Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Раздзел ІІ. Асоба, грамадства, дзяржава






Артыкул 21. Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы.

Кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў.

Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.

Артыкул 22. Усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

Артыкул 23. Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону.

Артыкул 24. Кожны мае права на жыццё.

Дзяржава абараняе жыццё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў.

Смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда.

Артыкул 25. Дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы. Абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам.

Асоба, узятая пад варту, мае права на судовую праверку законнасці яе затрымання або арышту.

Ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасці абыходжанню ці пакаранню, а таксама без яго згоды падвяргацца медыцынскім або іншым доследам.

Артыкул 26. Ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана і ўстаноўлена прыгаворам суда, які ўступіў у законную сілу. Той, каго абвінавачваюць, не павінен даказваць сваю невінаватасць.

Артыкул 27. Ніхто не павінен прымушацца даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх родных. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы.

Артыкул 28. Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць.

Артыкул 29. Недатыкальнасць жылля і іншых законных уладанняў грамадзян гарантуецца. Ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і іншае законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі.

Артыкул 30. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад.

Артыкул 31. Кожны мае права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам.

Артыкул 32. Шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы.

Жанчына і мужчына па дасягненні шлюбнага ўзросту маюць права на добраахвотнай аснове ўступіць у шлюб і стварыць сям’ю. Муж і жонка раўнапраўныя ў сямейных адносінах.

Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні. Дзіця не павінна падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду яго фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Дзеці абавязаны клапаціцца пра бацькоў, а таксама пра асоб, якія іх замяняюць, і аказваць ім дапамогу.

Дзеці могуць быць аддзелены ад сваёй сям’і супраць волі бацькоў і іншых асоб, якія іх замяняюць, толькі на падставе рашэння суда, калі бацькі або іншыя асобы, якія іх замяняюць, не выконваюць сваіх абавязкаў.

Жанчынам забяспечваецца прадастаўленне роўных з мужчынамі магчымасцей у атрыманні адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, у працы і вылучэнні па службе (рабоце), у грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах дзейнасці, а таксама стварэнне ўмоў для аховы іх працы і здароўя.

Моладзі гарантуецца права на яе духоўнае, маральнае і фізічнае развіццё.

Дзяржава стварае неабходныя ўмовы для свабоднага і эфектыўнага ўдзелу моладзі ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным развіцці.

Артыкул 33. Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.

Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх.

Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца.

Артыкул 34. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.

Дзяржаўныя органы, грамадскія аб’яднанні, службовыя асобы абавязаны даць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы.

Карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам у мэтах абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў.

Артыкул 35. Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай. Парадак правядзення ўказаных мерапрыемстваў вызначаецца законам.

Артыкул 36. Кожны мае права на свабоду аб’яднанняў.

Суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў бяспекі, ваеннаслужачыя не могуць быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца палітычных мэт.

Артыкул 37. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна выбранных прадстаўнікоў.

Непасрэдны ўдзел грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў і пытанняў рэспубліканскага і мясцовага значэння, іншымі вызначанымі законам спосабамі.

У парадку, устаноўленым заканадаўствам, грамадзяне Рэспублікі Беларусь прымаюць удзел у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця на рэспубліканскіх і мясцовых сходах.

Артыкул 38. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзяржаўныя органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні.

Артыкул 39. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці са сваімі здольнасцямі, прафесійнай падрыхтоўкай маюць права роўнага доступу да любых пасад у дзяржаўных органах.

Артыкул 40. Кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы.

Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаны разгледзець зварот і даць адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павінна быць пісьмова матываванай.

Артыкул 41. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.

Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва. У выпадку незанятасці асобы па не залежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама дапамога па беспрацоўі ў адпаведнасці з законам.

Грамадзяне маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, уключаючы права на аб’яднанне ў прафесійныя саюзы, заключэнне калектыўных дагавораў (пагадненняў) і права на забастоўку.

Прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы.

