Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Тэма 8. Этапы станаўлення бібліяпсіхалогіі і псіхалогіі чытання, як яе неад’емнай часткі






 

Асноўныя пытанні:

1. Псіхалагічныя аспекты ў гісторыі чытача і чытання ІХ –ХVІ стагоддзяў

2. Фарміраванне псіхалагічных ведаў аб чытанні з пачатку кнігадрукавання да 20-х гадоў XX стагоддзя

3. Развіццё бібліяпсіхалогіі і бібліяпедагогікі ў 20–30-я гады ХХ стагоддзя

4. Вывучэнне праблем псіхалогіі чытання ў другой палове ХХ стагоддзя

 

1. Псіхалагічныя аспекты ў гісторыі чытача і чытання ІХ –ХVІ стагоддзяў Даследаванне гісторыі чытача і чытання з ІХ па XVІ стагоддзі, асабліва яго псіхалагічных аспектаў, сутыкаецца з вялікімі цяжкасцямі ў выяўленні і сістэматызацыі матэрыялу, што адзначаюць такія вядомыя навукоўцы, як ВА.Барадзіна, М.М.Розаў і А.Я.Шапашнікаў. Асобныя звесткі аб псіхалагічных аспектах чытання можна атрымаць з “Ізборнікаў” (1073, 1076 гг.). У іх шла гаворка аб навучанні грамаце праз чытанне ўслых і завучванне релігійных тэкстаў. Можна заўважыць пастаянны клопат з боку князя Ўладзіміра і духавенства аб распаўсюджванні кніжнага навучання.

Сын Уладзіміра, Яраслаў Мудры, таксама добра разумеў асветніцкую каштоўнасць чытання. Ён заснаваў у Ноўгарадзе народнае вучылішча на 300 отракаў і набыў вялікую колькасць кніг “засеяў кніжнымі словамі сэрцы людзей”. Кніжная культура старажытных часоў – гэта і пазнанне, і духоўнасць, і розум. і эмоцыі. Даследчыкі знаходзяць звесткі аб тым, што не ўсім лёгка давалася кніжная навука, і што на Русі чытанню пачыналі навучаць з 6–7 гадоў.

У 1951 годзе ў Ноўгарадзе Вялікім былі знойдзены берасцяныя граматы, якія ўзбагацілі ўяўленні аб чытанні ў перыяд сярэднявечча. У адной з такіх грамат рамеснік просіць свайго сябра прыслаць яму чытання добрага, другая – уяўляе сабой вычэбны сшытак шасцігадовага хлопчыка, які спасцігае навуку чытання. Берасцяныя граматы знаходзілі і пад Віцебскам і Брэстам. Усё гэта сведчыць аб шырокай распаўсюджаннасці чытання. Чытацкае развіццё ўяўляла сабою шматаспектную культурную з’яву. Чытанне было распаўсюджана і як уласна чытанне, у традыцыйным сэнсе, і як слуханне тэкстаў. Існавалі нават прафесійныя чытальшчыкі, якія зараблялі на гэтым грошы. Чытанне развівалась і як індывідуальны псіхалагічны працэс, і як калектыўнае чытанне, і як форма міжчытацкіх зносін. Кнігі разглядаліся як крыніцы мудрасці, пазнання свету і самаго сябе.

Розныякрыніцы аб культуры Старажытнай Русіадзначаюць пашану кнізе. А.Г. Глухаў прыводзіць з «Ізборніка Святаслава» наступны афарызм: «Красота воину – оружие, и кораблю – ветрило, так и праведнику – почитание книжное». У мностве афарызмаў адлюстраваны ўяўленні продкаў аб значнасці і ўнікальнай каштоўнасці чытання, разумення кніжнай культуры як інтэлекта, маральнасці, дасведчанасці, духоўнасці.

У Кіеўскай Русі, Полацкім княстве і іншых усходнеславянскіх землях з’явіліся “кніжнікі” – аматары, знатакі і цаніцелі кнігі. Сярод із былі прадстаўнікі феадальнай знаці, духавенства, нават прасталюдзіны. Прыклад Ефрасін’і Полацкай, Еўпраксіі Мсціслаўскай і іншых пісьменных жанчын сведчыць аб шырокай распаўсюджаннасці чытання.

Кола чытання было вельмі разнастайным. Акрамя рэлігійнай літаратуры ў яго ўваходзілі жіціі святых і знакамітых людзей, філасофскія творы, пераклады раманаў, аповесці, анталогіі і інш. Рэпертуар рукапісных кніг увесь час пашыраўся.

У старажытных кнігах знаходзяцца звесткі і аб выдатных чытачах: Аўраміі Смаленскім, Кірыле Тураўскім і інш. З распаўсюджаннем кнігі і чытання нараджаецца і цэнзура. Кнігі падзяляюцца на “ісціныя” і “ложныя”. Першыя спісы завозяцца з Візантыі і Балгарыі, потым з’яўляюцца і свае, уласныя забароны.

У старажытныя часы існавала своеасаблівая дыферэнцыяцыя чытачоў. Можна выдзеліць групу элітарных чытачоў, чытачоў-прафесіяналаў (чытальшчыкаў) і звычайных чытачоў (як зараз кажуць: “масавага чытача”). Існавала таксама гендэрная дыферэнцыяцыя (мужчыны і жанчыны), узроставая (дзеці і дарослыя), па дыдактычнаму статусу (адны навучалі, другія навучаліся).

В.А.Барадзіна адзначае празарлівасць некаторых кніжныкаў, зацікаўленых у неабходнасці кумуліравання кніжных рэсурсаў. Так вялікі кніжнік Макарый у XVI стагоддзі пажадаў стварыць збор усіх кніг, чытаемых на Русі. Так з’явіліся знакамітыя “Вялікія Чэц’і-Мінеі”. Макарый арганізаваў кнігапісную майстэрню, дзе перапісваліся найбольш папулярныя кнігі. Была створана 12 тамоў, куды ўвайшлі поўныя і кароткія жыціі, навучанні, пісанні “бацькоў царквы”, “Пацерыкі”, сказанні, апісанні падарожжаў, зборнікі, граматы, свецкія аповесці і інш. Даследчыкі адзначаюць аўтарскі падыход да тэкстаў. Макарый уключаў не ўсё, што існавала на той час, а ажыццяўляў адбор, перапрацоўку твораў. “Мінеі” прызначалісь для чытання як дома, так і ў царкве. З’яўленне такога збору, своеасаблівай “Бібліятэкі сусветнай літаратуры”, сведчыць аб высокай запатрабаванасці кнігі і чытання.

