Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Вільня. Друкарня М. Кухты. 1918 г.






 

Граматыка мела два выданьні - лацінкаю (іп 1/16 стр. 112) і кірыліцаю (іп 1/8 стр. 76). Аўтар яе - Браніслаў Тарашкевіч, былы пасол (дэпутат) польскага сойму, а цяпер галоўная абвінавачаная асоба ў працэсе Беларускае Грамады ў Вільні.

Выпускаючы ў сьвет сваю работу, аўтар пісаў: " Маю надзею, што ў будучыне лепшы час пазволіць мне напісаць паўнейшую і больш навуковую граматыку беларускае мовы", бо - " Патрэбы школы прымусілі мяне адкінуць усё тое, што мела больш чыста навуковае значэньне, як практычнае. Я ўвесь час ня выпускаў з вачэй пэдагагічную старану кніжкі" (" Беларуская граматыка для школ". Ад аўтара, стр. 4, курсыў арыгін.).

Але апынуўшыся пад польскаю ўладаю, аўтар не дачакаўся " лепшага часу". Жыцьцё ў Заходняй Беларусі, палажэньне беларускага народа пад Польшчаю прымусілі яго пакінуць навуковую працу і выступіць на абарону народа.

" Сьціснула гора дыханьне ў народзе... Хваляй шырокай разьлілась, як мора, Родны наш край затапіла" (М. Бгд.).

Браніслаў Тарашкевіч - аўтар першай беларускай граматыкі

Ён пайшоў у сойм, спадзяючыся спачатку знайсьці там гэтую абарону, а ня сустрэўшы ні падтрыманьня, ні спачуцьця, рынуўся ў народныя гушчы, арганізуючы масы для самаабароны, для барацьбы за " лепшы час у будучыне", якога чакаў, на які так спадзяваўся. Яго пазьнейшыя выступленьні на парлямэнцкай трыбуне абярнуліся ў балючы крык пратэсту на ўвесь сьвет аб тым, які зьдзек дзеецца над беларускім народам пад Польшчай. Гэта прывяло яго ў вастрог і на лаўку падсудных...

Граматыка Тарашкевіча пачала новую эпоху ў разьвіцьці беларускае літаратурнае мовы. " Дагэтуль", - пісаў яе аўтар: " беларуская літаратурная мова разьвівалася толькі паводле сваіх найгалоўнейшых правоў, найбольш для яе характэрных і ад каторых яна не адступала. Шмат якія пытаньні заставаліся без адказу Ня было аднолькавага правапісу. Нічога дзіўнага. Пакінуўшы даўно парваныя і заняпаўшыя традыцыі старасьвецкае беларушчыны, мова новага пісьменства адразу пачала буйна ўзрастаць з народнага карэньня. А народнае карэньне - яно вельмі багатае. I ня гледзячы на вялікую суцэльнасьць усяе беларускае мовы, яна мае, як і кожная іншая мова, колькі асобных, выразьней азначаных гутарак. Кожная гутарка дабівалася, каб заняць пачэснае мейсцаў нашым пісьменстве. Дзеля гэтага і розныя, часта паміж сабою нязгодныя спосабы пісаньня.

Трэба было часу, каб само жыцьцё паказала, якая гутарка мае найбольш сілы і здатнасьці на тое, каб зрабіцца асновай літаратурнае мовы.

Трэба было часу, каб праявіліся ў пісьменстве ўсе, якія толькі ёсць у асобных гутарках, чыста беларускія асобнасьці.

Бяз гэтага не магло быць ніякае хоць больш-менш закончанае граматыкі, не магло быць і сталага, яснага правапісу. Бо граматыка павінна толькі замацаваць і падраўняць тыя лініі, якія сама мова ўжо назначыла.

Мне здаецца, што гэтыя лініі і характэрныя асобнасьці ўжо азначыліся, дзеля чаго я і адважыўся выпусьціць у сьвет беларускую граматыку" (" Ад аўтара"), стр. 3; " Беларуская граматыка для школ", курсыў арыгін.).

Крыху раней, здаецца вясною 1918 г., выйшла ў Вільні " Граматыка беларускае мовы" Б. Пачобкі. (Вільня, друкарня " Гоман", 1918 г.), але гэтая спроба напісаць граматыку беларускае мовы ня мела ніякага значэньня. Аўтар яе ня ведаў ні беларускае мовы, ні граматыкі наогул. Ён быў дырэктарам у Сьвіслачскай настаўніцкай сэмінарыі пры немцах і прыступіў да складаньня граматыкі зусім непадгат'аваны да гэтае работы, без належнае асьветы, без граматычных ведаў. Яго работа адразу-ж сустрэла справядлівую ацэнку ды так і загінула, нікому невядомая.

