Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Палітычны лад Вялікага княства Літоўскага






У XIV - XVI стст. Вялікае княства Літоўскае па форме праўлення было феадальнай манархіяй.

Вялікі князь стаяў на чале дзяржавы. Ён ажыццяўляў заканадаўчую, судовую і адміністрацыйна-гаспадарчую ўладу. Кіраваў пытаннямі знешняй палітыкі, камандаваў узброенымі сіламі, выдаваў граматы і іншыя прававыя акты, ажыццяўляў вы­шэйшы суд у дзяржаве валодаў правам заканадаўчай ініцыятывы і г.д. Улада гаспадара не была абсалютнай, яна была абмежавана Радай, у склад якой уваходзілі вярхі класа феадалаў. Акрамя таго, улада манарха абмяжоўвалася сой­мам, дзе былі прадстаўнікі і павятовай шляхты.

Рада - вышэйшы орган дзяржаўнай улады. У яе склад уваходзілі вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы (ваяводы, кашталяны, старасты, гетман, канцлер, маршалак земскі), каталіцкія епіскапы і найбуйнейшыя феадалы, якія называліся панамі-радай. Сябрамі Рады не маглі быць іншаземцы і простыя людзі. Рада з'яўлялася пастаянна дзеючым дзяржаўным органам. Яна не мела строга акрэсленых паўнамоцтваў і магла выра­шаць любое пытанне ўнутранага і знешняга жыцця дзяржа­вы. У кампетэнцыю Рады ўваходзілі 1) выбранне вялікага князя, 2) абарона дзяржавы, 3) вырашэнне міжнародных спраў, 4) абмеркаванне і прыняцце заканадаўчых актаў, 5) заслухоўванне справаздач некаторых службовых асоб, 6) разгляд найважнейшых судовых спраў і інш. Рада была выканаўча-распарадчым, заканадаўчым, судовым і кантралюючым органам.

Сойм - вышэйшы агульнадзяржаўны заканадаўчы орган. Парадак работы сойма, яго кампетэнцыя да XVI ст. рэгуляваліся звычаёвым правам. У сойм уваходзілі ўсе буйныя феадалы, якія з'яўляліся сябрамі Рады, службовыя асобы цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі, а таксама ўся шляхта. Соймы гэтага перыяду былі больш дарадчымі, чым заканадаўчымі. У XVI ст. заканадаўчыя функцыі сойму пашырыліся. У гэ­ты час ён з усесаслоўнага ператварыўся ў прадстаўнічы ор­ган, на пасяджэнні якога з'яўлялася не ўся шляхта, а толькі яе прадстаўнікі - па два дэпутаты (паслы) ад кожнага павета, якія выбіраліся на павятовых сойміках. Акрамя гаспадара, паноў-рады, службовых асоб цэнтральнага і мясцовага кіравання ў рабоце вальных соймаў прымалі ўдзел каталіцкія і праваслаўныя епіскапы, ігумены манастыроў і кляштараў. Пэўных тэрмінаў склікання вальных соймаў не існавала, яны збіраліся па меры патрэбы. Сойм перш за ўсё разглядаў пытанні выбрання вялікага князя; аб вайне і міры; узаемаадносін з іншымі краінамі; прыняцця заканадаўчых актаў; устанаўлення новых падаткаў; разгляду крымінальных спраў, у якіх закраналіся інтарэсы дзяржавы наогул, вялікага князя ці знатных асоб.

У сістэме органаў дзяржаўнага кіравання значная роля на­лежала вышэйшым службовым асобам, паўнамоцтвы якіх рэгуляваліся пераважна звычаёвым правам. Маршалак земскі - з'яўляўся ахоўнікам парадку і этыкету пры вялікакняжацкім двары. Яго намеснікам быў маршалак дворны. Узброенымі сіламі дзяржавы кіраваў гетман найвышшы, які меў, асабліва ў час вайны, вялікія паўнамоцтвы. Яго намеснікам быў гетман дворны, або польны, які ўзначальваў частку войскаў, часцей за ўсё размешчаных пры граніцы, і знаходзіўся з імі ў полі. Дзяржаўную канцылярыю ўзначальваў канцлер, пры ім былі пісары, сакратары і іх памочнікі (дзякі). Канцлер зберагаў дзяржаўную пячатку, без прыкладання якой законы не набывалі сілы, падпісваў найважнейшыя дзяржаўныя дакументы, разам са сваім намеснікам - пад-канцлерам - удзельнічаў у падрыхтоўцы і канчатковым рэдагаванні заканадаўчых актаў.

Дзяржаўнымі фінансамі і скарбам загадваў падскарбій земскі. Яго намеснікам быў падскарбій дворны, а памочнікамі - скарбнікі і скарбавыя пісары.

