Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Заданні для самастойнай працы






1. Прачытайце і прааналізуйце параграф 3 працы М. Хайдэгера “Быццё і час” (любое выданне). Адкажыце на наступныя пытанні:

а) Якія дачыненні, на думку М. Хайдэгера, маюць месца паміж анталогіяй і навукай?

b) Якія змены на ўзроўні навукі выступаюць, паводле М. Хайдэгера, як сапраўдныя, як змены ва ўласным сэнсе слова?

с) Як ацэньвае філосаф тэорыю адноснасці і яе значэнне ў рамках сучаснай яму фізікі?

2. Прачытайце і прааналізуйце параграф 11 працы М. Хайдэгера “Быццё і час” (любое выданне). Адкажыце на наступныя пытанні:

а) Які характар мае, на думку М. Хайдэгера, уплыў анталогіі на пазітыўныя навукі? Ці згодныя Вы з адпаведнымі палажэннямі філосафа?

b) Як у тэксце выяўляецца думка аб адноснай самастойнасці пазітыўных навук у дачыненні да філасофіі?

с) Сфармулюйце свае думкі наконт узаемадачыненняў філасофіі і навукі.

3. Прачытайце наступны тэкст:

Эмансіпацыя навукі, што адбылася ў выніку вялікай навуковай рэвалюцыі напачатку Новага часу, самым станоўчым чынам паўплывала і на яе ўласнае развіццё, і на развіццё філасофіі. У апошняй яна выклікала патрэбу пераасэнсаваць і глыбей усвядоміць сваю існасць, сваю адметнасць, паспрыяла ўзбагачэнню сістэмы яе дачыненняў і сувязяў у рамках духоўнай сферы грамадскага жыцця, пашырэнню яе праблемнага поля. Філасофія актыўна ўзаемадзейнічала з навукай і даследавала механізмы гэтага ўзаемадзеяння, у тым ліку і ў кантэксце крызіснай пазнавальнай сітуацыі. Асаблівае значэнне мае ў дадзенай сувязі дваццатае стагоддзе. Крызісная сітуацыя, што склалася ў прыродазнаўстве пры канцы дзевятнаццатага стагоддзя, выклікала, з аднаго боку, надзвычай інтэнсіўнае ўзаемадзеянне філасофіі і навукі, а з іншага, – грунтоўнае даследаванне самога характару згаданага ўзаемадзеяння. Глыбокі аналіз адпаведнай праблематыкі мы знаходзім і ў выдатных філосафаў дваццатага стагоддзя, і ў выдатных навукоўцаў.

Сярод вынікаў даследчай працы на дадзеным кірунку неабходна вылучыць выяўленне грунтоўнай значнасці пазанавуковых (найперш філасофскіх) фактараў развіцця навукі, месца і ролі адпаведных духоўных форм у структуры асноў навукі, – ролі, якая становіцца асабліва важнай у той час, калі дадзеныя асновы знаходзяцца пад пагрозай. Тады навука робіцца асабліва адчувальнай да рэлевантных для яе філасофскіх канцэпцый. Так, К.Р. Попер даводзіць, што навука не можа паспяхова развівацца без звароту да “метафізікі”: “Нельга адмаўляць, што разам з метафізічнымі развагамі, якія перашкаджалі развіццю навукі, ёсць і такія, што яму спрыялі (мы згадаем толькі спекулятыўны атамізм). І мы мяркуем, што навуковыя даследаванні з псіхалагічнага пункту гледжання немагчымыя без “метафізічнай” па сутнасці веры ў [чыста спекулятыўныя і] часам у вышэйшай ступені няясныя тэарэтычныя ідэі – без веры, якая не можа быць прадметам навуковага абмеркавання”. (Падобныя погляды выказваюцца і ў працах вялікіх навукоўцаў. Прызнанне імі істотнай важнасці філасофскіх ідэй для развіцця навукі выразна выяўляецца ўжо ў самім факце іх інтэнсіўнага філасофскага пошуку.) З іншага боку, філосаф указвае, што ў “спакойныя” перыяды разгортвання навуковага пошуку ў адносінах паміж тымі, хто займае канвенцыяналісцкую пазіцыю, і прыхільнікамі крытычнага рацыяналізму мы наўрад ці заўважым істотныя супярэчнасці (хіба чыста акадэмічныя), а вось ва ўмовах эпістэмічнага крызісу гэтыя супярэчнасці павінны выявіцца ва ўсёй іх вастрыні ў самім характары, мэтах, кірунку іх даследчай дзейнасці.