У тыднёвіку " Вольная Беларусь" (1918 г., № 18, май) была зьмешчана " Справаздача камісіі Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні" аб " Граматыцы беларускае мовы" Б. Пачобкі.

Цікавая гісторыя з гэтаю справаздачаю. Невядома з якое прычыны, можа таму, што Пачобка быў дырэктар сэмінарыі, а справаздача магла нядобра адбіцца на яго дырэктарскай годнасьці, але нямецкая акупацыйная цэнзура не пазволіла яе апублікаваць. Яна нелегальна была пераслана ў Менск у рэдакцыю " Вольнае Беларусі", дзе была выдрукавана, бо ў Менску не пасьпеў яшчэ наладзіцца нямецкі адміністрацыйны апарат.

У гэтай справаздачы пісалі, што " Камісія Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні, выбраная на засяданьні ўраду Таварыства, перагледзіўшы " Граматыку беларускае мовы" Б. Пачобкі, прыйшла да перакананьня, што кніжка гэта ня можа служыць да навукі беларускае мовы, як у пачатковых школах, так і наогул, а тым больш ня можа быць прынята ў аснову пры ўкладаньні школьных падручнікаў дзеля ніжэйпісаных прычын" 1 (" В.Б." № 18, стр. 142).

Далей падаюцца " найбольш яркія прыклады незнаёмства аўтара граматыкі з якой-небудзь граматыкай наогул" (там-жа, стр. 143), як напрыклад, цьвярджэньне аўтара, што ад " рабіць" шматразовае трываньне (" многарадны від") будзе " рабляць", або што формы займеньнікаў (" заімкаў") яго, яе, іх становяць сабою групу (" клясу") заімкаў належнасьці і " не падлягаюць дэклінацыі" (" скланеньню"), а " быць" у цяперашнім часе спрагаецца (" кон'югуецца") так:

я ё мы ёсьць

ты ёсь вы ёсьця

ён ёсьць мы ёсьцека

запоўніўшы, такім спосабам, страчаныя формы для першых дзьвюх асоб адзін. л. і ўсіх трох асоб множн. л. сваімі ўласнымі выдуманымі формамі ад " ёсьць".

Ясна, што не граматыка, а да таго " праз усю кніжку - чытаем у справаздачы - чырвонаю ніткаю праходзіць тэндэнцыя да пальшчэньня беларускае мовы (там-жа стр. 143, курсыў арыгін.).

Такім парадкам, першаю беларускаю граматыкаю была граматыка Б. Тарашкевіча. " Граматыка Б. Тарашкевіча", - пісаў вышэй памянуты рэцэнзент В. Тройца: " уся глыбока прадумана, тэрміналёгія ў значнай часьці новая, арыгінальная і шчыра беларуская, чыстая мова" (" В.Б." № 33, стр. 248).

I праўда, яна і з боку мовы становіць узорную кніжку, як трэба пісаць пабеларуску. Але чыстата і правільнасьць мовы - канечная ўмова для кожнага аўтара. Значэньне граматыкі Тарашкевіча ў тым, што " дагэтуль беларуская літаратурная мова разьвівалася толькі паводлуг сваіх найагульнейшых правоў", а цяпер яна дастала сваё афармленьне, свае пэўныя, цьвёрдыя нормы і правілы, паводле якіх яна стала разьвівацца ў далейшым, ні разу не адступаючы ад іх і не зрабіўшы дагэтуль ніякіх зьмен, за выключэньнем хіба зьмен у тэрміналёгіі, выкліканых ня іх недасканаласьцю ці няўдаласьцю, а галоўным чынам патрэбамі фармальна-граматычнага прынцыпу, мала пашыранага ў тыя так далёкія ад нас часы.

Такім парадкам, граматыка Б. Тарашкевіча зрабіла эпоху ў разьвіцьці нашае літаратурнае мовы. Гэта пераломны этап у гісторыі нашае культуры, які ў кожнай культурнай краіне азначаецца, як выдатнейшая дата.

Для нас граматыка Тарашкевіча стала законам, абавязковым для ўсіх, нормам якога мы нічога роўнага процівапаставіць ня можам. Аднак сам аўтар думаў іначай. Ён пісаў: " Аднолька-ж ня думаю, што жыцьцё ня зробіць з часам значных зьменаў. Будзем толькі мець надзею, што не залішне вялікіх і што ўсё найважнейшае зроблена добра". (" Беларуская граматыка для школ". Ад аўтара, стр. 4).

