Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Эканамічная рэформа і яе вынікі






Пагаршэнне становішча спраў у вытворчасці тавараў масавага попыту і сельскай гаспадарцы абвастрала сацыяльныя канфлікты ў рэспубліцы. Адзначалася ўзросшая колькасць выпадкаў адмаўлення ад работы. У вышэйшых эшалонах улады пачала ўсё больш усведамляцца неабходнасць паступовага пераходу да зканамічна абгрунтаваных метадаў кіравання.

Другой спробай выпрацаваць эфектыўную аграрную палітыку з’явіліся рашэнні сакавіцкага (1965 г.) Пленума ЦК КПСС. Яны прадугледжвалі значны рост капіталаўкладанняў у сельскую гаспадарку, павелічэнне паставак тэхнікі калгасам і саўгасам, давядзенне цвёрдых планаў дзяржаўных закупак прадуктаў, павелічэнне закупачных цэн на іх, спісанне запазычанасці з калгасаў, правядзенне меліярацыі зямель за кошт дзяржавы, устанаўленне гарантаванай аплаты працы калгаснікаў, увядзенне іх пенсіённага забеспячэння, умацаванне падсобных гаспадарак і інш.

Спробы выкарыстаць эканамічныя стымулы развіцця сельскай гаспадаркі мелі станоўчыя вынікі. За 1965 – 1970 гг. ураджайнасць збожжавых культур у рэспубліцы ўзрасла з 11, 5 ц да 16 ц з гектара, а валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі павялічылася на 70 %. Гэта дазволіла значна палепшыць матэрыяльнае становішча працоўных рэспублікі. 3 1965 г. калгаснікам сталі назначацца пенсіі па старасці і інваліднасці. Былі зніжаны рознічныя цэны на прадуктовыя і прамысловыя тавары. Сяляне атрымалі пашпарты і сталі адчуваць сябе больш паўнапраўнымі грамадзянамі краіны.

Аднак, нягледзячы на значныя зрухі ў развіцці сельскай гаспадаркі, меліся і сур’ёзныя недахопы і пралікі. Не ўсё, што задумвалася, было рэалізавана. Новыя падыходы гаспадарання нярэдка не ўпісваліся ў старую сістэму кіравання сельскай гаспадаркай. У 50 – 60-я гг. Беларуская ССР прыняла актыўны ўдзел у асваенні цалінных і абложных зямель. Беларусь пастаўляла ў раёны цаліны машыны, абсталяванне, будаўнічыя матэрыялы. За 1954 – 1960 гг. на асваенне цаліны з Беларусі ў Казахскую ССР выязджала 60 тыс. юнакоў і дзяўчат, якія стварылі там 24 новыя саўгасы. Асваенне цаліны было вялікім працоўным подзвігам усіх народаў СССР.

У верасні 1965 г. Пленум ЦК КПСС прыняў пастанову «Аб паляпшэнні кіравання прамысловасцю, удасканаленні планавання і ўзмацненні эканамічнага стымулявання прамысловай вытворчасці».

Мэтай эканамічнай рэформы з’яўлялася стварэнне такой сістэмы матэрыяльнага стымулявання, якая б зацікавіла прадпрыемствы адшукваць унутраныя рэзервы вытворчасці. Фактычна ў прамысловасці яна была зведзена да наступных мерапрыемстваў:

1) вяртанне да галіновага прынцыпу кіравання. У Беларусі да кастрычніка 1965 г. замест аднаго саўнаргаса было створана 6 саюзна-рэспубліканскіх міністэрстваў і 3 рэспубліканскія (мясцовай прамысловасці, тарфяной, сельскай гаспадаркі). Цэнтралізацыя істотна ўзмацнілася. Разам з тым былі адкінуты і напрацаваныя сувязі і ўсё тое, што ўтрымліваў тэрытарыяльны прынцып кіравання;