Адкажыце на наступныя пытанні:

а) Як трактуеце Вы выраз “эмансіпацыя навукі”? З якой гістарычнай эпохай Вы звязваеце згаданую інтэрпрэтацыю?

b) Ці згодныя Вы з тэзай, што эмансіпацыя навукі паспрыяла эфектыўнаму развіццю і філасофіі, і навукі? Абгрунтуйце сваю пазіцыю.

с) Сфармулюйце свае думкі наконт ідэй К. Попера адносна ўзаемадачыненняў філасофіі і навукі.

4. Прачытайце наступны тэкст:

Важнай функцыяй філасофіі з’яўляецца аналіз прычын і ўмоў узнікнення крызісных пазнавальных сітуацый. У сферы навуковага пазнання фундаментальныя ўмовы дадзенага феномена фармуюцца найперш у рамках супярэчлівага ўзаемадзеяння эмпірычнага і тэарэтычнага кампанентаў даследчай дзейнасці. З фармальнага пункту гледжання праблему прычын і ўмоў эпістэмічных крызісаў можна сфармуляваць як праблему прычын і ўмоў узнікнення грунтоўных парадоксаў у тэорыях, што сталі “класічнымі”, а таксама ў рамках даследчых праграм. Пад парадоксамі тут разумеюцца супярэчнасці, што маюць невыпадковы, не звязаны з парушэннем законаў логікі характар. (У. Куайн называе парадоксы, здольныя выклікаць глыбокі эпістэмічны крызіс, антыноміямі, аналагічную інтэрпрэтацыю дапускае паводле сучаснага нямецкага філосафа Ф. Канецкі і шырока ўжывальны ў Т.С. Куна тэрмін “анамаліі”, хаця В.С. Сцёпін праводзіць паміж анамаліямі і парадоксамі выразнае адрозненне: анамаліі трактуюцца ім як факты, што не могуць быць растлумачаны на аснове той карціны свету, якая дамінуе на дадзены момант у навуцы, а парадоксы – як грунтоўныя супярэчнасці, што ўзнікаюць у рамках нашых ведаў пры тэарэтычным засваенні прынцыпова новых працэсаў, аб’ектаў і з’яў рэчаіснасці.)

Прычыны парадоксаў выяўляюць на розных узроўнях і ў розных галінах навуковага пазнання істотную спецыфіку. (Так, К.Р. Попер указвае на неправамернасць атаясамлівання лагічных і філасофскіх парадоксаў. Адрозненне паміж імі заключаецца ў тым, што ў філасофскіх парадоксах адсутнічае ўласцівая лагічным парадоксам рэфлексіўнасць, скіраванасць на саміх сябе.) Таму даследчы праект, скіраваны на выяўленне універсальных механізмаў узнікнення парадоксаў, выглядае бесперспектыўным. Ф. Канецкі сцвярджае, што большасць з іх можна рэканструяваць як вынік “катэгарыяльнай памылкі”. Яе сутнасць заключаецца ў тым, што да прынцыпова новых тыпаў аб’ектаў, з якімі мы сутыкаемся ў працэсе разгортвання нашай пазнавальнай дзейнасці, мы падыходзім на аснове наяўных – неадпаведных гэтым новым аб’ектам – моўных і тэарэтычных сродкаў. Неабходна адзначыць, што тут сапраўды выяўляюцца істотныя падставы для ўзнікнення парадоксаў (найперш у галіне досведнага прыродазнаўства), але наўрад ці слушна аддаваць выразную перавагу менавіта гэтаму тыпу фармавання апарэйтычных пазнавальных сітуацый. Не менш важнай іх крыніцай падаецца ўлучэнне ў сферу нашай пазнавальнай дзейнасці аб’ектаў, што маюць дуалістычную натуру. У такім выпадку з неабходнасцю фармуюцца супрацьлеглыя тэарэтычныя мадэлі пэўнага прадмета і паўстае неабходнасць іх апасродкавання, іх сінтэзу. У філасофскім плане гэты тып узнікнення і адпаведнага іх сутнасці вырашэння парадоксаў глыбока апісаны Гегелем, у галіне прыродазнаўства яго яскрава прадстаўляе квантавая механіка.