Пасьля дзесяцілетняе практыкі можна сказаць, што жыцьцё не зрабіла і не зробіць значных зьмен, бо " ўсё найважнейшае зроблена добра".

Тарашкевіч палажыў аснову нашай літаратурнай мове, даў ёй граматычнае афармленьне і цьвёрды закончаны правапіс. Бяз гэтае граматычнае нармалізацыі не магла існаваць і бесперабойна разьвівацца літаратурная мова, як без законнага афармленьня ня можа нармальна разьвівацца грамадзянскае жыцьцё.

3 дзесяткаў розных, хоць і блізкіх паміж сабою дыялектаў, на якія падзяляецца беларуская мова, як і мова кожнага іншага народу, Б. Тарашкевіч, як лінгвісты і вялікі знавец беларускае мовы, распазнаў і вызначыў той дыялект, тую гутарку нашае мовы, якая " мае найбольш сілы і здатнасьці на тое, каб зрабіцца асноваю літаратурнае мовы".

Гэты дыялект, што ляжыць у аснове нашае літаратурнае мовы і яе граматыкі, сам граматысты характарызуе так:

" У аснове яго ляжыць найбольш характэрная і найбольш чыстая гутарка беларускае мовы, што мае цьвёрдае " р" і вёлікае аканьне". (" Беларуская граматыка для школ". Ад аўтара, стар. 3, курсыў наш).

Пад вялікім аканьнем лінгвістычная навука разумее тую ўласьцівасьць нашае мовы (аднае з яе гутарак), што кожнае гістарычнае э-е-у' і о, незалежна ад свайго месца ў слове, вымаўляецца як гук, блізкі да а - я, прынамсі ў нашых азбуках, - і кірыліцы і лацінцы - няма іншых літараў для абазначэньня гэтых ненаціскных гукаў, і кожны граматны чалавек, незнаёмы з умоўнымі правапіснымі правіламі, якраз перадае гэтыя гукі літарамі а - я.

" Але аканьне", - піша далей аўтар: " агранічана некаторымі разамі, да чаго прымушае нас доўгая практыка нашага пісьменства" (там-жа, стар. 3-4).

Чым выклікана гэтая " доўгая" - практыка нашага пісьменства? Пэўне-ж, не " даўно парванымі і заняпалымі традыцыямі старасьвецкае беларушчыны", а ў першую чаргу ўплывамі расейскага і польскага этымалёгічнага пісьма, у якім гадаваліся пачынальнікі нашае літаратуры, а потым, бясспрэчна, тут ня мог не адбіцца ўплыў іншых беларускіх дыялектаў з меншым аканьнем, але гэты ўплыў зышоў-бы на нішто, каб ня меў падтрыманьня з боку гістарычна-этымалёгічнае пісоўні.

" Прымаюцца і ўсе другія характэрныя асобнасьці беларускае мовы", кажа далей аўтар: " якія прыводзіліся дагэтуль у нашых выданьнях. Ад прынятае традыцыі адхіляюся толькі тады, калі гэтага вымагае яснасьць сыстэмы або чыстасьць мовы. Зусім новага нічога ня ўводжу" (там-жа, стар. 4).

Вось гэтае агранічэньне " некаторымі разамі" гукавых фактаў літаратурнага дыялекту, вымушанае практыкаю даўнейшага бессістэмнага даграматычнага пісьма, і парадзіла той, як часам кажуць цяпер, крызіс нашага правапісу, для ліквідацыі каторага склікалася Акадэмічная Канферэнцыя, а цяпер працуе Правапісная Камісія ў Інбелкульце.

Але і працы Акадэмічнае Канферэнцыі, і цяперашняя работа Правапіснае Камісіі ў Інбелкульце паказваюць, што вялікіх зьменаў зроблена ня будзе, і сыстэмы і прынцыпы Тарашкевічаўскага правапісу застануцца непарушнымі. Добра, калі выкінуцца тыя агранічэньні ў аканьні, што былі зроблены на падставе практыкі даграматычнага пісьма, ды падраўнуюцца некаторыя іншыя дробныя лініі, якія вызначыліся новаю дзесяцілетняю практыкаю.