Людзі таго часу ставіліся з вялікім даверам да кнігі, імкнуліся пабудаваць сваё жыццё ў адпаведнасці з напісаным, аб чым захавалась мноства звестак. Старажытныя кніжнікі разглядалі чытанне як важную ўмову праведнага жыцця: “Нельзя построить корабль без гвоздей, нельзя сделаться праведником без чтения книг” [10. С.14].

У «Ізборніку Святаслава» 1076 г. даюцца парады абтым, як трэба чытаць кнігі: «Когда читаешь книгу, не спеши поскорее дочитать до сле­дующей главы, но раздумывай, о чем говорит книга, и что значат ее слова, и трижды вернись к одной главе». Напрыклад, Сцефан Пермскі ўважліва чытаў кнігі, імкнуўся зразумець сэнс кожнага слова. Калі ён бачыў чалавека мудрага, кніжнага, распытваў яго, гутарыў з ім аб незразумелым [10].

Так у старажытныя часы людзі набваплі веды, атрымлівалі асалоду, карысць і мудрасць ад навучання кніжнага. Хаця вельмі цяжка атрымаць звесткі па педагогіцы і псіхалогіі чытання тых часоў, усё ж можна пазначыць цэласную карціну на падставе тэорыі чытацкага развіцця.

Звесткі аб коле чытання і крытэрыях адбору тэкстаў сведчаць аб шматфункцыянальнасці чытання: каштоўнасць, пазнанне, асалода, суцяшэнне, карысць, ідэялогія. Падкрэслівалася і агульначалавечая каштоўнасць кнігі. Гаворыцца таксама аб фарміраванні густу і ахвоты да чытання. Можна таксама меркаваць аб асабістых дасягненнях у галіне чытання, аб імкненні распаўсюджваць кнігу і чытанне сярод шырокіх колаў насельніцтва. У царкоўную літаратуру пранікалі элементы антычнай філасофіі, гісторыі і г.д. Усё гэта сведчыць аб асаблівасцях чытацкага развіцця. У характарыстыках чытацкага развіцця з’яўляюцца такія катэгорыі, як “начытанасць” і “кваліфікацыя чытача”. Імі характарызуюцца Епіфаній Прэмудры, Сергій Раданежскі, Кірыла Тураўскі і інш.

Некаторыя прадстаўнікі духавенства былі і публіцыстамі, прапа­гандыстамі ведаў. Напрыклад, Арцемій –ігумен манастыра. Ямуналежаць словы: «І да смерцівучыцца падабае». Ацтемійадносіўся да тых, хто цаніўвысокую адукаванасць. Ён папрасіў перавесціў сваю абіцель Максіма Грэка, які шмат гадоў быў у зняволенні ўЦьверы. Максім Грэк жыў у Арцемія «у вялікай пашане і гонары». Ён быў носьбітам высокай кніжнай культуры, хоцьяго працыажно дапачаткуXVIIстагоддзялічыліся забароненымі. У той жа час былі людзіякія разумелі значэнне кніжнай дзейнасці. Мітрапаліт Иёсаф, вялікі аматар кніг, захаваў адзін з лепшых спісаўтвораў Максіма Грэка. Дзякуючы Максіму Грэку, чытачыдаведаліся аб такіх імёнах, як Гамер, Піфа­гор, Сакрат, Платон, Арыстоцель, Эпікур, Дзіядор, Фукідыд, Плутарх. Яго круг чытання доўгія гады заставаўся ўзорам. Творыгэтых аўтараўувайшліў «залаты фонд» сусветнай культуры із’яўляюцца знакавымі для характарыстыкі «элітарнага» чытача.

Як бачым, у старажытныя часы і сярэдневеччы выкарыстоўваліся ўсе тры шляхі чытацкага развіцця: стыхійны, мэтанакіраваны і самаразвіццё, – пры дамініраванні мэтанакіраванага. Вялікую ролю адыгрывалі міжчытацкія зносіны. Такім чынам праяўлялісь заканамернасці чытацкага развіцця ва ўсіх трох сферах: чытацкай свядомасці, чытацкай дзейнасці і чытацкіх зносін.

 

2. Фарміраванне псіхалагічных ведаў аб чытанні ад пачатку кнігадрукавання да 20-х гадоў XX стагоддзя Складанасць аналізу праблем псіхалогіі чытання і чытача ў дадзены перыяд абумоўлена вялікай колькасцю назапашанага матэрыялу і яго неструктураванасцю. Чытацкае развіццё адбывалась на скрыжаванні рукапіснай і друкаванай кнігі. Рукапісная кніга карысталась вялікай папулярнасцю аж да канца ХІХ стагоддзя.

Спачатку галоўную ролю ў фарміраванні і распаўсюджванні чытацкай культуры адыгрывалі манастырскія бібліятэкі. Іх чытачамі маглі быць не толькі святары, але і жыхары навакольных гарадоў і вёсак. У фондах побач з багаслужбовымі кнігамі былі і мастацкія творы, навуковая, свецкая літаратура, хоць і ў абмажаванай колькасці. Склад фондаў строга кантраляваўся.

Асноўнымі носьбітамі кніжнай культуры былі “вярхі”. Для іх спецыяльна выраблялісь і аздаблялісь кнігі. Але развіццё кнігадрукавання пашырыла магчымасці распаўсюджвання кнігі сярод людзей розных сацыяльных колаў і ўзростаў. Сталі з’яўляцца творы, напісаныя аўтарамі, якія не малі дачынення да афіцыйнай улады і ўтрымлівалі апазіцыйныя погляды.

Навукоўцы лічаць XVII стагоддзе векам супярэчнасцяў і барадзьбы светапоглядаў. І кніга становіцца зброяй у гэтай барадзьбе. Адчуваецца недахоп ведаў, развіваецца славянская кніжнасць, ствараюцца розныя тыпы бібліятэк: манастырскія, царкоўныя, бібліятэкі царскіх прыказаў (ведамасныя), вучэбныя, асабістыя. Попыт на кнігі спрыяе пашырэнню пісьменнасці, перш за ўсё, сярод гандляроў і рамеснікаў. Сярод матэрыяльных каштоўнасцяў кніга займала другое месца пасля іконы.

Пад уплывам развіцця навукі і культуры адбываецца размежаванне паміж рэлігійнымі тэкстамі і кнігамі свецкага зместу. Дзейнасць патрыярха Нікана па правядзенню ўліку і апісання кніг з манастырскіх бібліятэк Расіі, выпраўленню кананічных тэкстаў сведчыць аб дастатковы высокім узроўні чытацкай культуры і чытацкага развіцця. Асноўны вывад для разумення чытацкага развіцця той эпохі заключаецца ў асэнсаванні таго, што кнігі здольныя ўзрушыць страсці, удзельнічаць у барадзьбе ідэй і пабуджэнняў, удзельнічаць у жыцці і ўплываць на яго.

