Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Каток залаты лабок

Нядаўна, а можа, даўно

(Вам, дзеткі, не ўсё адно?!)

Жылі сабе дзед і баба.

Жылося ім, дзеткі, слаба:

Нечага няма ім насіць,

Нечага няма ім варыць…

Таму, на нейкім дзяньку,

Вось бабка і кажа дзядку:

“Вазьмі ты, дзядок, тапарок,

Паедзь ты, дзядок, у лясок,

Ссячы там дубочак-дубок…

Звязі на рынак які,

Прадай… Ды купі мукі:

З мяшэчак, на паў-рукі!..

Спячом мы з табою хлеб

І зажывём без патрэб! ”

Назаўтра, устаўшы ўранні

(Так, дзетачкі: не на світанні!)

Не выспаўшыся як след,

Сабраўся-паехаў дзед…

Нарэшце – вось і лясок.

Пачаў ён секчы дубок.

Аж!.. выскачыў з дуба каток!

Каток – залаты лабок:

Вушка адно – залатое,

Срэбненькае – другое;

Золата-срэбна шарсцінка,

Золата-срэбная спінка;

Золата-срэбныя лапкі:

Лапкі, лапкі-царапкі!..

(Прыгожы каток – дальбог!..)

Спытаў у дзеда каток,

Гледзячы ціха ў неба:

“Што ў цябе, дзед, за патрэба

Секчы мой цуд-дубочак?

Кінь ты, дзед, тапарочак!..”

Адступіўшы назад, на крок,

Кажа сівы дзядок:

“А! каточак, ты мой галубочак!

Не хацеў я секчы дубочак.

Ды з’елі мы ўсе харчы…

Вось бабка і кажа: ссячы,

Маўляў, у лесе дубочак,

Накладзі – дроўцаў (з вазочак)

Адвязі на рынак які,

Прадай, ды купі мукі:

Нямнога, толькі на хлеб,

Каб дажыць без патрэб!..”

Усміхнуўся ў вусы каток,

Каток – залаты лабок,

І кажа: “Мой ты дзядок!

Едзь дахаты, браток!

Будзе ў вас з бабай мука –

Вось табе лапка-рука!..”

Не чуючы сэрца (ног!)

Паехаў дахаты дзядок…

Ажно!.. у хаце мукі –

Ну, хоць ты жыві без чаргі!

Повен-поўны засек:

Хопіць на доў-ў-ўгі век!..

Бабка, без лішніх слоў,

Нагатавала блінцоў;

Сама наелася дужа,

Накарміла дзядка – як мужа;

І кажа: “Паслухай ты Фросю!

Хіба ж блінцом наямося?

Заціркі б нам наварыць;

Ды гора: чым пасаліць?..

Вазьмі ты, дзядок, тапарочак,

Паедзь ты, дзядок, у лясочак,

Стукні ў родны дубочак:

Мо выскачыць наш каточак?

Папрасі ў яго трохі солі…”

“Можна, ” – падумаў міжволі

Стары сівенькі дзядок.

Узяў ён свой тапарок,

Паехаў у пушчу-лясок;

Ды стукнуў у той дубок…

Выскачыў з дуба каток,

Каток – залаты лабок:

Вушка адно – залатое,

Срэбненькае – другое;

Золата-срэбна шарсцінка,

Золата-срэбная спінка;

Золата-срэбныя лапкі:

Лапкі, лапкі-царапкі!..

І кажа, гледзячы ў неба:

“Дзед-дзед! Што табе трэба? ”

Дзед у адказ: “Каточак!

Каточак, ты мой галубочак!

Кажа бабка мая:

“Хлеб – хлебам; солькі няма!..”

Усміхнуўся ў вусы каток,

Каток – залаты лабок,

І кажа: “Мой ты дзядок!

Усё будзе добра, браток!

Едзь спакойна дахаты…

Свет на дзівосы – бага-а-аты! ”

Аб’язджаючы сена-мурог,

Паехаў дахаты дзядок…

Бачыць: у хаце солі –

Аж да сэрца-патолі! * –

Цэлая дзежка стаіць

(Можна да смерці жыць!..)

Па-роднаму, без прыціркі,

Наварыла бабка заціркі,

Наелася з дзедам дужа

І кажа: “Каханы!.. Дру-у-ужа!

Не шкодзіла б нам цяпер,

Ты ўжо, любы, павер,

Капустачкі паспытаць…

Ну! мілы, хопіць бурчаць:

Вастры ты свой тапарочак,

Едзь у любімы лясочак,

Пастукай ціха ў дубочак,

Выскачыць наш каточак!..

Галоўнае – не крычы:

Капустачкі папрасі…”

Навастрыў дзядок тапарок,

Паехаў у лес-лясок;

Стукнуў ціха ў дубок…

Выскачыў мілы каток,

Каток – залаты лабок:

Вушка адно – залатое,

Срэбненькае – другое;

Золата-срэбна шарсцінка,

Золата-срэбная спінка;

Золата-срэбныя лапкі:

Лапкі, лапкі-царапкі!..

І, весела гледзячы ў неба,

Пытае: “Што, дзедачка, трэба? ”

Дзед зноўку: “А! мой ты каточак!

Каточак, ты мой галубочак!

Хлеба і солі ўдосталь;

Ды бабка капусты просіць.

Даруй, калі што…”

– “Дзядок! –

Адказвае добры каток. –

Не цяжка гэта датумкаць:

Як добра капусткай хрумкаць!..”

“Праўду кажаш, каток…”

“Вядзі цябе бог, дзядок!..”

Узабраўся дзядок на воз;

Ды смеючыся да слёз,

Паехаў дахаты шпарка…

А ў хаце – якая запарка?! –

Кадушка капусты стаіць!

(От! можна да смерці жыць!..)

Дзед з бабай паелі зноўку…

Прытуліўшы да дзеда галоўку,

Бабка, бы незнарок,

Кажа: “Мілы дзядок!

З’ездзі яшчэ да катка,

Катка – залатога лабка;

Можа, падкіне нам сала...”

“От! бабка, ўсё табе мала! ”

Узяў дзядок тапарок,

Паехаў у родны лясок;

Стукнуў ціха ў дубок…

Выскачыў мілы каток,

Каток – залаты лабок:

Вушка адно – залатое,

Срэбненькае – другое;

Золата-срэбна шарсцінка,

Золата-срэбная спінка;

Золата-срэбныя лапкі:

Лапкі, лапкі-царапкі!..

“Божа! Ад дзеда-мальца

Хоча бабка сальца?! –

Смяецца каток ад душы. –

Ты, можа, спіс напішы:

Што нашай бабцы трэба?!..”

“Не-е-е! Засмяецца неба…”

Паехаў дзядок дахаты…

Глядзіць: у хаце багата

Сала ў кубёлку ляжыць…

“Ну, можна да смерці жыць! –

Сказала шчаслівая бабка. –

І сала ёсць, і аладка…”

Дзед з бабай і сёння жывуць:

Хлеб-сала, капусту жуюць…

 

Вось вам, дзетачкі, казка;

А мне – абаранкаў вязка!

 

Бацькаў дар

Казка

Аўтар: народ

Крыніца: https://bellib.org/2009-05-25-13-14-53/item/tales-folk/tales-folk-021.html

 

Жыў сабе на свеце адзін добры чалавек. Было ў яго тры сыны — два разумныя, а трэці Іван-прасцяк. Разумныя пажаніліся; сем’і завялі, а Іван усё на печы ляжыць ды на жалейцы іграе.

 

Прыйшла пара бацьку паміраць. Сабраў ён сыноў і кажа ім:

 

— Сыны мае родныя, сыны мае любыя! Багацця вялікага я вам не пакідаю, але прашу ўважыць адну маю просьбу: прыходзьце да мяне на магілу начаваць тры ночы. Першую ноч — старэйшы, другую — сярэдні, а трэцюю — малодшы. І як прыйдзеце, то скажыце: «Жоўты пясок, рассыпайся, сасновая труна, адчыняйся, бацька, з магілы падымайся!» Вось і ўсё.

