Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Уводзіны. Прадмет і задачы курса, яго метадычныя асаблівасці.






КАНСПЕКТ ЛЕКЦЫЙ

Асноўныяпытанні:

 

1. Патрэбнасці ў вывучэнні праблем сацыялогіі і псіхалогіі чытання і неабходнасць укаранення дадзенага курса.

2. Сацыялогія і псіхалогія чытання як навука аб праблемах чытання, чытача, бібліятэкі. Яе роля ва ўмовах крызісу чытання.

3. Прадмет і задачы курса, яго змястоўныя і метадычныя асаблівасці

4. Сувязь курса з іншымі вучэбнымі дысцыплінамі.

 

Даследаванні ў галіне бібліятэчнай сацыялогіі і псіхалогіі сталі неад’емнай часткай бібліятэказнаўства і бібліяграфазнаўства. Не з’яўляецца выключэннем і айчыннае бібліятэказнаўства, якое даволі актыўна ў апошнія два дзесяцігоддзі звяртаецца да сацыялагічнай, псіхалагічнай сацыяльна-псіхалагічнай і сацыяльна-педагагічнай праблематыкі, дзе пытанням сацыялогіі і псіхалогіі чытання, псіхалогіі зносін паміж бібліятэкарам і карыстальнікам адводзіцца вядучая роля.

Павышэнне інтарэсу да праблем чытання ў апошнія часы відавочна і абумоўлена некалькімі фактарамі. Перш за ўсё – гэта істотныя змены ў інфармацыйным, сацыякультурным і адукацыйным асяроддзі, што вызначаюць развіццё чытача і чытання. Узнікла супярэчнасць паміж інтэнсіўным развіццём тэлекамунікацыйных тэхналогій, здольных забяспечыць доступ да любой інфармацыі ў неабмежаваных аб’ёмах, і псіхафізіялагічнымі магчымасцямі яе ўспрымання, асэнсавання, разумення і ацэнкі чалавекам. Псіхіка чалавека і псіхічныя механізмы працэса чытання застаюцца практычна нязменнымі з пункту гледжання хуткасці засваення інфармацыі ў вялікіх аб’ёмах.

Мала змяняецца і стратэгія псіхолага-педагагічнага забеспячэння чытацкага развіцця, фармиравання культуры чытання. У выніку назіраецца зніжэнне культуры чытання – галоўнага індыкатара чытацкага развіцця, аб чым сведчаць вынікі разнастайных даследаванняў ў галіне чытання. У свядомасці дзяцей, падлеткаў і юнакоў змяніўся каштоўнасны статус чытання, якое ва ўмовах экспансіі экраннай культуры не проста адыходзіць на другі план, але нават успрымаецца як архаізм.

Пагроза страты культуры чытання – асновы генафонду нацыі – устрывожыла прафесійную супольнасць чытачазнаўцаў. Вынік – актывізацыя руху па пераадоленні негатыўных тэндэнцый у зніжэнні ўзроўня культуры чытання. У Расіі, напрыклад, арганізаваны Цэнтры чытання пры бібліятэках, створаны грамадскія арганізацыі: Расійская асацыяцыя чытання, Расійская школьная бібліятэчная асацыяцыя; навуковыя секцыі " Псіхалогія і педагогіка чытання" пры Расійскім псіхалагічным грамадстве, аддзяленні Міжнароднай асацыяцыі чытання.

Істотна ўзбагаціліся інфармацыйныя рэсурсы ў чытчазнаўстве: з'явіліся новыя часопісы, у якіх друкуюцца разнастайныя артыкулы па чытанні; праводзяцца канферэнцыі, навукова-практычныя семінары, " круглыя сталы", майстар-класы, бацькоўскія сходы. Аналагічныя працэсы адбываюцца і ў нашай краіне, хаця і ў больш сціплых масштабах.

У 1978 годзе ў артыкуле Р. Бамбергера адзначалася: " За апошнія 50 гадоў у свеце апублікавана больш 10 тысяч прац, прысвечаных праблемам чытання. Аднак тэарэтычныя абгрунтаванні іх настолькі складаныя, што не могуць аказаць істотнага ўплыву на практыку. Практыкі жа за дрэвамі не бачаць лесу" [2. С. 22]. З тых часоў сітуацыя ўскладнілася. Багацце публікацый, якія змяшчаюць шматбаковы фактычны матэрыял, патрабуе сур'ёзнай аналітычнай працы ў мэтах яго абагульнення на канцэптуальных асновах. Але прац абагульняючага характару – вельмі мала.