На ніве кніжнай культуры гэта барадзьба набывала разнастайныя формы. Перш за ўсё – гэта цэнзура. Але дакладных уяўленняў аб тым якая кніга карысная, а якая не – не было. Існавала канфрантацыя паміж літаратурамі розных канфесій, паміж свецкай і духоўнай кнігай, айчыннай і іншаземнай.

Вялікі ўклад у асвету і развіццё чытача ўнеслі Сімеён Полацкі, Карыён Істомін, Юры Крыжаніч. Яны імкнуліся далучыць чытача да свецкай культуры Захаду праз свецкае навучанне. Асобую ролю адыграў Сімеён Полацкі, які займаўся навучаннем царэвічаў і ствараў спецыяльна для гэтых мэт творы, прычым ён дабіўся іх бязцэнзурнага выдання. Ён імкнуўся пісаць так, каб веды лепш засвойваліся, выкарыстоўваючы пры гэтым вершаваную форму. Сімеён Полацкі ўводзіў такія элементы кнігі як прадмова, тытульны ліст, змест, ілюстрацыі. Дарэчы, менавіта яму належыць увядзенне ў абіход слова “стихотворение”.

У чытацкай свядомасці ўкаранялася думка, што ўменне чытаць і пісаць маюць сваю каштоўнасць не самі па сабе, а як спосабы набыцця ведаў і выкарыстання іх у жыцці. Прычым адзначаецца супярэчнасць паміж прымусовым характарам навучання і жаданнем выхаваць любоў да ведаў, кнігі, навучыць атрымліваць задавальненне ад працэсу чытання. Кола чытачоў увесь час пашыраецца, карыстаецца вялікім попытам недарагая вучэбная і забаўляльная, лубачная літаратура.

З развіццём бібліятэчнай справы ў XVIII стагоддзі звязана і развіццё чытання. З’яўляюцца новыя катэгорыі чытачоў: навукоўцы, настаўнікі, студэнты, навучэнцы гімназій, перакладчыкі. Ва ўніверсітэцкай бібліятэцы збіралісь студэнты і выкладчыкі не толькі для чытання, але і для абмеркавання прачытанага. У жыцці студэнтаў кніга і чытанне займалі асобае месца. Не меньш важнымі былі і міжчытацкія зносіны з аднакурснікамі і прафесарамі, якія часта давалі студэнтам кнігі з уласных бібліятэк і прывівалі ім навыкі работы з кнігай. Лекцыя лічылась толькі дапаможным дадаткам да сапраўдных сур’ёзных самастойных заняткаў. Напрыклад, прафесар Чабатароў – загадчык универсітэцкай бібліятэкі – мэтанакіравана займаўся навучаннем студэнтаў метадам самастойнай работы з кнігай. Ён падкрэсліваў, што найважнейшы шлях навучання – чытанне, падпарадкаванае пэўным правілам. Гэтыя правілы сфармуляваны ў яго прадмове “Слово о способах и путях, ведущих к просвещению”, якая можа лічыцца адным з першых кіраўніцтваў па самаадукацыйнаму чытанню. Цяжка пераацаніць значнасць уплыву на чытанне і чытацкае развіццё высокаадукаваных асоб.

У XVIII стагоддзі вывучэнне чытання ў бібліятэцы ажыццяўлялася з нагоды ўдасканалення бібліятэчнага асяроддзя, аказання карыстальнікам дапамогі ў выбары кніг. Распрацоўвалісь нават інструкцыі для бібліятэкараў, якія павінны былі збіраць звесткі аб добрых пісьменніках, вывучаць лепшыя кнігі і выдаваць іх у адпаведнасці з чытацкімі схільнасцямі і інтарэсамі карыстальнікаў

У XVIII стагоддзі развіваліся лепшыя традыцыі арганізацыі чытання і закладвалісь асновы кіруемага чытання ў адпаведнасці з чытацкімі запатрабаваннямі. Для дадзенага перыяда характэрна таксама вывучэнне чытання бібліятэкарамі. Прынцып актыўнасці бібліятэчнага ўплыву на чытачоў асабліва актуальным стаў у сувязі з абгрунтаваннем тэорыі “усеагульнага навучання”. Практычна ўсе прагрэсіўныя людзі адводзілі бібліятэцы і бібліятэкару значную ролю ў народнай асвеце і кіраўніцтве чытаннем. Да асабовых якасцяў бібліятэкара прад’яўляюцца патрабаванні, звязаныя з вырашэннем задач станоўчага ўплыву на чытанне карыстальнікаў.

У першай палове ХІХ стагоддзя чытацкай дзейнасцю і чытацкімі паводзінамі цікавяцца як грамадскія, так і дзяржаўныя структуры. Стварэнне ўніверсітэцкіх бібліятэк выклікала пільную ўвагу кіраўніцтва ўніверсітэтаў і дзяржаўных улад да арганізацыі і зместу чытання студэнтаў. Для іх ствараліся асобныя фонды з падручнікаў, даведнікаў, слоўнікаў. Астатнія кнігі і перыядычныя выданні забараняліся як шкодныя.

Распаўсюджанне адукацыі, узрастанне пісьменнасці насельніцтва выклікала патрэбу ў стварэнні публічных бібліятэк, аднак з боку ўрада чыніліся перашкоды ў арганізацыі шырокага забеспячэння насельніцтва кнігамі. Прагрэсіўнай інтэлігенцыі ўвесь час прыходзілася змагацца за свабоду доступу да інфармацыі шырокіх колаў насельніцтва. Нягледзячы на рэпрэсіўныя меры, з канца 1850-х гадоў фарміруецца новае кола чытачоў з асяроддзя разначынна-дэмакратычнай інтэлігенцыі, рабочых і сялян, якія прагна цягнуцца да кнігі і чытання, імкнуцца самастойна набыць адукацыю.

Другая палова XIXстагоддзя- перыяд вялікіх намаганняў ў галіне чытацкай асветы народа. Арганізуюцца народныя чытанні, выдаюцца танныя кнігі, адчыняюцца нядзельныя школы, публічныя бібліятэкі і народныя чытальні, узрастае колькасць камерцыйных бібліятэк і кабінетаў для чытання. У 1862 годзе сакрэтным цыркулярам нядзельныя школы і Народныя чытальлні былі зачынены, але яны зрабілі сваю добрую справу ў вывучэнні чытача і прапагандзе чытання.

