Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Нацыянальна-культурная палітыка ў БССР у 1920 –1930-х гг.






План:

1.Нацыянальная палітыка. Беларусізацыя.

2. Беларускае замежжа

3. Культурнае будаўніцтва

Значнай з’явай у нацыянальных адносінах у 20–30-я гады была палітыка беларусізацыі. Многія здабыткі гэтай палітыкі, яе станоўчы вопыт і трагічны лёс маюць і сёння вялікае значэнне для нацыянальна-культурнага развіцця Беларусі. Патрэбна адзначыць, што амаль да сярэдзіны 80-х гадоў афіцыйная гістарычная літаратура амаль нічога не гаварыла аб гэтай з’яве ў нацыянальным развіцці беларускага народа альбо трактавала адмоўна тэндэнцыі нацыянальнага адраджэння на Беларусі ў 20-я гады.

Разглядаючы перадумовы палітыкі беларусізацыі, неабходна мець на ўвазе асаблівасці нацыянальных адносін на Беларусі на пачатку 20-х гадоў і праблемы, якія існавалі ў гэтым пытанні.

Па-першае, ішоў працэс тэрытарыяльнага самавызначэння беларускага народа, беларускай нацыі. У 1920–1923 гг. тэрыторыя БССР уключала толькі 6 паветаў былой Мінскай губерні: Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі (з 1924 г. – Чэрвеньскі), Мазырскі, Мінскі, Слуцкі (усяго 52 402 км2, каля 1, 5 млн чалавек насельніцтва). Ужо ў верасні – лістападзе 1921 г. кіруючыя органы Беларусі ўзнімалі пытанне аб вяртанні БССР паветаў, у якіх большасць насельніцтва складалі беларусы.

3 сакавіка 1924 г. было заключана пагадненне паміж ЦВК РСФСР і ЦВК БССР аб перадачы (а лепш гаварыць – аб вяртанні) БССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў. У снежні 1926 г. Беларускай ССР былі вернуты яшчэ 2 паветы: Гомельскі і Рэчыцкі. У выніку тэрыторыя БССР склала 152 854 км2, а колькасць насельніцтва – 5 млн чалавек.

Па-другое, важна ўявіць асаблівасці нацыянальнага складу тагачаснага насельніцтва Беларусі. Паводле перапісу 1926 г., беларусы складалі 80, 6 %, яўрэі – 8, 2, рускія – 7, 7, палякі – 2, украінцы – 0, 7, латышы – 0, 3, літоўцы, немцы і татары – па 0, 1 %. Такім чынам, можна гаварыць аб нацыянальна-беларускім характары асноўнай масы насельніцтва Беларусі з улікам наяўнасці шматнацыянальнай меншасці, якая складала амаль пятую частку насельніцтва.

Трэба ўлічваць і тую акалічнасць, што беларусы ў асноўнай масе жылі ў вёсцы. Гарады былі населены значнай часткай рускіх, яўрэяў, якія складалі ў некаторых гарадах і мястэчках да 40–60 % жыхароў. Іншыя нацыянальныя меншасці жылі як у гарадах, так і ў вёсках даволі кампактнымі этнічнымі групамі. Такое рассяленне стварала пэўнае размежаванне паміж рускамоўным горадам і беларускамоўнай вёскай, што ўносіла спецыфіку ў моўную сітуацыю і патрабавала ўлічваць гэта ў нацыянальнай палітыцы.

Па-трэцяе, палітыка беларускага адраджэння ва ўмовах савецкай улады пачала ажыццяўляцца раней афіцыйна абвешчанай беларусізацыі перш за ўсё намаганнямі дзеячаў нацыянальна-дэмакратычнага руху. У снежні 1920 г. загадчык беларускага аддзела Наркамата асветы П. Ільючонак звярнуўся да кіраўніцтва Кампартыі Беларусі з запіскай, у якой абгрунтаваў неабходнасць пераводу навучання ў школах на беларускую мову, а таксама арганізацыі школ для нацыянальных меншасцей. Гэта ініцыятыва была падтрымана.

