Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Грамадска-палітычнае жыцце БССР у 40 – 80-х ГГ.






Асноўныя рысы грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў пасляваенны перыяд. У пасляваенныя гады ў СССР, у тым ліку і БССР, захоўвалася палітычная сістэма, якая склалася ў 20 – 30-я гг. Кіруючую ролю ў грамадстве выконвала Камуністычная партыя. Усе пытанні палітычнага, гаспадарчага і культурнага жыцця рэспублікі знаходзіліся пад строгім кантролем партыйных камітэтаў.

На Беларусі, як і па ўсёй краіне, поўнасцю захавалася старая палітычная сістэма, у якой адміністрацыйныя функцыі ажыццяўляла Камуністычная партыя. Нягледзячы на тое, што адразу пасля вайны адбылася справаздачна-выбарная кампанія і змянілася партыйнае кіраўніцтва, метады яе работы засталіся нязменнымі. На кіруючыя пасады прызначаліся асобы, якія раней да Беларусі ніякага дачынення не мелі. У 1953 г. толькі 62, 2 % кіраўнікоў рэспубліканскай партыйнай арганізацыі складалі прадстаўнікі карэннай нацыянальнасці. Першымі сакратарамі ЦК Кампартыі Беларусі ў 1945 – 1956 гг. з’яўляліся П.Панамарэнка, М.Гусараў, М.Патолічаў, якіх сюды накіравалі з Масквы. У такіх умовах узмацнялася жорсткая партыйная цэнтралізацыя, што ўплывала на грамадска-палітычнае жыццё рэспублікі. Усе атрыбуты грамадска-палітычнага жыцця (наяўнасць партыі, грамадскіх арганізацый, галасаванні і выбары, сходы, шэсці, дэманстрацыі і г. д.) самі па сабе прысутнічалі, але праламляліся яны ў жыцці праз дзейнасць толькі адной палітычнай партыі.

Асаблівасцю грамадска-палітычнага жыцця ў СССР, у складзе якога была і БССР, з’яўлялася адсутнасць шматпартыйнасці, пры якой Камуністычная партыя была не столькі палітычнай, колькі дзяржаўнай арганізацыяй, якая ажыццяўляла функцыі заканадаўчай і выканаўчай улады праз выбары сваіх прадстаўнікоў у Саветы. Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) захоўвала сваю ўладу перш за ўсё дзякуючы таму, што партыйныя камітэты на ўсіх узроўнях узялі на сябе функцыю падбору і расстаноўкі кадраў. Пад гэты прынцып падпала нават выбарчая сістэма і ў саміх партыйных органах, а таксама ў Саветах і ва ўсіх грамадскіх арганізацыях. Самі ж выбары закліканы былі толькі дэманстраваць паслухмянасць мас, іх поўную згоду з тым безуладным становішчам, у якім яны знаходзіліся.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ва ўмовах варожай акупацыі на тэрыторыі БССР захаваліся толькі асобныя ачагі мясцовай савецкай улады ў зонах, якія кантраляваліся партызанамі. Аднаўленне Саветаў на вызваленай тэрыторыі ў першыя гады ажыццяўлялася па ініныятыве партыйных камітэтаў, паколькі многія выбрання да вайны дэпутаты або загінулі, або памянялі месцажыхарства.

У 1946 г. адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет СССР. У 1947 г. адбыліся першыя ў пасляваенныя гады выбары ў Вярхоўны Савет БССР і ў 1948 г. – у мясцовыя Саветы рэспублікі. Рэальная ўлада па-ранейшаму знаходзілася ў руках партыйных камітэтаў. Яны падмянялі дзейнасць Саветаў, абмяжоўвалі іх паўнамоцтвы як прадстаўнічых органаў. Многія Саветы займалі пасіўную пазіцыю, не вырашалі пытанняў, якія ўваходзілі ў іх кампетэнцыю, чакаючы ўказанняў зверху. Да таго ж рабочых і калгаснікаў, занятых непасрэдна на вытворчасці, у складзе Саветаў было ў 1948 г. толькі 5, 6 %, а ў 1950 г. – 4, 6 %. Строга рэгламентавалася і дзейнасць прафсаюзаў. У рэспубліцы прафсаюзы аб'ядноўвалі 644 тыс. чалавек, што складала 85, 7 % рабочых і служачых (калгаснікі не мелі сваіх прафсаюзаў).

У гэты час актывізавалася дзейнасць камсамольскіх арганізацый, У пачатку 1951 г. у БССР налічвалася 17418 камсамольскіх арганізацый, якія аб’ядноўвалі 442 тыс. чалавек. Аднак у дзейнасці камсамола было шмат фармалізму, выхаваўчая работа сярод моладзі часта праводзілася на нізкім узроўні.

Азмрочвалі пасляваеннае жыццё рэпрэсіі, якія закранулі ўсе слаі насельніцтва Беларусі. Палітыка рэпрэсій у Беларусі ў пасляваснныя гады была ў многім звязана з дзейнасцю міністра дзяржаўнай бяспекі БССР Л. Цанавы (1938 – 1951 гг.). У канцы 40-х – пачатку 50-х гг. па яго асабістаму ўказанню былі рэпрэсіраваны многія вядомыя партыйныя і дзяржаўныя дзеячы, прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Ахвярамі Цанавы сталі міністр асветы БССР П. Саевіч, прэзідэнт АН БССР А. Жэбрак і інш. Яны былі абвінавачаны ў нацыяналізме, контррэвалюцыйнай дзейнасці.

Рэпрэсіі закранулі і пісьменніцкую арганізацыю БССР. Пачатак гэтаму паклала пастанова ЦК ВКП(б) «Аб часопісах «Звязда» і «Ленінград» (жнівень 1946 г.). Абмеркаванне дзейнасці гэтых часопісаў было праведзена па ініцыятыве І. Сталіна. Вядомых дзеячаў літаратуры М. Зошчанку і Г. Ахматаву абвінавачвалі ў прапагандзе безыдэйнасці і апалітычнасці. У студзені 1947 г. была прынята пастанова ЦК ВКП(б) «Аб рабоце ЦК КП(б) Беларусі», у якой абвінавачваліся ў безыдэйнасці і буржуазным нацыяналізме некаторыя беларускія пісьменнікі і паэты. Былі рэпрэсіраваны пісьменнікі У. Дубоўка, С. Грахоўскі, А. Александровіч, А. Звонак і інш.

Значна павялічылася колькасць рэпрэсіраваных у пачатку 50-х гг. Калі на 1 студзеня 1944 г. у сістэме ГУЛАГа адбывалі пакаранне 15264 жыхары Беларусі, то на 1 студзеня 1951 г. іх колькасць павялічылася да 96471 чалавека (15% зняволеных складалі асуджаныя за крымінальныя злачынствы). ГУЛАГ – абрэвіятура галоўнага ўпраўлення лагерамі, якая ўжываецца як сімвалічная назва сталінскага рэпрэсіўнага рэжыму.

У пасляваенны час культ асобы Сталі дасягнуў свайго апагея. 3 яго імем звязваліся перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, усе дасягненні ў аднаўленні народнай гаспадаркі. У 1947 г. пачалося выданне на беларускай мове збору твораў І. Сталіна. Вялікімі тыражамі выходзіла «Кароткая біяграфія I. В. Сталіна». На яе вывучэнні будавалася ўся палітычная вучоба насельніцтва. Усё гэта спрыяла таму, што Сталін стаў дзейнічаць выключна аднаасобна.

У кастрычніку 1952 г. пасля 13-гадовага перапынку адбыўся XIX з'езд партыі, які перайменаваў ВКП(б) у КПСС.

Першыя спробы дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця. 5 сакавіка 1953 г. памёр І. Сталін. Старшынёй Савета Міністраў СССР быў зацверджаны Г. Малянкоў. Сакратарыят ЦК КПСС узначаліў М. Хрушчоў. Былі зроблены першыя спробы па дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця. Рэгулярна сталі праводзіцца партыйныя пленумы. У гэтым праявіўся некаторы паварот ад культу асобы да калектыўнага кіраўніцтва.