Багацэйшы даследчы і практычны вопыт чытацкага развіцця, назапашаны ў другой палове ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў, знайшоў адлюстраванне ў манаграфіі Б.В.Банка “Изучение читателей в России во второй половине ХІХ века” [2]. Тут прадстаўлена шырокая панарама чытання, яго зместу, характару і накірункаў чытацкага развіцця. Вопыт Х.Д.Алчэўскай, В.В.Кайданавай, А.М.Калмыковай, М.А.Корфа, Н.К.Крупскай, М.А.Рубакіна, Л.М.Талстога і іншых асветнікаў і дзеячоў кнігі прадстаўлены грунтоўна і падрабязна на саліднай крыніцазнаўчай базе. Матэрыялы манаграфіі характарызуюць і чытацкую свядомасць, і чытацкую дзейнасць, і чытацкія зносіны адзначанага перыяда. Паказаны прагрэсіўныя тэндэнцыі ў вырашэнні задач развіцця чытача ў межах школьнай і пазашкольнай адукацыі. Даецца абгрунтаванне сувязі пісьменнасці народа з вырашэннем задачы распаўсюджвання кнігі для яго; дапамога непадрыхтаванаму пачынаючаму чытачу ў павышэнні культуры чытання; свабода чытання, з аднаго боку, а з другога – кіраўніцтва чытаннем, але на падставе дэмакратычных прынцыпаў. Разглядаліся пытанні фарміравання чытацкіх інтарэсаў і добрага густу. Гаварылась аб неабходнасці змагацца супраць прыхільнасці народа да нізкапробнай лубачнай літаратуры. Асветніцкая дзейнасць інтэлігенцыі была накіравана на фарміраванне навыкаў самастойнай работы з кнігай. Усё гэта было абумоўлена сацыяльна-палітычнымі і сацыякультурнымі зменамі ў грамадстве, дэмакратычнымі працэсамі ў грамадскім жыцці.

У сферы псіхалогіі чытання значную ролю адыгрывала дзейнасць Х.Д.Алчэўскай і яе калег – настаўніц Харкаўскай нядзельнай школы, якая пачала сваю работу ў 1870 годзе. Яны бачылі ў кнізе “магутны праваднік чалавечай думкі і пачуццяў”. Мэтаю сваёй работы педагогі лічылі садзейнічанне свядомаму выбару кніг з боку сям’і і школы: “Не навязваць сям’і і школе тую ці іншую кнігу, а дапамагчы самім зрабіць свій уласны, але зусім свядомы выбар”(Теплицкая, И.Б. Библиотекарь массовой библиотеки и его роль в руководстве чтением /И.Б.Теплицкая // Библиотеки СССР. – 1972.– Вып. 54.– С. 22-34). Х.Д.Алчэўская сфармулявала наступным чынам задачы дзіцячага чытання:

  • пабуджаць розум да самастойнага мыслення, накіроўваць яго, зрабіць больш тонкім і здольным да ўспрымання;
  • развіваць самастойнасць, працаздольнасць, крытычнасць мыслення, праніцацельнасць і ўменне выражаць свае думкі;
  • садзейнічаць развіццю лепшых уласцівасцяў і падаўленню горшых;
  • весці развіццё розуму паралельна з маральным і эстэтычным, інакш кажучы: “садзейнічаць гарманічнаму развіццю ўсіх элементаў духоўнага свету дзіцяці”

У рабоце адзначалась валікая карысць ранняга чытання, неабходнасць арыентацыі на родную мову і літаратуру, падкрэслівалася роля ілюстрацыі ў дзіцячай кнізе з псіхалагічнага пункту гледжання. Ілюстрацыя павінна быць арганічна звязана з тэкстам, павялічваць інтэнсіўнасць запамінання, выхоўваць эстэтычнае пачуцце.

Прыводзячы водгукі аб кнізе дзяцей і дарослых, Х.Д.Алчэўская адзначала, што змест кнігі ўспрымаецца па рознаму ў залежнасці ад узросту і ступені чытацкага развіцця і не заўсёды адпавядаюць чаканням настаўніка. Прыводзіцца меркаванне Л.М.Талстога аб тым, што па зместу трэба прапаноўваць кнігі, якія падабаюцца народу, а па форме прапаноўваць гэты змест на зразумелай яму мовею. Неабходна прытрымлівацца прынцыпа адпаведнасці ўзроўня складанасці кнігі ўзроўню чытацкага развіцця для наступнага ўзвышэння чытацкага майстэрства.

Значным уяўляецца вопыт і іншых асветнікаў, напрыклад, дзейнасць А.А.Красоўскага ў Вятцы. Тут асноўным метадам прапаганды кнігі былі літаратурныя вечарыны, чітанні і абмеркаванні кніг. А.А.Красоўскі актыўна выступаў супраць набыцця ў фонд бібліятэкі бульварных раманаў, лубачных выданняў і іншай нізкапробнай літаратуры, якая падабалась чытачам з народа. Вялікае значэнне асветнік надаваў кіраўніцтву чытаннем, фарміраванню чытацкіх інтарэсаў і выхаванню культуры чытання.

Дзеячы кнігі ў той час стаялі перад дылемаю: выхоўваць добры густ, альбо ісці на паваду ў чытача, падладжвацца пад няразвітага чытача, альбо падымаць ўзровень яго чытацкай культуры. Л.М. Талстой писаў: «Мужик платит гривенник за книжку и потому требует, чтоб ему дали то, что ему хочется, а не то, что хочется воспитателю народа» [1. С. 37].

Даследчыкі падымалі праблему даступнасці мовы і разумення прачытанага зместу тэкста, адзначалі адрозенні ва ўспрыманні твораў чытачамі рознага ўзросту, сацыяльнага становішча і ўзроўню адукаванасці. Актыўна ўжываліся метады назірання, апытання, аналізу водгукаў чытачоў. У працэсе экспетыментальнага вывучэння чытацкага развіцця настаўнікі і бібліятэкары атрымлівалі звесткі аб унікальнасці псіхічнай дзейнасці кожнага чалавека.

Вялікая ўвага надавалася сямейнаму чытанню, падкрэслівалася яго значнасць як для дзяцей, так і для дарослых. Ішла палеміка аб шкодным уплыве казак, лічылася, што яны робяць людзей суявернымі, але падкрэслівалася вялікае значэнне народнай казкі ў выхаванні лепшых якасцяў. Адзначалася вялікія роля чытацкіх зносін ў фарміраванні чытацкіх навыкаў і чытацкай культуры. Падкрэслівалася рознаца ў чытанні дзяўчынак і хлопчыкаў. Больш за 100 гадоў таму быў рэалізаваны праект інтэграцыі вывучэння чытача і яго развіцця – сапраўдны маніторынг чытацкага развіцця. Не здарма ў свой час праца Х.Д.Алчэўскай атрымала вышэйшую ўзнагароду «diplomed'honneur» на Сусветнай выставе ў Парыжы ў 1889 годзе.

