Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Адукацыя, навука, культура БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.






Развіццё духоўнай сферы беларускага грамадства ў разглядаемы перыяд вызначаецца наступнымі рысамі:

- прыстасаванне да ўмоў індустрыяльнага грамадства;

- падпарадкаванне афіцыйнай партыйна-дзяржаўнай ідэалогіі;

- паслабленне рэпрэсіўнасці з боку дзяржавы;

- русіфікацыя адукацыі і культуры.

Ва ўмовах хуткай мадэрнізацыі грамадства адбываюцца істотныя зрухі ў сферы адукацыі. У галіне агульнаадукацыйнай школы была праведзена рэформа, у адпаведнасці з якой базавыя сямігадовыя школы пераўтвараліся ў васьмігадовыя, а сярэднія – у адзінаццацігадовыя (з 1964 г. дзесяцігадовыя) з вытворчым навучаннем. Базавая агульная адукацыя з’яўлялася абавязковай. Масавы характар стала набываць атрыманне сярэдняй адукацыі: калі ў 1956-1960 гг. сярэднюю адукацыю штогод атрымлівала каля 69 тыс. чалавек, то ў 1981-1985 гг. – 169 тыс. Адметнымі рысамі ў развіцці агульнаадукацыйнай школы ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. з’яўляліся:

- умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школ;

- павышэнне прафесійнага ўзроўню настаўніцкіх кадраў: удзельная вага настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй павялічылася за 1958-1985 гг. з 22% да 81, 4%;

- станаўленне сістэмы політэхнічнага навучання на базе цеснага спалучэння ў вывучэнні школьных прадметаў і асноў сучаснай вытворчасці.

У прафесійна-тэхнічнай адукацыі стваралася адзіная сістэма прафесійна-тэхнічных вучылішчаў (ПТВ). У 1970-я гг. ПТВ пераходзяць да падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых з сярэдняй адукацыяй. У 1985 г. у БССР дзейнічала 233 ПТВ з 151 тыс. навучэнцаў.

Істотна ўзрасла ў разглядаемы перыяд колькасць устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі: за 1960-1985 гг. – з 102 да 139, а колькасць навучэнцаў у іх – з 62, 6 тыс. да 160, 4 тыс. чалавек.

Развівалася таксама сістэма вышэйшай адукацыі. У 1985 г. у 33 вышэйшых навучальных установах БССР навучалася 182 тыс. студэнтаў. Колькасць выпускнікоў ВНУ павялічылася з 10 тыс. у 1960 г. да 31 тыс. у 1985 г. Па гэтым паказчыку ў разліку на душу насельніцтва рэспубліка займала адно з першых месц у Еўропе.

Практычным вынікам развіцця адукацыі ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. стаў значны рост адукацыйнага ўзроўню насельніцтва. За 1959-1985 гг. удзельнага вага асоб, якія мелі вышэйшую і сярэднюю адукацыю ў структуры насельніцтва павялічылася з 30% да 66%. У той жа час меліся і пэўныя негатыўныя тэндэнцыі ў развіцці адукацыйнай сферы:

- фармалізм у арганізацыі працэсу навучання;

- дагматызм, адсутнасць плюралізму ў навучальным працэсе;

- недастатковае фінансаванне адукацыйнай сістэмы;

- русіфікацыя адукацыі: у БССР не было ніводнай сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучання; у сярэдзіне 1980-х гг. усяго каля 23% школ працавалі на беларускай мове (амаль усе ў сельскай мясцовасці).

Значныя зрухі ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. адбываюцца ў сферы навукі. Колькасць навуковых устаноў у БССР за 1956-1985 гг. вырасла з 76 да 167. Вядучая роля сярод іх належала навукова-даследчым інстытутам Акадэміі навук БССР. Значна павялічылася колькасць навуковых кадраў: лік навуковых і навукова-педагагічных работнікаў у БССР за 1956-1985 гг. узрос з 4, 4 тыс. да 42, 4 тыс. чалавек, з іх кандыдатаў навук – з 1, 6 тыс. да 13, 1 тыс., дактароў навук – са 134 да 1011 чалавек. Станоўчую ролю ў развіцці навукі адыграла спыненне масавых рэпрэсій і рэабілітацыя многіх рэпрэсіраваных у гады сталінізму навукоўцаў.