Складанасць аналізу чытачазнаўчых праблем заключаецца ў тым, што ўсе яны, з'яўляючыся полідисциплинарными і міждысцыплінарнымі, як правіла, разглядаюцца ў рамках асобнай навуковай дысцыпліны, арыентуючыся на вырашэнне абмежаванага кола праблем. Напрыклад, пытанні методыкі навучання чытанню ў пачатковай школе вывучаюцца без уліку этапаў, якія папярэднчаюць гэтаму перыяду і наступаюць за ім; успрыманне розных жанраў літаратуры вывучаецца без супастаўляльнага аналізу па дачыненні адно да аднаго ў ракурсе катэгорыі " развіццё". Даследчая ўвага да чытацкага інтарэсу часта ігнаруе іншыя кампаненты складанай структуры чытацкай накіраванасці, не гаворачы ўжо аб іншых характарыстыках асобы чытача, чытацкай свядомасці, чытацкай дзейнасці і чытацкіх зносін у кантэксце жыццедзейнасці чалавека.

Чытач павінен стаць прадметам пазнання як цэласная структурная адзінка. Метадалагічным арыентырам можа служыць праца Б.Г.Ананьева " Чалавек як прадмет пазнання". У ёй закладзены акмеялагічны падыход да вывучэння чалавека, што адлюстравана змястоўна і ў выглядзе схемы класіфікацыі асноўных праблем і навук аб чалавеку [1].

У далейшым ідэі і тэарэтычныя пастулаты, выдзвінутыя Б.Г.Ананьевым, развіваліся іншымі псіхолагамі ў рэчышчы акмеялогіі, што істотна ўзбагаціла навуку аб чалавеку ў цэлым, яго развіцці ў складаным свеце, які імкліва змяняецца.

У чытачазнаўстве адбываецца ўзаемаперакрыжаванне навуковых дысцыплін. Гэта можна ўбачыць, параўноўваючы паняційны апарат і змест розных чытачазнаўчых дысцыплін (кнігазнаўства, гісторыі вывучэння чытача, біблічтэчнай псіхалогіі, псіхалогіі чытання, бібліяпедагогікі, бібліятэрапіі, казкатэрапіі).

Чытач у чалавеку – унікальная ўніверсальнасць, адлюстроўваючая ў сабе і генетычнае, і біялагічнае, і сацыяльнае, і псіхалагічнае, і асабліва асабістае, набытае ў працэсе ўсёй шматбаковай дзейнасці. Псіхолагі кажуць, што асобай не нараджаюцца, асобаю становяцца. В.А.Барадзіна прытрымваецца такой пазіцыі: чытачом зараджаюцца, а потым і нараджаюцца, і становяцца.

Пытанні бібліятэчнай псіхалогіі мэтанакіравана вывучаюцца з пачатку мінулага стагоддзя, калі даследчыкі звярнулі ўвагу на псіхалогію кнігі, чытання, бібліятэкара і чытача. Некаторыя аспекты ўзаемадзеяння паміж імі раскрыты ў работах М.А.Рубакіна, А.А.Пакроўскага, Л.Б.Хаўкінай і іншых бібліятэказнаўцаў. Аднак перавага аддавалася псіхалогіі чытання і ўспрымання тэкстаў, а псіхалогія бібліятэчных зносін заставалася па за ўвагаю спецыялістаў літэральна да пачатку 1980-х гадоў.

Зараз бібліятэчныя зносіны фарміруюцца як самастойны напрамак бібліятэказнаўства, распрацоўваюцца іх метадалагічныя асновы, выяўляецца сацыяльна-псіхалагічны партрэт бібліятэкара і чытача, заканамернасці іх узаемадзеяння, укараняюцца сацыяльна-псіхалагічныя метады дыягностыкі і сацыяльна-псіхалагічныя трэнінгі, удасканальваецца падрыхтоўка бібліятэчных кадраў да эфектыўных стасункаў з карыстальнікамі бібліятэк і інфармацыйных цэнтраў.

Такім чынам можна канстатаваць наяўнасць у бібліятэчнай псіхалогіі двух узаемазвязаных напрамкаў: псіхалогіі чытання, ўзаемадзеяння чалавека з крыніцамі інфармацыі і псіхалогіі зносін, якія абумоўлены чытаннем, пошукам неабходнай інфармацыі і абмеркаваннем прачытанага – бібліятэчных зносін.