2 – 7 ліпеня 1953 г. пленум ЦК КПСС разгледзеў пытанне аб злачынных антыпартыйных і антыдзяржаўных дзеяннях члена Прэзідыума ЦК КПСС, намесніка Старшыні Савета Міністраў СССР і міністра ўнутраных спраў Л. Берыя. Пленум канстатаваў, што Л. Берыя імкнуўся выкарыстаць органы ўнутраных спраў супраць партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва, каб захапіць уладу ў краіне. У пастанове пленума адзначалася, што Берыя груба парушаў законнасць, фабрыкаваў хлуслівыя «справы» па абвінавачванню добрасумленных партыйных і дзяржаўных дзеячаў і разам са сваімі паплечнікамі, якія працавалі ў рэспубліках і абласцях краіны, распраўляўся з імі. (У Беларусі яго сябрам быў міністр дзяржаўнай бяспекі Л. Цанава.) Па рашэнню суда Л. Берыя і яго паплечнікі за злачынствы перад народам 23 снежня 1953 г. былі расстраляны. (Л. Цанава пасля арышту і ўзбуджэння супраць яго крымінальнай справы пакончыў жыццё самагубствам.)

Новыя рысы ў жыцці краіны, у тым ліку і Беларусі, з’явіліся пасля верасня 1953 г., калі першым сакратаром ЦК КПСС быў выбраны М. Хрушчоў. 3 гэтага часу адбыліся значныя змены ў дзейнасці партыйных, дзяржаўных і савецкіх органаў, а таксама грамадскіх арганізацый. У прыватнасці, на пленумах ЦК КПБ, пасяджэннях Савета Міністраў рэспублікі сталі абмяркоўвацца пытанні гаспадарчага і культурнага развіцця Беларусі. Былі пашыраны правы мясцовых Саветаў. Ім было перададзена вырашэнне шэрагу пытанняў, якія раней уваходзілі ў кампетэнцыю рэспубліканскіх органаў. Аднак дабіцца сапраўднага поўнаўладдзя Саветаў у гэты час не ўдалося.

Значна актывізавалі сваю дзейнасць прафсаюзы. У 1956 г. яны аб’ядноўвалі 93, 7 % рабочых і служачых рэспублікі. Больш ініцыятыўнымі сталі камсамольскія арганізацыі. Аднак ні прафсаюзы, ні камсамол па-ранейшаму не маглі поўнасцю выконваць свае функцыі. Практыка падмены функцый грамадскіх арганізацый партыйнымі органамі працягвалася.

У першай палове 50-х гг. былі здзейснены некаторыя спробы па скарачэнню адміністрацыйнага анарату, умацаванню законнасці і правапарадку. У Беларусі была значна зменшана колькасць міністэрстваў і ведамстваў, адбылося ўзбуйненне абласцей і мясцовых Саветаў, штат адміністрацыйна-кіруючага апарату такім чынам паменшыўся на 10 тыс. чалавек.

Аднак гэтыя мерапрыемствы не маглі прынесці адчувальных вынікаў, бо, як і раней, захоўваліся прыярытэты адміністрацыйных рычагоў кіравання над эканамічнымі.

Па-сапраўднаму значныя змены ў грамадска-палітычным жыцці краіны, у тым ліку і Беларусі, пачаліся пасля XX з’езда КПСС, які адбыўся 14 – 25 лютага 1956 г. З’езд разам з іншымі пытаннямі шмат увагі ўдзяліў развіццю дэмакратыі. На закрытым пасяджэнні з’езда М. Хрушчоў выступіў з дакладам «Аб кульце асобы і яго выніках». 30 чэрвеня 1956 г. ЦК К.ПСС прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». У гэтых дакументах была зроблена спроба выявіць канкрэтна-гістарычныя вытокі і прычыны ўзнікнення культу асобы Сталіна, яго сутнасць.

Пасля XX з’езда КПСС былі здзейснены важныя палітычныя мерапрыемствы па пераадоленню культу асобы Сталіна. Перш за ўсё былі рэабілітаваны ахвяры рэпрэсій. У Беларусі з 1956 па 1962 г. было рэабілітавана 29012 чалавек. Сярод іх былі вядомыя партыйныя, дзяржаўныя, ваенныя, грамадскія дзеячы, работнікі навукі і культуры, рабочыя і калгаснікі.

Партыйную арганізацыю Беларусі ў гэты час ( з ліпеня 1956 г. па сакавік 1965 г.) узначальваў К. Т. Мазураў. У маі 1956 г. ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР прыняў пастанову аб пашырэнні правоў саюзных рэспублік. У распараджэнне рэспублік перадаваўся шэраг прадпрыемстваў і арганізацый, якія раней падпарадкоўваліся саюзным міністэрствам. У 1956 г. БССР было перададзена 356 такіх праднрыемстваў, а ў 1957 г. – больш чым 500. У выніку аб’ём прадукцыі прадпрыемстваў рэспубліканскага падпарадкавання ў Беларусі склаў у 1956 г. 82 % ад агульнага аб'ёму, што было на 15 % больш, чым у 1953 г.

11 сакавіка 1957 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў закон, паводле якога рэспублікі самі маглі вырашаць пытанні абласнога і краявога адміністрацыйна-тэрытарыяльнага будаўніцтва. Пашыраліся заканадаўчыя правы саюзных рэспублік. Але гэтыя меры не зрабілі адметнага ўплыву на рэальнае палітычнае становішча рэспублік. У іх па-ранейшаму захоўвалася ўсеўладдзе партыйнага апарату.

У кастрычніку 1961 г. адбыўся XXII з’езд КПСС, які прыняў праграму пабудовы камунізму. Ставілася задача за два дзесяцігоддзі стварыць матэрыяльна-тэхнічную базу камунізму. Такая выснова была зроблена на падставе значных поспехаў у эканоміцы, якія былі дасягнуты к пачатку 60-х гг., спрыяльнага міжнароднага становішча. Аднак нерэальнасць пастаўленай мэты была відавочнай для большасці спецыялістаў і ў тыя гады. Стваральнікі праграмы не правялі глыбокага навуковага аналізу стану эканомікі і псрспектыў яе развіцця. Былі дапушчаны пралікі ў прагнозе міжнародных абставін, якія хутка пагоршыліся. Стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізму было немагчыма і таму, што кіраўніцтва краіны збіралася зрабіць гэта з дапамогай старога палітычнага і эканамічнага механізма. Тым больш што тыя дэмакратычныя працэсы, якія назіраліся ў эканамічным і грамадскім жыцці краіны ў другой палове 50-х гг., неўзабаве былі заблакіраваны сіламі бюракратычнага кансерватызму. Рэальная ўлада знаходзілася ў руках партыйных камітэтаў, у дзейнасці якіх усё больш выразна пачалі выяўляцца бюракратызм, заарганізаванасць і фармалізм.

Нарастанне негатыўных з’яў. У кастрычніку 1964 г. М. С. Хрушчоў – ініцыятар палітыкі лібералізацыі грамадска-палітычнага жыцця быў зняты з пасады Першага сакратара ЦК КПСС. Кіраўніком Камуністычнай партыі, а гэта значыць фактычна і ўсёй савецкай дзяржавы, стаў Л. І. Брэжнеў, гады ўлады якога (1964 – 1982) атрымалі ў некаторых гісторыкаў вельмі яскравую назву «застою».

У гэтыя гады схільнасць вяртання да сталінізму старанна скрывалася, рабіўся выгляд, што ў краіне існуюць дэмакратычныя формы ўлады. На самай справе ўся ўлада фактычна была ў руках партыйнага апарату, так званай наменклатурнай эліты, якая сфарміравалася ў асобную, адарваную ад народа касту. Па гэтай прычыне палітычная сістэма, якая склалася ў гэтыя гады, аказалася няздольнай да пастаяннага самаўдасканалення, што абумовіла непазбежнасць яе крылісу.

Асаблівасцю палітычнай сістэмы таго часу стала непасрэднае прамое партыйнае кіраўніцтва эканомікай (так, планы пяцігодак прымаліся на з’ездах КПБ, у структуры парторганаў дзейнічалі аддзелы, якія кіравалі асобнымі галінамі эканомікі), а таксама наменклатурны прынцып фарміравання кіруючых органаў у самой партыі і грамадскіх арганізацыях. Стварылася вялікая армія партыйна-дзяржаўных бюракратаў, якая кіравалася зверху, з Масквы.