У пачатку 1921 г. у Камісарыяце земляробства, які ўзначальваў У. Ігнатоўскі, для супрацоўнікаў былі арганізаваны курсы па вывучэнні беларускай мовы і ўсё справаводства пераведзена на беларускую мову. Па ініцыятыве А. Бурбіса ажыццяўлялася беларусізацыя ў Наркамаце замежных спраў.

Такім чынам, намаганнямі вядомых дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння закладваліся асновы нацыянальнай палітыкі, якая пазней была аформлена як дзяржаўная палітыка беларусізацыі.

Варта зазначыць, што на пачатку 20-х гадоў савецкія органы і Кампартыя рэспублікі як кіруючая сіла палітычнай сістэмы даволі рэалістычна вызначалі праблемы нацыянальнага адраджэння беларускай нацыі. У распрацоўцы палітычнай лініі па гэтым пытанні прыкметнае месца належыць VII з’езду КП(б) Беларусі (красавік 1923 г.), на якім з дакладам “Нацыянальныя моманты ў дзяржаўным і партыйным будаўніцтве” выступіў старшыня ЦВК і СНК БССР А. Чарвякоў. У чэрвені 1923 г. прынята пастанова Пленума ЦБ КП(б) Беларусі, у якой даволі дакладна быў намечаны комплекс практычных мерапрыемстваў па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі: гаспадарчае адраджэнне краю, тэрытарыяльнае самавызначэнне беларускага народа, развіццё беларускай мовы і пашырэнне сферы яе ўжывання, развіццё нацыянальнай культуры і павышэнне культурнага ўзроўню насельніцтва, вылучэнне і выхаванне кадраў партыйнага, дзяржаўнага і іншага апарату з карэннага насельніцтва, прыцягненне да актыўнага ўдзелу ў нацыянальным адраджэнні дэмакратычных элементаў.

Аб’ектыўны падыход да гісторыі патрабуе прызнаць, што КП(б) Беларусі на працягу 1923–1925 гг. надавала значную ўвагу нацыянальнай палітыцы. На Пленуме ЦБ КП(б)Б у чэрвені 1924 г. разглядалася пытанне аб праграме правядзення нацыянальнай палітыкі ў Беларусі; у 1925 г. пытанні нацыянальнай палітыкі разглядаліся на пленумах ЦК КП(б)Б у студзені, маі, кастрычніку; у рэзалюцыі апошняга быў вызначаны раздзел “Беларусізацыя”. У кастрычніку 1926 г. абмеркавана пытанне “Аб ходзе ажыццяўлення ў рэспубліцы нацыянальнай палітыкі”. Аднак сярод кіраўніцтва рэспублікі былі і праціўнікі беларусізацыі, што стварала цяжкасці.

Пачатак палітыкі беларусізацыі варта аднесці да чэрвеня 1924 г., калі сесія ЦВК БССР прыняла пастанову аб утварэнні спецыяльнай камісіі на чале з А. Хацкевічам па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі. Такія ж камісіі ўтвараліся і пры акруговых выканаўчых камітэтах.

З сярэдзіны 1923 г. і да сярэдзіны 1924 г. працэс беларусізацыі прайшоў першую фазу, на працягу якой вялася ў асноўным яе палітычная і ідэалагічная падрыхтоўка. Была разгорнута тлумачальная работа сярод насельніцтва аб неабходнасці і сэнсе беларусізацыі, распрацаваны погляды на змест гэтай палітыкі, прымаліся дырэктыўныя дакументы, пастановы. Лета 1924 г. і прыкладна да 1928 г. – час актыўнай практычнай рэалізацыі вызначаных напрамкаў дзейнасці ў палітыцы беларусізацыі.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа праведзена ў 1926–1929 гг. пасля таго, як адбылося вяртанне БССР значнай часткі этнічна беларускіх зямель. У складзе БССР губерні, паветы, воласці былі ліквідаваны і замест іх утвораны акругі, раёны і сельсаветы, прычым значна змяняліся межы адміністрацыйных адзінак. У аснову новаўтварэнняў пакладзены нацыянальны прынцып. З улікам інтарэсаў і патрабаванняў нацыянальных меншасцей (карыстанне роднай мовай, захаванне здабыткаў нацыянальнай культуры, звычаяў і г.д.) у месцах іх кампактнага пражывання ўтвараліся нацыянальныя Саветы. У 1928 г. налічвалася 23 яўрэйскія, 19 польскіх, 16 рускіх, 5 латышскіх, 2 украінскія і 2 нямецкія Саветы. У 1932 г. быў утвораны нацыянальны (польскі) раён з цэнтрам у Дзяржынску. Палітыка беларусізацыі не азначала прыніжэння ці ўшчамлення правоў і інтарэсаў нацыянальных меншасцей.