Асноўную прычыну, што выклікае перабоі і разьбежнасьці ў нашым правапісе, становіць тая акалічнасьць, што Тарашкевіч дапусьціў некаторыя адхіленьні ад моўных фактаў літаратурнае гутаркі. Найбольшым адхіленьнем зьяўляецца агранічэньне яканьня, бо аканьне праводзіцца поўнасьцю. Каб зьліквідаваць гэтае агранічэньне, мы павінны вырашыць пытаньне аб тым, як запісваць гук е - аднэю літараю ва ўсіх палажэньнях гэтага гука, ці дзьвюма літарамі е - я ў залежнасьці ад складу і націску? "

У даным выпадку ня важна, якая будзе пісацца літара - я ці е. Спрачацца аб літарах ня прыходзіцца, бо гэта-б значыла меркавацца ня дзелам, ня істотаю справы, а густам. Тут важна датрымаць паступовасьць у напісаньні, а паступовасьць і правільнасьць сыстэмы ня можа мірыцца з агранічэньнем, паколькі гэтае агранічэньне ня мае паддзержкі ў фанэтыцы данае літаратурнае мовы. Чаму, напрыклад, поўнае аканьне на пісьме не выклікае ніякіх супярэчнасыдяў? Бо яно поўнае, яснае і паступовае, бяз ніякіх выключэньняў. Гэтую паўнату, яснасьць і паступовасьць трэба правесьці і ў яканьні, бо і аканьне, і яканьне - зьявы аднаго характару - дзе поўнае аканьне, там і поўнае яканьне.

Думаць, што літаратурная мова зьяўляецца або павінна зьявіцца нейкім койнэ ўсіх дыялектаў, гэта значыць кіравацца ў сваіх меркаваньнях не фактамі, а ілюзіямі. Такі погляд на літаратурную мову трэба прызнаць поглядам утопічным, ілюзорным, няжыцьцёвым.

I да моўных зьяў мы павінны падыходзіць з тэю-ж меркаю, з тым-жа прынцыпам, з якім падыходзім да фактаў грамадзянскага жыцьця. А факты грамадзянскага жыцьця гавораць, што толькі той дзяржаўны лад можа быць моцным і прагрэсыўным, які апіраецца на адну клясу данага грамадзянскага згрупаваньня, пры тэй умове, калі гэтая кляса вызначаецца найбольшаю сілаю і здатнасьцю, каб зрабіцца асноваю дзяржаўнага ладу.

Літаратурная мова - гэта той дыялект, або тая кляса дыялектычных згрупаваньняў, якая пануе і будзе панаваць над усімі іншымі дыялектамі, больш слабымі і менш здольнымі да літаратурнага разьвіцьця, покі яны не вызваляцца з-пад гэтага панаваньня, каб распачаць сваё асобнае жыцьцё. Параўнуйце, напрыклад, францускую літаратурную мову і францускі правансальскі дыялект, які стаў разьвіваць сваю ўласную літаратуру.

А раз мы прынялі за Тарашкевічам, што ў аснове нашае літаратурнае мовы ляжыць тая найбольш дужая і найболын здатная да літаратурнага разьвіцьця гутарка, што вызначаецца вялікім аканьнем, то ўсе факты гэтага дыялекту мусяць быць для нас законам, як воля пануючай клясы становіць закон для клясаў падуладных.

Адгэтуль ясна, што ніводзін факт літаратурнага дыялекту не павінен агранічацца ніякімі ўступкамі на карысьць дыялектычных прэтэнзій, бо гэтыя ўступкі з канечнаю няўхільнасцю будуць прыводзіць да канфліктаў і правапісных крызісаў

Не павінна быць абмежаваньня і ў нашым яканьні, як мы ня маем яго ў аканьні. Тут можа быць два рашэньні: або гук е скрозь абазначаць аднэю літараю е, або ненаціскное е заўсёды перадаваць літараю я. Паўтараю, справа тут ня ў літары, а ў датрыманьні адзінства напісаньня на падставе літаратурнага вымаўленьня.

Праўда, выстаўляецца як-бы трэйцяе рашэньне, паводле каторага прапануюць абазначаць ненаціскное е асобнаю, новаю літараю (грэцкім эпсылёнам), але гэта ўжо яўны кампраміс, выразнае затушоўваньне выдатнейшае асаблівасьці літаратурнага дыялекту, якое нельга апраўдаць ні практычнасьцю, ні правапіснаю патрэбаю.

Канчаючы гэты кароткі юбілейны ўспамін аб тым, што зроблена нашым першым граматыстым і правапісным заканадаўцам для нашае мовы, для школы і для беларускае навукі, мы зноў варочаемся да яго асобы, да таго палажэньня, у якое закінула яго перапалоханае польскае панства. Які вялікі работнік, якая навуковая сіла гіне цяпер у польскім астрозе.