У партыйных камітэтах былі створаны новыя структуры, якія дубліравалі гаспадарчыя органы. Кіруючая роля партыі ў грамадстве была замацавана ў новай Канстытуцыі СССР, прынятай у 1977 г., Канстытуцыя БССР – у 1978 г.

У такіх умовах скоўвалася ініцыятыва Саветаў, адбывалася “адзяржаўленне” прафсаюзаў. Яны пераўтварыліся ў адно са звёнаў партыйна-дзяржаўнай сістэмы ўлады. Супярэчлівыя працэсы назіраліся і ў камсамоле. 3 аднаго боку, ён праводзіў вялікую работу па ідэйна-палітычнаму, патрыятычнаму і працоўнаму выхаванню моладзі, з другога – у дзейнасці камсамольскіх камітэтаў было шмат фармалізму, паказухі.

Негатыўныя з’явы нарасталі і ў Беларусі. Узмацняўся, хоць і ў меншай стунені, чым у іншых рэспубліках, партыйна-бюракратычны стыль кіраўніцтва, фарсіраваўся колькасны рост партыі. На 1 студзеня 1986 г. у КПБ налічвалася 667 980 камуністаў супраць 319 196 на 1 студзеня 1965 г.

З 1965 па 1980 г. узначальваў КПБ Пётр Міронавіч Машэраў, які карыстаўся вялікай павагай як удзельнік партызанскай барацьбы, адзіны Герой Савецкага Саюза сярод партыйных чыноўнікаў, які атрымаў гэтае званне за гераізм у гады вайны, а не за шматгадовую працу ў партыйных кабінетах.

Змены ў грамадскім жыцці. Усеўладдзе ў краіне бюракратаў сведчыла аб тым, што рэспубліка, як і ўвесь Саюз, спынілася ў сваім грамадска-палітычным развіцці. У гэты час была прыпынена рэабілітацыя ахвяр сталінскіх рэпрэсій, узмацнілася роля КДБ, фармальны характар набылі абвешчаныя ў Канстытуцыі БССР 1978 г. дэмакратычныя свабоды. Адсутнасць свабоды слова выяўлялася ў кантролі партыі за сродкамі інфармацыі, друку. Людзі ў гэтых умовах усё ж такі знаходзілі іншыя шляхі для абмену думкамі і ідэямі, напрыклад у палітычных анекдотах, у выданні і распаўсюджванні самавыдавецкай літаратуры. Такія формы грамадска-палітычнага жыцця называліся нефармальнымі, і за імі вельмі ўважліва сачылі органы КДБ, якія займаліся выкарчоўваннем «іншадумства» і наступова зрасталіся з партыяй.

Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі ў 70-я – першай палове 80-х гг. – з’ява складаная і пакуль што мала вывучаная. Яе складанасць абумоўлена тым, што ўзмацненне аўтарытарнага рэжыму ў гэтыя гады адбывалася ва ўмовах, калі эканоміка знаходзілася яшчэ на ўздыме і многія яе супярэчнасці часова згладжваліся. На аснове росту эканомікі адбывалася павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, што служыла спрыяльнай базай для фарміравання станоўчых адносін да палітыкі партыі.

У 1979 г. савецкія войскі (у першую чаргу Віцебская паветрана-дэсантная дывізія) былі ўведземы ў Афганістан. Увод савецкіх войск у Афганістан тлумачыўся неабходнасцю дапамогі паўднёваму суседу СССР у яго барацьбе за самастойнае развіццё, хаця сапраўды гэта было падтрымкай толькі аднаго палітычнага рэжыму, які сімпатызаваў КПСС. У далейшым увод войскаў у Афганістан быў прызнаны палітычнай памылкай. Горам і боллю адгукнулася ў сэрцах беларускіх жанчын-матуль, жонак ды сясцёр гібель 789 беларускіх хлопцаў, якія ў цынкавых трунах спецыяльнымі самалётамі, атрымаўшымі назву «чорны цюльпан», дастаўляліся на Радзіму.

Адчуванне таго, што курс партыі з’яўляецца не зусім правільным, з’явілася ў насельніцтва толькі ў пачатку 80-х гг., і вайна ў Афганістане, зразумела, адыграла ў гэтым сваю ролю. Але падстаў для турбот у кіраўніцтва дзяржавы пакуль што не ўзнікала, таму што сілы, якая б магла адабраць уладу ў партыі, рэальна ў краіне не было.

Спроба выхаду са становішча, што склалася, была зроблена пасля лістападаўскага (1982 г.) пленума ЦК КПСС, на якім генеральным сакратаром ЦК КПСС быў выбраны Ю. У. Андропаў. Адразу ж пачаліся барацьба за навядзенне парадку і дысцыпліны, мерапрыемствы супраць карупцыі, хаця і тут не абышлося без перагібаў. Пасля смерці Ю. У. Андропава ў лютым 1984 г. генеральным сакратаром ЦК КПСС быў абраны бліжэйшы паплечнік Л. Брэжнева К. У. Чарненка. Пачалося вяртанне да ранейшых форм і метадаў кіраўніцтва.

Такім чынам, грамадска-палітычнае жыццё краіны, у тым ліку і Беларусі, у 50-я – першай палове 80-х гг. было супярэчлівым. 3 аднаго боку, яно характарызавалася адносным пацяпленнем палітычнага клімату, дэмакратызацыяй, а з другога – новымі дэфармацыямі, усеўладдзем партыйна-дзяржаўнай бюракратыі. Здаровыя сілы грамадства ўсё вастрэй адчувалі неабходнасць пераадолення негатыўных з’яў, маральнага ачышчэння і абнаўлення грамадства.

БССР на міжнароднай арэне. Выхад БССР на міжнародную арэну. Яшчэ на Тэгеранскай канферэнцыі трох вялікіх дзяржаў (лістапад - снежань 1943 г.) было прынята рашэнне аб заснаванні пасля вайны аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі, якая б вырашала важнейшыя праблемы сусветнага жыцця і выступала гарантам міру і бяспекі. Каб павялічыць свой уплыў на яе дзейнасць, урад СССР прапанаваў прызнаць паўнапраўнымі членамі новай арганізацыі ўсе рэспублікі Саюза. 3 мэтай юрыдычнага абгрунтавання гэтай прапановы Вярхоўны Савет СССР 1 лютага 1944 г. прыняў закон аб наданні саюзным рэспублікам пэўных паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін. На аснове гэтага закона сесія Вярхоўнага Савета БССР (сакавік 1944 г.) замацавала ў Канстытуцыі рэспублікі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі нагадненні, абменьвацца дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі. 24 сакавіка 1944 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб стварэнні Народнага камісарыята замежных спраў (з 1946 г. – Міністэрства замежных спраў).

Аднак калі пытанне было вынесена на абмеркаванне на канферэнцыі ў Думбартан-Оксе (21 жніўня – 28 верасня 1944 г.), дзе распрацоўваўся праект Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, заходнія дзяржавы кваліфікавалі гэту прапанову СССР як памкненне да " шматлікага членства" з мэтай забеспячэння сабе пэўных пераваг.

Вызначальнымі для выхаду Беларусі, а таксама Украіны на міжнародную арэну ў якасці суб’ектаў міжнароднага права сталі рашэнні Крымскай канферэнцыі кіраўнікоў СССР, Англіі і ЗША (люты 1945 г.) аб стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН) як гаранта міру.

Прадстаўнікі ўрадаў ЗША і Англіі пагадзіліся толькі на запрашэнне ў ААН Украіны і Беларусі, улічваючы іх вялікі ўклад у разгром фашызму і панесеныя ў час вайны людскія ахвяры і матэрыяльныя страты. У красавіку 1945 г. Украіна і Беларусь атрымалі запрашэнне стаць дзяржавамі – заснавальніцамі. 6 мая 1945 г. беларуская урадавая дэлегацыя на чале з наркамам замежных спраў К.В.Кісялёвым прыехала ў Сан-Францыска, дзе актыўна ўключылася ў работу. 26 чэрвеня 1945 г. у Сан-Францыска прадстаўнікі 50 дзяржаў-заснавальніц, у тым ліку і БССР, падпісалі Статут ААН.

