Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Sprawiedliwy sądy boźe!






Przeź nie tylko czł owiek moź e

Doznać w trudnoś ciach pociechy.

Не меней жахлівай уяўляецца балада “Pocпaч” Яна Баршчэўскага з яе дакладнымі, амаль фактаграфічнымі апісаннямі страшэнага чараўніка з ягонай перакручанай кнігай, кажанамі, д’ябламі і іншымі неабходнымі аксесуарамі. Але і ў такую пашчу ідзе чалавек, які вырашае заключыць дамову з нячысцікам. Што ж прымушае няшчаснага да гэтага: жаданне несмяротнасці, славы, пазнання сэнсу жыцця? Ды не. Усё намнога празаічней – хлопец прайграў свой маёнтак у карты і цяпер гатовы пайсці на саюз з д’яблам, абы той толькі дапамог яму ажаніцца з багатай дачкой ваяводы. Нячыстая сіла прымае ўмовы і баярын з чорным катом у руках, калоцячыся ад страху, ідзе на могілкі да каплічкі.

Страх баярына сціскае,

Ды з катом ідзе ў дарогу.

Лес густы дарога ніжа,

Жахі ўпотай шчэраць ляпы.

Кот глядзіць на рукі хіжа,

Свецяць вочы, як дзве лямпы.

Метэораў бліскавіцы

Нішчаць ценяў панаванне.

Вось цвінтар каля капліцы

І магільнае маўчанне.

Толькі й чуць, як вецер ніцы

Выгінае сук, як лук.

 

Тут баярын да капліцы

Падыйшоў і – грук, грук, грук.

Страшна – аж дрыжаць пашчэнкі,

Хтосьці дзверы адмыкае

І далонь дае з-за сценкі.

І ката бярэ й знікае.

Сеў баярын на каменне.

Навакол крыжы, магілы.

Ён чакае ў задуменні

Знакаў ад нячыстай сілы.

Дужка месячка худая.

Зоркі ходзяць самапасам.

Ён чакае ды гадае,

Што за дзіва гэткім часам? [127]

І там яму з’яўляецца Альдона, уся ў пекным убранні. Аднак гэта не дачка ваяводы, а здань, у якой не жэмчуг на шыі, а чарвякі, не косы буйныя, а змеі злыя. Перапалоханы баярын трапляе ў лапы зграі пачвараў.

– Альда, здані, быццам хмары,

на цвінтар найшлі ўначэла.

І адкуль яны, пачвары.

Наваколле ўсё ўнямела.

“Страх адкінь свой, не зашкодзяць,

Падарожжа ўночы мелі,

Да магілаў зноў прыходзяць

На вільготнай спаць пасцелі.

Хутка ўжо залямантуе

Певень, што імга ўцякае.

Мушу йсці ў краіну тую,

Дзе мой цесны дом чакае”.

Мовіла – й пачвараў зграя

Узгадала пра сняданне.

І баярын здаўся здані. (68)

Страхаццё вызначае паэтыку балады “Помста”. Позняй ноччу малады хлопец Кляйн вяртаецца дадому, які знаходзіцца на высокім узгорку за лесам. Раптам месячык хаваецца за хмарай і ў гэты момант з-за кургана вылазіць нейкі карла, які кідаецца на карак Кляйну і ўпіваецца ў цела. Спалоханы і змучаны хлопец ваюе з нячысцікам, а ягоны дом блішчыць агнямі і грыміць музыкай – маладая жонка танцуе з казакамі. Доўгі час валэндаецца герой з пачварай і, нарэшце, знясілены, падае на парог свайго дома, які разам з гасцямі і жонкай правальваецца ў бездань.

У баладзе “Партрэт” апавядаецца пра падвыпіўшых афіцэраў, якія наладзілі стральбу па старажытным сармацкім партрэце. Раптам яны імгненна працверазелі – у старога воіна на карціне гневам заблішчэлі вочы, а рука пацягнулася да эфеса шаблі.

У стылі жахаў вытрымана і балада “Курганы”, якая крыху нагадвае “Вій” М.Гогаля. Зачны твора давалі традыцыйны. Апавядальнік трапляе ў адметную мясціну – на беразе рэчкі стаяць велізарныя курганы, над якімі ўзвышаецца касцёл. Ён і пытае, што гэта за насыпы, можа крыжацкія магілы, і ў адказ чуе займальную гісторыю. Нібыта тут некалі жыў нейкі чужаземец, які ніколі не быў у касцёле, бо, відаць, знаўся з нячыстай сілай. Пасля яго смерці, калі труну ўсё ж такі паставілі ў святыні, адзін суседскі юнак пахваліўся адрэзаць вус у нябожчыка. Але ў той час, калі хлопец збіраўся здзейсняць задуманае, злы чараўнік адкрывае вочы і ўстае з труны: З крыжам хлопец пасмялелы

Да мярца йдзе без супыну,

Адмыкае дамавіну –

Бачыць чорны труп згарэлы.

Вочы ўпалыя, як днішчы,

Сівыя тырчаць вусішчы.

 

Ён за вус, а здань рукою

Вус хапае ды вачамі

Зырыць, скрыгае зубамі,

І ўстае, і галавою

Круціць. Хлопец стаў, як хворы –

Дзверы ён забыў на хоры.

 

І на сходцы крыж узмашны

Ён паклаў; бяжыць нябожчык,

Зірк на крыж – і глухне пошчак,

Крыж асуджанаму страшны.

І жахлівае аблічча

Пасярод касцёла кліча…(71)

Спалоханы хлопец хаваецца на хоры, закрыўшы ход на сходах крыжам. Але навец заклікае ўсіх пахаваных у курганах устаць, узяць свае труны і ісці на штурм хораў. У страшэнным месяцовым ззянні напаўзгнілыя шкілеты са зброяй у касцях ідуць на кліч. Але нячыстая сіла не змагла парадзіць са святым крыжам і захапіць перапужанага, ссівелага хлопца. І да гэтага часу ўсе са страхам згадваюць страшэнную бойку з крыжакамі.

Змоўк стары. Найшла сутонне.

І зірнуў на курганы я,

І згадаў часы былыя,

Загадаў запрэгчы коні.

Едзьма! Час вячорны можа

Залагодзіць падарожжа (73)

Няма сумненняў, што большасць з гэтых твораў мела літаратурнае паходжанне. Іншыя ж балады звязаны з беларускай фальклорнай традыцыяй. Як і “Дзве бярозы”, bаlada z podań gminnych, як называў яе аўтар. Да гэтага твора ён дабавіў заўвагу: “У Полацкім павеце ёсць возера Шэвіно, на ўзгорку ля якога стаяць дзве бярозы, якія людзі называюць “дзявочыя слёзы” і на якіх на свята Купалы мясцовыя дзяўчаты вешаюць вянкі з кветак “Іван ды Мар’я”. А змест твора не вельмі складаны, але надзвычай паэтычны. Мачыха выгнала Марылю ў лес, каб тая загінула ад голаду і роспачы. Каб падчарыца не знайшла дарогі назад, яна апаясала чарамі бор. Ясь ідзе на выручку каханай, але спазняецца і бачыць прыгожую бярозу, а потым чуе голас, што ў гэтай бярозе жыве душа Марылі. Раніцай пастух убачыў дзве бярозы, што абнялліся галінкамі, нібы каханкі:

Rozmaitoś cia dziwny ubioró w,

Tam przyrosł kwiatek niewielki,

Tę cza nań z nieba siedmia koloró w,

Dla ozdob zlala jasne kropelki.

Kaź dy tеn Kolor pieknie się pali,

Lubia go panny wplatać do wiankó w,

Jaś i Maryla – ludzie nazwali

Kwiat, imionami wiernych kochankó w.[128]

На аснове простанародных паданняў створана балада “Русалка – спакусніца”, у якой паведамляецца пра лясную панну, якая зводзіць сваёй прыгажосцю паніча, што вяртаецца недзе аж з пад Ноўгарада. Хлопец вязе сваёй каханай дары, ён імчыцца на сустрэчу да адзінай, таму і не звяртае ўвагі на некаторыя прыкметы будучага няшчасця – дарогу перабягаюць па чарзе заяц і ліс, конь палохаецца, пачынае храпці. Раптам ён бачыць дзяўчыну незямной прыгажосці, за якой пачынае пагоню. І нарэшце пазнае ў ёй сваю каханую, што пакінуў на радзіме і якой не быў верным да канца. Уражвае споведзь дзяўчыны, якая, каб убачыць каханага, звяртаецца да птушак:

“Гускі, гускі, – волю енку

Я давала са слязамі, –

Скіньце пёрак на сукенку,

Каб ляцець у вырай з вамі.”

Гусі ўчулі плач мой горкі,

Скінулі з-пад хмараў пёркі.

І абмылася слязамі,

І ўзвілася ў неба смела,

І крыло ў крыло з гусямі

Я на поўнач паляцела.

Бачыў зірк мой задуменны

Ноўгарад белакаменны.

 

Ластаўка там лёгкакрыла,

З белай грудкай, з чорнай спінкай,

Лётала – я й папрасіла

Ўбор пазычыць той хвілінкай.

І ў жалобе гэтай смела

Да цябе пад дах ляцела.

 

Мухай лётала ў пакоях

І яе – аж глухла ў гудзе –

Бачыла ў багатых строях.

Кленчыў, цалаваў ёй грудзі.

Кляўся ў вечнай ёй мілосці,

Я сканаць хацела ў злосці. (57-58)

Закаханая ператвараецца ізноў у русалку і кідае свой вырак: з гэтага часу паніч будзе вечна блукаць па лесе, даганяючы лясную панну.

Цалкам у рамантычным стылі вытрымана і “Зарослае возера, балада з народных паданняў”, пра якую мы падрабязней пагаворым ніжэй.