Курс “Бібліяпсіхалогія” уключаны ў праграму навучання студэнтаў па спецыяльнасці “Бібліятэказнаўства і бібліяграфія” як дысцыпліна спецыялізацыі “Культурна-дасугавая дзейнасць бібліятэкі”.

Мэта курса: спрыяць фарміраванню культуры чытання і камунікатыўнай культуры будучых бібліятэкараў, павышэнню іх кампетэнтнасці ў чытанні і зносінах, засваенню тэарэтычных падыходаў да чытання, чытацкага развіцця і зносін у сучаснай бібліятэцы і набыццю практычных навыкаў прадуктыўнага чытання і ўзаемадзеяння з чытачамі ў разрастайных сітуацыях абслугоўвання карыстальнікаў.

Па свайму зместу курс “Сацыялогія і псіхалогія чытання” найбольш шчыльна звязаны з такімі вучэбнімі дысцыплінамі, як “Сацыялогія”, “Псіхалогія”, “Сацыяльная псіхалогія”, “Педагогіка”, “Абслугоўванне карыстальнікаў”, “Бібліятэчная канфлікталогія”, «Псіхалогія кіравання». Псіхалогія і сацыяльная псіхалогія з’яўляюцца тэарэтычнай і метадычнай базай для вывучэння заканамернасцяў чытання і ўспрымання знакавай інфармацыі, засваення навыкаў зносін, а абслугоўванне карыстальнікаў – сферай ужывання і далейшага ўдасканалення гэтых навыкаў у прафесійнай дзейнасці бібліятэкара. Курс па выбару “Бібліятэчная канфлікталогія” разглядае асобны выпадак бібліятэчных зносін – канфліктную сітуацыю, што значна пашырае і паглыбляе сістэму ўяўленняў будучых бібліятэкараў аб стасунках у бібліятэчным калектыве і абслугоўванні.

Такім чынам сацыялогія, псіхалогія чытання і зносіны разглядяюцца ў курсе як інструмент, сродак рэалізацыі прафесійнага і асобаснага патэнцыялу бібліятэкара аддзела абслугоўвання. Паколькі сацыялагічныя і псіхалагічныя аспекты чытання, ўспрымання тэкстаў і заканамернасці зносін маюць універсальны характар, веды, атрыманыя ў ходзе вывучэння курса, могуць быць выкарыстаны не толькі ў бібліятэчным абслугоўванні, але і ва ўсіх сферах дзейнасці, якія патрабуюць ведання псіхалагічных асаблівасцяў і заканамернасцяў чытання і стасункаў паміж людзьмі якія чытаюць.

Зносіны – адзін з найбольш істотных аспектаў прафесійнай дзейнасці бібліятэкара. Менавіта ў ходзе зносін бібліятэкара з чытачом рэалізуюцца асноўныя сацыяльныя функцыі бібліятэкі, складаецца сістэма ўяўленняў аб ёй, ажыццяўляецца зваротная сувязь з чытацкай аўдыторыяй.

Працэс бібліятэчнага абслугоўвання прадугледжвае інтэнсіўныя і амаль бесперапынныя зносіны бібліятэкара з чытачамі. Гэта падабаецца таму, хто стаў бібліятэкарам па прызванню, не падабаецца таму хто прыйшоў у прафесію з адной толькі любові да кнігі і чытання, раздражняе і траўміруе таго, хто стаў бібліятэкарам выпадкова, мяркуючы, што гэта спакойная работа, якая не патрабуе вялікіх інтэлектуальных і фізічных намаганняў.

У любым выпадку інтэнсіўныя зносіны стамляюць, выматваюць, адымаюць сілы, а галоўнае – патрабуюць спецыяльных навыкаў, уменняў, ведаў, пэўнага вопыту. Словам, такой жа тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі, як і працэс стварэння і вядзення каталогаў, картатэк, бібліяграфічных дапаможнікаў, фарміравання фондаў і г.д. Але калі навучанне студэнтаў асновам бібліятэчнай тэхналогіі мае даўнюю традыцыю і добра распрацаваную методыку, калі кола агульнанавуковых дысцыплін акрэслена больш-меньш рэл’ефна, бібліятэчныя зносіны як прадмет бібліятэказнаўчых даследаванняў і вучэбная дысцыпліна зараз толькі набываюць тое значэнне, якое ім падабае мець.