 

Сказаў ён гэта сынам, згарнуў рукі і памёр.

 

Пахавалі сыны бацьку. Ну, трэба старэйшаму ісці на магілу начаваць. А яму боязна, ды і жонка не пускае: «Куды ты пойдзеш, яшчэ загінеш там! Што я тады адна рабіць буду?»

 

Але ж нядобра не паслухаць бацькавай просьбы.

 

— Пашлі за сябе Івана, — раіць жонка.— З ім калі што і здарыцца, дык ніхто шкадаваць не будзе.

 

Старэйшы брат пачаў прасіць Івана:

 

— Схадзі, братка, за мяне на бацькаву магілу…

 

А Іван, лежачы на печы, адказвае:

 

— Што я — дурань хадзіць за другіх? Прыйдзе мая чарга, тады і пайду.

 

Брат ледзь не плача:

 

— Схадзі, Іванка! Бачыш, жонка мяне не пускае…

 

І ўгаварыў-такі.

 

— Ну, добра, — згадзіўся Іван, — скажы толькі жонцы, каб пашыла торбу вялікую і палажыла ў яе два боханы хлеба. Я там хоць хлеба ўволю наемся, а то дома вашы жонкі мне есці не даюць.

 

Пашыла жонка старэйшага брата вялікую торбу і палажыла туды два боханы хлеба. Узяў Іван торбу ды пайшоў на бацькаву магілу. Прыйшоў і сказаў, як бацька вучыў:

 

— Жоўты пясок, рассыпайся, сасновая труна, адчыняйся, бацька, з магілы падымайся!

 

Усё так і сталася. Падняўся бацька, паглядзеў на Івана і кажа:

 

— А дзе ж мой старэйшы сын?

 

— Ён, бачыш, баіцца цябе, дык мяне прыслаў, — адказвае Іван, уплятаючы лусту хлеба.

 

— Ну што ж, — уздыхнуў бацька, — тады яго доля будзе табе. Слухай мяне, сынку: у зялёных лугах, на шаўковых мурагах пасецца конь сівай масці, з залатою грываю. Дзень пасецца, ноч гуляе, а як крыкне добры маладзец — ураз да яго прыбягае. Калі ён табе патрэбен будзе — крыкні-свісні поўным голасам, і конь стане перад табою, як ліст перад травою. А як нацешышся з яго, зноў пусці ў зялёныя лугі, на шаўковыя мурагі.

 

Сказаў так бацька, лёг у труну — магіла ўслед і закрылася.

 

Адышоўся Іван ад магілы, крыкнуў-свіснуў поўным голасам — прыбягае да яго конь сівай масці, з залатою грываю.

 

Стукнуў конь капытамі:

 

— Што, Іван Іванавіч, загадаеш?

 

— Хачу на табе пракаціцца.

 

— Калі ласка!

 

Сеў Іван на каня і паляцеў. Тры разы свет абляцеў і да зямлі не дакрануўся. Прымчаўся на старое месца.

 

— Хопіць, — кажа каню, — нацешыўся! А цяпер бяжы ў зялёныя лугі, на шаўковыя мурагі. Дзень пасіся, ноч гуляй, а як крыкну я — да мяне прыбягай!

 

Пусціў каня, а сам торбу на плечы і пайшоў дахаты. Залез на печ, ногі на жэрдку закінуў ды іграе сабе на жалейцы. Разумныя браты дзівяцца: «Бач ты, нічога з ім і не сталася!»

 

Прыйшла другая ноч — трэба сярэдняму сыну на бацькаву магілу збірацца. Пачаў ён Івана ўпрошваць:

 

— Схадзі, братка, і за мяне…

 

— Што я — парабак вам! — злуецца Іван.— Табе трэба, ты і ідзі!

 

Тут і братава жонка да яго прыстала:

 

— Зрабі, Іванка, ласку: схадзі за брата на бацькаву магілу!

 

— Ну, добра, — згадзіўся Іван.— Давайце два боханы хлеба!

 

Спакавалі яму торбу, ён і пайшоў. Прыйшоў на магілу, сказаў, што трэба. Бацька падняўся і зноў дзівіцца:

 

— Чаму ж сярэдні мой сын не прыйшоў наведаць мяне?

 

— Ён баіцца цябе, — адказаў Іван, — дык і не прыйшоў.

 

— Ну што ж, — уздыхнуў бацька, — тады і яго доля будзе табе. Слухай мяне, сынку: ёсць у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах яшчэ адзін конь, гнедай масці, маладзейшы за першага. Дык ён таксама будзе табе служыць.

 

Абляцеў Іван два разы свет на кані гнедай масці і вярнуўся дахаты.

 

На трэцюю ноч прыйшла яго чарга. Пайшоў ён на бацькаву магілу. Падняўся бацька і кажа:

 

— Шкада мне цябе, сынок: ты ўсё адзін да мяне ходзіш… Ну, дык няхай і трэці, самы маладзейшы, конь служыць табе. А пасецца ён у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах і масці ён буланай. А цяпер больш да мяне не хадзі.

 

Сказаў гэта бацька, лёг у труну, і магіла закрылася.

 

Абляцеў Іван адзін раз свет і на кані буланай масці. Потым вярнуўся дахаты, лёг на печы ды іграе на жалейцы.

 

— Вось, — дзівяцца разумныя браты, — наш дурань нідзе не прападзе! Але цяпер ужо хлеба мы яму не будзем даваць па два боханы на дзень — хопіць яму і заціркі!

 

Тым часам у тым царстве ўздурылася ад нечага рабіць малодшая царская дачка: залезла на трэці ярус у цераме, села ля акенца і абвясціла, што, хто да яе на кані даскочыць, за таго яна замуж пойдзе. Тут усе, хто хацеў узяць сабе за жонку царскую дачку, кінуліся ў сталіцу. А іншыя пайшлі ды паехалі тое дзіва глядзець.

 

Разумныя браты кажуць:

 

— Давай і мы паедзем дзіва глядзець. Пачалі яны збірацца. Іван просіцца:

 

— Вазьміце і мяне з сабою. Мне таксама хочацца дзіва паглядзець.

 

— Куды табе ехаць? — смяюцца браты.— Там і без такіх дурняў абыдуцца. А калі надакучыла на печы ляжаць, дык дамо табе работу.

 

Узялі яны два гарцы маку і два гарцы пяску, змяшалі ў кучу і кажуць:

 

— Пакуль мы вернемся, каб усё гэта перабраў: мак — асобна, пясок — асобна.

 

Засумаваў Іван, ды што зробіш. Усыпаў ён мак з пяском у торбу, лёг на печы і ляжыць. Торбу на чарэнь палажыў: няхай сохне.

 

Мінуў, можа, тыдзень ці два, злез Іван з печы, перасыпаў мак з пяском у лубянку, торбай накрыў ды пайшоў са сваім дабром за цёмны лес у чыстае поле. Свіснуў-крыкнуў там поўным голасам — прыбягаюць да яго ўсе трое коней: сівай масці, гнедай масці, буланай масці.

 

— Што скажаш нам, гаспадар?

 

— Коні мае добрыя, коні мае любыя: чутка пайшла, што ў царскай сталіцы дзіва дзіўнае творыцца. Уздурылася малодшая царская дачка, залезла на трэці ярус у цераме, села ля акенцаі абвясціла, што, хто да яе на кані даскочыць, за таго замуж пойдзе. Ці не маглі б вы мяне туды завезці тое дзіва паглядзець?

 

— Можна, — адказвае конь сівай масці.— Але паедзеш ты цяпер на самым малодшым з нас — на буланым.

 

Выйшаў буланы конь наперад, махнуў грываю і кажа:

 

— Лезь мне, Іване, у правае вуха, праз левае вылезь.

 

Улез Іван буланаму каню ў правае вуха, праз левае вылез і стаў такім малайцом, што ні царэвіч, ні каралевіч не дакажа. Сеў ён на каня. Конь стукнуў капытамі і паляцеў.

