Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Метады і прыёмы навучання сінтаксісу






Метады і прыёмы навучання сінтаксісу абумоўлены прынцыпамі навучання і скіраваны на фарміраванне сінтаксічнай кампетэнцыі вучняў як іх дасведчанасці ў тэорыі і практыцы стварэння лагічна і граматычна правільных словазлучэнняў і сказаў як састаўных кампанентаў тэксту. Сфарміраваная моўная кампетэнцыя прадвызначае станаўленне і развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі як маўленчай дасведчанасці вучняў, аснову якой складае асобасна арыентаваная камунікатыўна-дзейнасная тэхналогія, у цэнтры якой знаходзіцца моўная асоба вучня (мэтавы кампанент)— сінтаксічная з’ява (матывацыйны кампанент) — моўныя і маўленчыя ўменні і навыкі (зместавы кампанент) — суб’ект-суб’ектнае этыка-камунікатыўнае суразмоўніцтва (аперацыйны кампанент) — рэфлексія (ацэначны кампанент).

Забяспечваецца педагагічная тэхналогія вывучэння сінтаксісу сукупнасцю агульнамоўных і спецыяльных (сінтаксічных) метадаў і прыёмаў. Да агульнамоўных адносяцца метады і прыёмы, якія датычаць навучання беларускай мове ўвогуле: слова настаўніка, гутарка, самастойная праца вучня, назіранні і моўны аналіз лінгвістычнага матэрыялу. Пры вывучэнні сінтаксісу могуць быць выкарыстаны ўсе метады і прыёмы — агульнамоўныя і спецыяльныя (сінтаксічныя). Аднак спецыяльныя метады і прыёмы вывучэння сінтаксісу з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі. Таму лічым неабходным дэталёва разгледзець іх.

Да спецыяльных (сінтаксічных) належаць наступныя метады і прыёмы навучання сінтаксісу:

тэкставая аснова вывучэння сінтаксічнай моўнай з’явы;

падбор апорных (ключавых) словазлучэнняў як сродкаў стварэння тэксту;

падбор апорных (ключавых) сказаў як сродкаў стварэння тэксту;

падбор апорных (ключавых) граматычных асноў;

структураванне апорных (ключавых) словазлучэнняў як сродкаў стварэння сказаў;

разгортванне граматычных асноў ў сказы;

структураванне апорных (ключавых) сказаў як сродкаў стварэння тэксту;

сінтаксічны разбор словазлучэнняў, сказаў і тэксту.

Тэкставая аснова вывучэння сінтаксісу — метад, які патрабуе ад суб’ектаў педагагічнага працэсу (настаўніка і вучняў) выкарыстоўваць тэкст як дыдактычны матэрыял на ўсіх уроках вывучэння словазлучэння. Скіраванасць на тэкст павінны мець сродкі навучання (падручнікі, дапаможнікі для настаўніка і вучняў, схемы, табліцы і інш.): з тэксту павінна пачынацца сінтаксічная тэма, тэкст павінен выкарыстоўвацца на ўсіх этапах урока сінтаксісу — пры азнаямленні з новым вучэбным матэрыялам, пры замацаванні вывучанага, абагульненні, паглыбленні ведаў, уменняў і навыкаў, а таксама ў якасці дыдактычнага матэрыялу да хатняга задання. Прычым — тэксты розных тыпаў, стыляў і жанраў. Забяспечваючы тэкставую аснову навучання сінтаксісу, настаўнік арганізуе вучняў на выяўленне канкрэтнай моўнай з’явы з тэксту як яго кампанента і сродку стварэння. А гэта з’яўляецца асабліва важным для выпрацоўкі асобасных камунікатыўных уменняў і навыкаў.