Паэтыка балады была надзвычай блізкай душэўнаму стану паэта. Вось як ён згадвае пецярбургскі перыяд жыцця: “Пасля змяркання заўсёды застаюся дома, пішу балады для альманаха. Цяпер у Пецярбурзе сама той час, які найбольш мне падабаецца: дні цёмныя, вятры выюць каля мураў, хвалі вырываюцца з каналаў, гарматы страляюць, палохаючы гаражан, а я, седзячы за столікам у чатырох сценах, мрою аб зданях, чараўніцах і шатанах. Словам, каб хто зазірнуў у маю галаву, дык убачыў бы там страшэнныя жахі. Аднак не заўсёды гэтыя чорныя думкі ў маіх мроях. Яны толькі для балад” (28). Не ўсе тагачасныя крытыкі ацанілі высока баладыстыку Яна Баршчэўскага. Некаторыя нават заяўлялі, што лепш ён проста перадаў бы змест народных паданняў, пакладзеных у аснову твораў. Аднак у творчай эвалюцыі пісьменніка зварот да гэтай улюбёнай рамантычнай формы пакінуў значны след. “Балады, – сцвярджаў Р.Падбярэскі, паслужылі яму, каб ажывіць фантазію, ён сам гаворыць, што калі б не пісаў балады, то не пісаў бы і прозы”[129].

Баладная проза. Вельмі лёгка заўважыць выразныя сюжэтныя, структурныя, вобразна-выяўленчыя аналогіі паміж баладамі і навеламі Я.баршчэўскага. Адно і тое ж народнае паданне стала асновай “балады з гмінных паданняў” (“Зарослае возера”) і апавядання “Рыбак Родзька” з падзагалоўкам “У ціхім балоце чэрці водзяцца”. Першы твор цалкам адпавядае ўсім канонам рамантычнай балады. У глухую сіверную ноч у карчме над возерам гуляе мясцовы люд. У самы разгар вяселля ўлятае рыбак, які просіць выцягнуць невад са здабычай.

Снег ішоў, зорка згасла пры зорцы,

Вецер і цемра густая,

Возера ўнізе, вёска на горцы,

Люд у карчме ўжо гуляе.

 

Шум за сталом, кожны куфаль трымае,

Хто каго хоча частуе;

Тут у дуду дзьме музыка, іграе,

Моладзь ахвотна танцуе.

 

Смех у натоўпе і плясканне ў ладкі,

Весела ўсюды народу;

Раптам рыбак, снег атросшы з апраткі,

Стаў і гаворыць ля ўходу:

 

“Брацця, спачніце ад скокаў хвіль колькі,

Рыбы на ловах замнога,

Скача з-пад лёду, і ў невадзе столькі,

Што трэба будзе падмога”.

 

Тут як зароў хтось: “Ой, страта якая! ” –

Потым на печы заахаў;

Раптам пачавара на двор вылятае,

Людзям падкінуўшы страхаў. (75)

Аднак невад прыйшоў пустым. Ноччу злы дух, які вызваліў рыбу, скінуўшыся суседам, просіць у рыбака вазок. Атрымаўшы жаданае, ён за ноч перавёз усю рыбу ў іншае возера і ў знак падзякі пакінуў на вазку велізарнага шчупака. Возера з таго часу зарасло.

У апавяданні “Рыбак Родзька” галоўны герой у самую глухую поўнач просіць люд з карчмы выцягнуць невад. Але нейкая пачвара перагнала людзей і парэзала сетку. “Было гэта на каляды, калі сяляне – жыхары блізкіх ваколіц – сабраліся ў карчму на ігрышча, бо ў нашых краях гэтыя збавы адбываліся даўней, у шчаслівейшыя часы, як я яшчэ памятаю, штовечар аж да свята Трох каралёў.

Дык вось, калі ўжо самая поўнач, неба зацягнула хмарамі і вецер павяваў з поля, у карчме грала музыка, моладзь спявала ды скакала, а старыя пры кілішку за сталом апавядалі пра розныя здарэнні: каму што ўспаміналася. Тут заходзіць рыбак, увесь зацярушаны снегам, а крыссё і рукавы зусім уледзянелі.

– Браточкі, кідайма скокі і спевы, – кажа, гайда на возера, гэтулькі ляшчоў трапіла ў невад, што выцягнуць не дамо рады. Усім, як дапаможаце, аддзячым.

Ледзь ён гэта сказаў, як нехта на печы ў цёмным кутку заенчыў вусцішным голасам:

– Ах! Ах! Як шкада!

І тут страшная пачвара вылецела за дзверы; спалохаліся ўсе бяседнікі; адны, молячыся, пайшлі купкамі ў адну дарогу па хатах, другія ж з рыбаком выправіліся хутка на возера. Але прыйшлі позна, бо шатан ужо зрабіў сваё: выцягнулі невад, як нажом парэзаны, а рыбы – ані кату”(147). Усе людзі збіраюцца ранкам асвяціць невад і з божай дапамогай працягнуць ловы, але злы дух у вобразе суседа падыходзіць да рыбака і ўсё адбываецца абсалютна так, як і ў папярэднім выпадку, толькі на вазку застаецца не шчупак, а велізарны лешч.

Творы пераклікаюцца не толькі сюжэтна. Апавяданне цалкам вытрымана ў традыцыях рамантычнай балады: класічны зачын (дзеянне адбываецца ў карчме, улюбёным месцы дзеяння славянскіх балад, у поўнач, у страшэннае надвор’е і на таямнічым возеры), імклівае развіццё дзеяння, з’яўленне дэманалагічных персанажаў, што ўплываюць на лёс чалавека, рэзкае завяршэнне канфлікту, традыцыйны фінал (месца, дзе адбываюцца несамавітыя здарэнні, заўсёды становіцца заклятым або нячыстым. Людзі абыходзяць гэтыя азёры, якія паступова зарастаюць і ператвараюцца ў балоты). Падобных паралеляў “балада-навела” ў творчасці Яна аршчэўскага можна правесці вельмі многа (напрыклад, балада “Курганы” і дзесяткі вядомых празаічных паданняў пра мерцвякоў, што даставалі хлопца з хораў царквы), як і ў гісторыі беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ ст. (Ян Чачот, К.Каганец, З.Бядуля). Невыпадкова празаічныя жанры аказалі больш значны ўплыў на станаўленне багушэвічавай балады, чым традыцыі ўласна народнай і літаратурнай. (Тут дарэчы згадаць словы Р.Падбярэскага, што дапамагаюць зразумець сутнасць гэтага працэсу: “Як у баладах ён імкнуўся паказаць пачуццёвы бок паэзіі народа, так у апавяданнях – яго творчасць і нібыта філасафічнасць паняццяў пра быт, авеяны ягонай фантазіяй”.)

Аднак балады Яна Баршчэўскага маюць не толькі згаданае значэнне. Творы на аснове беларускага фальклору, якія былі шырока папулярнымі на тэрыторыі краю, сталіся адметным “уступам да таго паэтычнага вобраза Беларусі, які аўтар вырашыў развіць у больш буйным маштабе” (Р.Падбярэскі). Зачараваны незвычайнай паэтычнасцю беларускай фантастыкі, Я.Баршчэўскі стварыў своеасаблівы помнік старажытнай міфалогіі і дэманалогіі, рэліквіі якіх да гэтага часу захаваліся ў памяці і светапоглядзе беларусаў. Зборнік “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” найлепшым чынам адлюстраваў рамантызм паэта, яго схільнасць да фальклорна-міфалагічнай формы. У той жа час зборнік адыграў значную ролю ў станаўленні беларускага рамантызму, які, відавочна, арыентаваўся на рэшткі міфалагічнага светаўспрымання. “Шляхціц Завальня…” прасякнуты духам рамантызму, важным састаўным элементам якога становіцца фантастыка, што абумоўлена імкненнем паэта паказаць родны край таямнічым і загадкавым, напоўненым неразгаданымі тайнамі. Таму невыпадкова, што асновай некаторых апавяданняў зборніка становяцца баладныя сюжэты. Характар выкарыстання народнай фантастыкі, асноўных вобразаў народнай дэманалогіі ў гэтых творах настолькі блізкі да паэтыкі традыцыйнай рамантычнай балады, што шэраг апавяданняў можна назваць своеасаблівымі баладамі ў прозе. (Як вядома, некаторыя паэты спрабавалі пісаць балады на народныя сюжэты рытмізаванай прозай, напрыклад, Л.Баравікоўскі на Украіне.) Тут, як і ў баладах, фантастычныя персанажы народнай міфалогіі становяцца актыўнымі “дзеючымі асобамі” многіх апавяданняў зборніка. У апавяданні “Белая сарока” самымі папулярнымі фігурамі беларускай дэманалогіі з’яўляюцца нячысцік ці чорт, знешні выгляд якіх поўнасцю адпавядае народным уяўленням. Шырока распаўсюджаны баладны сюжэт аб саюзе з нячыстай сілай становіцца асновай апавядання “Аб чарнакніжніку і змею, які вылупіўся з яйка пеўня” і “Карона вужа”. Знамянальна, што, распрацоўваючы гэтыя сюжэты, паэт па-новаму трактуе матывы традыцыйнай згоды. Калі пан з “Чарнакніжніка” сам удзельнічае ў махінацыях і прадае ўласную душу за багацце і грошы, то герой апавядання “Карона вужа” -- няшчасны лоўчы, вымушаны заключыць саюз з нячыстай сілай, баючыся гневу свайго ўладальніка. (Падобны прыём раскрыцця рэальных сацыяльных і чалавечых адносін з дапамогай фантастыкі ў будучым стане адным з вядучых прыёмаў беларускай баладыстыкі.) Знамянальна, што Ян Баршчэўскі, па-майстэрску выкарыстоўваючы элементы алегорыі і сатыры, фальклорна-міфалагічную вобразнасць, паэтызуе “перажыткі старажытнага светаўспрымання ў свядомасці беларусаў” (А.Багдановіч), і гэта дазваляе яму стварыць сімвалічны вобраз Беларусі. Ян Баршчэўскі творча выкарыстоўвае вобразна-выяўленчыя сродкі фальклору, што надае яго апавяданням глыбока своеасаблівы нацыянальны каларыт. Гэты прыём адлюстравання алегарычнага вобраза Беларусі з дапамогай міфалагічных элементаў таксама становіцца адным з найбольш распаўсюджаных у беларускай баладыстыцы пачатку ХХ стагоддзя.