Пытанні кола чытання былі звязаныя з цэнзурай. Чытанне трэба было ажыццяўляць па зацверджанаму Міністэрствам народнай асветы каталогу, у які не ўваходзілі лепшыя творы мастацкай літаратуры, як расійскай, так і замежнай.

Характэрнай з’явай на вёсцы на мяжы XIX-XX стагоддзяў стала супольнае чытанне, якое значна актывізавала міжчытацкія зносіны і спрыяла чытацкаму развіццю сялян.

У невялікай па аб’ёмы, але вельмі значнай для тэорыі і практыкі чытацкага развіцця рабоце А.Філонава (Филонов, А. О чтении и библиотеках / А.Филонов. – (Б.м.). – 1861.– 23 с.) сустракаецца тэрмін “развіваючае чытанне” і чытанне разглядаецца як спосаб развіцця асобы. Аўтар падкрэслівае ролю чытання ў навучанні і выхаванні асобы, абгрунтоўвае кола чытання навучэнца сярэдняй адукацыйнай установы, аналізуе рэальнае кола чытання навучэнцаў, выступае супраць нізкапробнага “чціва”, прапаноўвае меры па ўкараненню развіваючага чытання. Сярод праблем, якія не страцілі сваёй актуальнасці і зараз можна вызначыць:

· сацыяльна-псіхалагічны і псіхолага-педагагічны аспекты чытання як важнай псіхічнай дзейнасці падрастаючай асобы;

· кола чытання, якое садзейнічае актыўнаму і гарманічнаму развіццю асобы;

· неабходнасць спецыяльнай падрыхтоўкі выкладчыкаў – кіраўнікоў чытання

Аналіз поглядаў вядучых навукоўцаў у галіне бібліятэказнаўства, які прыводзіць у сваёй працы А.Н.Ванееў, сведчыць аб тым, што у другой палове ХІХ стагоддзя ў Расіі пераважаў бібліясацыяпедагагічны пункт гледжання на арганізацыю працэса чытання ў бібліятэках. У выказванні В.В.Стасава яскрава выражаны менавіта такі падыход: «Роль публичной библиотеки несравненно обширнее: она призвана служить пользе и интеллектуальному возвышению всех» [5, С. 25]. Важным дасягненнем, характэрным менавіта для гэтага перыяда, была цеснаясувязь вывучэння чытача з вырашэннем задачы яго развіцця. Бібліятэкары і педагогіімкнуліся спрыяць таму, каб чалавек які чытае ўвесь час развіваўся і ўздымаўся ў сваім чытацкім развіцці на новую, больш высокую прыступку лесвіцы ведаў.

У другой паловеXIX и першай чвэрці ХХ стагоддзя актыўна распрацоўваліся пытанні бібліяпедагогікі і бібліяпсіхалогіі (Алчэўская, Рубакін, Баліка, Куфаеў, Крупская, Неўскі, Паварнін, Талстой). Асобнай увагі заслугоўвае аналіз дзейнасці Л.М.Талстога і яго ўнікальны вопыт навучання дзяцей у Яснапалянскай школе. Сярод пытанняў, якія маюць непасрэднае дачыненне да чытацкага развіцця і псіхалогіі чытання былі: цяжкасці навучання і звязаныя з імі “рыдзінг-фобіі”, разнастайныя спосабы чытання, узаемазалежнасць разумення тэкста з начытанасцю і жаданнем чытаць, роля інтарэса, падрыхтоўка да чытання, успрыманне інфармацыі, значэнне прыроднага эстэтычнага, мастацкага пачуцця, кола чытання, даступнасць літаратуры для народа і многія іншыя. Арыгінальныя думкі Л.М.Талстой выказваў аб тыпах чытачоў і ролі міжчытацкіх зносін у чытацкім развіцці асобы.

Нельга абмінуць і погляды Н.К.Крупскай на ролю кнігі і чытання ў адукацыі і выхаванні. У працах Н.К.Крупскай знайшлі адлюстраванне многія аспекты бібліяпсіхалогіі і бібліяпедагогікі. Яна адзначала ўзаемасувязь бібліятэчнай справы з узроўнем пісьменнасці насельніцтва. Бачыла ў бібліятэцы сацыяльны інстытут педагагічнага характару.

Выступаючы супраць чытання як самамэты, яна гаварыла аб неабходнасці ўвязвання яго з жыццёвымі мэтамі асобы і грамадства, пастаянна ўпамінала аб рацыянальным выкарыстанні часу чытача, неабходнасці авалодання ведамі з найменьшай затратай сіл. У яе працах шмат увагі надаецца зносінам як сродку ўзаемнага ўплыву чытачоў. Выказана думка, якая і зараз застаеццап актуальнай: «В психологическом отношении ребенок всегда ближе к другому ребенку, чем взрослый» [7. Т. 4. С. 242.]. Адзначалася, што дзеці ставяцца з большым даверам да тых, хто ім бліжэйшы па ўзросту, звярталася ўвага на імкненне дзяцей ужываць на практыцы свае веды і ўменні, вывучыўшыся чытаць, дапамагчы іншым, малодшым авалодаць граматай, расказаць аб змесце цікавай кніжкі сваім сябрам. Н.К.Крупская заклікала актыўна выкарыстоўваць міжчытацкія дзіцячыя зносіны ў кіраўніцтве чытаннем, арганізоўваць пры бібліятэках гурткі і клубы па інтарэсах. Яна лічыла, што чытача не трэба апякаць, у яго павінна быць пэўная свабода выбару, а дапамога бібліятэкара павінна насіць сур’ёзны, грунтоўны характар. Бібліятэкар жа павінен увесь час клапаціцца і аб узроўні сваёй чытацкай культуры, каб ісці ў нагу з жыццём і патрабаваннямі чытачоў. Сучаснымі падаюцца працы, ў якіх разглядаюцца пытанні работы з кнігай, тэкстам, іх успрымання, разумення, засваення і ацэнкі.

