Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Ад аўтараў






Вялікая Айчынная вайна савецкага народа

(у кантэксце Другой сусветнай вайны)

Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў

Рэспублікі Беларусь

 

Пад рэдакцыяй прафесара А.А. Кавалені і прафесара М.С. Сташкевіча

 

Мінск 2004


 

 

Аўтары: Б.Д.Далгатовіч, М.Г.Жылінскі, А.А.Каваленя, К.І.Козак, В.Лемяшонак, С.Я. Новікаў

 

Аўтар метадычнага апарата С.В. Паноў


ЗМЕСТ

Ад аўтараў

Уводзіны

Раздзел І. Савецкі Саюз і краіны свету напярэдадні і ў пачатку Другой сусветнай вайны

Тэма 1. Міжнароднае становішча напярэдадні Другой сусветнай вайны

Тэма 2. Пачатак Другой сусветнай вайны і падзеі ў Беларусі

Тэма 3. Акупацыя Германіяй краін Еўропы

Тэма 4. СССР напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны

Раздзел ІІ. Барацьба савецкага народа супраць германскай агрэсіі

Тэма 5. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны

Тэма 6. Акупацыйны рэжым

Тэма 7. Партызанская і падпольная барацьба

Раздзел ІІІ. Разгром фашысцкага блока. Завяршэнне Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў

Тэма 8. Падзеі на франтах вайны. Крушэнне наступальнай стратэгіі германскага вермахта

Тэма 9. Вызваленне Беларусі ад германскіх захопнікаў

Тэма 10. Савецкі тыл у гады вайны

Тэма 11. Заканчэнне Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў

Памяць аб вайне

Абагульняючыя пытанні і заданні

Прыкладныя тэмы рэфератаў

Храналогія гістарычных падзей

Кароткі біяграфічны даведнік

Спіс літаратуры, рэкамендуемай пры вывучэнні курса і напісанні рэфератаў

 

 

Ад аўтараў

У шматвяковай гісторыі Беларусі яе землі неаднойчы станавілася арэнай узброенага процістаяння. Сотні вялікіх і малых войнаў апалілі шматпакутную нашу Бацькаўшчыну, прынеслі безліч людскіх страт, разбурэнне і гора. Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю беларускага народа ў гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, найбольш кровапралітных за ўсю гісторыю чалавечай цывілізацыі.

Патрыятычныя пачуцці сталі маральна-псіхалагічным фундаментам паводзін беларускага народа ва ўмовах ваенных выпрабаванняў, якія выпалі на яго долю. Народы Беларусі ўнеслі значны ўклад у разгром германскіх агрэсараў. Звыш 1, 3 млн байцоў змагаліся ў радах Чырвонай Арміі, 374 тыс. чалавек удзельнічал ў партызанскім руху, 70 тыс. чалавек вялі барацьбу ў падполлі, амаль 400 тыс. жыхароў Беларусі складалі партызанскія рэзервы, некалькі тысяч ураджэнцаў Беларусі змагаліся ў радах ерапейскага руху Супраціўлення. У першых радах мужных патрыётаў ішла моладзь. Амаль 60% беларускіх партызан былі да 30-годовага ўзросту, звыш 20 тыс. юнакоў і дзяўчат удзельнічалі ў патрыятычным падполлі. Гэта быў велізарны, навядомы раней у гісторыі патрятычны ўздым народа супраць захопнікаў. Шматнацыянальнае насельніцтва Беларусі праявіла бясконцую мужнасць, самаадданасць, вернасць сацыялістычным ідэалам і нават самаахвярнасць у барацьбе за свабоду і незалежнасць Бацькаўшчыны.