Спецыфічнае становішча сярод службовых асоб займалі вялікакняжацкія дваране і ўраднікі. Яны непасрэдна неслі службу ў вялікага князя і вышэйшых прадстаўнікоў улады, выконвалі судовыя рашэнні, уводзілі ва ўладанне маёнткамі, рабілі рэвізіі, спаганялі нядоімкі па падатках, сачылі за будаўніцтвам дарог, мастоў і інш.

Мясцовыя органы ўлады і кіравання на дзяржаўных зем­лях будаваліся ў адпаведнасці з іх адміністрацыйна-тэрыта-рыяльным падзелам. Да ўтварэння ваяводстваў і паветаў асобныя землі кіраваліся намеснікамі вялікага князя. Пры намесніках былі такія службовыя асобы, як ключнік, гараднічы, цівун, канюшы, ляснічы. Саслоўна-прадстаўнічымі органамі мясцовай улады вы­ступалі павятовыя і ваяводскія соймікі. У іх удзельнічалі ўсе землеўласнікі павета ці ваяводства. Мясцовыя органы ўлады мелі шырокія паўнамоцтвы і ма­ла залежалі ад цэнтральных органаў. У сваей дзейнасці яны кіраваліся агульнадзяржаўнымі нарматыўнымі актамі і мясцовым звычаёвым правам, а таксама актамі мясцовай адміністрацыі.

На тэрыторыі ваяводства прадстаўніком вышэйшай улады быў ваявода. Ён узначальваў адміністрацыйныя, гаспадарчыя, ваенныя і ў значнай ступені судовыя органы. Ваявода - буйны феадал з ураджэнцаў ВКЛ - пажыццёва прызначаўся вялікім князем і Радай. Бліжэйшым памочнікам ваяводы быў кашталян, які ўзначальваў войска галоўнага замка і апалчэнне. Ключнік адказваў за спагнанне падаткаў і чыншу, гараднічы быў камендантам замка, лоўчы і ляснічы наглядалі за ляснымі і паляўнічымі ўгоддзямі.

Кіраўніком адміністрацыіў павеце быў стараста, які так­сама прызначаўся вялікім князем і Радай з ліку буйных феадалаў. Намеснікам яго быў падстараста. Паўнамоцтвы старасты былі блізкія да паўнамоцтваў ваяводы, у тым ліку і ў га-ліне правасуддзя. Памочнікам старасты па ваенных справах быў павятовы маршалак, які камандаваў павятовым апалчэннем шляхты. Ён жа, як правіла, старшынстваваў на пасяджэннях павятовага сойміка.

Ніжэйшым звяном у сістэме мясцовага кіравання (на ўзроўні воласці) былі дзяржаўцы - кіраўнікі дзяржаўных і вялікакняжацкіх маёнткаў - называліся цівунамі. Яны мелі права вяршыць суд над усімі простымі людзьмі, якія жылі на падначаленай ім тэрыторыі. Дзяржаўцы неслі адказнасць за сваю дзейнасць перад урадам. Памочнікамі дзяржаўцаў былі сельскія войты, якія сачылі за падтрыманнем парадку ў сёлах і выкананнем феадальных павіннасцей сялянамі.

У мясцовасцях, дзе жылі дзяржаўныя сяляне і не было замкаў ці маёнткаў, дзейнічалі органы сялянскага самакіравання і выбраныя імі старцы.

Па арганізацыі кіравання і характары залежнасці ад вышэйшых органаў улады беларускія гарады падзяляліся на тыя, якія мелі спецыяльныя граматы (прывілеі) на магдэбургскае права, і тыя, якія іх не мелі. Гарады, якія атрымалі прывілеі, выключаліся з адміністрацыі ваявод і старастаў, у іх утвараліся органы гарадскога кіравання (магістрат) у спалучэнні з некаторымі элементами самакіравання. У магістрат (Раду) уваходзілі войт, бурмістры, радцы і лаўнікі. Войт стаяў на чале гарадской адміністрацыі і суда і ажыццяўляў правасудцзе сумесна з сябрамі гарад­ской Рады і лаўнікамі. Войт мог прызначыць сабе намесніка - лент-войта. Памочнікам войта па кіраванні справамі ў горадзе былі бурмістры, якія прызначаліся або зацвярджаліся войтам з ліку сяброў гарадской Рады. У Раду ўваходзілі найбольш багатыя купцы, кіраўнікі рамесных цэхаў, багатыя майстры-рамеснікі. Рада вызначала асноўны напрамак развіцця гарадской гаспадаркі і кіравала пытаннямі добраўпарадкавання і ўтрымання ў баявой гатоўнасці абарончых збудаванняў, займалася зборам сродкаў на гарадскія патрэбы, ажыццяўляла кантроль за іх расходаваннем і г.д.

Прыватнаўласніцкія гарады былі ўласнасцю асобных князёў і паноў. Таму кіраванне ў іх залежала ад волі ўладальніка, які мог дазволіць утварэнне мясцовых органаў у адпаведнасці з магдэбургскім правам або прызначыць у горад свайго на-месніка-кіраўніка.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.