У свой час, абгрунтоўваючы раманную канцэпцыю “Новай зямлі”, А.Адамовіч назваў яе “паэтычным вярхоўем беларускай прозы”. Ён жа сцвярджаў, што “пры сваім зараджэнні беларуская проза не магла абмінуць паэтычных жанраў. Беларуская проза рабіла свае першыя крокі, абапіраючыся на вопыт паэзіі, яе формы, шырока выкарыстоўваючы паэтычную стылістыку, паэтычную трансфармацыю фальклору. Па сутнасці ў беларускай традыцыі паэзія пракладала шлях прозе, паэма не толькі пракладала шлях раману, але і брала на сябе яго функцыі, пакуль жанр празаічнага рамана не склаўся”[130].

Трэба яшчэ згадаць, што рамантыкі даволі часта свядома пагарджалі формаю. Яны сцвярджалі, што сутнасць паэзіі не ў форме, не сутнасці літаратурнага жанру. Сістэма вершаскладання лічылася не самай галоўнай умовай паэзіі, і тым самым рамантыкі імкнуліся да сінкрэтызму жанраў, да размыўкі граняў паміж рознымі родамі літаратуры, нягледзячы ўжо на жанры. Сціранне адрозненняў паміж прозаю і вершам, сінкрэтызм жанраў сталіся адным з эстэтычных пастулатаў рамантызму.

Не менш выразныя паралелі можна правесці паміж баладай і прозай. Паколькі жанравай дамінантай першай з’яўляецца самае разнастайнае спалучэнне родавых пачаткаў, то яна мае мажлівасць вельмі цесна ўзаемадзейнічаць з іншымі жанрамі: роднаснымі і не вельмі. Мы ўжо згадвалі, што падчас даволі цяжка адрозніць баладу ад раманса, вершаванага апавядання, маленькай драматызаванай паэмкі: “Баладу нярэдка адзначаюць шляхам параўнання яе з іншымі жанрамі: то як маленькую ліраэпічную паэму, то як моцна драматызаваную вершаваную навэлю”[131]. У сілу такой рухавасці, пагранічнасці балада магла запазычваць найбольш яркія вобразна-выяўленчыя сродкі і мастацка-стылявыя прыёмы сумежных жанраў без асаблівай шкоды для ўнутрыжанравай чысціні (у адваротным выпадку яна перастане быць баладай) і ў сваю чаргу моцна ўплываць на іх структуру і паэтыку. Невыпадкова вядомы даследчык украінскіх народных балад П.Лінтур лічыў, што адзін і той жа тэкст можна назваць баладай, навелістычнай былінай, гістарычнай ці разбойніцкай песняй. Зразумела, што падобны працэс асабліва характэрны для літаратур, дзе доўгі час панаваў жанравы сінкрэтызм.

Узаемадзеянне беларускай балады з прозай пачынаецца з этапаў яе зараджэння. Менавіта балада стаяла ля вытокаў беларускай прозы. Сведчаннем таму згадкі аднаго з пачынальнікаў, аўтара першых балад і навел Яна Баршчэўскага: “Некаторыя з гэтых успамінаў я прыгадаў у баладах, гэта быў мой самотны напеў. Балады былі пачаткам таго, пра што я меў намер сказаць падрабязней. Гэта ў чалавечай натуры – ад песні пераходзіць да апавядання пра тое, што нас найбольш займае”.[132]

Яшчэ больш выразна падкрэслівае напрамак падобнага працэсу адзін з першых беларускіх крытыкаў Р.Падбярэскі ў даследаванні “Беларусь і Ян Баршчэўскі”: “Але нашай тэмы “Niezabudka” датычыцца толькі баладамі, якія маюць значэнне паданняў. Гэта значэнне … выразней выявіцца пасля ўсіх беларускіх апавяданняў. З’яўляюцца яны нібы ўступам да таго паэтычнага вобраза беларусі, які аўтар наважыўся развіць у большым сумеры. Яны вынікалі з натуральнага настрою розуму, які прадчувае адраджэнне новых формаў паэзіі пасля доўгага класічнага зняволення, калі ўвесь свет зрабіў паварот ад старых формаў…”.[133]

Праўда, некаторыя даследчыкі лічылі, што ў Яна Баршчэўскага не вельмі магутны талент інтэрпрэтатара той вялікай паэзіі, што схавана ў народных першаўзорах, таму яму нават рэкамендавалі перадаваць змест народных твораў проза. Па сутнасці, гэта было заклікам не да звычайнай апрацоўкі народнай паэзіі,, а да тварэння ў яе духу, што толькі і можа прывесці да сапраўднага поспеху.

Крыху раней падобны шлях прайшоў і славуты англійскі раманіст Вальтэр Скот. Яго станаўленне, як і станаўленне большасці тагачасных англійскіх і нямецкіх пісьменнікаў, а яшчэ згадаем і А.С.Пушкіна, адбывалася пад уплывам балад з “Помнікаў старажытнай англійскай паэзіі” Т.Персі і кнігі-містыфзкацыі “Паэмы Асіяна” Макферсана. В.Скот, як і ў свой час малады Гётэ, амаль дзесяць гадоў жыцця прысвяціў збору народных балад Памежнага краю. А таму не дзіўна, што ў стылі “Песняў шатландскай мяжы” і загучалі яго першыя ўласныя балады (напрыклад, “Гленфілас”, “Смальгольмскі барон”), паэмы-бестселеры.

Паэт імкнуўся максімальна перадаць народны погляд на гісторыю, складанасць, непрадказальнасць гістарычных падзей, напоўніць творы элементамі фантастычнасці, таямнічасці, дзіўных прадказанняў і знаменняў, не зразумелай да канца сімволікі. Публікуючы балады Шатландыі, В.Скот заўважыў, што яны пры звычайным запісе шмат губляюць. Як адзначае Д.Урноў, “сіла народных песняў заключаецца сапраўды ў духу тых мясцін, дзе яны былі створаны, таму, каб зафіксаваць іх першародную сілу, мастак-крэатар, паэт-майстра павінен змяніць іх, ствараючы абставіны, аднаўляючы згубленае пры пераносе на паперу адных толькі слоў. Слоў народнага спевака недастаткова, патрабуецца разам з песняй ператварыць яго самога і нават усіх, хто знаходзіцца ля яго, калі аўтар хоча, каб чытачы падзялілі з ім тое адчуванне, якое ён зведаў там, на месцы”.[134] Падобнае апісанне рэальнага месца дзеяння з шумам вятроў, хорам галасоў акругі і вяло да першых гістарычных раманаў. Зразумеўшы, што пальма першынства ў паэзіі будзе заўсёды належаць Байрану, В.Скот свядома выбірае прозу, дзе не мае сапраўдных супернікаў. Аднак яго душа назаўсёды застанецца з баладай. Паэтыка апошняй у выключнай ступені будзе ўплываць на змест і структуру практычна ўсіх яго гістарычных раманаў. Фрагменты з найбольш значных баладных твораў стануць эпіграфамі да пэўных раздзелаў, а самыя яскравыя будуць уключаны непасрэдна ў тэкст.

Падобная эвалюцыя – заканамерная для пісьменнікаў, у аснове празаічных твораў якіх заўсёды вылучаюцца незвычайныя, таямнічыя, загадкавыя, адным словам, баладныя падзеі, героі якіх – людзі незвычайныя, гордыя, узнёслыя. Бо баладны гістарызм – незвычайны. “Балада не мае абавязковай эстэтычнай устаноўкі на гістарычную канкрэтнасць і фактычную вызначанасць, на адлюстраванне непаўторных гістарычных эпізодаў, выпадкаў, падзей. Наадварот, стыхія балады – паўтаральныя калізіі народнага жыцця, што сталі бытам, часта зусім пазбаўленыя больш ці менш абмежаваных часавых прыкмет”.[135] Менавіта такі гістарызм уласцівы прозе В.Скота і многім яго паслядоўнікам. Як згадваў вялікі майстар балады І.-В.Гётэ, чытачу гэтых раманаў свядома прапаноўвалі выдумку, але выдумку асаблівую, чарадзейную, здольную прымусіць забыць выдуманае. Гэта было магчыма дзякуючы вялікай змястоўнасці ўсяго апавядання, а таксама некаторым прынцыпам баладнай паэтыкі.

Баладу з эпасам аб’ядноўвае апавядальнасць, падзейнасць, наяўнасць выразнага сюжэта. Разам з тым яна валодае велізарнай сілай абагуленасці. Баладнай паэтыцы, утаймаванай жорсткімі межамі, супрацьпаказана апісальнасць, згубная для жанру. Іменна таму на працягу стагоддзяў яна выпрацавала асаблівае ўменне адной дэталлю, эпітэтам, метафарай звяртацца да пачуццяў, асацыяцый чытача. І гэты працэс пачаўся амаль са станаўленнем літаратуры.