У вучэбным дапаможніку асэнсоўваюцца супярэчлівыя міждзяржаўныя адносіны напярэдадні і ў пачатку вайны, паказваецца іх уплыў на фарміраванне тэрытарыяльна-дзяржаўнай цэласнасці Беларусі, сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні, што адбыліся ў заходніх абласцях рэспублікі ў перадваенныя гады. Вучэбная інфармацыя ў дапаможніку асвятляе гераічныя і трагічныя старонкі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, жыццё насельніцтва на акупіраваных тэрыторыях і ў савецкім тыле, уклад прадстаўнікоў шматнацыянальнага беларускага народа ў разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў, уплыў ваенных падзей на лёсы народаў Еўропы і Савецкага Саюза. Шмат увагі ўдзелена раскрыццю ролі партыйна-камсамольскага падполля ў развіці барацьбы супраць германскіх агрэсараў, супраціўлення жыхароў акупіраваных тэрыторый акупацыйнай палітыцы агрэсараў, паказу сутнасці партызанскага руху, узаемадзеяння партызан і войск Чырвонай Арміі, іх сувязі з мясцовым насельніцтвам. Значная частка матэрыялаў дапаможніка прысвечана паказу ролі моладзі ў ваенна-палітычным жыцці акупіраванай Беларусі, дзейнасці камсамольска-маладзёжнага падполля, барацьбе юнакоў і дзяўчат у радах партызан Раскрываецца месца Арміі Краёвай і АУН-УПА ў ваенна-палітычных працэсах, што мелі месца на захадзе Беларусі і Украіны.

На старонках дапаможніка асвятляецца сутнасць акупацыйнай палітыкі, дзейнасць калабарацыянісцкіх сіл, спробу захопнікаў стварыць прагерманскія маладзёжныя саюзы і ўцягнуць падрастаючае пакаленне ў рэалізацыю захопніцкіх планаў. Прыводзяцца цікавыя малавядомыя факты, якія даюць больш поўнае ўяўленне аб злачынным характары паводзін германскіх агрэсараў, велізарных людскіх і матэрыяльных стратах, якія панеслі народы СССР, утым ліку і Беларусь.

Сёння намаганні, накіраваныя на захаванне міру і бяспекі павінны ўлічваць урокі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Нягледзячы на тое, што ў апошні час адбываецца збліжэнне краін і народаў, сітуацыя ў свеце застаецца складанай, чалавецтва не пазбаўлена ад выпадковасці пачатку новай сусветнай вайны. Сучасная сістэма падтрымання міждзяржаўных адносін не дае гарантыі бяспечнага прагрэсіўнага развіцця. Зварот да мінулага вопыту, яго трагічных старонак уяўляецца справай неабходнай для таго, каб забяспечыць мірнае суіснаванне чалавечай цывілізацыі ва ўмовах сучасных шматлікіх сацыяльных, нацыянальных і рэлігійных супярэчнасцей.

Змест вучэбнага дапаможніка ўлічвае навейшыя дасягненні айчыннай і замежнай гістарыяграфіі з улікам выяўленых невядомых раней архіўных дакументаў і матэрыялаў. Айчынная гісторыя прадстаўляецца ў кантэксце сусветнай з выкарыстаннем сучасных метадалагічных падыходаў, звязаных з асвятленнем вайны як з’явы ў жыцці чалавецтва, якая заўсёды вядзе да велізарных чалавечых і матэрыяльных ахвяр. Глыбокія веды ваеннай гісторыі дапамогуць фарміраваць у падрастаючага пакалення пачуццё адказнасці асобы за будучыню грамадства, зразумець бесперспектыўнасць ваенных канфліктаў у вырашэнні міждзяржаўных супярэчнасцей, будуць спрыяць паразуменню і прымірэнню паміж народамі і аддзельнымі людзьмі. Разгляд ваенна-палітычнай сітуацыі ажыццяўляецца на фоне развіцця падзей на савецка-германскім фронце, а таксама ў краінах Еўропы. Кожны з раздзелаў пачынаецца агульнай характарыстыкай вывучаемага перыяду, у якой прадстаўлены заканамернасці і асаблівасці развіцця грамадства, у т.л. беларускага ў складаных геапалітычных умовах 1939-1945 гг. Вывучэнне кожнай з тэм заканчваецца працай з гістарычнай інфармацыяй, якая прадстаўлена ў выгледзе падборак дакументаў, што дапаможа cтудэнтам выразней убачыць і асэнсавана разумець развіццё ваенна-палітычных працэсаў, якія разгортваліся ў свеце ў канцы 30-х і ў пешай палове 40-х гадоў ХХ стагоддзя.