 

3.Развіццё бібліяпсіхалогіі і бібліяпедагогікі ў 20–30-я гады ХХ стагоддзя. Асобая старонка ў развіцці псіхалогіі чытання адносіцца да 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя. Значны ўклад у развіццё бібліяпсіхалагічных і бібліяпедагагічных ведаў унеслі Д.А. Баліка, С.Л. Вальдгард, А.А. Гайвароўскі, П.І. Гураў, Н.К. Крупская, В.А. Неўскі, А.П. Нячаеў, Н.А. Рубакін, Е.І. Хлябцэвіч, Л.Я. Шафір. і іншыя. У гэты перыяд былі абгрунтаваны: сувязь агульнага псіхі­чнага развіцця асобы з чытацкім развіццём; псіхалагічных характарыстык асобы з чытацкай дзейнасцю; уплыў сацыяль­ных фактараў на статус чытача; роля эмоцый у чытанні. Аналізавалісь псіхалагічныя асновы ўспрымання кнігі; распрацоўваліся псіхаграмы; вывучалісь унутраныя псіхалагічныя суязі базавых складаючых чытацкай накіраванасці асобы.

На думку В.А.Барадзіной, менавіта ў гэты перыяд закладваюцца тэарэтыка-метадалагічныя асновы акмеялогіі чыта­ння. Адзін за важных яе прынцыпаў сфармуляваў С.Л. Вальдгард: пры­нцып адзінства чытача як асобы і суб’екта дзейнасці ў дыялозе з іншым суб’ектам «Я – читатель, я интересуюсь, понимаю, соглашаюсь, усваиваю, эмоционально реагирую. Все это происходит в моем головном мозгу, в моем сознании, во мне, как в субъекте поведения. Но в то же время я воспринимаю от другого человека, он мне передает, и в этом состоит со­циальная сторона чтения, которая налагает особый социальный отпечаток и на все мои индивидуальные процессы интереса, понимания ипр.» [4. С. 9]. Сэнс тэзіса адлюстроўвае прынцып адзінства свядомасці, дзейнасці і зносін.

У дыялектыцы двух бакоў чытання (сацыяльнага і псіхалагічнага), у адзінстве дадзеных супроцьлегласцей заключаны цяжкасці вывучэння чытання. Да таго ж у той перыяд дамініравала менавіта ідеялагічная ўстаноўка. Невыпадкова жорсткай крытыцы падвяргаліся погляды М.А. Рубакіна на бібліяпсіхалогію. Псіхалагічныя веды аб чытанні, атрыманыя даследчыкамі 20-30-х гадоў XX стагоддзя, можна разглядаць як фундамент акмеялогіі чытання. Значныўклад унес М.А. Рубакін. Яго заклік «служить всегда и везде возвышению читателя» адлюстроўвае квін­тэсэнцыю акмеялагічнага падыходуда чытацкага развіцця.

У 20-30-я гады XX стагоддзя дамініраваў тезіс, што чыанне з’яўляецца са­цыяльнай з’явай. Псіхалагічны бок чытання разглядаўся ў асноўным у кантэксце сацыяльнага Адсюль і перкосы ў трактоўцы ідэй М.А. Рубакіна, якога крытыкавалі за «псіхалагізм» у чытанні.

Дасюль слаба вывучана пытанне аб дыялектычнай сувязі псіхалогіі і сацыяльгіі чытання. Факт узаемасувя­зі сацыяльных і псіхалагічных фактараў у чытацкім развіцці не подвяргаецца сумненню, але ў якой ступені яны ўплываюць адно на аднаго?

Заслугай М.А. Рубакіна з’яўляецца стварэнне абагульняючых прац па псіхалогіі чытання. У іх ён разглядаў разнастайныя псіхалагічныя аспекты чытання: узаемасувязь паміж развіццём грамадскага жыцця, кніжнай справы і чытачом; залежнасць чытацкага развіцця ад пастаноўкі кніжнай справы ў краіне, ад умоў, у якіх існуе чытач; уплыў гэтых фактараў на кола чытання і тыпы чытачоў. М.А. Рубакін шматбакова абгрунтаваў сацыяльную і псіхалагічную ролю кнігі. Ён імкнуўся вырашыць складаную і цяжкую задачу размеркавання кніжных багаццяў у адпаведнасці з тыпамі чытачоў, з умовамі іх чытацкага развіцця. Ён абгрунтаваў псіхалагічныя прынцыпы тэорыі “кніжнага ядра” і “ядра інтарэсаў” разнастайных чытацкіх груп, разглядаў пытанні дзіцячага чытання, падкрэсліваў, што нават у дзіцячым узросце асоба мае права на самавызначэнне ў пытаннях выбару кніг для чытання.

Большасць даследчыкаў псіхалогіі чытання у той ці іншай ступені закраналі пытанні ўзаемадзеяння сацыяльных і псіхалагічных фактараў у чытанні, праблемы чытацкіх інтарэсаў і ўспрымання зместу тэкстаў, а таксама тыпалогіі чытачоў.

Напрыклад, Л.Я.Шафір выказаў думку аб тым, што вывучэнне чытання з’яўляецца праблемай сацыяльнай псіхалогіі [11]. Сацыяльна-псіхалагічны аспект чытання больш дэталёва прааналізаваны М.Н.Куфаевым. Аднак ідэі гэтых аўтараў дасюль не рэалізаваны. У асобных работах закраналіся пытанні чытання ў кантэксце сацыяльнай псіхалогіі, такія з’явы як чытацкая мода, міжчытацкія зносіны, чытацкая сацыяметрыя.

У рабоце С.Л. Вальдгарда знаходзім абгрунтаванне чытання як пэўнай формы дзейнасці [4]. Ён лічыў, што інтарэс выступае ў якасці пускавога механізма працэса чытання і вызначае яго працяканне. С.Л. Вальдгард адзначаў узаемадзеянне псіхалагічных фактараў, якія ўплываюць на разуменне, засваенне і ацэнку прачытанага. Падкрэсліваў значэнне поглядаў, меркаванняў, перакананняў для чытання. Разглядаў узаемадзеянне разнастайных псіхалагічных механізмаў чытацкай дзейнасці.

У рабоце А.А. Гайвароўскага «Психотехника и бибдело», выдадзенай у Мінску ў 1928 годзе, дэманструецца сістэмны падыход да псіхалогіі бібліятэчнай справы. Ён аб’ядноўвае псіхалогію асоб (бібліятэкара, чытача, аўтара), а таксама спецыфіку іх дзейнасці ў дачыненні да псіхалогіі чытання і псіхалогіі кнігі ва ўмовах бібліятэкі. Ён прапанаваў вывучаць сувязь інтэлектуальнага ўзроўню і чытацкіх інтарэсаў з дапамогаю тэстаў. А.А. Гайвароўскі лічыў важным даследаваць увагу, назіральнасць, памяць, мысленне, фантазію і моўную таленавітасць чытача, бо яны характарызуюць яго асобу. З усяго гэтага вынікае рэалізацыя прынцыпа адзінства свядомасці і дзейнасці асобы ў чытанні [6].