 

Доўга ляцеў ён ці коратка, аж вось і сталіца. Там ужо ўсе пазбіраліся дзіва глядзець. І браты Іванавы збоку стаяць, раты паразяўлялі.

 

Тут буланы конь як скокнуў з разгону, дык, можа, на які локаць усяго і не даскочыў да царэўны. Апусціўся на зямлю за церамам ды віхрам памчаўся далей. Быў і няма! Усе аж ахнулі, і царэўна ахнула: «Лавіце, лавіце яго!»

 

Прымчаўся конь на старое месца. Іван улез яму ў левае вуха, праз правае вылез, стаў такім, як быў, ды кажа:

 

— Дзякую, конь мой добры! Паглядзеў і я царэўну. А цяпер памажы мне зрабіць яшчэ адну работу: перабраць два гарцы маку і два гарцы пяску…

 

Конь кажа:

 

— Раздзяры торбу на дзве посцілкі і высып з лубянкі свой мак.

 

Іван так і зрабіў. Як дзьмухнуў конь ноздрамі, дык мак апынуўся на адной посцілцы, а пясок на другой.

 

Згарнуў Іван посцілкі, падзякаваў каню ды пайшоў дахаты. А ў лубянку назбіраў па дарозе грыбоў.

 

Дома братавыя напалі на яго:

 

— Дзе ты, дурань, ходзіш? Ці перабраў ты мак? Будзе табе ад братоў, як вернуцца!

 

— А няхай вас качкі стопчуць! — кажа Іван.— Перабраў і мак і яшчэ во грыбоў прынёс. А вы ўсё кажаце, што я нічога не раблю.

 

Прыязджаюць неўзабаве са сталіцы і разумныя браты.

 

— Што там было, што рабілася! — расказваюць жонкам.— Але ніхто і да другога яруса не мог падняцца. Толькі адзін нейкі царэвіч на кані буланай масці чуць да царэўны не даскочыў. Яму б яшчэ з локаць вышэй… Эх, шкада! А такі прыгожы царэвіч быў, нават сама царэўна ахнула ды закрычала: «Лавіце, лавіце яго!» Ды дзе там!

 

А Іван ляжыць на печы, пасміхаецца:

 

— Ці не я гэта там быў? Браты зашыкалі на яго:

 

— Маўчаў бы ты, дурань!

 

Праз нейкі час царэўна зноў аб’яву дае, каб усе з’язджаліся ў сталіцу. А сама села ўжо ля акенца чацвёртага яруса.

 

Сабраліся ехаць і разумныя браты.

 

— Вазьміце і мяне з сабою! — просіцца Іван.

 

— Ах ты, дурань такі-сякі! Што табе, работы дома няма? От мы табе дамо работу.

 

Узялі браты тры гарцы пяску і тры гарцы маку, змяшалі ўсё і загадалі Івану перабраць, пакуль яны вернуцца.

 

Пачакаў Іван колькі часу, высыпаў мак з пяском у лубянку, узяў дзве посцілкі і пайшоў за цёмны лес, у зялёныя лугі. Свіснуў-крыкнуў там поўным голасам — прыбеглі да яго добрыя коні.

 

— Чаго клікаў нас, гаспадар?

 

— Ды так і так, — кажа Іван, — зноў царэўна аб’яву дала, каб усе ў сталіцу ехалі. Ці не можна б і мне паехаць тое дзіва паглядзець?

 

Сівы конь адказвае:

 

— Добра. Але цяпер ты паедзеш на гнедым.

 

Ну, Іван зрабіў тое, што трэба, сеў маладзец-малайцом на гнедага каня і паляцеў у сталіцу. Усе ехалі туды па месяцу, па два, а ён за гадзіну дамчаўся. І паспеў якраз. Гнеды конь як сігануў, дык толькі на паўлокця да царэўны не даскочыў…

 

Царэўну цікавасць узяла: хто ж гэта такі той храбры царэвіч, што і другі раз ледзь не даскочыў да яе? Вось па некаторым часе дае яна трэцюю аб’яву, а сама залазіць на пяты ярус. І на гэты раз зноў з’ехаліся туды ўсе цары і царэвічы, каралі і каралевічы, усе паны і дваране. Паехалі і разумныя браты, пакінуўшы Івану работу: чатыры гарцы маку з пяском перабраць.

 

Вылежаўся Іван на печы, узяў мак з пяском ды пайшоў да сваіх коней.

 

— Ці не можна было б яшчэ разок з’ездзіць у сталіцу? — кажа коням.

 

— Можна то можна, — адказаў сівы конь.— Але цяпер ужо ты паедзеш на мне самім. Калі і я не даскочу да царэўны, дык больш і гаварыць аб гэтым не будзем.

 

Зрабіў Іван усё, што трэба, сеў на каня, свіснуў-крыкнуў і паляцеў у сталіцу. Гадзіны не мінула, а ён ужо там апынуўся.

 

— Ну, трымайся! — крыкнуў яму сівы конь.

 

Заржаў сівы конь на ўсю сталіцу, узвіўся ўгору і даскочыў да самай царэўны. А царэўна — стук, стук — і паставіла Івану дзве свае пячаткі: адну на лоб, другую — на патыліцу. Конь спусціўся на зямлю ды памчаўся прэч. Усе крычаць: «Лаві, лаві!» А лавіць і няма каго: тут быў — тут няма…

 

Прымчаўся Іван назад, папрасіў каня, каб перабраў мак, і пусціў яго ў зялёныя лугі, на шаўковыя мурагі. А сам насунуў шапку на самыя вушы, каб пячаткі не відаць былі, ды пайшоў дахаты. Па дарозе зноў назбіраў лубянку грыбоў.

 

Прыехалі браты, пачалі жонкам пра дзіва расказваць:

 

— Што там было, што рабілася! Усе скакалі, але і да другога яруса не даскочылі, а адзін царэвіч — прыгожы такі, увесь у золаце — як сігануў, дык да самай царэўньі даскочыў, а яна яму пячаткі свае на лоб і на патыліцу паставіла.

 

Іван слухае з печы ды смяецца:

 

— Ці не я гэта там быў?

 

— Сціхні, дурань! — зашыкалі на яго браты.— Не з тваім розумам і спрытам зрабіць такое! Ці перабраў ты хоць мак?

 

— Перабраў, — адказвае Іван, — няхай вас з вашым макам! Клопат адзін, ды і толькі.

 

Паглядзелі браты, і дзіва іх узяло: як гэта можна было гэтулькі маку з пяску выбраць?

 

— То, відаць, хапіла табе работы! — кажуць.

 

Тым часам царэўна дала аб’яву, каб з’явіўся да яе жаніх. Перш-наперш паклікала да сябе ўсіх царэвічаў і каралевічаў. Агледзела — няма жаніха! Тады паклікала паноў і купцоў — таксама няма! Прыйшла чарга і да іншых — мужыкоў ды парабкаў. Усіх загадала збіраць.

 

— Ну, — кажа Іван да братоў, — раней я прасіўся, каб вы ўзялі мяне, а цяпер пайду і без вас!

 

Узяў сваю жалейку, торбу за плечы і пайшоў за цёмны лес, у чыстае поле. Крыкнуў-свіснуў там поўным голасам — прыбягаюць да яго ўсе трое коней.

 

— Коні мае добрыя, — кажа Іван, — загадала царэўна з’явіцца на яе вочы ўсім мужыкам ды парабкам. Ці не можна і мне паехаць да яе?

 

Сівы конь адказвае:

 

— Цяпер ты зноў паедзеш на малодшым з нас. І едзь такім, як ёсць.

 

А буланаму каню дае наказ:

 

— Завязі ты яго, братка, да лазні, што каля царскага палаца стаіць, і пакінь там. А ты, — кажа да Івана, — залезь у лазні на палок ды іграй на жалейцы. Цябе знойдуць, як трэба будзе.

 

Як бачыш замчаў яго буланы конь да лазні. Увайшоў Іван у лазню, залез на палок ды іграе сабе на жалейцы.