Уводзіны

Другая сусветная вайна была найбольш кровапралітнай і жорсткай з усіх вядомых узброеных канфліктаў. Падзеі на яе франтах былі цесна ўзаемазвязаны і ўзаемаабумоўлены. Комплекснае вывучэнне разгортвання ваенных падзей, разуменне іх узаемаўплывовасці і ўздзеяння на лёс народаў Еўропы і на жыццядзейнасць народаў СССР, паказ трагедыі і выпрабаванняў, што выпалі на долю беларускага народа – важнейшая задача факультатыва.

Нягледзячы на вялікую колькасць даследаванняў, навуковае асэнсаванне падзей 1939 – 1945 гг. прадаўжаецца. У апошняе дзесяцігоддзе выяўлена вялікая колькасць, раней невядомых архіўных дакументаў, што прывяло да перагляду бясспрэчных, здавалася б, высноў. Нават праз 60 гадоў пасля гераічнай Перамогі многае застаецца яшчэ не да канца ясным. Да апошняга часу не знікаюць спрэчкі і навуковыя дыскусіі, асабліва наконт пачатковага перыяду вайны – найбольш складанага і яшчэ ў многім загадкавага. Узнікаюць пытанні: Якія прычыны прывялі да трагедыі 1941 г.? Якія урокі неабходна вынесці? Якія агульныя страты панёс Савецкі Саюз у вайне?

Наркамат абароны СССР у 1945 г. парушыў маральна-этычную традыцыю цывілізаваных народаў, якая патрабавала апублікавання паімённых спісаў загінушшых і трапіўшых у палон пасля заканчэння вайны. Пасля Першай сусветнай вайны такія зветкі былі апублікаваныя.

Афіцыйныя звесткі аб колькасці грамадзян Савецкага Саюза, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пастаянна мяняліся. У 50-х гг. прыводзілася лічба 7 млн. чалавек, у 60-х гг. была названа лічба 20 млн., у канцы 80-х гг. сказана аб 27 млн. Аднак у друку можна сустрэць і 40 млн., і нават 100 млн., якія проста не адпавядаюць здароваму сэнсу і прыводзяцца дзеля дасягнення пэўных палітычных мэт.

Дзеля справядлівасці адзначым, што ў асвятленні і ацэнках вайны прысутнічае падтасоўка і падгонка фактаў пад пэўныя ідэалагічна-палітычныя канструкцыі. Калі ў савецкай гістарыяграфіі акцэнт рабіўся на празмерным паказе кіруючай ролі КПСС, авангарднай ролі камуністаў у барацьбе супраць агрэсараў, гераізме і мужнасці народа, то ў апошні час, вайна ў многіх навуковых працах і падручніках асвятляецца ў негатыўных ацэнках, празмерным падкрэсліваннем промахаў, пралікаў і недахопаў палітычнага і ваеннага кіраўніцтва СССР. У шэрагу прац, тэлеперадачах і фільмах наогул адсутнічае гераічная барацьба савецкага народа, перабольшваецца ўклад саюзнікаў. Асабліва прыкра тое, што ўклад у Перамогу заходніх ваеначальнікаў празмерна ўзносіцца, а аб таленце і здольнасцях Г.К. Жукава, А.М. Васілеўскага, І.С. Конева, К.К. Ракасоўскага і іншых, прыроднай смекалцы, гераізме і мужнасці, гуманізме, духоўнай і фізічнай сіле салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі, іх бязмернай стойкасці ў баях не гаворыцца. У апошнія гады кіраўніцтву Савецкага Саюза прыпісваецца адказнасць за развязванне Другой сусветнай вайны і шэраг іншых неабгрунтаваных домыслаў.

