Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Уводзіны






Ш 94

Рэцэнзенты:

У.В. Гніламёдаў, акадэмік, дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь;

М.В. Хаўстовіч, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ

 

 

Штэйнер І.Ф.

Ш 94 Польскамоўная літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: Вучэбны дапаможнік / І.Ф.Штэйнер. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2004. – 183 с.

ISBN 985-08-0202-2

 

Аналізуецца польскамоўная спадчына пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, якія нарадзіліся і пісалі на Беларусі. Галоўная ўвага ўдзяляецца вызначэнню ідэйна-эстэтычных вартасцей найбольш значных твораў з пункту гледжання іх жанравай адметнасці – балады, гераічнай паэмы, песні, гавэнды, навелы, санета, прытчы etc.

Для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў.

 

 

ISBN 985-08-0202-2

© Штэйнер І.Ф., 2004.

© УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2004

Уводзіны

Доўгі час развіццё айчыннай навукі аб літаратуры стрымлівала штучнае, часцей за ўсё ідэалагізаванае ўспрыняцце беларускай літаратуры як спалучэнне тэкстаў на старабеларускай, стараславянскай і ўласна беларускай мове, што не толькі выразна абядняла ўяўленне пра нацыянальнае пісьменства старажытнага і новага перыяду, але і вяла да таго, што з гісторыі літаратуры па сутнасці выпадалі цэлыя літаратурныя напрамкі і жанры, не гаворачы ўжо пра паасобныя творы майстроў слова.

У значнай ступені падобныя адносіны характарызавалі і гісторыю беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя, хаця тут за апошнія тры дзесяцігоддзі назіраліся выразныя змены, якія прымусілі разглядаць у межах першай спадчыну Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, У.Сыракомлі, В.Каратынскага не толькі таму, што там сустракаюцца творы на беларускай мове, але перш за ўсё таму, што ў іх польскамоўных творах яскрава ўвасоблены космас беларуса на гэтай зямлі. Як і ў спадчыне А.Міцкевіча, Т.Зана, Ю.Корсака, А.Грот-Спасоўскага, Т.Лада-Заблоцкага, братоў Гжымалоўскіх etc. Ці не таму, дзякуючы нястомнай працы А.Мальдзіса, В.Каваленкі, Г.Кісялёва, Ул.Мархеля, М.Хаўстовіча, замест ранейшых азначэнняў “спадчына польска-беларускіх пісьменнікаў”, “польская літаратура Беларусі” сталі выкарыстоўваць паняцце “польскамоўная літаратура Беларусі”. Наступіў час разглядваць літаратуру ХІХ стагоддзя як полілінгвістычную, куды варта ўключыць творы, напісаныя на Беларусі і пра Беларусь не толькі на беларускай, але і польскай, і рускай і іншых мовах. Ізаляваных нацыянальных літаратур не існуе, усе яны звязаны або агульнасцю свайго паходжання, або аналогіямі сваёй эвалюцыі, або наяўнасцю існуючых паміж імі непасрэдных адносін і ўзаемаўплываў, або дзвюма ці трыма ўмовамі адначасова. Як сцвярджаў акадэмік В.Каваленка, “у гісторыі многіх народаў на адпаведным этапе ўзнікалі моманты, калі мова не выступала галоўным крытэрыем прыналежнасці да нацыянальнай літаратуры”[1]. Працэс мастацка-літаратурнай дзейнасці звязаны з псіхалогіяй творчасці, з праяўленнем у ім эстэтычнага і этычнага, ідэалагічнага і псіхалагічнага, нацыянальнага і агульначалавечага, што знаходзіць сваё адлюстраванне ў мове твораў, у выбары моўных сродкаў, што з’яўляюцца першаэлементамі кожнага мастацкага вобраза. У літаратурным творы іншанацыянальны элемент выступае як элемент мастацкай формы, іншанацыянальнай культуры, сродак яе ўвасаблення, пагэтаму ў дадзеным выпадку гаворка ідзе не толькі пра двухмоўную, але і бікультурную сітуацыі. Кожны народ валодае спецыфічнымі, гістарычна абумоўленымі самабытнымі элементамі духоўнай культуры, фальклора, рэліквій старажытнага светаўспрымання, а таксама адметнасцю вобразна-мастацкага мыслення, эстэтычнага і экспрэсіўнага ўспрыняцця рэчаіснасці, якія адлюстроўваюцца ў мове і мастацкай літаратуры.

Гісторыя польскамоўнай кніжнасці на Беларусі мае шматвекавыя традыцыі, праз яе выяўляліся адметныя рысы бытавання беларусаў, іхні менталітэт: “У творчасці пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, якія паходзілі з Беларусі і пісалі на польскай мове, літаратурна міфалагізуюцца воблік беларускага краю і лепшыя рысы характару беларуса, што становіцца пачаткам новай нацыянальнай духоўнасці”[2].