 

Тым часам царэўна са служанкаю ўсіх мужыкоў ды парабкаў перагледзелі — няма жаніха! Аж раптам чуюць: нехта ў лазні іграе, ды так хораша, што люба слухаць. Пайшлі туды, адчынілі, бачаць — ляжыць на палку хлапец, абадраны, абшарпаны, шапка на лоб насунута… І так іграе на жалейцы, што ногі самі ў скокі ідуць. Падышла да яго царэўна, зняла падраную шапку, глядзіць, аж яе пячатка на лбе! Паглядзела на патыліцу — і там яе пячатка!

 

— Ну, — кажа яна Івану, — гэта ты мой жаніх! Хадзем да бацькі.

 

Узяла яго за руку і вядзе, а Іван упіраецца:

 

— Куды я пайду! Каб з мяне там насмяяліся?

 

Прывяла яго сяк-так царэўна ў харомы. Бацька як убачыў, давай плявацца:

 

— Каго гэта ты сабе за мужа выбрала?! Дачка кажа:

 

— Але ж на ім мае пячаткі, — значыцца, ён мой суджаны муж. Такі мой лёс. Нічога не зробіш…

 

Хоць не хоць — прыйшлося гуляць вяселле. Стаў Іван царскім зяцем.

 

А было ў таго цара яшчэ два зяці, што на старэйшых дочках пажаніліся. Тыя, вядома, з князёў ды каралёў былі. Вось сабраў аднойчы цар сваіх багатых зяцёў і кажа:

 

— Я ўжо стары, і смерць мая не за гарамі. Каму ж з вас царства перадаць?

 

— Мне! — кажа адзін зяць.

 

— Не, мне! — кажа другі.

 

І так заспрачаліся, што ледзь не да бойкі справа даходзіць. Тады цар кажа:

 

— Вось што, зяці мае любімыя: ёсць у адным царстве, у адной старане свінка — залатая шчацінка, лычам арэ, нагамі барануе, а ўслед за ёю пірагі растуць, ды такія, што можна хоць самому цару есці. Каторы з вас дастане тую свінку і прывядзе ў мой палац, таму ўсё царства адпішу!

 

Тут зяці, доўга не думаючы, узялі па палку салдат і з музыкай паехалі шукаць свінку — залатую шчацінку.

 

Кажа царская дачка свайму мужу:

 

— Швагры твае вунь паехалі шукаць свінку — залатую шчацінку, а ты што сабе думаеш? Ім бацька ўсё царства адпіша, а мы як жыць будзем?

 

— Нікуды я не паеду! — адказвае Іван.— Выдумалі ліха ведае што — нейкую свінку! Дзе яе возьмеш?

 

Жонка заплакала, а Іван узяў сваю жалейку ды і пачаў іграць.

 

Мінула так з месяц ці больш, тады Іван кажа да жонкі:

 

— Схадзі да бацькі, папрасі ў яго якой-небудзь заваляшчай кабылкі: паеду і я свінку шукаць.

 

— Дурань ты, — кажа жонка, — швагры ўжо, можа, даўно знайшлі яе ды вязуць дамоў, а ты цяпер толькі надумаўся ехаць!

 

— Няхай сабе! Схадзі да бацькі. А калі не дасць, дык я пехатою пайду.

 

Пайшла жонка да бацькі.

 

— Татулька, — кажа, — просіць мой Іван хоць якой заваляшчай кабылкі: хоча і ён па свінку ехаць.

 

Цар пасмяяўся, але кабылку даўХ Сабраўся Іван, сеў на кабылку задам наперад ды паганяе.

 

— Глядзіце, — дзівяцца царскія слугі, — дурны па-дурному і едзе!

 

Выехаў ён за горад і пусціў кабылку ваўкам на спажыву. А сам як крыкне, як свісне — прыбягаюць да яго ўсе трое коней: сівы, гнеды, буланы.

 

— Што скажаш нам, гаспадар?

 

— Ах, коні мае добрыя! — кажа Іван.— Ёсць у адным царстве, у адной старане свінка — залатая шчацінка, лычам арэ, нагамі барануе, а ўслед за ёю пірагі растуць, ды такія, што можна самому цару есці! Ці не можам мы яе дастаць?

 

— Можам! — адказвае сівы конь.— Паедзеш ты па свінку на малодшым з нас. Але вам трэба ўзяць з сабою шаўковы шнурок і раменны бізун.

 

— Дзе ж мне іх узяць? — пытаецца Іван.

 

— Пачакай крышку.

 

Узвіўся сівы конь і паляцеў у зялёныя лугі. Праз хвіліну прылятае з раменным бізуном і шаўковым шнурком.

 

— Вось табе ўсё, што трэба. Толькі, глядзі, — лупі свінку гэтым бізуном не лянуючыся, пакуль не здасца, а ты, буланы, дратуй яе капытамі.

 

Улез Іван буланаму каню ў правае вуха, праз левае вылез, стаў добрым малайцом, сеў і — толькі яго і бачылі.

 

Ці доўга ляцелі яны, ці коратка, аж прылятаюць у тую краіну, дзе жыве свінка — залатая шчацінка. Глядзіць Іван, а яна і праўда: лычам арэ, нагамі барануе… Падкраўся ён да свінкі ды давай бізуном яе хвастаць. Конь капытамі дратуе, а ён бізуном хвошча. Свінка цярпела, цярпела, ды моцы не стала.

 

— Ах, — кажа, — заморскі царэвіч Іван Іванавіч, за што ты мяне забіваеш?

 

— Здавайся, — крычыць Іван, — бо не пушчу цябе жывую!

 

І датуль біў яе, пакуль свінка не здалася. Зашмаргнуў тады Іван ёй на шыю шаўковы шнурок, сеў на буланага каня і паехаў, а свінка ззаду бяжыць.

 

Едзе так, едзе, бачыць — насустрач два палкі салдат ідуць, музыка іграе. «Ну, — думае Іван, — гэта, напэўна, швагры мае яшчэ па свінку едуць». Улез ён буланаму каню ў левае вуха, праз правае вылез і стаў такім, як быў. Каня пусціў, а свінку за шнурок да дуба прывязаў. Свінка тая і давай сваёю работаю займацца: лычам арэ, нагамі барануе…

 

Расклаў Іван у дубняку цяпельца, грэецца ды на жалейцы іграе.

 

Пад’язджаюць швагры бліжэй, бачаць — з дубняку дымок уецца. Кажуць яны сваім слугам:

 

— Пайдзіце паглядзіце, хто там дыміць. Слугі пайшлі, аб усім даведаліся, прыкурылі ад цяпельца і назад вярнуліся.

 

— Ну, што там? — пытаюцца швагры.

 

— Ды гэта ж, — кажуць слугі, — наш дурань дыміць там. Ён ужо і свінку тую вядзе.

 

— Не можа быць! — дзівяцца швагры.— Пойдзем самі паглядзім. І калі што, дык выпрасім у яго свінку або адбярэм.

 

Прыходзяць у дубняк, глядзяць — і праўда: сядзіць Іван ля цяпельца, на жалейцы іграе, а свінка каля дуба сваю работу спраўляе…

 

— Добры дзень, швагер!

 

— Добры дзень!

 

— Дык гэта ты ўжо раней за нас і свінку дастаў?

 

— Я адну толькі дастаў, — адказвае Іван, — а там іх цэлая чарада: хопіць і вам.

 

— Што ты хлусіш, швагер! Такая толькі адна і ёсць на свеце. Аддай ты нам гэтую свінку.

 

А Іван стаіць на сваім:

 

— Гэта мая свінка, і я сам павяду яе цесцю.

 

Швагры ж як прысталі да яго — не адчапіцца. «Мы табе, — кажуць, — і тое дамо, і гэтае…» Надакучыла Івану слухаць іх, ён і кажа:

 

— Ну, ліха з вамі: калі адрэжаце па мезеным пальцы з правай нагі, то бярыце яе сабе.