Абвінавачанне СССР ў падрыхтоўцы нападу на Германію неаднойчы гучалі з вуснаў Гітлера і бліжэйшага яго акружэння. У першыню аб гэтым было заяўлена германскім паслом ў СССР Шуленбургам, якую ён афіцыйна зрабіў савецкаму ураду, а таксама і ў мемарандуме, што быў уручаны савецкаму паслу у Берліне, адразу пасля пачатку германскай агрэсіі 22 чэрвеня 1941 г. Што тычыцца гістарыяграфіі, дык міф аб тым, што СССР рыхтаваў прывінтыўны ўдар, быў шырока распаўсюджаны адразу пасля вайны ва ўспамінах былых германскіх генералаў і афіцэраў і чыноўнікаў трэцяга рэйха, якія імкнуліся апраўдаць свой удзел у рэалізацыі экспансіўнай захопніцкай палітыкі.

У выданнях захадніх аўтараў дадзеная праблема прысутнічала пастаянна, то заціхала, то зноў распальвалася. Развал СССР, дэмакратычныя працэсы ў былых краінах сацыялістычнага блоку значна актывізавалі даследаванні ваеннай гісторыі. Ужо ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя ў айчыннай і замежнай гістарыяграфіі з’явілася шэраг публікацый, у якіх рабілася навая спроба абвінаваціць кіраўніцтва СССР у развязванні вайны. Аднак, у шматлікіх працах расійскіх і заходніх навукоўцаў даказана безпадстаўнасць, ідэалагічны заказ і нават правакацыйны характар гэтай кампаніі. Неабходна падкрэсліць, што такія аднабаковыя падыходы з’яўляюцца не навуковымі, супярэчаць асноўным прынцыпам гістарызма. Акцэнт толькі на адмоўных, як і перабольшванне станоўчых, не дазваляе ўбачыць усёй шматмернай палітры разгортвання ваенна-палітычных працэсаў на рубяжы канца 30-х – першай палове 40-х гг. ХХ стагоддзя. Важнейшая задача гістарычнай навукі – праўдзіва асвятляць мінулае, асабліва найбольш складаных, пераломных старонак, у тым ліку ваеннага часу, у які вырашаўся лёс усяго сусветнага грамадства.

Кароткая гістарыяграфія праблемы. Вывучэнне гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчынный войн, асэнсаванае разуменне шматлікіх складаных ваенна-палітычных працэсаў немагчыма без уяўлення гістарычнага феномена станаўлення таталітарных рэжымаў права-экстрэмісцкага напрамку. Фашызм – гэта не проста палітычная плынь, якая ўзнікла ў Заходней Еўропе – гэта ўнікальны феномен, які з’явіўся ў прамежку паміж двума сусветнымі войнамі, у асяроддзі ўсеагульнай жарсткасці, экстрэмізма, сацыяльна-палітычна і духоўнага ўпадку. Сутнасць германскага нацызма, італьянскага фашызма і таталітарызма раскрываецца ў шэрагу прац савецкіх і заходніх даследчыкаў. Савецкая гістарыяграфія трактавала фашызм як адкрытую дыктатуру найбольш рэакцыйных мілітарысцкіх колаў фінансавага і прамысловага капіталу. Аднак такі падход не падзяляецца большасцю заходніх навукоўцаў, якія лічаць, што сацыяльная база фашызма намнога шырэй. Праблему ўзнікнення фашызма многія заходнія даследчыкі тлумачаць як адхіленне ад магістральнай лініі развіцця гістарычнага прагрэса, як маральную хваробу, якая завалодала здаровым арганізмам і прывяла да катастрофы (М. Вэбер, Э. Нольтэ, Ф. Мэйнэке, Ж. Фурац’е, Ф. Джон Вэйс). Англійскі даследчык А. Тойнбі і амерыканскі сацыёлаг Т. Парсон вызначалі фашызм, асабліва яго агрэсіўнасць, як вынік расісцкіх, нацыялістычных настрояў нямецкага народа, які меў асобы маральны і псіхалагічны склад. Італьянскі філосаф Б. Крочэ характырызаваў фашызм як прарыў групы авантурыстаў да ўлады, выкарыстаўшых забвенне духоўных каштоўнасцей і псіхалагічную дэзарганізацыю насельніцтва.