У сваю чаргу баладная проза ўплывала на баладу. У якасці прыкладу звернемся да літаратурнай містыфікацыі пачаткуХІХ ст. У 1827 г. у Парыжы з’явілася кніга “Гюзла”, у якую ўвайшлі 29 празаічных балад. Схаваўшыся пад псеўданімам, П.Мерымэ назваў яе зборнікам сербскага фальклору. Містыфікацыя ўдалася. Нават Пушкін і Міцкевіч паверылі, што перад імі шэдэўры славянскай паэзіі і пераклалі паасобныя з іх на родную мову. А.Мікевіч – баладу “Морлак у Венецыі”, А.Пушкін – 11 твораў са славутых “Песняў заходніх славян”. Сам П.Мерымэ быў блізкі Пушкіну як паэт-рамантык. Ультрарамантычныя густы французскага паэта ўплывалі, несумненна, на з’яўленне ў “Песнях”, якія былі ў асноўным песнямі гераічнымі ці звычаёвымі, вельмі моднай у той час тэмы вампірызму. Дарэчы, менавіта апошні баладны матыў стаў асновай яго навелы “Локіс”. І ў дадзеным выпадку аўтар, гаворачы як быццам аб Летуве, апавядае аб здарэнні, што адбылося ў дзікіх беларускіх лясах. Ствараючы неабходны мясцовы каларыт для “Гюзлы”, ён звяртаўся да брашуры аднаго французскага пасла або “Падарожжаў па Далмацыі” Форціса. Цяпер з той жа мэтай звярнуўся ён да “Пана Тадэвуша” і балады “Свіцязянка” А.Міцкевіча, заснаваных, як вядома, у значнай ступені на беларускім фальклоры. Невыпадкова, што ўласна летувіскага, акрамя загалоўнай прымаўкі, якую склаў сам аўтар, больш у навеле нічога няма. Літоўскі граф носіць імя Міхаіл Шэмет, служкі разумеюць толькі “па-польску і па-руску”, у вёсцы распаўсюджана кликушество, уяўленні пра русалку цалкам адпавядаюць традыцыйным беларускім народным запісам, як і матыў ваўкалацтва. Праўда, герой тут пераўтвараецца ў мядзведзя, але сюжэтна і асабліва сваёй атмасферай “Локіс” вельмі блізкі да балад-навел Яна Баршчэўскага. Неабходны каларыт твора надае балада А.Міцкевіча “Тры Будрысы”, якую прафесару чытае галоўная гераіня. Але найбольш блізкія адпаведныя фрагменты з навелы і паэмы: “Я вяду вас, пане прафесар, у пушчу, дзе яшчэ і дагэтуль квітнее звярынае валадарства, матачнік, вялікая маці, вялікая вытворня жывых істотаў. Так, паводле народных паданняў, ніхто яшчэ не заходзіў у гушчары, ніхто не дабіраўся да сярэдзіны гэтых лясоў і балотаў, акрамя паэтаў і ведзьмакоў, якім адкрытыя ўсе сцежкі. Там праўдзівая звярыная рэспубліка… ці, лепш сказаць, канстытуцыйнае кіраванне. Львы, мядзведзі, алені, зубры – нашы літоўскія бізоны – усе яны добра ладзяць між сабою. Найбольшай павагай карыстаецца мамант, які там яшчэ захавўся. Ён, напэўна, маршалак сойма. У іх вельмі суровая паліцыя, і калі сярод звяроў знаходзіцца нейкі злачынца, яны судзяць яго і выганяюць. Тады ён трапляе з агню ў полымя, бо вымушаны бадзяцца ў краіне людзей”.[136] Сярод шматстайных лірычных адступленняў у паэме “Пан Тадэвуш” можна сустрэць шматлікія апісанні чароўнай прыроды, дзе чэрці хаваюць свае скарбы, сівыя ведзьмы вараць вантробы грэшніка.

У мядзвежай глыбіні ніводзін паляўнічы

Не здабываў звяроў і ні адзін ляснічы,

Блукаючы па ўсіх кварталах баравіны,

Не пранікаў у глыб таемнай сэрцавіны

Спрадвечнай некранутасці…

За багнай азярын ніхто шчэ, мабыць, кроку

Ніколі не зрабіў, бо ад людскога зроку

Дазвання ўсё смугою і марывам туману

Спакон вякоў заслонена, пазасцілана.

Менавіта за гэтай смугою ляжыць абсяг зямлі – жыццядайны заказнік пушчанскага насельніцтва, скарбонка княства, дзе, як у Ноевым каўчэгу, жывуць усе віды жывёл і раслін:

У самым асяродку нетры, па паданні,

І дапатопны тур і зубр свае ўладанні

З мядзведзем у суседстве маюць, як магнаты, –

У кожнага свой двор, пасад, свае палаты.[137]

У гэтай дзяржаве рысь і расамаха служаць міністрамі, ваўкі, дзікі, ласі – васалы-стражнікі, арлы і сокалы – дазорцы. У “лясной сталіцы між звярамі пануе звычай жыць, як сябра між сябрамі”; звяры “і дзікія і свойскія – жывуць у згодзе, інстынктам раўнавагу цэнячы ў прыродзе”. Такім чынам, старажытныя народныя ўяўленні аб існаванні своеасаблівага царства жывёл і раслін у паэме і баладах, становяцца асновай балады празаічнай.

Баладная проза ўзнікла амаль адначасова з паэтычнай баладай. Прычым першая даволі часта ўспрымала і развівала традыцыі апошняй, падчас выкарыстоўваючы яе змест і паэтычныя вобразы, стылёва-выяўленчыя сродкі. Менавіта ўжо ў ХІХ стагоддзі згаданая форма становіцца папулярнай у еўрапейскай традыцыі (творы П.Мерымэ, Э.По, М.Гогаля, В.Гюго, В.Скота, М.Лермантава). Трэба дадаць, што ў гэты час вершаскладанне лічылася не самай галоўнай умовай, прыкметай паэзіі, таму рытміка, метрыка саступалі ідэі, што вяло да сінкрэтызму твораў, спалучэння асноўных родаў літаратуры ў межах адзінага твора.

Па сутнасці, мы бачым працэс з’яўлення баладнай прозы, а сама празаічная балада – гэта балада, пераказаная прозай. Менавіта таму рамантычная проза падобнага тыпу будзе шчодра і не баючыся запазычваць сюжэты і матывы, упершыню распрацаваныя баладыстыкай. Аднак для яе застанецца галоўным больш важнае і істотнае вызначальнае -–захаваць светабачанне апошняй, яе канцэпцыю адносін чалавека і сусвету, сцвердзіць трагічную і велічную супярэчлівасць жыцця, дзе чалавека чакаюць змрочныя выпрабаванні, пакуты, а нярэдка і смерць. Так, у рускай літаратуры проза развівалася пад уплывам балад В.А.Жукоўскага, асабліва трох яго перастварэнняў каралеўскага матыву Леноры (“Людмила”, “Светлана”, “Ольга”), калі сталі шырока выкарыстоўваюцца матывы містыцызму: з’яўленне нябожчыкаў, найбольш яскравых вобразаў дэманалогіі, адметны баладны антураж. Невыпадкова сам Жукоўскі В.А. баяўся празмернай экзальтацыі сваіх твораў, іх выразнага абмежавання змрочнымі матывамі. Вось што ён пісаў пасля перакладу балады Сауці: “Вчера родилась у меня еще баллада-приемыш, т.е. перевод с английского. Уж то-то черти, то-то гробы! Но это последняя в этом роде. Не думай, чтоб я на одних только чертях хотел ехать в потомство…”

Але як бы там ні было, фантастычнае стала стылеўтвараючай асновай рамантычнага мастацтва, адной з жанраваўтвараючых прыкмет балады – і паэтычнай, і празаічнай. Наяўнасць фантастыкі ў пэўнай ступені лучыць баладу з чарадзейнай казкай. Аднак баладная фантастыка заўсёды звязана з трагічным, трагедыйным. Герой часцей за ўсё памірае або жыве ў пакутах. У казцы ж заўсёды дабро перамагае, мёртвыя ажываюць, злачынствы і злачынцы пакараны, часцей за ўсё страшнаю смерцю. Менавіта таму, нягледзячы на падабенства дзівосна-фантастычнага ў баладзе і казцы, паэтыка першай усё ж такі бліжэй да паэтыкі неказачнай прозы (легенды, паданні, пра што мы ўжо згадвалі вышэй), у якой пра фантастычнае апавядаецца як пра цалкам рэальнае або, у горшым выпадку, верагоднае. Асабліва гэта звязана з матывам адплаты, які ўпершыню ўвялі ў вялікую літаратуру рамантыкі як пакаранне за злачынныя ўчынкі і несамавітыя паводзіны. Менавіта таму вельмі часта ў ролі караючай сілы выступаюць фантастычныя істоты (творы Э.По, М.Гогаля, А.А.Бестужава-Марлінскага). Праўда, Ян Баршчэўскі ў пачатку свайго славутага “Шляхціца” заяўляе: “Я не пераймаю формаў, якія любілі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія; лічу, што чужаземнае не будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі. Узяў я форму з самой прыроды” (81). Сірата штодзённа наракае на сваю нядолю, апавядае пра розныя пакуты, якія ён мусіў трымаць на гэтым свеце, і яго скаргі на працягу ўсяго жыцця зліваюцца ў адну аповесць… “Ці не таму ў апавяданнях Баршчэўскага і бачылася першае праяўленне духу беларускага простага народа, а сам ён “паўстае перад намі самым дасканалым выразнікам простанароднай фантастычнасці і звычаяў беларускага народа. Пачаў ён прозай пісаць аповесці: не магу табе перадаць сваё вялікае ўражанне. Усё там выканана па-майстэрску пад выглядам найвялікшай прастаты. Гэта не проста збіральнік народных паданняў… Дзівосны ў яго інстынкт у апрацоўцы паданняў, амаль нічога свайго не дадае, а ўсё – яго ўласнасць: голая казка не мела б аніякай вартасці, але ён аздабляе яе іншымі паданнямі, дасканала драматызуе, і раптам вырастае нешта суладнае, поўнае простанароднай праўды і самага сапраўднага жыцця”.[138]

Менавіта таму большасць апавяданняў са зборніка Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” варта прачытваць як адметныя балады ў прозе. Так, менавіта да гэтага жанру неабходна данесці і апавяданне першае “Пра чарнакніжніка і цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем”, якое найперш вылучаецца сваім адпаведным баладным антуражам. Згадаем апісанне выгляду чарнакніжніка:

“З’явіўся ў нашым маёнтку – невядома адкуль – нейкі дзіўны чалавек. І цяпер яшчэ памятаю аблічча, твар і адзенне яго: нізкі, худы, заўсёды бледны, вялізны нос, як дзюба драпежнай птушкі, густыя бровы, пагляд яго – як у чалавека ў роспачы ці вар’ята, апранахі яго – чорныя і нейкія дзіўныя, зусім не такія, як у нас носіць пан ці ксёндз; ніхто не ведаў, ці быў ён свецкі, ці манах які, з панам размаўляў на нейкай незразумелай мове” (95). Пасля адкрылася, што быў гэта чарнакніжнік, які вучыў пана рабіць золата і іншыя штукі ад нячысціка. Кажаны і нейкія чорныя птушкі, совы, што рагаталі і плакалі, жаба-рапуха з вогненымі позіркамі, што складаюць світу служкі чорных сілаў, або гісторыя прынясення ў ахвяру чорнага казла, а таксама даволі падрабязнае ўзнаўленне сцэны полтэргейста: “– Вось ён, – паведаміла ўстрывожаная Агапка. Змоўклі і, мовячы пацеры, чакалі, што будзе далей. Ля печы стаялі і гаршкі. Адзін з іх падлятае ўгору, падае на падлогу і рассыпаецца на дробныя чарапкі. Збан з квасам падскоквае на стол, а са стала кідаецца на зямлю і разлятаецца на друзачкі. Кот перапалохаўся, заіскрыліся вочы, і ён, пырхаючы, схаваўся пад лаваю. Рознае хатняе начынне пачало лятаць з кута ў кут. Дробныя, як град, каменьчыкі, вылятаючы з цёмных куткоў, адскоквалі ад сцен; і камяні па некалькі фунтаў выляталі з-за печы, аднак бацькі і дачка, заклікаючы на дапамогу Найсвяцейшую Маці, выбеглі за дзверы без усякае шкоды.