Згаданы ўжо А.Яскевіч пісаў пра Ул.Сыракомлю: “Мы доўгі час называлі “вясковага лірніка” або польскім, або беларуска-польскім паэтам, унутрана, аднак, усведамляючы ва ўсім глыбока беларускі характар ягонай творчасці. Муза Ул.Сыракомлі, толькі па нацыянальнаму няшчасцю вымушаная пераважным чынам выступаць у польскамоўнай абалонцы, мела ўсе падставы называць сябе беларускай. Як адзначылі яшчэ сучаснікі, у яго паэзіі жыве не толькі беларускі дух, але глыбока нацыянальны, народны, уся фальклорна-этнічная аснова, увесь лад мовы, ідыёмы, сінтаксіс, сам тып мыслення паэта”[3].

Па сутнасці гэтыя словы можна аднесці да характарыстыкі творчай спадчыны амаль кожнага з паэтаў ХІХ ст., бо ў канцэптуальнай акрэсленасці беларуская нацыянальная ідэя адраджалася і фарміравалася на тэрыторыі Беларусі перш за ўсё ў рэчышчы польскамоўнай культуры. Польская мова ў дадзеным выпадку толькі абалонка выказвання, выкліканая забаронай роднай мовы, якая да таго ж яшчэ не канчаткова выкрышталізавалася з вуснай, каб служыць сродкам паэтычнага выказвання. Варта таму пагадзіцца з самым аўтарытэтным цяперашнім даследчыкам спадчыны польска-беларускіх пісьменнікаў У.Мархелем, які столькі зрабіў дзеля вяртання “расы нябёсаў на зямлю тутэйшую”: “Творы, якія былі напісаны па-польску аўтарамі, этна-генетычна звязанымі з Беларуссю, уваходзяць у гісторыю беларускай літаратуры як яе польскамоўная плынь”[4]. Гэта ж тычыцца і рускамоўнай спадчыны ўраджэнцаў Беларусі, сярод якіх у першую чаргу трэба назваць працы П.Шпілеўскага і А.Кіркора.

У прапануемай дапаможніку мы паспрабавалі яшчэ раз глянуць на іншамоўную спадчыну Беларусі ХІХ ст., але на гэты раз праз прызму аднаго з самых доказных крытэрыяў – жанравага. Менавіта таму творы згаданых пісьменнікаў будуць прачытаны як балады, празаічныя балады, прытчы, казкі, гавэнды і гутаркі, песні, санеты, мемуары, навуковыя працы і г.д. Як вядома, літаратурны жанр не ўзнікае адвольна ці механічна ў выніку запазычання з іншых літаратур. Яго зараджэнне абумоўлена перш за ўсё канкрэтнымі гісторыка-літаратурнымі фактарамі. Вывучэнне генезісу жанра, як правіла, адлюстроўвае найбольш важныя асаблівасці гістарычнага развіцця літаратуры, бо, як лічыць Д.Д.Благой, “у паслядоўным узнікненні, развіцці, панаванні тых ці іншых жанраў, у іх змене, барацьбе наглядна раскрываецца, з аднаго боку, карціна руху літаратуры як такой, а з другога боку – цесная сувязь літаратурнага працэсу з рухам і развіццём жыцця грамадства”[5]. Зразумела, мы не маглі ахапіць усе творы азначаных жанраў, асноўная ўвага была звернута на аналіз найбольш даступных сённяшняму чытачу твораў, а таксама тых з апошніх, што вывучаюцца ў ВНУ і школе. На карысць гэтаму і словы А.Яскевіча: “Новы, ва ўсім паскораны час, у які прыходзілася ствараць нацыянальную літаратуру ХІХ стагоддзя, ўжо не патрабаваў сінтэзу нацыянальнай вусна-паэтычнай творчасці ў героікаэпічных зводах, аналагічных “Давіду Сасунскаму”, “Калевале”, “Манасу” або нават пераходным формам “народнай кнігі”, як гэта назіраецца ў “Ціле Уленшпігелю” бельгійцаў або “Робін Гудзе” брытанцаў, хаця спробы стварэння на аснове вусных фальклорных паданняў і казак менавіта “народнай кнігі” мы яшчэ бачым у “Шляхціца Завальні” Я.Баршчэўскага, якая па-свойму змагла б на ўзроўні прадстаўляць і гэтым жанрам нашую традыцыю, калі б абставіны дазволілі б аўтару выдаць сваё дзіцятка ў задуманым аб’ёме. Але галоўнае, што дазвалялі і патрабавалі ўмовы паскоранасці, гэта, адрадзіўшы шляхам збіральніцтва і апісаныя цікавасць да фальклору і на першапачатковым этапе амаль цалкам падтрымліваючыся яго эстэтыкі, каб перанесці самасць нацыянальнага мыслення і нацыянальнай стылістыкі ў прафесійнае мастацтва, якое нараджаецца, ствараць ужо літаратурны эпас, што і ўяўлялі сабой балады-апавяданні Я.Чачота, “гавэнды” Ул.Сыракомлі, амаль уся паэтычная творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, асабліва паэмы “Люцынка, або Шведы на Літве”, “Славяне ў ХІХ стагоддзі” і інш”[6]. Якраз падобны працэс мы і спрабавалі асвятліць у прапануемай кнізе.

 

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.