Многія сучасныя даследчыкі тлумачаць узнікненне фашызма на падставе мабілізацыйнай сістэмы, калі ва ўмоваў вострага эканамічнага і духоўнага крызісу неабходна мабілізацыя ўсёй нацыі дзеля яго пераадалення. У краінах, дзе быў значны вопыт аўтарытарнага развіцця, а дэмакратыя была даволі слабай на палітычную арэну выходзіў фашызм, голоўнай ідэяй якога была ідэя велічы нацыі.

За пасляваенны перыяд сусветная і айчынная гістарыяграфія назапасіла велізарны пласт навуковых даследаванняў, якія прысвечаны разгляду ваенных падзей. Тысячы зборнікаў-артыкулаў, навуковых манаграфій, навукова-папулярных мемуараў, літаратура былых вайскоўцаў і палітычных дзеячаў з’явілася на кніжных паліцах заходніх краін. У далейшым гэта дазволіла стварыць буйныя абагульняючыя працы. Так, англійскія гісторыкі падрыхтавалі 66 тамоў, у ЗША выдаецца 99, у Японіі 100-томная гісторыя Другой сусветнай вайны. Шмат прац напісана ў Францыі, Бельгіі і, асабліва, у Германіі.

У даследаваннях заходніх гісторыкаў з нацыянальна-дзяржаўных пазіцый асвятляецца развіццё ваенных падзей. Амерыканскія, англійскія, французскія даследчыкі імкнуцца паказаць уклад іх дзяржаў у разгром нацысцкай Германіі і Японіі. Прычым, празмерна перабольшваецца роль Другога фронта і недаацэньваецца ўклад Чырвонай Арміі, на якую выпаў найбольшы цяжар баявых аперацый па разгрому германскага вермахта.

Значны ўклад у распрацоўку праблемы ўнеслі савецкія даследчыкі. За пасляваенныя гады выдадзена 6-томная “История Великой Отечественной войны Советского Союза. 1941 – 1945”, а таксама 12 томная “История Второй мировой войны. 1939 – 1945”. Разгляду ваенных падзей прысвечаны спецыяльныя тамы фундаментальных даследаванняў. Напрыклад, 10 томная “История СССР с древних времен до наших дней”, первая книга 5 тома “Истории Коммунистической партии Советского Союза”. Навукоўцы падрыхтавалі вялікую колькасць манаграфій і артыкулаў. Свет убачылі тысячы мемуараў военачальнікаў, партыйных і савецкіх дзеячаў, удзельнікаў і арганізатараў партызанскай і падпольнай барацьбы. Сярод іх работы І.В. Сталіна, Г.К. Жукава, А.М. Васілеўскага, К.К. Ракасоўскага, П.К. Панамарэнкі, К.Т. Мазурава, М І. Макарава, А.Ф. Юдзенкова, Д.З. Мурыева, А.М. Бычкова, Г. Д. Камкова і многіх іншых.

Вялікая заслуга ў распрацоўцы праблемы належыць беларускім гісторыкам. У 1975 г. выйшла першая фундаментальная праца, якая заняла большую частку 4 тома “Гісторыя Беларускай СССР”. Навуковае абагульненне вопыту барацьбы на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ажыццёўлена ў 3-томным выданні “Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны.” У ім падсумаваны напрацоўкі айчыннай гістарыяграфіі, якія былі зроблены да 1985 г. У даследаванні асвятляецца развіццё ваенных падзей з першых дзён вайны і да поўнага выгнання акупантаў з тэрыторыі Беларусі.