Сабралася ўся чэлядзь ды са страхам і здзіўленнем паглядалі на хату. З вакон і ад сцен ляцелі камяні рознай велічыні; ніхто туды і наблізіцца не адважыўся. Усе, стоячы, пазіралі на гэтую з’яву і не ведалі, што рабіць” (108).

Не менш баладным уяўляецца і з’яўленне цмока. Дзясяткі славянскіх балад апавядаюць пра каханне зямных жанчын з гэтымі таямнічымі ўладарамі неба. Аднак у беларускай традыцыі на першы план выходзіць маральны, а не эратычны аспект праблемы (хаця нячыстая сіла і ў выглядзе прыгожага хлопца спрабуе спакусіць Агапку), менавіта таму твор і завяршаецца не толькі гібеллю Парамона і Карпа, але і смерцю ягонай няшчаснай жонкі, а таксама асабістай трагедыяй падарожнага, каханне якога было так бязлітасна знішчана.

Баладай у прозе з’яўляецца апавяданне трэцяе – “Вужовая карона”, пятае – “Радзімы знак на вуснах”, згаданае ўжо вышэй – “Рыбак Родзька”, “Твардоўскі і вучань” і асабліва чацвёртае – “Ваўкалак”. Гэты твор з вялікага шэрагу паэтычных і празаічных балад аб пярэваратнях, у аснову якіх пакладзена павер’е аб ператварэнні чалавека ў звера пад уплывам страшэнных чараў, закляццяў і г.д., ягоных пакутах, імкненні да людзей і неадольным жаданні вярнуцца ў свой ранейшы выгляд. Апавяданне Яна Баршчэўскага мае выключна традыцыйную баладную будову – селянін Марка, якога ніхто ніколі не бачыў вясёлым, бо ўвесь час ён маркоціўся, апавядае пра сваю трагедыю, як яго, маладога хлопца, на вяселлі ягонай каханай, якую адабралі сілком, з дапамогай чараў ператвараюць у ваўка. Выпіўшы заклятай гарэлкі, ён адчуў, як рукі і твар пачынаюць абрастаць поўсцю, вочы загараюцца страшэнным агнём, а калі захацеў заплакаць над сваім няшчасцем – жахлівае выццё вырвалася з грудзей. З таго часу і блукаў ён па гарах і лясах у абліччы страшнага звера. Думкі і пачуцці ў яго засталіся чалавечымі, ён памятаў мінулае і не ведаў, ці будзе калі-небудзь канец гэтаму няшчасцю. А поруч з успамінамі і развагамі расла ў героя нянавісць да людзей, ахопленых блудам, несправядлівасцю, незычлівасцю да іншых. Ён вырашае помсціць усяму свету і выкрадае дачку Арцёма, нягоднага чалавека, што давёў Марку да такога стану. Але помста не цешыла сэрца, бо найболей супярэчыць рэлігіі і агідная Богу, прыніжае чалавечую годнасць да стану жывёлы. Зразумеўшы гэта, няшчасны Марка вырашае служыць людзям чым можа, і ўрэшце заслугоўвае збавенне. Амаль усе апавяданні Яна Баршчэўскага населены самымі незвычайнымі фантастычнымі персанажамі, якія вельмі любіць баладны сусвет. Так, у згаданай баладзе ў прозе “Ваўкалак” гэта прыгажуні русалкі, у якіх ператварыліся дзяўчаты, што трагічна загінулі, іх гульні, карагоды. У “Чарнакніжніку”, акрамя славутых пачвараў і зданяў, бестыяваных жывёлаў, гэта кот, які, “пырхаючы, скочыў ад дзвярэй, і натапырыўшыся, застых сярод хаты, свецячы неспакойным вокам” (109). Кот, варкочучы, можа апавядаць старыя дзіўныя гісторыі, ён можа іскрыць вачыма, або, як у апавяданні “Чараўнік ад прыроды і кот Варгін”, дзе кашэчы кароль можа сваім вуркатаннем пасяліць жамяру ў галаве, забіраць сілу ў чалавека, даводзячы яго нават да смерці. Баладнымі ўяўляюцца вера сялян з апавядання “Радзімы знак на вуснах” у тое, што ведзьма забірае малако ад кароў з суседніх вёсак (згадаем “Табакерку” Т.Зана), збівае прахожых са шляху, валэндаецца з нячыстай сілай. У атмасферу класічнага баладнага антуражу запрашае чытача пятае апавяданне “Радзімы знак на вуснах”. Перш за ўсё дзеянне адбываецца ў карчме, адметным месцы дзеяння многіх славянскіх балад. Маці галоўнай гераіні амаль адразу празываецца ведзьмай, бо яна з дапамогай белага ручніка можа даіць кароў з суседніх вёсак, а потым прадаваць у горадзе масла і сыры; блытаць падарожных у час вандровак; палохаць жыхароў выглядам велізарнага пеўня ў нямецкай вопратцы і капелюшы. Нячыстая сіла ў выглядзе карлы з велізарнай галавой дапамагае Праксэдзе калыхаць Варку, пакараць дудара Ахрэма, які ледзь выбіраецца з балота, спрыяе вяселлю гераіні, яна ж стварае пагоню на чорных конях, заглядвае ў вокны, дзе святкуюць людзі, уздымае буру, што разбурае карчму.

Надзвычай баладнай успрымаецца і барацьба нячыстай сілы з хрысціянскай, прычым апошняя традыцыйна перамагае – Праксэда звярнулася да Бога і ў рэшце рэшт змагла пазбавіцца сувязі з шатанам.

Своеасабліва ў баладнай традыцыі вырашаецца праблема ўзаемадзеяння чалавека з нячысцікам або шатанам, якому першы прадаў душу. Так, і ў баладным творы пра Чарнакніжніка, і “Вужовая карона”, і “Радзімы знак на вуснах, і “Валасы, якія крычаць на галаве”, і інш., як у “Свіцязі” А.Міцкевіча, Т.Зана, Я.Чачота, герой ідзе на падпісанне цырографа, але заўсёды прайграе ворагу чалавечаму.

Прадаюць свае душы героі апавяданняў “Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем”, “Вужовая карона”, “Вогненныя духі”, “Белая Сарока”. І на першых часах ім як быццам шанцуе, яны дабіваюцца рукі каханай, становяцца ўладальнікамі велізарных багаццяў, паспяховымі паляўнічымі, здабываюць павагу ў паноў і сяброў. Але гэта вельмі часовы поспех. Літаральна ўсе, хто пайшоў супраць сумлення і боскіх запаведзяў, альбо гінуць, альбо страчваюць усё здабытае несумленным шляхам, губляюць дарагіх сэрцу людзей і застаюцца ў вялікай нэндзе і самоце. Яны раскайваюцца і шкадуюць аб здзейсненым, але нічога зрабіць ужо не могуць. Узорам для аўтара з’яўляюцца людзі простыя, богабаязныя, якія найбольш дбаюць пра сваю несмяротную душу.

Ян Баршчэўскі за заслонаю цудаў і фантастыкі бачыць рэальныя падзеі. Таму, апавядаючы пра самыя незвычайныя здарэнні, ён паказвае, як на нашу зямлю прыходзіць зло, якое разбурае чалавечае ў чалавеку і знішчае ў рэшце рэшт яго самога. Так, да Карпа, героя першай балады, пачынае з’яўляцца нячыстая сіла – “ляцела тое страшыдла, з шумам рассыпаючы вакол сябе іскры, нібы распаленае жалеза пад молатам каваля, і над дахам Карпавае хаты распалася на дробныя частачкі”, – якая дапамагае былому лёкаю разбагацець, зрабіць дом, наняць парабкаў, гуляць у шынках, хваліцца сваім сяброўствам з панам, ажаніцца з самай прыгожай дзяўчынай у вёсцы. Па сутнасці, апавяданне “Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем”, як і некаторыя іншыя, нагадвае славутую прытчу пра чалавека і адзінарога. Ратуючыся ад апошняга, чалавек падае ў глыбокі роў, на дне якога знаходзіцца вогненны змей. Але ў апошнюю хвіліну чалавек зачапіўся за галінку дрэва. Аднекуль зверху падаюць кропелькі мёду, і чалавек, нягледзячы на тое, што карані дрэва падгрызаюць белая і чорная мышы, забывае пра цмока і спрабуе злавіць салодкія кропелькі. Тут у адзінарогу бачылася смерць, у мышах – ноч і дзень, якія адлічваюць жыццё чалавека, цмок – пекла, а кропелькі мёду – асалоды жыцця, за якімі так імкнецца чалавек, што забыўся пра тое, што яго чакае.

Насалоды жыцця збірае і Карпа, які стаўся сапраўдным панам: “валасы на галаве падстрыжаныя па-панску, на шыі ядвабная хустка, на нагах блішчастыя боты, вопратка з тонкага сукна (такая, якую пан часам апранае). Словам, калі б хто не ведаў, што Карпа наш брат, -- за паўвярсты яшчэ зняў бы шапку і пакланіўся. Калі прыйдзе на кірмаш або ў якога свята да арандара, дык у карчму заходзіць, узяўшыся ў бокі, чырвоная шапка набакір, галава задзёртая, і здаецца, што ўсе для яго нішто, жменяю грошы шпурляе на стол, кажа падаваць тое, што толькі яму заманецца, частуе ўсіх і смела крычыць, што пан яму, як брат родны, ні ў чым не адмовіць, і ён усё зробіць, што яму толькі захочацца”.