Артыкул 42. Асобам, якія працуюць па найму, гарантуецца справядлівая доля ўзнагароджання ў эканамічных выніках працы ў адпаведнасці з яе колькасцю, якасцю і грамадскім значэннем, але не ніжэй за ўзровень, які забяспечвае ім і іх сем’ям свабоднае і годнае існаванне.

Жанчыны і мужчыны, дарослыя і непаўналетнія маюць права на роўнае ўзнагароджанне за працу роўнай вартасці.

Артыкул 43. Працоўныя маюць права на адпачынак. Для тых, хто працуе па найму, гэта права забяспечваецца ўстанаўленнем рабочага тыдня, які не перавышае 40 гадзін, скарочанай працягласцю работы ў начны час, прадастаўленнем штогадовых аплатных водпускаў, дзён штотыднёвага адпачынку.

Артыкул 44. Дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю.

Уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі. Недатыкальнасць уласнасці, права яе атрымання ў спадчыну ахоўваюцца законам.

Уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай.

Дзяржава заахвочвае і ахоўвае зберажэнні грамадзян, стварае гарантыі вяртання ўкладаў.

Прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама згодна з пастановай суда.

Ажыццяўленне права ўласнасці не павінна супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю, гісторыка-культурным каштоўнасцям, уціскаць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб.

Артыкул 45. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя.

Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання.

Права грамадзян Рэспублікі Беларусь на ахову здароўя забяспечваецца таксама развіццём фізічнай культуры і спорту, мерамі па аздараўленню навакольнага асяроддзя, магчымасцю карыстання аздараўленчымі ўстановамі, удасканальваннем аховы працы.

Артыкул 46. Кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права.

Дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя.

Артыкул 47. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам. Дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, а таксама аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў.

Артыкул 48. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на жыллё. Гэтае права забяспечваецца развіццём дзяржаўнага і прыватнага жыллёвага фонду, садзейнічаннем грамадзянам у набыцці жылля.

Грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай і мясцовым самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх плаце ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жылля.

Артыкул 49. Кожны мае права на адукацыю.

Гарантуюцца даступнасць і бясплатнасць агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя даступная для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага. Кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымаць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах.

Артыкул 50. Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, таксама як ніхто не можа быць прымушаны да вызначэння і ўказання нацыянальнай прыналежнасці.

Знявага нацыянальнай годнасці караецца згодна з законам.

Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання.

Артыкул 51. Кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах, развіццём сеткі культурна-асветных устаноў.

Свабода мастацкай, навуковай, тэхнічнай творчасці і выкладання гарантуецца.

Інтэлектуальная ўласнасць ахоўваецца законам.

Дзяржава садзейнічае развіццю культуры, навуковых і тэхнічных даследаванняў на карысць агульных інтарэсаў.

Артыкул 52. Кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю, законы і паважаць нацыянальныя традыцыі.

Артыкул 53. Кожны абавязаны паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб.

Артыкул 54. Кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці.

Артыкул 55. Ахова прыроднага асяроддзя — абавязак кожнага.

Артыкул 56. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў.

Артыкул 57. Абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы ці замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам.

Артыкул 58. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.

Артыкул 59. Дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.

Дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы.

Гэтыя органы і асобы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы.

Артыкул 60. Кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.

З мэтай абароны правоў, свабод, гонару і годнасці грамадзяне ў адпаведнасці з законам маюць права спагнаць у судовым парадку як маёмасную шкоду, так і матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды.

Артыкул 61. Кожны мае права ў адпаведнасці з міжнародна-прававымі актамі, якія ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь, звяртацца ў міжнародныя арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаны ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны.

Артыкул 62. Кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў.

Процідзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.

Артыкул 63. Ажыццяўленне прадугледжаных гэтай Канстытуцыяй правоў і свабод асобы можа быць прыпынена толькі ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становішча ў парадку і межах, вызначаных Канстытуцыяй і законам.

Пры ажыццяўленні асобых мер у перыяд надзвычайнага становішча не могуць абмяжоўвацца правы, прадугледжаныя ў артыкуле 24, частцы трэцяй артыкула 25, артыкулах 26, 31 Канстытуцыі.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.