Адным з напрамкаў нацыянальнай палітыкі з’яўлялася беларусізацыя дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый, якая мела на мэце вывучэнне супрацоўнікамі беларускай мовы і перавод на яе справаводства. Усім дзяржаўным і грамадскім установам, а таксама прадпрыемствам і кааператыўным аб’яднанням былі ўстаноўлены канкрэтныя тэрміны пераводу іх працы на беларускую мову. У 1927 г. беларускай мовай валодалі ў цэнтральных дзяржаўных установах 80 % служачых, у акруговых і раённых установах – каля 70 %. Асноўныя рэспубліканскія дакументы выдаваліся на беларускай мове, а таксама на адной з трох іншых моў: рускай, польскай і яўрэйскай.

У ходзе беларусізацыі вырашалася задача больш актыўнага вылучэння на кіруючыя пасады прадстаўнікоў карэннага (не толькі беларускага) насельніцтва. У выніку за 1926–1927 гг. сярод кіраўнікоў акруговага і раённага ўзроўню ўдзельная вага беларусаў павялічылася з 30, 3 да 46 %, гарсаветаў – з 43, 8 да 45 %. У складзе сельскіх Саветаў колькасць беларусаў была 90 %.

Палітыка беларусізацыі закранула і войска. У 1923–1925 гг. праводзілася ваенная рэформа. Камплектаванне войск Чырвонай Арміі пачало базіравацца на тэрытарыяльным прынцыпе ў спалучэнні з кадравым. Ваенная рэформа прадугледжвала аднаўленне нацыянальных тэрытарыяльных часцей і злучэнняў.

Для падрыхтоўкі сярэдняга каманднага саставу была ўтворана Аб’яднаная беларуская вайсковая школа імя ЦВК БССР.

Палітыка беларусізацыі закранула і ўнутранае жыццё войска. Усе асноўныя навучальныя дапаможнікі (статуты, падручнікі) былі выданы на беларускай мове.

Тэрытарыяльныя фарміраванні БВА існавалі да 1935–1938 гг., пасля былі скасаваны.

Важным напрамкам беларусізацыі з’яўлялася нацыянальна-культурнае будаўніцтва. Калі ў 1921 г. беларускія школы складалі 1, 5 % ад агульнага ліку школ на Беларусі, то ў 1931 г. – 83, 5 %. У 1930 г. 76, 6 % студэнтаў вышэйшай школы рэспублікі былі беларусамі, выкладанне больш за 80 % вучэбных дысцыплін вялося на беларускай мове.

У Беларускай акадэміі навук працавалі нацыянальныя сектары – яўрэйскі, польскі, латышскі, а таксама Камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі, сектар масавай работы і краязнаўства. Сярод навуковых супрацоўнікаў акадэміі ў пачатку 30-х гадоў колькасць беларусаў складала 45 %.

Шмат што было зроблена ў напрамку беларусізацыі ў выдавецкай справе. У 1924 г. заснавана Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Апрача таго, працавалі выдавецтвы тэхнічнай літаратуры, вайсковай літаратуры і інш. У 1931 г. было выдадзена на беларускай мове 1069 назваў кніг. У перыядычным друку выходзіла 13 рэспубліканскіх газет, з іх 6 – на мовах нацыянальных меншасцей, 64 – раённыя і гарадскія газеты, 30 часопісаў.

Значных поспехаў у гады правядзення палітыкі беларусізацыі дасягнулі беларуская літаратура, нацыянальны беларускі тэатр, музыка, жывапіс.