Той жа прынцып у П.І. Гурава праяўляеццаў абгрунтаванні ўплыву свядомасці асобы на адносіны да кнігі. Па сутнасці гаворка ідзе аб чытацкай свядомасці.

Для псіхалогіі чытання значнымі з’яўляюцца работы А.П. Нечаева. Яго спадчына – багатая і разнастайная. Вялікая ўвага надавалася псіхолага-педагагічным праблемам чытання ў школе, асабліва на першапачатковай стадыі навучання. Чытанне разглядалася ў кантэксце развіцця псіхікі чалавека: «Развитие процесса чтения идет совместно с развитием всей личности ребенка. И трудно­сти в его усвоении связаны с трудностями общего развития его душевной жизни» [8. С. 314-315].

Д.А.Баліка лічыў, што «методыка чытання» - гэта «бібліялагічная дыдактыка», і ў яе павінны ўваходзіць парады, як трэба чалавеку чытаць кнігу, калі ідзе гаворка аб метадах арганізацыі работы з ёй. Адной з важных задач бібліяпедагогікі як навукі з’яўляецца аб’яднанне разрозненых работ па мастацтве чытання. Выказваецца думка аб навуцы, якая дала б каштоўныя ўказанні практыкам бібліятэчнай справы. Гэта «библиологическая пе­дагогика – наука об организованном воспитательном и образовательном воздействии книгою и через книгу на читателя в направлении создания весторонне развитых людей, владеющих наукой и техникой и борющихся за идеалы рабочего класса» (Балика, Д.А. Библиологическая педагогика / Д.А. Балика. – 1934.– Ч. 1. – 37 с. (Рукопись).С. 14). Д.А. Баліка заклікаў ужываць прамыя і ўскосныя формы ўздзеяння на чытача, пастаянныя і кароткачасовыя. Асобую ўвагу надаваў бібліятэчным урокам, сістэматычнаму навучанню навыкам работы з кнігай. Галоўнай фігурай у бібліяпедагагічным працэсе выступае асоба бібліятэкара, які пастаянна ажыццяўляе зносіны з чытачом і стварае гігіенічныя ўмовы для работы з кнігай і прывабнае асяроддзе [Там жа. С. 20].

Акрэсленыя ім праблемы бібліяпедагогікі не страцілі сваёй актуальнасці і зараз. Вызначалась месца бібліятэкі ў структуры педагогікі. «Библиотека, подобно школе, клубу и другим внешколь­ным мероприятиям, – область " преднамеренного воздействия", плано­во-организованного воспитания; правда, библиотека работает на иных основаниях, другими методами;..с особыми приемами незаметного руко­водительства, воспитания, изучения читателей...» [2. С. 2]. Д.А. Баліка выступае за мэтанакіраваны шлях у бібліятэчным выхаванні чытачоў. Ён пі­ша, што ўся сістэма бібліятэчнай работы з чытачом–гэтасвядомая мэтанакіраваная работа па выхаваўчаму ўздзеянню.

Абгрунтаванне бібліяпедагагічных праблем знаходзім іў псіхола­гаў. Так Л.М. Шварц адзначаў: у працэсе чытання чалавек пазнае рэальнаіснуючы светапасрэдавана – праз друкаванае слова, якое аказвае магутны выхаваўчы ўплыў [12]. У яго рабоце ідзе гаворка аб ролі крытычнага мыслення, асобасным аспекце ў чытанні, ролі чытацкай свядомасці. Чытанню заўсёды спадарожнічае крытычны аналіз – працэс значна больш складаны, чым простае разуменне тэкста, Тут чытач выступае як асоба, што мае сваё светаўяўленне і параўноўвае свае погляды і светаўяўленне з поглядамі і светаўяўленнем аўтара. У апісанні працэса чытання ўвага засяроджваецца на псіхалагічных аспектах: успрыманні, асэнсаванні прачытанага, уяўленнях, якія ўзнікаюць падчас чытання і цесна звязаны з эмацыйнай сферай.

Бібліяпедагагічныя работы В.А. Неўскага заслугоўваюць асобнага грунтоўнага аналізу. Ён падкрэсліваў значнасць уплыву сацыяльнага асяроддзя на чытацкае развіццё і чытацкую свядомасць, выступаў за паступовае ўзвышэнне чытацкіх інтарэсаў і запатрабаванняў, гаварыў аб неабходнасці павышэння хуткасці чытання і спецыяльнага навучання рацыянальнаму чытанню.

Значны ўклад у бібліяпедагогіку і бібліяпсіхалогію ўнёс М.Н. Куфаеў. Ён разглядаў іх у межах праблемы філасофіі кнігі, што мае вялікае тэарэтычнае і метадалагічнае значэнне. Яму належыці і наступнае вызначэнне бібліятэчнай педагогікі: «Под библиологической педагогикой мы разумеем дисцип­лину, трактующую о том, как надо читать книгу, избранную для чтения, какие средства и приемы ведут к наилучшему восприятию индивидуумом мыслей автора и правильному их уразумению» (Куфаев, М.Н. Избранное: труды по книговедению и библиографоведению / М.Н. Куфа-ев.– М.: Книга, 1981.– С. 30). Заслугай М.Н.Куфаева можна лічыць і яго метадычныя рэкамендацыі па чытанню кніг. Яны тычацца не толькі бібліяпсіхалогіі, але і бібліяпедагогікі. У рабоце “Як чытаць кнігі” ён па сутнасці, не ўжываючы тэрміна “устаноўка”, гаворыць менавіта аб ёй, калі прапануе пэўны псіхалагічны ланцужок у сувязі з папярэднім азнаямленнем з кнігай: зацікаўленасць – непраізвольная ўвага – настройванне псіхікі – акт намагання. Уся методыка чытання ў М.Н.Куфаева грунтуецца на псіхалагічных прынцыпах і тлумачыцца імі.

У абгрунтаванні методыкі чытання разглядаюцца розныя ўзроўні чытацкай дзейнасці: ад псіхафізіялагічнага да сацыяльно-псіхалагічнага і філасофскага. М.Н.Куфаеў піша аб зрастанні зместу твора са зместам нашай свядомасці, думак кніг з нашымі думкамі, пачуццямі, хваляваннямі і наогул перажываннямі, з нашым вопытам і ведамі, у гэтым выпадку думкі аўтара становяцца яснымі, зразумелымі і засвоенымі. У гэтым меркаванні прасочваецца ўзаемаабумоўленая сувязь розума і пачуццяў, пазнавальнай (кагнітыўнай) сферы са сферай эмоцый (афектыўнай), што мае вялікае значэнне для пераадолення аднабокасці ў спецыялістаў, якія займаюцца праблемамі псіхалогіі і педагогікі чытання ў дачыненні да розных відаў літаратуры: мастацкай, альбо галіновай.