Тэкставая аснова вывучэння сінтаксісу павінна стаць скразной пры вывучэнні сінтаксісу сродкамі як спецыяльных, так і агульнамоўных метадаў. Падбор апорных (ключавых) словазлучэнняў як кампанентаў тэксту (чужога і ствараемага) заснаваны на тэкставым асэнсаванні іх структуры, семантыкі і функцыі. Больш паспяховыя вынікі атрымаюцца, калі асэнсаванне сінтаксічных адзінак будзе пачынацца з загалоўка тэксту, з вызначэння сэнсава граматычнай ролі, якую выконвае ён у тэксце. Наступны этап — раскрыццё сувязі загалоўка з тэмай і зместам тэксту. Рэалізуюцца названыя этапы работы праз суб’ект-суб’ектныя суразмоўніцтвы “настаўнік — вучні”, “настаўнік — вучань”, “вучні — настаўнік”, “вучань — настаўнік”, у ходзе якіх устанаўліваюцца апорныя (ключавыя) словазлучэнні ў чужым тэксце і падбіраюцца апорныя (ключавыя) словазлучэнні для ствараемага тэксту. Выбраныя з тэксту і падабраныя для ствараемага тэксту словазлучэнні з’яўляюцца вынікам іх сэнсава-граматычнага асваення вучнямі як сінтаксічных адзінак і кампанентаў тэксту. Яны запісваюцца на дошцы і ў сшытках ці праецыруюцца на экран з дапамогай камп’ютэра, кадаскопа, эпіядыяскопа. Узор работы пакажам на прыкладзе наступнага тэксту.

Восень

Надышла залацістая восень. Стаіць яркі, сонечны дзень. Вераснёўскае паветра пахне свежасцю. Фарбы і адценні залатой восені пакідаюць незабыўнае ўражанне. У бары паветра насычана густым водарам верасу.(Родная прырода)

Апорныя (ключавыя) словазлучэнні: яркі, сонечны дзень; вераснёўскае паветра; пахне свежасцю; фарбы восені; незабыўнае ўражанне; паветра ў бары; насычана водарам.

Склад апорных (ключавых) словазлучэнняў залежыць ад тэмы, ідэі тэксту, ад загалоўка, паколькі апошні абумоўлены яго тэмай і ідэяй. Таму пры стварэнні ўласнага тэксту неабходна ўлічваць гэтую ўзаемасувязь, скіроўваць увагу вучняў на неабходнасць забеспячэння адпаведнасці падабраных словазлучэнняў разгорнутай у дэталях, часе і прасторы тэме, тыпу, стылю і жанру тэксту.

Падбор апорных (ключавых) граматычных асноў як метад навучання патрабуе выдзялення з тэксту такіх спалучэнняў дзейніка і выказніка, якія з’яўляюцца значымымі для раскрыцця тэмы, ідэі, аўтарскай канцэпцыі. Патрэбнасць у граматычных асновах сказаў для стварэння тэксту не вымяраецца іх колькасцю. Важна, каб вучні змаглі падабраць дастаткова значымыя граматычныя асновы як сродкі стварэння тэксту.

Падбор апорных (ключавых) сказаў забяспечваецца выяўленнем з гатовага тэксту ці падборам для ўласна ствараемага тэксту такіх сінтаксічных канструкцый, якія адпавядаюць тэме ўрока, тэме, ідэі, тыпу і стылю тэксту.

У адпаведнасці з патрабаваннямі агульнадыдактычнага прынцыпу паслядоўнасці ў навучанні падбіраюцца апорныя (ключавыя) сказы аднароднай структуры: напачатку двухсастаўныя, потым аднасастаўныя, простыя неразвітыя, развітыя без ускладнення і з ўскладненнем. І нарэшце — складаныя сказы розных тыпаў, але абавязкова аднатыпнай складанасці: складаназлучаныя, складаназалежныя, бяззлучнікавя складаныя сказы і складаныя сказы з рознымі відамі сувязі.

Бяруцца для гэтай мэты тэксты, якія маюць адпаведна тэме ўрока патрэбныя сінтаксічныя канструкцыі.