Здаецца, што збываюцца і мары Альберта з апавядання “Вогненныя духі”. Закахаўшыся ў Мальвіну, якая “нарадзілася і вырасла ў горадзе, ведала свет і згаджалася з агульнаю думкаю кабет, што сэрца можна аддаць таму, да каго міжволі цягнецца душа. Але руку – толькі таму, хто золатам і пашанаю абяцае жыццёвы дабрабыт” (183), ён у глыбокім смутку прыходзіць да роспачы і гатоў на ўсё, каб толькі задаволіць сваё пачуццё: “О! Калі ёсць злы дух, што абагачае людзей, які б дапамог мне хоць на кароткі час, я пакланіўся б яму цяпер” (184). Далей, у поўнай адпаведнасці з класічнымі традыцыямі, ён сустракае таго, каго шукае: “нехта сядзіць пад дрэвам на трухлявым пні, велізарнага росту, нос доўгі, востры, твар шчуплы, румяны, барада і валасы на галаве чырвонага колеру” (184). З дапамогай пачвары Альберт ідзе праз дзікія пушчы, дзе сустракае гадзюку з жоўтым хвастом, поіць яе крывёю, а потым здабывае вогненнага духа Нікітрона, які выконвае ўсе ягоныя пажаданні. Ці не з гэтага імгнення яго постаць і твар набылі дзіўную прыгажосць, у размовах Мальвіна заўважае незвычайны розум і дасціпнасць”, як сцвярджае аўтар. Але не знаходзіць герой жаданага шчасця. Бо д’ябал заўсёды за свае падарункі патрабуе платы.

І таму жыццё большасці з герояў, што прадалі сваю душу нячыстаму, ператвараецца ў сапраўднае пекла. Так, у новым доме Карпа і Агапкі пасялілася нячыстая сіла – да маладой чапляецца вогненны дух, злыя сілы разбіваюць посуд і кідаюцца камянямі, а потым урэшце спальваюць жытло цалкам. А цела Карпа, аб’едзенае груганамі, знайшлі на беразе возера. А ў хуткім часе згасла, як свечка, і сама Агапка.

Васіль, герой апавядання “Зухаватыя ўчынкі”, таксама больш сядзеў у карчме, чым у полі, бо ў працы яму ўжо не шанцавала. І нарэшце пайшоў шукаць скарбы ля Вужовага каменя і згінуў назаўсёды. Лоўчы Сямён з “Вужовай кароны” хацеў пазбавіцца д’ябальскага падарунку, але доўга-доўга не давалі яму спакою вужы, што з’яўляліся перад героем, не баючыся людзей. Белыя прывіды волатаў у дзіўных і страшных абліччах з’яўляліся перад Альбертам, у доме якога пасяліліся жахлівыя монстры: велізарныя стварэнні ў белым, вочы гарэлі як агонь, гангрэнавыя плямы палілі іх твары. Уначы да яго прыходзілі тыя самыя страшныя здані, якіх ён запрашаў да сябе з магіл і часта чуў дзіўныя воклічы не толькі сярод ночы, але і белым днём. Ад гэтага вечнага страху нейкі холад увайшоў у ягоныя грудзі і ад гэтага холаду ён урэшце сканаў. А Мальвіна знайшла сабе новага мужа і з’ехала ў свет. Ды і не толькі смерць Альберта павінна напалохаць чытача, само ягонае жыццё не менш страшэннае: “Распуста, якую піў поўнай чарай, зрабілася яму няўсмак, і ўсюды нечакана пачаў сустракаць невыносную горыч; трывога і смутак пасяліліся ў яго багатых салонах”. Пісьменнік дае гэтаму сваё рацыянальнае тлумачэнне – нельга знайсці шчасце ў здрадзе веры, бацькаўшчыне, Радзіме, сваім блізкім людзям, памяці продкаў і традыцыям. А людзі павінны жыць па законах Боскіх і чалавечых.

Падчас аўтар, як некалі Ян Чачот, завяршае свае творы неабходнай мараллю, як, напрыклад, у навеле “Зухаватыя учынкі”: “Вось да чаго даводзіць п’янства і зухаватасць бязбожная, – сказаў пан Завальня. – Меў добрага апекуна і паноў добрых. Трэба было заводзіць звады з Лесуном, шукаць заклятых скарбаў, вітацца на полі з вікорам, называць яго братам. Бачыш, Янка, які асцярожны мусіць быць маладзён. Заўсёды, перш чым рабіць, трэба падумаць” (121). Наогул, трэба адзначыць, што проза Яна Баршчэўскага шматузроўневая. І баладнае яе прачытанне – гэта толькі адзін скол. Аб мажлівасці яшчэ аднаго ўзроўню ўспрыняцця новай прозы мы пагаворым ніжэй.

Прытчавасць прозы. Такім чынам, адзін і той жа твор баладнага зместу мы можам прачытаць як звычайную казку пра страхоцце, прывіды, злых чараўнікоў, пярэваратняў, і з другога боку, як філасофскі трактат, які філасофскую прытчу, у якой не знойдзеш адказы на ўсе пытанні, але затое пытанні пастаўлены. Прычым пытанні кардынальныя. Якім патрэбна быць чалавеку на гэтым свеце, якім ідалам маліцца, якім ідэалам служыць. Філасофскі сэнс балады надзвычай неадназначны.І займальны сюжэт для яе не самае галоўнае, бо сам народны сюжэт часцей за ўсё ператвараецца ў глыбокі маральны сімвал асноўных законаў чалавечага існавання. Вось чаму вельмі многія творы баладнага зместу варта чытаць як прытчу.

Прытча або прыпавесць – адзін з найбольші старажытных відаў мастацтва, з’яўленне якога звязана з памкненнем людзей да маральнага самаўдасканалення, спазнання сакральных таямніц сусвету і чалавечай душы. Менавіта таму прыпавесць уяўляе сабой крышталізацыю этычных ведаў чалавецтва, выпрацаваных на працягу шматлікіх гадоў і стагоддзяў эвалюцыі. У прыпавесці гаворка ідзе традыцыйна пра падзеі са звычайнага жыцця, але разам з тым надаецца ім сэнс узвышаны і абагульнены. Менавіта прыпавесцю можа стаць практычна любое апавяданне, дзе можна знайсці назидательное толкование. Прытча фіксуе толькі тыя жыццёвыя з’явы, якія маюць агульназначны духоўнавартасны сэнс і могуць быць урокам і ўзорам паводзін для ўсіх людзей. Прыпавесць мадэлюе рэчаіснасць і чалавечыя адносіны ў абагульнена трансфармаванай форме. Героі прыпавесцей звычайна не маюць імёнаў, намаляваны схематычна і пазбаўлены характараў, бо галоўнае для жанру не ў тым, які чалавек у ёй паказаны, а які этычны выбар здзейсніў ён. І калі ў байцы ці ў ранніх баладах Я.Чачота і Т.Зана прысутнічае непасрэдна мараль-вывад, то спазнаць сэнс прыпавесці можна толькі ў выніку самастойнай інтэлектуальна-маральнай дзейнасці чытача. Яна стварае сітуацыю, і чалавек павінен знайсці з яе выхад. Сюжэт твора падпарадкаваны зададзенай аўтарскай ідэі, таму не так цікавы спосаб разгортвання дзеяння, як метафарычная глыбіня праблем, схаваных за ўчынкамі герояў. Ян Баршчэўскі быў глыбока веруючым чалавекам, менавіта таму ён у значнай ступені імкнуўся падпарадкаваць творчасць маральна-рэлігійнай форме свядомасці (у нечым ягоныя прыклады нагадваюць славутыя прытчы Ісуса Хрыста). Іменна сваімі пошукамі анталагічных праблем быцця, а таксама памкненнем пра самыя складаныя рэчы гаварыць так, каб гэта стала зразумелым для самых неадукаваных сялян. У свой час Хрыстос адказваў на пытанне, чаму ён гаворыць прытчамі, так: “Таму, што вам дадзена ведаць таямніцы Царства Нябеснага, а ім не дадзена; …дзеля таго прытчамі прамаўляю, што яны бачачы не бачаць, і чуючы не чуюць, і не разумеюць” (Мац. 13; 10-13).

У прыпавесці выхоўваецца ў людзях душэўная спагада, высакародныя пачуцці, асуджаюцца эгаізм, гардыня, адмоўныя рысы характару.

Прыпавесць заўсёды асуджае сквапнасць (прытча Хрыста “Пра багача, у якога быў вялікі ўраджай у полі”, дзе гаворыцца, што жыццё чалавека не залужыць ад “изобилия маёнтка”), жаданне здабыць сабе шчасце за кошт іншых, несумленнасць, зайздрасць, раскошу.