Пошук шляхоў удасканалення бібліятэчнага абслугоўвання звязаны з яго далейшай гуманізацыяй, прыцягненнем увагі да асобы чытача, прызнаннем яго права на чытанне ў тым выглядзе і варыянце, які неабходны ў першую чаргу яму самаму.

Пераход ад імператыўнай педагогікі да педагогікі супрацоўніцтва патрабуе адпаведных псіхолага-педагагічных падыходаў да зносін, арыентацыі на зносіны раўнапраўныя, зацікаўленыя ў развіцці асобы чытача, асобасна-арыентаваныя. Такія зносіны дазваляюць бібліятэкарам не толькі перабудаваць сістэму ўзаемаадносін з чытачамі, але і больш прадуктыўна вырашаць прафесійна-педагагічныя задачы, больш поўна выкарыстоўваць багаты інфармацыйны і маральны патэнцыял твораў друку і іншых інфармацыйных сродкаў.

Супрацоўніцтва і актыўны дыялог з чытачом пабуджаюць бібліятэкараў асэнсаваць той факт, што бібліятэка, асабліва – публічная, агульнадаступная, павінна быць не толькі месцам захавання і выкарыстання дакументаў, але і цэнтрам інтэлектуальных, духоўных зносін, арганізацыі і правядзення сустрэч чытачоў са стваральнікамі кніг, асяродкам культурнага, змястоўнага дасуга.

Усё гэта патрабуе падрыхтоўкі спецыяліста на якасна новым узроўні. Бібліятэкара, які спалучае высокі прафесіяналізм, шырокую эрудыцыю з чытацкай і камунікатыўнай кампетэнтнасцю. Фарміраванню чытацкай і камунікатыўнай кампетэнтнасці, падрыхтоўцы бібліятэкара да зносін з чытачом і павінен, на наш погляд, дапамагчы курс “Бібліяпсіхалогія”.

Зносіны бібліятэкара з чытачом – гэта і праблема вырашэння актуальных сацыяльна-псіхалагічных задач, якія існуюць у сучасным бібліятэчны-інфармацыйным абслугоўванні, і магчымасць вырашэння перспектыўных пытанняў, звязаных з мадэляваннем новых адносін у межах бібліятэкі. Невыпадкова ў апошнія дзесяцігоддзі яна прыцягвае ўсё больш пільную ўвагу даследчыкаў-бібліятэказнаўцаў і бібліёграфаў.

Аднак першыя спробы ўлічваць фактар псіхалагічнага ўзаемадзеяння бібліятэкара з чытачом у працэсе кнігавыдачы сустракаюцца ў работах буйнейшых расійскіх бібліятэказнаўцаў Н.А.Рубакіна, А.А.Пактоўскага, Л.Б.Хаўкінай і інш.

У 20-я гады мінулага стагоддзя ў сувязі з вывучэннем бібліятэчнай прафесіі і выяўленнем спецыфічных умоў працы бібліятэкараў абанемента асобая ўвага надавалась праблеме іх узаемаадносін з наведвальнікамі бібліятэкі. У гэтай сувязі нельга не адзначыць работы А.А.Гайвароўскага “Псіхатэхніка і бібсправа”, што была надрукавана ў Мінску ў 1928 годзе.

У наступным, амаль да 80-х гадоў ХХ стагоддзя, у прафесійным друку можна было знайсці толькі асобныя ўпамінанні і рэдкія публікацыі, у якіх праблема зносін бібліятэкара з чытачом закраналась папутна з вырашэннем іншых пытанняў.

Актывізацыя даследаванняў у галіне кіраўніцтва чытаннем прымусіла навукоўцаў звярнуць увагу на праблему псіхолага-педагагічнага ўзаемадзеяння бібліятэкара з чытачом. Менавіта як фактар удасканалення кіраўніцтва самаадукацыйным чытаннем карыстальнікаў ЦБС масавых бібліятэк зносіны разглядалісь у дысертацыйным даследаванні Н.У.Клімянковай, якая адной з першых у бібліятэказнаўстве звярнулась да вывучэння дадзенай праблемы.

У бібліяграфазнаўстве праблема зносін бібліёграфа з карыстальнікам інфармацыі была распрацавана і грунттоўна разгледжана ў работах М.Г.Вохрышавай.