2) замест больш 100 паказчыкаў было вызначана 9; галоўны паказчык па валу (колькасці) заменены паказчыкам па аб’ёме рэалізаванай прадукцыі. Меркавалася, што гэта выкліча прамую зацікаўленасць у выпуску тавараў, якія б карысталіся попытам у спажыўца. Разам з тым з’явілася магчымасць нарошчваць аб'ём рэалізаванай прадукцыі і павялічваць не колькасць тавараў, а іх кошт;

3) з прыбытку прадпрыемства акрамя фонду развіцця вытворчасці ствараліся фонды матэрыяльнага заахвочвання і сацыяльна-культурных мерапрыемстваў, з якіх штогод маглі накіроўвацца сродкі на пабудову кватэр для рабочых і служачых, дзіцячых устаноў, набыццё санаторных пуцёвак, арганізацыю культмасавай работы і г.д.

Такім чынам, прадугледжвалася адначасовае ўмацаваннецэнтралізаванага кіравання народнай гаспадаркай і пашырэнне гаспадарчай самастойнасці, ініцыятывы прадпрыемстваў. Зразумела, такое спалучэнне эканамічных і дырэктыўных метадаў было несумяшчальным, але гэта выявілася не адразу.

Першапачаткова эканамічная рэформа ўкаранялася толькі на добра развітых у тэхнічных адносінах і высокарэнтабельных прадпрыемствах. Першым у рэспубліцы пачаў працаваць па-новаму калектыў Гомельскага шклозавода імя М.В.Ламаносава. 3 1967 г. на новыя ўмовы гаспадарання пераводзяцца цэлыя галіны прамысловасці. Калі распаўсюджванне рэформы ўшыр адбывалася хутка, то яе пранікненне ўглыб адбывалася намнога складаней. Паколькі стратныя прадпрыемствы не закрываліся, то іх утрыманне вымушана была ўзяць на сябе дзяржава, прычым за кошт добра працуючых.

Спачатку дасягненні рэформы былі даволі значнымі. Асабліва гэта праявілася ў гады восьмай пяцігодкі (1966 – 1970 гг.). За дадзены перыяд у БССР аб’ём прадукцыі прамысловасці павячыўсяамаль у 1, 8 раза. Найбольш паскоранымі тэмпамі развівалася хімічная і нафтахімічная прамысловасць. Аб’ём яе прадукцыі за 1966 – 1970 гг. павялічыўся ў 3, 3 раза. У 1966 г. быў уведзены ў эксплуатацыю Гомельскі хімічны завод, у 1968 г. – Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна (пазней вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно»), у 1970 г. – 3-і Салігорскі калійны камбінат, а ў 1971 г. пачалося будаўніцтва 4-га калійнага камбіната. На базе дзеючых калійных камбінатаў у 1971 г. быў створаны адзіны Беларускі калійны камбінат (пазней вытворчае аб’яднанне «Беларуськалій»). У 1970 г. на базе гродзенскіх азотна-тукавага і капралактанавага заводаў быў створаны Гродзенскі хімічны камбінат імя С. В. Прытыцкага (пазней вытворчае аб’яднанне «Азот»).

У гэты час далі прадукцыю такія буйныя новабудоўлі, як Лукомская ДРЭС, мінскія заводы халадзільнікаў і маторны, Брэсцкі электралямпавы завод, Віцебскі домабудаўнічы і Баранавіцкі баваўняны камбінаты. Усяго за 1966 – 1970 гг. было ўведзена ў строй звыш 50 буйных прадпрыемстваў, якія, згодна з рэформай, пачалі працаваць па-новаму, больш выкарыстоўваць таварна-грашовыя механізмы, гаспадарча-разліковыя стымулы. Нарошчванню вытворчасці садзейнічала таксама некаторае ўдасканаленне арганізацыі працы, сістэмы матэрыяльнага стымулявання, павышэнне творчай актыўнасці рабочых.

Аднак эканамічная рэформа не была завершана і ў пачатку 70-х гг. фактычна перастала дзейнічаць. Асноўнай прычынай гэтага было тое, што яна праводзілася непаслядоўна і палавінчата. Рэформа не суправаджалася рэфармаваннем палітычнай сістэмы, дэмакратызацыяй усяго грамадства.

