Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Вялікая Айчынная вайна: змены у праве






Падчас другой сусветнай вайны права Беларускай ССР не мела са­мастойнага значэння, бо згодна з Канстытуцыяй СССР (1936 г.) выданне Крымінальнага і Грамадзянскага кодэксаў было аднесена да кампетэнцыі СССР, а ў астатніх галінах права таксама дзейнічалі ў асноўным нормы агульна-саюзнага права. Перш за ўсё трэба адзначыць, што грамадзянска-прававое рэгуляванне маёмасных адносін у перыяд вайны было падпарадкавана мабілізацыі ўсіх рэсурсаў краіны для забеспячэння перамогі, абароне сацыялістычных маёмас­ных адносін, аднаўленню разбуранай гаспадаркі.

Для ўзмацнення грамадзянска-прававой аховы сацыялістычнай уласнасці была павышана матэрыяльная адказ­насць за раскраданне, недастачу і страту тавараў, гаручага, гібель коней і буйной рагатай жывёлы.

У гады вайны прымаліся меры па сацыяльнай абароне насельніцтва (згодна з Пастановай СНК СССР ад 5 жніўня 1941 г. на час вайны за ўсімі ваеннаслужачымі захоўвалася іх жылая плошча, і жыльцы, якія часова займалі кватэру ваеннаслужачага, абавязаны былі вызваліць яе. Грамадзяне, якія вярнуліся з эвакуацыі, мелі права ў судовым парадку патрабаваць вызвалення раней прыналежнай ім жылой плошчы).

Становішча ваеннага часу абумовіла неабходнасць выдання актаў, якія рэгулявалі адносіны па дагаворы страхавання (органы Дзяржстраху не нясуць адказнасці ў выпадку смерці застрахаваных ці страты імі працаздольнасці, а таксама знішчэння ці пашкоджання застрахаванай маёмасці ў выніку ваенных дзеянняў).

14 сакавіка 1945 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР былі унесены значныя змены і ў парадак атрымання спадчыны (было пашырана кола спадчыннікаў, у лік якіх уключаліся бацькі, браты і сестры памерлага, а так­сама вызначалася чарговасць яе атрымання. Спадчыннікамі першай чаргі з'яўляліся дзеці, муж або жонка і непрацаздольныя, што былі на ўтрыманні спадчынадаўцы не менш як год да яго смерці. У выпадку адсутнасці спадчыннікаў пер­шай чаргі ці непрыняцця імі спадчыны да яе атрымання прызываліся працаздольныя бацькі, а пры іх адсутнасці - браты і сестры памерлага).

Былі пашыраны правы спадчынадаўцы па завяшчанні сваей маёмасці: яна магла быць завешчана аднаму або некалькім асобам з ліку спадчыннікаў паводле закону, а таксама дзяржаўным органам і грамадскім арганізацыям; спадчынадавец атрымаў права пры адсутнасці законных спадчыннікаў завяшчаць сваю маёмасць любому грамадзяніну.

Змены, унесеныя ў грамадзянскае заканадаўства, былі накіраваны перш за ўсё на рэгуляванне маёмасных адносін у інтарэсах перамогі над ворагам, аднаўлення гаспадаркі, узмацнення аховы правоў прадпрыемсчваў і ўстаноў, арганізацый і грамадзян.

Важнае значэнне мела пастанова пленума Вярхоўнага суда СССР ад 27 чэрвеня 1941 г., паводле якой было прынята рашэнне прыпыніць вядзенне ўсіх незакончаных спраў аб высяленні з жылых памяшканняў асоб, прызваных у дзеючую армію, і членаў іх сямей.

Прыпыняліся на перыяд ваенных дзеянняў і ўсе неразгледжаныя грамадзянскія справы іншых катэгорый, калі адказчыкі знаходзіліся ў арміі.

Парадак скасавання шлюбу быў ускладнены. Уводзілася асобая стадыя судовага разбору - прымірыцельная вытворчасць у народным судзе. Справа аб скасаванні шлюбу разглядалася па заяве мужа і жонкі або аднаго з іх па месцы жыхарства адказчыка. Патрабавалася абавязковая публікацыя ў мясцовым друку пра тое, што адбудзецца разгляд справы аб разводзе. Муж і жонка мелі права спыніць справу на любой стадыі працэсу. Прысутнасць у судзе мужа і жонкі з'яўлялася абавязковай. У выпадку скасавання шлюбу суд вызначаў, пры кім з бацькоў застаюцца дзеці, і ўстанаўліваў памер утрымання на іх аліментаў, рабіў падзел маёмасці і г.д.