Здарылася так, што ў святле прытчы (беларускі варыянт прыпавесць) нават у звычайнай гісторыі “сокрыта мудрость, яко бы моць в драгом камени, и яко злато в земли, и ядро у во ареху” (Ф.Скарына). Пра гэта сведчыць і творчы вопыт вялікага Кірылы Тураўскага (“Повесть о слепце и хромце”), які велічальным словам разважаў аб суаднесенасці духоўнага і цялеснага, узвышанага і агіднага ў іх дыялектычным адмаўленні. З веку ў век у прытчы – жанры даўнім і аўтарытэтным – адлівалася і боская, і жыццёвая мудрасць, бо яе генезіс і эвалюцыя і абумоўлены векавым памкненнем людзей да маральнага самаўдасканалення, спасціжэння спрадвечных таямніц зямнога і нябеснага бытавання, а сама форма з’яўляецца адметным акумулятарам найбольш вартасных духоўных здабыткаў. Класічная прытча дае мажлівасць чалавечаму розуму шукаць падобнае паміж рэальным і абстрактным, што можна спасцігнуць пры дапамозе пачуцця і разам з тым са спрыяннем уяўленняў, бо яна мадэлюе рэчаіснасць і чалавечыя адносіны ў абагуленатрансфармаванай форме. У свой час наш першы тэарэтык літаратуры М.Гарэцкі, аўтар першага слоўніка літаратуразнаўчых тэрмінаў практычна не бачыў розніцы паміж прытчай і прыпавесцю, лічачы іх амаль што тоеснымі, бо іх з’яўленне лічыцца цалкам заканамерным. Гэта вынік, уласцівасць вобразна-выяўленчага мыслення, якое заўсёды імкнецца абстрагаваную думку прыземліць канкрэтным вобразам ці параўнаннем (адсюль грэчаская назва parabola). Падобная форма не мае маралі непасрэднай, як тая ж байка ці казка, а таму спасціжэнне яе сэнсу ажыццяўляецца ў выніку самастойнай інтэлектуальна-маральнай дзейнасці таго, хто слухае або чытае. Прытча фіксуе толькі тыя з’явы, якія маюць агульначалавечы сэнс і могуць стаць карыснымі для маральнага ўдасканалення ўсіх людзей. Класічная, адшліфаваная вякамі, а таму надзвычай абстрагаваная форма прытчы можа з патрэбамі часу выразна мяняцца. Так, для старажытных часоў, паводле слоў Ф.Бэкана, для найбольш ранніх плямёнаў была ўласцівая іншасказальная фігуральная мова, “ ибо в то время ум человеческий был еще груб и бессилен и почти неспособен воспринимать тонкости мысли, а видел лишь то, что непосредственно воспринимали чувства ”. Невыпадкова вялікі філосаф сцвярджаў: “Как иероглифы старше букв, так и параболы старше логических доказательств. Да и теперь тот, кто хочет в какой-нибудь области осветить людям что-то новое, и притом сделать это не грубо и труднодоступно, обязательно должен пойти по тому же самому пути и прибегнуть к помощи сравнений”. Якраз такі імператыў і пакладзены ў аснову многіх, як нам здаецца, наіўных гісторый. Аднак чамусьці ў агульным кантэксце яны пачынаюць губляць свой уяўны прымітывізм, сваю забаўляльнасць і становяцца сапраўднымі вехамі, ля якіх эвалюцыянуе светапогляд пісьменніка і літаратуры ў цэлым. Звычайныя ці не вельмі гісторыі, як і апавяданні Хрыста пра мытара, злое і добрае семя, лоўлю рыбы, вырастаючы з рэальнасці, набываюць выключна агульначалавечы сэнс. Тым самым сцвярджаецца apriori шматвяковая ісціна пра тое, што прытчай пры пэўных абставінах можа стаць і казка, і прымаўка, і дакладнае выказванне, і параўнанне, невыпадкова і славутыя “Прытчы Саламона” ўяўляюць сабой не што-небудзь іншае, як універсальны афарызм, які лёгка развіць з дапамогай дэталяў нават у раман, тым болей у рамантычную навелу, што і характэрна ў значнай ступені для “Шляхціца Завальні” Яна Баршчэўскага. Сапраўды, шэраг твораў беларускага Гофмана варта лічыць не толькі баладамі ў прозе, але і прытчамі ў адпаведным разуменні слова (у якім яе ўспрымаў згаданы Кірыла Тураўскі). Так, у адрозненне ад класічных першаўзораў, творы вялікага златавуста былі падзелены на шэраг невялічкіх, свабодных у кампазіцыйным плане структурных частак, з якіх кожная мела шматаспектную алегарычна-сімвалічную інтэрпрэтацыю. Вось чаму, выкарыстоўваючы буддыйскую версію шырокавядомай парабалы ў якасці вобразнай асновы, ён вырашае агульналюдскую праблему аб суадносінах матэрыяльнага і духоўнага, нябеснага і зямнога ў самім чалавеку і яго зямным бытаванні. Сутнасную экзістэнцыю дадзенай форме надае не сам чалавек, які становіцца яе героем, а маральны выбар, зроблены ім. Пэўную абмежаванасць апошняму надае і той факт, што Ян Баршчэўскі, як і яго папярэднік-затворнік, глыбока веруючая асоба, менавіта таму так блізкія яму евангельскія прытчы з іх магутным маральна-этычным пафасам, у поўнай адпаведнасці з якімі мастак і асуджае рэзка і непрымальна памкненні да багацця, пачуццёвых радасцей, славы, атаясамліваючы іх з грахом, парушэннем звыклых маральных асноў. Дзеля сцвярджэння адвечных ідэалаў вельмі часта ён праводзіць своеасаблівы маральны эксперымент, паказваючы даволі наглядна і вобразна, як адмова ад хрысціянскіх запаветаў, асноў патрыятызму і любові да людзей прыводзіць чалавека альбо да фізічнай гібелі, або, што не менш страшэнна ў яго ўяўленні, страты душы.

Зварот Яна Баршчэўскага да прытчы, старажытных прытчавых і народных дыдактычных сюжэтаў, парабалічная будова большасці ягоных твораў характэрны для спадчыны аўтара практычна ўсіх асноўных этапаў ягонага жыцця. Прытча як дыдактычна-алегарычны жанр была надзвычай блізкай мастацка-эстэтычнай арыентацыі Л.М.Талстога, яго памкненням да духоўнага настаўніцтва. У літаратуры ХІХ ст., адной з вызначальных прыкмет якой быў яркі дыдактычна-гуманістычны пафас, Ян Баршчэўскі стаў найбольш яркім ягоным выразнікам. Ён у сваёй творчасці ў значнай ступені прапаведаваў ідэі маральнага самаўдасканалення, заклікаючы кожнага знайсці ў гэтым існаванні маральныя апоры, сэнс і мэтазгоднасць.

Дыдактызм твораў Яна Баршчэўскага вынікаў з памкнення знішчыць разрыў паміж высокім прызначэннем чалавека і рэальнасцю, ідэалам маральнасці і практычнай этыкай людзей. Менавіта таму ён у значнай ступені будзе ўспрымацца як настаўнік, але яго пропаведзі будуць намнога больш складаныя і па-мастацку дасканалыя, чым лёгка зразумелыя павучанні Ментара (Яна Чачота).

Ян Баршчэўскі лічыць, што мастацтва павінна быць у першую чаргу павучальным, карысным, а пісьменнік павінен садзейнічаць маральнаму ўдасканаленню людзей. Яно павінна быць карысным для душы, абараняць чалавека ад спакус рэальнага жыцця або ілюзіі знайсці ў гэтым свеце нейкую адвечную ісціну і разумны сэнс, забываючы пра вечныя запаветы. У старажытныя часы менавіта падобная літаратура была вызначальнай, бо дзякуючы сваёй лаканічнасці і дасканаласці стала ўвасабленнем духоўных пошукаў чалавецтва на шляху гарманізацыі жыцця, пераадоленні зла, набыцця веры і сэнсу быцця чалавечага.

Па сутнасці, Ян Баршчэўскі даволі часта выкарыстоўвае элементы прытчы або яе самую як устаўны кампанент у структуры мастацкага твора, што дапамагае больш яскрава, наглядна і пераканаўча сцвердзіць аўтарскую думку і ягоныя ўяўленні (метафарычная ілюстрацыя, як устаўныя гісторыі “пра жабу-рапуху – вартаўніка” з апавядання пра чарнакніжніка, слуп-віхор, “Камень Зміёвы” ў “Зухаватых учынках”, гадзюку, што страціла свой яд (“Вужовая карона”), асташоў і д’яблаў (“Рыбак Родзька”), Плачка і Сын Буры (“Сляпы Працішак”) і г.д. Разам з тым амаль усе творы філасофскага гучання будуюцца ў адпаведнасці з паэтычнымі канонамі прытчавай формы. Так, агульная схема многіх апавяданняў Яна Баршчэўскага нагадвае трохчасткавыя хрысціянскія легенды. Першы яе кампанент – грэх, учынены ў адпаведнасці з тымі ці іншымі абставінамі. Затым ідзе пакаранне грэшніка і, урэшце, ягонае прозрение, обретение благодати. Апісваючы кожны з этапаў духоўнай эвалюцыі, аўтар звяртаецца да алегорыі, сімвалічнага ўвасаблення. Форма прытчавага выяўлення дапамагае аўтару найбольш адэкватна вырашаць пастаўленую ім задачу – пераканаць чытача ў правільнасці сваёй маральнай пазіцыі. Амаль кожны з лагічна завершаных фрагментаў твораў Ян Баршчэўскі абагульняе выразным алегарычна-сімвалічным вобразам, легендай, перастворанай або арыгінальнай гісторыяй, а таксама выслоўямі мудрых людзей ці фрагментамі з малітваў і святога слова. Спалучэнне паміж сабою апавядальных фрагментаў, якія паслядоўна, лагічна, доказна замяняюць адзін аднаго, паказвае, што Ян Баршчэўскі выкарыстоўвае кампазіцыйныя прыёмы класічнай прытчы.

Шматлікія мудрацы мінулых стагоддзяў сцвярджалі, што жыццё чалавека не мае сэнсу, бо перапоўнена пакутамі і марнасцямі, якія ў рэшце рэшт завяршаюцца смерцю. Паміраюць праведнікі і зладзеі, святыя і грэшныя. Аднак беларускі пісьменнік бачыць веру, што спавядаюць працоўныя людзі, сэнс якой заключаецца ў тым, каб рэалізаваць галоўную жыццёвую задачу чалавека – выратаванне ягонай душы. А каб выратаваць душу, трэба жыць па-боску, а каб жыць так, то трэба адвергнуць усе спакусы жыцця, працаваць, змірыцца з усім, цярпець і мець спагаду.

Як і ў прытчах, усе героі апавяданняў Яна Баршчэўскага абмаляваны надзвычай схематычна, бо ён імкнецца не да адлюстравання індывідуальнасці і адметнасці канкрэтнай асобы, а, наадварот, да алегарычнага ў адным персанажы сумы пэўных чалавечых якасцей, якія складаюць ягоны рэлігійны этычны ідэал. Яны (героі) дэіндывідуалізаваны, іх характарызуе толькі той выбар, які яны робяць у сваім жыцці, бо, па сутнасці, з’яўляюцца пэўнымі ілюстрацыямі да той ці іншай тэмы, закранутай аўтарам.