Разглядаючы палітыку беларусізацыі ў 20-я гады, важна адзначыць, што яе ход меў пэўныя супярэчнасці і цяжкасці. З аднаго боку, гэта недаацэнка нацыянальных асаблівасцей Беларусі ў першую чаргу рускімі чыноўнікамі, якіх нямала было ў гаспадарчым і дзяржаўным апараце. Яны разглядалі беларусізацыю як гвалтоўнае насаджэнне беларушчыны, усялякім чынам перашкаджалі яе ажыццяўленню. Такую ж пазіцыю займалі і некаторыя прадстаўнікі іншых нацыянальных меншасцей, асабліва яўрэйства, у асяроддзі якога назіраліся праявы сіянізму.

З другога боку, мелі месца спробы фарсіраваць тэмпы беларусізацыі без уліку аб’ектыўных умоў. Нярэдка ва ўстановах складаліся спісы супрацоўнікаў, якія былі абавязаны ў кароткі тэрмін вывучыць беларускую мову, да таго ж заахвочваліся “сустрэчныя планы”, калі гэтыя тэрміны яшчэ больш скарачаліся. Не заўсёды існавалі ўмовы для вывучэння беларускай мовы – не хапала выкладчыкаў, падручнікаў. Здараліся выпадкі звальнення з пасады за невалоданне беларускай мовай. Усё гэта выклікала незадаволенасць пэўнай часткі насельніцтва, садзейнічала ажыўленню антыбеларускіх настрояў, кампраметавала сутнасць палітыкі беларусізацыі.

Але, нягледзячы на супярэчнасці, цяжкасці і недахопы, палітыка беларусізацыі з’явілася практычнай спробай ва ўмовах савецкай улады ажыццявіць беларускае нацыянальнае адраджэнне. Да яе істотных станоўчых вынікаў у 20-я гады можна аднесці пэўную дэмакратызацыю грамадскага жыцця, калі нацыянальны момант, нацыянальныя пытанні прывялі да аб’яднання даволі разнастайных палітычных сіл. Кампартыя (бальшавікоў) Беларусі рабіла пэўныя крокі да супрацоўніцтва з больш шырокімі нацыянальнымі коламі. Аб прычынах згортвання палітыкі беларусізацыі ў канцы 20 – пачатку 30-х гадоў будзе сказана ў параграфе, прысвечаным палітычным рэпрэсіям.

 

§ 2. Беларускае замежжа

Неад’емнай састаўной часткай беларускага народа неабходна разглядаць беларусаў, што апынуліся ў выніку палітычнай, ідэалагічнай і ваеннай барацьбы за межамі Беларусі. У ходзе і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. з Беларусі эмігрыравала каля 122 тыс. чалавек (усяго з былой Расійскай імперыі – каля 2 млн чал.). Частка гэтай хвалі эмігрантаў рушыла на Усход – у Маньчжурыю і ў Кітай, але асноўная маса накіравалася на Захад – у Фінляндыю, Прыбалтыку, Германію, Францыю, Чэхаславакію, ЗША.

Да заканчэння вайны з Польшчай і грамадзянскай вайны на Беларусі ў Еўропе дзейнічалі дыпламатычныя прадстаўніцтвы, місіі і консульствы БНР, у прыватнасці ў Латвіі, Эстоніі, Літве, Фінляндыі, Турцыі, Балгарыі, Германіі і іншых месцах. У Прыбалтыцы знаходзіліся і некаторыя вайсковыя фарміраванні БНР. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора яны апынуліся ў эміграцыі. Эмігрыравалі таксама кіраўнікі дзяржаўных устаноў БНР – члены прэзідыума Рады, урада БНР і дзеячы некаторых партыйных цэнтраў. Галоўнай палітычнай сілай эміграцыі з’яўлялася партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Дзейнасць гэтай хвалі эміграцыі была найбольш актыўнай да 1923–1924 гг.

У першыя гады эміграцыі ўстановы БНР і большасць нацыянальных беларускіх партый адмоўна ставіліся да савецкай улады, што ўсталявалася на Беларусі. Не выключалі яны і падрыхтоўку ўзброенага паўстання, якое павінна было, на іх думку, адбыцца як на тэрыторыі БССР, так і ў Заходняй Беларусі з мэтай аб’яднання пад эгідай БНР абедзвюх частак Беларусі. Гэта ідэя вылілася ў палітычны лозунг: “У барацьбе за нацыянальную дзяржаўнасць і свабоду – ні з Масквою, ні з Варшаваю! ”, што адлюстроўвала эсэраўскую ідэю аб “трэцім шляху” Беларусі.