Па ініцыятыве беларускай дэлегацыі 1-я сесія Генеральнай Асамблеі ААН (1946 г.) прыняла рэзалюцыю аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў. БССР актыўна выступала ў падтрымку міру, супраць пагрозы новай вайны, за стварэнне сістэмы міжнароднай бяспекі. Уся знешнепалітычная дзейнасць БССР як саюзнай рэспублікі развівалася ў рэчышчы міжнароднай палітыкі СССР.

У першыя пасляваенныя гады Беларусь заключыла таксама шэраг пагадненняў з замежнымі краінамі. У верасні 1944 г. паміж урадам БССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення было падпісана пагадненне аб абмене насельніцтвам. Што датычылася дагавора аб савецка-польскай мяжы, ён быў заключаны 16 жніўня 1945 г. без удзелу ўпаўнаважаных прадсгаўнікоў БССР. У выніку рэспубліка страціла 17 раёнаў Беластоцкай вобласці з Беластокам і тры раёны Брэсцкай вобласці і атрымала ўзамен з польскага боку 15 вёсак, якія былі населены пераважна беларусамі. У 1946 г. дэлегацыя БССР прымала ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, дзе актыўна выступала ў абмеркаванні тэрытарыяльных і рэпарацыйных пытанняў у пасляваеннай Еўропе.

10 лютага 1947 г. міністр замежных спраў БССР К.В.Кісялёў падпісаў дагавор аб міры з былымі саюзнікамі фашысцкай Германіі: Балгарыяй, Італіяй, Румыніяй, Венгрыяй і Фінляндыяй.

Але членства ў ААН не прывяло да істотных змен у становішчы рэспублікі як унутры СССР, так і на міжнароднай арэне. Ва ўмовах сталінскага рэжыму ўся знешнепалітычная дзейнасць была манапалізавана саюзным урадам, а паміж рэспублікамі і цэнтрам адсутнічала размежаванне ў іх функцыях. Тым не менш удзел Беларусі ў рабоце ААН меў станоўчае значэнне, бо садзейнічаў развіццю міжнародных сувязяў і кантактаў, набыццю дыпламатычнага вопыту і культуры.

Пачынаючы з 1947 г. міжнародная дзейнасць Беларусі фактычна абмяжоўваецца ўдзелам у рабоце ААН. Гэта было звязана з тым, што ў першае пасляваеннае дзясяцігоддзе ўзнікла і абвастрылася " халодная вайна". Трыбуна ААН стала актыўна выкарыстоўвацца ў супрацьстаянні паміж Захадам і Усходам. Не маючы рэальнай самастойнасці ў міжнародных справах, беларускія дыпламаты вымушаны былі толькі выступаць у падтрымку агульнасаюзных, маскоўскіх прапаноў. Негатыўны адбітак на міжнародныя справы манесла і ўзмацніўшаяся падазронасць да ўсіх, хто меў кантактм з іншаземцамі, 6о ў канцы 40-х – пачатку 50-х гт. праходзіла кампанія па барацьбе з касмапалітамі і нізкапаклонствам перад Захадам. У выніку ў 1944 – 1955 гт. БССР падпісала толькі 30 дагавораў, пагадненняў, канвенцый і ўступіла ў Міжнародны саюз элекграсувязі, Сусветны паштовы саюз (1947), Сусветную метэаралагічную арганізацыю (1948), Міжнародную арганізацыю працы (1954).), Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах адукацыі, навукі і культуры – ЮНЭСКА (з 1954 г.) і інш.

Больш спрыяльныя магчымасці для ажыццяўлекня міжнароднай дзейнасці БССР узнікаюць у другой палове 50-х гг. Змякчэнне міжнароднай напружанасці і пераход савецкага кіраўніцтва на шлях актыўнага супрацоўніцтва з ААН і яе арганізацыямі садзейнічалі таму, што саюзныя рэспублікі атрымалі больш правоў і паўнамоцгваў. У 1958 г. было адкрыта прадстаўніцтва Беларускай ССР пры ААН, што дазволіла ёй актывізаваіць сваю работу.

Па-ранейшаму дэлегацыя Беларусі адстойвала ў ААН лінію на ўмацаванне міру і бяспекі, ліквідацыю каланіялізму, развіццё раўнапраўнага эканамічнага супрацоўніцтва. Пры яе актыўным удзеле ў 1960 г. была прынята Дэкларцыя ААН аб наданні незалежнасці каланіяльным народам і краінам, што садзейнічала развіццю нацыянальна-вызваленчага руху. Яна выступала супраць лакальных войнаў, удзельнічала ў абмеркаванні праблем аб усеагульным і поўным раззбраенні. У 1963 г. у ліку першых БССР падпісала ў Маскве дагавор аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ўатмасферы, космасе і пад вадой. У 1970 г.быў ратыфікаваны дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Беларуская ССР у 1974 – 1975 гт. абіралася непастаянным членам Савега Бяспекі, пяць разоў яе прадстаўнікі прысутнічалі ў Эканамічным і Сацыяльным Савеце. Прадстаўніцтвы БССР дзейнічалі ў спецыялізаваных органах ААН, такіх як ЮНЕСКА (Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры), МАГАТЭ (Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі) і інш. К сярэдзіне 60-х гг. рэспубліка падпісала больш за 160 дагавораў і пагадненняў, што яскрава сведчыла аб узмацненні яе міжнароднага аўтарытэту.

У 1985 г. ужо ўсе вобласці Беларусі мелі сістэматычныя кантакты на аснове дагавораў з 10 ваяводствамі Польшчы, дзвюма акругамі ГДР, акругай Балгарыі і вобласцю Чэхаславакіі. Пашырэнне супрацоўніцтва прывяло да таго, што ў 1972 г. у Мінску былі адкрыты генеральныя консульствы ГДР і ПНР.

У 60 – пачатку 80 гг. Міністрам замежных спраў СССР быў ураджэнец в. Грамыкі Гомельскай вобласці А.А. Грамыка.

Развіццё эканомікі ў 1946 – пач. 80-х гг. Аднаўленне прамысловасці. Вялікая Айчынная вайна і нямецка-фашысцкая акупацыя прынеслі незлічоныя бедствы беларускаму народу. Захопнікі разбурылі і спалілі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, у тым ліку і сталіцу БССР – г. Мінск. У гэтай сувязі пасля вайны нават ставіліся пытанні аб пераносе сталіцы рэспублікі ў г. Магілёў ці будаўніцтве новага Мінска ў другім месцы.

За гады нямецка-фашысцкай акупацыі было разбурана 9200 сельскіх паселішчаў, 10338 прамысловых прадпрыемстваў, амаль усе электрастанцыі. Была знішчана грамадская жывёлагадоўля, разбурана матэрыяльная база адукацыі, навукі, культуры. Па прамысловых і энергетычных магутнасцях Беларусь была адкінута да ўзроўню 1913 г.

Аднаўленне народнай гаспадаркі Беларусі пачалося у 1943 г., з пачатку вызвалення тэрыторыі рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. 21 жніўня 1943 г. ЦК ВКП(б) і СНК СССР прынялі пастанову «Аб неадкладных мерах па аднаўленню гаспадаркі ў раёнах, вызваленых ад нямецкай акупацыі». Галоўнай задачай аднаўленчай працы ў гэты перыяд было як мага хутчэй аднавіць і наладзіць работу аб’ектаў, прадукцыя якіх была вельмі неабходна фронту. Асаблівая ўвага ўдзялялася аднаўленню металаапрацоўчай прамысловасці і машынабудавання.

У выкананні гэтай задачы вялікую дапамогу беларускаму народу аказалі іншыя народы СССР. 3 розных канцоў Савецкага Саюза ў рэспубліку ішлі вагоны з харчаваннем, адзеннем, будаўнічымі матэрыяламі, аўтамабілямі, трактарамі.

Аднаўляць заводы машынабудавання і металаапрацоўчай прамысловасці Беларусі дапамагалі кваліфікаваныя спецыялісты з Масквы, Горкага, Свярдлоўска і іншых гарадоў СССР. У выніку ўжо ў 1944 г. у рэспубліцы было адноўлена 196 машынабудаўнічых прадпрыемстваў, у тым ліку 18 буйных, на якіх быў арганізаваны рамонт самалётаў, танкаў, аўтамашын, выпуск іншай ваеннай прадукцыі. Сярод іх мінскія заводы: станкабудаўнічы імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, вагонарамонтны, аўтазборачны, авіяцыйны і інш.