Тым не менш у 70-я – пачатку 80-х гг. працягвалася пашырэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы прамысловасц і. Гэта было магчыма ў выніку значнага павелічэння фінансавання. За 1971 – 1985 гг. у рэспубліцы на развіццё прамысловасці было выкарыстана звыш 22, 9 млрд руб., або ў 3 разы больш у параўнанні з папярэднімі 15 гадамі. Будаваліся ў асноўным буйныя прадпрыемствы. На працягу 70-х – першай паловы 80-х гг. увайшлі ў строй 186 новых буйных фабрык і заводаў. Сярод іх – завод аўтаматычных ліній у Баранавічах, Аршанскі інструментальны завод, Бабруйскі шынны камбінат, Беларускі металургічны завод у Жлобіне (узнікла новая галіна прамысловай вытворчасці – чорная металургія), завод па вытворчасці вырабаў з металічных парашкоў у Маладзечне (узнікла новая галіна – парашковая металургія) і інш. У 1984 г. увайшла ў строй першая чарга Мінскага метрапалітэна.

У рэспубліцы працягвала развівацца канцэнтрацыя, спецыялізацыя і кааперацыя вытворчасці. Калі ў 1972 г. дзейнічала 35 вытворчых і навукова-вытворчых аб’яднанняў, то у 1980 г. іх налічвалася ўжо каля 200. Многія навукова-вытворчыя аб’яднанні ўваходзілі ў склад ваенна-прамысловага комплекса СССР. Сярод іх – вытворчыя аб’яднанні «Інтэграл», імя У. І. Леніна, «БелОМА», «Вылічальнай тэхнікі», «Планар», «Агат» і інш., усяго 120. Далёка за межамі рэспублікі была вядома прадукцыя вытворчага аб’яднання «Гарызонт», Віцебскага тэлевізійнага завода, Мінскага завода халадзільнікаў, Пінскага камбіната верхняга трыкатажу, Баранавіцкага баваўнянага камбіната і інш.

Аднак развіццё прамысловасці характарызавалася пераважна колькасным ростам, ці праходзіла экстэнсіўным шляхам. Пераход на інтэнсіўны шлях развіцця аказаўся задачай цяжкай і невырашальнай. Гэта было сведчаннем няўдачы эканамічнай рэформы 1965 г., якая праводзілася ў жыццё па-ранейшаму каманднымі метадамі.

Адной з асаблівасцей эканамічнага развіцця Беларусі ў гэтыя гады з’явіўся пераважны і хуткі рост цяжкай прамысловасці, якая, асабліва ў 70-я гг., усё больш пераўтваралася ў галіну вытворчасці для абслугоўвання ваенна-прамысловага комплексу (так званая «абаронка» – абаронная прамысловасць). У той жа час лёгкая прамысловасць, якая вырабляла спажывецкія тавары, аказалася другараднай галіной.Цяжкую прамысловасць прынята абазначаць як групу «А», а лёгкую – як групу «Б». Адной з прыкмет неспрыяльнага напрамку развіцця эканомікі з’явілася непавага да праблем экалогіі і нават іх ігнараванне ўвогуле. БССР, якая займала меней за 1 % ад усесаюзнай тэрыторыі, маючы каля 4 % ад насельніцтва СССР, у 1981 г. вырабляла ў маштабах краіны 52% калійных угнаенняў, 22 % – хімічных валокнаў.

Пасля эканамічнай рэформы павялічыўся аб’ём будаўніцтва, але доля ручной працы ў ім складала каля 57 %, а аб’екты здаваліся з недаробкамі. Развіваўся і транспарт, у прыватнасці з 1984 г. у Мінску пачало дзейнічаць метро. Камсамол Беларусі прыняў удзел у будаўніцтве Байкала-Амурскай чыгуначнай магістралі (БАМа), якую называлі «будоўляй стагоддзя». Аднак народная гаспадарка развівалася ў многім неэфектыўна і не паспявала за ўзрастаючымі патрэбнасцямі насельніцтва. У прыватнасці, павольна развівалася каляровае тэлебачанне, у пачатковым стане ў сярэдзіне 80-х гг. знаходзілася вытворчасць і выкарыстанне відэатэхнікі, персанальных ЭВМ, людзі дзесяцігоддзямі чакалі ўстаноўкі кватэрных тэлефонаў.