 

Падумалі швагры і згадзіліся: што ж, мезены палец варты палавіны царства! Адрэзалі яны пальцы, узялі свінку — залатую шчацінку і вясёлыя павялі яе ў сталіцу.

 

А Іван палажыў пальцы ў сваю каліту, пагрэўся яшчэ трохі каля цяпельца, потым клікнуў буланага каня, сеў на яго і памчаўся. Швагры ехалі, можа, з месяц, а Іван — за адзін дзень справіўся. Прыехаў да горада, буланага пусціў у зялёныя лугі, а сам да жонкі пайшоў.

 

Убачыла яго жонка без нічога, рукамі пляснула:

 

— Дзе ж ты бацькаву кабылку падзеў?

 

— Ды, бачыш, — кажа Іван, — дрэнная кабылка трапілася: прыстала ў дарозе… Ну, я кінуў яе і сам пехатою вярнуўся.

 

Жонка ў плач:

 

— Ох, ліханька з табою: выпрасіла ў бацькі кабылку, а ты яе страціў і свінкі не прывёў…

 

Вось праз нейкі час вярнуліся і швагры са свінкаю. Прывязалі яе на дзядзінцы каля царскіх харомаў. Свінка і пачала дзівы вырабляць: лычам арэ, нагамі барануеУа за ёю гатовыя пірагі растуць…

 

Колькі тут было радасці і шваграм і цару! Паклікаў цар гасцей — паноў ды князёў — дзіва глядзець. Бо ніводзін цар такой свінкі не мае!

 

Раз’ехаліся госці, а швагры пайшлі да цесця прасіць, каб царства ім адпісаў. Цар падумаў і кажа:

 

— Не, за адну свінку царства не адпішу. Ёсць у адным царстве, у адной старане, дзіва-кабыліца — з ноздраў яе полымя шугае, з вушэй дым валіць. Пасецца яна ў зялёных лугах, на шаўковых мурагах. І вартуюць яе дванаццаць коней з залатымі грывамі. Калі вы тую кабыліцу з коньмі зловіце і прыведзяце да мяне, тады адпішу вам царства.

 

Памуляліся швагры — нічога не зробіш: трэба ехаць шукаць кабыліцу!

 

Набралі яны яшчэ больш войска і паехалі.

 

Жонка зноў прыстае да Івана:

 

— Швагры твае вунь па кабыліцу паехалі, а ты дома сядзіш! Бацька ім усё царства адпіша, а мы як жыць будзем?

 

— Э, — кажа Іван, — куды мне ехаць? Што ў мяне войска сваё, ці што? Пражывём як-небудзь і без царства!

 

Мінула колькі часу, Іван зноў просіць жонку:

 

— Схадзі да бацькі: ці не дасць ён мне яшчэ адной кабылкі? Паеду і я за шваграмі.

 

— Што ты, дурань, вярзеш? Швагры, пэўна, ужо назад варочаюцца з кабыліцай, а ты толькі збіраешся.

 

— А калі варочаюцца, дык і я з імі вярнуся. Бяда вялікая!

 

— Мне брыдка перад бацькам, — кажа жонка, — зноў дарэмна кабылку страціш. Што я тады скажу яму?

 

— Страчу дык страчу. Бацька твой праз гэта не збяднее.

 

Пайшла яна да бацькі і выпрасіла яшчэ адну кабылку. Сеў Іван на кабылку, ад’ехаўся крыху ад горада ды пусціў яе ваўкам на спажыву. А сам крыкнуў-свіснуў, і сталі перад ім яго добрыя коні. Расказаў Іван коням пра дзіўную кабыліцу.

 

— Дык гэта ж наша маці! — усклікнуў сівы конь.— І там цяпер не дванаццаць вартаўнікоў каля яе, а дзевяць, бо мы табе служым. Цяжкую задачу ты загадаў нам, гаспадар. Ды паспрабуем памагчы табе. Ідзі ты да свайго цесця і папрасі ў яго дзедаўскага бязмена.

 

Вярнуўся Іван у харомы, выпрасіў у цара дзедаўскі бязмен на дванаццаць пудоў. Узяў яго ў рукі і махае, як трысцінкай. Цар дзівіцца:

 

— Дурань, а дуж! Глядзі ты яго! Прыйшоў Іван зноў да сваіх коней.

 

— Цяпер, — кажа сівы конь, — я сам паеду з табою. А ты глядзі, як сядзеш на кабыліцу, дык бі яе бязменам паміж вушэй. Датуль бі, пакуль яна не спыніцца. А я гэтым часам буду каля яе лятаць і прасіць: «Матухна, здавайся, бо мой гаспадар вельмі ж злосны: заб’е цябе бязменам…»

 

Ну, так усё і сталася, як сівы конь сказаў.

 

Злаўчыўся Іван, сеў на кабыліцу, а тая падняла яго пад самыя нябёсы… Насіла, насіла — не скідаецца Іван: сядзіць на спіне, як прырос, ды дванаццаціпудовым бязменам лупіць яе паміж вушэй.

 

Стамілася кабыліца і кажа:

 

— Трыццаць тры гады жыву, а ніхто яшчэ не ездзіў на мне! Хто ты такі?

 

— Гэта, матухна, наш гаспадар, — адказвае за Івана сівы конь.— Здавайся, бо ён надта сярдзіты: заб’е цябе.

 

— Ну, што ж, — уздыхнула кабыліца, — хадзіла я па волі, а цяпер давядзецца хадзіць пад няволяй. Чакай, Іван Іванавіч, перастань біць мяне.

 

— Вось так бы даўно і сказала, а то мне рука забалела дубасіць цябе, — кажа Іван.

 

Едзе Іван на кабыліцы назад у сваё царства, а за ёю дзевяць коней ідзе і дзесяты Іванаў сівы конь.

 

Едзе ён, аж бачыць: насустрач войска валіць, музыка іграе. «Гэта, напэўна, швагры мае», — думае Іван. Пусціў ён свайго сівага каня ў зялёныя лугі, расклаў цяпельца, грэецца ды на жалейцы іграе.

 

Убачылі швагры дымок. Пасылаюць слуг даведацца, хто там дыміць. Пайшлі слугі, усё разгледзелі, прыкурылі ад цяпельца і назад вярнуліся.

 

— Ну, хто там? — пытаюцца швагры.

 

— Ды гэта ж дурань наш кабыліцу вядзе, і каля яе дзевяць коней з залатымі грывамі бегае.

 

— Як дзевяць? Цесць жа казаў — дванаццаць!

 

— Не, толькі дзевяць.

 

— То пойдзем самі паглядзім. Прыходзяць:

 

— Здароў, швагер!

 

— Здаровы былі!

 

— Што, кабыліцу вядзеш?

 

— Ага, там іх шмат пасецца. Я сабе толькі адну ўзяў і дзевяць коней у прыдачу.

 

Швагры пераглянуліся, пакруцілі галовамі:

 

— Годзе, швагрусь, табе смяяцца з нас! Гэта ж тая кабыліца, пра якую бацька казаў.

 

— Ды не, не тая, — не здаецца Іван.— Ваша вам засталася. Я чужых не бяру.

 

— Няхай сабе і так, — кажуць швагры, — але ты нам пераступі гэтую. Мы табе што хочаш дамо.

 

І як пачалі прасіць — рады няма. Здаўся Іван і кажа:

 

— Добра, бярыце, але адрэжце мне за яе па мезеным пальцы з правай рукі.

 

Шкада шваграм пальцаў, ды Іван на сваім стаіць. Параіліся швагры між сабою.

 

— Што ж, — кажуць, — дактары ў нас свае, лекі свае, — як бачыш усё загоіцца: адрэжам па пальцу!

 

Вярнуўся Іван дадому, як і першы раз, ні з чым.

 

— Скажы хоць, дзе ты бацькаву кабылку падзеў? — пытаецца жонка.

 

— Як дзе? Здохла! Што ж ты думаеш: сам ехаў ды яшчэ бязменішча гэткі вёз…

 

Праз колькі часу прыводзяць швагры тую кабыліцу. Рады, што і не выказаць: вядома, царства цяпер ім будзе!