Мы ня можам памірыцца з доляю гэтага слаўнага чалавека і павінны зрабіць усё, што можна зрабіць, каб вярнуць яго да творчае працы, так патрэбнае нашай маладой, багатай магчымасьцямі культуры пры будаваньні новага ладу, новага грамадзкага жыцьця, нябывалага яшчэ, як стаіць наша зямля.

 

Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч

Асабістыя зьвесткі

 

Псэўданімы: Адам Навука, «Тарас на Парнасе», Я.Тарас, Тарас Язычнік, Тарас Навіна

Нарадзіўся: 20 студзеня 1892 Мацюлішкі, Віленскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя

Памёр: 29 лістапада 1938 (46 гадоў) СССР

Сужэнец: Вера Сьнітка, Ніна Палянская

Дзеці: Радаслаў Тарашкевіч

 

Літаратурная дзейнасьць

 

Род дзейнасьці: мовазнаўства, публіцыстыка, палітыка

Дэбют: 1913

Значныя творы: Беларуская граматыка для школ (1918)

 

Біяграфія

 

Дзяцінства, Віленская гімназія

 

Нарадзіўся ў засьценку Мацюлішкі Віленскага павету, 30 км на ўсход ад Вільні, (цяпер Летува) у сям’і каталіцкага селяніна-серадняка. Зь сямі гадоў Браніслаў дапамагае бацьку з гаспадаркай, працуе пастухом. У народным вучылішчы Браніслаў паказвае выдатныя вынікі. Вестка пра гэта дайшла да маладой памешчыцы Гелены Стамброўскай. У 1906 годзе яна забрала Браніслава да сябе, апекавала яго й дапамагла паступіць у трэцюю клясу 2-й Віленскай гімназіі.

У асяродзьдзі гімназістаў карыстаўся павагай. У 16-гадовым узросьце Браніслаў пачынае зарабляць сабе на жыцьцё рэпэтытарствам. У гімназіі паказвае сябе добрым вучнем, мае сярэдні бал 4, 3, у праграму ўваходзіла навучаньне па 4 сучасных мовах (расейская, польская, француская, нямецкая) і дзьвюх клясычных (старажытнагрэцкая, лацінская).

У гімназіі Тарашкевіч трапляе ў студэнцкія згуртаваньні. Адным з такіх згуртаваньняў была патрыятычна-незалежніцкая арганізацыя з клерыкальным адценьнем «Вызваленьне» (па-польску: Wyzwalenie). Дзейнічала яна пад лёзунгам: «Навука, Цнота, Айчына», мела на мэце працяг традыцыяў філяматаў і філярэтаў. Да гэтай арганізацыі належалі самыя перадавыя вучні гімназіі, але з рознымі жыцьцёвымі крэда, з рознымі, але талерантнымі поглядамі на нацыянальнае пытаньне. Тарашкевіч трапляе ў левае адгалінаваньне гуртка, там цікавяцца палітычнай філязофіяй і эканомікай.

У гэты ж самы час Тарашкевіч канчаткова самавызначаецца як беларус, перастае хадзіць у касьцёл, становіцца атэістам. Падчас навучаньня ў Вільні знаёміцца зь беларускай інтэлігенцыяй, наведвае выдавецтва Нашай Нівы, органа БСГ.

У 1911 скончыў з 2-ю Віленскую гімназію з срэбным мэдалём.

 

Пецярбурскі пэрыяд

 

У жніўні 1911 году Браніслаў Тарашкевіч апынуўся ў сталіцы Расеі й быў безь перашкодаў прыняты на гісторыка-філялягічны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Тут на працягу чатырох гадоў вучыўся пад кіраўніцтвам славутых мовазнаўцаў: Яна Бадуэна дэ Куртэнэ, Яўхіма Карскага. Навуковым кіраўніком Браніслава быў акадэмік Аляксей Шахматаў.

У Пецярбургу пачынае стварэньне навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Піша статут да яго. Пазьней становіцца старастам гуртку.

У Пецярбургу Тарашкевіч даволі блізка сышоўся з Янкам Купалам, які ў той час пашыраў сваю адукацыю. Купала хоць і быў старэйшы на 10 гадоў, вельмі цаніў Тарашкевіча. Вось такі ліст атрымлівае пазьней Тарашкевіч ад Янкі Купалы:

 

«Дзядзька Тарас, што чуваць у Вас зь беларускай граматыкай? Ці зрабілі што-небудзь у гэтым напрамку? Калі маеце ўжо яе накід, то будзьце ласкавы прыслаць яго нам, калі не — то ўпэўніце ў сваёй добрай волі і спрыце і зрабіце гэта як найхутчэй. Просіць аб гэтым Вас п. Іваноўскі, старшыня Беларускага Выдавецкага Таварыства ў Вільні. Граматыку Вашу хоча Таварыства выдаць і пусьціць у сьвет у „назіданіе“ маладому беларускаму пакаленьню. Дык варушыцеся, дзядзька, і ў шапку ня сьпіце. Чакаем хутка ад вас адказу. Шчыра вам адданы.»