Ускладненне праблем сельскай гаспадаркі. Паскарэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу ў прамысловасці ў 60 – 70-х гг. адкрыла новыя магчымасці для пашырэння матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскай гаспадаркі, укаранення ў сельскагаспадарчую вытворчасць дасягненняў навукі, тэхнікі, і перш за ўсё яе хімізацыі.

Павелічэнне дзяржаўных асігнаванняў на патрэбы сельскай гаспадаркі дазволіла калгасам і саўгасам ажыццявіць шырокую праграму будаўніцтва вытворчых памяшканняў, малочна-таварных ферм, жывёлагадоўчых комплексаў. У 70 – 80-я гг. буйныя комплексы па вытворчасці мяса і малака былі створаны ў калгасах імя С. М. Кірава і імя Чырвонай Арміі Віцебскага, «Рассвет» Кіраўскага раёнаў, у саўгасах «Днепр» Аршанскага, «Новае Палессе» Салігорскага раёнаў і іншых гаспадарках.

3 60-х гг. у рэспубліцы праводзіліся шырокія меліярацыйныя работы. У 1985 г. плошча меліяраваных зямель была даведзена да 2, 8 млн. га. Яны давалі амаль 1/3 усёй прадукцыі раслінаводства і 40 % кармоў. Аднак меліярацыя стварыла і вялікія праблемы. Праведзеная без глыбокай навуковай распрацоўкі, яна прывяла да таго, што на Палессі амаль не засталося рэк і вадаёмаў у натуральным стане, з’явілася праблема малых і сярэдніх рэк Беларускага Паазер’я, забруджання вадаёмаў нітратамі і ядахімікатамі.

Эканоміка Беларусі да распаду СССР развівалася як састаўная частка адзінага гаспадарчага комплекса ўсёй краіны. Гэта дазваляла аб’ядноўваць матэрыяльныя рэсурсы і магчымасці беларускага народа і народаў іншых саюзных рэспублік, забяспечваць рашэнне буйнамаштабных задач гаспадарчага і культурнага будаўніцтва. БССР атрымлівала з іншых раёнаў СССР розныя віды машын, дэталей і вузлоў, а таксама сталь, чугун, каляровыя металы, нафту, газ, вугаль і многае іншае. У сваю чаргу Беларусь пастаўляла ў саюзныя рэспублікі грузавыя аўтамабілі, трактары, тэлевізары, металарэзныя станкі, маторы, падшыпнікі, мінеральныя ўгнаенні, хімічныя валокны, будаўнічыя матэрыялы. Беларусь унесла важкі ўклад у асваенне прыродных багаццяў Сібіры і Далёкага Усходу, будаўніцтва БАМа, распрацоўку радовішчаў нафты і газу ў Цюменскай вобласці, многія новабудоўлі ў розных рэгіёнах СССР.

Напружаная праца рабочага класа Беларусі, супрацоўніцтва з іншымі рэспублікамі далі станоўчыя вынікі. У 1985 г. агульны аб’ём прамысловай прадукцыі ў параўнанні з 1960 г. павялічыўся ў 8, 9 раза і перавысіў даваенны ўзровень у 38 разоў. У рэспубліцы быў створаны магутны прамысловы патэнцыял, у якім у 1986 г. налічвалася 1490 прадпрыемстваў. Індустрыяльны абрыс рэспублікі пачалі вызначаць энергетыка, машынабудаванне і прыборабудаванне, хімія і нафтахімія, электроніка і радыёэлектроніка, вытворчасць мінеральных угнаенняў, сінтэтычных валокнаў і іншыя галіны. БССР, займаючы меней за 1 % ад усесаюзнай тэрыторыі, маючы каля 4 % ад насельніцтва СССР, у 1981 г. вырабляла ў маштабах краіны 52 % калійных угнаенняў, 22 % хімічных валокнаў, 15 % металарэзных станкоў, 16 % трактароў. Калектывы многіх прадпрыемстваў забяспечвалі дынамічнае і рэнтабельнае развіццё вытворчасці.