Такім чынам, у 20-30-я гады назіраеццаразнастайнасць у даследаваннях псіхалагічных праблем чытання: метадалагічных, тэарэтычных, эмпірычных. Аналіз работ дадзенага перыяду сведчыць аб існаванні акмеялагічнага накірунку даследаванняў чытання ў межах іншых напрамкаў чытачазнаўства.

 

4.Вывучэнне праблем псіхалогіі чытання ў другой палове ХХ стагоддзя. У 1940-1950-я гады намеціўся спад у вывучэнні праблем псіхалогіі чыта­ння.Гэта тлумачыцца агульнай культурна-гістарычнай і сацыяльнай абстаноўкай таго перыяда. У асноўным пытанні псіхалогіі чытання разглядалісь у межах праблемы дыферэнцыяцыі і тыпалогіі чытачоў. На пры канцы 1950-х гадоў пастаноўку пытання аб адраджэнні даследаванняў бібліятэчнай псіхалогіі, і ў прыватнасці псіхалогіі чытання, знаходзім у працах псіхолагаў Л.І.Бяляевай, В.Л.Дранкова, А.Г.Кавалёва, якія працавалі ў бібліятэчных ВНУ.

Настольнай кнігай бібліятэкара стала манаграфія А.М.Левідава “Аўтар – вобраз – чытач”, якая з’яўляецца часткай фундаментальнай працы “Дыялектычны метад вывучэння літаратурнага твора”.

Бібліятэказнаўцы таксама звярталі ўвагу на значнасць пытанняў псіхалогіі чытання ў вырашэнні задач кіраўніцтва чытаннем бібліятэчна-бібліяграфічнымі сродкамі. Аналізуючы стан псіхалогіі чытання, О.С.Чубар’ян робіць выснову аб неабходнасці стварэння псіхалагічных асноў прапаганды кнігі і кіраўніцтва чытаннем на базе цэласнай псіхалагічнай тэорыі. Ён лічыць, што ў структуры асобы важнае месца займаюць яе інтарэсы. Адносна бібліятэказнаўства ён выдзяляў дзьве найважнейшыя праблемы псіхалогіі чытання: чытацкі інтарэс і чытацкае ўспрыманне. О.С.Чубар’ян лічыў, што ў далейшым патрабуюць распрацоўкі праблемы міжчытацкіх зносін, лідэрства ў чытанні, сям’і як сацыяльнага інстытута, які істотна ўплывае на чытанне і развіццё асобы [9].

А.Н. Ванееў выдзяляў у галіне псіхалогіі чытання задачу выхавання культуры чытання на падставе даследавання механаізмаў успрымання прачы­танага, якая па сутнасці з’яўляецца бібліяпедагагічнай [5. С. 206].

На пры канцы XX стагоддзя ўзрастае інтарэс да даследавання праблем бібліяпсіхалогіі, бібліяпедагогікі і бібліятэрапіі. Сталі з’яўляцца работы абагульняючага характару. Тэндэнцыя да інтэграцыі бібліяпсіхалагічных і бібліяпедагагічных ведаў будзе захоўвацца. Але ў агульным можна прагназаваць, што развіццё чытачазнаўства ў ближэй­шы час пойдзе шляхам стварэння абагульняючых прац. Гэта абумоўлена патрабаваннямі практычнай дзейнасці бібліятэк і бібліятэчнай адукацыі.

Навукавая дысцыпліна – «бібліялагічная педагогіка» у межах іншых навук па-рознаму называецца, хаця сутнасць яе практычна аднолькавая. Гэта і педагогіка, і дыдактыка, і методыка чытання. Адносна кнігазнаўства, бібліяграфазнаўства, бібліятэказнаўства ва ўзаемадзеянні з філалогіяй, псіхалогіяй, педагогікай, ліінгвістыкій, семіётыкай і іншымі навуковымі дысцыплінамі, якія маюць дачыненне да чытання, мэтазгодна ўключыць усе шматлікія пытанні бібліяпедагогікі ў акмеялогію чытання. У гэтым выпадку, мяркуе В.А.Барадзіна, і бібліялагічная псіхалогія, і бібліялагічная педагогіка ўвайдуць у адзіную навуковую дысцыпліну на аснове тэорыі чытацкага развіцця асобы. Акмеялогія чытання здольная інтэграваць дасягненні розных навуковых дысцыплін у арганічным адзінстве па іерархічнаму прынципу.

 

Літаратура

1. Алчевская, Х.Д. Что читать народу? Критический указатель книг для народного и де­тского чтения / Х.Д. Алчсвская. – СПб.: Тип. B.C. Балашева, 1888. – Т.1.– XXI, 805 с.

2. Банк, Б.В. Изучение читателей в России (ХІХ в.) / Б.В.Банк. – М.: Книга, 1969. – 261 с.

  1. Бородина, В.А. Теория и технология читательского развития в отечественном библиотековедении: научные и методологические основы / В.А.Бородина. – М.: Школьная библиотека, 2006. – С.

4. Вальдгард, С.Л. Очерки психологии чтения/СЛ. Вальдгард. – М.-Л., 1931. – 112 с.

  1. Ванеев, А.Н. Библиотековедение в России во второй половине ХІХ века: учебное пособие / А.Н.Ванеев. – СПб.: СПбГАК, 1999. – 70 с.

6. Гайворовский, А.А. Психотехника и бибдело / А.А. Гайворовский. – Минск, 1928.– 33 с.

7. Крупская, Н.К. Педагогические сочинения: в 10 т. / Н.К. Крупская. – М.: Изд-во АПН СССР, 1963.– Т. 4.

8. Нечаев, А.П. Психологические основы библиотечного дела: лекция, прочитанная в Центр. доме работн. просвещ. 16 марта 1922 г. / А.П. Нечаев. – М.: Работник Просве­щения, 1922. – 16 с.

9. Чубарьян, О.Т. Человек и книга: социальные проблемы чтения / О.Т. Чубарьян.–М.: Наука, 1992. – 109 с.

  1. Шапошников, А.Е. История чтения и читателя в России (ІХ – ХХ вв.) / А.Е.Шапошников. – М.: Либерея, 2001. – 80 с.

11. Шафир, Я.М. Очерки психологии читателя / Я.М. Шафир.– М.-Л.: Печатный двор, 1921.– 86 с.

12. Шварц, Л.М. Психология навыка чтения / Л.М. Шварц. – Л.: Учпедгиз, 1941. – 139 с.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.