У сваю чаргу беларускі народ дапамагаў аднаўляць гаспадарку тым савецкім рэспублікам, якія таксама зведалі нямецка-фашысцкую акупацыю. 3 Беларусі ішоў крапежны лес для аднаўлення вугальных шахт Данбаса. Шматтысячны атрад моладзі рэспубліка накіравала на аднаўленне Сталінграда, Дняпроўскай электрастанцыі, металургічнага завода «Запарожац» і інш.

У 1945 г. аб'ём валавой прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі ў рэспубліцы склаў 45 % даваеннага ўзроўню. Поўнасцю ці часткова сталі дзейнічаць «Гомсельмаш», Магілёўскі металаапрацоўчы камбінат, Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы», Віцебская швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» і інш. Да пачатку другога паўгоддзя 1944 г. было адноўлена 72 электрастанцыі. Аднаўлялася паліўная база рэспублікі. У 1945 г. дзейнічала 20 торфазаводаў. Шмат увагі ўдзялялася аднаўленню беларускай чыгункі, рачнога транспарту, лёгкай і харчовай прамысловасці. Такім чынам, беларускі народ з дапамогай іншых народаў СССР, калі яшчэ працягвалася вайна, зрабіў першыя крокі на шляху аднаўлення гаспадаркі. У 1945 г. было выраблена прамысловай прадукцыі ў 3, 7 раза больш, чым у 1944 г. Але ў параўнанні з 1940 г. гэта склала толькі 20 %.

У верасні 1946 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў «Закон аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі рэспублікі на 1946 – 1950 гг.». Гэта быў чацвёрты па ліку пяцігадовы план у гісторыі Савецкай Беларусі. Характэрнай яго асаблівасцю было не толькі аднаўленне разбуранай гаспадаркі, але, і гэта галоўнае, стварэнне новых галін вытворчасці. Аб’ём капіталаўкладанняў на пяцігодку перавышаў памер капіталаўкладанняў за тры даваенныя пяцігодкі, разам узятыя. Асноўным напрамкам прамысловага развіцця пасляваеннай Беларусі вызначаўся паскораны рост машынабудавання, металаапрацоўкі, электраэнергетыкі, паліўнай прамысловасці, вытворчасці будматэрыялаў.

Акцэнт быў зроблены на паскораным аднаўленні торфаздабычы, энергетыкі і развіцці машынабудавання, стварэнні такіх галін прамысловасці, якіх раней на Беларусі не існавала: аўтамабіле- і трактарабудаванне і інш. Паварот у бок вытворчасці сродкаў вытворчасці вызначаўся імкненнем кіраўнікоў БССР направіць развіццё беларускіх гарадоў па традыцыйным для Расіі шляху індустрыяльных цэнтраў, жаданнем прыцягнуць праз будаўніцтва новых прадпрыемстваў асігнаванні на жыллёвае будаўніцтва і сацыяльнае забеспячэнне, змяненнем геапалітычнага становішча Беларусі (савецкія войскі знаходзіліся ўжо ў цэнтры Еўропы). Гэта, аднак, натыкнулася на істотныя цяжкасці з забяспячэннем кваліфікаванымі рабочымі кадрамі і будаўнічымі матэрыяламі.

За пяцігодку былі адноўлены, пабудаваны і сталі даваць прадукцыю звыш 6 тыс. буйных, сярэдніх і дробных прадпрыемстваў, у тым ліку Мінскі, Гомельскі, Віцебскі, Аршанскі станкабудаўнічыя заводы, Гомельскі паравозавагонарамонтны і інш. У 1947 г. даў сваю першую прадукцыю Мінскі мотавелазавод. Буйнейшымі новабудоўлямі рэспублікі былі аўтамабільны і трактарны заводы ў Мінску. У будаўніцтве гэтых гігантаў прымала ўдзел уся краіна. Машынабудаванне і металаапрацоўка ператварыліся ў вядучыя галіны эканомікі Беларусі. Іх валавая прадукцыя ў 1950 г. перавысіла ўзровень 1940 г. у 2, 4 раза.

Аднаўлялася энергетычная база рэспублікі. У 1950 г. выпрацоўка электраэнергіі перавысіла даваенны ўзровень на 53 %. Прычым 80% электраэнергіі было выпрацавана на мясцовым тарфяным паліве. Развіваліся і традыцыйныя галіны беларускай эканомікі: вытворчасць будматэрыялаў, лясная і дрэваапрацоўчая прамысловасць і інш.

Значных зрухаў дасягнула лёгкая прамысловасць. Былі пабудаваны Мінскі і Гродзенскі тонкасуконныя камбінаты, рэканструяваны гарбарна-абутковыя прадпрыемствы, ільнозаводы, хутка развівалася швейная прамысловасць. У выніку павялічыўся выпуск прадметаў спажывання: абутку, адзення, вырабаў са скуры і інш.

Дзякуючы гераічнай працы беларускага народа, дапамозе, якая ішла з іншых рэспублік СССР, прамысловасць Беларусі ў 1950 г. перавысіла даваенны ўзровень на 15 %.

Характэрнай асаблівасцю чацвёртай пяцігодкі ў БССР з’яўляліся апераджальныя ў параўнанні з адпаведнымі паказчыкамі па СССР тэмпы індустрыяльнага развіцця. Аднаўленне народнай гаспадаркі ажыццяўлялася на новай тэхнічнай аснове, выкарыстоўваліся новыя метады вытворчасці, пачала ўкараняцца механізацыя вытворчых працэсаў.

Але перакос у бок вытворчасці сродкаў вытворчасці прывёў да таго, што ў заняпадзе засталіся традыцыйныя для Беларусі лёгкая, харчовая галіны, прамысловасць будаўнічых матэрыялаў. Абсталяванне прадпрыемстваў адзначаных галін фізічна і маральна састарэла, не адпавядала патрабаванням навукова-тэхнічнага прагрэсу, што адбілася на забеспячэнні насельніцтва самым неабходным.

Атрымаўшы перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, савецкі народ марыў аб мірным, светлым жыцці. Па ўсёй краіне, у тым ліку і ў Беларусі, разгарнулася сацыялістычнае спаборніцтва. Рабочы клас Беларусі горача адгукнуўся на заклік ленінградцаў – выканаць пяцігодку за 4 гады. К пачатку 1949 г. 85 % рабочых, занятых у прамысловасці, на транспарце і ў будаўніцтве, удзельнічалі ў сацыялістычным спаборніцтве. I хаця ў гэтым спаборніцтве было шмат фармалізму, яно садзейнічала канцэнтрацыі намаганняў працоўных калектываў на выкананне галоўнай задачы – аднаўленне і далейшае развіццё народнай гаспадаркі краіны.

Пасля вызвалення Беларусі ўрад БССР патрабаваў ад Германіі выплаты рэпарацый на суму 1 млрд. 500 млн. амерыканскіх дол., што складала каля 10 % ад панесеных Беларуссю страт (была выплачана толькі нязначная частка).

Многія галіны прамысловасці Беларусі развіваліся паскоранымі тэмпамі. Упершыню ў рэспубліцы быў асвоены выпуск аўтамабіляў, аўтапрычэпаў, трактароў, лакамабіляў, веласіпедаў. У той жа час па шэрагу паказчыкаў прамысловасць Беларусі заданне пяцігадовага плана не выканала. У прыватнасці, не дасягнула намечанага ўзроўню прадукцыя лёгкай, харчовай прамысловасці, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Большасць прадпрыемстваў не выканала плану па росту прадукцыйнасці працы. Тлумачылася гэта перш за ўсё аб’ектыўнымі цяжкасцямі аднаўленчага перыяду, а таксама тым, што прамысловасць рэспублікі развівалася пераважна экстэнсіўным шляхам. Стрымлівала эканамічны рост і старая сістэма кіравання эканомікай, якая склалася яшчэ ў канцы 20-х – 30-я гг. Пры гэтым яна ў першыя ж пасляваенныя гады стала значна больш цэнтралізаванай і разгалінаванай. Так, калі ў 1936 г. у СССР было 18 наркаматаў, то ў 1946 г. іх стала ўжо 44. У выніку кіраванне рознымі галінамі народнай гаспадаркі намнога ўскладнілася. Шматлікія ведамасныя бар’еры перашкаджалі каапераванню прадпрыемстваў, распыляліся сродкі, марудна вярталіся ў прамысловасць кадры спецыялістаў. Гэтыя суб’ектыўныя фактары нараджалі дадатковыя цяжкасці ў пасляваеннай адбудове гаспадаркі.