Адкажыце на наступныя пытанні:

а) Якімі прычынамі выклікаюцца да жыцця пазнавальныя крызісы?

b) Як трактуецца ў тэксце паняцце “парадокс”?

с) Якія механізмы ўзнікнення парадоксаў аналізуюцца ў тэксце?

5. Прачытайце раздзел падручніка Г.І. Каспяровіч (“Концепции современного естествознания”, с. 133 – 137), прысвечаны квантавай механіцы, і выканайце наступныя заданні:

а) Зрабіце параўнальны аналіз статыстычных і дынамічных законаў.

b) Выявіце адрозненні паміж тэарэтычным апісаннем фізічных працэсаў у рамках квантавай механікі і ў рамках папярэдняй статыстычнай фізікі.

с) Прааналізуйце філасофскае і агульнанавуковае значэнне найважнейшых прынцыпаў квантавай механікі.

6. Прачытайце раздзел падручніка В.М. Найдыша (“Концепции современного естествознания”, с. 575-585), прысвечаны ўзнікненню жыцця на Зямлі, і прааналізуйце яго светапоглядны падмурак. Як Вы лічыце, чаму пытанне аб узнікненні жыцця звязана з вострымі светапогляднымі калізіямі? Якая з канцэпцый з’яўлення жывога на нашай планеце падаецца Вам найбольш пераканаўчай? Чаму?

7. На аснове аналізу артыкулу Х.-Х Барцэшкоўскі і Р. Васнэра “Паняцце суб’екта і рэальнасці ў Эрвіна Шродынгера” (Borzeszkowski v. H.-H., Wahsner R. Erwin Schrö dingers Subjekt- und Realitä tsbegriff.– Deutsche Zeitschrift fü r Philosophie. 1987. №12. S. 1109 – 1112) пакажыце, якое месца займае ў творчасці Э. Шродынгера праблема суадносінаў бесперапыннага і дыскрэтнага.

(Для тых студэнтаў, якія валодаюць нямецкай мовай.)

8. На аснове аналізу артыкулу В.С. Сцёпіна (Stepin W. S. Intensives Wachstum des wissenschaftlichen Wissens und potenziell mö gliche Linien der historischen Wissensentwicklung // Deutsche Zeitschrift fü r Philosophie. 1987. №8. S.708 – 709) апішыце структуру ўзроўню асноў навукі.

(Для тых студэнтаў, якія валодаюць нямецкай мовай.)

9. Прачытайце ўводны раздзел кніжкі Жана-Мары Пелта “Ад Універсуму да Існасці” (“De l’Univers à l’Ê tre”, р. 11-14). На якіх светапоглядных прынцыпах грунтуе Ж.-М. Пелт свой падыход да праблемы эвалюцыі? Наколькі пераканаўчымі, на Вашу думку, з’яўляюцца аргументы навукоўца на карысць гэтага падыходу? Што піша Ж.-М. Пелт аб механізмах эвалюцыі? На якіх аспектах гэтых механізмаў ён найперш засяроджвае ўвагу?

(Для тых студэнтаў, якія валодаюць французскай мовай.)

10. Паспрабуйце спрагназаваць развіццё прыродазнаўства ў першай чвэрці ХХІ стагоддзя. Якой яго галіне і чаму менавіта ёй будзе належаць, на Вашу думку, роля лідара? Якія найбольш выдатныя адкрыцці будуць зроблены ў гэты час? Якое месца будзе займаць прыродазнаўства ў сістэме культуры? Як яно будзе ўспрымацца грамадскай думкай?

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.