З Літвы ўрадам БНР рыхтавалася спроба ўзняць паўстанне ў Заходняй Беларусі і ў БССР. Улетку 1921 г. з гэтай мэтай быў утвораны Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт (ЦБПК). Аднак да паўстання справа не дайшла. ЦБПК арганізаваў партызанскі рух. Супраць яго барацьбу вялі часці асобага прызначэння (ЧАП).

У верасні 1921 г. у Празе ўрад БНР склікаў Беларускую нацыянальна-палітычную карферэнцыю. Яна прыняла заяву аб салідарнасці са Слуцкім паўстаннем, супраць падзелу Беларусі паводле Рыжскага дагавора, пацвердзіла паўнамоцтвы органаў БНР, заклікала аб’яднаць вакол іх усе цэнтры беларускай эміграцыі.

Знаходзячыся на чужбіне, беларуская эміграцыя стварала свае эмігранцкія цэнтры і культурныя арганізацыі. У Латвіі былі створаны беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Бацькаўшчына”, беларускі клуб, курсы беларусазнаўства, выдаваўся часопіс “На чужыне” і г.д. З 1934 г. амаль усе арганізацыі беларускіх эмігрантаў у Латвіі былі забаронены.

У Празе, Берліне, Рыме, Бруселі, Варшаве і іншых месцах дзейнічала аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, выдаваўся свой “Бюллетень”. У ЗША узніклі два цэнтры беларускай эміграцыі – у Нью-Йорку і Чыкага. У Нью-Йорку з 1921 г. дзейнічалі Беларускі нацыянальны камітэт і Камітэт дапамогі рабочым і сялянам Заходняй Беларусі, у Чыкага – Беларуска-амерыканскі нацыянальны саюз і Беларуска-амерыканскі клуб.

Беларускі эмігранцкі рух быў неаднародны, уплыў на яго аказвалі з’явы грамадска-палітычнага жыцця, якія адбываліся ў БССР. Вядомыя грамадскія дзеячы БССР А. Чарвякоў, У. Ігнатоўскі, З. Жылуновіч і іншыя ў пачатку 20-х гадоў падтрымлівалі сувязі з левымі плынямі беларускай эміграцыі, мелі кантакты з вядучымі яе дзеячамі. Урад БССР зыходзіў з таго, што магчыма аб’яднаць усе дэмакратычныя элементы беларускай палітычнай эміграцыі на падставе адраджэння беларускай нацыі ва ўмовах савецкай улады.

Значнай з’явай у жыцці беларускага замежжа з’явілася ІІ Беларуская нацыянальная нарада, скліканая ўрадам БНР у Берліне ў кастрычніку 1925 г. Яна прыняла рашэнне спыніць барацьбу супраць савецкай улады, прызнаць, што БССР як палітычная рэчаіснасць стала цэнтрам кансалідацыі беларускага народа і адраджэння яго самабытнай культуры. Пасля нарады амаль увесь эмігранцкі ўрад БНР вярнуўся ў БССР. Многія з былых праціўнікаў савецкай улады атрымалі адпаведную іх адукацыі працу, галоўным чынам у галіне культуры, адукацыі, навукі. З іх імёнамі былі звязаны значныя поспехі палітыкі беларусіхацыі.

Пасля 1925 г. палітычная дзейнасць беларускага замежжа прыкметна згортвалася, заставалася ў асноўным культурна-асветная работа. Тлумачылася гэта шматлікімі прычынамі, у тым ліку стабілізацыяй міжнароднага становішча, цяжкім маральным і матэрыяльным становішчам эмігрантаў і інш.

Тыя, хто застаўся ў Празе, утварылі эмігранцкі цэнтр – Раду БНР, якую ўзначальваў П. Крачэўскі, пасля яго смерці, у 1928–1943 гг., – В. Захарка. Да 1970 г. Раду БНР узначальваў М. Абрамчык, да 1982 г. – В. Жук-Грышкевіч. Цяпер на чале Рады – доктар Я. Сажыч, у яе складзе каля 120 чалавек. Урад БНР пасля 1925 г. узначальвае прэзідэнт Рады.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.