У Пецярбургу Тарашкевіч трапляе ў розныя колы нацыянальных рухаў, прыхільна ставіцца да польскага нацыянальнага руху. Працуючы хатнім настаўнікам, Тарашкевіч пазнаёміўся зь сям’ёй Зябіцкіх. Вось што піша Юзэф Зябіцкі ў сваім дзёньніку:

 

«Гэты сын селяніна з-пад Вільні садзейнічае далейшаму ўмацаваньню польскасьці ў нашым доме… Неўзабаве пачаў дастаўляць жонцы польскую літаратуру, падабраную так, каб даць ёй магчымасьць пазнаць жыцьцё і імкненьні польскага народу, у духу якога павінная выхоўваць сыноў.»

У 1916 годзе скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Петраградзкага ўнівэрсытэту й быў пакінуты там пры катэдры расейскай мовы й літаратуры. Працаваў і як прыват-дацэнт старажытнагрэцкай і лацінскай моваў.

 

Вяртаньне ў Беларусь. Пачатак палітычнай дзейнасьці

 

У 1917 годзе становіцца актыўным удзельнікам і адным зь лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады. Знаходзіцца ў Менску падчас абвяшчэньня БНР. У аўтабіяграфіі пазьней піша, што ніколі не ўваходзіў ва ўрад, але й чужым у гэтых колах ня быў. Зь некаторых крыніцаў вынікае, што ён уваходзіў у склад «Вярхоўнай рады» беларускага эміграцыйнага ўраду, а зь іншых крыніц — што быў актыўным дзеячам у Беларускім народным камісарыяце ў Петраградзе ў лютым 1918 году, выконваў функцыю загадчыка аддзелу культуры й асьветы. У 1919 годзе — выкладчык беларускай і старажытнагрэцкай моваў у Менскім пэдагагічным інстытуце. З наступленьнем бальшавікоў на Менск, зьяжджае ў Вільню.

 

Палітычная дзейнасьць у Польшчы

 

Шыльда Браніславу Тарашкевічу на будынку колішняй штаб-кватэры заходнебеларускіх арганізацыяў у Вільні

У 1920 годзе — загадчык беларускага сэктара дэпартамэнту асьветы г. зв. Сярэдняй Літвы. Намаганьнямі Б. Тарашкевіча ды іншых дзеячаў нацыянальнага адраджэньня напачатку 20-х гадоў на тэрыторыі Сярэдняй Літвы было адчынена каля 300 школаў з выкладаньнем на беларускай мове, настаўніцкая сэмінарыя ў Барунах, гімназія й настаўніцкія курсы ў Радашкавічах. У пачатку 1920-ых гадоў, непрацяглы пэрыяд, Тарашкевіч быў чальцом масонскіх ложаў «Тамаш Зан» у Вільні й ложы «Праўда» ў Варшаве.

З 1921 году — дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў Таварыства беларускай школы. З 1921 па 1922 году быў абраны паслом у польскі сойм, у 1922—1924 гадах быў старшынёю Беларускага пасольскага клюбу. У першы пэрыяд сваёй парлямэнцкай працы трымаўся ў цэлым палянафільскай арыентацыі, хоць востра крытыкаваў з соймавай трыбуны нацыянальную й сацыяльную палітыку польскіх урадаў. Спрабаваў знайсьці аб’ядноўваючы вэктар для польскага й беларускага народаў.

 

«…Добра разумеем, што польскія войскі прыбылі на нашую бацькаўшчыну з мэтай ператварэньня земляў былога Вялікага Княства Літоўскага ў крэпасьць для абароны Рэчы Паспалітай Польскай… З гэтага вынікае, што… інтарэсы Польшчы зьяўляюцца і нашымі інтарэсамі. Таму гэтая супольнасьць інтарэсаў дае нам магчымасьць будучую работу па адбудове незалежнай Беларусі весьці на грунце згод з польскім народам. Узаемаразуменьне на аснове прызнаньня польскім народам незалежнасьці і цэласнасьці Беларусі, зьвязанай з Рэччу Паспалітай сумеснай абаронай свайго незалежнага існаваньня, лічым за пажаданае і карыснае для абодвух народаў. Польская акупацыя пакінула пасьля сябе справядлівы горыч і расчараваньне ў шчырасьці палітыкі Польшчы, якая аднеслася да Беларусі толькі як да сваіх крэсаў усходніх. Аднак свядомая беларуская народная думка не перастала шукаць падтрымкі Польшчы, верачы, што прынцыпы сапраўднай дэмакратыі павінны ўрэшце перамагчы».