Значную навуковую каштоўнасць маюць выдадзеныя ў рэспубліцы зборнікі архіўных дакументаў: “Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии”; “Зборнік лістовак усенароднай партызанскай барацьбы ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 – 1944)”; “Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944): Документы и материалы. Т.1 – 3”; “Комсомол Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. Документы материалы”. У гэтых выданнях сканцэнтравана значная колькасць арыгінальных архіўных дакументальных матэрыялаў, якія даюць яскравае ўяўленне аб падзеях, што адбываліся на акупіраванай тэрыторыі Беларусі: удзел беларускіх людзей у барацьбе супраць захопнікаў; рабаванне акупантамі маемасці і матэрыяльных каштоўнасцей; масавае насілле і знішчэнне беларускага насельніцтва; дзейнасць калабарацыяністаў; баявыя аперацыі Чырвонай Арміі па вызваленню Беларусі.

Безумоўную навуковую цікавасць выклікаюць даведнікі, што выйшлі ў рэспубліцы: “Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941–1944)”; “Подпольные комсомольские органы Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941–1944); “Партизанские формирования Беларусии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944)” і іншыя. Названыя працы даюць уяўленне аб структуры партыйнага і камсамольскага падполля, партызанскіх фарміраванняў, часу іх заснавання і дзейнасці, колькаснага складу, дынамікі кіруючага складу партыйных і камсамольскіх органаў, а таксама камандавання партызанскіх фарміраванняў.

Важнымі крыніцазнаўчымі матэрыяламі з’яўляецца мемуарная літаратура. Успаміны былых арганізатараў і ўдзельнікаў падпольнай і партызанскай барацьбы значна дапаўняюць і абагачаюць крыніцазнаўчую базу даследванняў, з’яўляюцца каштоўнейшай вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым шэрагу неабходна назваць успаміны І. Д. Вятрова, Я.А. Жыляніна, В.І. Казлова, П. З Калініна, Н. Ф. Каралёва, І.Ф. Клімава, У.Е. Лабанка, В. І. Лівенцава, К.Т. Мазурава, Р.Н. Мачульскага, К.Ю. Мэттэ, Д.В. Цябута, П. К. Панамарэнкі і многіх іншых.

Паглыблена і плённа вывучаюць гісторыю Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў беларускія гісторыкі. Асабліва шмат прац прысвечана станаўленню і развіццю партызанскага руху, вывучэнню асноўных напрамкаў баявой, дыверсійнай, разведвальнай дзейнасці беларускіх партызан, супраціўленню насельніцтва акупацыйнай палітыцы германскіх агрэсараў. У працах абгрунтаваны вывад аб тым, што партызанская барацьба на акупіраванай тэрыторыі Беларусі займала важнае месца ў агульнай барацьбе савецкіх людзей супраць агрэсараў, садзейнічала разгрому германскага вермахта і вызваленню рэспублікі. Значны ўклад унеслі працы М.К. Андрушчанкі, Б.Д. Далгатовіча, К.І. Дамарада, А.І. Залескага, І.С. Краўчанкі, Р.Р. Кручка, П.П. Ліпілы, А.Ф. Хацкевіча, Я.С. Паўлава, А.А. Фактаровіча, Э.Ф. Языковіч, М.А. Якубоўскага і многіх іншых.

У апублікаванай літаратуры значнае месца адведзена паказу барацьбы падпольшчыкаў у населеных пунктах. Дадзеная праблема прысутнічае ў большасці даследаванняў савецкіх і айчынных гісторыкаў. У спецыяльных працах: “Герои подполья”; “В тылу врага”; “Витебское подполье”; “Партийное подполье”; “О партийном подполье в Минске в годы Великой Отечественной войны” і іншых разглядаюцца складаныя пытанні станаўлення, развіцця і дзейнасці патрыятычнага падполля ў гарадах і весках акупіраваных рэгіёнаў СССР, у тым ліку і Беларусі.