Сельская гаспадарка. За гады вайны сельская гаспадарка Беларусі панесла вялікія страты. У 1945 г. пасяўныя плошчы ў рэспубліцы складалі не больш чым 74 % ад даваенных. Валавы збор збожжа быў на 30 % ніжэй за даваенны. Цалкам была знішчана грамадская жывёлагадоўля. Аднаўленне сельскай гаспадаркі пачалося разам з вызваленнем тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. У першую чаргу былі прыняты меры па матэрыяльна-тэхнічнаму ўмацаванню калгасаў і саўгасаў. Вялікае значэнне мела пастанова СНК СССР і ЦК ВКП(б) «Аб аказанні дапамогі вызваленым раёнам Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласцой Беларускай ССР па аднаўленню МТС і калгасаў» (27 снежня 1943 г.).

Згодна з гэтай пастановай у Беларусь было завезена з усходніх раёнаў СССР 1542 трактары, 13 тыс. коней, 30 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, 130 тыс. авечак, 50 тыс. свіней. У 1945 г. у рэспубліку было дастаўлена больш за 25 тыс. розных сельскагаспадарчых машын, 70 тыс. коней, 109 тыс. кароў, больш чым 3 тыс. аўтамашын.

19 верасня 1946 г. Савет Міністраў СССР і ЦК ВКП(б) прынялі пастанову «Аб мерах па ліквідацыі парушэнняў Статута сельскагаспадарчай арцелі ў калгасах». Калгасам была вернута зямля і жывёла, якія знаходзіліся ў карыстанні прыватных асоб і ўстаноў. К канцу чацвёртай пяцігодкі агульная пасяўная плошча ў рэспубліцы дасягнула 91, 4% даваеннай, а пасевы збожжавых – 97, 1%. Аднак большасць калгасаў яшчэ былі нерэнтабельнымі і стратнымі. Справа ў тым, што вельмі цяжкімі былі вынікі вайны, асноўныя сродкі накіроўваліся на развіццё цяжкай прамысловасці, не хапала працоўнай сілы. Уся праца ў сельскай гаспадарцы выконвалася галоўным чынам жанчынамі, старымі і падлеткамі.

Хуткае аднаўленне прамысловасці, пэўныя поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі дазволілі вырашыць і некаторыя сацыяльныя праблемы. 22 жніўня 1944 г. СНК СССР прыняў пастанову «Аб аказанні дапамогі Беларускай ССР па забеспячэнню насельніцтва харчовымі і прамысловымі таварамі». У 1944 г. рэспубліка атрымала харчовых і прамысловых тавараў амаль на 485 млн руб. У другой палове 1945 г. і ў 1946 г. былі скасаваны абавязковыя звышурочныя работы, дазволены чарговыя і нечарговыя водпускі рабочым і служачым. У снежні 1947 г. была адменена картачная сістэма. Будавалася жыллё. Аднаўлялася сістэма аховы здароўя. Гэта былі першыя крокі ў паляпшэнні матэрыяльнага становішча працоўных, якое заставалася яшчэ вельмі цяжкім.

Сітуацыю ў сельскай гаспадарцы рэспублікі істотна пагоршыла масавая калектывізацыя ў заходніх абласцях Беларусі. Стварэнне першых калгасаў пачалося тут яшчэ напачатку другой сусветнай вайны. Пасля яе заканчэння ў першыя гады савецкая ўлада ў Заходняй Беларусі была яшчэ недастаткова моцнай. Складанай заставалася сітуацыя ў суседняй Польшчы. Але ў лютым 1949 г. прымаецца канчатковае рашэнне (на XIX з’ездзе КПБ) аб правядзенні калектывізацыі і за два гады была загнана (часткова заахвочана) у калгасы большасць сялянскіх гаспадарак гэтага рэгіёну Беларусі. Адначасова адбывалася ссяленне хутароў, што разам са зменай традыцыйных формаў гаспадарання нанесла адчувальны ўдар па сельскагаспадарчай вытворчасці. Прымусовы характар гэтага мерапрыемства, наяўнасць асобных узброеных банд і груп прывялі да значных ахвяр і рэпрэсій у Заходняй Беларусі.

Па сутнасці сельскагаспадарчая палітыка, якая праводзілася на Беларусі ў першыя пасляваенныя гады, завяршылася банкруцтвам. Нягледзячы на павелічэнне пагалоўя жывёлы ў калгасах да 1950 г. у параўнанні з даваенным узроўнем на 1/3, мяса было атрымана амаль на столькі ж менш, чым у 1940 г. Вытворчасць малака не дасягнула і 60 % даваеннага ўзроўню. Нават такі экстэнсіўны паказчык, як аб'ём пасяўных плошчаў, не быў выкананы. I калі б адзначанае можна было аднесці да вынікаў вайны, то з гэтага пункту гледжання цяжка растлумачыць зніжэнне сельскагаспадарчай вытворчасці ў 1950 – 1952 гг., бо ўсе паказчыкі ў гэтыя гады былі ніжэйшымі, чым у першы пасляваенны 1946 г. Пасля змены кіраўніцтва СССР у 1953 г. рабіліся адпаведныя захады, каб палепшыць сітуацыю ў сельскай гаспадарцы: былі павялічаны закупачныя цэны і вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі, спісана запазычанасць з калгасаў, а самае галоўнае – зменена сістэма падаткаабкладання асабістага надзелу вяскоўца (больш пачалі плаціць з памеру зямельнай плошчы, а не з таго, што на ёй вырошчвалася). Гэта, безумоўна, мела станоўчыя вынікі.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё БССР у другой палове 50-х – першай палове 60-х гг.

Паскарэнне тэмпаў індустрыяльнага развіцця рэспублікі. Пачатак 50-х гг. акрэсліўся разгортваннем навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, якая ахапіла развітыя краіны свету. Савецкая краіна па многіх паказчыках адставала ад краін Захаду, але яе кіраўніцтва заўсёды імкнулася да таго, каб пераадолець адставанне. Таму прадугледжваліся апераджальныя тэмпы развіцця тых галін прамысловасці, якія забяспечвалі тэхнічны прагрэс усёй народнай гаспадаркі: машынабудавання і металаапрацоўкі, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, энергетыкі.

Створаны ў першыя пасляваенныя гады эканамічны патэнцыял забяспечыў далейшае развіццё эканомікі Беларусі. Па-ранейшаму прыярытэт належаў цяжкай прамысловасці, у першую чаргу машынабудаванню. У 1951 – 1955 гг. сярэднегадавы прырост усёй прамысловай прадукцыі БССР склаў каля 16 %, а машынабудавання і металаапрацоўкі – 28 %. За перыяд 1951 – 1955 гг. было пабудавана каля 150 новых прадпрыемстваў, у тым ліку мінскія падшыпнікавы і гадзіннікавы заводы, Мінскі завод абагравальнага абсталявання, Аршанскі завод швейных машын, Віцебская шаўкаткацкая фабрыка, Мінскі камвольны камбінат і інш. Новым тэхналагічным абсталяваннем былі аснашчаны гіганты беларускай індустрыі – аўтамабільны, трактарны, мотавеласіпедны і іншыя заводы.

Прамысловае будаўніцтва ў 50-я гг. вялося ва ўмовах паскоранай навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, якая ахапіла развітыя краіны свету. На аснове пастановы ліпеньскага (1955 г.) Пленума ЦК КПСС у рэспубліцы пачалі абнаўляцца і мадэрнізавацца асноўныя вытворчыя фонды, старая тэхніка замяняцца новай. За 1955 – 1958 гг. на прадпрыемствах рэспублікі было ўстаноўлена каля 200 паточных ліній, больш за 1000 адзінак новага і мадэрнізаванага абсталявання.