 

Тут ужо трэба цару паперу пісаць — царства зяцям перадаваць.

 

— Не, — кажа цар, — я перадумаў. Не ўсё яшчэ вы зрабілі. Ёсць у адным царстве, у адной старане, за сінімі марамі, за высокімі гарамі леў. Сядзіць ён пры студні, дванаццаццю ланцугамі прыкуты. А яму, як дзень, так ноч, дванаццаць чалавек ваду са студні цягаюць; леў усю яе выпівае і ўсе хваробы і з народу і са скаціны ў сябе ўбірае. Калі вы гэтага льва дастанеце і прыведзяце ў наша царства — усё ваша будзе!

 

Падумалі швагры: «Можа, дурань і гэтага льва дастане, а мы ўжо як-небудзь у яго вымарачым».

 

— Добра, — кажуць, — прывядзём ільва! Сабраліся і паехалі. А жонка напала на Івана:

 

— І што ты, дурань, сабе думаеш? Ляжыш толькі ды на жалейцы іграеш. Бачыш, швагры вунь па льва паехалі. Бацька ім усё царства адпіша, а мы з табою жабраваць пойдзем!

 

— Ах, любая жонка, — кажа Іван, — хіба ж людзі не жабруюць? Неяк будзем жыць і мы.

 

Жонка на гэтым і супакоілася.

 

Вось пражылі яны з месяц ці два, Іван зноў просіць жонку, каб ішла да бацькі па кабылку.

 

— Не, — кажа жонка, — цяпер ужо не пайду. Калі хочаш — выпраўляйся пехатою: усё роўна адзін з цябе толк!

 

Іван спрачацца не стаў, развітаўся з жонкаю ды рушыў у дарогу. Выйшаў у чыстае поле, паклікаў коней. Сівы конь і кажа:

 

— Цяпер ты паедзеш на гнедым. Як пад’едзеш да сталіцы, каня пускай, а сам ідзі да студні і скажы, што ты адзін бярэшся льва паіць. А калі цар нойме цябе, дык не спі ў шапку. Вось табе малаток — ён любы ланцуг разаб’е…

 

Ці доўга Івану — гадзіны за тры апынуўся ён каля студні.

 

— Добры дзень, малайцы! — прывітаўся Іван да работнікаў, што ваду чэрпалі.

 

— Добры дзень!

 

— Цяжка вам тут працаваць?

 

— Ой цяжка!

 

— Дык давайце я за вас адзін буду льва паіць.

 

— Што ты! — адказваюць работнікі.— Нас дванаццаць і то не спраўляемся.

 

— Нічога, я спраўлюся. Далажыце вашаму цару.

 

Пайшоў старшы работнік, далажыў цару. Цар зарадаваўся: аднаму менш плаціць трэба.

 

— Пастаўце яго, — кажа цар, — на тры дні: справіцца адзін, тады і дамаўляцца будзем.

 

Работнікі адышліся ад студні, а Іван ухапіўся за работу. І так у яго гладка пайшло, што лепш і не трэба.

 

Старшы работнік пабег да цара.

 

— Дзіва! — кажа.— Леў не паспявае ўсяе вады выпіць, што ён адзін падае.

 

— Ну што ж, — кажа цар, — паглядзім яшчэ, як заўтра будзе.

 

Уночы Іван кажа льву:

 

— Ведаеш што: давай уцячом адгэтуль. У маім царстве табе лепш будзе.

 

І так расхваліў ён сваё царства, што леў згадзіўся ўцякаць з ім.

 

— Толькі, — кажа леў, — ты не адарвеш ланцугоў, якімі мяне да студні прыкавалі.

 

. — Нічога, адарву.

 

Узяў Іван малаток, як стукнуў, і рассыпаўся ланцуг. Дванаццаць разоў стукнуў — дванаццаць ланцугоў рассыпалася. Сеў тады Іван на льва і памчаўся ў сваё царства. Сустракае па дарозе швагроў. Убачылі тыя, што Іван на льву едзе, пачалі яго маліць-прасіць:

 

— Аддай нам гэтага льва…

 

— Ого, — не згаджаецца Іван, — усё вам ды вам! Дайце ж і мне хоць каго прывесці да цесця. А то вунь жонка мяне лае: кажа, вы царства будзеце мець, а нам жабраваць давядзецца.

 

— Мы табе, Іване, што хочаш дамо, аддай толькі нам ільва.

 

І гэтак пачалі ўгаворваць, што Іван здаўся.

 

— Добра, — кажа, — але цяпер я з вас даражэй вазьму: выражце мне па палосцы скуры са спіны…

 

Швагры не сталі пярэчыць: «Дактары свае, лекі свае — залечым, — думаюць.— Затое цяпер ужо напэўна царства будзем мець. А тады і старога цара і дурня гэтага вытурым прэч!»

 

Узяў Іван дзве палоскі скуры, скруціў у трубачку ды паклаў у сваю каліту. Потым, як ад’ехаліся швагры з ільвом вярсты дзве, паклікаў гнедага каня, сеў і гайда дамоў.

 

Вярнуўся Іван дадому. Слугі царскія смяюцца з яго.

 

— Вось, — кажуць, — за тры дні па льва пехатою схадзіў. І куды дурню за разумнымі пяцца!

 

А жонка плача:

 

— Што ты сабе думаеш? З цябе людзі смяюцца.

 

— Няхай смяюцца: не ўсім жа плакаць!

 

— Нябось паплачаш, як бацька шваграм царства адпіша, а нам нічога не будзе.

 

— Ат, навошта нам тое царства! Дасць які кавалак зямлі, і хопіць з нас.

 

Жонка і супакоілася: не будзеш жа ўвесь час плакаць! Слёз не хопіць.

 

Прыводзяць швагры таго заморскага льва — з музыкай, з песнямі. З усяго царства пазбіраліся князі ды паны дзіва глядзець. А цар ад радасці такі баль наладзіў, што свет не бачыў.

 

Тры дні і тры ночы балявалі. А як скончыўся баль, паклікаў цар зяцёў. Прыйшлі да яго зяці з жонкамі і меншая царская дачка. Толькі Іван не пайшоў.

 

— А дзе ж твой дурань? — пытаецца цар у меншай дачкі.— Чаму ён не ідзе? Хоць бы паслухаў, як я царства дзяліць буду.

 

Пайшла яна па мужа:

 

— Іван, ідзі да бацькі, паслухай, як там і што.

 

— А чаго мне хадзіць?

 

— Пайдзі папрасі ў яго хоць кавалак зямлі.

 

Пайшоў Іван у царскі пакой, стаў ля парога і стаіць.

 

Цар кажа да старэйшых зяцёў:

 

— Вось, зяці мае любыя, аддаю я вам усё сваё царства, а сам застаюся ў вас на ласкавым хлебе.

 

— Дзякуем табе, татулька, — пакланіліся зяці.

 

— А мне што даеш, бацька? — пытаецца Іван з парога.

 

— Нічога табе не даю! На печы царства не зарабляюць.

 

Іван паглядзеў на швагроў і кажа:

 

— А яны што такога зрабілі, што ты ім царства аддаеш?

 

— Як што? — здзівіўся цар.— Яны мне заморскія дзівы дасталі.

 

— Дзе дасталі? У мяне выенчылі! Паглядзі, бацька, ці ёсць у іх на правых нагах мезеныя пальцы.

 

— Ану, скідайце боты! — загадаў цар зяцям.

 

Зяці адразу скінулі — праўда: няма ў іх на правых нагах мезеных пальцаў!

 

Адкрыў Іван сваю каліту і дастаў адтуль пальцы.

 

— Вось яны! Гэта за свінку я ў іх узяў. А цяпер паглядзі, бацька, ці ёсць у іх на правых руках мезеныя пальцы.