Палітыка германскіх улад на акупіраванай тэрыторыі Беларусі асвятляецца ў працах многіх гісторыкаў. Дадзенаму пытанню прысвечаны спецыяльныя працы В.П. Раманоўскага, А.А. Фактаровіча, А.І. Залескага, А.М. Літвіна, Э.Р Іоффэ, С.Я. Новікава і многіх іншых. У даследаваннях прыведзены пераканаўчыя матэрыялы, якія сведчаць аб генацыдзе германскіх агрэсараў у адносінах да цывільнага насельніцтва, выкрываюцца масавыя злачынствы акупантаў, паказваецца дзейнасць калабарацыяністаў.

Важнае месца ў айчыннай гістарыяграфіі адведзена вывучэнню пытанняў агітацыйна-прапагандысцкай работы на акупіраванай тэрыторыі. Значны ўклад унеслі працы М.Е. Дастанкі, Г.Дз. Кнацько, У.І. Кузьменкі, І.С. Краўчанкі, У.І. Лемяшонка, С.У. Жумара і інш.

Дзейнасць моладзі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі адлюстравана ў даследаваннях Р.І. Абловай, А.Д. Журава, А.Ю. Васько, А.А. Кавалені, М.Я. Нікалаева, С.С. Рудзенковай, Г.І. Сцяпанава, Р.М. Шавялы і інш.

Кароткі агляд апублікаванай літаратуры паказвае, што ў айчыннай гістарыяграфіі існуе вялікая колькасць прац па праблеме Вялікай Айчынай вайны. Гісторыкі значную ўвагу ўдзялялі асэнсаванню пытанняў падпольнай і партызанскай барацьбы, злачыннай сутнасці акупацыйнага рэжыму, агітацыйна-прапагандысцкай рабоце, удзелу моладзі ў барацьбе з агрэсарамі і іншых. У спецыяльнай працы “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны” зроблены грунтоўны аналіз стану айчыннай гістарыяграфіі, якая адлюстроўвае распрацоўку гісторыі вайны.

У савецкай і айчыннай гістарыяграфіі можна ўмоўна выдзяліць некалькі этапаў:

– першы ўключае літаратуру вайны, якая насіла ў асноўным інфармацыйны, агітацыйна-прапагандысцкі характар і прызвана была мабілізаваць савецкі народ на апор агрэсарам, падтрымання патрыятычнага настрою насельніцтва;

– другі пачынаецца пасля вызвалення Беларусі і працягваецца да сярэдзіны 50-х гг. Гэта перыяд пачатку навуковага даследавання, на якіх адклаўся адбітак суб’ктывісцкіх падыходаў, пераацэнкі ролі І.В. Сталіна ў арганізацыі барацьбы супраць германскіх агрэсараў;

– трэці пачынаецца з сярэдзіны 50-х гг. і працягваецца да сярэдзіны 60-х гг. У даследаваннях гэтага перыяду вядучае месца займала распрацоўка праблем кіруючай ролі КПСС барацьбой савецкага народа на франтах Вялікай Айчыннай вайны, а таксама на акупіраванай тэрыторыі і ў савецкім тыле. Значнае месца адводзілася асвятленню героіка-патрыятычнай барацьбы савецкага народа;

– чацьверты з сярэдзіны 60-х гг. да пачатку 80-х гг. ХХ ст. Гэты час найбольш прадуктыўных даследаванняў, калі былі напісаны фундаментальныя абагульняючыя працы аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Разам з тым, у гэты час гісторыкам не ўдалося выйсці за рамкі ўсталяваных ідэалагічных і палітычных ацэнак і не дазволіла ўсебакова і аб’ектыўна асвятляць падзеі ваеннага часу;

– пяты з другой паловы 80-х, уключаючы наш час. Гэта перыяд спробы адыходу ад многіх стэрэятыпаў і ацэнак, спроба крытычнага і комплекснага асвятлення падзей Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівую ўвагу даследчыкі звяртаюць на асэнсаванне яшчэ маладаследаваных праблем: калабарацыянізма, страт беларускага насельніцтва, дзейнасці германскіх і савецкіх спецслужбаў, удакладнення шматлікіх фактаў баявой і дыверсійнай дзейнасці партызан і падпольшчыкаў.