Ва ўмовах хуткай індустрыялізацыі, а таксама пачатку навукова-тэхнічнай рэвалюцыі асаблівае значэнне набылі прыродазнаўчыя і тэхнічныя навукі. Найбольшыя дасягненні меліся ў наступных галінах навукі:

- матэматыычныя навукі (тэорыя лікаў, алгебра, тэорыя інтэгральных ураўненняў, вылічальная матэматыка і г.д.);

- фізічныя навукі (фізіка элементарных часціц, спектраскапія, люмінісцэнцыя, квантавая электроніка, фізіка плазмы, цвёрдага цела, магнітных з’яў, паўправаднікоў, дыэлектрыкаў і г.д.);

- хімічныя навукі (хімія прыродных і высокамалекулярных злучэнняў, калоідная і аналітычна хімія);

- парашковая металургія;

- тэхнічная кібернетыка;

- геалогія;

- біялогія;

- сельскагаспадарчыя навукі.

Развіццё навукі ва ўмовах навукова-тэхнічнай рэвалюцыі прыводзіла да ўсталявання цесных сувязяў паміж навукай і вытворчасцю. Да канца 1980-х гг. на прамысловых прадпрыемствах Беларусі налічвалася каля 2 тыс. навуковых лабараторый, у якіх працавала амаль 20 тыс. чалавек. Развіццю інтэграцыі навукі з вытворчасцю спрыяла стварэнне навукова-вытворчых аб’яднанняў. У 1974 г. упершыню ў СССР узнікла аб’яднанне “МАЗ-БПІ”, куды ўвайшлі БелАЗ, МАЗ, Беларускі політэхнічны інстытут. Аднак у цэлым укараненне дасягненняў навукі ў вытворчым працэсе адбывалася павольна. Гэта тлумачылася наступнымі фактарамі:

- адсутнасць эканамічных стымулаў з боку прадпрыемстваў і арганізацый ва ўвядзенні новых распрацовак навукоўцаў;

- неэфектыўная сістэма ўкаранення навуковых распрацовак у вытворчасці;

- недастатковае фінансаванне навуковых даследаванняў.

Атрымалі сваё развіццё ў разглядаемы перыяд таксама сацыяльна-гуманітарныя навукі, у першую чаргу філалогія, літаратуразнаўства, гісторыя, філасофія. Аднак яны ў большай ступені былі падпарадкаваны ідэалагічнаму кантролю з боку партыйна-дзяржаўных органаў улады.

У мастацкай культуры захоўваецца панаванне “сацыялістычнага рэалізму”, партыйна-дзяржаўная цэнзура. Разам з тым назіраецца спалучэнне “сацыялістычнага рэалізму” з элементамі іншых мастацкіх накірункаў і стыляў. Спыніліся масавыя рэпрэіі супраць дзеячоў мастацкай культуры, вярнуліся да працы многія рэпрэсіраваныя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Пачалі друкавацца многія раней забароненыя літаратурныя творы.

У межах беларускай літаратуры захаванне асноўных прынцыпаў “сацыялістычнага рэалізму” спалучалася з адыходам у дапушчальных межах ад бесканфліктнага адлюстравання рэчаіснасці, сцвярджэннем агульначалавечых маральных каштоўнасцяў, спробамі больш глыбокага пранікнення ў сутнасць сацыяльных працэсаў. Шэрагі Саюза пісьменнікаў БССР за 1959-1985 гг. павялічылася з 170 да 364 членаў. Буйнейшымі прадстаўнікамі беларускай літаратуры дадзенага перыяду з’яўляюцца Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Янка Брыль, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Уладзімір Караткевіч, Андрэй Макаёнак, Іван Мележ, Іван Навуменка, Барыс Сачанка, Максім Танк, Іван Чыгрынаў, Іван Шамякін і інш. Асноўнымі тэмамі літаратурнай творчасці становяцца:

- падзеі Вялікай Айчыннай вайны;

- гісторыя Беларусі далёкага мінулага;

- сучаснае жыццё індустрыяльнага горада і вёскі;

- маральна-этычныя праблемы жыцця людзей.

У другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. атрымала далейшае развіццё беларускае кіно. Кожны год на кінастудыі “Беларусьфільм” выпускалася каля 70 фільмаў розных накірункаў. Мастацкая кінематаграфія звязана была перадусім з развіццём тэматыкі Вялікай Айчыннай вайны на аснове твораў беларускіх літаратараў.

Разглядаемы перыяд адзначаецца развіццём тэатральнага мастацтва. Колькасць тэатраў у БССР за 1960-1985 гг. павялічылася з 11 да 17 (2 музычныя, 6 лялечных, 9 драматычных). Узнікаюць Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР (1971), тэатр студыі-кінаакцёра ў Мінску (1982) і інш. У рэпертуары тэатраў пераважалі творы беларускіх драматургаў, рускіх і сусветных класікаў, савецкіх аўтараў. У спектаклях гэтага часу дамінуе маральна-этычная праблематыка. Сусветнае прызнанне атрымлівае балетная трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета пад кіраўніцтвам В.Елізар’ева, свайго роду заснавальніка беларускай школы балета.

