — № 4. — С.41—44.

6. Золотова А.Г. О возможностях перестройки в преподавании русского языка // Русский язык в школе. — 1988. — №5.— С.37—42.

7. Кечык С.Я., Рагаўцоў В.І. Моўны разбор у ВНУ і школе: Схемы, узоры, заданні: Вучэб.дапаможнік для пед. ін-таў. — Мн.: Выш.шк., 1988. — 127 с. 8.Литвинко Ф.М. Методика изучения разделов школьного курса русского языка (функциональный подход): Курс лекций для студентов филол. фак. — Мн.: БГУ, 2001. — 175 с.

9. Ляшчынская В.А. Методыка выкладання беларускай мовы: Вучэб.дапаможнік для філал.фак.ВНУ. — Мн.: Выш.шк., 1998.— 191 с.

10. Методыка выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах: Вучэб. дапаможнік для фак. педагогікі і методыкі пачатковага навучання пед.ін-таў / Я.М.Івашуціч, М.П.Лукашок, Б.В.Пятровіч, А.П.Шанько; Пад рэд. А.П.Шанько.— Мн.: Выш.шк., 1986. — 408 с.

11. Протчанка В.У.Актуальныя праблемы тэорыі і практыкі навучання беларускай мове. — Мн.: НІА, 2001. — 212 с.

12. Протчанка В.У. Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Словазлучэнне. Просты сказ. — Мн.: Нар асвета, 1984. — 143 с.

13. Протчанка В.У. Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Складаны сказ. — Мн.: Нар.асвета, 1989. — 128 с.

14. Протчанка В.У. Новая праграма па беларускай мове і навучальны працэс // Роднае слова. — 1994. — №1.— С.4—8.

15. Протчанка В.У. Роднае слова — крыніца развіцця асобы, духоўнасці народа // Адукацыя і выхаванне. — 1994. — №12. — С.62.

16. Протчанка В.У. Шматаспектны аналіз пры вывучэнні сінтаксісу беларускай мовы: Вучэб дапаможнік для студэнтаў аддз-няў філал. фак. пед. ін-таў. — Мн.: Выш.шк., 1987. — 144 с.

17. Федоренко Л.П. Принципы обучения русскому языку: Пособие для учителей. — М.: Просвещение, 1973. — 160 с.

18. Яленскі М.Г. Асобасны падыход у методыцы навучання беларускай мове / Навук. рэд. В.У.Протчанка. — Мн.: НІА, 1997. — 172 с.

 

Дадатак 1






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.