Даволі прадуктыўным з’явіўся падыход, пры якім зносіны разглядалісь як фактар эфектыўнасці індывідуальнай работы з чытачамі, павышэння ўзроўню культуры бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання, як неабходная ўмова задаволенасці чытачоў бібліятэчнымі паслугамі. Гэты падыход знайшоў адлюстраванне ў дысертацыі і публікацыях Е.В.Смолінай.

Зараз праблема зносін актыўна распрацоўваецца, але ўжо з іншага пункту гледжання – як аснова бібліятэчна-інфармацыйнага ўзаемадзеяння з чытачамі, як фактар аптымізацыі працэса абслугоўвання. У дадзеным напрамку актыўна і плённа працуюць бібліятэказнаўцы М.Я.Дворкіна., М.А.Джэрэліеўская, І.К.Джэрэліеўская, С.А.Езава, Б.Г.Зільберман, Н.У.Клімянкова, Л.Ф.Красінская, С.Г.Матліна, І.А.Мейжыс, Е.В.Смоліна і інш.

Такім чынам агульнымі намаганнямі навукоўцаў і практыкаў былі выяўлены і абгрунтаваны тэарэтычныя і метадычныя палажэнні, якія маюць фундаментальнае значэнне для распрацоўкі праблемы зносін ва ўмовах бібліятэкі. Праведзеныя ў краінах СНД эмпірычныя даследаванні далі багаты фактычны матэрыял, дзякуючы якому можна меркаваць аб характары ўзаемаадносін бібліятэкара з карыстальнікам, аб спецыфічных рысах і асаблівасцях стасункаў у бібліятэцы.

Тым не меньш, аналіз навуковых работ, прысвечаных бібліятэчным зносінам, сведчыць аб недастатковай распрацаванасці некаторых важных тэарэтыка-метадалагічных пытанняў, без вырашэння якіх немагчыма грунтоўнае вывучэнне дадзенай праблемы. Феномен бібліятэчных зносін патрабуе больш цэласнага даследавання, якое неабходна ажыццяўляць з улікам усіх сацыяльных і сацыяльна-псіхалагічных фактараў, што ўздзейнічаюць на бібліятэку і на камунікатыўныя працэсы ў ёй.

Дзеля таго, каб выявіць спецыйіку прафесійных зносін у бібліятэках розных тыпаў, патрабуецца вырашыць пытанне аб іх прадмеце і функцыях, аб месцы ў структуры бібліятэчнай дзейнасці. Важна вывучыць унутраныя псіхалагічныя механізмы прафесійных зносін бібліятэкара – патрэбы, матывы, маральныя ўстаноўкі, каштоўнасныя арыентацыі. Паміма навуковага асэнсавання гэтых і шэрагу іншых пытанняў, вырашэння не толькі на тэарэтычным, але і на практычным узроўні, патрабуе праблема ўдасканалення зносін у бібліятэцы, навучання бібліятэкараў сучасным прыёмам дзелавых зносін, развіцця іх камунікатыўнай кампетэнтнасці.

Складанасць і шматбаковасць праблемы бібліятэчнай псіхалогіі абумоўлівае выбар у якасці прадмета адпаведнага курса ўсяго комплекса псіхолага-педагагічных аспектаў чытання, уплыву на яго з боку бібліятэкі і ўзаемадзеяння бібліятэкара з чытачом. Паколькі асноўным пасрэднікам узаемадзеяння, яго рухаючай сілай, “душою справы” з’яўляецца бібліятэкар, асноўная ўвага надаецца заканамернасцям яго зносін з чытачом у ходзе бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання.

Асэнсаванне ўказанага феномена немагчыма без выкарыстання дасягненняў псіхалогіі і педагогікі ў галіне чытачазнаўства, тэорыі і практыкі зносін, што з’яўляецца метадалагічнай асновай выкладаемага курса. Не меньш важна пазнаёміць студэнтаў з тымі напрацоўкамі, якія існуюць у бібліятэказнаўстве і маюць непасрэднае дачыненне да праблемы псіхалогіі чытання і бібліятэчных зносін.

У наш час фарміраванне культуры чытання і аптымізацыя зносін прадугледжвюць перш за ўсё авалоданне ведамі аб асноўных заканамернасцях чытання як псіхалагічнага працэса і зносін, умення садзейнічаць чытацкаму развіццю і чытацкай сацыялізацыі, аналізаваць ход і вынікі зносін з пункту гледжання іх маральнага зместу і інфармацыйнай эфектыўнасці, разумець механізмы ўзаемадзеяння паміж людзьмі. Важным застаецца таксама веданне канкрэтных нормаў і правілаў, што рэгулююць чытанне і міжчытацкія зносіны. Практычнае авалоданне навыкамі прадуктыўнага чытання і эфектыўных зносін прадугледжвае фарміраванне пэўных якасцяў асобы – чытацкай і камунікатыўнай кампетэнтнасці.