Музычнае мастацтва адзначаецца перш за ўсё развіццём жанраў сімфоніі і інструментальнай музыкі (кампазітары У.Алоўнікаў, М.Аладаў, А.Багатыроў, І.Лучанок, У.Мулявін, П.Падкавыраў, Я.Цікоцкі). Наладжваецца цеснае супрацоўніцтва з тэатрамі (оперы М.Аладава, Дз.Лукаса, Р.Пукста, Дз.Смольскага, Ю.Семянякі). Кампазітары звяртаюцца да тэматыкі Вяліай Айчыннай вайны, увасаблення вобразаў рэальных гістарычных асоб. У 1970-1980-я гг. з’яўляюцца новыя тыпы музычных і танцавальных калектываў (вакальна-інструментальныя ансамблі “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”, фальклорна-харэаграфічны ансамбль “Харошкі”).

Выяўленчае мастацтва характарызуеца спалучэннем панавання “сацыялістычнага рэалізму” з выкарыстаннем новых мастацкіх прыёмаў. Дамінуючай з’яўлялася тэматычная карціна. Найбольш вядомымі мастакамі гэтага перыяду былі Г. Вашчанка, В. Волкаў, Ф. Дарашэвіч, А. Малішэўскі В. Стальмашонак, М. Савіцкі, В. Цвірко, Л. Шчамялёў і інш. Асноўнымі жанрамі жывапісу выступалі:

- адлюстраванне падзей Вялікай Айчыннай вайны;

- гісторыка-рэвалюцыйны;

- партрэтны;

- гарадскі пейзаж;

- бытавы жанр;

- нацюрморт.

Беларуская графіка прадстаўлена серыямі па гісторыі і сучаснасці, з выкарыстаннем розных прыёмаў (работы У.Басалыгі, С.Геруса, В.Шаранговіча). Дасягненнем скульптурнага мастацтва з’явіліся работы З. Азгура, А. Бембеля, А. Глебава, А. Грубэ, С. Селіханава і інш. Найбольш вядомымі помнікамі беларускіх скульптараў сталі мемарыяльныя ансамблі і комплексы (гарэльефы для манумента Перамогі ў Мінску, комплексы “Хатынь”, “Брэсцкая крэпасць-герой” і г.д.).

Значныя змены адбываюцца ў гэты час у архітэктуры. Пачынаецца масавае будаўніцтва жылля; распрацоўваюцца генпланы забудовы гарадоў, у якіх плануецца месца пад цэлыя жылыя раёны і мікрараёны. Распаўсюджваецца буйнапанэльнае будаўніцтва, будаўніцтва буйных прамысловых комплексаў.

Далейшае развіццё атрымлівае сетка культурна-асветніцкіх устаноў: дамоў культуры, бібіліятэк, кінатэатраў. Пашыраюцца кнігавыдавецтва і перыядычны друк. У 1985 г. у БССР было выдадзена звыш 3, 4 тыс. кніг і брашур тыражом 53, 5 млн. экзэмпляраў; выходзілі 212 газет і 107 часопісаў агульным тыражом 874 млн. экзэмпляраў. У той жа час адзначаецца ўзмацненне русіфікацыі ў сферы духоўнай культуры: беларускамоўная друкаваная прадукцыя ў 1985 г. у БССР складала толькі 32%.

Пасля смерці І. Сталіна адбылося некаторае аслабленне рэпрэсій у адносінах да рэлігійных арганізацый і духавенства розных канфесій. У той жа час на працягу разглядаемага перыяду, асабліва падчас праўлення М. Хрушчова, шырока практыкаваліся закрыццё і нават знішчэнне культавых будынкаў, дыскрымінацыя прадстаўнікоў духавенства. Удзел у дзейнасці рэлігійных арганізацый мог стаць істотнай перашкодай у прафесійнай кар’еры.

Такім чынам, у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. былі дасягнуты значныя поспехі ў развіцці адукацыі, навукі і культуры, якія трапілі ў адпаведнасць са стандартамі індустрыяльнага грамадства. У той жа час панаванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы істотным чынам замаруджвала далейшае развіццё духоўнай сферы жыцця грамадства, садзейнічала аслабленню элементаў нацыянальнай культуры.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.