Сакралізацыя Радзімы. Ян Баршчэўскі бадай што першым у ХІХ ст. стаў вялікім патрыётам менавіта Беларусі, а не Літвы ці крэсавай Польшчы. Ён паэтычна ўвасобіў ідэі, якіх прытрымліваліся амаль усе грамадзяне былога Вялікага Княства Літоўскага, аб выключнай адметнасці беларускага краю, якая мела этнаграфічныя, фалькларыстычныя пачаткі. Ён адчуваў сябе не староннім назіральнікам, а часцінкай народу, менавіта таму здолеў так яскрава і маляўніча перадаць светапогляд і светаўспрыманне беларуса. Сам пісьменнік, як мы ўжо згадвалі вышэй, менавіта таму і не імкнуўся пераймаць формы, якія любілі літаратары англійскія, нямецкія або французскія, ён лічыў, што чужаземнае не будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі, а таму ўзяў форму з самое натуры. Ды і вучыўся ён хутчэй ад прыроды, чымсьці ад кніг. Паэт блукаў у патаемных марах дзе-небудзь у цёмнай пушчы або на бязлюдным беразе возера; любіў чытаць у кнізе прыроды, калі вечаровай парою адкрыецца старонка, на якой мільёнамі зіхоткіх зорак напісана Божая ўсёмагутнасць. Кніга прыроды вучыла яго сапраўднай паэзіі, сапраўдным пачуццям лепей, чым сённяшнія гаваркія крытыкі, якія чужыя пачуцці і здольнасці хочуць, быццам фрак, перашыць на сваю фігуру. У першую чаргу Ян Баршчэўскі, як і большасць пісьменнікаў і даследчыкаў таго часу, звярнуў увагу на выключна распрацаваную фантастыку і міфалогію беларуса. Ён лічыць, што апавяданні старых людзей пра розныя здарэнні, якія перайшлі ад чалавека са старадаўніх часоў, былі сапраўднай гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў. Ян Баршчэўскі сцвярджае, што сярод беларускага люду захоўваюцца яшчэ і цяпер асобныя паданні даўніх часоў, якія, пераходзячы ад чалавека да чалавека, зрабіліся такія ж цьмяныя, як і міфалогія старажытных народаў. Жыхары гэтага краю, спрадвеку пакутуючы, зусім змяніліся характарам; на іх тварах заўсёды адбіты нейкі смутак і змрочная задумлівасць. У іх фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія, аднак, служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду. У аснове большасці паданняў ляжаць не гістарычныя выпадкі, а плён фантазіі меланхалічнага духу, што вызначае спецыфіку характара жыхара гэтых дзікіх і лясістых аколіц. Ад прыроды беларус схільны да жвавае думкі, менавіта яго ўяўленне стварае самыя неверагодныя і фантастычныя карціны. Так, як лічыць Ян Баршчэўскі, Беларусь памятае некаторых сваіх міфалагічных бажкоў. Гэта русалкі, якія ў час красавання жыта, распусціўшы свае доўгія прыгожыя валасы, гушкаюцца на бярозах і спяваюць; лясны бог – пан дзікіх пустэльняў, які можа змяншацца так, што яо не ўбачыш у траве, або вырастаць да самых высокіх хваін. Асабліва таямнічая ноч на Купалу, калі возера свеціцца незвычайным свячэннем вады, дрэвы могуць пераходзіць з месца на месца, дубы збіраюцца ў кола, каб павесці гаворку. А раніцай 24 чэрвеня сонца грае, радуючы сусвет. Паэт згадвае, што ў далёкія часы за Палатою ў Полацку стаялі капішчы Перуна і Бабы Ягі, ад якіх, праўда, засталася толькі адна страфа народнага падання:

Баба Яга,

Касцяная нага, На ступе едзець,

Таўкачом памагаець,

Мятлой сляды замятаець.

Толькі тут на кліч “Стаўры! Гаўры! ” злятаюцца цені з таго свету, два велізарныя сабакі, якія адразу знікаюць. Некаторыя лічаць, што гэта проста здалося; іншыя ўспрымаюць гэта праявай злых духаў або проста фантазіяй беларускага народа, якому заўсёды мрояцца чары і духі ў размаітых постацях, і ў кожнай з гэтых істотаў свой абавязак: духі вольныя, духі зямныя, хатнія, вартаўнікі лясоў і скарбаў.

У заўвазе да чатырнаццатага апавядання “Дзіўны кій” Ян Баршчэўскі згадвае, што “волаты Дубіна, Пруд, Гарыня засталіся ў памяці люду з паганскіх часоў і згадваюцца таксама як Баба Яга, Купала, Чур і іншыя багі”. Тут можна пачуць гісторыю, у якой кашэчы кароль завецца Варгін, пеўневы – Будзімір, мышыны – Паднор. Беларусы вераць у восем злых духаў, імёны якіх: Ярон, Ірон, Кітрон, Нікітрон, Дарон, Даразон, Лідон, Сталідон. Яны прыносяць хваробы, як і трасца або фебра. Люд беларускі думае пра гэтыя хваробы, як пра нейкіх злых істот, што завуць людзей па імені (часцей увесну). Хто адгукнецца, той мусіць хварэць. Бачаць іх часам у вобліку кабеткі і налічваюць дзевяць сясцёр. Акрамя самых разнастайных цудаў на Беларусі існуюць незвычайныя, чароўныя травы. Разрыў-трава можа разрываць замкі і кайданы ў вязняў. Выключна адпаведная нацыянальнаму менталітэту пералёт-трава, або лятучае зелле, якое валодае здольнасцю пераносіцца з месца на месца, а яе васільковая кветка надзвычай жывая і прыгожая, а ў палёце блішчыць, быццам зорачка. Лічыцца, што гэтая трава – трава шчасця. Надзвычай пашанцуе таму, хто яе сарве, бо спазнае радасць у жыцці. Калі грэкі і рымляне верылі ў сляпую Фартуну, то беларускі народ прыдумаў лятучую траву, гонячыся за якой не адзін збіўся з дарогі і не вярнуўся да свае роднае хаты.

Ян Баршчэўскі стварыў вобраз цудоўнага краю, дзе існуюць самыя неверагодныя істоты і персанажы старажытнай міфалогіі: нячысцікі ў іх самых разнастайных іпастасях (прычым блукаюць яны і па зямлі, жывуць і пад зямлёй, у вадзе, у паветры), галоўная задача якіх – шкодзіць добрым людзям, збіваць іх з вернай дарогі, яны могуць прымаць самыя разнастайныя абліччы, нават усяляцца ў чалавечае цела.

Але асабліва ён захоплены прыгажосцю роднага краю. Ва “ўспамінах пра наведванне роднага краю” ён пакідае свае пранікнёныя згадкі: “Край, дзе чалавек жыў у шчаслівую пару свае маладосці, дзе ў размовах і забавах сустракаў сапраўдную шчырасць і даверлівасць душы зычлівых і добрых сяброў, настаўнікаў і маладых прыяцеляў, -- гэты край у памяці таго, хто жыве заўсёды паўстае ў найпрыгажэйшых колерах; там, здаецца, яшчэ не скончыўся той залаты век, калі чалавек не разумеў, што такое нядоля і пакуты; і рэчкі там з малака і мёду. Хто ж з краёў далёкіх не сумуе па сваіх ваколіцах? Там іншыя жаданні і думкі жывуць; туды хацеў бы ляцець я на крылах!

Калісьці і я спяшаўся з поўначы на берагі Дзвіны, каб пабачыць тыя ваколіцы, малюнкі якіх заўсёды хаваў я ў глыбіні свае душы. Ледзь набліжуся да тых краёў, здавалася мне, што дубы і хвоі кланяліся, вітуючы даўно знаёмага госця. Горы і азёры, свецячыся здалёк, нагадвалі мне розныя памяткі мінуўшчыны” (136).

Ян Баршчэўскі ўпершыню ў ХІХ стагоддзі паклаў пачатак сакралізацыі Беларусі, ідэалізацыі Радзімы, якая стане вызначальнай для ўсёй беларускай літаратуры апошніх стагоддзяў.

Але не толькі гэтым надаецца неабходнасны каларыт творчасці Яна Баршчэўскага. Ягоная проза – гэта не збор народных казак, легендаў, паданняў, як лічылі некаторыя ягоныя сучаснікі ці пазнейшыя даследчыкі. Але мы не будзем весці спрэчку пра жанравыя адметнасці твораў, самае галоўнае, што яны валодаюць магутнейшай энергетыкай і захопленасць аўтара сваім родным краем перадаецца чытачу. Таму і атрымліваецца, што той з апошніх, хто нават ніколі не чуў пра нейкую Беларусь, станавіўся неафітам захопленасці выключным космасам гэтай незвычайнай краіны, дзе як нідзе ва ўсёй цывілізацыі і тэхнічна развітай Еўропе засталіся рэшткі старажытнейшага агульнаславянскага ўспрымання.

Але, на жаль, і яны паступова знікаюць. Ян Баршчэўскі ўсё жыццё марыў, каб на гэтай дзівоснай зямлі людзі жылі ў радасці і згодзе. Але гэта ўдаецца не заўсёды. І прычын таму даволі многа, а сярод асноўных – кардынальныя змены ў свядомасці тутэйшага люду, які забыў пра свае слаўныя мінулыя традыцыі, згубіў веру ў Бога, страціў сумленне, а таму становіцца выгнаннікам на роднай зямлі. Аўтар сцвярджае, што беларусы забылі пра славутага князя Грамабоя, уладара гэтага краю, для іх не чутны ўжо званы Сафіі, зарастаюць пустазеллем руіны былых велічных замкаў і рабуюцца магільнікі і курганы. Усё часцей і часцей ён наракае на звады людзей, на сапсутасць нораваў. Пісьменнік заўсёды знаходзіцца на патрыярхальных пазіцыях, а таму мінулае супрацьпастаўляе сучаснаму: “У нашых ваколіцах старыя памятаюць шчаслівейшае, калі было яшчэ шмат пачцівых, старанных і працавітых людзей; у той час, кажуць, кожны гаспадар меў у дастатку зямлі, і радзіла зямля заўсёды добра, хапала хлеба і корму жывёле. У азёрах і рэчках было столькі рыбы, што моладзь, бавячыся ля вады з першай – лепшаю прыладаю, лавіла столькі рыбы, што ледзь магла забраць з сабою дадому” (146). Ян Баршчэўскі не аднойчы са скрухай сцвердзіць, што з усіх дароў, якімі ласка Божая надзяліла зямлю родную, бедны беларус аніякае карысьці атрымаць






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.