Зараз псіхолагамі распрацаваны шэраг матадаў сацыяльна-псіхаланічнага трэнінгу, якія дапамагаюць развіць камунікатыўны патэнцыял чалавека. Знаёмства з гэтымі метадамі неабходна бібліятэкарам яшчэ і таму, што ў сваёй працы ён можа іх выкарыстоўваць у адпаведнасці са спецыфікай той канкрэтнай групы, арганізатарам і кіраўніком якой ён з’яўляецца.

Дадзены курс прызваны дапамагчы студэнтам Факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый разабрацца ў тэарэтычных праблемах чытання, чытацкага развіцця і бібліятэчных зносін, даведацца аб традыцыйных і новых метадах фарміравання чытацкай і камунікатыўнай культуры, авалодаць прыёмамі наладжвання і падтрамання кантактаў з рознымі людзьмі, тэхнікамі аргументацыі, навыкамі дыялогавай гутаркі, уменнем весці размову, кіраваць дыскусіяй.

У засваенні тэорыі і практыкі зносін ёсць, на наш погляд, адна даволі спецыфічная асаблівасць. Чалавек не можа засвоіць зносіны толькі як вучэбны прадмет, як нейкую суму ведаў, таму што зносінам можна навучыцца толькі ў працэсе зносін. Нават самае лепшае засваенне тэарэтычных ведаў па плаванню яшчэ не сведчыць аб тым, што чалавек умее плаваць. Так і ўменне эфектыўна ажыццяўляць зносіны фарміруецца толькі ў працэсе непасрэдных зносін, разнастайнай камунікатыўнай дзейнасці. Індывідуальны стыль зносін ствараецца на працягу ўсяго жыцця асобы, змяняючыся ў залежнасці ад абставін і вывучэнне спецыяльнага курса можа толькі дапамагчы яго станаўленню, узброіць адпаведнымі ведамі і ўменнямі. Астатняе давершыць праца над сабой, творчасць у зносінах.

Спецкурс складаецца з 18-ці гадзін лекцыйных, 18-ці – семінарскіх, 8-мі лабараторных заняткаў і 44-х СРС. У V семестры студэнты здаюць залік.

Побач з вывучэннем тэарэтычнага матэрыяла, вялікая ўвага надаецца фарміраванню чытацкай кампетэнтнасці і камунікатыўных навыкаў з улікам спецыфікі бібліятэчных зносін. Семінарскія заняткі праводзяцца ў выглядзе дыскусіі, на працягу якой студэнты не толькі выкладаюць свае пункты гледжання, але і вучацца фармуляваць пытанні да абмеркавання, весці палеміку, кіраваць дыскусійнымі формамі чытацкіх зносін.

Лабараторныя заняткі адбываюцца ў выглядзе ралявых і дзелавых гульняў з элементамі сацыяльна-псіхалагічнага трэнінга

 

Літаратура

 

1. Ананьев, Б.Г. Человек как предмет познания / Б.Г. Ананьев. – Л.: Изд-во ЛГУ, 1968.– 339 с.

2. Бамбергер, Р. Исследования чтения. Современное состояние и нерешенные задачи / Р. Бамбергер // Библиотековедение и библиография за рубежом.– 1978. – Вып. 67. – С. 22-42.

3. Бородина, В.А. Теория и технология читательского развития в отечественном библиотековедении: научные и методологические основы / В.А.Бородина. – М.: Школьная библиотека, 2006. – С. 4–6.

4. Езова С.А. Библиотечное общение как феномен исследования: монография / С.А.Езова – М.: Либерея–Бибинформ, 2007. – С. 3 – 13.

5. Мейжис И.А. Социальная психология библиотечного дела // Библиотековедение. – 1993. – № 4. – С. 49-58.

  1. Сацыяльна-псіхалагічныя аспекты бібліятэчнай работы: Метадычныя рэкамендацыі. – Мінск, 2001. – 48 с.
  2. Смолина Е.В. Теоретико-методические основы изучения общения в библиотеке (Аналитический обзор). – Л.: БАН, 1989. – 58 с. – Препринт №






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.