У другой палове 50-х гг. прамысловасць Беларусі дасягнула новых поспехаў. Аб’ём валавой прадукцыі павялічыўся на 79%. 50-я гг. – пачатак бурнага развіцця ў Беларусі радыётэхнічнай і радыёэлектроннай прамысловасці. Першы радыёзавод у Беларусі быў пабудаваны яшчэ да вайны. У 1950 г. у Мінску пачалося будаўніцтва новага радыёзавода (пазней вытворчае аб’яднанне «Гарызонт»), які праз год выдаў першую прадукцыю – радыёлу «Мінск Р-7», а ў далейшым асвоіў вытворчасць чорна-белых і каляровых тэлевізараў. У 1957 г. уступіў у строй прыборабудаўнічы завод імя У. I. Леніна (пазней базавае прадпрыемства Мінскага вытворчага аб’яднання імя У. I. Леніна).

Першынцам аптычнага прыборабудавання ў Беларусі з’явіўся Мінскі механічны завод імя С. І. Вавілава. які пачаў будавацца ў 1957 г. Пазней па базе гэтага завода было створана Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне (БелОМА). У 1959 г. у Мінску быў здадзены ў эксплуатацыю вытворчы корпус завода электронна-вылічальных машын (пазней Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі). Буйнейшым прадпрыемствам па вытворчасці інтэгральных схем, паўправадніковых прыбораў і іншага электроннага абсталявання з’явілася навукова-вытворчае аб’яднанне “Інтэграл”.

Пачаў дзейнічаць завод аўтаматычных ліній у Мінску. У другой палове 50-х гг. прамысловасць Беларусі дасягнула новых поспехаў. Аб’ём валавой прадукцыі павялічыўся на 79%.

Усяго за 1956 – 1960 гг. у рэспубліцы было пабудавана 157 буйных прадпрыемстваў. Удзельная вага прамысловасці ў валавым грамадскім прадукце рэспублікі ў 1960 г. дасягнула 52 % – у 4 разы больш, чым у даваенныя гады. Такім чынам, рэспубліка з аграрна-індустрыяльнай ператварылася ў індустрыяльную.

Паколькі магчымасці экстэнсіўнага росту прамысловасці рэспублікі к пачатку 60-х гг. не былі вычарпаны, тэмпы яе развіцця заставаліся дастаткова высокімі. У першай палове 60-х гг. у БССР увайшлі ў строй шэраг буйных прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку два калійныя камбінаты ў Салігорску, Гродзенскі азотнатукавы заводы, Светлагорскі баваўняны, Бабруйскі скураны камбінаты, Бярозаўская ДРЭС і інш.

3 1963 г. бярэ свой пачатак нафтаперапрацоўчая прамысловасць у Беларусі. Былі пабудаваны Полацкі, а затым Мазырскі нафтаперапрацоўчыя заводы, якія сталі выпускаць больш за 50 відаў нафтапрадуктаў. Каля паловы гэтай прадукцыі вывозілася ў іншыя рэспублікі і за мяжу. У 1964 г. пачалася прамысловая распрацоўка першага ў Беларусі Рэчыцкага нафтавага радовішча. За 9 гадоў было здабыта 43, 8 млн т нафты.

Быў асвоены выпуск акучвальнага трактара “Беларусь”, лесавозных аўтамабіляў “МАЗ”. Сышлі з канвеера першыя 25-тонныя аўтасамазвалы “БелАЗ” у Жодзіне, выдаў першы пракат Магілёўскі металургічны завод, пачаўся выпуск халадзільнікаў з маркай “Мінск”.

У вытворчасці ўкаранялася больш сучасная тэхніка, ручная праца замянялася машынамі і механізмамі, але ўсё ж такі механізацыя не атрымала значнага распаўсюджвання, і ручная праца ў прамысловасці працягвала складаць каля 25 %.

Аднак перавод прамысловасці на новы тэхнічны ўзровень на базе навейшых дасягненняў навукі і тэхнікі ажыццяўляўся марудна. Гэта азначала, што ў эканоміцы і грамадстве дзейнічалі сілы тармажэння, звязаныя з захаваннем каманднай сістэмы кіравання, неэфектыўнасцю дзяржаўнай эканомікі, якую называлі сацыялістычнай.

Аднак, нягледзячы на дасягнутыя поспехі, насцярожвала тое, што перавод прамысловасці на новы тэхнічны ўзровень ажыццяўляўся марудна. Пераважным заставалася экстэнсіўнае развіццё. На шматлікіх прадпрыемствах вялікае месца займала ручная нраца. Шэраг заводаў і фабрык не выконвалі планавых заданняў, выпускалі ўстарэлую прадукцыю.

У 1957 г. была праведзена спроба рэфармаваць кіраўніцтва эканомікай. Замест міністэрстваў, якія былі створаны па галінах вытворчасці, былі ўведзены саветы народнай гаспадаркі (саўнаргасы), якія павінны былі кіраваць усёй прамысловасцю і сельскай гаспадаркай, але ў межах вызначанай тэрыторыі, напрыклад, нашай рэспублікі. Лічылася, што на месцах «знізу» будзе значна лепей кіраваць гаспадаркай, чым з цэнтра, “зверху”. Аднак камандныя метады кіраўніцтва цалкам захаваліся, што ў рэшце рэшт прывяло да няўдачы гэтай рэформы.

У будаўніцтве важнае значэнне меў пераход у 50-х гг. на выраб сценавых блокаў, зборных жалезабетонных канструкцый і дэталяў, што паклала пачатак пераводу яго на індустрыяльныя метады. У гэтыя гады шырока вялося жыллёвае будаўніцтва, нават ставілася задача забяспечыць жыллём усё насельніцтва. Пачалі хутка будаваць безаблічныя пяціэтажкі з сілікатных блокаў, паклаўшы пачатак панельнаму домабудаванню. Але патрэбнасць у жыллі ні ў той час, ні пазней так і не была задаволена.

Людзі празвалі гэтыя дамы «хрушчоўкамі». Нягледзячы на тое што ў іх быў сумяшчальны санвузел, гэта была ўсё ж такі асобная кватэра ў параўнанні з так званымі “камуналкамі”, у якіх наогул быў толькі адзін санвузел, адзін калідор і агульная кухня на некалькі дзесяткаў пакояў, у якіх жылі асобныя сем’і.

Выхад сельскай гаспадаркі з крызісу. У першыя пасляваенныя гады сельская гаспадарка Беларусі перажывала крызіс. Выхад з яго ў 50-я гг. бачыўся ў некаторым пераразмеркаванні дзяржаўнага бюджэту на карысць сельскай гаспадаркі, павышэнні закупачных цэн на яе прадукцыю, прыцягненні да непасрэднага ўдзелу ў калгаснай вытворчасці калектываў прадпрыемстваў, навуковых і навучальных устаноў і г. д. Рабіліся спробы павысіць зацікаўленасць калгаснікаў у павышэнні прадукцыйнасці сельскагаспадарчай вытворчасці.

Першай спробай рэфармаваць сельскую гаспадарку з’явіліся рашэнні вераснёўскага (1953 г.) Пленума ЦК КПСС. Згодна з імі з калгасаў і саўгасаў была спісана запазычанасць, павышаны нарыхтоўчыя і закупачныя цэны на сельгаспрадукты, больш чым у 2 разы зніжаны падатак на падсобныя сялянскія гаспадаркі. Прынятыя меры садзейнічалі значнаму росту вытворчых сіл сельскай гаспадаркі За пятую пяцігодку магутнасць трактарнага парка ў сельскай гаспадарцы БССР павялічылася ў 2 разы, колькасць збожжавых камбайнаў – у 4, 8, грузавых аўтамабіляў – у 2, 6 раза. Быў спынены спад прадукцыйнасці працы. Валавы збор збожжавых культур у 1960 г. у БССР павялічыўся ў параўнанні з 1953 г. на 47 %, а колькасць буйной рагатай жывёлы – на 26 %, вытворчасць мяса і малака – на 70 %. Але дадзены ўзровень быў ніжэйшым за той, які планаваўся, і не забяспечваў патрэб рэспублікі. Пры гэтым з канца 50-х гг. у кіраванні сельскай гаспадаркай усё больш пачалі браць верх адміністрацыйныя меры валявога, суб’ектыўнага характару.