27 снежня 1944 г. было зацверджана Палажэнне аб Дзяржаўным арбітражы Беларускай ССР. Ён вырашаў маёмасныя (іскавыя і пераддагаворныя) спрэчкі паміж установамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі грамадскага сектара.

Асноўная задача крымінальнага заканадаўства перыяду вайны заключалася ў ахове ўстаноўленага правапарадку, умацаванні воінскай і працоўнай дысцыпліны.

У барацьбе з раскраданнем дзяржаўнай і грамадскай маёмасці шырока прымяняўся Закон ад 7 жніўня 1932 г., які прадугледжваў павышаную адказнасць за крадзяжы аж да расстрэлу. 23 ліпеня 1942 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Са­вета СССР была ўстаноўлена адказнасць у выглядзе турэмнага зняволення ад трох да пяці гадоў за раскраданне гаручага ў МТС і саўгасах; 13 красавіка 1942 г. - крымінальная адказ­насць за адмаўленне і ўхіленне ад працоўнай павіннасці, а праз два дні - за ўхіленне ад мабілізацыі на сельскагаспадарчыя работы, самавольнае пакіданне гэтых работ, а таксама за невыпрацоўку абавязковага мінімуму працадзён.

7 ліпеня 1945 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прыняў указ " Аб амністыі ў сувязі з перамогай над гітлераўскай Германіяй". Паводле амністыі поўнасцю вызваляліся ад па­карання асуджаныя да пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў. Асобам, асуджаным да пазбаўлення волі на тэрмін звыш трох гадоў, не адбыты тэрмін пакарання скарачаўся напалову. Вызваляліся ад пакарання ўсе асуджаныя, у адносінах якіх была прыменена адтэрміноўка выканання прыгавору да заканчэння ваенных дзеянняў. Амністыя не пашыралася на асуджаных за ўчыненне асабліва небяспечных злачынстваў: раскраданне дзяржаўнай і грамадскай маёмасці, бандытызм, разбой, крад­зяжы, грабяжы і хуліганства.

Крымінальна-працэсуальнае заканадаўства таксама было накіравана на заваяванне перамог.

1 верасня 1939 г. сесіяй Вярхоўнага Савета СССР быў прыняты закон " Аб усеагульным воінскім абавязку": вырашаў пытанні падсуднасці ў выпадках ўчынення злачынст-ваў ваеннаслужачымі і ваеннаабавязанымі, прызванымі на вучэбныя зборы.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 ліпеня 1940 г. бы­ла павышана адказнасць за самавольную адлучку і дэзерцірства.

Пытанні рэгламентацыі падсуднасці ваенных трыбуналаў былі вырашаны Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 снежня 1940 г. " Аб змяненні падсуднасці ваенных трыбуналаў". На падставе гэтага указа ўсе справы аб злачынствах, учыняемых ваеннаслужачымі і ваеннаабавязанымі ў час праходжання імі вучэбных збораў, перадаваліся ў падсуднасць ваенных трыбуналаў.

Усе незакончаныя вытворчасцю справы аб контррэвалюцыйных злачынствах, асабліва небяспечных злачынствах супраць парадку кіравання і найбольш цяжкіх злачынствах агульнакрымінальнага характару, падлягалі накіраванню праз пракуратуру ў ваенны трыбунал па месцы службы абвінавачванага. Справы аб іншых катэгорыях злачынстваў падлягалі спыненню, паколькі іх разгляд пасля вяртання абвінавачваных з ваеннай службы быў яўна немэтазгодны.

Пасля заканчэння вайны пачалася перабудова дзейнасці органаў следства, пракуратуры і суда ў прымяненні да ўмоў мірнага часу. Нормы працэсуальнага права аб выключэннях з агульных правілаў судаводства, устаноўленыя Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 чэрвеня 1941 г. " Аб ваенным становішчы", спынілі свае дзеянне, вядзенне крымінальных спраў пачало адпавядаць нормам крымінальна-працэсуальнага кодэкса.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.