 


Раздзел I. Савецкі Саюз і краіны свету напярэдадні і ў пачатку

Другой сусветнай вайны

Прыход нацыстаў да ўлады стаў паваротным момантам не толькі ў палітычным жыцці Германіі, але і еўрапейскіх краін. Стварэнне Антыкамінтэрнаўскага блоку паміж Германіяй, Італіяй, Японіяй закладвала асновы ваенна-палітычнага саюзу паміж трыма агрэсарамі, што прывяло да падзелу сфер ўплыву ў Еўропе і Азіі ў той час, як Англія і Францыя прытрымліваліся “палітыкі неўмяшання і ўміратварэння” агрэсараў. Кіруючыя колы Англіі і Францыі рабілі шмат для таго, каб адхіліць ад сябе германскую агрэсію і накіраваць яе на Усход супраць Савецкага Саюза. Такая палітыка мела пастаянную падтрымку і з боку ЗША.

Рост мілітарызму і рэваншысцкіх настроеў у Германіі, агрэсіўныя акцыі Японіі і Італіі ў сярэдзіне 1930-х гадоў прывялі да рэзкага абвастрэння міждзяржаўных адносін. Узніклі ачагі ваеннай напружанасці, якія перараслі ў пажар сусветнай вайны. Рашаючай падзеяй на шляху развязвання Другой сусветнай вайны стала Мюнхенскае пагадненне.

Міралюбівыя ініцыятывы Саветскага Саюза па стварэнні сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе маглі б стаць у далейшым сур’ёзным падмуркам стрымлівання агрэсіўнай палітыкі гітлераўскай Германіі і яе саюзнікаў. Аднак курс пастаянных уступак агрэсарам, які праводзілі Вялікабрытанія, Францыя, не садзейнічалі стварэнню адзінага фронта дзяржаў, здольных разам супрацьстаяць блоку агрэсараў. У складанейшых умовах развіцця міждзяржаўных адносін СССР вымушаны быў ісці на пакт аб ненападзенні з Германіяй, ініцыятыва заключэння якога належыла германскай дыпламатыі. Пасля нападзення Германіі на Польшчу СССР вымушаны быў прыняць рашэнне аб увядзенні войск Чырвонай Арміі ў заходнія вобласці Украіны і Беларусі.

Уз’яднанне заходніх абласцей у адзіную Беларускую Савецкую Сацыялістычную рэспубліку было актам гістарычнай справядлівасці. Яно паклала канец падзелу Беларусі, захавала яе тэрытарыяльную цэласнасць, уз’яднала беларускі народ у адзінай дзяржаве. З уз’яднаннем у складзе Савецкага Саюза насельніцтва заходніх абласцей уключыліся ў агульнасаюзны і агульнарэспубліканскі працэс сацыяльна-эканамічнага развіцця. Асноўным зместам праведзенных тут пераўтварэнняў стаў падзел памешчыцкіх зямель, нацыяналізацыя банкаў і прамысловасці, рэканструкцыя прамысловых прадпрыемстваў, пачатак калектывізацыі сельскай гаспадаркі, шырокае культурнае будаўніцтва. Народы заходніх абласцей у поўнай меры раздзялілі лёс сваіх братоў у СССР: гонар развіцця нацыянальнай эканомікі і культуры і горыч рэпрэсій сталінскага рэжыму, жах германскага нашэсця і радасць Перамогі, цяжка здабытай сумеснымі намаганнямі.

Тэма 1. Міжнароднае становішча напярэдадні






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.