 

Выява з часопісу Маланка, адлюстроўвае папулярнасьць БСРГ 1926 г.

У 1923 годзе Беларускім пасольскім клюбам, а менавіта, Тарашкевічам распрацоўваецца праект аўтаноміі Беларусі. Юрыдычны бок кансультуе й ухваляе вядомы адвакат Тадэвуш Урублеўскі. Але праект так і ня быў заслуханы ў сейме. У лютым 1924 годзе разам з Радаславам Астроўскім і Аляксандрам Уласавым прыняў удзел у стварэньні Беларуска-польскага таварыства ў Вільні, за што быў адхілены ад старшынства ў Беларускім пасольскім клюбе і заменены на Васіля Рагулю. Паступова мяняе свае погляды й на магчымасьць дэмакратычных зьменаў у Польшчы. У прамове ў сейме 25 сакавіка 1925 году Тарашкевіч гаварыў:

 

«Абвінавачваеце нас у камунізьме, у распальваньні дывэрсійнага руху, бандыцкага, як вы кажыце, а па сутнасьці руху паўстанцкага, абвінавачваеце нас у тым, што не хочам быць ляяльнымі ў адносінах да польскай дзяржавы, але прыгадайце, што прыйшлі мы ў гэты сойм менавіта дзеля таго, каб знайсьці тут прававую аснову; былі мы, праўда, на кароткі час, наіўнымі, мы паддаліся канстытуцыйным ілюзіям, мы спадзяваліся, што законы і канстытуцыя надзейна гарантуюць палітычныя і нацыянальныя правы. Мы прыйшлі ў гэты сойм, каб змагацца за аўтаномію. Мы выбралі прэзыдэнта, мы галасавалі за ўрад Сікорскага, каб падкрэсьліць сваю ляяльнасьць. А што сталася? За тое, што мы набраліся сьмеласьці выбраць прэзыдэнта, вы яго забілі».

 

Пасьля гэтага зблізіўся зь левым крылом БПК. 24 чэрвеня 1925 году разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Паўлам Валошыным і Пятром Мятлом выйшаў са складу БПК і заснаваў пасольскі клюб Беларускай сялянска-работніцкай грамады. З Сымонам Рак-Міхайлоўскім таксама супрацоўнічаў у рэдкалегіі газэты Беларуская доля. Стаў старшынём клюбу, а пасьля й створанай на яго аснове масавай палітычнай партыі. Шчыльна зблізіўся зь лідэрамі КПЗБ і ў студзені 1926 году быў прыняты ў партыю. Таемна ўдзельнічаў у III канфэрэнцыі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (студзень 1926 году). У студзені 1927 году разам зь іншымі лідэрамі вызваленча-рэвалюцыйнага руху быў арыштаваны польскай дэфэнзывай. У траўні 1928 оду. на «Працэсе 56-і» засуджаны на 12 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў спробе дзяржаўнага перавароту з мэтай далучэньня Заходняй Беларусі да Савецкага Саюзу. Пад час турэмнага тэрміну на Лукішках у 1929 годзе Тарашкевіч чытае «Капітал» К. Маркса, «Разьвіцьцё капіталізму ў Расеі» Леніна, «Фінансавы капітал» Гільфрэндынга. У 1929 тэрмін зьняволеньня быў зьменшаны да 8 гадоў, а ў траўні 1930 году Тарашкевіч паводле распараджэньня прэзыдэнта Польшчы быў датэрмінова выпушчаны з астрогу. Актыўна далучыўся да камуністычнай выбарчай кампаніі ў польскі парлямэнт, узначальваў пракамуністычны выбарчы камітэт Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клюбу «Змаганьне». Жыў у Гданьску. У лютым 1931 году арыштаваны польскімі ўладамі пры спробе праехаць праз польскую тэрыторыю з Гданьску ў Бэрлін. У лістападзе 1932 году асуджаны на 8 гадоў катаржнай турмы.

 

Сям’я

 

У 1923 годзе ажаніўся зь Верай Сьніткай, праваслаўнай беларускай з Радашкавічаў.