 

Паглядзеў цар — няма! А Іван з той жа каліты іх дастае:

 

— А гэта — за кабыліцу я ў іх узяў. Але ж яны цябе ашукалі: прывялі толькі дзевяць коней. А дзе ж яшчэ тры?

 

— Але, — пачухаў цар патыліцу, — ашукалі: не хапае трох коней…

 

Тут Іван выйшаў з палаца, крыкнуў поўным голасам, свіснуў маладзецкім посвістам — і сталі перад ім тры залатагрывыя кані. Цар аж вочы вытрашчыў. А зяці як палатно збялелі.

 

— А цяпер, — кажа Іван, — паглядзі, бацька, на спіны сваіх зяцёў: ці цэлыя яны?

 

Паглядзеў цар: не хапае па палосцы скуры…

 

Іван выняў з каліты дзве палоскі, прыклаў да спін — іх скура!

 

— Гэта я ім за льва памятку зрабіў. Бачыць цар: усё праўда! Прагнаў ён сваіх зяцёў-ашуканцаў, а Івану ўсё царства аддаў.

З рога ўсяго многа

Казка

Аўтар: народ

Крыніца: https://bellib.org/2009-05-25-13-14-53/item/tales-folk/tales-folk-028.html

 

Жылі сабе дзед ды баба. Бедна жылі. Вядома, старыя: ні рабіць, ні зарабіць не могуць. Толькі тое і мелі, што нажабруюць.

 

Дачакаліся яны вясны. Людзі сеяць пачалі. Вось баба і кажа дзеду:

 

— Хоць бы ты, дзеду, пасеяў трошкі проса. Я прыхавала гарчык на насенне. Мы тады кашы наварылі б, а то нажабраваныя сухары дужа цвёрдыя на нашы зубы.

 

— Добра, — кажа дзед, — пасею. Ускапаў ён каля кустоў загончык ды пасеяў проса.

 

Узышло проса, расце. Сонца яго грэе, дожджык палівае. Цешыцца дзед з проса, не нацешыцца.

 

Вось так пайшоў ён аднойчы глядзець сваё проса. Бачыць: журавель шпацыруе па ім.

 

— Акыш, каб цябе! — закрычаў дзед на жураўля.— Бач, дзе месца для пагулянак выбраў!

 

Журавель падняўся і паляцеў.

 

Паглядзеў дзед, аж усё яго проса здратавана — патаптана ды паламана...

 

Зажурыўся дзед, прыйшоў дахаты і кажа бабе:

 

— Добрае проса зарадзіла, ды адна бяда: унадзіўся ў яго журавель лятаць — усё чыста пабіў, паламаў сваімі доўгімі нагамі. I жаць не будзе чаго.

 

Пабедавала баба, а потым кажа:

 

— Ты ж, дзеду, быў некалі добрым стральцом. I стрэльба твая яшчэ на вышках валяецца. Вазьмі яе, пайдзі ды застрэль таго жураўля-нягодніка. Будзе ў нас хоць мяса замест кашы.

 

Паслухаў дзед, дастаў з вышак стрэльбу, ачысціў яе ад пылу, набіў шротам і пайшоў на свой загон.

 

Прыходзіць, глядзіць — журавель зноў у просе топчацца.

 

Узлаваўся дзед, злажыўся і хацеў ужо бабахнуць па злодзею.

 

А той падняў галаву ды загаварыў чалавечым голасам:

 

— Чакай, дзядуля! Што гэта ты надумаўся рабіць?

 

— Страляць цябе буду! — кажа дзед.— Ты ўсе маё проса вытаптаў сваімі доўгімі нагамі.

 

Журавель кажа:

 

— Не ведаў я, дзядуля, што гэта тваё проса: думаў — панскае. Даруй мне.

 

— Добры інтарэс — дараваць! — кажа дзед.— Няма ў мяне больш нічога, толькі і меў надзею на гэтае проса. А цяпер давядзецца праз цябе з голаду паміраць.

 

Выслухаў журавель дзеда.

 

— Ну, калі ты такі бедны, — кажа, — дык пачакай трохі. Я прынясу табе падарунак за проса.

 

Узмахнуў крыламі і паляцеў за кусты.

 

Стаіць дзед з дубальтоўкаю і думае: «Відаць, ашукаў мяне журавель. Дарэмна не застрэліў яго. Што я цяпер бабе скажу?»

 

Але толькі ён так падумаў, як бачыць: ляціць з-за кустоў журавель і ў дзюбе торбачку трымае.

 

Прыляцеў, падаў дзеду торбачку.

 

— На табе, — кажа, — дзядуля, за проса. Дзед коса паглядзеў на торбачку — звычайная зрэбная торбачка! Пакруціў ён галавою і кажа:

 

— Навошта мне гэта торбачка? У мяне, братка, і сваіх хапае. Жабрак я. А ў жабрака, сам ведаеш, торбы — усё яго багацце.

 

— Бяры, дзядуля: такой у цябе няма... Гэта цудоўная торбачка. Ты толькі палажы яе перад сабой і скажы: «Торбачка, раскаціся, раскруціся, дай піцення, дай ядзення», — дык адразу ўсё будзе. А як наясіся, скажы: «Торбачка, скаціся, скруціся, піценне, ядзенне, згарніся». I торбачка зноў стане такой, як была.

 

— Дзякую, калі так, — сказаў дзед і пайшоў з торбачкаю дахаты.

 

Рупіць дзеду даведацца, ці праўду журавель сказаў. Прысеў ён ля дарогі, палажыў торбачку на зямлю і прагаварыў:

 

— Торбачка, раскаціся, раскруціся, дай піцення, дай ядзення!

 

I — дзіва! Тут такі багаты стол адкрыўся перад дзедам, што і ў паноў не ўбачыш: пірагі ды караваі, варанае ды смажанае, міска вяндліны ды розныя віны...

 

— Малайчына журавель, не ашукаў! — зарадаваўся дзед.

 

Наеўся, напіўся ён, потым загадаў торбачцы згарнуцца, запхнуў яе за пазуху ды вясёлы пайшоў далей.

 

Прыходзіць дахаты:

 

— Ці жыва ты, бабка, ці здарова?

 

— А жыва, дзядулька! А ты як? Нешта ты надта доўга хадзіў. Я ўжо думала, цябе ваўкі з'елі ці мядзведзі задушылі, у мох завалаклі ды ламаччам закідалі.

 

— Не, бабка, ваўкі не з'елі, мядзведзі не задушылі, прынёс я хлеба-солі, на ўсё наша жыццё будзе даволі. Садзіся, старая, за стол.

 

Выняў дзед з-за пазухі торбачку, палажыў на стол і сказаў, што належыць.

 

Баба аж вочы вытрашчыла: не толькі ўсяго на стале з'явілася, а нават і сама хатка пасвятлела...

 

— Адкуль ты гэта ўзяў, стары?

 

— Журавель той даў, што ты застрэліць загадала.

 

— Ай-ай! — хапілася за галаву баба.— Навошта ж страляць такога слаўнага жураўля?

 

Наелася баба, напілася і кажа дзеду:

 

— Давай гасцей паклічам!

 

— Якіх?

 

— А ўсіх, у каго няма чаго есці.

 

— Кліч, — згадзіўся дзед.

 

Пайшла баба па сялу, паклікала ўсіх бедных.

 

Спадабалася гасцям цудоўная торбачка. Кожны дзень цяпер пачалі хадзіць яны да дзеда і бабы частавацца.

 

Праведаў пра цудоўную торбачку панскі аканом і расказаў пану.

 

— Не можа гэтага быць, каб нейкі жабрак еў і піў лепш, чым я! — усхадзіўся зайздросны пан.

 

Запрог ён коней у брычку, прыехаў да дзеда.

 

— Ці праўда, — пытаецца, — што ў цябе ёсць такая торбачка, якая сама корміць?

 

Дзед ілгаць не ўмеў і сказаў праўду.

 

— Пакажы мне яе.

 

Дзед палажыў торбачку на стол і загадаў ёй раскруціцца.

 

Пан аж аслупянеў — такога піцення, ядзення і яго кухары не згатуюць!