3 1953 па 1958 г. вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі павялічвалася. Тут мелі найбольшае значэнне два фактары:

1) стымуляванне калгасна-саўгаснай вытворчасці;

2) зніжэнне падатковага прэсу з аднаасобных гаспадарак.

У выніку ўдалося аслабіць вастрыню крызісу сельскай гаспадаркі, затым вызначыўся і яе рост. Галоўную ролю ў гэтым побач з мерамі эканамічнага характару адыграла ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы калгасаў і саўгасаў, у межах якога былі ліквідаваны МТС і сельскагаспадарчая тэхніка перададзена непасрэдна калгасам.

У 1965 г. у сельскай гаспадарцы Беларусі працавала ў 5 разоў больш трактароў, у 8 разоў больш камбайнаў і аўтамабіляў, чым у 1950 г., а валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі павялічылася на 70 %.

Але напачатку 60-х гг. назіраецца зніжэнне ўраджайнасці сельскагаспадарчай прадукцыі, павелічэнне яе сабекошту. Каб выканаць даведзеныя ў тонах паказчыкі, у многіх калгасах і саўгасах пашыраюць пасевы менш каштоўных збожжавых і зернебабовых культур (жыта, гарох, кукуруза) за кошт грэчкі. Былі вычарпаны і магчымасці нарошчвання жывёлагадоўчай прадукцыі шляхам росгу пагалоўя. На становішчы спраў у сельскай гаспадарцы Беларусі ў першай палове 60-х гт. ў значнай ступені адбілася паспешлівасць у рэарганізацыі машынна-трактарных станцый (МТС). Большасць калгасаў, не маючы магчымасці выкупіць адразу ўсю тэхніку, вымушана была залезці ў даўгі дзяржаве. Істотную небяспеку для сельскай гаспадаркі ўяўляла кампанія па ліквідацыі асабістых гаспадарак, што разгарнулася пад лозунгам непасрэднага пераходу да камунізму.

Аднак дасягнуты ўзровень аказаўся ніжэйшым за намечаны. Існаваў погляд, што коні як працоўная сіла аджылі сваё. На змену ім прыйшоў трактар. А калі так, то было загадана заворваць тыя землі, дзе спрадвеку была паша. А разам з тым пайшлі ў наступ і на лугі. Пачалася бяскорміца. Коней пусцілі пад нож, а каровы ва ўмовах амаль што бястраўя давалі недухмянае, нятлустае малако. Акрамя таго, парушыўся і севазварот. Адмоўна адносілася кіраўніцтва і да сялянскай падсобнай гаспадаркі.

Але ўвогуле ахарактарызаваць становішча сельскай гаспадаркі як адмоўнае нельга. Мерапрыемствы, якія праводзіліся пры Хрушчове, мелі на мэце выхад сельскай гаспадаркі з крызісу, аднак ажыццяўляліся яны валюнтарысцкімі метадамі.

Частка беларускіх зямель была забалочаная. 3 мэтай іх асушэння і павелічэння пасяўных плошчаў шырокі размах набыла меліярацыя. Але ў выніку парушэння яе тэхналогіі гэтыя вельмі неабходмыя для Беларускага Палесся мерапрыемствы пераўтваралі ў шэрагу раёнаў балоты ў крыніцы вялізных пыльных бур, якіх раней тут ніколі не было.

БССР стала ўдзельніцай і яшчэ аднаго эканамічнага мерапрыемства, якое праводзілася ў гады дзейнасці М. С. Хрушчова. Беларускія юнакі і дзяўчаты прынялі ўдзел у асваенні цалінных зямель.

БССР пастаўляла сюды сельскагаспадарчую тэхніку, укамплектавала кадрамі 24 новыя саўгасы ў Казахскай ССР. На асваенне цаліны па пуцёўках камсамола выехала каля 60 тыс. юнакоў і дзяўчат, каля 50 тыс. сямей (амаль 180 тыс. чалавек). Асваенне цаліны было вялікім працоўным подзвігам народаў СССР.

Захаванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы на вёсцы, адхіленне непасрэднага селяніна-вытворцы ад валодання прыладамі працы і зямлёй, парушэнні тэхналогіі вялі да вельмі маруднага развіцця сельскай гаспадаркі.

Паляпшэнне матэрыяльнага становішча працоўных. Важным паказчыкам сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства з’яўляецца павышэнне народнага дабрабыту. У СССР у 50-я – пачатку 60-х ггяно адбывалася на аснове таго, што эканоміка ўвогуле знаходзілася на ўздыме, і нават сельская гаспадарка пашырала сваю вытворчасць.

Асноўную частку даходаў насельніцтва складала зарплата, якая ў 50-я – першай палове 60-х гг. павысілася больш чым на 20 %. Істотна павысілася аплата працы калгаснікаў. Да гэтага калгаснік мог год працаваць за працадні, а ў канцы наогул нічога не атрымаць. 3 1956 г. калгаснікам сталі назначацца пенсіі па старасці і інваліднасці. Устанаўліваліся больш высокія мінімальныя ўзроўні заработнай платы і пенсій. Адначасова праводзілася зніжэнне рознічных цэн на прадуктовыя і прамысловыя тавары. Праўда, у продажы прамысловых тавараў не хапала. Надзвычай важным было і тое, што толькі пры Хрушчове сяляне атрымалі пашпарты і сталі адчуваць сябе больш паўнапраўнымі грамадзянамі краіны.

Палепшыліся жыллёвыя ўмовы насельніцтва. Толькі за 10 гадоў, з 1956 па 1965 г., у рэспубліцы звыш 3 млн. чалавек атрымалі жыллё.

Якасна новым стала прадуктовае забеспячэнне. Ужо з другой паловы 50-х гг. патрэбнасці насельніцтва рэспублікі ў асноўных відах харчовых прадуктаў забяспечваліся поўнасцю. Палепшылася жыццё вёскі, хаця цяжкасці яго намнога перавышалі тыя, што былі ў горадзе. Таму і імкнулася моладзь як мага хутчэй пакінуць вёску і пераехаць у горад.

Увогуле патрэбна адзначыць, што гады хрушчоўскай лібералізацыі былі адносна спрыяльнымі ў сацыяльным развіцці рэспублікі. Гэта абумоўлівалася як эканамічнымі абставінамі, так і курсам палітыкі партыі і ўрада. Адбывалася скарачэнне ўзброеных сіл і расходаў на іх утрыманне, што дазволіла значныя сродкі накіраваць на жыллёвае будаўніцтва. Амаль што нанава была створана сфера паслуг. Але рэспубліка, як і ўся краіна, v параўнанні з развітымі краінамі ў развіцці сацыяльнай інфраструктуры істотна адставала. Улада прывучыла савецкага чалавека да абмежаванняў сваіх патрэбнасцей. Таму абсалютная большаснь насельніцтва абыходзілася без кватэрнага тэлефона, не мела радыёпрыёмнікаў і тэлевізараў.

У 1958 г, за паспяховае аднаўленне зруйнаванай вайной народнай гаспадаркі і вялікія дасягненні ў далейшым развіцці прамысловасці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі БССР была ўзнагароджана другім ордэнам Леніна. Першым – у 1935 г.

Развіццё прамысловасці Беларусі характарызавалася спробамі яе пераходу да навукова-індустрыяльнага тыпу на аснове ўвядзення комплекснай механізацыі і аўтаматызацыі, якія, аднак, значнага распаўсюджвання не атрымалі. Крызіс у сельскай гаспадарцы быў увогуле пераадолены дзякуючы ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы калгасаў, павышэнню матэрыяльнай зацікаўленасці ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці.

Утварэнне хімічнай галіны вытворчасці, меліярацыя ў сельскай гаспадарцы абвастрылі праблемы экалогіі, якія звычайна кіраўніцтвам ігнараваліся.

Цаліна – урадлівая?, але не апрацаваная? глеба. Дзяржаўныбюджэт – расклад даходаў і расходаў дзяржавы. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя – якаснае пераўтварэнне прадукцыйных сіл на аснове навуковых дасягненняў і ўкаранення іх у вытворчасць.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.