У 1925 годзе Браніслаў Тарашкевіч стаў бацькам. Сына назвалі Радаслаў Тарашкевіч. У сям’і яго называлі Славікам. Ён загінуў у баях за родныя мясьціны ў 1944 годзе, быў партызанам.

У 1933 годзе назаўсёды разьвітваецца зь першай сям’ёй праз палітычны абмен у СССР, жонка й сын маюць права паехаць за бацькам і маюць намер гэта зрабіць, але па невядомых прычынах застаюцца ў Польшчы.

У 1934 годзе ў Маскве бярэцца шлюбам з другой жонкай, выпускніцай вышэйшых літаратурных курсаў, Нінай Палянскай. У далейшым Ніна Палянская старанна змагалася за рэабілітацыю мужа.

 

Навуковая й літаратурная дзейнасьць

Беларуская граматыка Тарашкевіча, 1918

 

У 1913 годзе пачынае працаваць над граматамі XII ст. па загадзе Шахматава едзе ў Рыскі архіў старажытных граматаў. Працуе над гістарычнай граматыкай беларускай мовы.

Дакладна не вызначаная навуковая ступень Тарашкевіча. Ня знойдзеныя дакумэнты аб атрыманьні ім званьня прафэсара, але аб гэтым ёсьць ускосныя сьведчаньні.

Выступаў у беларускім друку з 1914 году, у часопісах «Раніца» і «Лучынка». У 1918 годзе, працуючы загадчыкам культурна-асьветнага аддзелу Белнацкаму, падрыхтаваў і выдаў у Вільні, у вядомай віленскай друкарні Марціна Кухты, першую «Беларускую граматыку для школ». У ёй аўтар абагульніў і замацаваў пісьмовыя традыцыі, што складаліся ў той час у выданьні мастацкай, навукова-папулярнай і публіцыстычнай літаратуры, у пісьмовым друку; улічыў здабыткі тагачаснай лінгвістычнай навукі (дасьледаваньні Аляксея Шахматава, Яўхіма Карскага) і досьвед папярэднікаў. Граматыка пасьля вытрымала 6 перавыданьняў. Граматыка доўгі час была галоўным падручнікам па беларускай мове, асабліва ў часы беларусізацыі 1920-х гг. Граматыка пасьля вытрымала 6 перавыданьняў, выкарыстоўваецца й пасьля рэформы беларускага правапісу 1933 году, атрымаўшы назоў «тарашкевіца»

 

Творы

 

Беларуская граматыка для школ. Вільня, 1918.

Заходняя Беларусь — пляцдарм імпэрыялістычнай інтэрвэнцыі. — Менск: Беларуская акадэмія навук, Камісія па вывучэньні Заходняй Беларусі, 1931. — 20 с.

Сьцежкай двурушніцтва і здрады // Супроць контррэволюцыйнага беларускага нацыянал-дэмократызму. — Мн.: Белдзяржвыдавецтва, 1931.

Как живут крестьяне за границей. Москва-Ленинград, 1935.

Дифференциация крестьянства в Польше во время кризиса // Польская деревня во время кризиса. Москва, 1935.

Выбранае: крытыка, публіцыстыка, пераклады / Укладанне, уступ, каментарыі А. Ліса. Мінск: Мастацкая літаратура, 1991. — 319 с.

 

Ушанаваньне памяці

 

Імем Б. Тарашкевіча названыя вуліцы ў Менску, Маладэчне і Радашкавічах. 5 сакавіка 1969 году ягоным імем названы ліцэй зь беларускай мовай навучаньня ў горадзе Бельск-Падляскі (Польшча).

 

Ацэнкі

 

Вучэбны дапаможнік Тарашкевіча ўлічваў тагачасныя дасягненьні ў галіне беларускай філялёгіі (Яўхім Карскі, Аляксей Шахматаў і інш.) і быў станоўча прыняты грамадзкасьцю.

Аднак у практычнай працы й ва ўмовах масавай беларусізацыі граматыка выклікала пэўныя цяжкасьці з-за сваёй агульнай складанасьці й пэўных унутраных недахопаў; некаторыя фанэтычныя й марфалягічныя асаблівасьці не атрымалі ў кнізе належнага асьвятленьня; напісаньне іншамоўнай лексыкі працягвала складаць цяжкасьці; некаторыя правілы былі штучнымі й надуманымі, у граматыку быў уведзены шэраг архаічных граматычных формаў у якасьці літаратурных.

«Расейскі і польскі ўплывы» (адпаведна ў марфалёгіі і артаграфіі) адзначалі ў сваіх тагачасных публікацыях, напр., Язэп Лёсік і Ян Станкевіч.

 

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.