Аднак ні рэзультаты павелічэння сельскагаспадарчай вытворчасці, ні тэмпы росту прадукцыі сельскай гаспадаркі ні ў якое параўнанне не ішлі з тэмпамі развіцця прамысловасці і не адпавядалі патрэбнасцям рэспублікі і тым затратам, якія накіроўваліся ў гэтую галіну народнай гаспадаркі. Вытворчасць шэрага відаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў разліку на душу насельніцтва зніжалася, харчовае забеспячэнне насельніцтва на пачатак 80-х гг. нават пагоршылася. Сельская гаспадарка зноў аказалася ў перадкрызісным стане.

Нарастанне негатыўных з’яў. У канцы 70-х – першай палове 80-х гг. сталі відавочнымі і негатыўныя з’явы ў эканоміцы рэспублікі. Сярэднегадавыя тэмпы прыросту прамысловай прадукцыі ў 1981 – 1985 гг. супраць 1961 – 1965 гг. панізіліся амаль удвая. Не ўдалося забяспечыць выхад народнай гаспадаркі БССР на якасна новы навукова-тэхнічны ўзровень. Рэспубліка не дабілася рашучага зруху ў інтэнсіфікацыі вытворчасці. За кошт навукова-тэхнічных мерапрыемстваў забяспечвалася толькі 50 % прыросту прадукцыйнасці працы. У поўнай меры навукова-тэхнічны прагрэс закрануў толькі асобныя галіны вытворчасці, перш-наперш тыя, што былі звязаны з патрэбамі абароны. Павялічвалася спажыванне сыравіны і паліва. Зніжаўся рост прадукцыйнасці працы, захоўвалася высокая доля ручной працы, узмацнялася незбалансаванасць у планаванні. Па гэтых прычынах штогод у рэспубліцы 10 – 15 % прамысловых прадпрыемстваў не выконвалі планаў па вырабу прадукцыі і росту прадукцыйнасці працы. Марудна паляпшалася якасць прадукцыі. Вельмі нізкая была аддача ад капіталаўкладанняў у эканоміку. У выніку гэтага недастаткова вырашаліся сацыяльныя задачы, значна ўскладнілася экалагічная сітуацыя.

Вытворчасць шэрага відаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў разліку на душу насельніцтва зніжалася, харчовае забеспячэнне насельніцтва на пачатак 80-х гг. нават пагоршылася. Сельская гаспадарка зноў аказалася ў перадкрызісным стане. Рашэнне задачы забеспячэння насельніцтва харчовымі прадуктамі вырашалася праз стварэнне аграпрамысловага комппексу (АПК), задачай якога было аб'яднанне ў адзіны арганізм сельскай гаспадаркі і абслуговых яе структур. Была нават распрацавана і прынята ў 1982 г. «Харчовая праграма СССР». Беларусь у тыя гады ў народзе назвалі «адкормачным цэхам Савецкага Саюза», таму што тут былі сканцэнтраваны, пачынаючы з канца 60-х гг., адкорм буйной рагатай жывёлы, свіней, малочная жывёлагадоўля.

Усё ж такі БССР, у параўнанні з большасцю іншых рэспублік, мела ў пачатку 80-х гг. некалькі лепшыя паказчыкі развіцця сельскай гаспадаркі. Нягледзячы на пэўныя станоўчыя зрухі, забяспечыць дынамічнае, устойлівае развіццё сельскай гаспадаркі не ўдалося. За два дзесяцігоддзі (1965 – 1985 гг.) аб’ём валавой сельскагаспадарчай прадукцыі ўзрос толькі ў 1, 6 раза. Усё гэта выклікала неабходнасць карэнных перамен, рэфармавання народнай гаспадаркі.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.