Тэксты з аднатыпнымі сказамі — рэдкая з’ява ў маўленні. Таму настаўнік выкарыстоўвае адаптаваныя ці спецыяльна створаныя, навучальныя тэксты.

Існуючую традыцыю вывучэння сінтаксічных тэм М.Г.Яленскі вызначае як маўленча-арыентаваную, паколькі засноўваецца яна на сінтаксісе сказа, які сам па сабе з’яўляецца камунікатыўнай адзінкай, ядром развіцця маўлення. Апорныя (ключавыя) словазлучэнні і апорныя (ключавыя) граматычныя асновы вучні ўспрымаюць як будаўнічы матэрыял сказа: структурыруюць з іх сказ ці разгортваюць у сказ.

Структураванне апорных (ключавых) словазлучэнняў у сказ як метад вывучэння сінтаксісу сказа засноўваецца на стварэнні з апорных (ключавых) словазлучэнняў як асноўнай сінтаксічнай адзінкі, якая служыць сродкам фарміравання, выражэння і паведамлення думкі.

Падбор апорных (ключавых) словазлучэнняў і граматычных асноў і іх структураванне і разгортванне ў сказы — першы этап вывучэння простага сказа на тэкставай аснове.

Сінтаксічны разбор як метад вывучэння сінтаксісу ставіць на мэце:

замацаванне ведаў вучняў пра словазлучэнне і сказ як асноўныя сінтаксічныя адзінкі з пункту гледжання структуры, семантыкі і функцыянальнага прызначэння;

удасканаленне сінтаксічнага ладу мовы вучняў як базавай асновы іх пунктуацыйнай граматнасці;

фарміраванне ўменняў выкарыстоўваць словазлучэнні і сказы як сродкі развіцця маўлення вучняў.

З’яўляючыся сродкам фарміравання практычных уменняў і навыкаў, сінтаксічны разбор шырока выкарыстоўваецца ў працэсе вывучэння ўсіх сінтаксічных адзінак — словазлучэння, сказаў і тэкстаў. Ён можа быць вусным і пісьмовым, частковым і поўным, навучальным і кантрольным, класным і хатнім.

У школьнай практыцы настаўнікамі звычайна выкарыстоўваецца методыка правядзення сінтаксічнага разбору словазлучэння, якая знайшла сваё адлюстраванне ў падручніках беларускай мовы. Ужываюцца пры гэтым наступныя графічныя абазначэнні:

галоўнае слова словазлучэння —х, залежнае слова словазлучэння —;

Сінтаксічныя канструкцыі — словазлучэнні— бяруцца з тэкстаў, якімі звычайна становяцца ўрыўкі з мастацкага твора, што вывучаецца на ўроках літаратуры.

Тэкставая аснова вывучэння сінтаксічнай з’явы, падбор апорных (ключавых) словазлучэнняў, падбор апорных (ключавых) сказаў, падбор апорных (ключавых) граматычных асноў, структураванне апорных (ключавых) словазлучэнняў, разгортванне граматычных асноў у сказы, структураванне апорных (ключавых) сказаў як сродкаў стварэння тэксту, сінтаксічны разбор словазлучэнняў, сказаў і тэкстаў як метады вывучэння сінтаксісу рэалізуюцца ў натуральных умовах маўлення — у суразмоўніцтве. Яны, гэтыя метады, складаюць аснову педагагічнай тэхналогіі вывучэння сінтаксісу, садзейнічаюць “пераўтварэнню” вучняў з аб’ектаў у суб’екты навучальнай дзейнасці: пад кіраўніцтвам настаўніка і разам з ім вырашаюць канкрэтную адукацыйную задачу ўрока, слухаюць, успрымаюць тэкст, уступаюць ў суразмоўніцтва, чытаюць, выказваюць меркаванне адносна сінтаксічнай з’явы і яе практычнага ўвядзення ў тэкст

ГЛАВА ІІ.Вывучэнне словазлучэння ў сярэдняй школе






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.