 

Прыстаў пан да дзеда:

 

— Аддай мне гэтую торбачку! Навошта табе такія стравы далікатныя? А да мяне князі-паны ў госці ездзяць. Я іх частаваць буду.

 

— Не, — кажа дзед, — не магу аддаць: хто ж тады мяне з бабаю карміць будзе?

 

Пан кажа:

 

— Я прышлю табе поўны воз простай яды — хлеба, бульбы, сала...

 

Як прычапіўся пан да дзеда — рады няма.

 

— Не аддасі па ахвоце, — грозіць ён, — забяру па няволі, ды яшчэ бізуноў дастанеш.

 

З панам спрэчкі кароткія. Аддаў дзед яму торбачку.

 

Вярнуўся пан у свой маёнтак, жыве сабе там, балюе, кожны дзень гасцей склікае, — торбачка верна служыць яму.

 

А пра дзеда з бабай пан нават і не ўспамінае.

 

Чакаў, чакаў дзед ад пана платы за торбачку, ды так і не дачакаўся.

 

— Можа, ён забыўся пра ўгавор, — кажа баба.— Схадзі, дзядулька, напомні яму.

 

Пайшоў дзед да пана, а той — дзе там! — і гаварыць не хоча.

 

— Няма ў мяне для вас хлеба. Ідзіце жабруйце!

 

— То аддай, пане, маю торбачку, калі так, — просіць дзед.

 

— Ах ты, такі-сякі! — закрычаў пан, — Я табе дам торбачку! Гэй, гайдукі, усыпце гэтаму жабраку дваццаць пяць бізуноў, каб больш не хадзіў сюды!

 

Схапілі гайдукі дзеда, збілі і выкінулі за вароты.

 

Ачухаўся дзед, прыйшоў дахаты. Расказаў бабе, якую плату дастаў ад пана. Пабедавала баба, пакляла пана і кажа дзеду:

 

— Схадзі ты, стары, пашукай таго добрага жураўля: ці не дасць ён табе другую такую торбачку?

 

Сабраўся дзед і пайшоў на поле. Сеў у просе і сядзіць.

 

Раптам бачыць — ляціць журавель. Дзед да яго:

 

— Так і так, братка журавель: адабраў у мяне пан тваю цудоўную торбачку. Ды яшчэ нават бізунамі збілі мяне яго гайдукі. Як жыць мне з бабай? Ці не даў бы ты мне яшчэ адну такую торбачку?

 

Падумаў журавель і кажа:

 

— Не, не дам я табе другой торбачкі. Лепш дам табе рог.

 

Паляцеў некуды за кусты, потым вярнуўся і прынёс у дзюбе срэбраны рог.

 

— Вось, — кажа, — табе замест торбачкі.

 

— А што рабіць з ім? — пытаецца збянтэжаны дзед.

 

— Схадзі з гэтым рогам да пана і скажы:

 

«З рога ўсяго многа!» А калі задаволіш пана, скажы: «Ох, усе ў рог!»

 

Сказаў так журавель, узмахнуў крыламі і паляцеў.

 

Пакруціў дзед у руках срэбраны рог, падумаў: «Мусіць, нешта мудронае даў мне журавель. Але каб праз гэты рог не зарабіць новых бізуноў...»

 

Ідзе стары дахаты ды ўсё пра рог думае — схадзіць з ім да пана ці не? Сустракае па дарозе панскага аканома.

 

— Дзе быў, дзед? — пытаецца аканом.

 

— Хадзіў, панок, да знаёмага жураўля.

 

— Што ён табе даў?

 

— Срэбраны рог.

 

— Пакажы.

 

Дзед выняў з кішэні рог, паказаў аканому.

 

— А што з ім рабіць? — зацікавіўся аканом.

 

— Ды нічога, — адказвае дзед.

 

— Як гэта нічога? Ты нешта хаваеш ад мяне. Можа, з яго золата сыплецца?

 

— Можа, і сыплецца... Хто яго ведае.

 

— Дык загадай, каб з яго золата пасыпалася, — прыстаў да дзеда аканом.

 

— Ты можаш, панок, і сам загадаць.

 

— Як?

 

— Скажы: «З рога ўсяго многа!»

 

— З рога ўсяго многа! — крыкнуў зайздрослівы на грошы аканом.

 

Тут, адкуль ні вазьміся, выскачылі з рога дванаццаць хлапцоў-малайцоў з бізунамі ды давай лупцаваць аканома.

 

Заенчыў аканом, запрасіўся:

 

— Сунімі іх, дзед, а то заб'юць... А дзед аж заходзіцца ад смеху:

 

— Не будзь такім цікаўным ды зайздросным. Не сунь носа ў чужое проса!

 

Збілі хлапцы-малайцы аканома на горкі яблык.

 

Тады дзед кажа:

 

— Ох, усе ў рог!

 

I ўсе хлапцы-малайцы тут жа зніклі ў розе.

 

«О, цяпер я ведаю, для чаго мне добры журавель даў гэты рог!» — усміхнуўся сам сабе дзед ды падаўся ў маёнтак да пана. На стале дзедава торбачка ляжыць.

 

— Што, дзед, скажаш? — пытаецца пан.

 

— Прыйшоў, паночку, па торбачку...

 

— Ха-ха-ха! — зарагатаў пан, узяўшыся ў бокі.— Бачылі вы гэтага старога дурня! Яшчэ бізуноў захацеў. Гэй, гайдукі, усыпце яму пры ўсіх маіх гасцях дваццаць пяць бізуноў!

 

Схапілі гайдукі дзеда, павалілі на падлогу. А дзед тым часам выняў з кішэні срэбраны рог ды як крыкне:

 

— З рога ўсяго многа!

 

Выскачылі з рога дванаццаць хлапцоў-малайцоў з бізунамі ды давай хвастаць і гайдукоў, і пана, і яго гасцей.

 

Найбольш пану трапляла, бо дзед стаяў збоку і камандаваў:

 

— Па гайдуках — раз! па гасцях — два!! па пану — тры!!!

 

Хлапцы-малайцы так і рабілі. Енчыў, енчыў пан, а потым бачыць — рады няма.

 

— Вазьмі торбачку, дзед, толькі сунімі сваіх хлапцоў!

 

— Так бы даўно гаварыў, пане, — усміхнуўся дзед.— Але цяпер адной чужой торбачкай не адкупішся.

 

— А што яшчэ хочаш? Дам табе каня, карову...

 

— Не, пане, і гэтага мала.

 

— Ай-яй-яй!..— енчыць пан.— Кажы хутчэй, што ты яшчэ хочаш, а то засякуць насмерць мяне твае хлапцы.

 

— Калі хочаш жывым застацца, — кажа дзед, — аддай маёнтак бедным людзям, а сам уцякай куды вочы глядзяць.

 

— Ой, ай, як жа я застануся без маёнтка? Хто ж на мяне рабіць будзе, хто карміць будзе?

 

— Не хочаш, як хочаш, — кажа дзед.— Гэй, хлапцы, сыпце ўсе бізуны пану!

 

Хлапцы-малайцы перасталі біць гасцей і гайдукоў ды ўзяліся за пана.

 

Круціўся, круціўся пан пад бізунамі, як уюн на гарачай патэльні, а потым такі не вытрымаў, нема закрычаў:

 

— Аддам, аддам маёнтак!

 

— Ну, добра. Толькі глядзі, без падману, бо маю на цябе лякарства, — смяецца дзед.— Ох, усе ў рог!

 

Хлапцы-малайцы як вокам згледзець схаваліся ў рог.

 

Дзед палажыў рог у кішэнь і кажа:

 

— Заўтра прыйду праверу: калі не ўцячэш адсюль, зноў выпушчу на цябе сваіх памочнікаў.

 

I пайшоў дзед вясёлы дахаты — з торбачкай і з рогам.

 

А пан назаўтра яшчэ досвіткам пакінуў маёнтак: баяўся, каб дзед з сваімі малайцамі не вярнуўся.

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
 | 




© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.